
- •В.С. Іваноўскі
- •Вытокі беларускага тэатра
- •Скамарохі на Беларусі
- •Батлейка
- •Інтэрмедыя
- •Гарадскi I маёнткавы прыгонны тэатр на Беларусi
- •Тэатры радзiвiлау у нясвiжы I слуцку
- •Слонiмскi тэатр мiхала казiмежа агiнскага
- •Гродзенскi тэатр антонiя тызенгауза
- •Маёнткавыя прыгонныя тэатры
- •Шклоускi тэатр сямёна зорыча*
- •Сядзiбныя I гарадскiя тэатры магiлёускай
- •I вiцебскай губерняў канца XVIII – першай чвэрцi XIX ст.
- •Прыватны I гарадскi тэатр на беларусi з канца XVIII ст. Па 1861 г.
- •Драматургiя I тэатр Вiнцэнта Дунiна-Марцiнкевiча 40--50-х гадоў XIX стагоддзя
- •Аматарскi тэатр на беларусi у другой палове XIX стагоддзя
Інтэрмедыя
Рэпертуар школьнага тэатра да з'яўлення свецкага прафесiйнага тэатра ў пэўнай меры задавальняў запатрабаваннi гледача. Але найбольшы iнтарэс выклiкалi не столькi яго пяцiактовыя драмы рэлiгiйна-маралiзатарскага i панегiрычнага характару, колькi iнтэрмедыi, у якiх выяўлялiся думкi i памкненнi простага народа. Не супярэчылi супраць iнтэрмедыяў i арганiзатары спектакляў: рэлiгiйна-павучальныя п'есы хутка стамлялi, а iнтэрмедыi на вострыя сацыяльна-бытавыя тэмы садзейнiчалi прываблiванню гледачоў. Часам стваралiся спецыяльныя iнтэрмедыi, але часцей выкарыстоўвалiся вядомыя ў народзе вусныя сцэны, народныя драмы малых форм.
На жаль да нас дайшло вельмi мала iнтэрмедый праваслаўнага школьнага тэатра. Аўтарамi малых драматычных формаў – iнтэрмедый, што часта выконвалiся перад прадстаўленнем школьнай драмы альбо пад час антрактаў, на думку большасцi даследчыкаў , былi студэнты семiнарый i духоўных акадэмiй, якiя добра ведалi жыццё таго сацыяльнага асяроддзя, прадстаўнiкi якога з'яўлялiся асноўнымi героямi гэтых камедыйных сцэнак. А моўная полiфанiя iнтэрмедый, дзе кожны герой гаварыў на сваёй (iндывiдуалiзаванай) мове, наводзяць на думку, што яны часта стваралiся калектыўна.
Iнтэрмедыя сапраўды з'яўлялася адлюстраваннем жывой рэчаiснасцi; у лёгкай, жартоўнай форме яна паказвала народны побыт з усiмi яго асаблiвасцямi, часта пранiкаючыся разумовымi, рэлiгiйнымi i палiтычнымi iнтарэсамi насельнiцтва. Аддаляючыся ад школы, становячыся на шлях адасобленага, самастойнага развiцця, iнтэрмедыя прыстасоўвалася да густаў сваiх гледачоў, прыцягвала iх сваiмi чулымi адносiнамi да сучаснасцi i станавiлася ўсё больш падобнай на колiшнiя сярэдневяковыя фарсы. Народныя тыпы, што выводзiлiся ў iнтэрмедыях, захоўвалi ўсе асаблiвасцi свайго мястэчковага характэрнага аблiчча i гаворкi.
У большасцi iнтэрмедый просты чалавек з'яўляецца не толькi цэнтральным героем, але i надзяляецца станоўчымi якасцямi. асаблiва прывабным падаецца ў iнтэрмедыях вобраз беларускага селянiна, чалавека разважлiвага i дасцiпнага, здольнага знайсцi выйсце з любога становiшча. Так, непадробным камiзмам напоўнены iнтэрмедыi, дзе селянiн "купляе" розум у студэнта-семiнарыста, а паразумнеўшы, адмаўляецца плацiць цi, падрабляючыся пад iнспектара, правучае студэнта, якi не хоча вучыцца. Дасцiпна i па-сялянску вынаходлiва вядзе герой дыспут "на мiгi" з вучоным шкаляром, лечыць, падобна батлейкаваму доктару-шарлатану, чорта Асмалейку. Часта беларускi селянiн, асаблiва ў беларуска-украiнскiх iнтэрмедыях, рашуча выступае супроць нацыянальнага прыгнёту, знаходзячы падтрымку i дапамогу з боку прадстаўнiкоў iншых нацыянальнасцей.
Былi спробы i зусiм iншай драматургiчнай трактоўкi вобраза селянiна. У паасобных беларуска-польскiх iнтэрмедыях ён падаецца ў карыкатурным выглядзе, паказваецца малакультурным, а iншы раз нават грубым. У падобным тэндэнцыйна негатыўным святле ён паўстае ў iнтэрмедыях – наследаваннях вядомай камедыi Пятра Барыкi "З хлопа круль", у iнтэрмедыi-антыпралогу да школьнай драмы "Камунiя духоўная Барыса i Глеба", у якой з селянiна, што нечакана трапляе на школьнае прадстаўленне i па-свойму трактуе падзеi на сцэне, насмiхаецца грабар (землекоп). Праўда, яго кпiны аказваюцца, мякка кажучы, непадстаўнымi, бо, як вынiкае, i сам ён нiчога не разумее ў тэатральнай тэрмiналогii, блытаючы "акт" з "гакам", а "сцэну" са "сцяной".
Часта iнтэрмедыi выконвалiся самастойна. Iх адасабленню ад школьнай драмы садзейнiчалi семiнарысты, якiя ў час канiкул вандравалi па вёсках i мястэчках i наладжвалi спектаклi. Да нас дайшлi скупыя звесткi аб падобных выступленнях. Вядома, напрыклад, публiчнае прадстаўленне на Вялiкдзень у Шклове, дзе нейкi Iлля Турчыноўскi з двума iншымi навучэнцамi Кiеўскай акадэмii "выправiл дiалог с iнтермедiею, на якой многолюдствiе благочестiвых собралось, i рiмлян, i самiх езовiтов, i домiнекан, i евреев".
Магчыма, пры такiх жа акалiчнасцях пры прадстаўленнi iнтэрмедыяў у 1753 г. у Мазыры палкоўнiкам Бараноўскiм былi арыштаваныя шэсць беларускiх студэнтаў Кiеўскай акадэмii.
Маюцца звесткi, што ў падобных, блiзкiх да народных тэатральных традыцый прадстаўленнях бралi ўдзел i семiнарысты з Жыровiц (манастыр i духоўная семiнарыя пад Слонiмам). У вольны ад вучобы час "адзiн з вучняў пераапранаўся ў сялянскае адзенне, другi – у касцюм беларускага яўрэя, трэцi ў вопратку вандроўнага цыгана. Пераапранутыя выходзiлi на сярэдзiну зборнi i пачыналi мiрную размову цi ўчынялi сварку, кожны абараняючы свае нацыянальныя iнтарэсы. Зразумела, што такога роду перайманне мовы, характару i дзеянняў яўрэя цi цыгана выклiкала жывую рэакцыю i дружны рогат прысутных.
Такiм чынам, парываючы фармальную сувязь са школьнай драмай, iнтэрмедыя ў абноўленым выглядзе вярталася ў асяроддзе простага люду, трапляла на прыдатную для свайго бытавання i развiцця глебу. I вяла iнтэрмедыю сюды не толькi "генетычная памяць" аб уласных вытоках, але i яе мастацкая адпаведнасць народным традыцыям i прынцыпам тэатральнага мастацтва.
Напрыканцы XVIII ст. школьны тэатр на Беларусi прыходзiць да заняпаду. Але ўжо ў нетрах школьнага тэатра, якi грунтаваўся на канонах школьнага класiцызму, нараджалiся новыя рэалiстычныя i дэмакратычныя тэндэнцыi. Новая эпоха патрабавала новага зместу i новых формаў тэатральна-драматычнага мастацтва. Немалаважнае значэнне для далейшага развiцця беларускага тэатральнага маста мела i канчатковае аб'яднанне Беларусi з Расiяй у канцы 90-х гадоў XVIII ст. Але школьны тэатр на Беларусi не знiк бясследна. Пэўным чынам ён, у сваёй iнтэрмедыйнай частцы, злiўся з тэатрам беларускiх "нiзоў" – г.зн. з найбольш дэмакратычнай формай сцэнiчнага мастацтва, даступнай i зразумелай шырокiм масам гарадскога i вясковага насельнiцтва – з батлейкавым тэатрам, народнай драмай i аказаў пэўны ўплыў на тэатр "лiтаратурны", тэатр аматарскi i прафесiйны, на тэатральна-драматургiчную дзейнасць беларускiх пiсьменнiкаў i дзеячаў тэатра XIX – пачатку ХХ ст. – В.Дуніна-Марцінкевіча, К. Каганца, Янку Купалу, пазней – Кандрата Крапіву, А.Макаёнка.