Добавил:
Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
история Беларуси.doc
Скачиваний:
31
Добавлен:
15.06.2014
Размер:
2.05 Mб
Скачать

§ 2. Сацыяльна-эканамічнае развіццё бсср у 50-я – першай палове 80-х гг.

Прамысловасць Беларусі ў пачатку 50-х гадоў дасягнула грунтоўных зрухаў у сваім развіцці. Было пабудавана каля 150 новых буйных прадпрыемстваў, у тым ліку Мінскі падшыпнікавы і гадзіннікавы заводы, Мінскі завод абагравальнага абсталявання, Аршанскі завод швейных машын, Віцебская шоўкаткацкая фабрыка, Мінскі камвольны камбінат. За пятую пяцігодку прадукцыя машынабудавання павялічылася ў 5,4 разы, склаўшы амаль 1/4 усёй валавай прадукцыі прамысловасці. Вытворчасць электраэнергіі і цеплаэнергіі павялічылася амаль у 3 разы, выпуск хімічнай і гума-азбеставай прамысловасці – у 3,7 разы.

У такіх абставінах і была зроблена першая спроба рэфармавання эканомікі ў краіне, пачатак якой паклалі рашэнні КПСС і ўрада СССР 1953–1955 гг. Яны вызначылі пераход да пашырэння тэхнічнага прагрэсу ў вытворчасці. У гэтыя працэсы была ўключана і эканоміка Беларусі.

Прамысловае будаўніцтва ў 50-я гады вялося ва ўмовах паскоранай навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. На падставе пастановы ліпеньскага Пленума ЦК КПСС (1955 г.) у рэспубліцы абнаўляліся і мадэрнізаваліся асноўныя вытворчыя фонды, удасканальвалася тэхнічнае аснашчэнне, старая тэхніка замянялася новай. За 1955–58 гг. на прадпрыемствах рэспублікі было ўстаноўлена каля 200 паточных ліній, больш за 1000 адзінак новага і мадэрнізаванага абсталявання. Да 1961 г. было мадэрнізавана 3544 металарэзных станкоў і кузнечна-прэсавых агрэгатаў, устаноўлена звыш 500 аўтаматычных, паўаўтаматычных, механізаваных паточных канвеерных ліній, тысячы аўтаматаў і паўаўтаматаў.

Быў узяты курс на актыўнае супрацоўніцтва навукі з вытворчасцю – вучоныя АН БССР, ВНУ і іншых навукова-даследчых устаноў аказвалі прадпрыемствам канкрэтную дапамогу па пытаннях укаранення навейшых дасягненняў навукі і тэхнікі. Напрыклад, супрацоўнікі фізіка-тэхнічнага інстытута АН БССР на аўтамабільным заводзе ўкаранялі новую тэхналогію і тэрмахімічны рэжым апрацоўкі дэталяў аўтамабіляў, якія толькі ў 1950–1954 гг. далі эканомію каля 10 млн. руб.

У сваім развіцці прамысловасць Беларусі абапіралася на індустрыяльную магутнасць усёй краіны. З Масквы, Ленінграда, прамысловых цэнтраў Паволжа, Урала рэспубліка атрымлівала розныя віды прамысловага абсталявання і машын, а таксама сталь, чыгун, вугаль, нафту, рэйкі, трубы, прадукцыю горнай металургіі і шмат іншага.

Паспяховае прамысловае будаўніцтва ў 50-я гады дазволіла асвоіць выпуск новых відаў прамысловай прадукцыі. Мінскі аўтамабільны завод пачаў выпуск 25-тонных самазвалаў МАЗ-525, 7-тонных аўтамабіляў МАЗ-200, лесавозаў МАЗ-501 і аўтапрычэпаў. У 1957 г. аўтазаводцы стварылі першы ўзор 40-тоннага самазвала, які на Сусветнай выставе ў Бруселі ў 1958 г. атрымаў вышэйшы прыз. На Магілёўскім металургічным заводзе імя А.Ф. Мяснікова ў 1957 г. быў выпушчаны першы беларускі пракат. Новая прадукцыя з’явілася на многіх іншых прадпрыемствах.

Паколькі магчымасці экстэнсіўнага росту прамысловасці рэспублікі на аснове пераважнага паглыблення індустрыялізацыі да пачатку 60-х гг. не былі вычарпаны, тэмпы яе развіцця на наступным этапе заставаліся дастаткова высокімі. У першай палове 60-х гадоў у БССР увайшлі ў строй 300 буйных прамысловых прадпрыемстваў.

Разам з тым перавод прамысловасці і іншых галін народнай гаспадаркі на новы тэхнічны ўзровень ажыццяўляўся марудна. У сувязі з гэтым ва ўсіх галінах пераважным заставалася экстэнсіўнае развіццё. У асобных галінах былі заніжаны тэмпы тэхнічнага пераўзбраення, марудна асвойвалася новая тэхніка і перадавая тэхналогія. На шматлікіх прадпрыемствах вялікае месца займала ручная праца. Гэта вяло да таго, што шэраг заводаў і фабрык не выконвалі ў тэрмін планавыя заданні, выпускалі ўстарэлую прадукцыю.

Больш выразна спроба рэфармаваць кіраванне эканомікай праявілася ў 50-я гады ў сельскай гаспадарцы. Тут сітуацыя заставалася складанай, таму што асноўныя сродкі і рэсурсы накіроўваліся на аднаўленне цяжкай прамысловасці, іншых галін народнай гаспадаркі.

Прычынай адставання сельскай гаспадаркі перш за ўсё была эканамічная палітыка, якую праводзіла савецкае кіраўніцтва, сур’ёзныя недахопы ў кіраўніцтве калгасамі і саўгасамі. Жнівеньская сесія Вярхоўнага Савета СССР і вераснёўскі (1953 г.) пленум ЦК КПСС прынялі рашэнне, накіраванае на ўздым сельскай гаспадаркі. Упершыню былі здзейснены меры па эканамічнаму ўмацаванню сельскагаспадарчай вытворчасці, пашырэнню самастойнасці калгасаў і саўгасаў, матэрыяльнай зацікаўленасці сялян. Значна ўзмацнілася матэрыяльна-тэхнічная база сельскай гаспадаркі.

Прынятыя меры садзейнічалі таму, што вытворчыя сілы сельскай гаспадаркі за наступныя гады значна ўзраслі. Гэта дазволіла спыніць спад прадукцыйнасці працы ў сельскай гаспадарцы і перайсці да паступовага нарошчвання аб’ёмаў вытворчасці. Некалькі павысілася ўраджайнасць сельскагаспадарчых культур. Высокія і ўстойлівыя ўраджаі атрымлівалі калгасы: “Рассвет” Кіраўскага раёна, імя М. Гастэлы Мінскага, “Камінтэрн” Магілёўскага, “Шлях да камунізму” і “Бальшавік” Сенненскага, “Перамога” Талочынскага раёнаў і іншыя. У 1955 г. у параўнанні з 1953 г. нарыхтоўкі мяса павялічыліся на 50 тыс. т, малака – на 123 тыс. т, яек – на 41,3 млн. шт.

Да 1960 г. вытворчасць мяса і малака ў рэспубліцы ў параўнанні з 1953 г. павялічылася на 70%, валавы збор збожжа – на 36%. Але гэты ўзровень быў ніжэй таго, які вызначаўся, і не забяспечваў патрэб рэспублікі. Разам з тым з канца 50-х гадоў у практыцы кіравання сельскай гаспадаркай краіны ўсё больш пачалі браць верх адміністрацыйныя меры, да таго ж валявога, суб’ектыўнага характару, што адбівалася, хаця мякчэй, як у краіне, на развіцці аграрнага сектару рэспублікі.

У 50-я гады ў краіне ўзнікла новая эканамічная сітуацыя. Сутнасць яе ў наступным: значна павялічыліся маштабы савецкай эканомікі, змянілася якасць эканомікі ў сувязі з навукова-тэхнічнай рэвалюцыяй, якая мела месца ва ўсім свеце, адбыліся пэўныя зрухі ў кадравым патэнцыяле (іх колькасць, расстаноўка). Гэта прывяло да таго, што стары гаспадарчы механізм усё мацней стрымліваў тэхнічную пераўзброенасць, тэхнічны прагрэс. У выніку склалася сур’ёзная супярэчнасць між дасягнутым узроўнем развіцця вытворчасці і магчымасцямі НТР, з аднаго боку, і формамі і метадамі кіравання, старым гаспадарчым механізмам, з другога. Усё мацней выяўлялася празмерная цэнтралізацыя кіравання, камандна-адміністрацыйныя метады ахапілі ўсе звёны эканомікі, спрыялі бюракратызму, скоўвалі ініцыятыву мас. Усё гэта мела месца і ў БССР.

Акрамя таго, да гэтага часу шлях экстэнсіўнага развіцця нашай эканомікі вычарпаў у асноўным свае магчымасці, усё мацней нарастала неабходнасць інтэнсіфікацыі. Меры, прынятыя ў 50-я гады, не знялі гэтых супярэчнасцей.

Пагоршылі справу і неабгрунтаваныя, неабдуманыя перабудовы ў кіраванні. У 1957 г. была ўведзена па сутнасці тэрытарыяльная сістэма кіравання эканомікай – саўнаргасы. У БССР, у прыватнасці, быў утвораны адзін эканамічны раён і ліквідаваны 9 міністэрстваў. Для кіравання саюзна-рэспубліканскай прамысловасцю і будаўніцтвам быў утвораны Савет народнай гаспадаркі БССР, падпарадкаваны Савету Міністраў рэспублікі.

Усё гэта рабілася, каб наблізіць кіраўніцтва да вытворчасці. На справе ж адбыўся разрыў гаспадарчых сувязей і адносін, а парадак планавання і матэрыяльнага стымулявання застаўся ранейшым.

У такіх умовах разгарнулася другая спроба рэфармавання кіравання эканомікай. У сакавіку 1965 г. на Пленуме ЦК КПСС было разгледжана пытанне “Аб неадкладных мерах па далейшаму развіццю сельскай гаспадаркі СССР”, у верасні – “Аб паляпшэнні кіравання прамысловасцю, удасканаленні планавання і ўзмацненні эканамічнага стымулявання прамысловай вытворчасці”. Меры, якія ажыццяўлялі на іх аснове, назвалі эканамічнай рэформай. Яна забяспечыла сабою несумненны прагрэс, таму што павялічыла значнасць дзяржразліковых стымулаў і некалькі пашырыла правы прадпрыемстваў, іх самастойнасць. Разам з тым прагрэс гэты быў абмежаваны, перш-наперш таму, што не змяніліся эканамічныя адносіны – удасканаленні ішлі галоўным чынам па лініі больш дакладнага складання планаў, больш дакладнай адзнакі яго выканання. Ужо гэтыя абставіны, не кажучы аб менш важных, пусцілі рэформу пад адкос.

Перавод прадпрыемстваў на новыя ўмовы ў масавым парадку ажыццяўляўся ў другой палове 60-х гг. Спачатку дасягненні былі больш значнымі, чым у далейшым. Гэта тлумачыцца тым, што першыя поспехі былі дасягнуты ў асноўным за кошт выкарыстання павярхоўных рэзерваў – больш рацыянальнага спажывання рэсурсаў, памяншэння безгаспадарчасці, некаторага павелічэння ўзроўню адзінай тэхнічнай і арганізацыйнай палітыкі ў галінах народнай гаспадаркі.

Некатораму ўздыму сельскай гаспадаркі спрыяла правядзенне ў адпаведнасці з рашэннямі сакавіцкага (1965) Пленума ЦК КПСС такіх мер, як давядзенне цвёрдых планаў дзяржаўных закупак прадуктаў, павелічэнне закупачных цэн на іх, спісанне запазычанасці з калгасаў, правядзенне меліярацыі зямлі за кошт дзяржавы, дазвол ствараць у калгасах і саўгасах падсобныя промыслы; устанаўленне гарантаванай аплаты працы калгаснікаў, увядзенне іх пенсійнага забеспячэння, удакладненне аплаты некаторых найбольш кваліфікаваных катэгорый работнікаў, умацаванне падсобных гаспадарак і інш.

Спробы выкарыстаць эканамічныя стымулы і павялічыць матэрыяльную зацікаўленасць працаўнікоў вёскі, пашырыць эканамічную самастойнасць калгасаў і саўгасаў мелі прагрэсіўны характар. Але і тут прынятыя меры не вызначаліся паслядоўнасцю.

Спачатку рэформы далі дастаткова высокія вынікі. Аб гэтым сведчаць звесткі аб выкананні восьмай пяцігодкі. І ў БССР становішча складалася такім жа чынам. Тут рэформа прывяла да некаторага паляпшэння працы прамысловасці і ўсёй гаспадарчай дзейнасці. Аб’ём прадукцыі прамысловасці за гады восьмай пяцігодкі (1966–1970) павялічыўся на 79% замест 70% па плану. На 39% павялічылася прадукцыйнасць працы.

Рост прамысловай вытворчасці суправаджаўся павелічэннем яго тэхнічнага ўзроўню – за пяць гадоў колькасць паточных і аўтаматычных ліній павялічылася больш як у два разы, значна павялічылася колькасць комплекснамеханізаваных і аўтаматызаваных вытворчасцей.

Між тым, рэформа як бы прыпынілася пасярэдзіне, на ўзроўні прадпрыемства: яна не дайшла да кожнага рабочага месца, але не закранула і верхні эшалон кіравання. Рэформа не суправаджалася рэфармаваннем палітычнай сістэмы, дэмакратызацыяй, развіццём галоснасці. Гэта звузіла яе рамкі, намечаныя пераўтварэнні не сталі неабарачальнымі. Больш таго, з сярэдзіны 60-х гадоў працэс дэмакратызацыі грамадскага жыцця стаў паступова згортвацца, пачалі ўзмацняцца сілы бюракратычнага кансерватызму.

У 50–80-я гады адбылося станаўленне буйной хімічнай, горнахімічнай і нафтаперапрацоўчай прамысловасці ў Беларусі (стварэнне вытворчасці калійнай солі ў Салігорску, азотнатукавай вытворчасці ў Гродна, хімічнай вытворчасці ў Гомелі і Новаполацку, нафтаперапрацоўчай вытворчасці ў Мазыры), радыётэхнічнай і радыёэлектроннай прамысловасці, прадпрыемстваў абарончага комплексу аптычнага прыборабудавання. У гады восьмай (1966–1970 гг.), дзевятай (1971–1975 гг.) і дзесятай (1976–1980 гг.) пяцігодак былі пабудаваны новыя буйныя прадпрыемствы іншых галін вытворчасці. Многія прадпрыемствы пераходзілі на выпуск новай прадукцыі, палепшылася якасць прадукцыі старэйшых заводаў рэспублікі.

У мэтах максімальнага развіцця энтузіязму працоўных выкарыстоўваліся сацыялістычнае спаборніцтва, розныя працоўныя пачыны. І хоць па афіцыйных звестках колькасць удзельнікаў спаборніцтва пастаянна расла (напрыклад, у 1979 г. у рэспубліцы ў асабістых і калектыўных формах спаборніцтва прымалі ўдзел каля 4 млн чалавек, ці 93% агульнай колькасці працоўных, а больш за 2,3 млн чалавек былі ўдзельнікамі руху за камуністычныя адносіны да працы), яно ўсё больш і больш вызначалася фармалізмам, а часта наогул вялося на паперы. Некаторыя “пачыны” ствараліся штучна і хутка паміралі.

Неабходна сказаць, што сярод удзельнікаў спаборніцтва было шмат сапраўдных працаўнікоў – майстроў сваёй справы, якія добрасумленнай і творчай працай стваралі грамадскае багацце. У свой час былі добра вядомы імёны рабочых машынабудаўнічых прадпрыемстваў А. Віташкевіча, Ф. Алексяевіча, У. Прыходчанкі, ткачыхі Мінскага тонкасуконнага камбіната А. Лазарэнкі (60-я гады), ткачыхі Аршанскага льнокамбіната В. Федуковіч, слесара ВА “Інтэграл” А. Камаша, сталявара МТЗ Г. Шышко, снавальніцы магілёўскага ВА “Хімвалакно” В. Харкевіч, аператара Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода Л. Сцяпанава (70-я гады) і шмат іншых.

Нягледзячы на высокія паказчыкі росту прамысловай вытворчасці, з першай паловы 70-х гадоў паралельна існавалі і ўзмацняліся негатыўныя з’явы – адставанне тэмпаў паскарэння навукова-тэхнічнага прагрэсу і ўкаранення ў вытворчасць дасягненняў навукі і тэхнікі. І хаця галоўная ўвага ўдзялялася таму, каб забяспечыць паскораны рост найбольш прагрэсіўных галін, асабліва радыётэхнічнай, электроннай, станкабудаўнічай, у поўнай меры навукова-тэхнічны прагрэс закрануў толькі асобныя галіны вытворчасці, перш-наперш тыя, што былі звязаны з патрэбамі абароны. Павялічвалася спажыванне сыравіны і паліва. Зніжаўся рост прадукцыйнасці працы, захоўвалася высокая доля ручной працы, узмацнялася незбалансаванасць у планаванні. У выніку штогод у рэспубліцы 10–15% прамысловых прадпрыемстваў не выконвалі планаў па вырабу прадукцыі і росту прадукцыйнасці працы.

Павелічэнне дзяржаўных асігнаванняў на патрэбы сельскай гаспадаркі, а таксама выкарыстанне ўласных сродкаў дазволілі калгасам і саўгасам ажыццявіць шырокую праграму будаўніцтва вытворчых памяшканняў, малочна-таварных ферм, жывёлагадоўчых комплексаў. У 70–80-я гады буйныя комплексы па вытворчасці мяса і малака дзейнічалі ў калгасах імя С.М. Кірава і імя Чырвонай Арміі Віцебскага, “Рассвет” Кіраўскага раёнаў, у саўгасах “Днепр” Аршанскага, “Парахонскі” Пінскага, “Новае Палессе” Салігорскага раёнаў і многіх іншых гаспадарках рэспублікі. Па сучасных праектах забудоўваліся вёскі і мястэчкі, ствараліся будынкі новых школ, бальніц, культурна-асветных устаноў.

У маштабах СССР развіццё сельскай гаспадаркі Беларусі выглядала нядрэнна: пры 1,7% агульнай па СССР плошчы сельскагаспадарчых угоддзяў і 2,7% ворнай зямлі ў рэспубліцы ў першай палове 80-х гадоў выраблялася 5,7–5,8 % аб’ёму мяса, 15–16% бульбы, 1/4 ільнопрадукцыі ад аб’ёмаў іх вытворчасці ў СССР. Доля паставак у агульнасаюзны фонд мяса складала 12%, малака – 14%.

Рост прамысловасці і сельскай гаспадаркі пазітыўна паўплываў на развіццё сацыяльнай сферы. Рэальныя даходы насельніцтва ў 1970 г. у параўнанні з 1960 г. павялічыліся ў 1,8 разы. За 1960–1985 гг. затраты на сацыяльнае забеспячэнне і сацыяльнае страхаванне выраслі ў 8 разоў, на адукацыю і культуру – у 5 разоў, на медыцынскае абслугоўванне і фізічную культуру – у 4 разы. У сярэдзіне 80-х гадоў грамадскія фонды спажывання склалі каля 5 млрд руб.

Аднак нельга не адзначыць і негатыўныя з’явы. Упарадкаванне аплаты працы слаба ўвязвалася з вынікамі працы і яе якасцю, не ў поўнай меры аплачвалася праца высокакваліфікаваных кадраў. Асартымент і якасць многіх тавараў і паслуг не задавальнялі спажыўцоў, да таго ж прамысловасць недастаткова забяспечвала насельніцтва таварамі. Многія тавары, асабліва высокаякасныя, станавіліся дэфіцытам. Заставалася невырашанай у поўнай ступені жыллёвая праблема.

За два дзесяцігоддзі (з 1960 па 1980 гг.) колькасць насельніцтва БССР павялічылася на 1,4 млн. чалавек. Да 1974 г. быў дасягнуты даваенны ўзровень насельніцтва – звыш 9 млн. чалавек. У сярэдзіне 80-х насельніцтва Беларусі перавысіла 10 млн. чалавек.

У выніку росту гарадоў значна змяніліся суадносіны гарадскога і сельскага насельніцтва, удзельная вага гарадскіх жыхароў у рэспубліцы з 1961 па 1981 г. павялічылася з 33 да 57%, а сельскіх – паменшылася з 67 да 43%.

Эканоміка Беларусі была часткай агульнагаспадарчага комплексу СССР. Беларусь пастаўляла ў саюзныя рэспублікі магутныя аўтасамазвалы, трактары, ЭВМ, тэлевізары, звыш 75–90% металарэзных станкоў, магутных трансфарматараў, мінеральных угнаенняў, хімічных валокнаў, падшыпнікаў (цікава, што ў рэспубліцы выраблялася 1/2 агульнасаюзных аб’ёмаў калійных угнаенняў, 1/6 трактароў, 1/7 металарэзных станкоў). Адпаведна, сыравіна і камплектуючыя дэталі паступалі з усіх рэгіёнаў СССР, што сведчыць аб высокай ступені інтэграванасці эканомікі Беларусі ў эканоміку СССР. Акрамя таго, многія галіны прамысловасці былі звязаны з ваенна-прамысловым комплексам, працавалі на абарону. Пасля развалу СССР і атрымання рэспублікай суверэнітэту гэтыя фактары адмоўна адбіліся на становішчы эканомікі.

Вынікам развіцця эканомікі БССР да сярэдзіны 80-х гадоў з’явілася стварэнне буйнога тэрытарыяльна-галіновага прамысловага комплексу, у якім у 1986 г. налічвалася 1490 прадпрыемстваў, больш паловы з якіх уваходзіла ў склад вытворчых і навукова-вытворчых аб’яднанняў. Індустрыяльны абрыс рэспублікі пачалі вызначаць магутныя энергетыка, машынабудаванне і прыборабудаванне, хімія і нафтахімія, электроніка і радыёэлектроніка, вытворчасць мінеральных угнаенняў, сінтэтычных валокнаў і іншыя галіны.

Мы бачым, што ўвесь пасляваенны перыяд, у тым ліку і ў 70-я – першай палове 80-х гг., у рэспубліцы вялося інтэнсіўнае капітальнае будаўніцтва, нарошчваліся вытворчыя магутнасці, эканоміка – прамысловасць і сельская гаспадарка – у асноўным працавалі з нядрэннымі вынікамі (асабліва ў параўнанні з агульнасаюзнымі).

Аднак нельга не лічыцца з тым фактам, што ў эканамічным развіцці краіны і нашай рэспублікі ў першай палове 80-х гг. сталі відавочнымі негатыўныя з’явы. Гэта перш-наперш зніжэнне тэмпаў эканамічнага росту, аб чым гаварылася вышэй. Не ўдалося забяспечыць у поўнай меры выхад народнай гаспадаркі БССР, як і СССР у цэлым, на якасна новы навукова-тэхнічны і арганізацыйна-эканамічны ўзровень. Рэспубліка не дабілася рашучага зруху ў інтэнсіфікацыі вытворчасці. За кошт навукова-тэхнічных мерапрыемстваў забяспечвалася толькі 50% прыросту прадукцыйнасці працы. Не адбылося значнага паляпшэння якасці вырабленай прадукцыі. Сродкі, укладзеныя ў развіццё эканомікі (асабліва сельскай гаспадаркі), часта давалі нізкую аддачу. У выніку гэтага недастаткова рашаліся сацыяльныя задачы, дабрабыт людзей адставаў ад узроўню развітых краін Захаду. Значна ўскладнілася экалагічная сітуацыя ў выніку бурнага індустрыяльнага развіцця і недаацэнкі прыродаахоўных мер, недахопаў у ахове здароўя і г.д. Усё гэта выклікала сур’ёзную заклапочанасць у грамадстве. Мацней і мацней раздаваліся галасы аб неабходнасці перамен.