Над соломенною крышей
Рассыпается огнем.
И окно тотчас затворит
Чернобровая вдова;
Только слышатся в светлице
Поцелуи да слова61.
У баладзе Ю.Корсака валадарыць пачуццё наіўнай дзяўчынкі, што блытае каханне з блізкай смерцю:
Вось і поўнач, цёмнасць ночы,
Сон дзяўчына пакідае,
Устаўляе ў неба вочы
І Лятаўца выклікае.
"Выйдзі, блісні з-за аблокаў,
Покуль дзесьці спіць світанак.
Ты майму прысвечвай воку,
Прамяністы мой каханак!
Сэрцам, думкамі сваімі
Я далёка ад зямлянаў
З той пары, як залатымі
На мяне вачмі ты глянуў"62.
Яе д'ябельскі каханак нагадвае лермантаўскага Дэмана, бо яна падсвядома адчувае ў ім пякельную сілу, бо і сляза ягоная "chłodna i ziębiąca". І людзі з вёскі згадваюць, што "ją zranił zub upiora", ці не таму няшчасная дзяўчына памірае ў страшэнных пакутах.
Але, у адпаведнасці з “краёвай” традыцыяй, твор завяршаецца, як і ў Чачота, дыдактычнымі строфамі:
O piękności! myśli twoje
W sferze marzeń niech nie giną;
Wiedz, żyjącym życie zdroje
Ze na ziemi tylko płyną...
Co niebieskie niech cię wzruszą,
Duch niech pozna skąd pochodzi;
Lecz ta piękniej mądra dusza,
Co z niebieskiem ziemskie zgodzi63.
Падобнымі ў сюжэтным плане аказаліся балады “Ucieczka” (“Уцёкі”) Вінцэнта Чайкоўскага і “Trop wilczy” (“Ваўчыная сцежка”) Ф.Багушэвіча, у якіх апавядаецца пра патаемныя сустрэчы закаханых. Яны адбываюцца ў надзвычай неспрыяльных (сапраўды баладных) умовах, калі
У галінах свішча вецер,
Звіслі хмуры густа-нізка,
Быццам зоркі тыя, свецяць
Аганькі хацін няблізка.
А вароты ўжо заперлі,
Цёмна, глуха, спяць глыбока,
Спяць глыбока, бы памерлі,
Ды не зводзіць Мар’я вока64.
у першым творы, noc cicha i ciemna, – a jak grob step milczy – у другім. І ў першым, і ў другім выпадку стары суддзя і гетман спрабуюць перашкодзіць спатканню маладых. Але калі ў першым варыянце доля на іх баку, то ў другім усё завяршаецца трагічна:
Hetman dzący podniosł rusznicę i ...celi
Haknął wystrzał ... jękło! Step dokola milczy.
Ej, dziś jeszcze hetman wyśledził trop wilczy!65
Балада выканала сваю задачу. Яна стала маніфестам новага літаратурнага напрамку, паказала найбольш яскрава асноўныя прынцыпы рамантызму. А самае галоўнае – данесла свету вестку пра зачараваны край Беларусь, дзе ўсё незвычайна і фантастычна, а таму так займальна. Ці не таму з гэтага часу і заклалася традыцыя ўяўляць наш край менавіта такім таямнічым і загадкавым, што будзе вызначальным для беларускіх балад і ХІХ, і нядаўна мінулага ХХ стагоддзя.
ПЕСНЯ – форма музычна – слоўнага мастацтва, у якой паэтычны і музычны тэкст аб’ядноўваюцца ў адзіны песенны вобраз. Звычайна адрозніваюцца народныя (фальклорныя) і прафесійныя песні. Аднак паміж імі нельга правесці непераадольныя межы – элементы народных першаўзораў шчодра засвойваюцца прафесійнымі літаратарамі і музыкамі, а аўтарскія творы даволі часта фалькларызуюцца. Асабліва гэты працэс характэрны для беларускай культуры ХІХ стагоддзя, якая доўгі час заставалася напоўфальклорнай. Якраз у гэты час пачынаецца збіранне, публікацыі і вывучэнне беларускай народнай песні, першыя спробы яе кампазітарскай апрацоўкі і канцэртнай прапаганды, бо ўжо тады адчуліся яе выключныя эстэтычныя і этычныя вартасці. Так, піянер славянскай фалькларыстыкі Зарыян Даленга – Хадакоўскі адным з першых адзначыў мілую прастату, сум, поўны іншасказальнасці і старажытнасці вобразаў. Рамуальд Зянькевіч у 1851 годзе ў Коўне выдаў аб’ёмісты зборнік “Ріоsnki gminne ludu pińskiego”66, дзе сабраў 219 вясельных, калядных, купальскіх і жніўных песняў. Зборнік быў разлічаны на польскага чытача, бо ўсе песні падаваліся як у арыгінале, так і перакладзе на польскую мову. Варта згадаць высокую ацэнку фалькларыстам народных песняў, якія ён лічыў праўдзівым адлюстраваннем душы і сэрца працоўнага люду.
У 1840 годзе выдаў уласную кнігу “Віаłoruś”67 фалькларыст, паэт, мастак, фатограф, кнігавыдаўца Аляксандр Рыпінскі, дзе ён змясціў і прааналізаваў самыя разнастайныя ў жанравых і тэматычных адносінах беларускія народныя песні ( як абрадавыя і пазаабрадавыя, так і духоўныя творы і галашэнні). Гэты своеасаблівы рэферат наскрозь прасякнуты рамантычным захапленнем аўтара народнай паэзіяй, звычаямі, танцамі, песнямі. Невыпадкова славуты прафесар Ю.Кжыжаноўскі характарызуе яго так: “Беларусь” – дасканала напісанае фалькларыстычнае даследаванне, якое належыць да рада твораў, пачатых некалі Зарыянам Даленгам-Хадыкоўскім, и якое наближаецца да славутага “Люду беларускага” М.Федароўскага”68. Характэрна, што даследаванне А.Рыпінскага ўяўляе сабой не толькі паэтычныя ўспаміны чалавека, вымушанага назаўсёды развітацца з радзімай. Паэт вылучыў асноўныя, найбольш распаўсюджаныя ў беларускім фальклоры песні і, аб’яднаўшы іх у асобныя цыклы, даў дакладную, глыбокую характарыстыку іх зместу і меладычнасці. Адным з першых ён адзначыў амаль поўную адсутнасць гераічнага эпасу ў нацыянальнай вуснай паэзіі: “Што датычыць гераічных песень, то іх вельмі мала прыйшлося слухаць на Белай Русі. Ды і тыя, што я чуў, хутчэй за ўсё запазычаныя”69. (Як вядома, іменна існаванне традыцый гераічнага эпасу з’яўляецца важнай перадумовай для з’яўлення рамантычнай паэзіі).
Фалькларыстычныя даследаванні паэта, як і яго знаёмства з традыцыямі славянскай рамантычнай паэзіі, прымусілі А.Рыпінскага добра ўсвядоміць, што нацыянальная паэзія не магла паўтарыць шляхі зараджэння рамантычнай літаратуры ў іншых народаў, фальклор якіх меў высокаразвіты гераічны эпас, а паэзія – пэўныя традыцыі ягонай апрацоўкі і асэнсаванне. Знамянальна, што паэт у дадзеным выпадку цалкам салідарызуецца са сваімі папярэднікамі, у першую чаргу Я.Баршчэўскім, які лічыў немагчымым запазычванне мастацкіх форм, што выкарыстоўвалі пісьменнікі Англіі, Германіі ці Францыі. Паэты рамантычна-этнаграфічнага перыяду заканамерна лічылі, што замежная “вопратка” будзе не да твару беларускай паэзіі, бо дух беларускага народа шмат у чым спецыфічны. Для яе неабходна зусім іншая форма, якая павінна гарманіраваць як з нацыянальным фальклорам, так і, што не менш важна, з традыцыямі літаратуры. Форма павінна быць узята непасрэдна з “самой натуры” (Ян Баршчэўскі). А.Рыпінскі разгледзеў родную песню ў супастаўленні з песняй братніх славянскіх народаў – палякаў, украінцаў, рускіх. І самае галоўнае, на аснове фальклорных твораў ён спрабуе зрабіць іх ператварэнне на мову польскую і напісаць уласныя творы паводле народных першаўзораў. Праўда, сам “паэт-фалькларыст не прадчуваў, не прадбачыў самастойнага развіцця беларускай літаратуры і шчыра імкнуўся падключыць вуснапаэтычную творчасць сваіх землякоў да сферы жыўлення польскага рамантызму народнасцю”70.
Цікавай з’явай стаў зборнік фалькларысткі Е.П. “Народные белорусские песни”, (СПб, 1853), выдадзены ў адрозненне амаль ад усіх зборнікаў ХІХ ст. не лацінкай, а кірыліцай. Е.П. была захоплена незвычайным багаццем і прыгажосцю беларускіх народных песняў, называючы іх галоўным славесным багаццем беларусаў, самароднымі помнікамі славеснасці, якія жывуць неўміручым жыццём у вуснах простага народа. Яна адна з першых адзначыла глыбокую старажытнасць беларускай народнай песні і ролю апошняй ў штодзённым бытаванні беларуса. Даўшы свой пераклад беларускай народнай паэзіі на рускую мову, яна значна пашырыла далягляды роднай лірыкі і пазнаёмілі рускага чытача адметнасцямі псіхалагічнага бытавання братняга народа: “Песнямі беларускія жыхары вітаюць веснавое сонца, сустракаюць вясну-красну, першы веснавы дожджык і песнямі цешацца ў жніво. Песня – то вясёлая, то сумная, звязаная з важнейшымі момантамі жыцця простага народа, праводзіць яго да магілы і заканчваецца галашэннем над целам нябожчыка”71. Многія даследчыкі фальклору адзначылі наяўнасць у гэтым зборы цудоўных твораў па сваёй паэтычнай фігуры і абрадаваму зместу.
Шматлікія прадстаўнікі “беларускай школы” ў польскай рамантычнай паэзіі крэсаў перакладалі беларускія народныя песні або рабілі адпаведныя стылізацыі пад іх. Так, у трэцім томе калектыўнага трохтомніка “Паэзія трох братоў” (1837) адзін з братоў Гжымалоўскіх, Юльян, вылучыў асобны раздзел “Песні люду беларускага”, дзе надрукаваў адзінаццаць твораў 1835 года72. Гэта адметныя, самастойныя творы, аднак свядома стылізаваныя пад паэтыку народных першаўзораў. У першым жа томе Валер’ян захоплена прызнаецца ў любові не толькі да краявідаў роднай Дзвіны, але і беларускіх песняў:
Miłe mi piosnki Białorusinek,
Miły ton piosnek żałosny;
Spiewaj, dziewczynko, i w czas dożynek,
I pod czas zimy i wiosny!73
На аснове шматлікіх народных песняў, якія друкаваў Юльян, Валер’ян напісаў паэму “Блаславенне”. Па сутнасці браты ставілі перад сабою надзвычай складаную задачу. Яны не толькі імкнуліся перастварыць беларускія першаўзоры тагачаснаю літаратурнаю мовай і тым самым увесці іх у літаратурную практыку, але і хацелі, адштурхоўваючыся ад велізарнай эстэтычнай і этычнай патэнцыі народнай песні, закласці фундамент новай славянскай літаратуры, зусім адметнай ад польскай, рускай і жамойцкай.
У зборніку “Паэзія” (Вільня, 1845) Гераніма Марцінкевіча таксама змешчаны восем арыгінальных “Перакладаў з беларускіх народных песень”, якія шмат у чым захавалі непаўторны водар паэзіі народных першаўзораў.
Вышэй мы згадвалі, што Т.Зан напісаў музыку да шэрагу твораў Яна Чачота. Сам жа прамяністы, як і ягоны сябра, у турме, прадчуванне раставання з блізкімі, каханай і Радзімай, выліў са свайго сэрца “Песню з турмы”. Ён у поўнай адпаведнасці з народнай традыцыяй марыць пра арліныя крылы, што дазволілі б узняцца ў неба і паляцець да каханай. Ён смуткуе па дзяўчыне, не можа ўявіць сваё жыццё без адзінай, але марыць толькі аб адным – можа некалі яна прыйдзе на яго магілу і згадае выключнае каханне:
Каб арліныя мне крылы,
Тут жа б я – хай згуба –
