Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Курс лекцый.doc
Скачиваний:
107
Добавлен:
29.02.2016
Размер:
848.9 Кб
Скачать

4. Агульная характарыстыка навуковага стылю

Навуковы стыль абслугоўвае навуковую дзейнасць грамадства і выкарыстоўваецца пераважна ў пісьмовай форме ў навуковай літаратуры – манаграфіях, артыкулах, дысертацыях, дакладах, рэфератах, анатацыях і інш.

Усе моўныя сродкі навуковага стылю накіраваны на тое, каб лагічна, дакладна і зразумела перадаць змест.

Прыкметы навуковага стылю – дакладнасць, абстрактнасць, лагічнасць і аб’ектыўнасць. Яны арганізуюць усе моўныя сродкі, якія фарміруюць навуковы стыль.

У межах навуковага стылю сфарміраваліся наступныя разнавіднасці (падстылі): 1) уласна навуковы; 2) вучэбна-навуковы; 3) навукова-інфарматыўны; 4) навукова-даведачны; 5) навукова-папулярны. Кожнаму падстылю ўласцівы свае жанры і індывідуальна-стылёвыя рысы.

Навуковы стыль мае адметныя лексічныя, марфалагічныя і сінтаксічныя асаблівасці.

Лексічныя асаблівасці навуковых тэкстаў

Аснову навуковага стылю, як і іншых стыляў, складаюць агульналітаратурныя, стылістычна нейтральныя словы, або міжстылёвыя (словы, якія аднолькава свабодна выкарыстоўваюцца ў любым тыпе выказвання). Гэта лексіка з’яўляецца ядром тэксту любога стылю і складае найбольшую групу.

Пэўную частку лексікі навуковых тэкстаў складаюць агульнанавуковыя словы, якія ўжываюцца ў навуковых працах самых розных галін ведаў: гіпотэза, праблема, працэс, тэорыя, сістэма, абгрунтаваць, абумовіць, з’яўляцца, характарызавацца і інш. Сярод гэтых слоў вялікая колькасць іншамоўных: асіміляцыя, індэкс, асацыяцыя, працэс, аргумент.

Самую спецыфічную групу лексікі навуковых тэкстаў складаюць тэрміны – словы, спалучэнні слоў, якія групуюцца ў тэрміналагічныя аб’яднанні паводле пэўнай галіны навукі, тэхнікі і г.д.

Кожная навука, яе адгалінаванне, тэхніка валодаюць сваімі тэрмінамі. Узнікненне і функцыянаванне тэрмінаў абумоўлена развіццём навукі, тэхнікі, мастацтва. Тэрміналогія пастаянна папаўняецца новымі адзінкамі.

У навуковых тэкстах выдзяляюць яшчэ адзін адметны пласт: скарачэнні, абрэвіятуры, сімвалічныя і формульныя абазначэнні.

Марфалагічныя асаблівасці навуковых тэкстаў

У тэкстах навуковага стылю выкарыстоўваюцца амаль усе часціны мовы, за выключэннем выклічнікаў.

У навуковых тэкстах менш ужывальныя дзеясловы. Пры гэтым большасць дзеясловаў-выказнікаў ужываецца ў форме 3-й асобы цяперашняга часу, бо абазначаюць не дынамічны стан у момант маўлення, а цяперашні час, пастаянны, надчасавы. Адсутнасць формаў 1-й і 2-й асобы звязана з непажаданай канкрэтызацыяй. Дзеясловы ў форме прошлага часу незакончанага трывання выкарыстоўваюцца для выражэння змены паслядоўнасці дзеяння, часавай паслядоўнасці.

Для навуковых тэкстаў характэрна ўжыванне аддзеяслоўных назоўнікаў на -анне (-янне), -энне (-енне), -ка, -цыя, -цце з абстрактным значэннем. Пры гэтым пераважае ніякі род гэтых назоўнікаў, бо ён найбольш адцягнена-абагулены па сваім граматычным значэнні: развіццё, пасяленне, аперацыя, фарміраванне, падрыхтоўка.

У навуковых тэкстах самымі частотнымі з’яўляюцца абстрактныя назоўнікі: маса, бег, цеплыня, форма, рэчыва, нарыхтоўка, ачыстка і інш.

Прыметнікі ў навуковым стылі ўжываюцца надзвычай шырока, але як сродак пераважна класіфікацыйны, маюць інформацыйны характар, уваходзяць у склад устойлівых тэрміналагічных спалучэнняў: валютныя аперацыі, падатковыя льготы, мятліца балотная, драўляная апока і г.д.

Пры дзеясловах-выказніках ўжываюцца займеннікі з адцягнена-абагульненым значэннем – ён, яна, яно, яны, мы. Займеннік я не выкарыстоўваецца ў навуковых тэкстах. Ён апускаецца або замяняецца займеннікам мы (“аўтарскае мы”, або “мы сціпласці”).

Дзеепрыметнік у беларускай мове, у параўнанні з рускай, ужываецца значна радзей ва ўсіх стылях мовы, што выклікана асаблівасцямі ўтварэння некаторых дзеепрыметнікаў. У беларускай мове лічацца ненарматыўнымі дзеепрыметнікі незалежнага стану цяперашняга часу з суфіксамі -уч- (-юч), -ач- (-яч-), прошлага часу з суфіксамі -ш-, -ўш-, залежнага стану цяперашняга часу з суфіксамі -ем-, -ім-, зваротныя дзеепрыметнікі. Аднак у навуковых тэкстах сустракаецца ўжыванне ненарматыўных дзеепрыметнікаў, што не адпавядае норме. Адзначаюцца ўтвораныя ад дзеепрыметнікаў на -уч- (-юч), -ач- (-яч-) прыметнікі: бягучы кошт, бягучы рахунак, вядучы прэзентацыі і г.д.

Спецыфікай навуковых тэкстаў з’яўляецца выкарыстанне адназоўнікавых прыназоўнікаў: у выпадку, у сувязі з, па меры, у выніку, у адпаведнасці з.