Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Цітоў ГІСТОРЫЯ А.К 1..doc
Скачиваний:
25
Добавлен:
19.09.2019
Размер:
866.3 Кб
Скачать

Школа і нацыянальна-педагагічны рух (1926—1939)

Вялікую ролю ў справе беларускага нацыянальна-культурнага адраджэння ва ўмовах Польшчы адыгрывалі Беларуская сялянска-рабочая грамада і Таварыства беларускай школы. Па ініцыятыве ТБШ быў арганізаваны байкот польскіх школ. У Пінскім павеце ў польскія школы пайшло вучыцца толькі 5—7% дзяцей школьнага ўзросту. У 1928 г. ТБШ налічвала каля 30 тыс. членаў, мела 500 гурткоў, 250 бібліятэк-чытален, 120 народных дамоў4. Гэта была спроба ва ўмовах унітарнай Польшчы стварыць нацыянальную (беларускую) сістэму адукацыі на грамадскіх пачатках. Дзякуючы ініцыятыве і дапамозе гэтай масавай грамадскай арганізацыі адчыняліся беларускія школы, рыхтаваліся кадры настаўнікаў, выходзілі і распаўсюджваліся беларускія кнігі і газеты.

У 1926 г. у Віленскім універсітэце быў арганізаваны “Беларускі студэнцкі саюз”. Заўважым, што ва універсітэце на легальным становішчы дзейнічалі таксама польскі, яўрэйскі і расійскі саюзы. У 1930 г. быў утвораны таксама “Саюз беларускіх студэнтаў у Варшаве” які налічваў 100 членаў. Удзельнікі “Саюза студэнтаў” выступалі з лекцыямі па гісторыі і культуры Беларусі, удзельнічалі ў грамадзянскіх і палітычных акцыях, зборах, мелі касу ўзаемадапамогі, аказвалі матэрыяльную падтрымку бяднейшым студэнтам ці тым, хто апынуўся ў бядзе, выпускалі газеты, лістоўкі.

У маі 1926 г. Юзаф Пілсудскі зноў прыйшоў да ўлады ў Польшчы, стаўшы дыктатарам з выключнымі паўнамоцтвамі. Ён абвясціў праграму санацыі (аздараўлення) Другой Рэчы Паспалітай. Ва ўрадавых колах нават загаварылі аб магчымасці вяртання да ідэі федэратыўнай рэспублікі. Гэтыя ідэі знайшлі спрыяльную глебу ў беларускім грамадстве і ўсялілі новыя надзеі ў лідэраў нацыянальнага руху. ТБШ, Беларуская сялянска-рабочая грамада, а таксама Кампартыя Заходняй Беларусі арганізавалі шырокую агітацыю сярод беларускіх сялян за масавае адкрыццё дзяржаўных беларускіх школ. У Дэпартамент асветы паступіла больш за 30 тысяч дэкларацый (з калектыўнымі подпісамі) аб адкрыцці ў 1927/28 навучальным годзе 1229 дзяржаўных беларускіх школ. Такі масавы нацыянальна-педагагічны рух нельга было ігнараваць. Польскія ўлады адкрылі толькі 50 школ, у тым ліку 32 – польска-беларускія1. Аўтарытэт БСРГ у гэты час дасягнуў свайго апагея. Па некаторых ацэнках, Грамада налічвала сто тысяч членаў. За масавым рухам за беларускую школу стаяла ідэя незалежнасці, якая апанавала большай часткай беларускага грамадства.

Да нацыянальнага руху далучылася і КПЗБ, якая ставіла больш радыкальныя задачы – далучэння Заходняй Беларусі да савецкай Расіі. Гэтыя задачы якраз адлюстроўвалі мэты сталінскага кіраўніцтва на экспарт камуністычнай рэвалюцыі ў еўрапейскія краіны, першай сярод іх і была Польшча, тым больш, што лідэры КПЗБ атрымлівалі ідэйную і фінансавую падтрымку міжнароднага камуністычнага цэнтра ў Маскве. І гэта аказала беларускаму нацыянальна-дэмакратычнаму руху “мядзведжую паслугу”. Польскія ўлады перайшлі ў рашучае наступленне на беларускі нацыянальны рух. Камуністычныя арганізацыі ў краіне рашуча вынішчаліся. Дазволены раней з’езд Грамады ў Старой Бярозе ў студзені 1927 г. быў разагнаны. Лідэры Грамады і беларускія паслы сейма былі арыштаваны. Польскі сейм ухваліў арышты кіраўнікоў і забарону дзейнасці беларускай Грамады. Не толькі камуністаў, але і прыхільнікаў нацыянальна-вызваленчага руху польскі урад і прэса выстаўлялі як агентаў Масквы і Камінтэрна., а ў большасці палякаў да іх было адмоўнае стаўленне.

Нельга не звярнуць увагі і на тую акалічнасць, што рашучае наступленне на беларускі нацыянальна-дэмакратычны рух і нацыянальных дзеячаў культуры пачалося амаль адначасова ў Польшчы і ў савецкай Расіі. Некаторыя даследчыкі дапускаюць, што “ў вынішчэнні лідэраў беларускага руху польскія і савецкія спецслужбы дзейнічалі часам супольна”1. З гэтым меркаваннем стасуецца і практыка Юзафа Пілсудскага не трымаць доўга лідэраў Грамады ў польскіх турмах, а абменьваць іх на арыштаваных ў СССР польскіх ксяндзоў ці палітычных дзеячаў, адпраўляючы беларускіх “нацыяналістаў” у Савецкі Саюз, дзе яны праз некаторы час аказваліся абвінавачанымі ў шпіянажы як агенты Польшчы. Заўважым, што такіх агентаў, абвінавачаных у шпіянажы на карысць суседніх дзяржаў, калі меркаваць па дакументах савецкіх архіваў, былі дзесяткі, а можа і сотні тысяч. А між тым ІІІ пленум КПЗБ (кастрычнік 1929 г.) па прыкладу Камінтэрна ўзяў курс на сацыялістычную рэвалюцыю, адначасова адмовіўшыся ад супрацоўніцтва з іншымі сацыялістычнымі і нацыянальна-дэмакратычнымі партыямі. Камуністы разглядалі суполкі ТБШ як філіялы сваёй партыі; усіх, хто выступаў супраць палітызацыі іх дзейнасці, у тым ліку вядомых лідэраў Грамады, называлі “нацыянал-фашыстамі” і “нацынал-апартуністамі. Гэта было водгулле тых падзей і палітычных працэсаў, якія рыхтаваліся ў Маскве супраць трацкістаў і апартуністаў, а таксама супраць нацыянал-дэмакратаў, і якія ўжо распачаліся ў БССР.

У лютым 1929 г. адбылася забастоўка беларускай Віленскай гімназіі, якая была падтрымана навучэнцамі іншых беларускіх гімназій. Польскія ўлады адлічылі з Віленскай гімназіі 64 навучэнцаў, а ўсяго было адлічана з беларускіх гімназій (Клецкай, Наваградскай) 130 вучняў2. Антон Луцкевіч рашуча асудзіў дзеячаў КПЗБ за “Уцягванне школьнай моладзі (асабліва малодшых класаў) у палітычныя акцыі” і назваў іх ганебнымі. Тым не менш значная колькасці суполак КПЗБ знаходзілася пад іх уплывам. У маі 1929 г. адбыўся нелегальна з’езд ТБШ, большасць дэлегатаў былі камуністамі і іх прыхільнікамі. З’езд выключыў з ТБШ тых, хто выступаў супраць палітызацыі яе дзейнасці, у тым ліку і вядомых дзеячаў культуры і нацыянальнага руху, якія так многа зрабілі для пашырэння нацыянальнай адукацыі; сярод іх – А.Луцкевіч, В.Грышкевіч, А.Уласаў, Р.Астроўскі, Я.Станкевіч і інш. Яны працягвалі працаваць і ў 1929 г. стварылі Беларускі настаўніцкі саюз. Аднак дзейнасць ТБШ фактычна была паралізавана палітычнымі разборкамі і звадамі. У 1930—1931 гг. было зачынена больш за 100 гурткоў ТБШ; восенню 1932 г. налічвалася ўсяго 150 гурткоў і каля 4 тыс. членаў3.

Ва ўмовах звужэння сферы дзейнасці Грамады і ТБШ прыкметна ажывілася дзейнасць і роля Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры (БІГіК), створанага яшчэ ў 1926 г. лідэрамі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (БХД) і Беларускага сялянскага саюза (А.Станкевіч, В. Гадлеўскі, В.Рагуля, Б.Туронак, Ф.Ярэміч і інш.). Інстытут выступаў як культурна-асветная арганізацыя, якая выконвала тыя ж функцыі, што і ТБШ. Аднак ён выступаў як грамадская філія сваіх партый, якія адлюстроўвалі інтарэсы беларускіх сялян-католікаў, што разглядаліся як адзіны “сярмяжны” люд дробных уласнікаў. Іх друкаваны орган “Беларуская крыніца” пісала ў 1928 г.: “Беларусы – гэта народ малазямельнага сялянства…У нас няма непрацоўных па прыкладу іншых краін, адкуль нам гэты фальшывы раздзел прынесены… Мы не маем уласных прамыслоўцаў-капіталістаў, не маем уласных памешчыкаў, ні так званых кулакоў… А калі так, то становіцца ясным, што класавая барацьба ў народзе, у якім адсутнічаюць класы, не можа мець месца”1.

Ідэалам хрысціянскіх дэмакратаў, як і сялянскага саюза, была незалежная беларуская дзяржава на ўсім этнічным абшары, дзе пераважала беларускае насельніцтва. Яны лічылі беларусаў працоўнай сялянскай нацыяй і патрабавалі перадаць ім землі польскіх асаднікаў і абшарнікаў. Разам з тым яны рашуча змагаліся супраць ідэі і тактыкі камуністаў, скіраванай на сусветную сацыялістычную рэвалюцыю, лічылі іх непрымальнымі, авантурыстычнымі, рэальнай перашкодай ў пабудове працвітаючага нацыянальнага грамадства. Члены грамадскага аб’яднання БІГіК вялі агітацыю супраць уплыву КПЗБ, дамагаліся стварэння кааператываў, бібліятэк, клубаў, беларускіх школ. У 1934—1935 гг. арганізацыя налічвала 80 гурткоў, якія аб’ядноўвалі каля 1,2 тыс. членаў2. Яны працавалі пераважна сярод беларускага каталіцкага насельніцтва.

Пры садзейнічанні БІГіК быў заснаваны беларускі маладзёжны грамадска-палітычны і літаратурна-мастацкі часопіс “Шлях моладзі”; друкаваўся штомесяц у друкарні імя Ф.Скарыны ў Вільні лацінкай і кірыліцай на працягу больш за 10 гадоў (1929—1939). Выдаўцом яго быў Я.Багдановіч, рэдактарамі ў розны час працавалі М.Пецюкевіч, Я.Найдзюк, Я.Шутовіч. На старонках часопіса друкаваліся творы Н.Арсеньевай, Я.Брыля, З.Верас, Я.Журбы, М.Машары, М.Танка, В.Таўлая і іншых вядомых і меней вядомых дзеячаў беларускай культуры. Часопіс адыграў значную ролю ў барацьбе за незалежную Беларусь, ў абуджэнні гістарычнай памяці і нацыянальнай свядомасці, у пашырэнні беларускай адукацыі і культуры. Ён шырока асвятляў адметныя падзеі беларускай гісторыі, асвятляў хроніку сучаснага грамадска-палітычнага і культурнага жыцця, даваў аналітычны агляд падзей у свеце, Польшчы і ў БССР, рашуча пратэставаў супраць рэпрэсій дзеячаў нацыянальнай культуры ў БССР і Польшчы. Польскія ўлады ў 14 выпадках канфіскоўвалі тыражы асобных нумароў, якія не адпавядалі асвятленню актуальных (злабадзённых) пытанняў з пункту гледжання польскай афіцыйнай ідэалогіі; супраць выдаўцоў і рэдкалегіі не раз узбуджаліся судовыя справы.

Аднак жа ў 1936 г. ва умовах згортвання дэмакратычных свабод і нацыянальнай адукацыі БІГіК, следам за ТБШ, быў забаронены польскімі ўладамі. Пасля забароны Саюза беларускіх настаўнікаў (1937) чарга наступіла для ўсіх беларускіх школ.

Напярэдадні вайны з усіх беларускіх перыядычных выданняў (часопісаў) выходзілі “Беларускі летапіс”, “Калосьсе”, “Хрысціянская думка”, “Студэнцкая думка”, “Шлях моладзі”.

Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі у складзе БССР тут адбывалася рэарганізацыя ўсёй сістэмы народнай адукацыі, карэнным чынам мяняліся вучэбныя планы, тэматыка і ідэйная скіраванасць навучання і выхавання, замест лацінскага ўводзіўся кірыліцкі алфавіт, выкладанне пераводзілася на беларускую і расійскую мовы. Напярэдадні вайны ў гэтай частцы Беларусі дзейнічала 5643 агульнаадукацыйныя школы, каля 76% якіх былі беларускімі, а таксама 30 тэхнікумаў і 4 педагагічныя і настаўніцкія інстытуты (у Брэсце, Гродна, Маладзечна, Баранавічах, Беластоку)1.