Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
история бел.театра.doc
Скачиваний:
32
Добавлен:
18.09.2019
Размер:
493.57 Кб
Скачать

Скамарохі на Беларусі

Значны ўклад у развіццё народнага тэатральнага мастацтва ўнеслі скамарохі — старажытныя выканаўцы песень, танцаў, драматычных сцэнак. Яны былі вядомыя яшчэ ў «перыяд дадзяржаўнага існавання» ўсходнеславянскіх плямен як удзельнікі народных свят і ігрышчаў. Беручы свае вытокі з часоў язычніцтва, скамарохі шырока выкарыстоўвалі ў сваёй творчасці здабыткі фальклору і народнай гульнёвай культуры. Аб гэтым сведчаць пісьмовыя крыніцы XI—XIII ст., дзе скамарохі ўпамінаюцца пераважна ў сувязі са святамі і народнымі ігрышчамі. І несумненна, шго скамарохі былі, бадай, нязменнымі ўдзельнікамі, а магчыма, і асноўнымі кіраўнікамі і распарадчыкамі іх. Менавіта скамарохі — найбольш здольныя народныя танцоры, спевакі, музыкі — сваім удзелам у абрадах садзейнічалі развіццю іх гульнёвых элементаў. Яны з'явіліся, несумненна, пераймальнікамі і непасрэднымі прадаўжальнікамі ўжо існаваўшай народнай мастацкай традыцыі.

Беларускія скамарохі-музыкі, як і скамарохі іншых прафесій, мелі самую цесную сувязь з народнымі масамі. Таму іх мастацтва лёгка пераймалася сялянствам і працоўным гарадскім і местачковым людам, станавілася неад'емнай часткай іх музычнай культуры.

Па распаўсюджанасці і папулярнасці ў народзе скамарохам-музыкам не ўступалі і важакі дрэсіраваных мядзведзяў — скамарохі-мядзведнікі. Гэта прафесія мела глыбокія карэнні і сталую традыцыю на Беларусі. Жыхары лавілі медзведзянятаў і вучылі іх не толькі танцам і перадачы пры дапамозе рухаў чалавечых звычак, але і рознай гаспадарчай працы. Па сведчанню Ф. Вундэрэра, якое прыводзіць у кнізе «Скамарохі на Русі» А.С. Фамінцын, у Вялікім княстве Літоўскім вучылі мядзведзяў круціць жорны млыноў, лавіць рыбу і чарпаць ваду.

Мядзведнікі разам з іншымі скамарохамі ўжо ў XVI ст. абкладаліся спецыяльным падаткам, што сведчыць аб іх значным распаўсюджанні. Вялікая папулярнасць прадстаўленняў «вучоных» мядзведзяў прывяла да стварэння спецыяльных школ дрэсіроўкі. На тэрыторыі Беларусі іх было некалькі. Несумненна, галоўнай з іх была школа ля Смаргоні, жартоўна празваная ў народзе «Смаргонскай мядвежай акадэміяй».

«Вучні» «Смаргонскай акадэміі» пастаўляліся як на ўнутраны, так і на знешні рынак. Са сваімі важакамі яны хадзілі па Расіі, былі «частымі гасцямі на кірмашах Прусіі, Шлезвіга, Баварыі і Эльзаса». Траплялі яны і ў іншыя краіны Еўропы.

Рэпертуар скамароха-мядзведніка складаўся галоўным чынам э выступленняў самога мядзведзя. Пад кіраўніцтвам важака ён кланяўся публіцы, танцаваў, паказваў, як бабы хлеб месяць. як на паншчыну і з паншчыны ідуць, як мужчыны косяць, як малыя хлопцы гарох крадуць і г.д. Прапаноўваліся, вядома, гледачу і іншыя тэмы мядзведжай імітацыі, дзе высмейваліся чалавечыя заганы і звычкі. Часам скамарох-важак, які выконваў ролю своеасаблівага вядучага прадстаўлення, мог аб'явіць-загадаць: «А ну, Міхал, пакажы чэснай публіцы, як мужык Янка п'яны з кірмаша дамоў вяртаецца. Так, так, Міхал, весялей, весялей — мужык Янка добрых дзве кварты выпіў і таму ног пад сабой не адчувае. А ну яшчэ раз! А за старанне трымай мядовы пернік. Пернікі любіш, любіш? Бачыш, як галавой матае. Ну, калі любіш, то і навуку павінен паважаць».

Іншы раз праграма паказу падавалася ў блізкай народнай традыцыі вершаванай форме, і ў ёй рабіліся недвухсэнсоўныя выпады супроць служак царквы:

Ну-ка, мішанька,

Паскач харашэнька...

Не слухай-ка пана свяшчэнніка,

Падмара-бяздзельніка,

А слухай нашага брата мядзведніка,

Хто цябе корміць, поіць,

Ад ліхіх сабак абараняець,

Пуць-дарожку паказваець...

Прадстаўленні з мядзведзем вандроўныя скамарохі паказвалі ў карчмах, на вуліцы, на кірмашах і ў іншых месцах, дзе было многа людзей. У ролі важакоў, асабліва пасля адкрыцця ля Смаргоні школы дрэсіроўкі мядзведзяў, часта выступалі цыганы. Іншы раз пры мядзведніку быў скамарох-дудар, які спевамі, танцамі, жартамі, фокусамі, прадстаўленнямі лялек забаўляў гледачоў.

Выступленні важакоў з мядзведзем карысталіся вялікай папулярнасцю і знаходзілі ў народных масах сваіх пераймальнікаў. Ледзь не ў кожнай вёсцы былі свае аматары, якія ў час калядных свят вадзілі «мядзведзя» — пераапранутага ў вывернуты кажух хлопца — і разыгрывалі тыя ж, што і сапраўдныя скамарохі, сцэнкі. Падобныя сцэнкі ўваходзілі і ў рэпертуар беларускага народнага лялькавага тэатра — батлейкі.

Акрамя музыкаў і мядзведнікаў на Беларусі былі вядомы і скамарохі — бахары, акрабаты, фокуснікі, лялечнікі і інш.

У вандроўньіх скамарошых гуртах былі і выканаўцы драматычных сцэнак. Іх рэпертуар адлюстроўваў самыя розныя бакі тагачаснай рэчаіснасці, уключаў часта творы сатырычна вострыя, накіраваныя супраць царкоўнікаў, паноў і іншых прыгнятальнікаў працоўнага люду. Да іх ліку можна аднесці вырашаную ў гратэскавым плане сцэну «Як халопы з багацея тлушч вытрасалі».

Традыцыі і творчыя прынцыпы скамарохаў знайшлі сваіх прадаўжальнікаў і паслядоўнікаў. Да іх трэба аднесці ў першую чаргу валачобнікаў. Традыцыі скамароства выяўлялігя і ў складзе валачобнага гурта, і ў рэпертуары, і ў выразнай тэндэнцыі да тэатралізацыі. Па жаданню гаспадара хаты валачобнікі апрача свайго традыцыйнага рэпертуару маглі выканаць які-небудзь танец або «што-небудзь іншае пад песню аб тым, як абадранец з абшарпанцам пусціўся ў танцы». У іх выкананні страчвалася і адыходзіла на другі план магічнае значэнне песень, а выкананне ўспрымалася як вясёлая гульня. Валачобнікі ператвараліся ў своеасаблівьіх вестуноў вясны, якія сваімі песнямі «будзілі селяніна пасля доўгай зімы да рупнай працы».

У дзейнасці валачобнікаў яўна прысутнічалі элементы тэатралізацыі. Так, маладыя хлопцы пераапраналіся ў старых дзядоў, падмацоўваючы знешняе пераўвасабленне адпаведнай мімікай, жэстамі, імітацыяй голасу.

Значны ўплыў аказала мастацтва скамарохаў на развіццё драматычна-тэатральных элементаў народных абрадаў. Асабліва яскрава гэта выявілася ў вяселлі. Важкі ўклад у агульны працэс тэатралізацыі беларускай вясельнай абраднасці ўносіў музыка, якога паўсюдна на Беларусі называлі скамарохам. Ігру на дудзе, скрыпцы ці іншым інструменце вясельны музыка суправаджаў прыгаворкамі, перасыпаў жартоўнымі прыпеўкамі, а здаралася, што ў перапынку паміж танцамі, узабраўшыся на якое-небудзь узвышэнне, мог расказваць вясёлую гісторыю ці апавяданне, нярэдка ў вершаванай форме.

Тэатралізаваны характар насіла і выступленне на вяселлі «стаўбавога». У адрозненне ад каравайнага стаўбавы вясельны абрад быў пашыраны пераважна ў паўночных і паўночна-ўсходніх раёнах Беларусі, аб чым сведчаць запісы многіх фалькларыстаў. Такі аўтарытэтны даследчык народнай творчасці беларусаў, як Я. Карскі, лічыў, што прамова стаўбавога нагадвала выступленні ранейшых скамарохаў, а сама яго вясельная функцыя была ідэнтычнай «абавязку язычніцкага жраца».

Тэндэнцыя да тэатралізацыі стаўбавога адметна выявілася ў яго знешнім выглядзе, а таксама ў шматлікіх дзейсна-ігравых элементах яго выступлення. Іншы раз ён з'яўляўся перад вясельнымі гасцямі «ў рванык лапцях, зношаным балахоне, у падранай шапцы і з раскудлачанымі валасамі», г.зн. як выразна тэатралізаваны персанаж. Так сват ці які-небудзь іншы асабліва гаваркі госць апранаў выпернуты кажух, шапку і рукавіцы, узбіраўся на стоўб і пачынаў гаварыць прамову. Яго выступленне заканчвалася звычайна якім-небудаь дасціпньім жартам. «Пад смех усяго вяселля «выкрыкальнічак» іншы раз кувыркнецца і падае на падлогу, з якой яго паднімаюць госці, распытваюць пра хваробу, прапаноўваюць розныя лекі і, доўга не трапляючы на сапраўдныя, канчаткова вылечваюць хворага гарэлкай, якая яму падаецца не ў чарцы, а ў вялікай лыжцы».

Усе разгледжаныя вышэй чыны беларускай вясельнай абраднасці, а таксама валачобнікі — найбольш верагодныя прадаўжальнікі мастацкіх традыцый скамарохаў. На ўсім працягу сваёй гісторыі скамароства захоўвала з народнымі масамі самыя цесныя сувязі, шырока выкарыстоўваючы ўсе вядомыя драматычныя формы народнай творчасці.

Мастацтва скамарохаў як па характару, так і па духу было блізкае простаму народу, зразумелае і любімае ім. Таму ў час, калі скамароства як пэўная мастацкая з'ява пачынае паступова сыходзіць з гістарычнай арэны, яго творчыя прынцыпы і сам рэпертуар адносна лёгка засвойваюцца народнымі выканаўцамі. Яны наследуюць, пераймаюць і прадаўжаюць эстэтычныя здабыткі сваіх папярэднікаў. «Мастацгва скамарохаў, выхадцаў з народнага асяроддзя, якія абапіраліся на масавае народнае мастацтва, садзейнічала, несумненна, яго развіццю і фарміраванню, абагаціла жанр новымі тэмамі і вобразамі, зрабіла яго больш глыбокім у сацыяльным плане».