Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Prafesiinaja_leksika_dapamozhnik.doc
Скачиваний:
434
Добавлен:
18.02.2016
Размер:
1.44 Mб
Скачать

2. Гіпотэзы паходжання мовы

Дзе і як узнікла мова? Калі гэта адбылося?

На зямным шары налічваецца вялікая колькасць жывых істот, але сярод іх толькі чалавек валодае членападзельнай мовай, якая з’яўляецца яго галоўнай прыкметай і вылучае з астатняга біялагічнага свету. Гэты факт дае падставу меркаваць, што само паходжанне і станаўленне чалавека адбылося дзякуючы мове. Паколькі пераважную большасць часу існавання чалавека мова ўжывалася толькі ў вуснай форме, а пісьменства, якое фіксуе і захоўвае вынікі моўнай дзейнасці чалавека, існуе ўсяго каля 5000 гадоў, дакладных і строга аргументаваных звестак пра тое, калі і як узнікла мова, якія этапы развіцця прайшла, у вучоных няма. Таму праблема паходжання мовы з’яўляецца цалкам гіпатэтычнай. Аналізуючы розныя падыходы ў вырашэнні гэтай праблемы, можна выдзеліць два асноўныя накірункі: а) мова створана чалавекам у працэсе яго эвалюцыйнага развіцця; б) мова створана звышнатуральнай сілай. Існуе некалькі гіпотэз паходжання мовы, найбольш пашыраныя з іх наступныя.

Самая старажытная філасофская канцэпцыя мовы – лагасічная (логасная). Яна пабудавана на міфолага-рэлігійных уяўленнях пра мову як дар Бога і існуе ў некалькіх разнавіднасцях: ведычнай, канфуцыянскай, біблейскай.

Паводле міфолага-рэлігійнай тэорыі, у аснове свету ляжыць духоўны пачатак. Дух уздзейнічае на матэрыю, якая знаходзіцца ў хаатычным стане, уладкоўвае яе формы. Вянец тварэння духу – чалавек. Для абазначэння духоўнага пачатку ўжываліся тэрміны «Бог», «Дао», «Логас». Так, згодна з хрысціянскай філасофіяй, «Слова» існавала да з'яўлення чалавека і непасрэдна кіравала інертнай матэрыяй. Яно стварыла свет з першаснага хаосу. Вось як гаворыць пра гэта ў Бібліі евангеліст Іаан: «У пачатку было слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Бог. Яно было спачатку ў Бога. Усё праз яго пачало быць, і без Яго нічога не пачало быць, што пачало быць».

Падобныя тлумачэнні, толькі ў іншых тэрмінах, ляжаць у аснове індуізму і канфуцыянства. Побач з Божым паходжаннем мовы хрысціянская філасофія тлумачыць слова і як чалавечую з'яву. Бог стварае чалавека і адкрывае яму дар слова, г.зн. Божае слова, якое стварыла чалавека, становіцца потым здабыткам чалавека.

Пытанне пра паходжанне мовы разглядалася і ў антычнай філасофіі. Яшчэ ў VII–VI ст. да н.э. старажытнагрэчаскія вучоныя імкнуліся знайсці сувязь паміж словамі, «імёнамі» і высветліць, які характар паходжання мовы – прыродны ці ўмоўны. Пазней гэтыя праблемы асэнсоўваліся ў філасофіі эпохі сярэдніх вякоў і Адраджэння.

З XVI ст. у Еўропе пашыраецца тэорыя паходжання мовы, у аснове якой ляжыць рацыянальная філасофская канцэпцыя «грамадскай дамоўленасці». Паводле яе, грамадская дамоўленасць адрознівае чалавечае грамадства ад першабытнага статка, дзе пануюць варожасць і барацьба кожнага. Прычыны пераходу да супрацоўніцтва тлумачыліся па-рознаму: ідэалістычна – божым паходжаннем чалавека і яго маралі; матэрыялістычна – агульнасцю інтарэсаў людзей. Паводле гэтай філасофіі, не Божае «Слова-Логас», а сам чалавек-мысляр, яго розум з'яўляюцца крыніцай навуковых адкрыццяў, працы. Аднак гэта тэорыя не тлумачыла, адкуль узялася мова, як чалавек авалодаў ёю.

Пазней на аснове філасофіі грамадскай дамоўленасці былі распрацаваны т.зв. этымалагічныя, ці натуралістычныя, гіпотэзы паходжання мовы: гукапераймальная, выклічнікавая і інш. Так, паводле гукапераймальнай гіпотэзы, мова ўзнікла са здольнасці чалавека пераймаць гукі навакольнага свету (птушак, звяроў). Згодна з выклічнікавай тэорыяй, штуршком для ўзнікнення мовы былі натуральныя інстынктыўныя гукавыя комплексы накшталт ой-ой, ха-ха як рэакцыя на пэўныя вонкавыя раздражняльнікі.

Відавочна, гэтыя гіпотэзы не даюць адказу на пытанне, як узнікла мова.

Вялікая ўвага праблеме паходжання і развіцця мовы надавалася ў працах французскіх і нямецкіх філосафаў (Ж.Русо, І.Гердэра і інш.). Але найбольш разгорнутае асвятленне атрымала гэтая праблема на пачатку XIX ст. у даследаваннях нямецкага філосафа і лінгвіста Вільгельма фон Гумбальта. На яго думку, «узнікненне мовы абумоўлена ўнутранай праблемай чалавецтва». Мова, па Гумбальту, – гэта жывая дзейнасць чалавечага духу, адзіная энергія народа, якая ідзе з глыбінь чалавечай існасці і напаўняе ўсё яго жыццё. Мова не проста сродак зносін людзей, яна тая сіла, якая робіць чалавека чалавекам. Канцэпцыя Гумбальта апіралася на ідэю ўзаемазвязнага развіцця мовы, мыслення і «духу народа». «Мова і духоўная сіла народа развіваюцца не асобна адна ад адной і не паслядоўна адна за другой, а складаюць выключна і непадзельна адно і тое ж дзеянне інтэлектуальнай здольнасці».

У XIX ст. была распрацавана т.зв. матэрыялістычная тэорыя паходжання мовы, ці «працоўная», або «сацыяльная». Паводле яе, мова ўзнікла як вынік сумеснай дзейнасці перашабытных людзей (неабходнасць узаемаразумення стымулявала ўзнікненне гукавых комплексаў). Перашабытныя людзі як бы прымацоўвалі гукавыя комплексы да прадметаў, дзеянняў. Паступова з развіццём грамадства слова ўжывалася не толькі для абазначэння канкрэтнага, але і цэлага класа прадметаў. Абстрагуючыся ад прадмета, мова ператваралася ў своеасаблівы знак. Такім чынам, вытокі мовы ўзыходзяць да пачатку сумеснай працоўнай дзейнасці і іншых грамадскіх стасункаў у працоўным калектыве [7].

Як бы ні вырашалася ў навуцы праблема паходжання мовы, відавочным для ўсіх нас з’яўляецца тое, што жыццё мовы цесна звязана з жыццём грамадства. Мова не толькі дапамагае людзям зразумець адзін аднаго, але і захаваць здабыткі чалавечай гісторыі, навукі і культуры.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]