
Барацьба беларускіх княстваў супраць іншаземных захопнікаў
У пачатку XIII ст. над беларускімі зямлямі навісла новая небяспека – на паўночным захадзе (у Прыбалтыцы) з'явіліся нямецкія рыцары-крыжакі. А на Поўдні (с 20-х гг ХІІІ ст), на паўднёва-усходнія землі Кіеўскай Русі, пачалі нападаць татары. Пачалася ўпартая і настойлівая барацьба беларускага насельніцтва за незалежнасць ад іншаземных захопнікаў.
Экспансія крыжакоў, якія з’яўляліся пасланцамі рымскага папскага прастола, з мэтай акаталічвання насельніцтва Прыбалтыкі, Беларусі, Пскоўска-Наўгародскага рэгіёна і заваявання новых тэрыторый, пачалася ў канцы ХІІ ст. У 1186 г. полацкі князь Уладзімір (у “Хроніцы Лівоніі” – Вальдэмар) дазволіў нямецка-каталіцкаму прапаведніку Мейнарду весці хрысціянізатарскую дзейнасць сярод падуладнага Полацкаму княству насельніцтва прыбалтыйскага племені ліваў. Але балты не надта імкнуліся пад духоўную ўладу папы рымскага. У 1198 г. яны забілі наступнага каталіцкага прапаведніка Бартольда. У 1201 г. у вусці р.Заходняя Дзвіна крыжакі заснавалі крэпасць Рыга з якой і пачалася непасрэдная ваенна-каталіцкая экспансія. У 1202 г. тамсама (на латышскіх і эстонскіх землях), быў утвораны ваенна-рыцарскі ордэн мечаносцаў (мечнікаў, пазней вядомы як лівонскі або інфлянцкі ордэн). Гэта быў адчувальны удар па Полацку. Бо яго жыццяносная гандлёвая артэрыя, якая звязвала полаччыну з Заходняй Еўропай (р. З. Дзвіна), назаўсёды была перакрыта для гандляроў выхадцаў з беларускіх зямель.
Для рэалізацыі захопніцкіх мэтаў нямецкія рыцары выкарыстоўвалі “тактыку прасоўвання”. Спачатку вызначаўся накірунак экспансіі. Потым, на пакуль яшчэ чужой тэрыторыі, будавалася невялікая крэпасць, куды накіроўваўся ўзброены гарнізон. Затым адначасова з умацаваннем гэтай крэпасці, рабіліся вылазкі за данінай з мэтай канчатковага падначалення насельніцтва навакольных тэрыторый. Потым на сумежжы будавалася новая крэпасць, ізноў рабіліся вылазкі за данінай, і такім чынам “адсоўвалася” мяжа уладанняў ордэна яшчэ далей.
Першая адкрытая сутычка Полацка з крыжакамі адбылася ў 1203 годзе. Полацкі князь Уладзімір асадзіў крыжацкі замак Ікскюль непадалёку ад г. Рыга. У тым жа годзе князь горада-дзяржавы Герцыке Усевалад напаў на сталіцу крыжацкай экспансіі ў вусці р.З. Дзвіна. Дзеянні ў адказ, з боку крыжакоў, не з’явіліся доўгачаканымі. Ужо ў 1205 г. даволі вялікі атрад рыцараў пасяліўся ўсяго ў 3-х мілях ад падначаленнага Полацку Кукенойса. Яго кіраўнік князь Вячка спачатку не рашыўся ісці на адкрытае супрацьстаянне. У 1205 і 1207 гг. ён заключыў з біскупам мірныя пагадненні, якія аднак, не змаглі захаваць добрасуседскіх адносін.
У 1207 г. Вячка вымушаны быў перабіць са сваёй дружынай немцаў, спаліць свой родны Кукенойс і пайсці у рускія землі. Тэрыторыі княства перайшлі ў рукі крыжакоў. Дружына, на чале з князем, перайшла на бок Ноўгарада і працягвала барацьбу супраць заваёўнікаў. Сам Вячка геройскі загінуў пры абароне крэпасці Юр’еў (Тарту).
У 1206 г., у Полацк прыйшлі паслы ад прыбалтыйскіх ліваў якія настойліва прасілі полацкага князя аказаць дапамогу ў барацьбе супраць крыжацкай экспансіі. Полацк арганізаваў чарговы паход але ён таксама не прынёс поспеху.
Пасля заваявання горада-дзяржавы Кукенойс экспансія крыжакоў не перапынілася. У 1209 г., кіраўнік Ордэна біскуп Альберт разрабаваў і захапіў яшчэ адно полацкае ўладанне г. Герцыке, князь якога Усевалад не змог арганізаваць эфектыўную абарону. Тэрыторыі падуладныя Полацкай зямлі ў Падзвінні паступова звужаліся. Супраціўленне не дало вынікаў.
У 1210 г. Полацк быў вымушаны падпісаць заведама невыканальны мірны дагавор (заключаны паміж епіскапам Альбертам і полацкім кн. Уладзімірам). Па яго ўмовах крыжакі абяцалі збіраць даніну з ліваў і вазіць яе ў Полацк. У полацкага князя відаць, на той момант, ужо зусім не было магчымасці супраціўляцца. У 1212 г. было заключана яшчэ адно пагадненне. На гэты раз паміж полацкім князем Уладзімірам і г. Рыгай, якое датычылася гандлю па р.З.Дзвіна.
У 1216 г. адносіны ізноў абвастрыліся. Полацкі князь Уладзімір вырашыў даць генеральнае сражэнне ідэя якога нажаль скончылася безвынікова. Вядома што была ўтворана кааліцыя для рашучай барацьбы з нямецкімі рыцарамі і пачаўся збор воінскага кантынгенту. Але планам барацьбы не было наканавана спраўдзіцца. Кіраўнік Полацка князь Уладзімір раптоўна памёр (ёсць меркаванне што быў атручаны крыжакамі).
З гэтага часу барацьба беларускіх зямель пачала заціхаць. На першае месца цяпер выходзяць паўночныя суседзі – Пскоў і Ноўгарад – якія пачынаюць настойліва абараняць славянскія тэрыторыі. Тым не менш палачане таксама ўдзельнічалі ў гэтай барацьбе. Вядома напрыклад, што ў знакамітай бітве са шведамі на р.Нява (у 1240 г.), пад кіраўніцтвам А. Неўскага, удзельнічаў легендарны полацкі “воін-асілак” Якаў Палачанін.
У 1220-х гг. адбылося паступовае ўсталяванне адносін беларускага Падзвіння з ордэнскімі тэрыторыямі на дагаворнай аснове. У 1223 і 1229 гг паміж Полацкам і Смаленскам, з аднаго боку, і Рыгай і востравам Готланд, з другога, былі падпісаны два пагадненні, тэкст аднаго з іх (ад 1229 г., што ўвайшоў у гісторыю пад назвай “Смаленская праўда”) як вядома захаваўся і дайшоў да нашых дзён.
Пасля сакрушальнага разгрому лівонскіх крыжакоў літоўцамі і земгаламі ў бітве пад Шаўляем 1236 г. (загінула палова рыцараў і нават кіраўнік ордэна, магістр) лівонскі ордэн быў далучаны, па рашэнні папы рымскага, да Тэўтонскага ордэна і стаў яго часткай. Лівонцы былі пераапрануты ў адзенне тэўтонаў і ўзялі іх сімволіку (незалежнасць ад тэўтонаў лівонскія крыжакі атрымалі толькі пасля 1410 г калі тэўтоны былі разгромлены ў Грунвальдскай бітве). У 1237 годзе былі разгромлены добжынскія (польскія) крыжакі (частка Тэўтонскага ордэна), непадалёку ад г.Драгічын войскамі Данілы Раманавіча Галіцкага.
Крыжацкая пагроза прымусіла Полацк пайсці на саюз з Ноўгарадам і з Літвой. Дачка полацка-віцебскага князя Брачыслава – Параскева (бел: Праскоўя) стала жонкай Аляксандра Яраславіча наўгародскага (Неўскага) у 1239 г. Але пераможныя бітвы з крыжакамі на р.Нява ў 1240 г. і Чудскім возеры ў 1242 г. карэнным чынам сітуацыю не змянілі.
Барацьба з крыжакамі працягвалася і пасля утварэння (у 1246 г) новай беларуска-літоўскай дзяржавы ВКЛ з цэнтрам у г.Наваградак. Як вядома Веча г Наваградак для таго каб пашыряыць тэрыторыі свайго княства за кошт зямель летапіснай Літвы прыняло да сябе ў якасці князя беглага літоўскага князя Міндоўга, які распачаў утварэнне ВКЛ. Гэта не спадабалася крыжакам. Міндоўг, а потым яго сын Войшалк рознымі спосабамі адстойвалі права на беларуска-літоўскую дзяржаўнасць У Полацку на троне таксама з’явіўся князь балцкага паходжання якога звалі Таўцівіл. Станаўленне ВКЛ адбывалася ў жорсткай барацьбе з крыжакамі. Пра гэтыя падзеі мы будзем весці гаворку на будучых семінарскіх занятках.
Храналогія барацьбы з мангола-татарамі:
-1237 г хан Батый заняў землі Разаншчыны і Уладзіміра-Суздальскае княства што былі суседзямі Смаленскіх зямель з Усходу. У 1238 г татары заваявалі г.Уладзімір – сталіцу Уладзіміра-Суздальскай Русі, а таксама ўсе адносна дробныя гарады сярод якіх была і Масква.
-1239 годзе, праз Чарнігаўскія землі і Беларускае Задняпроўе (Радзімічы), быў зроблены паход на Захад. Татарская конніца прайшла праз гарады: Пераяслаў, Кіеў, Уладзімір-Валынскі, Галіч.
Ідучы на Поўдзень мангола-татары накіраваліся да Смаленска, аднак потым абышлі яго. Як пацвердзілі археалагічныя раскопкі, заваёўнікі спалілі Гомель.
-1240 годзе (снежань) ўзялі г.Кіеў, і гарады Галіцка-Валынскага княства
-1236–1240 гг ўсе рускія землі аказаліся падпараткаванымі татарам. І там было ўстаноўлена мангола-татарскае іга.
-1241 г., пакарылі тэрыторыі еўрапейскіх краін: Польшчы, Венгрыі, Маравіі. Землі Беларусі, дзякуючы мужнаму змаганню, а таксама (што тычыцца мангола-татарскай агрэсіі) аб’ектыўным прыродным перашкодам (рэкам Днепр і Прыпяць) якія аддзялілі беларускія землі ад тэрыторый дзе ішло крывавае татарскае пабоішча, засталіся свабоднымі.
Падводзячы вынік гаворцы пра мангола-татарскую агрэсію можна заўважыць, што то барацьба з татарамі для насельніцтва беларускіх тэрыторый прайшла па адносна “аблегчаным” сцэнарыі. Толькі ўскраінныя землі нашай краіны пацярпелі ад агрэсіі азіяцкіх заваёўнікаў. Задняпроўе (Гомельшчына, часткова Смаленшчына), Паўднёвае Папрыпяцце (Тураўска-Пінскія землі) і Берасцешчына – вось тыя рэгіёны што зведалі агрэсію.
Што тычыцца асноўнай масы зямель цэнтральнай Беларусі, якія былі схаваны ад татарскай конніцы шырокім непераадольнымі рэкамі, такімі як: Днепр і Прыпяць, і непралазнымі палескімі балотамі, то яна засталася свабоднай ад татарскага нашэсця.
Нездарма некаторыя гісторыкі выказваюць меркаванне што нават назва Белая Русь, што замацавалася пазней за беларускімі тэрыторыямі, магла быць звязана з тым што яны былі некранутымі чужынскімі заваяваннямі – ні татар, і ні крыжакоў. Былі, па-меркаванні тагачаснага насельніцтва – чыстымі (“белымі”).
(Пытанне – 4):
Фарміраванне феадальных адносін на беларускіх землях у ІХ – ХІІІ стст.
Пераход ад першабытнага ладу да феадалізму не мог адбыцца імгненна. У перыяд ад VІ-VІІ стст. – да VІІІ-IX стст. н.э. на тэрыторыі Беларусі развівалася шматукладнае грамадства якое пачалося падчас разлажэння першабытнага ладу (калі ў грамадстве пачаліся працэсы маёмаснага расслаення грамадства на багатых і бедных), а закончылася станаўленнем класавых феадальных адносін. Першым хто ўвёў у навуковы зварот тэрмін «феадалізм» быў французскі вучоны Гізо.
Феадалізмам, на думку Гізо, можна называць такі сацыяльна-эканамічны грамадскі (сацыяльны) лад, дзе спалучалася вярхоўная і мясцовая ўлада ваенна-служылай часткі насельніцтва “феадалаў” (іх панаванне над астатнімі жыхарамі краіны – “сялянамі” і “рамеснікамі”) з феадальным землеўладаннем. Гізо падкрэсліваў умоўны характар улады, васальную іерархію. Умоўны характар улады – гэта той, які не трымаецца на эканамічнай аснове, а на простым прысваенні феадаламі права на зямлю і сялян – ваеннымі і палітычнымі метадамі. У Еўропе феадалізм пачаўся з сяр. І тыс. н. э. і працягваўся да сяр. ХІХ ст. у Расіі.
Асноўнымі рысамі феадалізму па-меркаванні Гізо былі: а) аграрная вытворчасць – пануючая галіна гаспадаркі; б) феадалы валодаюць зямлёй і палітычнай уладай у дзяржаве; в) сяляне працуюць на зямлі феадала і знаходзяцца ў асабістай (неэканамічнай) залежнасці ад іх; г) гаспадарка перыяду феадалізму мае натуральны характар.
Прафесар Штыхаў Г.В. лічыў, што на тэрыторыі Беларусі родаплемянное грамадства да 7 ст. знаходзілася на стадыі ваеннай дэмакратыі (пачатковага этапу перыяду маёмаснага расслаення грамадства, пры якім, вельмі частымі былі міжплемянныя грабежніцкія войны, галоўнай мэтай якіх быў захоп матэрыяльных каштоўнасцей: запасаў харчавання, статкаў жывёл, рабоў і інш). У гэты перыяд у насельніцтва што насяляла землі Беларусі былі зародкі сацыяльнай няроўнасці, патрыярхальнае рабства, ішло станаўленне класавага грамадства. У гэты ж час адбывалася станаўленне першых пераддзяржаўных утварэнняў племянных “княжанняў” з якіх пазней адбылося станаўленне першых дзяржаўных утварэнняў Полацкага і Тураўскага княстваў. Нездарма полацкія князі лічылі сваю вотчыну па Рагнедзе, Рагвалоду, Ізяславу і называлі сябе Рагвалодавічамі (або Ізяславічамі)
Працэс станаўленне феадальнага ладу ішоў на працягу доўгага часу, адзін грамадска-гаспадарчы ўклад не мог адначасова выцесніць другі, і таму пэўны час яны суіснавалі разам, такі перыяд гісторыі атрымаў назву шматукладнай гаспадаркі. Ад родавага ладу і праз ваенную дэмакратыю да феадалізму – адначасовае існаванне некалькіх грамадска-гаспадарчых укладаў: патрыярхальнага; рабаўладальніцкага; феадальнага. Эвалюцыя шматукладнасці была накіравана: ад пераважнай большасці патрыярхальнага ўкладу – да яго змяншэння і да пашырэння феадальнага ўкладу.
Важнейшымі рысамі патрыярхальнага ўкладу былі: абшчынная ўласнасць на сродкі вытворчасці, зямлю; захоўвалася калектыўная праца і абшчынная ўласнасць (нават на прадукты харчавання). Разбурэнне патрыярхальнага укладу ішло па шляху індывідуалізацыі маёмасці. Спачатку на прадметы першай неабходнасці, потым прылады працы, і ажно да зямлі як асноўнага сродку вытворчасці. Рэшткі патрыярхальнага ўкладу захаваліся на тэрыторыі Беларусі да 16 ст. у выглядзе абшчыннай маёмасці і пераразмеркавання зямель. Валочная памера 1557 г. разбурыла сельскую абшчыну і адкрыла шлях да развіцця таварна-грашовых адносін (з якіх пачыналася ўсталяванне новага сацыяльна-эканамічнага ўклада – капіталізму). Расія, у той час, адставала ў сацыяльна-эканамічных адносінах ад заходнееўрапейскай цывілізацыі (часткай якой, да канца ХVІІІ ст., была і тэрыторыя Беларусі), і таму феадалізм, з яго абшчыннымі і іншымі прыкметамі захаваўся там ажно да сярэдзіны 19 стагоддзя.
Другім сацыяльна-эканамічным укладам які меў месца ў гісторыі Беларусі быў рабаўладальніцкі ўклад. Рабаўладальніцтва як сацыяльна-эканамічная фармацыя (што мела месца ў гісторыі Старажытнай Грэцыі і Рыма) на тэрыторыі Беларусі не сфарміравалася. Грамадства тут перайшло праз шматукладнасць ад першабытнага ладу да феадалізму, але рабаўладальніцкі ўклад (у выглядзе т.зв. патрыярхальнага /хатняга/ рабства) тут меў месца. Важнейшымі шляхамі фарміравання рабаўладальніцкага укладу былі: захоп рабоў падчас войн /асабліва падчас “ваеннай дэмакратыі”/, рабскі рынак, даўавая кабала.
Яшчэ адным сацыяльна-эканамічным укладам быў феадальны. Асноўным у феадалізме было тое што ён грунтаваўся на феадальнай уласнасці на зямлю. Паступова ўзбагачаліся родавыя старэйшыны, язычніцкія жрацы, вялікакняжацкія дружыннікі набольш багатыя і уплывовыя з іх станавіліся князямі. Князі раздавалі зямлю з сялянамі больш дробным феадалам (дружыннікам, цівунам, тысяцкім і інш) і яны станавіліся ўладальнікамі зямельнай маёмасці (феадаламі).
Станаўленне феадалізму можна прасачыць па эвалюцыі феадальнай эксплуатацыі. Эвалюцыя феадальнай эксплуатацыі ішла – ад палюддзя (па сутнасці шматгадовае рабаванне насельніцтва ўзброеннымі людзьмі падначаленымі феадалізуючай родаплемянной знаццю, з якой паступова вырастала феадальнае саслоўе) – да збору даніны (ажыццяўляўся на спецыяльных месцах – пагостах і ў спецыяльны час, які называлі ўрокі – ўрочны час).
Калі казаць аб храналогіі, то ў VІІІ–ІХ ст. у гісторыі Усходняй Еўропы яшчэ панавала палюддзе. Яно праіснавала да 945 г. У гэтым годзе падчас збору палюддзя быў забіты кіеўскі князь Ігар. Яго жонка княгіня Вольга задушыла паўстанне і ўстанавіла месца, час, колькасць збору даніны. З Х ст. на усходнеславянскіх землях (сучасныя – Беларусь, Расія і Украіна) развіваецца даніна – эксплуатацыя з захаваннем урокаў і пагостаў.
З сяр. ХІ ст. па сяр. ХІІІ ст. – даніна паступова была заменена устойлівай залежнасцю сялян ад асобных феадалаў. З гэтага часу з’яўлюцца спецыяльные формы феадальной залежнасці сялянства (закупы, радовічы, ізгоі, халопы і г.д.). Пра іх сказана ў старажытным зборы законаў звычаёвага права што атрымаў назву Праўда Роська (інакш яе называюць.: “руская праўда”).
Увогуле, перыяд IX - першай паловы XIII ст. на беларускіх землях характарызаваўся складваннем раннефеадальных адпосін. Паралельна з феадальным існавалі і іншыя ўклады - абшчынны і рабаўладальніцкі. Асновай жыцця грамадства ў гэты час была сельская гаспадарка. Зямля, як асноўны вытворчы рэсурс грамадства належала феадальнай дзяржаве (вярхоўным уласнікам зямлі быў князь). Сяляне, якія пражывалі на ёй, эксплуатаваліся вялікім князем і пануючай вярхушкай. Асноўнай формай эксплуатацыі была даніпа, якая збіралася самім князем з дружынай.
Усталяванне феадальнага землеўладання ішло шляхам пашырэння ўлады князя на абшчынныя землі на якіх пражывалі сяляне-абшчыннікі (смерды). Гэтыя землі, раней свабодныя, цяпер станавіліся дзяржаўнымі (або княжацкімі). Князь, у сваю чаргу, раздаваў землі асобным феадалам за ваенную службу, а таксама рабіў зямельныя падараванні царкве. У выніку, утваралася феадальна-баярскае або царкоўнае землеўладанне. Асноўнымі ўладальнікамі зямель былі: князь, феадалы (баяры) і царква. У Х ст. ўзгадваюцца княскія вотчыны, у ХІ–ХІІ стст. – баярскія і манастырскія. Працавалі на гэтых землях халопы (поўнасцю залежныя сяляне, амаль рабы), або залежныя ад гаспадара сяляне – закупы, радовічы, ўдачы,. ізгоі. Закупамі называлі тых сялян што жылі на землях феадала і атрымалі ад яго нейкую пазыку (крэдыт) – купу. Яны працавалі “за купу” таму называліся закупамі. Купай (пазыкай) маглі быць грошы, зямельны участак, прылады працы, жывёла ці інш. Радовічы заключалі з уласнікам зямлі (феадалам) спецыяльны дагавор – “рад”. Пакуль закуп не адпрацаваў купу, а радовіч не выканаў умовы дагавора, яны былі залежнымі ад феадала. Удачы часова працавалі на гаспадара. Ізгоямі былі выгнанцы з абшчыны (за нейкую правіннасць), якія знайшлі прытулак на землях феадала. Такім чынам згодна свайму гаспадарчаму і прававому становішчу некалі свабодныя сяляне абшчыннікі, якія ў гістарычных крыніцах названы “смерды”, цяпер былі падзелены па дзве асноўныя групы: свабодных (смерды) ад феадальнай залежнасці сялян, і залежных (закупы, радовічы, ізгоі, ўдачы, халопы).
Важнейшым заняткам насельніцтва было земляробства. У ІХ – першай палове XIII ст. назіраўся значны прагрэс вырабу прылад працы, спосабаў апрацоўкі зямлі. На змену падсечна-агнявому земляробству прыйшло ворыўнае. Асноўнай прыладай працы земляробаў стала вялікае драўлянае рала з жалезнай рабочай часткай – наральнікам. Інтэнсіфікацыя тэхналогіі земляробства была звязана з выкарыстаннем двухполля і нават трохполля. Найбольш распаўсюджанымі збожжавымі культурамі былі жыта, ячмень, авёс, проса, пшаніца. Як сельскае, так і гарадское насельніцтва займалася агародніцтвам і садаводствам. Адной з галін сельскай гаспадаркі была жывёлагадоўля. Акрамя земляробства і жывёлагадоўлі сяляне займаліся рознымі падсобнымі і хатнімі промысламі.
Акрамя сельскіх паселішчаў на тэрыторыі Беларусі ў ІХ – Х стст. пачынаюць з’яўляцца і гарады. Працэс узнікнення гарадоў быў звязаны з аддзяленнем рамяства ад сельскай гаспадаркі. Аднымі з першых з масы сельскага насельніцтва вылучыліся рамеснікі крычнікі і кавалі. У гарадах апрацоўкай жалеза займаліся рамеснікі не менш чым 16 спецыяльнасцей. У IX–X стст. Як самастойная галіна рамяства выдзяляецца ювелірная справа. Развіваліся выраб шкур, футра, апрацоўка каменя, дрэва, косці, ганчарства, ткацтва і іншыя віды рамёстваў.
Найбольш старажытнымі гарадамі на тэрыторыі Беларусі былі: Полацк (862), Тураў (980), Брэст (1019), Віцебск (1021), Менск (1067), Гродна (1127), Навагрудак (1252) і інш. Летапісы называюць каля 40 гарадоў на тэрыторыі нашай краіны ў XIII ст. У аснове ўзнікнення многіх гарадоў былі феадальныя і княжацкія замкі або памежныя крэпасці. Горад складаўся з дзвюх частак: умацаванага дзяцінца (града) і рамесна-гандлёвага пасада, дзе знаходзіўся кірмаш. Найбольш багатую частку гараджан складалі князі, баяры, купцы, заможныя рамеснікі.
Аддзяленне рамяства ад сельскай гаспадаркі, было асноўнай з умоў развіцця гандлю. Цэнтрамі ўнутранага і знешняга гандлю станавіліся гарады. У гарадах знаходзіліся кірмашы, на якіх абменьваліся і прадаваліся прадукты харчавання, рамесныя вырабы, замежныя тавары. Быў і замежны гандаль. Так у IX–XIII стст. прадстаўнікі беларускаага насельніцтва гандлявалі з Візантыяй, Арабскім Усходам, Заходняй Еўропай, усходнеславянскімі краінамі. Выключнае значэнне для развіцця гандлю ў IX–XI стст. меў водны шлях «з вараг у грэкі», які звязваў Прыбалтыку і Скандынавію з Візантыяй, а таксама ўсходнеславянскія землі паміж сабой. З тэрыторыі Беларусі экспартавалі футра, воск, мёд, лён, зброю, рамесныя вырабы і іншыя тавары. 3 Еўропы і Візантыі прывозілі прадметы раскошы: дарагія тканіны, прыправы, каляровыя металы і каштоўныя камяні, віно і інш.
Сацыяльна-эканамічнае развіцце тэрыторыі Беларусі, такім чынам, у IX – першай палове XIII ст. прывяло да фарміравання феадалізму. Спецыфіка развіцця ўсходнееўрапескага рэгіёна (дзе ішло фарміраванне беларускага, украінскага і рускага народаў) было ў тым, што тут усталяванне феадалізму адбылося на некалькі стагоддзяў пазней, чым у Заходняй Еўропе. Разам з тым працэсы пераходу ад першабытнага ладу, – праз перыяд ваеннай дэмакратыі і эпоху шматукладнасці – да фарміравання феадальных адносін, сведчаць, пра аднолькавасць руху беларускіх, украінскіх і расійскіх зямель у прагрэсіўным накірунку, па якому ішла эвалюцыя і ў астатніх краінах Еўропы і свету.
(Пытанне – 5):
Культура беларускіх зямель ў IX – XIII стст.
Развіццё культуры Беларусі ў IX–XIII стст. ішло ў цеснай сувязі з дзяржаваўтваральнымі працэсамі Найбольш яскравым праяўленнем гэтага боку грамадскага жыцця стала прыняцце і распаўсюджванне хрысціянства. Першыя славянскія супольнасці, якія рассяліліся на тэрыторыі Беларусі – крывічы, дрыгавічы і радзімічы, – вызнавалі язычніцкую рэлігію. Гэта збліжала іх з аўтахтонным насельніцтвам – балтамі і, верагодна, стала адной з прычын з'яўлення прадзяржаўных утварэнняў з поліэтнічным насельніцтвам – Полацкага і Тураўскага княстваў. Паміж язычнікамі, у любых кутках свету прынцыповага адрознення не існавала. Усе яны пакланяліся і пакланяюцца праявам навакольнага асяроддзя – сонцу, месяцу, агню, вадзе і інш. У нашых продкаў яны атаясамліваліся з багамі: Сварогам, Сварожычам, Жыжалем, Макошай (Цёцяй), Перуном і інш.
Аднак на мяжы Старога і Новага часу паўсюдна монатэістычныя вераванні паступова змяняюць язычніцкія. Сярод іх найбольш магутным было хрысціянства. Еўропа перажыла два этапы хрысціянізацыі. Першы пачынаецца з узнікнення хрысціянства да VII–VIII стст., калі была ахрышчана Рымска-Візантыйская імперыя, імперыя франкаў і брытанскія каралеўствы. На другім этапе – IX–X стст. – Хрыстову веру прынялі славянскія дзяржавы і Скандынавія. Паўсюдна прыняцце хрысціянства супадала з утварэннем самастойных монаэтнічных дзяржаў.
На тэрыторыю Беларусі хрысціянства пачало пранікаць у IX ст. Ужо ў X ст. ісландская епіскапская "Сага аб хрышчэнні" распавядае аб місіянеры Торвальдзе, па прозвішчы Вандроўнік, які, прайшоўшы паломніцкі шлях у Палесціну, вяртаўся да сябе на радзіму праз Полаччыну. У Полацку, паводле звестак, ён заснаваў манастыр у гонар Іаана Прадцечы, дзе памёр і быў пахаваны. Пісьмовыя крыніцы XV ст. сапраўды фіксуюць у Полацку такі манастыр. Можна спадзявацца, што ў хуткім часе будуць знойдзены і яго археалагічныя рэшткі. Не выключана і тое, што да часу афіцыйнага прыняцця новай рэлігіі з верай былі знаёмы і Рагвалод, і Рагнеда. Інакш цяжка вытлумачыць пастрыжэнне Рагнеды ў манашкі пад імем Анастасіі і заснаванне ёю манастыра ў Заслаўі. Прыхільна ставіўся да хрысціянства сын Рагнеды – князь Ізяслаў. Летапісы згадваюць яго як першага князя-кніжніка, які "любіў і шанаваў манашы чын".
Непасрэдных звестак пра хрышчэнне Беларусі ў ІХ – ХІІІ стст няма. Такія падзеі, як у Кіеве і Ноўгарадзе (знішчэнне язычніцкіх багоў, прымусовае прывядзенне кіеўлян на Дняпро і крывавая бойка ў Ноўгарадзе), абмінулі нашы землі. Магчыма, гэтаму спрыяла тое, што беларускія князі праводзілі самастойную палітыку не толькі ў дзяржаўнай, але і ў духоўнай сферы. Ёсць меркаванне, што першыя епіскапы былі дасланы ў Кіеў, Ноўгарад і Полацк з балгарскай Ахрыдскай аўтакефальнай царквы. Яна была праваслаўнага кірунку ў статусе патрыярхату і роўнай візантыйскай Канстанцінопальскай царкве.
У дачыненні да канца IX ст. ёсць звесткі што ў Полацку была пабудавана першая царква ў імя Багародзіцы, якая прыгадваецца летапісамі пад 1007 і 1158 гг. У гэтую царкву ў XI ст. былі перанесены мошчы невядомых святых, што сведчыць аб наяўнасці ранніх мясцовых культур і самастойнасці полацкай царквы. У сярэдзіне XI ст. быў пабудаваны вялікі саборны храм – Сафія. Па духу і ўнутраным змесце ён паўтарыў храмы ў Ахрыдзе, Канстанцінопалі. Полацкая Сафія была сястрой і ў пэўнай ступені саперніцай аналагічных храмаў у Кіеве і Ноўгарадзе. Як і там, яна з'яўлялася яскравым увасабленнем ідэі магутнасці, адзінства і непадуладнасці. Гісторыя захавала імёны першых беларускіх муляроў – Давыда, Таўма, Мікулы і Капесы.
Паступова, пачынаючы з першых храмаў, у Полацку пачала развівацца сталая дойлідская (будаўніча-архітэктурная) традыцыя на Беларусі, якая мела шэраг адметных рыс. Перш за ўсё яна вызначалася незвычайнай узнёсласцю і стромкасцю цэркваў. Многія пабудовы менавіта полацкай школы дойлідства мелі падоўжаны ў плане аб'ём па лініі захад – усход і змешчанасць на захад падкупальнай прасторы. У XII ст. у самім Полацку было восем храмаў, акрамя Сафіі і Багародзіцы, тры царквы ў Гародні, па одной у Віцебску, Менску, Наваградку, Ваўкавыску, Тураве і Пінску. Нельга забываць таксама этнічна і гістарычна звязаны з Беларуссю Смаленск, дзе ў гэты час было сем храмаў. Сярод дойлідаў XII ст. вядома імя Іаана, які кіраваў узвядзеннем царквы ў гонар Спаса Праабражэння Ефрасіннеўскага манастыра.
Прыблізна ў той жа час, разам з храмавым дойлідствам, з'явілася хрысціянскае выяўленчае мастацтва. Жывапісцы распісвалі па сырой тынкоўцы сцены сабораў (фрэскі), пісалі абразы. Полацкую Спаскую царкву распісаў мастак Кузьма з памочнікамі. Імя яго жонкі – Кузьміная – захавалася сярод надпісаў на адной са сцен гэтага храма.
Пісьменнасць на тэрыторыі Беларусі з'явілася надзвычай рана. Першым датаваным надпісам на ўсёй тэрыторыі Усходняй Еўропы з'яўляецца надпіс на пячатцы полацкага князя Ізяслава. Імя князя перададзена так званымі кірылічнымі літарамі, але ў грэчаскім гучанні – "Ізяславос" і ў гэтым няма нічога дзіўнага. Справа ў тым, што знакаміты балгарскі асветнік Кірыла Салунскі прыдумаў азбуку-глаголіцу ў 60-я гг. IX ст., якая зусім не падобная на існуючую. Яго вучні, у тым ліку архіепіскап Ахрыдскі Клімент, адаптавалі сучасныя ім грэчаскія літары пад славянскую фанетыку, якая атрымала назву – кірыліца. У гэтым выглядзе і трапілі да нас з Балгарыі першыя перакладныя кнігі і кніжнае пісьмо. Першыя бытавыя надпісы таксама з'явіліся на этнічных крывіцкіх землях. Падчас раскопак курганоў пад Смаленскам (у Гнёздава) знойдзены вялікі гаршчок-карчага з надпісам "гараушна" – гарчыца.
У XII ст. хрысціянская культура і пісьменнасць паступова ахапілі амаль усе слаі тагачаснага грамадства. Пісьмом пачалі карыстацца не толькі царкоўнікі і князі, але і простыя людзі. Археолагі знайшлі берасцяныя граматы ў Мсціславе і Віцебску, а таксама ў Ноўгарадзе і Смаленску, якія належалі палачанам. Ёсць узоры пісьма "полацкай вытворчасці" на сценах Сафійскага сабора ў Кіеве. Найвыдатнейшым узорам старажытнай эпіграфікі з'яўляецца надпіс на крыжы, які ў 1161 г. зрабіў полацкі майстар Лазар Богша па заказе Ефрасінні Полацкай. У гэтым надпісе пералічваецца, колькі матэрыялу пайшло на выраб крыжа, колькі было выплачана майстру за работу, а таксама ўтрымліваецца страшэннае закляцце-загавор супраць магчымых рабаўнікоў. У 30–40-я гг. XX ст. гэты крыж знік і пакуль яшчэ не знойдзены. Выдатнымі помнікамі пісьменнасці з'яўляюцца так званыя "Барысавы" і "Рагвалодавы" камяні. Гэта былі язычніцкія культавыя камяні, на якіх полацкія князі загадвалі выбіваць надпісы хрысціянскага зместу. Такім чынам яны дамагаліся пакланення язычнікаў хрысціянскім святыням, а таксама ўвекавечвалі свае імёны. Нарэшце, кніжная культура дасягнула сваіх вышынь у творчасці Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Аўрамія Смаленскага, Кліма Смаляціча, невядомага аўтара "Слова пра паход Ігаравы".
Найбольш знакамітым сярод іх быў Кірыла Тураўскі, якога яшчэ пры жыцці празвалі Златавустам. Гэты чалавек, які паходзіў з заможнай гарадской сям'і, добраахвотна стаў манахам. Ен карыстаўся такой павагай сярод сучаснікаў, што яны самі прасілі Кірылу стаць епіскапам тураўскім. Добра ведаючы шматлікія мовы і чытаючы кнігі ў арыгіналах, Кірыла сам быў выдатным прамоўцаю і пісьменнікам. Захаваліся некалькі яго філасофскіх прытчаў, 8 слоў-пропаведей, 30 малітваў, два каноны. Гэтыя творы Кірылы Тураўскага раз-пораз перавыдаюцца і зараз.
Не менш багатай была і побытавая культура. Старажытныя беларусы выдатна валодалі шматлікімі рамёствамі. Апошніх у XII–XIII стст. налічвалася каля 60. Аднак майстры-рамеснікі не проста выраблялі, напрыклад, прылады працы, але імкнуліся ўпрыгожыць іх. Яны выкарыстоўвалі шматлікія арнаментальныя матывы. Многія з іх (сонца-кола, зорачка, ромб, трохкутнікі), што бяруць пачатак у далёкім язычніцтве, жывуць і сёння. Арнаменты былі вельмі пашыраны ў адзенні. Нават абутак, тады яшчэ мяккі, без абцасаў, часам цалкам вышывалі каляровымі ніткамі. Славіліся полацкія залатары. Акрамя Лазара Богшы працавалі многія іншыя. У Полацку, напрыклад, археолагі знайшлі чатыры ювелірныя майстэрні X–XII стст. Полацкія майстры выраблялі ўпрыгажэнні з бронзы (бранзалеты, пярсцёнкі, розныя прывескі, грабеньчыкі), з бурштыну (пацеркі і пярсцёнкі). Вядома, працавалі і з каштоўным металам, але гэта былі рэчы выключна заказныя для князёў і духоўных іерархаў.
Такім чынам, культура старажытнай Беларусі вызначалася вельмі багатай гамай фарбаў, формаў, гукаў (вырабляліся музычныя інструменты і пісалася музыка). Усё гэта было магчыма дзякуючы глыбокім дзяржаватворчым працэсам, на якія былі скіраваны ўсе палітычныя і духоўныя памкненні грамадства.
(канец тэкста)