Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ЗФ Лесаводства 20 11 2011 г.doc
Скачиваний:
12
Добавлен:
26.03.2015
Размер:
2.7 Mб
Скачать

Установа адукацыі

«БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ ТЭХНАЛАГІЧНЫ УНІВЕРСІТЭТ»

Кафедра лесаводства

ЛЕСаВоДства Вучэбна-метадычны дапаможнік для студэнтаў завочнага факультэта спецыяльнасці 1-75 01 01 «Лясная гаспадарка»

Мінск 2012

УДК 630*076.5

ББК 20.1

А 95

Разгледжаны і рэкамендаваны да выдання рэдакцыйна-выдавецкай радай універсітэта

Складальнікі К.В. Лабоха,

Дз.В. Шыман

Рэцэнзент:

Па тэматычным плане выданняў вучэбна-метадычнай літаратуры універсітэта на 2012 год. Паз. 16.

Для студэнтаў завочнага факультэта спецыяльнасці 1-75 01 01 «Лясная гаспадарка».

© Установа адукацыі

«Беларускі дзяржаўны

тэхналагічны універсітэт», 2012

Прадмова

Лесаводства – навуковая дысцыпліна, якая вывучае тэорыю, метады, спосабы і тэхналогіі захавання, паляпшэння, неспусташальнага выкарыстання і ўзнаўлення лесу і лесаразвядзення. Вучэбны курс лесаводства звычайна пачынаюць з лесазнаўства. Лесазнаўства – навуковая дысцыпліна пра прыроду лесу, яго біялогію і экалогію, заканамернасці дынамікі ў прасторы і часе. Лесазнаўства створана аўтарам сусветна вядомай працы «Учение о лесе» Г. Ф. Марозавым, які лічыў, што веданне прыроды лесу дазваляе абгрунтаваць прынцыпы вядзення правільнай гаспадаркі. Змены саставу і стану лясоў звязаны галоўным чынам з практыкай высечак, а ўзаемаадносіны паміж дрэвамі ў працэсе ўзроставай дынамікі лягчэй зразумець і паправіць праз аналіз практыкі лясной гаспадаркі, у асноўным праз вынікі догляду лесу. Такім чынам, лесагаспадарчыя мерапрыемствы дазваляюць лепш зразумець прыроду лесу. Тэорыя лесазнаўства правяраецца практыкай лесаводства. На думку Г. Ф. Марозава, лесазнаўства з’яўляецца часткай лесаводства.

Працяглы вопыт лесаводства прывёў да разумення карыстацца наступнымі лесаводчымі прынцыпамі:

– максімальна магчымае задавальненне патрэбнасцяў грамадства ў прадуктах і каштоўнасцях лесу;

– забеспячэнне ўмоў для пашыранага ўзнаўлення лясных рэсурсаў:

– безупыннае, неспусташальнае карыстанне лесам;

– арганізацыя рацыянальнага выкарыстання лясоў і нарыхтаваных лясных матэрыялаў і прадуктаў;

– шматмэтавы падыход да карыстання лесам.

У той жа час стабільнасць лесаводчых прынцыпаў не гаворыць пра нязменнасць лесаводства як навукі і практыкі. З’яўляюцца новыя дадзеныя пра прыроду лесу, што дазваляе ўдакладніць ранейшыя ўяўленні і палепшыць практычныя рэкамендацыі. У апошні час лесаводам усіх краін прыходзіцца ўдзяляць усё больш увагі экалагічнай ролі лесу, што тлумачыцца многімі прычынамі: празмернымі высечкамі лесу; няправільнай спрошчанай гаспадаркай, якая не забяспечвае лесаўзнаўленне; паслабленнем барацьбы з пажарамі і хваробамі лесу; забруджваннем атмасферы. У канчатковым выніку гэта тычыцца эканамічных і сацыяльных пытанняў.

Кваліфікацыйная характарыстыка спецыяліста паводле адукацыйнага стандарту першай ступені вышэйшай адукацыі спецыяльнасці «Лясная гаспадарка» акрэслівае пэўныя патрабаванні да ведаў, уменняў і практычных навыкаў, якія павінна забяспечыць вывучэнне дысцыпліны «Лесаводства». Яны заключаюцца ў наступным.

Па выніках вывучэння дысцыпліны «Лесаводства» выпускнік павінен

ведаць:

– месца і значэнне лесу ў прыродзе, яго функцыі і народнагаспадарчае значэнне, сучасныя сістэмы вядзення ўстойлівай лясной гаспадаркі;

– асноўныя кампаненты лесу;

– заканамернасці ўзаемадзеяння лесу з экалагічнымі фактарамі, лесаўзнаўлення, фармавання, росту і развіцця лясных насаджэнняў;

– лесаводчыя патрабаванні да тэхналогій лесагаспадарчых работ, машын і механізмаў для іх выканання;

– віды догляду лесу, сістэмы і спосабы высечак лесу, мерапрыемствы па павышэнні прадукцыйнасці лясоў;

– бяспечныя ўмовы працы пры выкананні лесаводчых работ;

– правілы, настаўленні, інструкцыі і іншыя нарматыўныя дакументы пры праектаванні і правядзенні высечак лесу, работ па натуральным узнаўленні і павышэнні прадукцыйнасці лясоў;

умець:

– выдзяляць і абмяжоўваць у натуры асобныя аднародныя ўчасткі (таксацыйныя выдзелы) лясных насаджэняў, не пакрытых лесам і на землях ляснога фонду;

– выдзяляць і адрозніваць адзін тып лесу ад іншых;

– апісаць лясное насаджэнне;

– вызначаць асобныя кампаненты лясных насаджэнняў і апісваць іх характарыстыкі;

– выканаць улік натуральнага лесаўзнаўлення пад полагам насаджэння, на высечках і іншых не пакрытых лесам землях, даць яму ацэнку;

– правільна ацаніць стан участка ляснога фонду і назначыць неабходныя лесаводчыя мерапрыемствы;

– запраектаваць найбольш мэтазгодны спосаб галоўнай высечкі і лесаўзнаўлення, абгрунтаваць арганізацыйна-тэхнічныя элементы, распрацаваць тэхналагічную карту на распрацоўку лесасекі, правесці высечку;

– распрацаваць праект і правесці неабходны від высечак догляду ці іншых відаў (мер) догляду лесу;

– захоўваць бяспечныя ўмовы працы пры выкананні лесаводчых работ.

Дысцыпліна «Лесаводства» вывучаецца студэнтамі пасля засваення такіх агульнабіялагічных дысцыплін, як экалогія з асновамі метэаралогіі, батаніка, дэндралогія, генэтыка і селекцыя, глебазнаўства з асновамі земляробства, ахова навакольнага асяроддзя і маніторынг лясных экасістэм і спецыяльных дысцыплін, як біялогія лясных звяроў і птушак, механізацыя лесагаспадарчых работ з асновамі тэарэтычнай механікі і іншых. У сваю чаргу веды «Лесаводства» выкарыстоўваюцца пры вывучэнні такіх спецыяльных дысцыплін, як лясныя культуры і ахоўнае лесаразвядзенне, лесаэксплуатацыя, лесаўпарадкаванне і iншыя.

Выкладанне матэрыялу па дысцыпліне павінна грунтавацца на дасягненнях лясной навукі, перадавога вопыту лесагаспадарчай практыкі і адпавядаць сучаснаму сацыяльна-экалагічнаму і ўтылітарнаму разуменню лесу, прынцыпам комплекснай шматмэтавай лясной гаспадаркі, эфектыўнай і ўстойлівай ва ўмовах рыначнай эканомікі.

Аб’ём дысцыпліны складае 306 гадзін, у тым ліку лекцый – 26 гадзін, лабараторных работ – 14 гадзін і практычных заняткаў – 8 гадзін. Прадугледжаны кантрольная работа, 2 экзамены і курсавы праект.