Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:

Правапіс галосных о

.doc
Скачиваний:
13
Добавлен:
21.03.2015
Размер:
59.9 Кб
Скачать

Правапіс галосных о,э,а

Начлег у снезе

Шэрыя курапаткі спяць зімой у снезе.

З палявання я вяртаўся на захадзе сонца. Ішоў полем. Вечарэла. Мароз шчыпаў за вушы.

Раптам убачыў на снезе чорныя плямы. Гэта былі курапаткі. Падышоў паціху бліжэй. Птушкі лапкамі хутка разграбалі снег і апускаліся ўніз. Вось адна ўжо знікла з вачэй. За ёй другая, трэцяя. Быццам патанулі. Так пад снегам схавалася ўся чародка.

Зімовымі начамі трашчыць мароз, свішча мяцеліца. Але настане ранак. Курапаткі вылезуць з-пад снегу і пабягуць у хмызняк карміцца. (78)

Р. Ігнаценка

Правапіс галосных е,ё,я

Каля ракі

На бераг рэчкі выйшаў стары бабёр. Сеў ён на хвост і заднія лапкі і пачаў лазовыя парасткі грызці. Потым бабёр задумаў аб тоўстую лазу зубкі патачыць. Абгрыз ён кару і ўзяўся падгрызаць стол.

Раптам лёгкі шоргат пачуўся ля берага. Гэта казуля прыбегла да ракі. Бабёр нырнуў у ваду і палез у сваю хатку. Казуля нядоўга затрымалася ля ракі. Спалохаў яе цяжкі тупат ласінага статка. (66)

В. Гурскі

Ліс

Стары заснежаны ельнік вельмі нагадваў цудоўныя снегавыя палацы з рознымі фігуркамі. Увесь лес быў спісаны слядамі лясных жыхароў. Паспрабуй знайсці роспіс ліса!

Нечакана Сяргей заўважыў след хітруна. У кустах ліс з’еў качку. У гушчары стаяла старая разлахмачаная елка. Галлё яе звісала да самай зямлі. Ліс тут паляжаў, а потым пайшоў у гушчар. Сяргей зрабіў вывад, што тут недалёка яго жыллё. Хутка юнак убачыў нару. (65)

Я. Зазека

Буслы

Жывуць буслы амаль ва ўсім свеце. Але найбольш любяць лясістыя і балоцістыя месцы. Вось чаму іх заўсёды сустрэнеш у нас, на Беларусі.

Бусел – птушка разумная і назіральная. Калі ён бачыць, што людзі паважаюць яго і даюць прытулак, дык ахвотна селіцца ў вёсцы і робіцца сябрам гасціннага гаспадара. Кажуць, што буслы нават адрозніваюць сваіх гаспадароў ад чужых. Аб розуме буслоў сведчыць яшчэ і тое, што яны звычайна не баяцца дзяцей і пастухоў, а паляўнічых блізка не падпусцяць. (77)

Паводле А. Якімовіча

Першы снег

Моцна скаваў мароз голую зямлю, зрабіў яе цвёрдай. Вымерзлі лужыны, высахла гразь. Халодная ледзяная кара пакрыла рэкі і азёры. Цвёрдую пасцель падрыхтаваў мароз для белага снегу. Падзьмуў вецер. Папаўзлі па небе снегавыя хмары.

Вось закружыўся ў паветры белы лёгкі пушок і нячутна лёг на зямлю. Усё часцей заляталі гэтыя белыя халодныя зімовыя матылькі і пасыпаліся на зямлю. Як многа іх! Хутка бялее зямля. Дзеці рады першаму снегу. (69)

Паводле Я. Коласа

Правапіс у - ў

Развітальная песня

Чырвоным пажарам рабін гарыць асенні дзень. У лесе не чутна нават подыху ветрыку. Аслаблае лісце зрываецца з дрэў і ціха кладзецца на зямлю. З мяккай журбой любуешся гэтым залатым дажджом восені.

Паблізу села на дрэва чародка птушак. Гэта былі лясныя жаваранкі. Нейкі час птушкі сядзелі нерухома.

Раптам адна з іх пабегла па галінцы на самую макаўку чырвонай рабіны і ўзляцела ў паветра. У вышыні птушка заспявала. Нядоўга прымусілі чакаць сябе і яе сяброўкі. Шмат чулася ў песні журбы.

Гэта была развітальная песня жаваранкаў перад адлётам у вырай. (89)

Паводле Р. Ігнаценкі

Мішка

Мядзведзь выйшаў на край лесу. У цемры ўбачыў плот з белаватых жэрдак. За ім стаялі вуллі. Пах мёду заказытаў нос. Мішка пацягнуў у сябе паветра і рушыў да плота. Націснуў лапай на жэрдку. Яна трэснула. Звер спалохаўся, прыслухаўся. Потым павольна пайшоў наперад, углядаючыся ў цемру. Яго неадольна цягнуў мёд.

Каля вуллёў ён прыслухаўся, затым абняў вулей. Загулі пчолы. Але гэта не збянтэжыла мядзведзя. Ён падняў вулей і панёс да лесу. Потым паставіў яго, стукнуў лапай па вечку. Яно звалілася. Мядзведзь усунуў лапу ў вулей. (85)

З часопіса “Бярозка”

Дума аб дзяцінстве

Нішто не парушала чароўнай цішыні. Толькі ў далёкім лесе пасвістваў салавей. Найбольш моцныя i выразныя яго гукі даляталі ў бліндаж i пера-шкаджалі сну байцоў. Медсястра Марыя сядзела на траве, абапёршыся локцем на пянёк. З песняй начной птушкі прыляцелі да яе ўспаміны аб далёкім дзяцінстве. Паўставаў перад вачыма чароўны лес. Густой i заўсёды зялёнай паласой стаяў ён за прываблівай ракой. Колькі там было песень! Колькі разоў Марыя ix слухала! Яна кожную вясну чакала салаўя. (76)

Паводле А. Кулакоўскага

Жаваранкі

У ясным бяздонным блакіце звінелі песні жаваранкаў. Але саміх птушачак не было відаць. Косцік пачаў выглядаць жаваранкаў. Вунь адзін. Другі. Трымаліся на адным месцы ў паветры ледзь бачныя птушачкі. Вось адзін жаваранак перастаў варушыць крыльцамі. Упаў уніз. Потым узняўся ўвысь. А затым з новай сілай разлілася ў прасторы яго песня. Песню гэту слухала ўся прырода. Кроплі падаюць са стрэх ціхутка, каб не парушыць дзівосную мелодыю. (66)

Паводле С. Александровіча

Правапіс д-дз, т-ц

Парада грыбніку

Грыб шуму не любіць, бо ён сам расце ціха. Людзі ж бяруць вялізныя кашы, нажы і швэндаюцца па дзесяцёх у лесе. Вось такія грыбнікі і вяртаюцца з пустымі рукамі. А ты рабі так… Зрэзаў грыбок. Абчысці. Палажы ў кошык. Нож складзі і схавай у кішэню. Кошык пастаў на зямлю. Грыбы цікаўныя. Захочацца ім зірнуць, што робіцца ў тваім кошыку, і павысаджваюць яна галовы з ігліцы. Ты іх тады і чапай. (72)

Паводле М. Лужаніна

Першы снег

Моцна скаваў мароз голую зямлю, зрабіў яе цвёрдай. Вымерзлі лужыны, высахла гразь. Халодная ледзяная кара пакрыла рэкі і азёры. Цвёрдую пасцель падрыхтаваў мароз для белага снегу. Падзьмуў вецер. Папаўзлі па небе снегавыя хмары.

Вось закружыўся ў паветры белы лёгкі пушок і нячутна лёг на зямлю. Усё часцей залёталі гэтыя белыя халодныя зімовыя матылькі і пасыпаліся на зямлю. Як многа іх! Хутка бялее зямля. Дзеці рады першаму снегу. (69)

Паводле Я. Коласа

Зорачка

Аднойчы мама ўзяла Зойку на ферму, каб паказаць нованароджаных цялятак. Зойка з захапленнем глядзела на цялятак. Яны ляжалі ў яслях і цікаўна пазіралі на дзяўчынку вялікімі блішчастымі вачыма.

Адно цялятка было асаблівае. Рыжанькае, з белым хвосцікам і белай зорачкай на лбе. Зойка назвала цялятка Зорачкай. З гэтага дня ўсё і пачалося. Ранкам ці ў поўдзень Зойка прыходзіла з мамай на ферму. Карміла сваю сяброўку, гуляла з ёю.

Зорачка хутка дужэла. Праз тыдзень Зойка пачала яе паіць духмяным пойлам. Дзяўчынка моцна здружылася з Зорачкай. (84)

Паводле М. Вышынскага

Размова аб шчасці

…Проста так на талерачцы з блакітнай каёмачкай ніхто вам шчасце не прынясе. Яно нараджаецца ў працы і барацьбе. Яно даецца тым, хто дбае пра яго, хто прагне і змагаецца за яго. Таму не шукайце сабе лёгкіх дарог.

Шчасце, напэўна, і ў тым, калі ты спакойны за заўтрашні дзень. Шчасце – нешта такое, чаго доўга шукаеш, а потым, як знойдзеш і зразумееш, беражэш яго, шчодра дзелішся ім. Хіба ж можна адчуваць сябе ў радасці, калі побач камусьці сумна і адзінока. (81)

Паводле У. Ліпскага

Правапіс глухіх і звонкіх зычных

Новы дзень

Раніца. Туман над лагчынамі. Сонейка пачынала новы дзень. Крычалі дзесь гусі. Лясны жаваранак і салавейка ў цяністых кустах стараліся навыперадкі павітаць сонейка першымі. Песні іх дрыжалі прыгожай музыкай у хвалях паветра ціхай раніцы.

Цяжка было вызначыць з іх лепшага спевака.

Здаўна ў гэтай мясціне з горкі цякла крынічка. Яна, напэўна, частавала сваёю вадою яшчэ нашы дзядоў і прадзедаў. Яе вада – слёзы веснавых хмарак. Яе беражкі – аксамітныя межы. З-пад гэтых аксамітаў ззяла золата жоўтых пяскоў. (76)

Паводле Я. Коласа

Правапіс змякчальнага мяккага знака

Першы летні лівень

Увесь дзень парыла. Ластаўкі вырываліся са сваіх гнёздаў i чыркалі тонкімі крыламі па лагодных хвалях paкі. На крутых узбярэжках шамацеў апалены сонцам званец. Млосна пагойдваўся пад цёплым ветрыкам малады алешнік.

Дзынкалі пчолы, прысядаючы i вагаючыся на буйных кветках канюшыны. На тым беразе Дзвіны імчаліся грузавыя машыны па размяклым ад спякоты асфальце. З-за лесу пачала выпаўзаць шэрая хмара, акаймаваная залатым абадком чэрвеньскага сонца.

Разамлелыя куры купаліся ў пяску. Недзе далёка завуркатаў глухі гром. Куры пачалі збіраць жоўценькіх куранят пад свае натапыраныя крылы. (83)

Паводле С. Грахоўскага

Адна рэч

Утульны невялічкі пакой. Ля акна стаіць звычайны пісьмовы стол. На ім бронзавы бюст Пушкіна. З правага краю стала ляжыць партфель, канверты з пісьмамі, запісныя кніжкі і блакноты. Тут ёсць яшчэ адна рэч. Лупа ў аправе. Дастаткова павярнуць яе – і пакажацца густы сасновы бор. Выразна відаць лясная сцяжынка, якую густа абступілі тоўстыя камлі хвой, кашлатыя елкі. Гэты краявід нагадваў паэту родныя наднямонскія лясы, а сцяжынка вяла ў незабыўны край дзяцінства, у глухую леснічоўку Альбуць. (73)

Паводле С. Александровіча

Правапіс раздзяляльнага мяккага знака і апострафа

Жаўрук

Рана вяртаецца пяюн вясны ў нашы краі. Толькі адкрыецца першая праталіна за вёскай, ён ужо тут як тут. Мільгае непрыкметна ў полі, шнырыць у леташняй траве. З яго песняй пачынаюцца працоўныя світанні над палямі. З ёю працягваецца абнаўленне зямлі.

Чым карысны жаўрук? Ён з’ядае насенне пустазелля. Зерне з хлебных каласкоў не лушчыць, а толькі збірае з зямлі апаўшае. А яшчэ ён харчуецца ўсё лета насякомымі. З’ядае шчаўкуноў, лістаедаў, даўганосікаў, вусеняў, матылёў.

Песня жаўрука здзіўляе сваёй меладычнасцю. (67)

З часопіса “Родная прырода”

Гэта як свята

З раніцы сеяў надакучлівы i дробненькі дождж. Зямля размякла, дрэвы стаялі паныла i нерухома. У такое надвор’е Васіль пайшоў у грыбы.

Ён увайшоў у асіннік. Над галавою адразу паплыў усхліп асінавага лісця. Заўсёды ў трывозе гэтае дрэва. Таму людзі не вельмі паважаюць яго.

Васіль асцярожна iшoў па лесе. Уважліва глядзеў ён наўкол. З хваляваннем чакаў той хвіліны, калі абмытая дажджом чырвоная галоўка першага падасінавіка ярка мільгане ў паўзмроку ляснога ранку. Гэта як свята. (76)

Паводле Л. Дайнекі

Летняя ноч

Ціхі сон ночы вее над зямлёю. Заснула поле пад чорнаю посцілкаю цьмы. Стары лес перастаў хістацца і махаць касматымі лапамі, стаіць па краях поля і дрэмле на месцы. Хаты зліліся пад адзін чорны плех і патанулі ў цемнаце. Ціха і спакойна!

Люблю я ў такую ночку выйсці на бераг возера і прыгледзецца да хараства летняй ночы, прыслухацца да яе цішы. Круглы, блішчасты месяц высока стаіць на небе і лье свой бледны свет на сонную зямлю, глядзіцца ў спакойную ваду возера. (82)

Завея

Закружыла сляпучая завея, пагнаўшы на змярканні рэдкі сняжок. Шалеў раз’юшаны вецер, белымі косамі змятаў з неба дробны снег. Снегам заносіліся вуліцы, перамяталіся дарогі. Толькі нязрушна i ўпарта стаялі старадаўнія дубы, на палявых межах махалі калючым пруццем дзікія грушы.

Аднак завея нечакана аціхла. Вынырнула i пачало яснець заўсёды чаканае сонца. Звонам пустых вёдраў пачаўся новы дзень. Ля парога чырыкалі галодныя вераб’і, а малыя дзеці, зрабіўшы на шыбе падталую дзірачку, адным вокам цікавалі на вуліцу, на роўны з плотам снег. (79)

Паводле В. Адамчыка

Драўляная лыжка

Кацярына Васільеўна чытала ліст ад сына з фронту. Сын быў жывы i здаровы, але здарылася бяда. Згубіў сваю лыжку, а новую дастаць на фронце цяжка. Радасці было многа, толькі прыкра, што прыходзіцца цярпець сыну ад такой дробязі, як лыжка.

Маці вырашыла разам з благаславеннем i пісьмом паслаць сыну на фронт лыжку.

Кацярына Васільеўна прыйшла са сваім лістом на пошту. Паштальён, першы інвалід Айчыннай вайны ў раёне, не ведаў, што яму рабіць. Але сумленне інваліда-байца не дазволіла яму адрэзаць лыжку ад ліста. Так яна дайшла да сына. (88)

Паводле Я. Маўра

Правапіс падоўжаных зычных

У асенні дзень

Bacіль некалькі хвілін нерухома пaзіраў угору. Далёка ў вышыні слалася цёмна-сіняя навісь неба. Па чыстым светлым прасторы паўзуць адзін за другім невялікія цёмныя кавалкі хмар.

Следам за хмаркамі плывуць у вырай дзікія гyci. Вось яны ледзь-ледзь прыкметныя ужо, толькі чуваць яшчэ ix курлыканне. Вось зараз змаўкае гэты ix развітальны говар, i хочацца, каб не знікалі гyci.

У паветры носяцца ніткі павуціння. Вочы сочаць за павуціннем, а вушы ўслухоўваюцца. Апрача шуму ветру, за густым асіннікам нічога не чуваць. Якая цішыня навокал! (83)

Паводле П. Галавача

Дубы

Сонечнае святло пранікае шырокімі палосамі паміж магутных ствалоў, залатымі праменьчыкамі, вясёлымі стрэлкамі прабіваецца скрозь шчыльную кучаравую лістоту.

Толькі на Палессі можна ўбачыць такія вялікія і прыгожыя дубровы, запаведныя зборышчы высакародных дрэў. Толькі на Палессі можна яшчэ любавацца дубамі, узрост якіх дасягае добрых шасці стагоддзяў.

Непахісна стаяць гэтыя маўклівыя сведкі шмат якіх вялікіх гістарычных падзей у жыцці народа. Стаяць нібы ў глыбокім роздуме, нібы ў доўгім зачараваным сне. (68)

Паводле В. Вольскага

Правапіс вялікай літары

Рака Бяроза

Яна для мяне адзіная. Бачыў я Волгу, Енісей, Об. Здзіўляўся i захапляўся ix прыгажосцю. Але яны былі толькі захапленнем i не зрабіліся часткаю душы маёй.

Бяроза у мяне адна, як адна вёска, дзе я нарадзіўся, як адна маці, якая дала мне жыццё. На Бярозе я ўпершыню ўбачыў сапраўдны мост, які злучаў два берагі. I па Бярозе на маленькім параходзе я ўпершыню ехаў у горад вучыцца. (67)

Паводле М. Ермаловіча

У нашых сэрцах

Ляўкі!.. З першай сустрэчы паэт палюбіў гэты маляўнічы куток Беларусі. Дняпро ў Ляўках асабліва прыгожы, раздольны.

Янка Купала з захапленнем гаварыў Петрусю Броўку: ”Паглядзі, Петрусёк, якая веліч гэта рака, яна звязвае рускіх, беларусаў і ўкраінцаў“.

Доўгі час жыў і працаваў Янка Купала ў Ляўках, тут напісаў многія свае вершы. Цяпер там створаны Купалаўскі мемарыяльны запаведнік, куды не зарастае народная сцежка. Легендай сталі ўспаміны пра паэта, які хадзіў па гэтых мясцінах.

Купала і сёння побач з намі. (79)

Паводле А. Навіцкага