Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
методыка БМ у СШ.docx
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
165.88 Кб
Скачать

15. Метады і прыёмы навучання беларускай мове

Працэс навучання, як вядома, адбываецца пры актыўнай дзейнасці яго суб'ектаў. Спосабы сумеснай мэтанакіраванай дзейнасці настаўніка і вучняў па авалоданні школьнікамі ведамі і практычнымі ўменнямі называюць метадамі навучання. Прыём навучання – прыватны сродак рэалізацыі метаду, яго састаўны элемент, канкрэтныя дзеянні, падпарадкаваныя агульнаму кірунку працы, вызначаным патрабаваннямі метаду. Метады практычна ўвасабляюцца праз прыёмы навучання.

Дыдакты і метадысты прапануюць розную класіфікацыю метадаў навучання, беручы за аснову розныя крытэрыі:

паводле крыніцы перадачы і ўспрымання вучэбнай інфармацыі: славесныя (паведамленне, гутарка, лекцыя), наглядныя (ілюстрацыі, назіранні, экскурсіі), практычныя (практыкаванні аналітычнага і сінтэтычнага характару, лінгвістычны эксперымент і інш);

у залежнасці ад логікі перадачы інфармацыі (індуктыўныя і дэдуктыўныя);

паводле характару вучэбнай дзейнасці (рэпрадуктыўныя і праблемна-пошукавыя) і інш.

У асобную групу выдзяляюцца метады кантролю за вучэбнай дзейнасцю вучняў: метады вуснага кантролю (франтальнае і індывідуальнае апытванне, вусны залік), пісьмовага кантролю (кантрольная праца, дыктант, пераказ, сачыненне, пісьмовы залік), камп’ютарнага кантролю і інш.

Найбольш распаўсюджанымі і прызнанымі лінгвадыдактыкай і практыкай метадамі навучання з’яўляюцца наступныя:

Паведамленне настаўніка. Карыстаючыся гэтым метадам, настаўнік сам выкладае вучэбны матэрыял у пэўнай сістэме і дакладна вызначанай паслядоўнасці, адказвае на пытанні вучняў, тлумачыць незразумелыя факты, паведамляе звесткі, якіх няма ў падручніку. Эфектыўнасць такога звязнага тлумачэння забяспечваецца яго ўмелым прымяненнем: спачатку настаўнік засяроджвае ўвагу вучняў на галоўных пытаннях тэмы, потым тлумачыць іх больш дэталёва і грунтоўна, ілюструе прыкладамі.

Паведамленне настаўніка можа быць працяглым (10–15 хвілін) і кароткім (3–5 хвілін). У спалучэнні з іншымі метадамі яно дапамагае развіваць увагу дзяцей, вучыць іх аналізаваць пачутае, выдзяляць у ім найбольш істотнае, даказваць вылучаныя палажэнні адпаведнымі аргументамі.

Гутарка – гэта прадметна арыентаваны дыялог паміж настаўнікам і вучнямі. Гутарка выкарыстоўваецца тады, калі матэрыял у пэўнай меры знаёмы вучням, а новая тэма можа быць супастаўлена з ужо вядомым, або калі матэрыял новай тэмы невялікі па аб'ёму і параўнальна лёгкі. Метад гутаркі рэалізуецца ў наступных разнавіднасцях: падрыхтоўчая, паведамляльная (эўрыстычная), узнаўляльная, паўтаральна-абагульняльная.

Метад практыкавання патрабуе ад вучняў шматразовага і разнастайнага прымянення атрыманых ведаў на практыцы з мэтай выпрацоўкі ўменняў і навыкаў, таму ён набывае асаблівую важнасць у навучанні мове і маўленчай дзейнасці. Ён рэалізуецца ў працэсе выканання практычных заданняў – практыкаванняў.

На ўроках мовы практыкаванні займаюць 80 % часу, таму надзвычай важна, каб яны былі мэтанакіраванымі і выкарыстоўваліся ў пэўнай сістэме.

Самастойная праца як метад навучання заснаваны на самаарганізацыі школьніка пры вывучэнні новага матэрыялу, выкананні практыкаванняў, заданняў. Самастойнай працы неабходна вучыць. У сувязі з гэтым важнае значэнне набывае выбар тэмы для самастойнага вывучэння. Лепш за ўсё, калі тэма будзе часткова знаёма вучням. Абапіраючыся на вядомае, дзеці без асаблівых цяжкасцей змогуць самастойна засвоіць новае. Для гэтага выкарыстоўваюцца такія прыёмы: пастаноўка задачы, апорныя пытанні, складанне плана параграфа і інш.

Самастойная праца павінна арганізоўвацца настаўнікам на кожным уроку.

Назіранне над фактамі мовы як метад навучання заключаецца ў арганізацыі планамернага, мэтанакіраванага ўспрымання вучнямі моўных з'яў, фактаў пры дапамозе спецыяльна прадуманых пытанняў і заданняў. Назіранне бывае індуктыўнае, калі спачатку на матэрыяле прапанаваных фактаў выдзяляюцца асноўныя прыметы граматычнай з'явы, якія затым абагульняюцца, пасля чаго вучні падводзяцца да пэўнай высновы, і дэдуктыўнае, калі спачатку фармулюецца гіпотэза (абагульненае меркаванне), якая затым пацвярджаецца ці абвяргаецца асобнымі фактамі

Назіранне часцей за ўсё выкарыстоўваецца ў спалучэнні з моўным аналізам. Метад моўнага аналізу прадугледжвае арганізацыю шматаспектнай аналітычнай дзейнасці над тэкстам, а таксама фанетычны, словаўтваральны, марфемны, марфалагічны, сінтаксічны, стылістычны разборы.

Лінгвістычны эксперымент як метад заключаецца ў тым, што шляхам замены, падстаноўкі, рэканструкцыі слоў, словазлучэнняў, сказаў выпрабоўваецца найбольш мэтазгоднае і апраўданае ўжыванне моўных сродкаў або матывуецца іх аўтарскі выбар як найбольш аптымальны.

Граматычнае мадэляванне – метад навучання, сутнасць якога заключаецца ў абагуленым фармальна-графічным адлюстраванні моўных з’яў ў выглядзе мадэляў, што ілюструюць складападзел (складовая мадэль слова), марфемную будову слова (марфемная мадэль), асаблівасці словаўтварэння (словаўтваральная мадэль), структуру сказа (структурна-сінтаксічная мадэль), тэксту (структурна-тыпалагічная мадэль). Гэты метад выкарыстоўваецца таксама і як спосаб абагульнення вывучанага матэрыялу ў выглядзе структурнай схемы.

Часцей за ўсё на ўроку выкарыстоўваюцца некалькі метадаў, аднак нейкі адзін з іх дамінуе як найбольш эфектыўны пры вырашэнні асноўнай дыдактычнай задачы.

Універсальнага метаду, якім бы можна было карыстацца на ўсіх этапах навучання мове і пры вывучэнні ўсіх граматычных тэм, няма і не можа быць. Названыя вышэй метады выкарыстоўваюцца ў залежнасці ад узросту і ступені падрыхтаванасці вучняў, ад канкрэтных мэт і задач кожнага ўрока, ад педагагічных магчымасцей настаўніка.