Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Цітоў ГІСТОРЫЯ А.К 1..doc
Скачиваний:
25
Добавлен:
19.09.2019
Размер:
866.3 Кб
Скачать

Вобраз беларуса ў расійскім друку: Два партрэты – дзве культуры

Асноўным крытэрыем этнічнай ідэнтыфікацыі мясцовага насельніцтва пасля далучэння беларускіх зямель да Расіі прызнавалася рэлігія: усе католікі і грэка-католікі (уніяты) лічыліся палякамі, а праваслаўныя – рускімі. Тады гэта было зручна, хаця і не адпавядала еўрапейскім стандартам, навуковым крытэрыям нацыянальнай ідэнтыфікацыі. І ўсё ж гэта сітуацыя напачатку прымалася і расійскім урадам. Аднак падобны “пацыфізм” расійскай ўлады быў няшчырым, часовым, гэта было свайго роду зацішша перад бурай. У імперскай падсвядомасці кіруючых колаў выспявала і старанна рыхтавалася бескампрамісная зацяжная вайна за “душы літвінаў”. Знешне гэта выглядала як місіянерская дзейнасць у саперніцтве паміж рымскім касцёлам і праваслаўнай царквой, паміж традыцыйнай польскай і расійскай ідэалагічна-культурнымі плынямі.

Да грэка-католікаў (уніятаў) тады не было яшчэ адкрыта вызначанай афіцыйнай пазіцыі. Лагічна было называць іх беларусамі або, па старой памяці,– літвінамі. Але ж гэта супярэчыла афіцыйнай ідэалогіі заходнерусізму, якая не прызнавала беларусаў-літвінаў за самастойны народ. Пасля скасавання уніяцкай царквы і пераводу шматлікай масы сялянства, а часткова і дробнай шляхты, у “рускую веру” большасць беларускага насельніцтва была аднесена да рускай народнасці. Пасля паўстання 1863 г. разам з узмацненнем русіфікацыі і змены вектара этнасацыяльнай палітыкі ў бок уступак сялянству асноўным крытэрыем этнічнай ідэнтыфікацыі станавілася не рэлігія, а родная мова. Якраз у гэты час польская мова, паводле царскага ўказа, была забаронена ў афіцыйным ужытку і ў сістэме адукацыі, адзінай дзяржаўнай мовай прызнавалася расійская. Русіфікацыя, такім чынам, распаўсюджвалася на сялян-католікаў і дробную шляхту, – усіх, хто размаўляў звычайна на мясцовым беларускім “наречии”.

Выхадзец з мясцовага уніяцкага асяроддзя Павел Баброўскі звяртаў асобую ўвагу на мясцовы фальклор і родную мову, якую лічыў асноўным паказчыкам, “які адрознівае адзін народ ад другога, бо мова – нібы родавы герб, што перадаецца народу ў спадчыну ад яго продкаў, яна з’яўляецца люстрам, у якім выразна адбіваецца яго характар, мараль і нават цэлая гісторыя краю; мова жыве з народам, разам з ім развіваецца і памірае”1. З падобнай інтэрпрэтацыяй мовы як адной з важнейшых вызначальных прыкмет народа-этнаса цяжка не пагадзіцца.

Аднак жа ідэалагічны падтэкст разважанняў аўтара не дазволіў яму быць лагічным і паслядоўным да канца. Ігнаруючы іншыя характэрныя адзнакі этнічнай прыналежнасці, у прыватнасці, нацыянальную самасвядомасць і сямейнае паходжанне, аўтар залічыў да рускага народа ўсіх тутэйшых сялян (у тым ліку і католікаў), якія размаўлялі па-беларуску, а каталіцкую шляхту і невялікую частку мяшчан, што размаўлялі па-польску, аднёс да палякаў. Гэта якраз і было ўвасабленнем ідэалагічнай канцэпцыі заходнерусізму ў рэальнай практыцы. Падобныя метадалагічныя падыходы даволі шырока прымяняліся ў гістарычных і этнаграфічных працах другой паловы ХІХ—пачатку ХХ ст. Такія падыходы нярэдка стваралі абсурдную сітуацыю: вядомы выпадкі, калі члены адной сям’і (родныя браты, адзін – католік, другі – праваслаўны) афіцыйна станавіліся чужаземцамі, прадстаўнікамі розных нацый, якія жылі побач ці нават адной сям’ёй.

У шматлікіх публікацыях, якія знаёмілі расійскую грамадскасць з Беларуссю і беларускім народам, пастаянна фігуруе зыходны пастулат аб адзінай зямлі Рускай, што складаецца з трох частак: Вялікай Русі (або Велікаросіі), Малай Русі (Маларосіі) і Белай Русі (Беларусіі). “Белая Русь, – піша Р.Папоў у сваіх “Чытаннях для войск і народа”, – мала памалу падпарадкавалася Літоўскаму княству. У самым канцы мінулага стагоддзя беларускія вобласці былі зноў (курсіў наш) далучаны да аднапляменнай і аднавернай Рускай дзяржавы і беларусы зноў зрабіліся членамі вялікай агульнарускай сям’і)2.

Амаль тое ж мы чытаем у папулярнай кніжцы “Сярод балот і лясоў”, выдадзенай у пачатку ХХ ст. (аўтар М.Гуленка): “Рускі народ падзяляюць на тры сям’і – вялікарусаў, маларосаў і беларусаў… Размаўляюць яны ўсе па-руску, але на трох розных дыялектах (літаральна – наречиях)”. І далей: “Больш за сто гадоў таму ўся Беларусь зноў была вернута Расіі3.Зыходзячы з ідэалагічнай канцэпцыі заходнерусізму, расійскія аўтары падкрэслівалі адзінства Русі і яе славянскага народа – вялікарусаў, беларусаў, маларосаў. Аднак жа калі гаворка заходзіла аб канкрэтызацыі вобраза (тыпажу) беларуса і яго духоўным складзе, то тыя ж аўтары малявалі зусім іншы, даволі своеасаблівы этнаграфічны тып беларуса, які прыкметна адрозніваўся ад “велікаруса”.

Каб захаваць дакументальнасць такой падачы, будзем прыводзіць тут некаторыя тэксты расійскіх аўтараў без перакладу.

Ужо згаданы намі Р. Папоў у сваіх “Чытаннях…” (1879) піша: “Даже по самой наружности своей белорусы во многом отличаются от великорусов и малороссов. Белорусы по большей части среднего роста, часто и того менее, приземисты, одутловаты с лица, которое всегда круглое, часто без бороды, вообще жидкобороды и имеют обыкновенно глаза серые и волосы русые. В 40, много 50 лет белорус выглядит совершенным стариком, особенно женщины, которые стареют весьма рано, хотя в молодости многие из них отличаются и свежестью и красотою»1.

Аўтар фактычна паўтарае тое ж, што пісаў А.М.Семянтоўскі ў сваёй кніжцы “Этнаграфічны агляд Віцебскай губерні” (1872). Такое вызначэнне этнаграфічнага тыпу беларуса праходзіць “чырвонай стужкай” праз шэраг афіцыйных выданняў з грыфам «Разрешено цензурой» і паўтараецца ў артыкуле “Белорусы” вядомага энцыклапедычнага слоўніка (выд. Брокгауза і Ефрона). Тут мы чытаем літаральна: “По наружности белорус резко отличается от великоруса. Он редко бывает более среднего роста, а часто менее; скорее приземист, чем строен; одутловат; волоса русые; глаза малооткрытые, как бы вдавленные, чаще всего серые; лицо круглое. В 40, много в 50 лет белорус выглядывает совершенным стариком…» и т.д. 2 Міжвольна ўзнікае ўражанне, што тут мы маем справу з антрапалагічным тыпам першабытнага неандэртальца.

Падобны ці блізкі да яго антрапалагічны тып беларуса з “мастацкім ухілам” і суб’ектыўнымі эмацыянальнымі ацэнкамі, малюе аўтар брашуры “У балотах Палесся”. “Белорус, – піша ён, – нисколько не похож на своего родного брата – великоруса. Перед нами – маленький человечек с белокурыми волосами, светлыми глазами, с бледным маловыразительным лицом, оттененным жиденькой бородкой. Этот тщедушный человек представляет полную противоположность сильной, коренастой фигуре великоросса; также и лицо его, добродушное, с робким взглядом, не похоже на лицо великоросса, выражающее большей частью степенное достоинство”3.

Далей аўтар са спагадай апісвае бедную хату селяніна, яго сціплы быт і харчаванне. Аднак жа яго спачуванне незайздроснай долі беларуса нярэдка набывае характар гратэску: “Стены (в доме) окружены лавками, сделанными очень неумело, часто кривоногими (курсив наш)… У белорусов нет никаких способностей к ремеслам, и это отзывается на всем его хозяйстве. В этом отношении белорус также не похож на великоросса, который, как говорится, – «на все руки мастер». Лошадь белоруса мала, как он сам, и, как он же, слаба: больше десяти пудов она не возит… С виду она неуклюжа, сгорблена, шерсть на ней грязная, растрепанная, напоминает болезнь колтун, которою страдают здесь люди. Вся сбруя на ней – веревочная, кожи нет ни клочка… оглобли кривые…» 1 і г.д.

Гаротны стан беларуса, беднасць, забітасць, інфантыльнасць, абыякавасць да жыццёвых абставін прыхільнікі афіцыйнай школы заходнерусізму тлумачылі цяжкім гістарычным мінулым беларускага народа, што так доўга трываў пад гнётам Літвы і панскай Польшчы: “вял и безпечен он стал, притерпелся к нужде и о лучшей доле мало помышляет… от природы он смышлён и не боится труда; мог бы он и промыслы разводить и жить далеко исправно, не хуже других, да сломали его лихие невзгоды – панская неволя, да еврейская корысть2. Праўда, тут нельга не нагадаць, што пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння Беларусі да Расійскай імперыі прайшло больш за стагоддзе, а эканамічнае становішча мясцовага працоўнага люду, яго паўсядзённы уклад, калі зыходзіць з гэтых натуралістычных апісанняў, засталіся, вобразна кажучы, на першабытным узроўні.

Экстрапаляцыя ідэалогіі заходнерусізму, як і іншых вялікадзяржаўных канцэпцый, на гуманітарныя навукі станавілася свайго роду кайданамі для даследчыкаў гісторыі, мясцовай этнаграфіі, вусна-паэтычнай творчасці. Гэта яскрава выяўлена і ў працах вядомых збіральнікаў народных скарбаў, калі сабраныя імі краязнаўчыя матэрыялы ўяўляюць навуковую каштоўнасць, але існуюць аўтаномна, незалежна ад супярэчлівых аўтарскіх вывадаў і тэарэтычных абагульненняў у рэчышчы афіцыйнай ідэалогіі. Яскравым прыкладам таму з’яўляюцца працы Паўла Шэйна і Адама Багдановіча.

Нягледзячы на навуковую каштоўнасць этнаграфічнага матэрыялу, які быў у свой час сабраны мясцовымі карэспандэнтамі і апублікаваны ў трохтомным зборы П.Шэйнам, нельга не заўважыць тут ідэалагічную арыентацыю выдаўца, які невыпадкова надаў усяму збору тытульную назву «Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края». Гаворка ідзе як раз пра беларусаў, якія ў расійскіх урадавых колах разглядаліся як рускае насельніцтва паўночна-заходняга краю Расіі. ).

Ідэалагічны вірус заходнерусізму распаўсюджваўся ў сістэме прапаганды і адукацыі, у краязнаўчых і, перш за ўсё, у этнаграфічных працах. Яскравы прыклад гэтаму дае публікацыя Адама Багдановіча “Перажыткі старажытнага светасузірання ў беларусаў” (1895). Апошняя з’явілася данінай афіцыйнай палітычнай кан’юнктуры і адпавядала тагачаснай імперскай ідэалогіі, што наўмысна падавала Беларусь перыферыйным (“западлым”) краем, дарэчы як і сам народ, які нібыта безнадзейна затрымаўся ў сваім гістарычным і культурным развіцці пад гнётам Літвы і Польшчы.

“И жизнь белоруса, и его творческая деятельность, — піша аўтар “Перажыткаў…”, — отмечены печатью неразвитости, отсталости, забитости. Именно «западлый край», «западлый» народ… Взять хотя бы белорусские песни, это общепризнанное зеркало народной души. И они свидетельствуют о той же «западлости»… В песнях же обрядовых и бытового содержания нет того могучего лиризма, свидетельствующего о силе и свежести чувства, который так выгодно отличает великорусскую песню; почти все они бледны, отрывочны, невыдержанны, отзываются какой-то пришибленностью творчества, духовной бедностью. Форма их неизящна, мало выразительна, топорной работы»1.

Не станем тут даваць крытычны аналіз “мастацкіх густаў”, кампетэнтнасці і дасведчанасці аўтара ў вусна-паэтычнай творчасці беларусаў, — наіўнасць і дылетанцтва падобных поглядаў дастаткова відавочны ў святле сучасных грунтоўных мастацтвазнаўчых і этналагічных даследаванняў. А між тым агульныя веды аўтара аб этнаграфіі беларусаў не адпавядалі ўзроўню тагачаснай гістарыяграфіі. Відавочна, А. Багдановіч меў слабае ўяўленне аб творчасці сваіх суайчыннікаў Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Уладзіслава Сыракомлі, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, як і аб публікацыях пра Беларусь і беларусаў П.Баброўскага, С.Максімава, А.Пыпіна, П.Шпілеўскага, Р.Эркерта і інш.

Заўважым, што сапраўдную вартасць кніжкі А.Багдановіча складае сабраны фактычны матэрыял аб старажытных вераваннях, народных звычаях, абрадах, культах прыродных сіл, варажбе, чарадзействе, аграрнай і лекавай магіі, якія захавалі ў сабе першародныя народныя вытокі і каларыт язычніцкіх часоў. Гэты матэрыял застаецца актуальным, жыве сам па сабе, незалежна ад суб’ектыўных разважанняў і абагульненняў аўтара. Такім чынам, адны і тыя ж старанна сабраныя дакументальныя матэрыялы могуць паслужыць падставай для прынцыпова розных, часам супрацьлеглых высноў. Наглядны прыклад таму — істотныя разыходжанні ў пазіцыях і поглядах на беларускія духоўныя традыцыі Адама і Максіма Багдановічаў, бацькі і сына.

Для Адама Багдановіча беларускія міфы, казкі, абрады, песні — гэта толькі перажыткі, “акамянеласці” мінулага, “дзікія з пункту гледжання цывілізаванага чалавека”, якія сведчылі аб духоўнай беднасці беларусаў. Для Максіма Багдановіча, наадварот, тыя ж міфы, казкі, паданні, песні — гэта зусім не “перажыткі”, якія ганьбяць годнасць беларусаў, а першародныя ўзоры народнага мастацтва, жывыя ручаіны беларускай вусна-паэтычнай творчасці, якую трэба зразумець, пераасэнсаваць, уключыць у агульны гістарычны кантэкст нацыянальнай культуры.

Ідэалагічная штучнасць, дылетанцтва і некампетэнтнасць “заходнерусіцкіх” поглядаў на беларусаў, іх мову і культуру былі відавочныя. Нягледзячы на цэнзурныя абмежаванні ў спецыяльных і незалежных выданнях, а нярэдка і ў афіцыйным друку, з’яўляліся публікацыі, якія зусім інакш разглядалі праблему беларусаў. Цікавыя матэрыялы публікаваліся ў рускім этнаграфічным часопісе “Этнографическое обозрение” (выдаваўся ў Маскве ў 1889—1916 гг. пад рэдакцыяй Дз.М.Анучына, У.Ф.Мілера і М.А.Янчука). У прыватнасці, аўтар адной з такіх публікацый насуперак вышэйзгаданым выказванням пісаў: “Распаўсюджаныя ўяўленні пра тып беларускага селяніна падаюць яго непрыглядным, маларослым, абавязкова бялявым, апранутым ва ўсё белае, кволым і прыгнечаным цяжкім жыццём у балоцістым, бедным краі. Мае асабістыя назіранні былі не такімі. Я ўбачыў беларуса моцнага складу, хаця і хударлявага, за ўвесь час я не бачыў ніводнага тоўстага чалавека – хутчэй цёмнавалосага, чым бялявага, нярэдка смуглага, з прыемным выразам і правільнымі рысамі твару… Аднак галоўнае, я не заўважыў і следу той прыгнечанасці, забітасці. Манера трымаць сябе і размаўляць на самай справе адрознівалася ад вялікарускай сваёй павольнасцю стрыманасцю, аднак у ёй бачылася хутчэй нетаропкая паважнасць, я сказаў бы, задуменнасць, не пазбаўленая годнасці”1.

Асобай увагі заслугоўваюць краязнаўчыя нататкі тых, хто доўгі час жыў сярод народа і меў магчымасць непасрэдна назіраць не толькі экзатычныя карціны прыроды, але і паўсядзённы быт мясцовых жыхароў, працоўны і святочны рытм жыцця, стэрэатыпы паводзін у розных жыццёвых сітуацыях, духоўныя памкненні, інтарэсы, звычаі. Іван Эрэміч бачыў у экзатычных абразках Палесся, у немудрагелістым і практычна вывераным ладзе жыцця беларусца-палешука, як і ў спосабах уладкавання культурнага асяродка, манеры апранацца і інш., рацыянальны кансерватызм і мэтазгоднасць, адвечную гармонію мясцовых жыхароў і прыроды. “Стагоддзі праляцелі над імі, амаль не закрануўшы іх сваім разбуральным крылом. І ў вядзенні дамашняй гаспадаркі, і ў будаўніцтве хаты, і ў мове, і нават у правах і звычаях – усё ідзе так, як гэта было ў часы дахрысціянскія”2.

Аўтар з вялікай цеплынёй узнаўляе духоўны склад палешука, надзяляе яго лепшымі маральнымі якасцямі. “Паляшук, – піша ён, – істота даволі добрая, адкрытая, паслухмяная, удзячная, цнатлівая, цярплівая, працалюбівая. Паляшук вельмі рэдка наносіць крыўду, яшчэ радзей помніць яе… Ён падзеліцца з бедным апошнім кавалкам свайго чорнага хлеба…У выпадку цяжкасці жыццёвай ношы, вы не пачуеце ад палешука ні папрокаў, ні стогнаў. Цярплівасць, з якой ён нясе крыж свой, унікальна… Працавітасці палескага прасталюдзіна нельга не надзівіцца. Ён працуе не толькі з ранку да вечара, але і раніцай і вечарам і нават уначы”3.

Як бачым, лянота ці вяласць, якую прыпісвалі беларусу некаторыя аўтары, былі зусім не ўласцівы яго натуры. Калі меркаваць па тыповых стэрэатыпах паводзін (асабліва моладзі), паляшук валодае ад прыроды пачуццём гонару і ўласнай годнасці не меней за мясцовую шляхту, аднак прадметам гонару тут становяцца некалькі іншыя каштоўнасці і рэаліі, якія прызнаюцца прыярытэтнымі і “моднымі” у сваім сацыяльным асяроддзі. Заўважым, што праца І.Эрэміча была надрукавана ў часопісе, які зусім не славіўся сваімі дэмакратычнымі традыцыямі.

Не менш пераканаўча і праўдзіва, хоць і з прыязным гумарам, падае натурныя замалёўкі этнаграфічнага тыпу беларусаў-літвінаў, карэнных жыхароў міжрэчча Сожа і Дзясны, Марына Косіч. Яна звяртае ўвагу на багацце і непаўторную архаіку іх вусна-паэтычнай творчасці, народны характар і этнічную псіхалогію, пластычнасць і вобразнасць мыслення, адаптацыю да існуючай этнасацыяльнай рэчаіснасці. “Літвін, – піша яна, – з выгляду непаваротлівы, рухі яго замаруджаны, ходзіць, “як пень ціраз калоду”, непрадпрымальны, бестурботны, аднак пры неабходнасці працуе шмат для свайго пражытку. А як толькі міне крайняя патрэба, заўсёды лічыць за лепшае пагуляць, чым шукаць заробкаў”. Аднак жа на падзёншчыне, заўважае Косіч, літвін робіць “абы як, цяп-ляп”, “робе і паглядае, як вол з-пад ярма; цюкне разоў паўдзісятка, ды барджэй люльку ў зубы”1. Шмат увагі яна ўдзяляе духоўнаму ладу жыцця народа, звычаям і абрадам, дапасаваным да каляндарных свят, народным песням і аўтэнтычным мясцовым гаворкам. “Змусьце беларускую жанчыну, – заўважае яна, – расказаць што-небудзь, услухайцеся ў гэтую мову, і вы знойдзеце ў ёй своеасаблівую мяккасць і лёгкасць гукавых спалучэнняў”2.

Аналагічныя характарыстыкі беларусаў мы сустракаем у П.Баброўскага, М.Без-Карніловіча, М Дамантовіча, Р.Эркерта і іншых расійскіх аўтараў. М.Дамантовіч вылучаў чарнігаўскага літвіна у асобы этнаграфічны тып, што складае “супрацьлегласць стэпавіку”, жыхару паўднёвай часткі губерні. Ён адзначае яго незвычайную вынослівасць у экстрэмальных сітуацыях, кемлівасць, хітрасць, мудрагелістасць у адказах, суровасць і “апатычную бестурботнасць”3. Дамантовіч, Эркерт і іншыя расійскія аўтары ХІХ ст. разглядалі народны характар, духоўнасць і маральныя якасці, уласцівыя тутэйшаму люду, як залог развіцця гэтага народа ў будучым.

Ідэалагізаваныя погляды на этнічную гісторыю і культуру Беларускага краю, на духоўныя якасці і ментальнасць яго карэнных жыхароў не падзяляліся таксама вядомымі прадстаўнікамі расійскай грамадскасці, гісторыкамі, славістамі – А.І.Герцэным, М.А.Дабралюбавым, М.І.Кастамаравым, В.В.Ключэўскім, А.М.Пыпіным. Ідэолагі заходнерусізму знаходзілі сур’ёзных апанентаў і сярод вядомых польскіх даследчыкаў – І.Данілевіча, Я.Карловіча, О.Кольберга, І.Лелевеля, С.Ліндэ, А.Нарушэвіча, Т.Нарбута, А.Рыпінскага і інш. “Літаратура, што прысвоіла сабе ролю выключна патрыятычнай, – пісаў А.Пыпін пра палемічныя артыкулы ў газеце “День” і ў часопісе «Вестник Западной России», – зняславіла сябе палітычным цкаваннем і губляла ў рэшце рэшт ўсялякую маральную прыстойнасць і ў канчатковым выніку прыносіла шкоду як заходняму краю, так і самому расійскаму грамадству”4.

Мясцовая разначынная інтэлігенцыя, выхадцы са збяднелай беларускай (ці апалячанай) шляхты добра ведалі жыццё і паўсядзённы побыт сялянства, яго псіхалогію і маральныя якасці, многія з іх вялі бадай такі ж просты лад жыцця, што і тутэйшыя сяляне, многія – згубілі земскую ўласнасць пад час паўстанняў, іншыя – ўвогуле былі пазбаўлены шляхецкага стану ў выніку так званага “разбору шляхты”. У гэтых умовах намецілася ўстойлівая тэндэнцыя да збліжэння калісьці розных сацыяльных слаёў мясцовага грамадства, што, у сваю чаргу, стварала больш шырокую базу для дэмакратычнага і нацыянальна-вызваленчага руху. Аграрная рэформа 1861 г., якая праводзілася рукамі памешчыкаў і павялічыла аграбленне сялян, не дала простаму люду жаданай свабоды і зямлі ва ўласнасць. У краіне складвалася рэвалюцыйная сітуацыя, якая пагражала масавымі выступленнямі і нацыянальна-вызваленчым паўстаннем.