Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Бамбешка И.И. Музеи мира.doc
Скачиваний:
11
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
647.68 Кб
Скачать

Музеі францыі

Адразу ж пасля заканчэння другой сусветнай вайны ў 1945 г. урад Францыі прыняў спецыяльную пастанову, накіраваную на арганізацыю музейнай справы. Згодна з ёй нацыянальныя музеі аказаліся пад кіраваннем цэнтральнага ўрада, астатнія – у веданні муніцыпальных улад, розных фондаў, школ, грамадскіх арганізацый, прыватных асоб.

У 1959 г. указам прэзідэнта Ш. дэ Голя было створана першае ў Францыі Міністэрства культуры, а яго міністрам стаў А. Мальро — пісьменнік, філосаф, удзельнік Супраціўлення, аўтар многіх работ па мастацтву, у тым ліку "Уяўны музей" (1947 г.). Адна з яго галоўных ініцыятыў – стварэнне ў 1964 г. Нацыянальнага рэгістра помнікаў культуры (першыя падобныя работы ў Францыі былі распачаты пасля рэвалюцыйнага дэкрэта ад 13 жніўня 1793 г. аб стварэнні "генеральнага інвентара" рухомых помнікаў культуры). Пры ім таксама былі ўтвораны сталыя археалагічныя і рэстаўрацыйныя службы, служба кіравання нерухомымі помнікамі. Сусветнавядомая ініцыятыва Мальро – стварэнне сеткі дамоў моладзі і культуры, комплексных устаноў, якія выконвалі таксама і функцыю экспазіцыйных музейных залаў.

У падпарадкаванне Міністэрства культуры перайшло каля 800 музеяў ад Міністэрства адукацыі, перш за ўсё нацыянальныя мастацкія і гістарычныя. Музеі былі перададзены міністэрству разам з кіруючым органам – Дырэкцыяй музеяў Францыі, створанай яшчэ пры Першай рзспубліцы. 3 таго часу і да 1992 г. за арганізацыю музейнай справы ў Францыі адказвалі два міністэрствы – Міністэрства культуры і Міністэрства адукацыі (у 1992 г. французскі парламент прыняў рашэнне аб аб'яднанні гэтых міністэрстваў).

Дырэкцыя музеяў Францыі адказвае за нацыянальныя му-зеі і складаецца з аддзелаў: 1) абслугоўвання наведвальнікаў, адукацыі і культурных акцый; 2) фінансавых, юрыдычных і агульных пытанняў; 3) прафесій і персаналу; 4) архітэктуры, музеяграфіі і абсталявання; 5) калекцый; 6) генеральнай музейнай інспекцыі.

Апошнім часам, знаходзячыся пад кантролем Дырэкцыі, статус адміністрацыйнай і фінансавай аўтаноміі набылі Луўр, Цэнтр Пампіду, Цэнтр Ла-Віле.

Дырэкцыя не толькі кіруе нацыянальнымі музеямі, але і аказвае дапамогу музеям камун праз 22 рэгіянальныя саветы па пытаннях культуры. За кожным з рэгіёнаў замацаваны яе адказны супрацоўнік. Дырэкцыя забяспечвае камплектаванне кадрамі музеі, дапамагае Аб'яднанню нацыянальных музеяў, курыруе прафесійную падрыхтоўку ў Луўрскай школе.

Другі аддзел Міністэрства адукацыі і культуры – Дырэкцыя культурнай спадчыны, якая кіруе музеямі пад адкрытым небам, памятнымі месцамі, этнаграфічнымі музеямі і г. д.

Міністэрства захавала кіраўніцтва прыродазнаўчымі і навукова-тэхнічнымі музеямі (чатырох нацыянальных музеяў – Музея чалавека, Палаца дэ Кувертэ, Музея гісторыі прыродазнаўства і Нацыянальнага музея тэхнікі, а таксама шэрага навукова-тэхнічных музеяў – у Дзіжоне, Ліёне, Нансі і інш.) і каардынацыю навукова-даследчай дзейнасці ва ўсіх музеях.

У Францыі на сённяшні дзень, акрамя названых вышэй міністэрстваў, музеі падпарадкоўваюцца міністэрствам замежных спраў, універсітэтаў і навукі, юстыцыі, будаўніцтва, абароны, моладзі і спорту, генеральнаму сакратарыяту ўрада. Акрамя міністэрстваў пытаннямі музейнай справы ў Францыі займаюцца ніжэйпералічаныя грамадскія і прыватныя асацыяцыі.

• Аб'яднанне нацыянальных музеяў існуе з 1895 г. У яго абавязкі ўваходзіць набыццё гістарычных і мастацкіх помнікаў, арганізацыя выставак, друк і распаўсюджванне музейнай літаратуры. Фінансуецца часткова Міністэрствам культуры, часткова – з даходаў нацыянальных музеяў. Мае адміністрацыйны і мастацкі саветы.

• Генеральная асацыяцыя захавальнікаў публічных калекцый Францыі заснавана ў 1932 г., налічвае каля тысячы членаў. Яе дзейнасць скіравана на паляпшэнне працы музеяў і музейнай адміністрацыі.

• Нацыянальнае таварыства выяўленчага мастацтва заснавана ў 1890 г. фондам С. дэ Ротшыльда, займаецца арганізацыяй выставак.

• Нацыянальная асацыяцыя па ахове архітэктурных і гістарычных помнікаў была заснавана ў 1963 г. Асацыяцыя мясцовых таварыстваў існуе ў 85 гарадах і займаецца аховай і рэстаўрацыяй будынкаў, якія маюць гістарычную і мастацкую каштоўнасць.

• Прафесійны камітэт супрацоўнікаў мастацкіх галерэй.

• Саюз дэкаратыўнага мастацтва заснаваны ў 1882 г., аб'ядноўвае каля 3000 членаў.

• Таварыства сяброў Луўра заснавана ў 1897 г., налічвае каля 18,5 тыс. членаў.

• Таварыства сяброў Музея арміі.

• Таварыства сяброў Нацыянальнага музея сучаснага мастацтва дзейнічае пры Нацыянальным цэнтры мастацтваў імя Жоржа Пампіду.

• Таварыства аховы пейзажаў, памятных месц і помнікаў зас-навана ў 1901 г. і налічвае каля 7 тыс. членаў.

• Таварыства гісторыі французскага мастацтва заснавана ў 1870 г., аб'ядноўвае больш за 1 тыс. членаў.

• Французская федэрацыя таварыстваў сяброў музеяў.

• Французская асацыяцыя музеяў сельскай гаспадаркі.

• Цэнтр даследаванняў гістарычных помнікаў заснаваны ў 1942 г.

• Цэнтр сацыяльнай дакументацыі і інфармацыі заснаваны ў 1894 г. Мае публічную бібліятэку, якая налічвае 100 тыс. тамоў.

• Упраўленне музеямі марскога флоту, палаца Шаё, плошчы Мянял і плошчы 11 Лістапада заснавана ў 1827 г.

• Упраўленне па справах культуры, моладзі і спорту.

• Аб'яднанне музеяў г. Пуацье дзейнічае з 1820 г. і аб'ядноўвае чатыры музеі г. Пуацье.

• Сябры Міжнароднага музея гусар.

• Дырэкцыя музеяў Ніцы заснавана ў 1921 г., уключае 10 музеяў (прыгожых мастацтваў, археалогіі, Маціса, Шагала, галерэю сучаснага мастацтва і інш.).

Галоўным дасягненнем Міністэрства культуры ў першай палове 70-х гг. было стварэнне Нацыянальнага цэнтра мастацтваў у раёне Бабур пад непасрэдным кіраўніцтвам Ж. Пампіду (пасля смерці названа яго імем) і Нацыянальнага музея народных мастацтваў і традыцый (аўтар праекта Ж. А. Рыўер). У 1971 г. на Генеральнай канферэнцыі ІСОМ у Грэноблі ўпершыню пра-гучаў тэрмін "новая музеялогія". У 1979 г. у Парыжы было створана агенцтва па прыцягненню прыватных інвестыцый у культуру "АБМІСАЬ" (інвестары пачалі атрымліваць ільготы ў падаткаабкладанні). Годам пазней міністр культуры Францыі правёў першае рэгулярнае пасяджэнне міністраў культуры ЕС, якое было прысвечана музеям. У 1970-я гг. у краіне назіраўся хуткі рост правінцыяльных музеяў.

Рост фінансавання культуры ў 1980-я гг. у Францыі паспрыяў узнікненню шэрага новых і рэарганізацыі некаторых старых музеяў. У 1990 г. была заснавана нават новая спецыяльнасць "захавальнік спадчыны", якая аб’яднала супрацоўнікаў музеяў і архіваў, службаў аховы помнікаў, археолагаў. Плануецца далучыць да іх бібліятэкараў. Па гэтай спецыяльнасці адкрыта аспірантура.

Сёння ў краіне налічваецца 12 тыс. помнікаў, якія знаходзяц-ца пад аховай дзяржавы, і больш за 1,2 тыс. музеяў.

Буйнейшыя музеі краіны знаходзяцца ў Парыжы: Луўр, Цэнтр мастацтваў імя Ж. Пампіду, Вялікі і Малы палацы, Музей Пікасо, Музей Радэна, Музей д'Арсэ, Бірж, Тампль, Нацыянальны музей сярэдневякоўя (Тэрмы Клюні), Музей імпрэсіяністаў і Аранжэры ў саду Цюільры, Дом інвалідаў з саборамі і труной Напалеона, Музей гісторыі Парыжа "Карнавале", Музей віна, Музей дэкаратыўнага мастацтва. У палацы Шаё размясціліся Марскі музей, Музей чалавека і Музей французскіх помнікаў. Акрамя гэтага ў Парыжы знаходзяцца такія архітэктурныя шэдэўры, як Эйфелева башня, сабор Парыжскай божай маці, царква Сен-Шапэль, Трыўмфальная арка, Пале-Раяль, Елісейскі палац, Версальскі музейны комплекс, знакамітыя Марсава поле, Пантэон, Люксембурскі сад, Булонскі лес з цудоўным разарыем, Сарбона, царква Мадлен, плошча Згоды, Оперны тэатр і інш.

Нацыянальны музей сярэдневякоўя (Тэрмы Клюні). Музей яшчэ называюць "Музей тэрмаў і атэля Клюні". Тлумачыцца такая назва тым, што музей знаходзіцца ў атэлі Клюні – самым цудоўным помніку грамадзянскай архітэктуры сярэдневякоўя ў Парыжы, які прымыкае да руін рымскіх тэрмаў III ст. Атэль Клюні быў пабудаваны ў 1485 г. бургундскімі абатамі для прыезджых у Парыж братоў. Пасля Вялікай французскай рэвалюцыі атэль змяніў гаспадароў, пачаліся раскопкі ў тэрмах. У 1832 г. у атэлі размясціў сваю калекцыю сярэдневяковых старажытнасцей А. дэ Самерар. Пасля яго смерці атэль з калекцыяй набыла дзяржава і адкрыла яго разам з тэрмамі для наведвальнікаў у 1844 г. Першым захавальнікам калекцый стаў сын Самерара – Эдмон, які працаваў дырэктарам музея 41 год, памножыўшы фонды з 1400 да 10 тыс. прадметаў. Менавіта пры ім былі набыты ўсе тыя шэдэўры, якія складаюць зараз славу Клюні, у прыватнасці, Генуэзскі цыкл шпалераў (дывановых вышывак) "Гісторыя Давіда", "Дама з адзінарогам", залатыя скарбы Базельскага храма XI ст., залатыя кароны вестгоцкіх каралёў і інш. Калекцыі музея ператварыліся ў нацыянальны збор сярэдневяковага мастацтва і рамёстваў.

Зараз фонды музея налічваюць 22 тыс. прадметаў, якія ўключаны ў калекцыю архітэктурных упрыгожанняў, у т. л. 364 фрагменты з сабора Парыжскай Божай маці з партрэтамі каралёў і манархічнымі сімваламі, знойдзеныя у 1977 г. у адным з падвалаў парыжскіх дамоў, верагодна схаваных падчас рэвалюцыі; калекцьіі габеленаў-вышывак (у асноўным французскіх і бельгійскіх), мэблі, рэлікварыяў, упрыгожанняў, вырабаў з невысакародных металаў розных еўрапейскіх краін, эмаляў (ліможскія, візантыйскія, нямецкія), разьбы па слановай косці, шкла, керамікі. Ёсць залы, якія ўзнаўляюць інтэр'еры сярэдневяковага французскага жылля. 3 моманту заснавання і да 1907 г. музей падпарадкоўваўся Камісіі гістарычных помнікаў, потым увайшоў у Аб'яднанне нацыянальных музеяў.

Музей д'Арсэ адкрыты ў 1986 г. у будынку былога вакзала. Знакаміты парыжскі вакзал д'Арсэ знаходзіцца ў цэнтры Парыжа – насупраць Луўра і Цюільры. Ён быў пабудаваны архітэктарам В. Лалу да Сусветнай выстаўкі 1900 г. На думку многіх крытыкаў, вакзал стаў "лебядзінай песняй мадэрна". Вакзал д'Арсэ лічыўся апошнім дасягненнем тагачаснай тэхнікі, самым ультрасучасным з усіх – ён быў свайго рода апафеозам прамысловага веку. Высокі будынак меў вялікі неф з гадзіннікам, які свяціўся. Акрамя гэтага вакзал быў у вышэйшай ступені функцыянальным. Але ж з цягам часу ён перастаў паспяваць за паскораным рытмам жыцця і да канца 1960-х гг. стаў непатрэбным, а на яго месцы збіраліся пабудаваць міжнародны атэль. Але пад ціскам грамадскасці ў 1973 г. вакзал прызналі гістарычным помнікам, і яго купіла Міністэрства культуры Францыі. Было прынята рашэнне аб пераўтварэнні вакзала ў музей XIX ст., дзе меркавалася стварыць музей мастацтваў з навейшай экспазіцыйнай тэхналогіяй, але з мінімальнымі зменамі архітэктуры і структуры самога вакзала, яго інтэр'ераў і дэкору. Па распрацаванай праграме новы музей павінен быў стаць шматфункцыянальным, гэта значыць уключаць у свае экспазіцыі і дэманстраваць усё, што адлюстроўвае мінулую эпоху.

Рэарганізацыю будынка рабіла каманда лепшых сучасных французскіх архітэктараў і італьянскіх дызайнераў. У музеі экспануюцца прадметы мастацтва перыяду 1848-1914 гг. – аднаго з цікавейшых перыядаў французскага мастацтва. Храналагічна экспазіцыя падзяляецца на 2 часткі: 1848-1870 гг. і 1870-1914 гг. У ёй прадстаўлены жывапіс, скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, фота, графіка, плакат, кніжная ілюстрацыя. Ёсць залы, прысвечаныя гарадской архітэктуры і сусветным выстаўкам. Большасць гэтых прадметаў была перада-дзена іншымі музеямі.

Калекцыя жывапісу прадстаўлена палотнамі Давіда, Энгра, Дэлакруа, іншымі творамі ўсіх школ еўрапейскага жывапісу. Гордасць калекцыі – падборка імпрэсіяністаў, перададзеная з Галерэі "Жэ дэпом" – нацыянальнага сховішча работ імпрэсіяністаў. Зала Радэна лічыцца адной з самых прыгожых у Музеі д'Арсэ, дзякуючы гарманічнаму спалучэнню трох работ скульптара з архітэктурай самога вакзала.

Самым маштабным памяшканнем новага музея стаў вялікі неф, у якім выстаўлена калекцыя скульптуры. Над былымі чыгуначнымі рэйкамі зроблена падлога, якая сваімі тэрасамі якраз і прадаўжаецца ў нефе. Шкляны звод забяспечвае раўнамернае асвятленне залы і стварае аптымальны рэжым для захавання скульптур.

У глыбіні нефа знаходзяцца дзве вежы, у якіх экспануюцца творы "ар нува". 3 тэрасамі суседнічаюць залы для экспазіцыі твораў жывапісу і дэкаратыўна-прыкладного мастацтва. Ёсць зала, прысвечаная творчасці Г. Эйфеля (вежа, мост у Бардо, Панамскі канал, статуя Свабоды ў Нью-Йорку). Выдатная фотатэка, у якой прадстаўлены першыя крокі французскай фатаграфіі – работы Ш. Негрэ, X. дэ Молара, Ф. Надара.

Авальная зала першага паверха аддадзена творам акадэмічнай, натуралістычнай і сімвалічнай школ.

Багатая калекцыя імпрэсіяністаў і постімпрэсіяністаў знаёміць з пейзажамі і партрэтамі Э. Манэ, а таксама з палотнамі К. Манэ, Рэнуара, Гагена, Сіслея, Сезана, Ван Гога, Пісаро. Шматлікія выстаўкі, якія арганізуе і праводзіць музей, так ці інакш звязаны з імпрэсіяністамі.

У музеі незвычайна і вельмі арыгінальна экспануюцца архітэктурныя макеты. Гранд-Опера, напрыклад, знаходзіцца пад нагамі ў наведвальнікаў – пад моцным слоем шкла. Макеты буйнейшых пабудоў мінулых гадоў убудаваны ў вялікую калону – адзін над другім.

Д'Арсэ вызначаецца ўдалым спалучэннем натуральнага і штучнага асвятлення, зручнасцю агляду экспазіцыі для наведвальнікаў. Ва ўсіх залах усталявана сістэма, якая рассейвае светлавыя патокі, паглынае шкодныя для карцін ультрафіялетавыя промні. У музеі сярод іншых тэхнічных навінак прымяняецца камп’ютэрная сістэма кіравання кліматычным рэжымам і арганізаваны высокі ўзровень бяспекі. У канцэртнай зале праходзяць кінафестывалі, музычныя вечарыны. Працуе музейная крама і рэстаран.

Штогод музей наведвае каля 3 млн чалавек.

Нацыянальны цэнтр мастацтваў імя Жоржа Пампіду (Цэнтр Пампіду) – шматфункцыянальны культурны комплекс, які вызначыў новы этап у развіцці музейнай архітэктуры (яго яшчэ называюць Цэнтр Бабур ад назвы бліжэйшай вуліцы і пусткі, дзе ўзведзены будынак). Тут размясціўся галоўны парыжскі музей сучаснага мастацтва, рэгулярна праводзяцца выстаўкі. Багатая публічная бібліятэка налічвае больш за мільён тамоў. Агульная плошча экспазіцыйных залаў дасягае 17,2 тыс. кв. метраў. Вялікі збор кніг па ўсіх галінах ведаў, дыяпазітываў, аўдыё- і відэакасет, магнітафонных плёнак з запісамі музычных твораў даступны любому наведвальніку. На ніжніх паверхах цэнтра працуюць ультрасучасныя акустычныя лабараторыі Інстытута даследавання і каардынацыі акустыкі і музыкі. Ёсць таксама кінатэатр і канцэртная зала, дзе праходзяць сустрэчы з пісьменнікамі, паэтамі, артыстамі.

У Цэнтры Пампіду маецца Дзіцячая студыя і Цэнтр прамысловай творчасці, які займаецца пытаннямі архітэктуры і будаўніцтва, прамысловага дызайну, сацыяльнага абслугоўвання.

Будаваўся цэнтр у 1970-я гг. у Парыжы па праекту замежных інжынераў – італьянца Р. Піана і англічаніна Р. Роджэрса. Комплекс раскрыў свае дзверы ў 1977 г. і адразу ж выклікаў цікаўнасць шматлікіх наведвальнікаў.

Экстравагантная канструкцыя Цэнтра знешне нагадвае вельмі вялікую фабрыку або нафтаперапрацоўчы завод. Сталь, шкло, складанае перапляценне чырвона-сініх труб, кабеляў, лесвічных пляцовак, празрыстыя галерэі эскалатараў і пераходаў, дзівосных металічных дзвярэй, вынесеных вонкі. На тратуары каля галоўнага фасада гэтай празрыстай канструкцыі размясціліся тоўстыя вентыляцыйныя трубы, вельмі падобныя на тыя, што можна ўбачыць на палубе судна. Будынак унутры не мае прамежкавых апор і стацыянарных сцен.

На подступах да комплексу створана шырокая пешаходная зона, якая прываблівае вандроўных музыкантаў, артыстаў, танцораў, фокуснікаў.

Нацыянальны музей сучаснага мастацтва размясціўся на чацвёртым і пятым паверхах Цэнтра Пампіду, дзе экспануюцца калекцыі жывапісу, скульптуры, гравюры і малюнкаў XX ст. Збор музея налічвае каля 8 тыс. адзінак, пастаянна папаўняецца і лічыцца самым вялікім у Еўропе. Упершыню рашэнне аб яго стварэнні прынята ў 1818 г. Нават было выдзелена месца – Люксембургскі палац. Доўга абмяркоўвалася пытанне, каго лічыць сучасным мастаком (спачатку 10 або 50 год пасля смерці, потым 100 год з дня нараджэння), урэшце ў 1888 г. з’явілася першая экспазіцыя французскіх мастакоў (замежныя, якія жылі ў Францыі ў 1922 г., таксама атрымалі права на экспанаванне, сярод іх Пікасо, Шагал). У 1947 г. адбылося аб'яднанне дзвюх экспазіцый у адну з набыццём статуса Нацыянальнага музея. Урэшце музей быў пераведзены ў Цэнтр Пампіду хутка пасля адкрыцця апошняга. У другой палове XX ст. калекцыю музея дапамагаў камплектаваць уплывовы ўрадавы Фонд сучаснага мастацтва.

Экспанаты, якія выстаўлены ў залах чацвёртага паверха, характарызуюць стан заходнееўрапейскага, і перш за ўсё, французскага жывапісу ў пачатку XX ст. Тут прадстаўлены творы фавістаў А. Маціса, А. Марке, Р. Дзюфі, А. Дэрэна. Значнае месца ў экспазіцыі адведзена кубістам і іх паслядоўнікам. Экспануюцца творы Ж. Брака – заснавальніка кубізму, П. Пікасо, які падараваў музею дзесяць палотнаў. Арфізм прадстаўляе Р. Дэланэ. Некалькі залаў прысвечаны італьянскаму футурызму, "рускаму авагарду", дзе экспануюцца палотны М. Шагала, К. Малевіча. Музей валодае вялікім зборам работ В. Кандзінскага.

На пятым паверсе прадстаўлены творы мастацтва ад 1920-х да 1970-х гг. Тут выстаўлены скульптурныя творы А. Маёля і Бранкусі, карціны П. Мандрыяна. Маецца вялікая падборка сюррэалістаў, сярод якіх – X. Міро, С. Далі.

Амерыканскі абстрактны жывапіс прадстаўлены творамі Ліхтэнштэйна, Д. Джона, Э. Уорхала, Раўшэнберга.

У музеі ёсць залы канцэптуальнага і асяроддзевага мастацтва, дзе ўжываюцца лазеры і галаграмы. Серыі фотаздымкаў распавядаюць аб мастацкіх хэпенінгах.

Ваенны музей ў Доме інвалідаў, які заснаваны яшчэ Людовікам XIV, размясціўся ў Парыжы на левым беразе Сены, насупраць маста Аляксандра ІІІ. Дом займае вялікую плошчу памерам 127 кв. м. У яго склад уваходзіць царква святога Луі. Перад галоўным фасадам Дома інвалідаў знаходзіцца вялікая плошча Эспланады, якая працягнулася да набярэжнай р. Сены. На плошчы разбіты сквер, акружаны дэкаратыўным ровам і валам, на якім устаноўлена Ганаровая батарэя з замежных гармат, узятых пад час войнаў, у тым ліку і дзве рускія гарматы з Севастопаля.

Дом інвалідаў быў заснаваны для догляду за старымі пакалечанымі салдатамі і разлічаны на 10 тыс. чалавек. Падчас напалеонаўскіх войнаў у Доме знаходзілася каля 7 тыс. чалавек, пазней іх колькасць зменшыўся. Сюды пачалі сяліць пенсіянераў, потым спыніўся і прыём пенсіянераў, бо ўзамен апекі ім пачалі выдаваць пажыццёвыя пенсіі. У Доме размясцілася канцылярыя ваеннага губернатара і багацейшы Ваенны музей.

Прайшоўшы манументальныя вароты, наведвалік трапляе спачатку ў вялікі Парадны двор, які з чатырох бакоў акружаны двухяруснай галерэяй. Сцены распісаны карцінамі, услаўляючымі подзвігі французскіх войскаў. У цэнтральнай нішы Параднага двара ўстаноўлена бронзавая статуя Напалеона.

3 галерэі наведвальнікі трапляюць у Ваенны музей і ў царкву святога Луі.

Экспазіцыя Ваеннага музея падзяляецца на два раздзелы – зброевы і гістарычны. У залах першага выстаўлена непрыяцельская зброя, рыцарскія даспехі, калекцыя французскіх сцягоў, пачынаючы з эпохі Карла Вялікага. У зале Клебера экспануецца ўзбраенне ўсходніх краін – Кітая, Японіі, Персіі, Індыі, Марока, Каўказа.

Столь гістарычнага музея зацягнута шатром кітайскай імператрыцы. У вітрынах залы Цюрэна выстаўлены прадметы абмундзіравання герояў напалеонаўскіх войнаў. Тут знаходзіцца і партрэт Цюрэна. Менавіта ў гэтай зале экспануюцца асабістыя рэчы Напалеона: паходная шапка, шэры сурдут і мундзір, у якім ён быў падчас бітвы пры Марэнга. Другія рэчы імператара знаходзяцца ў дзвюх спецыяльных залах.

У першай зале Напалеона экспануецца яго паходнае крэсла, ложак, складная табурэтка, сядло і іншыя рэчы. У адной з вітрын – сумка і паходная шкатулка, а ў ёй ляжыць куля, якой ён быў паранены ў Іспаніі – адзіны раз у жыцці.

Другая зала Напалеона пачынаецца з партрэтаў сваякоў імператара. Тут жа яго паходны туалетны прыбор у футляры, а таксама сцяг з вострава Эльба. Асобную экспазіцыю складаюць сувеніры з вострава Святой Алены. У вітрыне пасярод залы выстаўлена пасмяротная маска Напалеона і злепак яго рукі.

3 царквы, праз шкло перагародкі за алтаром, бачна галоўная славутасць усяго комплексу Палаца інвалідаў – магіла Напалеона. Гэта круглы (11 метраў у папярочніку) і глыбокі (6 метраў) адкрыты склеп, пасярэдзіне якога высока ўздымаецца саркафаг з целам Напалеона, узведзены ў 1853 г. Саркафаг зроблены з чырвонага фінскага граніту, гэта падарунак рускага цара Мікалая I. Масіўнае века саркафага падымаецца толькі ў выключных выпадках, і тады праз шкло можна ўбачыць пацямнелы пры бальзаміраванні твар Напалеона.

Гроб імператара акружаюць 12 крылатых геніяў, паміж якімі пастаўлены шчыты з трафеямі Аўстэрліцкай бітвы. Тут жа захоўваецца капялюш Напалеона з-пад Эйлаў, яго шпага і стужка Ордэна ганаровага легіёна.

Музей імпрэсіянізму ў Парыжы быў адкрыты ў 1947 г. Гісторыя яго стварэння пачынаецца з вясны 1874 г. Малавядомыя тады мастакі, чые карціны адвяргаліся афіцыйным мастацкім Салонам, арганізавалі ў цэнтры Парыжа асабістую выстаўку. Яны шукалі свой напрамак у мастацтве. За плячыма ў іх былі доўгія гады ўпартай працы і барацьбы, гады страт і нягод. Яны нават не мелі грошай, каб арэндаваць памяшканне для сваёй выстаўкі. Фатограф Ф. Надар прадаставіў ім для экспазіцыі сваю майстэрню. Зараз іх імёны ведае ўвесь свет: К. Манэ, А. Рэнуар, К. Пісаро, Э. Дэга, А. Сіслей, П. Сезан, Б. Марызо – тыя, каго мы называем імпрэсіяністамі.

Музей імпрэсіянізму размясціўся ў сціплым двухпавярховым будынку ў самым цэнтры Парыжа. Будынак быў пабудаваны ў перыяд Другой імперыі для гульні ў мяч (ён так і называўся – "Зала для гульні ў мяч"). У 1789 г. тут сабраліся дэпутаты Генеральных штатаў, каб аб'явіць сябе Нацыянальным сходам і даць клятву не разыходзіцца да таго часу, пакуль не выпрацуюць Канстытуцыю. У канцы XIX ст. будынак пачалі выкарыстоўваць для часовых выставак. У гады другой сусветнай вайны тут знаходзілася кантора нацыстаў, у якую з усіх раёнаў акупіраванай Францыі паступалі захопленыя немцамі мастацкія творы. Пасля вайны ў памяшканнях будынка размясцілася служба па вяртанню ўкрадзеных каштоўнасцей.

У экспазіцыі музея на першым паверсе будынка размясцілася калекцыя твораў Э. Манэ, сярод якіх дзве знакамітыя працы – "Сняданак на траве" і "Алімпія". Менавіта яны выклікалі калісьці абурэнне парыжскіх мяшчан і абывацеляў. Тут жа знаходзяцца палотны "жывапісца радасці" А. Рэнуара.

На другім паверсе музея выстаўлены палотны К. Манэ, К. Пісаро, П. Сезана, В. Ван Гога, П. Гагена і працяг экспазіцыі Рэнуара. Адным з шэдэўраў з'яўляецца карціна К. Манэ "Уражанне", якая дала назву ўсяму накірунку імпрэсіянізму (ад франц. "ipression" – уражанне).

Музей Радэна размешчаны ў былым атэлі Бірона, у будынку, які пабудаваны ў пачатку XVIII ст. Гэта сапраўдны палац з цудоўным паркам ў цэнтры Парыжа. 3 1907 г. А. Радэн займаў частку гэтага будынка. У той час яго суседзямі былі Маціс, А. Дункан, паэт Рыльке. 3 1911 г. ён адзін займаў гэты атэль. У 1916 г. урад купіў гэты асабняк і зацвердзіў праект пераўтварэння яго ў музей Радэна. Мастак завяшчаў дзяржаве ўсе свае творы і багацейшыя калекцыі бюстаў, статуй, фігурак, якія ён збіраў на працягу ўсяго жыцця. Акрамя таго ў экспазіцыі музея знаходзіцца вялікая колькасць эскізаў – малюнкаў, накідаў у гіпсе і мармуры, мноства варыянтаў работ.

У двары музея стаяць "Вароты пекла" (1880-1917), якія мастак рабіў больш за 30 гадоў і для якіх стварыў 176 фігур і кампазіцый. Гэта скульптура, навеяная "Боскай камедыяй" Дантэ, з'явілася для Радэна крыніцай новых сюжэтаў: "Мысліцель" – самая вядомая скульптура ў свеце, "Тры цені", "Адам", "Ева", "Паола і Франчэска".

Непадалёку ад "Варот пекла", на пясчанай пляцоўцы, стаяць "Грамадзяне горада Кале" – адзін з лепшых твораў Радэна. Скульптура перадае вялікасць і сілу чалавечага духу. Шэсць ганаровых жыхароў горада Кале ідуць на смерць дзеля выратавання сваіх суграмадзян.

Магутнасць Радэна-скульптара праяўляецца не толькі ў яго манументальных работах, але і ў партрэтных бюстах яго знакамітых сучаснікаў: Віктора Гюго, Бернарда Шоў, Клемансо і многіх іншых. Яго шырокавядомыя "Пацалунак", "Думка", "Рука Бога" і проста рукі, мноства рук – рукі як фрагменты і як самастойныя скульптуры, жаночыя торсы – усё гэта можна ўбачыць у залах двухпавярховага палаца-музея ў бронзе, у мармуры, у гіпсе, у малюнках.

Музей навукі і тэхнікі. На паўночным усходзе Парыжа ў Горадзе навукі і тэхнікі Ла Вілет 14 сакавіка 1986 г. быў адкрыты музей Эксплора – востраў навукі і тэхнікі. Ён займае плошчу 30 тыс. кв. м, на якой паслядоўна ўведзены ў дзеянне чатыры тэматычныя раздзелы сталай экспазіцыі: ад Зямлі да Сусвету (прадстаўлены веды аб фізічным макраскапічным свеце, які непасрэдна ўспрымаецца, – Сусвет, Зямля, Сусветны акіян); свет жывых істот (раскрываецца тэма жыцця); матэрыя і праца чалавека (веды ўнутранай структуры матэрыі суадносяцца з дзейнасцю чалавека, якая дазваляе выкарыстоўваць матэрыяльныя, энергетычныя і інфармацыйныя рэсурсы); мовы і каму-нікацыі.

Эксплора – адна з лепшых існуючых дзе-небудзь навукова-тэхнічных экспазіцый, якая адпавядае не толькі нацыянальным патрабаванням, але і задачам палітыкі ажыццяўлення буйных праектаў. Гэта своеасаблівае выражэнне сучаснага музеелагічнага падыходу. Яе вывучэнне дазваляе асэнсаваць актуальныя праблемы пераўтварэння навукова-тэхнічнай мовы ў мову экспазіцыі.

Экспазіцыя, часовыя выстаўкі музея знаёмяць наведвальнікаў не толькі з навукова-тэхнічнымі дасягненнямі, але і з сацыяльна-эканамічнымі вынікамі навукова-тэхнічнага прагрэсу.

Тэматычная арганізацыя прасторы, метады экспазіцыйнага паказу, заснаваныя на актыўным удзеле наведвальнікаў, дазваляюць зрабіць складаную інфармацыю даступнай для ўспрымання. Наведвальнік можа самастойна прывесці ў дзеянне "гласарыі", які даюць тлумачэнні паняццяў і слоў, звязаных з прадметамі экспазіцыі.

У некалькіх залах вялікай медыатэкі, якая займае плошчу ў 12 тыс. кв. м, усе жадаючыя могуць атрымаць з дапамогай сучасных установак непасрэдны доступ да вялікага аб'ёму навуковай і тэхнічнай інфармацыі на папяровых і электронных носьбітах.

Экспазіцыі музея дапаўняюць шматлікія лекцыйныя і канферэнц-залы.

У іншых гарадах Францыі прывабліваюць наведвальнікаў Музей сучаснага мастацтва, Музей Дзюфі, Маціса, Марка Шагала, Музей мастацтва і гісторыі ў Ніцы, а таксама Музей кулінарнага мастацтва каля Ніцы, які знаходзіцца ў доме аднаго з найбольш вядомых французскіх кулінараў А. Эскаф’е, у музеі ёсць Пантэон – зала славы кулінараў розных нацыянальнасцей, дзе французы займаюць, безумоўна, першае месца; у горадзе Біарыц на беразе Біскайскага заліва размясціліся "Віла Яўгенія", музеі мора, мініяцюрных аўтамабіляў, шакаладу; Нім-Гарон славіцца шматлікімі помнікамі рымскай эпохі (цыркі, віадукі і вілы); Палац фестываляў і Алея Зорак, Чырвоная лесвіца і крэпасць-музей XII ст. на ўзгорку Сюкэ ў Канах.

МУЗЕІ ГРЭЦЫІ

Цэнтрам каардынацыі музейнай дзейнасці ў Грэцыі з'яўляецца Міністэрства культуры і адукацыі. Яму падпарадкоўваюцца каля 100 археалагічных, 27 візантыйскай цывілізацыі, 50 этнаграфічных, 50 мастацкіх і 60 гістарычных, прыродазнаўчых, тэатральных, навукова-тэхнічных і іншых музеяў. Ваенна-гістарычныя музеі падпарадкоўваюцца ваеннаму міністэрству. Меншая частка музеяў Грэцыі мае статус прыватных і грамадскіх устаноў.

У Міністэрстве культуры і адукацыі за ахову помнікаў адказваюць два ўпраўленні: першае – за першабытныя і антычныя помнікі, другое – за візантыйскія і новагрэчаскія помнікі. У кожным з гэтых упраўленняў есць музейны аддзел.

Нацыянальныя музеі знаходзяцца ў непасрэдным падпарадкаванні Міністэрству культуры і адукацыі (іх 7 – археалагічны, візантыйскі, эпіграфікі, нумізматыкі, народнага мастацтва (усе ў Афінах), а таксама археалагічны і візантыйскі ў Салоніках.

Арганізацыяй археалагічных раскопак, аховай помнікаў і музейнай справай на месцах займаюцца рэгіянальныя эфараты (дырэкцыі).

Звыш 260 музеяў размяшчаюць экспазіцыі пад адкрытым небам, на месцы руін храмаў, цыркаў, іншых грамадскіх пабудоў і маюць пераважна археалагічны характар. Знакамітыя сваімі калекцыямі археалагічныя музеі гарадоў Крыта: Ханья, Рэцімна, Іракліо, Арханэс, Іерапетра, Агіес Ніколаос.

У краіне дзейнічае Археалагічны фонд, які займаецца размеркаваннем грошай, атрыманых ад уваходнай платы ў музеі ад турыстаў (для грэкаў уваход у музеі бясплатны).

Акрамя Нацыянальнага камітэта ІСОМ дзейнічаюць дзве прафесійныя музейныя асацыяцыі (музейных куратараў і рэгістратараў).

Напэўна, няма другога горада на свеце, які б меў славу і вядомасць Афінаў. Адсутнасць дакладных гістарычных звестак пра яго старажытную гісторыю запаўняецца грэчаскай міфалогіяй.

Згодна з легендамі, галоўным апекуном горада была багіня Афіна.

У Афінах знаходзіцца 33 музеі і аб'екты паказу археалагічных каштоўнасцей сусветнага ўзроўню, сярод якіх – знакаміты Акропаль.

Гарады антычнага свету звычайна будаваліся каля высокай скалы, на ей жа ўзводзілі цытадэль, каб жыхарам можна было схавацца ад ворагаў. Такая цытадэль называлася акропалем. Вось на такой скале ў 150 м над Афінамі паступова сфарміраваўся верхні горад у выглядзе крэпасці – Акропаля з рознымі абарончымі, грамадскімі і культавымі пабудовамі.

Старажытныя паданні сцвярджаюць, што Акропаль быў крэпасцю яшчэ ў далекія дагамераўскія часы (каля XVI ст. да н. э.). Падчас грэка-персідскіх войнаў (480–479 гг. да н. э.) быў разбураны царскі палац у Акроналі. Захаваліся рэшткі яго сцен і калон. Побач з гэтым палацам знаходзіцца магіла Кекропа I – першага цара Атыкі.

Акропаль быў падзелены на святыя надзелы, на якіх знаходзіліся храмы, свяцілішчы і ахвярнікі, прысвечаныя розным багам. Некалькі разоў Акропаль разбураўся, на фундаментах старых пабудоў узводзіліся новыя. Асноўная забудова Акропаля праводзілася ў V ст. да н. э. – у гэты час з'явіліся Парфенон, Прапілеі, Эрэхтэён, палац Нікі Бяскрылай. Чатыры вялікія тварэнні і зараз стаяць на гэтым узгорку са скалістымі схіламі.

Многія ўнікальныя творы, якія ўпрыгожвалі Акропаль, былі выкрадзены і вывезены за мяжу. Самай значнай стратай лічыцца вываз скарбаў з Акропаля ў Англію ў пачатку XIX ст. лордам Элджынам, англійскім паслом у Канстанцінопалі, якія зараз захоўваюцца ў Брытанскім музеі.

Калі ў 1833 г. туркі сышлі з Акропаля (у той час ён яшчэ працягваў выконваць абарончыя функцыі), афінскія ўлады распачалі ачыстку помніка ад турэцкіх жыллёвых забудоў. Падчас гэтых работ было зроблена шмат знаходак – ваз, бронзавай дробнай пластыкі, фрагментаў скульптур, частка якіх трапіла ў першы агульнадаступны музей вызваленай Грэцыі – на востраве Эгіна (у 1837 г. сталіца Грэцыі), частка — пакінута на месцы з мэтай экспанавання ў Прапілеях і паўднёвай частцы Акропаля (аглядалі нешматлікія турысты і навукоўцы). Адначасова праводзілася рэстаўрацыя другога важнага помніка Акропаля – храма Афіны (1835–1836), які выкарыстоўваўся туркамі як бастыён.

Ужо ў 1844 г. археолаг К. Пітакіс, адказны за рэканструкцыю Акропаля, звяртаўся да ўрада з прапановай зрабіць музей ва ўсходняй частцы помніка. Але гэта ідэя на практыцы пачала ажыццяўляцца толькі ў 1863 г., калі знайшоўся чалавек, які згадзіўся фінансаваць праект – Д. Вернардакіс, імем якога і быў названы Акропальскі музей. Музей быў спраектаваны П. Калкасам і пабудаваны ў 1865–1874 гг. Пасля заканчэння будаўнічых работ у 1874 г. у Акропальскім музеі размясцілі экспазіцыю – у асноўным скульптуру і вазапіс архаічнага і класічнага перыядаў. Там былі не толькі сапраўдныя прадметы, але і копіі рэльефаў Парфенона, дасланыя з Брытанскага музея.

Далейшаму развіццю музея перашкодзіла другая сусветная вайна, падчас якой будынак музея быў пашкоджаны, а экспанаты захаваліся дзякуючы таму, што знаходзіліся ў сховішчы. У 1947 г. экспазіцыя чатырох залаў была адноўлена. У 1950-я гг. пашыраная па плошчы экспазіцыя музея была рэарганізавана археолагам I. Меліадэсам.

Будынак музея невялікі, прамавугольнай формы, невысокі, зроблены з таго ж каменю, што і старажытныя акропальскія помнікі (не выбіваецца з агульнага гісторыка-архітэктурнага ландшафту).

Сёння Акропальскі музей, адзін з самых знакамітых у свеце, ўключае не толькі музей, пабудаваны ў 1874 г., але і ўвесь архітэктурны комплекс, уяўляючы сабой музей пад адкрытым небам.

Экспануюцца наступныя калекцыі: скульптура архаічнага перыяду (700–500 г. да н. э.); франтоны храмаў, якія датуюцца архаічным перыядам; скульптуры "жорсткага стылю"; франтон і метопы з Парфенона; парфенонскі фрыз; эрэхтэёнскі фрыз; парапет храма Афіны Нікі; фрыз Афіны Нікі; карэатыды; керамічныя фігуры і вазы са свяцілішчаў.

У калекцыі музея знаходзяцца наступныя шэдэўры: скульптуры – "Геракл змагаецца з Трытонам", "Апафеоз Геракла", статуя Афіны са старога храма (6 ст. да н. э.), статуі Пасейдона, Апалона, Артэміды, Афрадыты з Парфенона (эпоха Перыкла) – тое, што не здолеў забраць лорд Элджын; карыятыды Эрэхтэёна, статуі з храма Афіны, у т. л. "Крыцкі хлопчык" (480 г. да н. э,), унікальныя фрагменты жывапісу на тэракоце, у т. л. "Бягучы гапліт" (архаіка). Ёсць некалькі скульптур эпохі элінізму: бюст Аляксандра Македонскага, "Смуткуючая Афіна" і інш.

Загадвае музеем дырэктар (эфор) і невялікі штат навуковых супрацоўнікаў. Музей падпарадкоўваецца Генеральнай інспекцыі старажытнасцей і рэстаўрацыі Міністэрства культуры і навукі Грэцыі. Выдае каталогі і пуцевадзіцелі.

Нацыянальны археалагічны музей у Афінах – галоўны археалагічны музей у Грэцыі і адзін з самых багатых у свеце па калекцыі старажытнагрэчаскіх помнікаў мастацтва. Яго калекцыі прадстаўляюць усе культуры, якія існавалі на тэрыторыі Грэцыі. У 1829 г., яшчэ да эвакуацыі туркаў з Афін, часовы ўрад Грэцыі прыняў рашэнне аб адкрыцці першага нацыянальнага музея на востраве Эгіна. 3 гэтага часу пачаўся збор скульптур, ваз, надпісаў і іншых старажытнасцей па ўсёй краіне. Пасля пераносу сталіцы Грэцыі ў Афіны ў 1834 г. калекцыі будучага Нацыянальнага музея перавезлі ў храм Гефеста і Афіны (у паўночна-заходнім напрамку ад Акропаля). Адначасова ў горадзе фарміравалася яшчэ некалькі калекцый, буйнейшая з якіх належала Афінскаму археалагічнаму таварыству. Планавалася аб'яднаць у Нацыянальным музеі ўсе афінскія калекцыі. Тады ж паўстала пытанне аб будынку для музея, бо храм Гефеста і Афіны быў цеснаваты для сабраных экспанатаў. Новы музейны палац будавалі ў 1866–1889 гг. пры фінансавай падтрымцы Дземетрыаса і Нікалаоса Вернардакісаў, а таксама археалагічнага таварыства і ўрада краіны. У гэты ж перыяд прыбудоўвалася заходняе крыло ў 1874 г., паўночнае – у 1881 г., паўднёвае – у 1885 г. і ўсходняе – у 1889 г. План будынка быў распрацаваны архітэктарам Л. Ланджам. У пазнейшы час некаторыя змены ў архітэктурны комплекс уносіліся іншымі архітэктарамі (так, у 1932–1939 гг. быў прыбудаваны двухпавярховы будынак). Пасля другой сусветнай вайны экспазіцыйныя плошчы былі яшчэ пашыраны.

Сёння музейны фонд уключае пяць калекцый: дагістарычных прадметаў; скульптуры; керамічных вырабаў і мініяцюрнага мастацтва; бронзы; егіпецкага мастацтва.

Калі спачатку канцэпцыя камплектавання Нацыянальнага музея ўключала старажытныя помнікі ўсёй Грэцыі, то сёння – толькі Афінаў, што тлумачыцца павелічэннем колькасці лакальных музеяў, прывязаных да месц археалагічных раскопак.

Ядром аддзела першабытнага грамадства з'явіліся знаходкі эпохі позняга бронзавага веку ў Мікенах, зробленыя Г. Шліманам у 1876 г. Сярод разнастайных прадметаў (і па функцыі і па матэрыялу) выдзяляюцца залатая пасмяротная маска, якая быццам бы належала Агамемнану, бронзавыя кінжалы, кубак Нестара, асадны рытон (выявы воінаў, абараняючых крэпасць), дыядэмы, фібулы, фрагменты фрэсак Эпохі неаліту (6500-3000 гг. да н. э.), ранняга і сярэдняга бронзавага веку (3000-1600 гг. да н. э.) таксама добра прадстаўлены ў гэтым аддзеле, перш за ўсё прадметамі штодзённага ўжытку з сярэдняй Грэцыі, кікладскіх астравоў і іншых месц.

Калекцыі скульптуры, ваз і бронзы храналагічна ахопліваюць перыяд ад архаікі да элінізму. Там захоўваюцца рэдкія шэдэўры: скульптура Зеўса з мыса Артэміс (480–450 гг. да н. э.), галава саціра з Алімпіі, скульптурны партрэт Мітрыдата, кападакійскага цара Арыартэса, шматлікія надмагільныя помнікі ў выглядзе стэл. Прадметы калекцыі бронзы ў асноўным паходзяць з трох храмаў: Афіны ў Акропалі, Зеўса ў Дадоні і Зеўса ў Алімпіі (статуэткі, посуд, фібулы, зброя, люстэркі, ювелірныя вырабы).

Калекцыя ваз размешчана ў васьмі залах і дэманструе эвалюцыю вытворчасці грэчаскіх ваз з X ст. да н. э. (т. зв. геаметрычны стыль) да IV ст. да н. э. Лепш за іншыя прадстаўлены чорнафігурны вазапіс (VI ст. да н. э.), такія майстры як Лідос, Экзекіяс, Амасіс, горш – чырвонафігурны вазапіс (вырабы звычайна вывозіліся з Афінаў у V ст. да н. э). Класічны перыяд прадстаўлены майстрамі не толькі з Афінаў, але і з Беотыі, Карынфа, Танагры.

У асобнай зале дэманструюцца вынікі апошніх раскопак позняга бронзавага веку ў Акратэры. Сярод шэдэўраў – фрэскавы жывапіс у мінойскім стылі.

Музей арганізуе і праводзіць часовыя выстаўкі за мяжой. Значная ўвага надаецца рэалізацыі розных адукацыйных праграм для навучэнцаў пачатковых школ, правядзенню лекцый на археалагічныя тэмы. Музей займаецца гандлем сувенірнай прадукцыяй.

У будынку Нацыянальнага музея знаходзяцца яшчэ два музеі, якія падпарадкоўваюцца міністэрству культуры – эпіграфікі і нумізматыкі.

3 1933 г. дзейнічае таварыства сяброў Нацыянальнага музея.

Эпіграфічны музей у Афінах быў заснаваны ў 1885 г. Першапачаткова размяшчаўся на ніжнім паверсе Нацыянальнага археалагічнага музея. У 1953-1960 гг. па праекту П. Каранцінаса быў абноўлены і пашыраны на шэсць новых залаў. Сёння музей уключае калекцыю антычных манускрыптаў, а таксама калекцыю надпісаў з іншых абласцей Грэцыі.

У экспазіцыі музея знаходзяцца унікальныя прадметы, сярод якіх Дэкрэт афінскага народнага сходу (480 г. да н. э.), Свяшчэнны закон аб храмашанаванні ў Акропалі (485 г. да н. э.), пліта з надпісам, прысвечаным багіні Афіне (566 г. да н. э.), фрагмент вапняку з графіці, знойдзены ў Акропалі (8 ст. да н. э.) і іншыя.

Нельга абысці ўвагай яшчэ адзін афінскі музей, дзе захоўваюцца антычныя старажытнасці – Музей Бенакі. А. Бенакі, уладальнік гандлёвай фірмы і калекцыянер, у 1927 г. вырашыў стварыць публічны музей на аснове сваёй калекцыі, якую на працягу многіх гадоў збіраў у Грэцыі, на Блізкім Усходзе і ў Еўропе. Ён пераабсталяваў 24 пакоі аднаго са сваіх афінскіх маёнткаў пад экспазіцыйныя залы і ў 1931 г. музей быў зарэгістраваны як недзяржаўная ўстанова. Да 1942 г. музей утрымліваўся цалкам за кошт уладальніка, цяпер – урадам. Першапачаткова ў залах экспанавалася зброя і творы мастацтва. Пазней, дзякуючы прыватным ахвяраванням, у экспазіцыі адлюстраваны розныя бакі матэрыяльнага жыцця грэчаскай цывілізацыі.

Зараз Музей Бенакі падзяляецца на тры вялікія аддзелы: грэчаскае мастацтва ад першабытных часоў да сучаснасці (прадстаўлены цікавыя вырабы старажытнагрэчаскіх майстроў, а таксама творы візантыйскага мастацтва); сучаснае грэчаскае мастацтва, у т. л. этнаграфія; дэкаратыўна-прыкладное мастацтва краін Міжземнамор'я.

Спецыялісты, якія наведваюць музей, перш за ўсё звяртаюць увагу на калекцыю залатых вырабаў (ад Мікенскай эпохі да нашага часу), фаюмскі партрэт, калекцыю ўсходніх тканін.

Да унікальных прадметаў можна аднесці візантыйскія эмалі, ілюстрацыі да Старога запавета, царкоўнае начынне эпохі Палеолагаў, драўляныя дзверы ад г. Багдада XVI ст., па-мастацку ўпрыгожаныя кароны. Музей вядзе актыўную выдавецкую дзейнасць: тут друкуюцца каталогі, бюлетэні, спецыяльныя выданні для дзяцей.

Візантыйскі музей у Афінах камплектуе калекцыі нацыянальнымі помнікамі, якія адносяцца да розных гістарычных эпох: ад ранняга сярэдневякоўя да стварэння незалежнай дзяржавы ў XIX ст. Музей заснаваны ў 1914 г. і размясціўся ў будынку сярэдзіны XIX ст., які пабудаваны ў стылі фларэнційскага рэнесансу. Аснову музея склалі калекцыі Хрысціянскага археалагічнага таварыства. Павялічана калекцыя за кошт шматлікіх прыватных ахвяраванняў (іконы, кнігі, прадметы рэлігійнага культу). У фондах захоўваюцца сапраўдныя шэдэўры, сярод іх – міціленскі скарб (залатыя і срэбныя прадметы раннехрысціянскага перыяду), знойдзены ў 1951 г. на в. Кратэгас; залатыя манеты імператараў Фокі (602-610 гг.) і Іраклія (613-629 гг.), мазаічныя іконы эпохі Палеолагаў (1204-1435 гг.), у т. л. ікона "Хрыстос" з канстанцінопальскай Сафіі. Усе прадметы размешчаны ў строгім храналагічным парадку.

Афінскі музей вайны быў адкрыты ў 1975 г. у сучасным будынку, пабудаваным па праекту архітэктара Т. Валендзіса. Асноўная мэта стваральнікаў музея – садзейнічанне даследаванням у галіне ваеннай гісторыі Грэцыі, а таксама збіранне, захаванне і кансервацыя прадметаў, дакументаў і твораў мастацтва, якія адлюстроўваюць ваенны бок грэчаскай гісторыі на розных яе этапах.

У музеі налічваецца каля дваццаці тысяч адзінак захавання: творы мастацтва, рэдкія гравюры, успаміны і дакументы, розныя каштоўныя прадметы, зброя. Калекцыя ахоплівае перыяд ад дагістарычных часоў да нашых дзён і займае дванаццаць залаў. На цокальным паверсе размешчана экспазіцыя ваеннай формы, пачынаючы з 1833 г.

За час свайго існавання музей выдаў шэраг публікацый. На яго базе арганізуюцца выстаўкі на розныя тэмы. Акрамя гэтага музей мае бібліятэку, архіў гістарычных дакументаў і фотаздымкаў, а таксама калекцыю карт (XIV–XX ст.).

Афінскі музей для сляпых заснаваны ў 1984 г. У сучасным двухпавярховым будынку размясцілася экспазіцыя, якая складаецца з чатырох раздзелаў. Падлога залаў мае гумавае пакрыццё. У першым раздзеле музея выстаўлена каля 110 прадметаў (статуі, вазы, барэльефы і іншыя помнікі), якія распавядаюць аб развіцці мастацтва, пачынаючы з дагістарычнай эпохі і да Старажытнага Рыма. Для выстаўкі падабраны такія прадметы, якія лёгка "чытаюцца" навобмацак. Другі раздзел калекцыі складаюць архітэктурныя макеты, якія дазваляюць "наведаць" Парфенон вобмацкам рук. У трэцім раздзеле дэманструюцца карціны, якія выкананы дзецьмі з кепскім зрокам. Чацвёрты раздзел сталай экспазіцыі адначасова з'яўляецца выставачнай залай і крамай, дзе прапануюцца матэрыялы і апараты для сляпых (пішучыя машынкі са шрыфтам Бройля з розных краін, розныя гульні і іншае).

Салонікі – другі па велічыні горад Грэцыі, навуковы і культурны цэнтр краіны. За сваю 23-векавую гісторыю Салонікі былі сведкамі славы македонцаў, сілы Рыма, узвышэння Візантыі. Перажыў горад і турэцкае панаванне на працягу амаль пяці стагоддзяў (1430-1912 гг.). У гісторыі Салонікаў было два перыяды росквіту мастацтва і архітэктуры – IV ст. н. э. і канец XIII ст.

Першы з іх прыходзіцца на часы праўлення Галерыя, зяця рымскага імператара Дыяклеціяна. У той час у горадзе будаваліся палац, форум, ратонда, трыумфальная арка, якія захаваліся да нашых дзён.

"Залатыя вароты хрысціянства" – так назваў апостал Павел Салонікі. Менавіта гэты горад быў выбраны апосталам для будаўніцтва першага храма і пропаведзі новай рэлігіі. Адсюль хрысціянства пачало распаўсюджвацца па Еўропе. Жыхарам Салонікаў ён прысвяціў два вершы, якія ўвайшлі ў "Новы запавет". Сёння храмы і цэрквы ў горадзе сустракаюцца на кожным кроку – ад велічных пабудоў са шматвяковай, а часам і больш чым тысячагадовай гісторыяй, да невялікіх купалаў на чатырох апорах, з адной іконай. Росквіт храмавага будаўніцтва Салонікаў прыпадае на XIII–XIV ст. Найбольш вядомымі пабудовамі гэтай эпохі з'яўляюцца храмы Святой Кацярыны, Святых Апосталаў, Іллі Прафіціса (прарока) і манастыр Влатадаў.

Археалагічны музей у Салоніках быў адкрыты ў 1962 г. пад-час святкавання 50-й гадавіны вызвалення Салонікаў. У 1971 г. была канчаткова сфарміравана экспазіцыя музея, У яго залах дэманструюцца скульптура, калекцыя дагістарычнага перыяду, мініяцюрнае мастацтва архаічнага (700-500 гг. да н. э.) і класічнага (500-323 гг. да н. э.) перыядаў і унікальныя знаходкі з руін Дзервені. У экспазіцыю "Сховішчы старажытнай Македоніі" ў 1978 г. былі ўключаны знаходкі з каралеўскіх руін у Вергіне. Скарбы з Вергіны і іншыя знаходкі археалагічных раскопак 1970-х гг. абумовілі дабудову новага крыла музея, якое было адкрыта экспазіцыяй "Аляксандр Вялікі" ў 1980 г. У 1982 г. была прадстаўлена экспазіцыя "Сіндэс", дзе размешчаны залатыя вырабы, знойдзеныя падчас раскопак могілак у Сіндэсі.

Сёння ў музеі дэманструюцца рэшткі іанійскага храма ў Салоніках (VI ст. да н. э.); архаічная, класічная і эліністычная скульптура Салонікаў і іншых частак Македоніі, прадметы старажытных Салонікаў, экспанаты рымскага перыяду; пахавальная архітэктура, знаходкі з Сіндэсі, золата Македоніі, гісторыя Салонікаў у перыяд ад неаліту да позняга бронзавага веку. Акрамя гэтага маецца зала пад назвай "Македонская манета".

Сярод правінцыяльных грэчаскіх музеяў выдзяляюцца археалагічныя музеі ў Дэльфах, Іракліёне і Алімпіі.

Археалагічны музей у Дэльфах быў заснаваны ў 1902 г. з мэтай забеспячэння захаванасці і дэманстрацыі шматлікіх помнікаў, знойдзеных у час сістэматычных раскопак на месцы былога свяцілішча Апалона і ў яго наваколлі. Несанкцыянаваныя раскопкі пачаліся ў 1820 г. і працягваліся да 1891 г., калі кароль Георг падпісаў дакумент, які даваў Французскай школе ў Афінах 10-гадовую манаполію на раскопкі ў Дэльфах. Французскі ўрад пачаў набываць нерухомасць на тэрыторыі свяцілішча ўжо ў 1862 г. Пасля 1891 г. французская навуковая група пад кіраўніцтвам Т. Гамоля распачала раскопкі, якія і ляглі ў аснову музея (раскопкі працягваюцца па сённяшні дзень сумеснай грэка-французскай археалагічнай экспедыцыяй).

Храналагічна знаходкі датуюцца ад эпохі неаліту да сучаснасці і ахопліваюць розныя аб'екты. Акрамя храма Апалона, дзе знаходзілася піфія, на тэрыторыі свяцілішча былі тэатр Дзіяніса, скарбніца, будынкі і манументы, скарбніцы шматлікіх грэчаскіх гарадоў-дзяржаў. Побач са свяцілішчам Апалона знаходзіцца свяцілішча Афіны са сваім храмам, скарбніцай і гімназіўмам. Крыху вышэй размешчаны стадыён, дзе праводзіліся піфійскія гульні. Некаторыя з помнікаў, што экспануюцца сёння ў музеі, узгадваюцца ў "Апісанні Элады" Паўсанія.

Рэгіянальны эфор генеральнай дырэкцыі старажытнасцей і рэстаўрацыі Міністэрства культуры і навукі адначасова выконвае абавязкі дырэктара музея. У яго два намеснікі – эпімелеты, якіх таксама прызначае міністэрства. Яны наймаюць навуковых і тэхнічных супрацоўнікаў. Французская школа ў Афінах па-ранейшаму актыўна праводзіць раскопкі ў рэгіёне, што тлумачыцца працяглымі сувязямі з грэчаскімі ўладамі і традыцыяй. Будынак музея, узведзены ў 1902 г. па праекту архітэктара А. Сінграса, знаходзіцца паміж свяцілішчам Апалона і сучасным горадам. Прадметы размешчаны ў храналагічным парадку, падзеленыя па тыпу і матэрыялу. Некаторыя фрагменты экспазіцыі дазваляюць уявіць сабе арыгінальныя помнікі (фрыз Сіконскай скарбніцы, архаічны храм Апалона). Прадстаўлены самі помнікі на тэрыторыі свяцілішча (скарбніца Афінян, Вялікі алтар жыхароў вострава Хеопс, каланада храма Апалона).

У музеі захоўваецца ўся пісьмовая і фотадакументацыя раскопак у рэгіене. Сюды ж паступаюць усе археалагічныя знаходкі з наваколля Дэльфаў, а таксама некаторыя знаходкі, зробленыя ў іншых рэгіёнах Грэцыі. Апошняе тлумачыцца агульнанацыя-нальным характарам свяцілішча Апалона ў старажытныя часы. Ёсць у экспазіцыі прадметы, вырабленыя па-за межамі Старажытнай Грэцыі. Гэта кікладскія мармуровыя фігуры, цырыманіяльны рытон з Клюса.

Вельмі цікавая калекцыя бронзы (700-480 гг. да н. э.), манументальная каменная скульптура з Сікіенскай скарбніцы (VI ст. да н. э.), рэльефы з выявамі герояў Кастара і Палідэўка, Каледонскага вепра, Еўропы і быка, Дэаскурыя з караблём Арго. У асобным пакоі – рэльефы з Сіфнійскай скарбніцы (барацьба Геракла з Апалонам, Траянская вайна, Бітва багоў з гігантамі, Суд Парыса). Найбольш вядомы экспанат музея – "Дэльфійскі вазніца", вырабленая з бронзы ў 475 да н. э. Другая агульнавядомая скулыітура – "Цэнтр сусвету", якая ўяўляе два арлы, якія ляцяць насустрач адзін аднаму, каб сустрэцца ў цэнтры свету – Дэльфах. Ёсць калекцыя эліністычнай скульптуры, у т. л. выява рымскага палкаводца Фламінія – пераможцы Філіпа V Македонскага пры Кінфскефале (197 г. да н. э.), Анціноя – фаварыта імператара Адрыяна. Асобная зала цалкам прысвечана вырабам з каштоўных металаў.

Археалагічны музей у Іракліёне знаходзіцца на востраве Крыт. Заснаваны ў 1883 г. "Таварыствам пашырэння ведаў" з дазволу турэцкіх улад, якія не забаранялі збіранне, захаванне і рэстаўрацыю помнікаў антычнасці. Напрыканцы XIX ст. фонды папаўняліся дзякуючы ахвяраванням (у прыватнасці італьянска-га вучонага-археолага Г. Арно-Жанці і амерыканца Дж. Сігера). 3 1907 г. музей займаў сучасны будынак. Апошні разам з калекцыямі, якія знаходзіліся ў падвальным памяшканні, цудам уцалелі падчас другой сусветнай вайны. Пасля рэстаўрацыйных работ прыняў першых наведвальнікаў у 1950 г. У гэтым жа годзе ўсе матэрыялы візантыйскай эпохі былі перададзены ў Гістарычны музей Крыта.

Апошнім часам археалагічныя знаходкі папярэдніх эпох, зробленыя ў розных мясцовасцях вострава, трапляюць у новыя рэгіянальныя музеі, згодна з іх тэрытарыяльнай прывязкай (Ханья, Аес-Нікалаос, Іерапетра і іншыя гарады).

Стуктура кіравання музеямі ў Іракліёне такая самая, як і ў Дэльфах.

Музей мае наступныя навуковыя аддзелы: калекцыі, архіў, лабараторыя па апрацоўцы керамікі, хімічная лабараторыя, бібліятэка. Аддзел калекцый змяшчае 42 300 прадметаў крыцкіх старажытнасцей і ўключае навукова-папулярную калекцыю, размешчаную ў 20 залах, навукова-даследчую калекцыю, размешчаную ў 8 залах, пададдзел захавання (фонды), размешчаныя ў 2 сховішчах.

Археалагічны музей у Іракліёне — адзінае ў свеце месца, дзе кампактна захоўваюцца прадметы матэрыяльнай культуры Мінойскай цывілізацыі. У цэлым музей дазваляе скласці ўражанне пра гісторыю Крыта з моманту з'яўлення на ім чалавека.

Асноўная частка сабраных матэрыялаў – вынік раскопак, якія праводзіліся грэчаскай археалагічнай службай, а таксама прадстаўнікамі заходнееўрапейскай і амерыканскай археалагічных школ. Сёння ў экспазіцыі размешчаны матэрыялы з пяці палацаў мінойскай эпохі, віл, храмаў, могілак. Шмат экспанатаў, якія сведчаць аб гандлі і культурных сувязях Крыта з іншымі краінамі (цыліндрычныя пячаткі з імем Хамурапі – Вавілонскага цара (1750 г. да н. э.), сасанідскія пячаткі з Халуэдона).

Экспазіцыя структуравана наступным чынам:

1) неалітычная культура Крыта (5000-2800 гг. да н. э.);

2) дапалацавая культура (2800-2200 гг. да н. э.);

3) протапалацавы перыяд (2200-1700 гг. да н. э.);

4) неапалацавы перыяд (1700-1400 гг. да н. э.);

5) постпалацавы перыяд (1400-1100 гг. да н. э.);

6) субмінойскі і геаметрычны перыяды (1100-800 гг. да н. э.);

7) перыяд арыенталістыкі і архаікі (800-500 гг. да н. э.);

8) класіка (500-300 гг. да н. э.);

9) элінізм (300-67 гг. да н. э.);

10) грэка-рымскі перыяд (67 г. да н. э. - 323 г. н. э.).

Музей мае яскрава выражаную навуковую дамінанту ў сваёй дзейнасці. Яго наведваюць шмат навукоўцаў, аб ім часта пішуць у розных гісторыка-археалагічных выданнях.

Археалагічны музей у Алімпіі заснаваны ў 1886 г. з мэтай захавання вынікаў сістэматычных раскопак на месцы свяцілішча Зеўса. Раскопкі праводзіліся Германскім археалагічным інстытутам, пачынаючы з 1875 г.

Месца свяцілішча было заселена яшчэ ў неалітычную эпоху. А пачынаючы з 776 г. да н. э. яно выконвала функцыю агульна-грэчаскага свяцілішча аж да 5 ст. н. э. На тэрыторыі свяцілішча Зеўса знаходзіліся храмы, алтары, скарбніцы розных грэчаскіх гарадоў, статуі, а таксама статуі пераможцаў Алімпійскіх гульняў, спартыўныя збудаванні, іншыя грамадскія будынкі. Ёсць звесткі, што ўжо ў рымскую эпоху храм Геры ў Алімпіі быў пераўтвораны ў своеасаблівы музей, дзе захоўваліся вынікі тысячагадовага развіцця антычнай цывілізацыі.

Экспазіцыя музея размешчана ў двух будынках: старым (пабудаваны нямецкімі архітэктарамі Ф. Адлерам і В. Дорпфельдам у 1886 г. у неакласіцыстычным стылі) і новым (пабудаваны ў 1972 г. у сучасным стылі). Апошні мае восем залаў, абсталяваных кандыцыянерамі, і два ўнутраныя дворыкі. У залах археалагічныя знаходкі пададзены на фоне рэканструкцый архітэктурных помнікаў, што дазваляе наведвальніку скласці цэласнае ўражанне аб старажытнай Алімпіі. Архаічны перыяд у асноўным прадстаўлены бронзай, тэракотай, зброяй. Вядома, што гіганцкая хрызалефантыйная статуя Зеўса на троне з храма яго імя ў Алімпіі не захавалася, але ў экспазіцыі прадстаўлены формы, па якім адлівалі статуі ў майстэрнях Фідыя ў V ст. да н. э. Галоўная каштоўнасць музея – экстэр'ерныя ўпрыгожванні храма Зеўса на алімпійскую тэматыку. Са скульптурнай калекцыі выдзяляюцца статуя Нікі работы Паеніёса з Менды (420 г. да н. э.) – адна з нешматлікіх старажытных грэчаскіх статуй, што захаваліся не ў рымскіх копіях; статуя Гермеса работы Праксіцеля (340 г. да н. э.); шэраг рымскіх партрэтаў (Клаўдзій, Марк Аўрэлій, Траян, Аўгуст, Ціт).

У музеі ёсць асобная калекцыя, дзе захоўваецца алімпійскі спартыўны інвентар (скрабкі, дыскі, прыстасаванні для трэніровак).

Выключнай папулярнасцю сярод турыстаў, што прыязджаюць у Грэцыю, карыстаецца Рэспубліка манахаў на гары Афон. За стагоддзі ў сарака манастырах сабраны візантыйскія іконы, македонскія і крыцкія мазаікі, сярэдневяковыя рукапісы, а таксама скарбы Лаўры. Самы вялікі манастыр – Ватопедыу мае вельмі вялікую бібліятэку.

На востраве Дэлас у апошні час вядуцца інтэнсіўныя раскопкі. Археолагі знайшлі рэшткі чатырох храмаў, прысвечаных Апалону. Вялікую цікавасць навуковай грамадскасці выклікалі знойдзеныя ва ўсходняй частцы комплекса "свяцілішча быкоў" і порцік Анцігоны.