Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Prafesiinaja_leksika_dapamozhnik.doc
Скачиваний:
388
Добавлен:
18.02.2016
Размер:
1.44 Mб
Скачать

*Гэта цікава! жыццё ваенных у беларускіх фразеалагізмах

У сучаснай беларускай літаратурнай мове існуе шмат фразеалагізмаў, звязаных з маўленнем ваенных. Адны з іх запазычаны з рускай мовы: адпраўляць у штаб Духоніна (каго), баявое хрышчэнне, біць у набат, на ўзводзе. Іншыя з’яўляюцца паўкалькамі ці калькамі: з французскай мовы – браць на абардаж (каго, што), паліць свае караблі; з нямецкай мовы – складваць зброю і інш. Аднак большасць фразеалагізмаў, якія ўзніклі ў маўленні ваенных, па паходжанні агульныя для ўсходнеславянскіх моў (рускай, беларускай, украінскай): разведка боем, цяжкая артылерыя, выклікаць агонь на сябе, выбываць са строю, не з палахлівага дзесятка, у абозе, здаваць пазіцыі і інш. «Дакладную характарыстыку ў генетычным плане... выразы, магчыма, атрымаюць толькі з шырокім вывучэннем славянскай фразеалогіі ў гістарычным плане, калі будуць складзены гістарычныя слоўнікі фразеалагізмаў славянскіх моў. На сённяшнім жа этапе развіцця гістарычнай фразеалогіі і фразеаграфіі выкарыстанне тэрмінаў тыпу «агульны для ўсходнеславянскіх моў» больш правамернае, чым неаргументаваная кваліфікацыя пэўнага выразу як «уласна беларускага» ці «ўласна рускага» і г.д.» [3, с.6–7].

Некаторыя фразеалагізмы ўтвораны ў выніку пераасэнсавання тэрміналагічных словазлучэнняў, якія ў маўленні ваенных ужываліся ў сваім прамым значэнні: браць на мушку (каго, што) (‘засяроджваць увагу на кім-, чым-н., сачыць за кім-, чым-н.’); браць на ўзбраенне (што) (‘дзейсна выкарыстоўваць, прымяняць у сваёй практыцы, дзейнасці’); дымавая заслона (‘маскіроўка, наўмыснае адцягванне ўвагі ад чаго-н.’); камандаваць парадам (‘распараджацца, верхаводзіць, быць завадатарам, аказваць уплыў на ход чаго-н.’); міна запаволенага дзеяння (‘тое, што пагражае небяспечнымі наступствамі’); падводзіць міну (пад каго, пад што) (‘цішком рабіць вялікую непрыемнасць каму-н.’); пачуццё локця (‘узаемная падтрымка’) і інш. Апошні выраз (пачуццё локця) з’яўляецца паўкалькай з рускай мовы. Ён сведчыць пра стэрэатып рускага салдата: яго ўменне падтрымліваць сінхроннасць руху і раўненне ў страі. Спецыфіка войн на тэрыторыі Расіі заключалася ў іх маштабнасці, у правядзенні асноўных баёў на раўніннай мясцовасці, дзе звычайна задзейнічана вялікая маса людзей і дзе ўменне трымаць строй, адчуваць локаць свайго суседа ў страі, аказваць калектыўны адпор ворагу цаніліся намнога больш, чым гераізм індывіда.

У выніку метафарызацыі свабодных словазлучэнняў склаліся наступныя выразы: браць на абардаж (каго, што) (‘рашуча дзейнічаць у адносінах да каго-, чаго-н.’). Слова абардаж абазначае ‘счэпліванне свайго судна з варожым для рукапашнай схваткі’; станавіцца ў строй (‘рабіцца дзеючым, працаздольным ці баяздольным’). Слова строй абазначае ‘воіны, пастроеныя радамі’ і ‘састаў дзеючай арміі’; ціхай сапай (‘цішком, потайкам і паступова рабіць што-н.’). Усім вядома слова сапёр. У рускую мову яно прыйшло з французскай і мае значэнне ‘той, хто займаецца сапай’. А што такое сапа? Як пазначае Э.А.Вартаньян, у Італіі цаппа – жалязняк, рыдлёўка для земляных работ. Запазычанае з італьянскай мовы ў французскую, гэтае слова спачатку гучала як сап і мела значэнне ‘земляныя, акопныя і падкопныя работы’, а потым перайшло ў слова сапёр. Тэрмін сапа пранік і ў маўленне ваенных, дзе ціхая сапа азначала ‘работы, якія вядуцца з асаблівай асцярожнасцю, без шуму, у поўным сакрэце’. Калі ж гэты выраз шырока распаўсюдзіўся ў агульнаўжывальнай мове, ён набыў значэнне ‘цішком, употай і паступова рабіць што-н.’ [2, с.268].

На аснове суадносных дзеяслоўных фразеалагізмаў (аддаць чэсць (каму), выбываць (выходзіць) са строю, ламаць (паламаць) коп’і (з-за каго, за што)) утвораны выразы адданне чэсці (‘вітанне каго-н. па-ваеннаму, з прыкладаннем рукі да галаўнога ўбору’), выхад са строю (чаго) (‘псаванне, паломка чаго-н.’), коп’і ломяцца (з-за каго, з-за чаго) (‘адбываюцца гарачыя спрэчкі, рашучая барацьба’) і пад.

Многія фразеалагізмы звязаны з даўнімі рэаліямі, гістарычнымі падзеямі і асобамі. Напрыклад, фразеалагізм біць у набат (‘настойліва звяртаць усеагульную ўвагу на што-н. небяспечнае, заклікаць на барацьбу з ім’). У маскоўска-рускіх войсках набатам называлі вялікі медны барабан, гук якога з’яўляўся сігналам трывогі. Пазней гэтым словам сталі называць і трывожнае гучанне спецыяльнага звона – набата. Гук гэтага звона, мерны, моцны, далёка разносіўся па акрузе, і людзі ведалі, што ім пагражае нейкая небяспека.

Пра старажытнасць расказвае і фразеалагізм ламаць (паламаць) коп’і (з-за каго, за што) (‘горача спрачацца, даказваць, змагаючыся за што-н., адстойваючы чые-н. інтарэсы’). Тады кап’ё (доўгая драўляная палка з металічным наканечнікам) было зброяй першай сутычкі. Уступаючы ў бой, воіны стараліся выбіць праціўніка з сядла, пры гэтым нярэдка ламалі коп’і.

Ва ўсіх славянскіх мовах, а таксама ў французскай, нямецкай і іншых з той жа вобразнасцю і граматычнай структурай, пры адпаведных лексічных эквівалентах, жыве фразеалагізм спаліць за сабой масты (‘рашуча парваць з мінулым, не мець магчымасці вярнуцца да яго’). Гісторыя войнаў і паходаў ведае нямала выпадкаў, калі, наступаючы і пераправіўшыся на другі бок ракі, палкаводцы спальвалі за сабой масты, каб паказаць салдатам, што назад дарогі адрэзаны і што наперадзе толькі рашучая і пераможная барацьба або смерць. Захавалася паданне, што менавіта так зрабіў Дзмітрый Данскі. Ноччу 8 верасня 1380 г. ён разбурыў пасля сябе ўсе пераправы праз Дон, каб воіны ведалі, што назад дарогі няма. Гэта надало мужнасці воінам, і на Куліковым полі яны канчаткова разбілі мангола-татарскую арду. Цяжкае іга перастала існаваць.

Пра падзеі больш блізкія да нас сведчыць выраз адпраўляць у штаб Духоніна (каго) (‘расстрэльваць’). Гэты выраз быў асабліва хадавым у гады грамадзянскай вайны і пасля. Генерал Духонін узначальваў у 1917 г. Вярхоўнае Галоўнакамандаванне рускай арміі і 20 лістапада 1917 г. на магілёўскім вакзале стаў адной з першых ахвяраў бальшавіцкага тэрору. Выраз склаўся ў сувязі з гэтай падзеяй [3, с.34].

Як пазначае І.Я.Лепешаў, «свядомае і асэнсаванае засваенне, а затым і ўжыванне шмат якіх фразеалагізмаў можа быць паспяховым толькі пры ўмове, калі носьбіт мовы ведае вытокі, гісторыю ўзнікнення гэтых выразаў, мае хоць бы элементарнае ўяўленне пра жыццё пэўных фразеалагізмаў у часе і прасторы» [3, с.3]. (В.Маршэўская)

Літаратура

  1. Вартаньян Э.А. Из жизни слов. – М.: Детгиз, 1963. – 319 с.

  2. Лепешаў І.Я. Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў. – Мн.: БелЭн, 2004. – 448 с.

Устарэлыя словы ў эканамічнай лексіцы

На пэўным этапе свайго развіцця любая мова імкнецца да таго, каб тая сукупнасць моўных сродкаў, якая склалася і нарматыўна замацавалася, як мага паўней і дакладней адлюстроўвала сістэму разнастайных прадметаў, з’яў, дзеянняў, паняццяў, прымет і г.д.

Змены ў жыцці грамадства (палітычныя, сацыяльныя, эканамічныя, культурныя) адлюстроўваюцца ў мове, перш за ўсё ў яго слоўнікавым складзе. Змены ў лексічнай сістэме мовы абумоўлены тым, што з’яўленне новага ў жыцці прыводзіць да з’яўлення новых слоў, у выніку чаго адбываецца папаўненне слоўнікавага запасу. Але ў мове назіраецца і адваротны працэс – знікненне некаторых слоў, што таксама з’яўляецца адлюстраваннем змен ў жыцці грамадства. Улічваючы гэта, «у лексічным складзе мовы вылучаюцца дзве катэгорыі слоў: словы актыўнага ўжытку і словы, якія рэдка ўжываюцца і застаюцца ў пасіўным запасе» [3, с. 436].

З’ява існавання актыўнай і пасіўнай часткі ў слоўнікавым складзе можа назірацца не толькі сярод агульнаўжывальных слоў, але і сярод спецыяльнай лексікі, да якой большасць даследчыкаў адносяць тэрміны, прафесіяналізмы, наменклатуру [1, с. 111; 4, с. 167]. Спецыяльная лексіка, з’яўляючыся спецыфічнай і параўнальна самастойнай часткай у сістэме лексікі літаратурнай мовы, у той жа час непарыўна звязана з ёй і падпарадкоўваецца тым законам, нормам і працэсам, якія адбываюцца ў мове.

Спынімся на некаторых асаблівасцях існавання і функцыянавання пасіўнай часткі сярод эканамічных намінацый.

Пасіўная частка ўключае ў сябе словы, якія выйшлі ці выходзяць з ужытку і з’яўляюцца малавядомымі ці невядомымі носьбітам сучаснай беларускай мовы. Існаванне пасіўнай часткі лексікі абумоўлена дзвюма прычынамі: па-першае, у рэчаіснасці перастаюць існаваць прадметы, з’явы, паняцці – і па гэтай прычыне знікаюць адпаведныя назвы, па-другое, у працэсе развіця лексічнай сістэмы на змену адным назвам прыходзяць другія.

У адпаведнасці з гэтым устрэлыя словы сярод эканамічнай лексікі, як і сярод агульнаўжывальных слоў, падзяляюцца на гістрызмы і архаізмы.

Гістарызмы, пад якімі мы разумеем словы, што «выйшлі з актыўнага ўжытку і перайшлі ў пасіўны запас у сувязі са знікненнем тых рэалій, якія яны абазначалі»[3, с. 438] у эканамічнай лексіцы сустракаюцца не часта. Значэнне большасці такіх адзінак на сёння не ўсведамляецца дастаткова поўна без спецыяльных даведнікаў. Такія словы не маюць сінонімаў у сучаснай беларускай мове. Аналізуючы «Слоўнік бугальтэрскае тэрмінолёгіі» (Менск, 1928), мы выявілі наступныя адзінкі, якія на сённяшні дзень з’яўляюцца гітарызмамі: ліхвяр ‘той, хто бярэ высокія, недазволеныя законам працэнты за пазычаныя грошы’, гербавы збор ‘асобы дзяржыўны збор пры афармленні дакументаў па грамадска-прававых справах’, скарбнік ‘у дарэвалюцыйнай Расіі – кіраўнік казначэйства’, сельскагаспадарчая камуна ‘у першыя гады Савецкай улады – адна з форм калектыўнай сельскай гаспадаркі з поўным абагульненнем сродкаў выворчасці, спажывання і бытавога абслугоўвання’, чырвонец ‘грашовы крэдытны білет вартасцю ў дзесяць рублёў, які быў ва ўжытку ў СССР з 1922 да 1947г.’, а таксама словы бушаль, тэрміновыя купоны, базная кніга, гарцавы збор, заборная кніжка, картэль, чырвоны процант, ападаткавальны ліст, ордарная кніга, ясак і інш.

Архаізмы, якія ўяўляюць сабой «назвы прадметаў і з’яў, што існуюць і ў наш час, але ў працэсе развіцця мовы былі названы іншымі словамі – сінонімамі» [2, с. 576], больш пашыраны ў эканамічнай лекіцы. У залежнасці ад таго, поўнасцю ці часткова адрозніваюцца яны ад сучасных назваў, вылучаюцца наступныя іх тыпы.

Уласналексічныя архаізмы – словы, якія сваім фанетыка-марфалагічным саставам поўнасцю адрозніваюцца ад сучасных назваў: літацыя – аўкцыён, угода – здзелка, установец – заснавальнік, агуловы прыбытак – валавы прыбытак, павер – крэдыт, дысконт – улік, застава – заклад, гуртавік – аптавік, мыта – пошліна, посул – прапанова, злічва – вынік, падрахунак, застаўны ліст – закладны ліст, каморны – кладаўшчык, манко – недаважванне, гуртавы гандаль – аптовы гандаль, перавознае мыта – транзітная пошліна і інш.

Лексіка-фанетычныя архаізмы адрозніваюцца ад сучасных назваў асобнымі гукамі: амортызацыйны капітал – амартызацыйны капітал, балянс – баланс, дэномінацыя – дэнамінацыя, гіпотэка – іпатэка, процант – працэнт, рэквізыты – рэквізіты, цэртыфікат – сертыфікат, даклярацыя – дэкларацыя, рэялізацыя – рэалізацыя, сортымэнт – асартымент, субсыдыя – субсідыя, фузыя – фузія, экспэдытар – экспедытар і інш.

Лексіка-словаўтваральныя архаізмы адрозніваюцца ад сучасных назваў словаўтваральнымі элементамі – суфіксамі ці прыстаўкамі: акцыйнае таварыства – акцыянернае таварыства, бракар – бракароб, грузаатрымовец – грузаатрымальнік, дастаўнік – дастаўшчык, банкавы крэдыт – банкаўскі крэдыт, пазычковец – пазычальнік, імпортар – імпарцёр, корэспандавальны рахунак – карэспандэнцкі рахунак, попіс – вопіс, выплатнік – плацельшчык, рэзервенны капітал – рэзервовы капітал і інш.

Што да лексіка-семантычных архаізмаў, у якіх страчваецца адно ці два значэнні мнагазначнага слова, то сярод эканамічнай лексікі гэты тып архаізмаў менш распаўсюджаны. Напрыклад, у семантыцы мнагазначнага слова пенсія ўстарэлым будзе значэнне ‘заработная плата’, а значэнне ‘перыядычнае грашовае забеспячэнне ў старасці, у выпадку страты працаздольнасці і г. д’ з’яўляецца сучасным, агульнаўжывальным. У слове сіндыкат выйшла з ужытку значэнне ‘ў СССР на пачатку нэпу – аб’яднанне трэстаў пэўнай галіны прамысловасці, якое вяло планавую закупку і збыт прадукцыі’. З іншай семантыкай слова функыянуе і на сённяшні дзень. Устарэлымі з’яўляюцца значэнні ‘пакупнік’ у слове купец і ‘іншаземны купец’ у слове госць.

Такім чынам, нягледзячы на тое, што спецыяльная лексіка мае свае спецыфічныя асаблівасці, яна ўсё ж такі застаецца элементам лексічнай сістэмы і падпарадкоўваецца яе законам. Пацвярджэнне гэтаму – наяўнасць устарэлых назваў (гістарызмаў і архаізмаў) як на агульнамоўным узроўні, так і сярод тэрмінаў, прафесіяналізмаў, наменклатур. (А.Садоўская)

Літаратура

  1. Антанюк Л.А., Плотнікаў Б.А. Беларуская мова: спецыяльная лексіка: Курс лекцый. – Мінск: Акадэмія кіравання пры Прзідэнце Рэспублікі Беларусь, 2003. – 240 с.

  2. Беларуская мова: Энцыклапедыя / Беларус. Энцыкл.; Пад рэд. А.Я.Міхневіча; Рэдкал.: Б.І.Сачанка (гал. рэд.) і інш. – Мінск: БелЭн, 1994. – 655 с.

  3. Лекікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы / Пад рэд. А.Я.Баханькова. – Мінск: Навука і тэхніка. 1994. – 463 с.

  4. Ляшчынская В.А. Студэнту аб мове: прафесійная лексіка: Вучэб. дапамож. для студэнтаў ВНУ. – Мінск: УП «ІВЦ Мінфіна», 2003. – 243 с.