Добавил:
Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ТЭМА 5. КРЭЎСКАЯ УНІЯ.doc
Скачиваний:
23
Добавлен:
01.04.2014
Размер:
98.82 Кб
Скачать

Значэнне Крэўскай уніі

Выкананне ўмоў, падпісаных у Крэве, на працягу двух наступных гадоў прывяло да ўвядзення каталіцтва ў якасці афіцыйнай рэлігіі ВКЛ, абрання Ягайлы каралём Польшчы і ператварэння яго ў кіраўніка аб’яднанай дзяржавы. Праўда, фактычнае скасаванне дзяржаўнасці ВКЛ, прадугледжанае ўмовамі уніі, не было рэалізавана дзякуючы супраціўленню літоўскай знаці, выразнікам інтарэсаў якой стаў Вітаўт. Галоўным фактарам яго поспеху было тое, што Вітаўт выступаў адначасова за захаванне дзяржаўнасці і прыняцце заходняй мадэлі развіцця. Усе прыхільнікі іншага курсу (Андрэй Альгердавіч, Карыятавічы, смаленскі князь Святаслаў) неўзабаве пацярпелі паражэнне і альбо загінулі, альбо перасталі адыграваць самастойную палітычную ролю.

Але нельга забывацца на двухэтнічны характар дзяржавы. Рашэнне, прынятае кіруючым колам у канцы XIV ст., мела для літоўскай і рускай частак істотна розны сэнс. Першай з іх давялося канчаткова далучыцца да цывілізацыі, а другой – мяняць адну цывілізацыю на іншую. На гэтым шляху былі і набыткі, і страты. Ацэнка іх не можа не быць суб’ектыўнай, бо абсалютных крытэрыяў у такім пытанні няма. Як вядома, той частцы ўсходнеславянскага насельніцтва, што пазбегла ўключэння ў склад ВКЛ і ў рэшце рэшт трапіла ў поле дзеяння маскоўскага аб’яднаўчага цэнтра, давялося прыняць удзел у фармаванні сучаснай Расіі – буйнейшай краіны свету з глыбока спецыфічнымі рысамі культуры. Вартасці і недахопы яе таксама застаюцца прадметам дыскусій. Несумненна адно: пры альтэрнатыўным развіцці падзей тэрыторыя сучаснай Беларусі ўтварыла б такую ж арганічную частку Расіі, як гэта адбылося, напрыклад, з Наўгародскай зямлёй, дзе таксама меліся перадумовы для ўтварэння самастойнага этнасу. Такім чынам, Крэўскую унію трэба разглядаць як адзін з найважнейшых фактараў этнагенезу беларусаў – умову, без якой не адбылося б узнікненне іх нацыі.

Унія паставіла этнагенез беларусаў ва ўмовы пастаяннай адаптацыі (ці адмаўлення) уздзеянняў з двух бакоў. Пры гэтым асноўная колькасць іннавацый паступала з захаду, надаючы беларускай культуры значна больш еўрапейскі каларыт у параўнанні з расейскай. У гарадской і шляхецкай культуры заходнія рысы распаўсюджваліся па ўсёй тэрыторыі ВКЛ, але сялянства ўспрымала іх значна павольней. Таму ў пэўным сэнсе рубеж заходняй цывілізацыі нават у канцы XVI ст. праходзіў не па мяжы з Расіяй, а непасрэдна па тэрыторыі ВКЛ, недзе ўздоўж Бярэзіны і Пцічы. Тэрыторыя далей на ўсход не выпадкова захавала назву «Русь» у якасці рэгіянальнай. Яе культурная асаблівасць (на вясковым узроўні) захавалася і ў далейшым, яна выразна адчувалася ў час Расійскай імперыі.

Важным наступствам Крэўскай уніі і таго, якім шляхам яна была здзейснена, сталася фармаванне новага пануючага кола – шляхты і асабліва магнатэрыі – на пераважна літоўскай этнічнай аснове. Пераход да феадальнай структуры грамадства, пры якой ваенна-служылае саслоўе забяспечвалася галоўным чынам за кошт даходаў з уласных маёнткаў, распачаўся неўзабаве пасля уніі і ў асноўным адбыўся да сярэдзіны XV ст. Найбольш буйныя пажалаванні і важнейшыя пасады даставаліся ў гэты час панам каталіцкага паходжання, амаль усе яны былі нашчадкамі літоўскага баярства часоў Альгерда. Так, вышэйшую ў свецкай дзяржаўнай ерархіі пасаду віленскага ваяводы з моманту яе ўвядзення ў 1413 г. і на працягу двух наступных стагоддзяў (да 1616 г.) займалі 15 асобаў, якія належалі да 5 альбо 6 родаў. З іх толькі этнічнае паходжанне продкаў Я. Глябовіча, які быў віленскім ваяводам з 1542 па 1549 г., можа выклікаць сумненні. Усе ж астатнія (Манівіды, Даўгірды, Гаштаўты, Кезгайлы, Радзівілы і іх адгалінаванне Судзімонты) мелі літоўскае паходжанне. На другой па значэнні пасадзе віленскага кашталяна з 1413 па 1511 г. пабывалі 10 прадстаўнікоў усё тых жа 5 родаў і яшчэ аднаго таксама літоўскага – князёў Гальшанскіх. Аналагічнаякарціна назіраецца і ў адносінах да пасадаў троцкага ваяводы і кашталяна (трэцяй і чацвертай у ерархіі). Ураўноўванне ў правах шляхты літоўскага і рускага паходжання адбылося толькі ў сярэдзіне XVI ст., калі ва ўмовах Рэфармацыі этнічнае паходжанне страціла рэальнае значэнне.

Такмі чынам, унія не проста распачала працэс фармавання самастойнага беларускага этнасу, але стала прычынай таго, што гэты працэс адбываўся ва ўмовах культурнай і часткова сацыяльнай дыскрымінацыі. Гэта істотна паўплывала на характар беларускай нацыянальнай свядомасці, у тым ліку на яе параўнальна слабую выражанасць. Тым не менш продкі беларусаў унеслі вялізны ўклад у фармаванне агульнадзяржаўнай культуры ВКЛ, што дазваляла ім нават пры ўмове нераўнапраўя рэлігій успрымаць дзяржаву як сваю.