Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
лекции-бел-лит 11-17.docx
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
135.04 Кб
Скачать

Перакладная літаратура беларусі XI-XVII ст. (электронная лекцыя)

Паводле гістарычнага паходжання помнікаў прынята вылучаць перакладную і арыгінальную старабеларускую літаратуру.

Варта падкрэсліць, што падзел на “сваю” і “чужую” літаратуру ў гэтым сэнсе даволі ўмоўны, бо размова будзе ісці пра агромністы фонд кніжнай спадчыны, агульны для культурных прастораў праваслаўнага і каталіцкага славянства, якія прынята называць адпаведна Slavia Orthodoxa іSlavia Latina (тэрміны ўвёў ва ўжытак італьянскі славіст Рыкарда Пікіа).

Ужо ў раннім Сярэднявеччы (ХІ-ХІІІ ст.) айчынны чытач меў магчымасць пазнаёміцца (у перакладах на стараславянскую мову, а таксама ў грэчаскіх і лацінскіх арыгіналах) з асобнымі кнігамі Бібліі, апокрыфамі, жыціямі, творамі айцоў Царквы, гістарычнымі аповесцямі, хронікамі і многімі іншымі помнікамі, што бытавалі ў той час у Візантыі і Егіпце, у Рымскай Імперыі і краінах Блізкага Усходу.

Найбольш актыўна балгара-візантыйская кніжная спадчыны пачынае пранікаць на Русь у к.Х-пач.ХІ ст., калі на ўсходнеславянскіх землях склалася перакладчыцка-літаратурная школа, якая выпрацавала свае прёмы перакладу і асаблівасці стылю.

У старабеларускай перакладной літаратуры можна вылучыць тры тыпы перакладу:

                          I.          ліатаральны пераклад: характэрны для твораў рэлігійнага і псеўдарэлігійнага зместу

                        II.          адаптацыя (спрашчэнне): характэрны для твораў свецкай тэматыкі

                      III.          кампіляцыя (ад лац. сompilatio – рабаўніцтва, гэта складанне тэксту шляхам запазычання фрагментаў чужых твораў без самастойнай апрацоўкі крыніц і звычайна без спасылак на аўтараў): закрануў у асноўным гістарыяграфію і гістрычны раман.

На першым этапе перакладныя творы выкарыстоўваюцца пераважна як узор, а з цягам часу выступаюць як “паскаральнік” генезісу літаратуры арыгінальнай.

Робяцца непасрэдныя пераклады з грэчаскіх арыгіналаў (хронікі), з сірыйскай (“Аповесць аб Акіры Прамудрым”) і старагабрэйскай (біблейская кніга Эсфір) моў. Асобныя творы былі перакладзены з лаціны ў Чэхіі і адтуль трапілі на ўсходнеславянскія землі (апакрыфічнае “Евангелле Нікадзіма”).

 

Перакладная літаратура Беларусі ранняга Сярэднявечча прэзентавана:

  Апокрыфамі (ад грэч. αροκριφης “таемны”) – творамі з біблейскімі сюжэтамі, у якіх дапушчаны адступленні ад афіцыйнага веравучэння, і таму адхіленыя царквой.

Беларуская рэдакцыя апокрыфа “Блуканне Багародзіцы па пакутах”

Найбольшую папулярнасць сярод эсхаталагічных апокрыфаў (звязаных з фантастычным аповедам аб пасмяротным жыцці ў іншасвеце і канцы свету) на ўсходнеславянскіх землях атрымаў твор “Блуканне Багародзіцы па пакутах”. Помнік узнік на хрысціянскім Усходзе ў V ст. і быў перакладзены з грэчаскай мовы паўднёвымі славянамі. У апокрыфе дэталёва ўзнаўляецца т.зв. малая эсхаталогія – пакуты грэшнікаў да Страшнага Суда. Па жанравай прыродзе твор блізкі да апакрыфічных відзежаў і хаджэнняў. Беларуская рэдакцыя апокрыфа мае назву Аб дванаццаці пакутах (лічба ’12’ мае сакральнае значэнне і сімвалізуе поўны цыкл пакутаў грэшнікаў). Параўнаем старажытнарускую і старабеларускую рэдакцыі апокрыфа:

старажытнаруская рэдакцыя

старабеларуская рэдакцыя

кампазіцыя:

Складаецца з трох частак: уступу (пачынаецца арыгінальнай устаўкай аб пакаранні язычнікаў),  асноўнай часткі (пабудавана ў форме падарожжапа Пекле),  заключэння (малітва Багародзіцы да Госпада).

Мае дванаццаць частак (уступу і заключэння няма), напісаных у форме дыялогу паміж Багародзіцай і архангелам Міхаілам, у якіх падрабязна апісваюцца пакуты грэшнікаў.

ідэйны змест:

Аўтар акцэнтаваў увагу на вобразе Багародзіцы-заступніцы і праводзіўідэю міласэрнасці, даравання кожнаму, незалежна ад колькасці грахоў. Вобраз Дзевы Марыі надзелены канкрэтнымі чалавечымі якасцямі: гэта жанчына-маці, якая глыбока спачувае людзям і тройчы моліць абыякавага і жорсткага Бога хоць часова аблегчыць пакуты грэшнікаў.

У цэнтры ўвагі твора канкрэтныя натуралістычныя сцэны фізічных пакутаў грэшнікаў, праводзіцца думка аб прапарцынальнасці грахоў і пакарання за іх, выразна гучыць ідэя пакаяння.

 

  Патрыстыкай – творамі Айцоў Царквы ІІІ-VІІІ ст., прызнаных духоўных настаўнікаў усіх хрысціян: Васіля Вялікага, Грыгорыя Назіянзіна, Яфрэма Сірына, Іаана Златавуста. Іх творы распаўсюджваліся ў складзе зборнікаў пад назвамі Златаструй, Златавуст, Маргарыт.

  Агіяграфіяй – “архетыпам” жыція, яго ідэальнай схемай лічыцца візантыйскае “Жыціе Аляксея, чалавека Божага”, перакладзенае ў ХІ ст. і шырока вядомае таксама ў літаратурах рамана-германскіх народаў.

  Гістарыяграфіяй – перакладныя хронікі Георгія Амартола і Іаана Малалы; “Аповесць пра разбурэнне Іерусаліма” – пераробка ХІІ ст. шырокавядомай кнігі “Гісторыі Іудзейскай вайны” Іосіфа Флавія, напісанай у Рыме ў VІІІ ст., важнай крыніцы па гісторыі ранняга хрысціянства; “Александрыя” – раман пра жыццё, подзвігі і смерць Аляксанда Македонскага; “Хрысціянская тапаграфія” Казьмы Індзікаплова (Індзікаплеўст з грэч. плавацель у Індыю, напісана на Сінаі ў VІ ст., збор нататкаў і звестак па геаграфіі, біялогіі, астраноміі).

  Зборнікамі – “Шасціднеў”, “Пчала”, “Залаты Чэп”, “Фізіялог”, “Ізборнік 1073 г.”.

 

Старабеларуская перакладная літаратура позняга Сярэднявечча ўзбагацілася такімі творамі як:

  “Пакуты Хрыста” – апакрыфічная аповесць пра апошнія дні зямнога жыцця, пакутніцкую смерць і ўваскрасененне Ісуса Хрыста, што захавалася ў двух зборніках ХV-ХVІ ст. і была створана на аснове лацінамоўнага твора “Дзеі Пілата” і апакрыфічнага “Евангелля Нікадзіма”. Вобразы маці і сына ў творы глыбока чалавечыя і эмацыйна насычаныя, іх боская прырода як бы адсоўваецца на другі план, а плачы Багародзіцы маюць яўную сувязь з народнымі галашэннямі.

  “Жыціе трох віленскіх пакутнікаў” – мяркуецца, што каля 1374 г., калі частка мошчаў святых была перанесена ў Канстанцінопаль і канстанцінопальскі патрыярх прызнаў віленскіх пакутнікаў святымі, на грэчаскай мове было складзена “Жыціе”, якое праз паўднёваславянскае пасрэдніцтва трапіла ў сяр. ХV ст. у Беларусь.

 

Сярод помнікаў даўняга пісьменства Вялікага Княства Літоўскага значнае месца займаюць перакладныя творы, якія на працягу многіх стагоддзяў мелі шырокае распаўсюджанне ў розных чытацкіх колах. Звычайна гэта былі не даслоўныя пераклады, а творчыя апрацоўкі, што дапаўняліся матэрыялам разнастайнага зместу. Узаемадзейнічаючы з літаратурай арыгінальнай, і ў нейкай ступені з фальклорам таксама, перакладныя творы тым самым рабіліся набыткам літаратуры арыгінальнай.

У гісторыі беларускай перакладной літаратуры XV-XVII ст. выразна вылучаюцца два этапы:

на першым назіраецца пранікненне як заходніх, так і паўднёва-славянскіх літаратурных помнікаў, а з пачаткам XVI ст. – пераважна заходніх. Асноўнымі літаратурамі-крыніцамі для свецкага перакладнога пісьменства Беларусі былі польская, чэшская і сербская.

З Польшчы з’явіліся ў старабеларускай літаратуры наступныя найбольш значныя помнікі:

1.     “Хроніка ўсяго свету” Марціна Бельскага, перакладзена па-беларуску паміж 1564-1572 гг.

2.     “Хроніка Польская, Літоўская і Жамойцкая” (1582) Мацея Стрыйкоўскага

3.     “Жыція Святых” (1579) Пятра Скаргі

4.     “Гісторыя пра Атылу, караля Угорскага” або “Атыла”

Была перакладзена на беларускую мову ў 80-я гады XVI ст. у шляхецкім асяродку. У адрозненні ад беларускага перакладу, польскі мае свайго аўтара. Ім быў рэнесансны польскі пісьменнік, друкар і дзеяч рэфармацыйнага руху Цыпрыян Базылік, які з 1558 па 1567 г. знаходзіўся на службе ў М. Радзівіла Чорнага. Заснаваўшы ў Берасці друкарню, Ц. Базылік выдаў шэраг уласных перакладаў. Гісторыя дзеяў Атылы Ц. Базыліка – амаль даслоўны пераклад лацінамоўнай Vita Atilae венгерскага гуманіста, прымаса Венгрыі Міклаша Олага. Пачатак XVI ст. – гэта час абуджэння патрыятычнага настрою сярод перадавых колаў венгерскай інтэлігенцыі, якая перад тварам турэцкай небяспекі разумела неабходнасць мець мудрага і моцнага кіраўніка і дзеля абгрунтавання свайго права на дзяржаўнасць звярнулася да гісторыі. Прыклад такога кіраўніка быў знойдзены ў асобе Атылы, што паступова прывяло да выпрацоўкі нацыянальнага міфа, паводле якога гуны – продкі венграў, а Атыла – першы кароль венгерскай дзяржавы. Імкнучыся да стварэння прыхарошанага вобраза правадыра гунаў і “продка” венграў, Олаг амаль пазбаўляе яго адмоўных якасцяў, вылучаючы на першы план мудрасць, адвагу і разважлівасць героя, што адпавядала светаўспрыняццю венгерскіх патрыётаў.

5.     “Пакуты Хрыста” і “Аповесць пра трох каралёў” (к.ХV-пач.XVIст.).

Пакуты Хрыста” –  апакрыфічная аповесць пра апошнія дні зямнога жыцця, пакутніцкую смерць і ўваскрасененне Ісуса Хрыста, што захавалася ў двух зборніках ХV-ХVІ ст. і была створана на аснове лацінамоўнага твора “Дзеі Пілата” і апакрыфічнага “Евангелля Нікадзіма”. Вобразы маці і сына ў творы глыбока чалавечыя і эмацыйна насычаныя, іх боская прырода як бы адсоўваецца на другі план, а плачы Багародзіцы маюць яўную сувязь з народнымі галашэннямі.

6.     “Александрыя” (1550) лацінскай рэдакцыі, вядомая ў трох беларускіх спісах.

У ліку першых перакладных твораў свецкай тэматыкі, папулярных у ВКЛ з часоў Сярэднявечча, былі творы пра Аляксандра Македонскага і Траянскую вайну. На пачатку XVI ст. Трою і Александрыю згадвае Францішак Скарына у сваёй „Прадмове да ўсяе Бібліі“: “Аще ли же кохание имаши ведати о военных а о богатырских делех, чти книги Судей или книги Махавеев, более и справедливее в них знайдеш, нежели во Александрии или во Тройи”.

7.     “Рымскія дзеі” (“Gesta Romanorum”), беларускі пераклад 1688 г. рыхтаваўся да друку ў Магілёве.

Найбольш тыповай формай бытавання розных па тэматыцы, жанрах і паходжанні літаратурных твораў у эпоху Сярэднявечча былі зборнікі. З канца XV ст., калі ўзмацніліся культурныя сувязі Беларусі з Заходняй Еўропай, з’явіліся і першыя пераклады падобных зборнікаў на беларускую мову. Найбольш папулярнымі з іх былі “Вялікае люстра” (“Великое зерцало”) і “Рымскія дзеі” (“Римские деяния”). Пры гэтым звычайна перакладаліся толькі асобныя творы, што з нейкіх прычын пасавалі густу перакладчыка або ўкладальніка. У пэўнай ступені адбор тлумачыўся і функцыянальным прызначэннем зборнікаў: у першую чаргу яны служылі ілюстрацыйным матэрыялам для царкоўнай пропаведзі, калі ўзнікала неабходнасць патлумачыць вернікам яе асобныя моманты, падаць у даступнай форме наглядны прыклад паводзінаў сапраўднага хрысціяніна. Зазвычай “прыклады” суправаджаліся “выкладамі”-маралізацыямі з тлумачэннем сімвалічна-алегарычнага сэнсу зместу твора. Так, пад рыбаком разумеўся Ісус Хрыстос, пад князем – святар, пад чоўнам – царква, пад морам – бурлівае чалавечае жыццё і г. д. З мэтай эмацыянальнага ўздзеяння на чытача шырока ўжываліся міфалагічныя і казачныя матывы, закраналіся асобныя аспекты міжкласавых дачыненняў, пытанні этыкі, маралі і міжасабовых стасункаў. Зборнік “Рымскія дзеі” (“Gesta Romanorum”) адносіцца да ліку тых папулярных і распаўсюджаных твораў сярэднявечнай літаратуры, якія трывала ўвайшлі ў культурны набытак чалавецтва. Па папулярнасці з “Рымскімі дзеямі” могуць параўнацца хіба толькі Біблія або Тысяча і адна ноч. “Рымскія дзеі” паўплывалі на развіццё як рэлігійнай, так і свецкай літаратуры Сярэднявечча і Адраджэння. З іх чэрпалі матэрыял такія пісьменнікі, як Бакача, Чосэр, Шэкспір, Шылер. Словам, поспех, што выпаў на долю “Рымскіх дзеяў”, быў надзвычайны: перапісванне зборніка не спынілася і з пачаткам кнігадрукавання, дзякуючы чаму да нашага часу захавалася звыш 150 спісаў. Акрамя невялікай групы аповедаў, звязаных непасрэдна з рымскай гісторыяй, матэрыялам для “Gesta Romanorum” служылі разнастайныя аповесці ўсходняга паходжання, запазычаныя з антычных аўтараў анекдоты і байкі, прытчы. Беларуская рэдакцыя Рымскіх дзеяў была створана ў 1688 г. і падрыхтавана да друку ў Магілёве, але з нейкіх прычынаў выданне не было ажыццёўлена. Беларускі пераклад змяшчае 39 апавяданняў. Для большасці “прыкладов” характэрны аскетызм аповеду, простая кампазіцыя, змястоўная насычанасць і дынамізм дзеяння.

 

З Чэхіі (часам праз польскае пасрэдніцтва):

1.     “Кніга пра Таўдала-рыцара”

2.     “Казанне пра Сівілу-прарочыцу”

3.     “Траянская гісторыя” (ХІІ ст.) сіцылійца Гвіда дэ Калумны.

 

З Сербіі:

1.     “Бава” і “Трышчан” – рыцарскія раманы, сербскія пераклады якіх узыходзяць да італьянскіх (венецыянскіх) крыніц.

Рыцарскі раман стаў адным з новых жанраў, прыўнесеных у перакладную беларускую літаратуру ў ХVІ ст. Пранікаючы ў іншыя культуры, рыцарскія раманы падвяргаліся пэўным зменам, іх дапасоўвалі да ідэйных запатрабаванняў і мастацкіх густаў мясцовых чытачоў. У пэўнай ступені беларускім адпаведнікам еўрапейскага рыцарства была службовая шляхта (“шляхтич” і “рыцерь” у сярэднявечнай Беларусі былі раўназначнымі словамі). Менавіта ў шляхецкім асяроддзі на Наваградчыне ўзнікаюць пераклады рыцарскіх раманаў пра Трышчана і Баву, якія змешчаны ў т.зв. Пазнанскім зборніку канца XVI ст. пад агульным загалоўкам: “Починаеться повесть о витезях с книг сэрбъских, а звлаща о славном рыцэры Трысчан[е], о Анцалоте и о Бове и о иншых многих витезех добры[х]”.

2.     “Гісторыя пра Варлаама і Іасафа” – хрысціянізаваны жыццяпіс Буды

Надрукаваная ў 1637 г. у Куцейне (каля Оршы), перакладзеная манахамі мясцовага манастыра з стараславянскай мовы са зверкай па грэчаскім тэксце. Адметна, што пераклад твора на зразумелую народу мову з’яўляецца ў час надзвычай складанага становішча праваслаўнай царквы ў ВКЛ.

 

З Балгарыі трапіла “Троя” XV ст., з Германіі “Тры каралі” Іаана Хільдэсхаймскага.

 

Праз габрэйскае пасрэдніцтва з’явіліся пераклады шэрагу твораў містычнага характару:

1.     “Тайна Тайнаў” псеўда-Арыстоцеля

2.     “Шасцікрыл” Імануэля-бен-Якуба

3.     “Логіка” Майманіда-аль-Газалі.

 

У XVI–XVII стст. перакладаліся ў ВКЛ і гістарычныя творы расійскага паходжання. Адзін з іх – “Аповесць пра разгром Мамая” – склаўся на аснове гістарычных звестак, вусных паданняў, расійскай летапіснай аповесці і іншых матэрыялаў пра Кулікоўскую бітву 1380 г., важную ролю ў якой адыграў беларускі полк. Напісаны ў традыцыйным стылі воінскіх аповесцяў, твор спалучае паэтычную вобразнасць расійскай Задоншчыны і царкоўна-легендарныя матывы, што забяспечыла яму шырокую папулярнасць. На працягу трох стагоддзяў помнік пашыраўся, перапісваўся, уключаўся ў самыя разнастайныя зборнікі, рэдагаваўся ў адпаведнасці з тымі ці іншымі патрабаваннямі. Пад час гэтых перапрацовак узнік беларускі варыянт, які захаваўся ў рукапісе ХVІІ ст. У адрозненні ад арыгінала (першая трэць ХV ст.) і сямі пазнейшых велікарускіх рэдакцый беларускі варыянт аповесці вызначаецца сцісласцю, яснасцю і выразнасцю мовы, строгай паслядоўнасцю раздзелаў, цэласнасцю іх структуры. Разам з тым, у творы патрапіла шмат фактычных недакладнасцяў, некаторыя гістарычныя факты былі падтасаваны, а імёны зблытаны, што было непазбежным наступствам доўгага бытавання і пераапрацоўкі твора рознымі перапісчыкамі на свой густ.

 

Названыя вышэй творы і крыніцы вызначаюць характар і ўзровень літаратурных кантактаў Беларусі з Еўропай, заснаваных на агульнасці крыніц іх культурнага развіцця: культура Захаду (рыма-каталіцкая) і Усходу (Візантыя і краіны Усходу).

 

Пачатак вывучэння перакладной літаратуры Вялікага Княства Літоўскага прыпадае на 1886 г. і звязаны з імем знакамітага польскага даследчыка Аляксандра Брукнэра, які ўпершыню даў характарыстыку найвыдатнейшым помнікам гэтай галіны літаратуры – раманам пра Трышчана, Баву і Атылу. Яўхім Карскі ў сваёй працы “Беларусы” ўвёў у навуковы зварот многія з помнікаў перакладной літаратуры Беларусі XVI – XVIII стст.

На сучасным этапе вывучэннем перакалдной белетрыстыкі Беларусі XV – XVII стст., як адной з найменш даследаваных галін нашага даўняга прыгожага пісьменства плённа займаецца А.У. Бразгуноў. Укнізе “Перакладная белетрыстыка Беларусі ХV-ХVІІ стагоддзяў” Мн., 2007 на прыкладзе канкрэтных помнікаў перакладнога пісьменства, такіх як “Трышчан”, “Бава”, “Александыя”, “Троя”, “Атыла” і інш. даследуюцца пытанні гісторыі і эвалюцыі такіх папулярных жанраў беларускай перакладной літаратуры як рыцарскі раман і навела, гістарычны раман і аповесць. У выданні “Беларускія Александрыя, Троя, Трышчан…: Перакладная белетрыстыка Беларусі XV–XVII стст.” (укладанне, расчытанне, пераклад са старабеларускай, прадмова, каментар А.У. Бразгунова) Мн., 2009 у арыгінале друкуюццца знакамітыя і папулярныя пераклады, а фактычна асобныя мастацкія творы, старабеларускай літаратуры XV–XVII стагодздзяў.

Перакладная літаратура ВКЛ XVI–XVII стст. была цесна звязана з літаратурай арыгінальнай, складала з ёй арганічнае цэлае і ўтварала адзіную ідэйна-эстэтычную і мастацкую сістэму, якая суадносілася з свестапогляднымі ўстаноўкамі чытача. Яна істотна дапаўняла арыгінальную літаратуру тымі творамі, патрэба ў якіх была найбольш адчувальная на пэўным этапе культурнага развіцця грамадства. З той прычыны, што ў эпоху Сярэднявечча і на ранніх этапах Адраджэння паняцці аўтараскага і нацыянальнага права на мастацкі твор не мелі такога істотнага значэння, як у пазнейшыя часы, значная колькасць перакладаў бытавала ананімна, падвяргалася скарачэнням і пераробкам. Больш за тое, у іх пазнейшых рэдакцыях многія пераклады наогул мала што звязвала з першатворам. Тагачасныя рэдактары, тлумачальнікі і перапісчыкі звычайна кіраваліся не столькі задачай даслоўнага перакладу абранай крыніцы, колькі перадачай яе змястоўнага і ідэйна-маральнага напаўнення (а часам і выкладу ўласнага погляду на пэўныя з’явы ці факты). Менавіта таму многія выдатныя помнікі сусветнай літаратуры існавалі ў разнастайных рэдакцыях і варыянтах, што дае падставы разглядаць іх як неад’емную частку той нацыянальнай літаратуры, у якой яны бытавалі. Наяўнасць беларускіх перакладаў паспрыяла станаўленню жанраў у арыгінальнай літаратуры, узмацненню ў ёй свецкай плыні. Пераклад не толькі з’яўляўся добрай школай фантазіі і творчасці, але і паказваў, на якой глебе магла развівацца арыгінальная літаратура, выяўляў духоўнае жыццё праз свецкія інтарэсы таго часу, пашыраў кругагляд беларускага грамадства, знаёміў з гістарычнай і літаратурнай спадчынай іншых эпох і народаў.

 

Ганаровае месца сярод перакладаў царкоўна-рэлігійнай скіраванасці займаюць кнігі Бібліі – выдатнага помніка сусветнай культуры.