Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ПОЛЬСКАМОЎНАЯ ЛІТАРАТУРА БЕЛАРУСІ.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
893.95 Кб
Скачать

УдК 821.161.3.09 “18”

ББК 83.3(4Беи)

Ш 94

Рэцэнзенты:

У.В. Гніламёдаў, акадэмік, дырэктар Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь;

М.В. Хаўстовіч, доктар філалагічных навук, загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ

Штэйнер І.Ф.

Ш 94 Польскамоўная літаратура Беларусі ХІХ стагоддзя: Вучэбны дапаможнік / І.Ф.Штэйнер. – Гомель: УА “ГДУ імя Ф.Скарыны”, 2004. – 183 с.

ISBN 985-08-0202-2

Аналізуецца польскамоўная спадчына пісьменнікаў ХІХ стагоддзя, якія нарадзіліся і пісалі на Беларусі. Галоўная ўвага ўдзяляецца вызначэнню ідэйна-эстэтычных вартасцей найбольш значных твораў з пункту гледжання іх жанравай адметнасці – балады, гераічнай паэмы, песні, гавэнды, навелы, санета, прытчы etc.

Для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей вышэйшых навучальных устаноў.

ISBN 985-08-0202-2

© Штэйнер І.Ф., 2004.

© УА “ГДУ імя Ф.Скарыны”, 2004

Уводзіны

Доўгі час развіццё айчыннай навукі аб літаратуры стрымлівала штучнае, часцей за ўсё ідэалагізаванае ўспрыняцце беларускай літаратуры як спалучэнне тэкстаў на старабеларускай, стараславянскай і ўласна беларускай мове, што не толькі выразна абядняла ўяўленне пра нацыянальнае пісьменства старажытнага і новага перыяду, але і вяла да таго, што з гісторыі літаратуры па сутнасці выпадалі цэлыя літаратурныя напрамкі і жанры, не гаворачы ўжо пра паасобныя творы майстроў слова.

У значнай ступені падобныя адносіны характарызавалі і гісторыю беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя, хаця тут за апошнія тры дзесяцігоддзі назіраліся выразныя змены, якія прымусілі разглядаць у межах першай спадчыну Я.Чачота, Я.Баршчэўскага, У.Сыракомлі, В.Каратынскага не толькі таму, што там сустракаюцца творы на беларускай мове, але перш за ўсё таму, што ў іх польскамоўных творах яскрава ўвасоблены космас беларуса на гэтай зямлі. Як і ў спадчыне А.Міцкевіча, Т.Зана, Ю.Корсака, А.Грот-Спасоўскага, Т.Лада-Заблоцкага, братоў Гжымалоўскіх etc. Ці не таму, дзякуючы нястомнай працы А.Мальдзіса, В.Каваленкі, Г.Кісялёва, Ул.Мархеля, М.Хаўстовіча, замест ранейшых азначэнняў “спадчына польска-беларускіх пісьменнікаў”, “польская літаратура Беларусі” сталі выкарыстоўваць паняцце “польскамоўная літаратура Беларусі”. Наступіў час разглядваць літаратуру ХІХ стагоддзя як полілінгвістычную, куды варта ўключыць творы, напісаныя на Беларусі і пра Беларусь не толькі на беларускай, але і польскай, і рускай і іншых мовах. Ізаляваных нацыянальных літаратур не існуе, усе яны звязаны або агульнасцю свайго паходжання, або аналогіямі сваёй эвалюцыі, або наяўнасцю існуючых паміж імі непасрэдных адносін і ўзаемаўплываў, або дзвюма ці трыма ўмовамі адначасова. Як сцвярджаў акадэмік В.Каваленка, “у гісторыі многіх народаў на адпаведным этапе ўзнікалі моманты, калі мова не выступала галоўным крытэрыем прыналежнасці да нацыянальнай літаратуры”1. Працэс мастацка-літаратурнай дзейнасці звязаны з псіхалогіяй творчасці, з праяўленнем у ім эстэтычнага і этычнага, ідэалагічнага і псіхалагічнага, нацыянальнага і агульначалавечага, што знаходзіць сваё адлюстраванне ў мове твораў, у выбары моўных сродкаў, што з’яўляюцца першаэлементамі кожнага мастацкага вобраза. У літаратурным творы іншанацыянальны элемент выступае як элемент мастацкай формы, іншанацыянальнай культуры, сродак яе ўвасаблення, пагэтаму ў дадзеным выпадку гаворка ідзе не толькі пра двухмоўную, але і бікультурную сітуацыі. Кожны народ валодае спецыфічнымі, гістарычна абумоўленымі самабытнымі элементамі духоўнай культуры, фальклора, рэліквій старажытнага светаўспрымання, а таксама адметнасцю вобразна-мастацкага мыслення, эстэтычнага і экспрэсіўнага ўспрыняцця рэчаіснасці, якія адлюстроўваюцца ў мове і мастацкай літаратуры.

Гісторыя польскамоўнай кніжнасці на Беларусі мае шматвекавыя традыцыі, праз яе выяўляліся адметныя рысы бытавання беларусаў, іхні менталітэт: “У творчасці пісьменнікаў ХІХ стагоддзя, якія паходзілі з Беларусі і пісалі на польскай мове, літаратурна міфалагізуюцца воблік беларускага краю і лепшыя рысы характару беларуса, што становіцца пачаткам новай нацыянальнай духоўнасці”2.

Згаданы ўжо А.Яскевіч пісаў пра Ул.Сыракомлю: “Мы доўгі час называлі “вясковага лірніка” або польскім, або беларуска-польскім паэтам, унутрана, аднак, усведамляючы ва ўсім глыбока беларускі характар ягонай творчасці. Муза Ул.Сыракомлі, толькі па нацыянальнаму няшчасцю вымушаная пераважным чынам выступаць у польскамоўнай абалонцы, мела ўсе падставы называць сябе беларускай. Як адзначылі яшчэ сучаснікі, у яго паэзіі жыве не толькі беларускі дух, але глыбока нацыянальны, народны, уся фальклорна-этнічная аснова, увесь лад мовы, ідыёмы, сінтаксіс, сам тып мыслення паэта”3.

Па сутнасці гэтыя словы можна аднесці да характарыстыкі творчай спадчыны амаль кожнага з паэтаў ХІХ ст., бо ў канцэптуальнай акрэсленасці беларуская нацыянальная ідэя адраджалася і фарміравалася на тэрыторыі Беларусі перш за ўсё ў рэчышчы польскамоўнай культуры. Польская мова ў дадзеным выпадку толькі абалонка выказвання, выкліканая забаронай роднай мовы, якая да таго ж яшчэ не канчаткова выкрышталізавалася з вуснай, каб служыць сродкам паэтычнага выказвання. Варта таму пагадзіцца з самым аўтарытэтным цяперашнім даследчыкам спадчыны польска-беларускіх пісьменнікаў У.Мархелем, які столькі зрабіў дзеля вяртання “расы нябёсаў на зямлю тутэйшую”: “Творы, якія былі напісаны па-польску аўтарамі, этна-генетычна звязанымі з Беларуссю, уваходзяць у гісторыю беларускай літаратуры як яе польскамоўная плынь”4. Гэта ж тычыцца і рускамоўнай спадчыны ўраджэнцаў Беларусі, сярод якіх у першую чаргу трэба назваць працы П.Шпілеўскага і А.Кіркора.

У прапануемай дапаможніку мы паспрабавалі яшчэ раз глянуць на іншамоўную спадчыну Беларусі ХІХ ст., але на гэты раз праз прызму аднаго з самых доказных крытэрыяў – жанравага. Менавіта таму творы згаданых пісьменнікаў будуць прачытаны як балады, празаічныя балады, прытчы, казкі, гавэнды і гутаркі, песні, санеты, мемуары, навуковыя працы і г.д. Як вядома, літаратурны жанр не ўзнікае адвольна ці механічна ў выніку запазычання з іншых літаратур. Яго зараджэнне абумоўлена перш за ўсё канкрэтнымі гісторыка-літаратурнымі фактарамі. Вывучэнне генезісу жанра, як правіла, адлюстроўвае найбольш важныя асаблівасці гістарычнага развіцця літаратуры, бо, як лічыць Д.Д.Благой, “у паслядоўным узнікненні, развіцці, панаванні тых ці іншых жанраў, у іх змене, барацьбе наглядна раскрываецца, з аднаго боку, карціна руху літаратуры як такой, а з другога боку – цесная сувязь літаратурнага працэсу з рухам і развіццём жыцця грамадства”5. Зразумела, мы не маглі ахапіць усе творы азначаных жанраў, асноўная ўвага была звернута на аналіз найбольш даступных сённяшняму чытачу твораў, а таксама тых з апошніх, што вывучаюцца ў ВНУ і школе. На карысць гэтаму і словы А.Яскевіча: “Новы, ва ўсім паскораны час, у які прыходзілася ствараць нацыянальную літаратуру ХІХ стагоддзя, ўжо не патрабаваў сінтэзу нацыянальнай вусна-паэтычнай творчасці ў героікаэпічных зводах, аналагічных “Давіду Сасунскаму”, “Калевале”, “Манасу” або нават пераходным формам “народнай кнігі”, як гэта назіраецца ў “Ціле Уленшпігелю” бельгійцаў або “Робін Гудзе” брытанцаў, хаця спробы стварэння на аснове вусных фальклорных паданняў і казак менавіта “народнай кнігі” мы яшчэ бачым у “Шляхціца Завальні” Я.Баршчэўскага, якая па-свойму змагла б на ўзроўні прадстаўляць і гэтым жанрам нашую традыцыю, калі б абставіны дазволілі б аўтару выдаць сваё дзіцятка ў задуманым аб’ёме. Але галоўнае, што дазвалялі і патрабавалі ўмовы паскоранасці, гэта, адрадзіўшы шляхам збіральніцтва і апісаныя цікавасць да фальклору і на першапачатковым этапе амаль цалкам падтрымліваючыся яго эстэтыкі, каб перанесці самасць нацыянальнага мыслення і нацыянальнай стылістыкі ў прафесійнае мастацтва, якое нараджаецца, ствараць ужо літаратурны эпас, што і ўяўлялі сабой балады-апавяданні Я.Чачота, “гавэнды” Ул.Сыракомлі, амаль уся паэтычная творчасць В.Дуніна-Марцінкевіча, асабліва паэмы “Люцынка, або Шведы на Літве”, “Славяне ў ХІХ стагоддзі” і інш”6. Якраз падобны працэс мы і спрабавалі асвятліць у прапануемай кнізе.