- •Этнакультурная сітуацыя ў другой палове XIX ст.: ідэалогія, рэлігія, культура
- •Заходнерусізм
- •Вобраз беларуса ў расійскім друку: Два партрэты – дзве культуры
- •Ідэі нацыянальна-вызваленчага руху. Кастусь каліноўскі і яго “мужыцкая праўда”
- •Краязнаўчае вывучэнне беларусі: Народ і культура ў расійскай гістарыяграфіі (другая палова хіх—пачатак хх ст.) Сітуацыя ў краіне пасля паўстання 1863г.
- •Краязнаўчае вывучэнне Беларусі
- •Беларускі друк у пачатку хх ст. Газета “наша ніва”
- •Адраджэнні
- •Беларускі нацыянальны рух у кантэксце рэвалюцыйных падзей у расіі. Першыя спробы стварэння нацыянальнай дзяржавы
- •Сацыякультурная палітыка ўрада бнр і Беларускага нацыянальнага камісарыяту
- •На шляхах да стварэння бсср
- •Беларусізацыя
- •Станаўленне акадэмічнай навукі
- •Інстытут беларускай культуры(1922—1928)
- •Стварэнне Беларускай Акадэміі навук
- •Контрбеларусізацыя
- •Рэформы ў галіне асветы (1918—1941)
- •Ліквідацыя непісьменнасці
- •Стварэнне сістэмы савецкай адукацы
- •Станаўленне вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі
- •Стан адукацыі
- •Некаторыя вынікі “культурнай рэвалюцыі”
- •Школа і адукацыя ў заходняй беларусі
- •Стан беларускай адукацыі (1918--1925)
- •Школа і нацыянальна-педагагічны рух (1926—1939)
- •Суверэнізацыя і нацыянальна-культурнае адраджэнне (1980—1990-я гг.) Крызіс камуністычнай ідэалогіі
- •Перабудова як палітычны і культуратворчы працэс. Пашырэнне нацыянальна-дэмакратычнага руху.
- •Школа і адукацыя
- •Вышэйшая школа
- •Літаратура і друк
- •Энцыклапедычныя і навуковыя выданні
- •Літаратура
Заходнерусізм
Паняцце заходнерусізму звычайна вызначаецца як афіцыйная ідэалагічная канцэпцыя самадзяржаўя, ідэйны напрамак грамадска-палітычнай думкі, блізкі да славянафільства. Паводле гэтай канцэпцыі, Беларусь ў сістэме расійскай палітыкі разглядалася як Заходняя Русь, а беларусы (літвіны) – як этнаграфічная група “единого русского народа”, якая нібыта затрымалася ў сваім гістарычным развіцці пад прыгнётам Літвы і Польшчы. Тутэйшы люд, які фактычна быў пазбаўлены сваёй інтэлектуальнай эліты, калі не лічыць мясцовай, у значнай ступені паланізаванай шляхты, разглядаўся як няпоўная этнасацыяльная супольнасць, яму было адмоўлена ў натуральным праве на незалежнасць і стварэнне ўласных інстытутаў улады і кіравання. Снабізм імперскіх палітыкаў у адносінах да далучаных народаў быў тады бадай што глабальнай з’явай. Высокай культурнай місіяй пануючых нацый апраўдваліся і каланіяльныя войны метраполіі на акупаваных тэрыторыях.
Канцэпцыя заходнерусізму вызначала адпаведныя трактоўкі і імперскія падыходы да этнічнай гісторыі беларускага народа і яго культуры. Гэтыя трактоўкі ў асноўным зводзяцца да наступных палажэнняў:
1. Гісторыя беларусаў – гэта неад’емная частка гісторыі Расіі;
2. Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае, адна з буйнейшых дзяржаў Еўропы, было створана балтамі (летувісамі) ў выніку заваявання славянскіх народаў;
3. Вялікае княства Літоўскае і яго культурная спадчына трактаваліся як балцкія нягледзячы на поўнае дамінаванне ў ім славянскай культуры, дзяржаўнага прававога Статута 1588 г. і дзяржаўнай старабеларускай мовы, не гаворачы аб шматразовай перавазе славянскага насельніцтва – літвінаў (беларусаў) і русінаў (украінцаў);
4. Войны, якія вялі Вялікае Маскоўскае княства, а затым Расійская імперыя на захадзе, на тэрыторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай, нібыта былі вызваленчымі для народаў гэтага краю.
Стаўшы афіцыйнай ідэалогіяй Расійскай імперыі, заходнерусізм бласлаўляў акупацыйную палітыку царызму на Беларусі і Украіне, рэпрэсіі і ганенні на мясцовую інтэлігенцыю, свядомую і актыўную частку карэннага насельніцтва, апраўдваў падаўленне вызваленчых рухаў. Сваім вастрыём ён быў скіраваны, з аднаго боку, супраць беларускага культурнага адраджэння, з другога, – супраць польскіх нацыянальных сіл, якія змагаліся за адраджэнне Рэчы Паспалітай. У сістэме ідэалогіі заходнерусізму мясцовыя палякі, дакладней, людзі каталіцкай веры, разглядаліся як чужародны этнічны элемент, як чужаземцы і агрэсары, якія сілай захапілі і падпарадкавалі сабе гэты “заходнерускі край” і яго карэнны “рускі народ”.
Палітыку “распалячвання Літвы” – так называлі ў расійскіх колах землі сучаснай Беларусі – распачала яшчэ Кацярына ІІ. “Што датычыць Літвы, – пісала імператрыца, – дык яна ніколі не была Польшчай… Палякі – прадажныя, сапсаваныя, лёгкадумныя, дэспатычныя; яны смокчуць кроў сваіх падданых і плацяць ім за гэта вельмі мала – вось вам жывы партрэт палякаў, якія нават не ведаюць, што ў мяне няма ніводнага вяршка польскай зямлі, і прапануюць мне польскую карону”1. У сваіх тайных наказах з нагоды далучэння да Расіі беларускіх зямель імператрыца дамагалася ад сваіх чыноўнікаў стрыманых і памяркоўных адносін да мясцовага насельніцтва, каб паміж Беларуссю і Расіяй знікла грань “инородия” і каб “гэтыя старажытныя рускія абшары сталіся рускімі не толькі сваёй назвай, але душой і сэрцам”2. Увод войска і далучэнне да Расійскай імперыі беларускіх зямель тлумачылася “брацкай дапамогай” тутэйшаму люду і абаронай праў праваслаўных вернікаў, якія, дарэчы, складалі тады каля 6% насельніцтва Беларусі.
Ідэя заходнерусізму выразна аформілася ў часы праўлення Мікалая І (1825—1855), калі міністрам асветы быў граф Увараў. Апошнім былі сфармуляваны асноўныя пастулаты новай імперскай канцэпцыі: Самадзяржаўе. Праваслаўе. Народнасць (так званая “увараўская троіца”). Як дзяржаўная ідэалогія яна была рэалізавана ў шматлікіх палітычных, сацыяльных і канфесіянальных праектах на тэрыторыі “Заходнерускага краю”. Яна аказвала значны ўплыў на сістэму адукацыі і выхавання, на характар гуманітарных ведаў, асабліва ў галіне гісторыі, этнаграфіі, лінгвістыкі, славяназнаўства.
У ідэйным абгрунтаванні заходнерусізму, якое вялося адначасова з паслядоўнай падрыхтоўкай умоў да скасавання уніяцкай царквы, відную ролю адыграў былы уніяцкі святар, з 1829 г. епіскап Полацкай уніяцкай епархіі, пазней праваслаўны мітрапаліт літоўскі Іосіф Сямашка. Менавіта ён быў ініцыятарам Полацкага царкоўнага сабора 1839 г., які прыняў акт аб скасаванні Уніі. Асноўныя ідэйныя погляды былі выкладзены ім ў трохтомнай працы “Запіскі Іосіфа, мітрапаліта літоўскага”, выдадзеныя пасля смерці (СПб., 1883). Мітрапаліт Сямашка увасабляў найбольш кансерватыўныя славянафільскія (вялікадзяржаўныя) погляды, радыкальнае крыло заходнерусізму і славянафільства.
Сярод іншых ідэалагічных лідэраў гэтага крыла адзначым такіх прадстаўнікоў расійскай культуры, як Пампей Бацюшкаў, вядомы выдавец і арганізатар будаўніцтва праваслаўных храмаў на Беларусі і ў Расіі, Іван Карнілаў, папячыцель Віленскай навучальнай акругі, Іван Аксакаў, расійскі публіцыст і грамадскі дзеяч, Ксенафонт Гаворскі, заснавальнік і галоўны рэдактар часопіса “Вестник Западной России”, Міхаіл Мураўёў, сумна вядомы Віленскі генерал-губернатар, што атрымаў у народзе прозвішча Вешальніка, і інш. Прыхільнікі гэтага радыкальнага крыла лічылі этнакультурныя асаблівасці Беларусі і Украіны неістотнымі, штучнымі, вынікам польска-каталіцкай экспансіі; яны прапаноўвалі рашуча выкараніць “польскую заразу” з усіх сфер грамадскага жыцця і адрадзіць “чысціню спрадвечна рускага характару краю”.
У сваю чаргу, ідэолагі другога, ліберальнага, крыла заходнерусізму не адмаўлялі гісторыка-этнаграфічную адметнасць беларусаў, аднак лічылі аптымальным варыянтам развіццё Беларусі ў складзе Расіі. Яны не прызнавалі права беларусаў на самавызначэнне, не дапускалі нават альтэрнатывы нацыянальна-культурнай аўтаноміі для Беларусі, непрыязна ставіліся да беларускага нацыянальна-культурнага адраджэння, якое падавалася як “польская інтрыга”, каварства і падкопы пад устоі Расійскую імперыю. Найбольш вядомым ідэолагам гэтага напрамку быў Міхаіл Каяловіч, прафесар Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі, сын уніяцкага святара з Беласточчыны. Свае ідэйна-гістарычныя погляды ён найбольш поўна абгрунтаваў у лекцыях “Чытанні па гісторыі Заходняй Расіі” (1864), а таксама ў “Гісторыі рускай самасвядомасці” (1884)1. У ліку іншых прыхільнікаў гэтага напрамку назавем такіх дзеячаў культуры, як Павел Баброўскі, Пётр Бяссонаў, Адам Багдановіч, Аляксандр Пшчолка, Павел Шэйн і інш.
Ідэолагі заходнерусізму пакідалі па-за увагай наяўныя гістарычныя і культурныя сувязі суседніх краін і народаў, ігнаравалі рэальныя ўзаемаадносіны Маскоўскай і Літоўскай Русі, калі на працягу некалькіх стагоддзяў яны выступалі як два раўнапраўных суб’екты міжнароднага права і два сапернікі ў справе аб’яднання вакол сябе ўсходнеславянскіх зямель. Менавіта беларусы-літвіны пакінулі пасля сябе шматлікія помнікі архітэктуры і мастацтва ў Маскве, іх уклад у расійскую культуру відавочны. Плённы уплыў Заходняй (Літоўскай) Русі на расійскую культуру адзначаў Васіль Ключэўскі. “Заходнееўрапейская цывілізацыя ў 17 ст., – пісаў ён, – прыходзіла ў Маскву перш за ўсё ў польскай апрацоўцы, у шляхецкім адзенні. Дарэчы, спачатку нават не чысты паляк прыносіў яе да нас… Заходнерускі праваслаўны манах, вывучаны ў школе лацінскай або рускай, уладкаванай паводле яе узору, і быў першым правадніком заходняй навукі, пакліканым да Масквы”2. У канцы 17 ст. беларусы-літвіны складалі каля 20% жыхароў Масквы. У сучаснай расійскай гістарыяграфіі, як дарэчы і ў польскай, яны паказаны часцей як літоўцы або палякі3.
Палемічнай літаратуры “выкрывальнага” зместу з яе спрэчнымі пастулатамі аб вызваленчай місіі расійскага царызму супрацьстаяла класічная літаратура высокага інтэлектуальнага ўзроўню, шматлікія выданні прадстаўнікоў мясцовай інтэлігенцыі, якія добра ведалі свой край, яго гісторыю, жыццё і побыт мясцовага люду. Адзначым у гэтай сувязі імёны тых, апантаная творчая праца якіх у 19 стагоддзі заклала падмурак новага беларускага адраджэння. Сярод іх – прадстаўнікі старэйшага пакалення, творчая і грамадская дзейнасць якіх прыходзілася ў асноўным на перыяд да паўстання 1863 года, – Зарыян Даленга-Хадакоўскі, Ян Баршчэўскі, Ян Чачот, Томаш Зан, Адам Міцкевіч, Уладзіслаў Сыракомля, а таксама Кастусь Каліноўскі, Арцём Вярыга-Дарэўскі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Аляксандр Ельскі, Францішак Багушэвіч і інш. Амаль усе яны былі выхадцамі з мясцовай шляхты, атрымалі еўрапейскую адукацыю, валодалі некалькімі еўрапейскімі мовамі, былі цесна звязаны з мясцовым народным асяроддзем, з ранняга дзяцінства засвойвалі (яшчэ з калыскі ад сваіх нянек) і выдатна ведалі жывую беларускую мову, народныя песні, багаты і разнастайны беларускі фальклор. Нягледзячы на розныя жыццёвыя калізіі, іх аб’ядноўвала высокае грамадзянскае сумленне, блізкасць грамадзянскіх і эстэтычных пазіцый, любоў да сваёй Радзімы і яе народа, захапленне вусна-паэтычнай творчасцю, якая знайшла сваё ўвасабленне ў шматлікіх мастацкіх, публіцыстычных і дакументальных творах, значэнне якіх выходзіць далёка за межы Беларусі.
Новабеларуская літаратура зарадзілася напачатку якраз сярод мясцовай дробнай шляхты, яе аўтары былі выхаваны ў польска-беларускім асяродку, пісалі па-польску і па-беларуску. Гэта насцярожвала і непакоіла расійскія правячыя колы, якія бачылі ў гэтым “польскую інтрыгу”. У 1859 г. была выдадзена урадавая пастанова аб забароне ў выдавецкай практыцы лацінскага алфавіту “для друкавання твораў на беларускай гаворцы” з мэтай “стварыць і развіць адпаведную народнасць”. Гэта пастанова, як і іншыя рашэнні царскіх улад у галіне адукацыі і рэлігіі, былі скіраваны супраць нацыянальнай самаідэнтыфікацыі і маладой беларускай літаратуры, бо яе пачынальнікі друкавалі свае творы як раз лацінскім шрыфтам.
Усё гэта безумоўна стрымлівала працэс этнічнай кансалідацыі, фарміравання самасвядомасці і нацыянальнай культуры, якія складваюцца і ўзбагачаюцца ў выніку творчага ўзаемадзеяння культур ўсіх слаёў грамадства. Аднак імперскія сілы, нягледзячы на ўрадавую падтрымку, не падняліся вышэй прапагандысцкіх клішэ, вялікадзяржаўнага снабізму і высмейвання архаікі паганскіх перажыткаў, забітасці тутэйшага простага сялянства. Але так ці інакш зноў паўставала трывіяльнае пытанне: “Хто яго забіў?”, “Хто вінаваты?”. Адказ на яго ўжо ў той час быў адназначна і ясна сфармуляваны ў нелегальнай газеце паўстанцаў “Мужыцкая праўда”, аб чым будзе размова ў адпаведным раздзеле.
Разам з тым нельга не адзначыць, што становішча свайго ўласнага (рускага) народа, які разглядаўся як асноўная апора ў палітыцы самадзяржаўя, было бадай не лепшым ў параўнанні з беларусамі, – такая сутнасць імперскай ўлады з адпаведнай ідэалогіяй, шматлікім штатам чыноўнікаў і сілавых структур. Аб гэтым сведчаць шматлікія дакументальных матэрыялы, а таксама рэалістычныя творы класікаў рускай літаратуры таго часу – А.М.Радзішчава, А.С.Пушкіна, М.В.Гогаля, М.А.Някрасава і інш. Згадаем, для прыкладу, хаця б пушкінскую “Деревню” (Пскоўская губ.), дзе на фоне сельскай экзотыкі, паэт паўсюдна бачыў жудасны стан тагачаснай прыгоннай вёскі, «везде невежества убийственный позор». Нагадаем некалькі радкоў гэтага твору ў арыгінале.
Здесь барство дикое, без чувства, без закона,
Присвоило себе насильственной лозой
И труд, и собственность, и время земледельца.
Склонясь на чуждый плуг, покорствуя бичам,
Здесь рабство тощее влачится по браздам
Неумолимого владельца.
Здесь тягостный ярем до гроба все влекут,
Надежд и склонностей в душе питать не смея,
Здесь девы юные цветут
Для прихоти бесчувственной злодея.
І тут нельга не пагадзіцца з класікамі марксізму: сапраўды, не можа быць свабодным народ, які прыгнятае іншыя народы. Адно несумненна, становішча пскоўскага ці наўгародскага селяніна было не лепшым у параўнанні з беларускім. Таму “спагадлівыя” выказванні расійскіх атараў аб няшчаснай долі беларусаў “пад прыгнётам Літвы”, ва ўмовах “падвойнай эксплуатацыі польскіх паноў і яўрэйскіх карчмароў” выглядаюць двухсэнсоўна, крывадушна і нясуць на сабе пячаць ідэалогіі заходнерусізму.
А між тым расійскі афіцыйны друк ХІХ ст., выконваючы ўстаноўкі афіцыйнай ідэалогіі, звычайна падаваў беларуса хілым, занядбаным, вялым, інфантыльным, не здольным да актыўнай гаспадарчай і разумовай дзейнасці. Адначасова яму супрацьпастаўляўся вобраз разняволенага, статнага і заможнага вялікаруса. Пазнаёмімся з некаторымі з гэтых характарыстык тыпажу тагачаснага беларуса ў расійскім друку.
