
Хрышчоныя ймены вялікалітоўскія (беларускія)
Аўтар: Станкевіч Ян, Крыніца: Станкевіч Ян. Хрышчоныя имены вялікалітоўскія (беларускія) // Спадчына №6-1992. С. 96-101.; №1-1993. С.76-82.
№6-1992. С. 96-101. Праца Я. Станкевіча раскрывае ягоны пагляд на нацыянальную спэцыфіку й структуру беларускага іменаслову. Некаторыя палажэнні працы ўяўляюцца спрэчнымі (напр., абвешчаньне суфіксальных формаў імёнаў выключка памяншальнымі). Тым ня менш яна займае годнае месца ў шэрагу працаў іншых беларускіх мовазнаўцаў-дасьледнікаў антрапаніміі, пачынаючы з В. Ластоўскага. Друкуецца са скаротамі (бязь «Меньніна вялікалітоўскага» i большасьці спасылак) паводле «Запісаў», кн. 2, Мюнхэн, 1963.
А. Імены дахрысьцянскія
У дахрысьцянскім пэрыядзе вялікалітоўскага (беларускага) ня было хрышчоных імёнаў, бо ня было й Хрысту. Але ймёны былі. Значэньням сваім імёны дахрысьцянскія тым розьніліся ад імёнаў пасьлейшых, хрысьцянскіх, што яны ня былі ймёнамі патрона. Часткавай розьніцаю было тое, што ўсі дахрысьцянскія ймёны нашых прадзедаў былі свайго вялікалітоўскага паходжаньня.
Усі тагачасныя ймёны нашы можна падзяліць на дзьве вялікія часьці. Адну часьць складалі назовы зьвяроў (Дзік, Ліс, Мядзьведзь, Воўк i інш.), птушак (Бусел, Зязюля, Ластаўка, Лебедзь, Пятух, Сакол, Верабей i інш.), статку (Бык, Казёл, Вол), расьлінаў (Хмель, Дуб, Ігруша, Клён, Краса, Краска, Кветка, Ляшчына, Рожа), рэчаў (Скарына, Дзежка).
Даючы такія й падобныя ймёны, бацькі ймёнамі выказавалі свае зычэньні ўзглядам дзецяняці, зычылі, каб сын быў дужы, як мядзьведзь, тур, вол; хітры, як ліс; адважны, як арол, сакол; цьвярды, як дуб; каб дачка была любовая, як зязюля; харошая, як ластаўка, краска, кветка; крамяная, як скарына, скарынка (а не такая, як мякіш).
З прыймом хрысьцянства, таковыя ймёны перасталі ўжывацца як імёны, але сталі мянушкамі i з часам прозьвішчамі або далі пачатак прозьвішчам (Валовіч, Бычкоўскі, Дубовік i інш.).
Другая часьць імёнаў вялікалітоўскіх дахрысьцянскага пэрыяду мела накшы выгляд. Тут зычэньні выказаваліся ня рознымі назовамі жывое прыроды або рэчаў, але накшымі словамі. Найбольш пашырыўшыся былі як імёны складаныя словы, у каторых другой часьцяй было слова «слава» (у імёнаў жаноцкіх) i «слаў» (у мужчынскіх), а часьцяй першай было слова, што паказавала, якое зычылі славы. Прыкл.: Усяслаў,
Вячаслаў, Расьціслаў, Зьвініслава, Перадслава, Расьціслава.
Другой падгрупаю былі складаныя словы, у каторых другой часьцяй было слова «мер»: Казімер, Валадзімер [1].
Меней пашырыўшыся былі як імёны словы нескладаныя, як Валадар. Ждан.
Імёнам гэтае другое часьці пашчасьціла захавацца й па прыйме хрысьцянства. Спачатку ладны час ix ужывалі побач ізь перанятымі ймёнамі хрысьцянскіх сьвятых, а пасьлей i бяз гэтых. Гэтак, прыкладам, пскоўскі князь, за каторага гаспадарстваваньня Пскоў вывальніўся ад Ноўгараду i стаў гаспадарствам незалежным у 1136 г., меў два ймёны, адно Гаўрыла - імя хрысьцянскага сьвятога, а другое сваё - Усевалад. Яго праваслаўная царква прызнала за сьвятога. Дзеля таго й другое імя ягонае, Усевалад, стала імям хрысьцянскага сьвятога. Падобна было зь іншымі ймёнамі вялікалітоўскага паходжаньня.
Б. ХРЫШЧОНЫЯ ИМЕНЫ
Скуль прыходзіла хрысьцянства да Вялікае Літвы (Беларусі)
Першымі хрысьцянамі на Ўсходзе Эўропы былі некаторыя зь вялікалітоўскага плямені Севяран. Да Севершчыны хрысьцянская вера праточавалася із Закаўказьзя (з Грузіі) за пасярэдніцтвам северскае калёні Цьмутаракані ля Азоўскага мора. Гэтаму прыяла тое, што княства Цьмутараканскае гранічыла ля р. Кубані з грузінскай епархіяй.
Прыймо-ж масавае хрысьцянскае веры, з прынукі адбылося пасьлей, у канцы X i XI стагодзьдзях, ужо зь Бізантыі перазь Кіеў, ад каторага тады залежыла бальшыня земляў вялікалітоўскіх.
Хрысьцянская вера зь Бізантыі прышла да нас у вабрадзе ўсходнім, грэцшм, адылі з моваю старабаўгарскай, бо яшчэ ў стагодзьдзю IX наўчоныя Грэкі із Салуня ў Македоні, браты Кастанцін (у мністве Кірыла) а Мяход пераклалі літургічныя кнігі з мовы грэцкае на мову старабаўгарскую. У IX, а ў X стагодзьдзях у гэтайжа мове была створана цэлая рэлігійная літаратура.
З прыймом хрысьцянства вялікай хваляю паплылі да Вялікае Літвы ймёны грэцкія, а таксама ўсходнія, болей-меней зьмененыя Грэкамі, асабліва гэбрэйскія. Прышлі яны, адылі, да нас не беспасярэдне з мовы грэцкае, але пасярэдніцтвам мовы старабаўгарскае i да некаторае меры зьмененыя ў ёй.
Іншым жаралом, з каторага паплылі да нас імёны чужыя, была мова лацінская і, у малой меры, іншыя мовы заходнія. Пачалося гэта адгэнуль, як Вялікаліцьвіны пачалі прыймаць хрысьцянскую веру із Заходняе Эўропы. Відавочна ўжо ў стагодзьдзю X бы л i ў Вялікай Літве грудкі хрысьцян заходняга абраду. У стагодзьдзю XIV за вялікага князя Гедыміна а Альгерда былі ў Ноўгарадку а Вільні рымска-каталіцкія манастыры. Калі ў канцы XIV i на пачатку XV стагодзьдзя была ахрышчана Жмуйдзь у рымска-каталіцкую веру, тады й часьць Вялікаліцьвіноў стала рымскімі каталікамі, мяняючы дагэнулешні ўсходні абрад свой i пераходзячы з праваслаўя на каталіцтва.
У стагодзьдзю XVI сярод вялікалітоўскае шляхты а мяшчанства была вельмі пашырыўшыся рэформаца (кальвінізм, лютаранства а сацынянства); але ў тым-жа а наступным стагодзьдзю ўсі, з выняткам лічаных радзімаў, вялікалітоўскія пратэстанты сталі каталікамі-лаціньнікамі.
Задзіночаньне з Рымам часьці праваслаўных Вялікаліцьвіноў ня ўчыніла зьмены ў дагэнулешнім іменным слоўніку вялікалітоўскім.
бо вуніяты й далей ужывалі тых самых імёнаў хрысьцянскіх, што й да вуні. Але прымуснае касаваньне вуні - часткавае ад 1772 i агульнае ў 1839 г. - вельмі ўзмоцніла ў нас пашырэньне ймёнаў лацінскага тыпу, бо шмат якія вуніяты, баронячыся ад залічэньня ix маскоўскай адміністрацай да праваслаўных, прыкідаваліся рымскімі каталікамі i патай пераходзілі ў лацінства. Малая-ж часьць былых вуніятаў - звыш паўмілёну - перайшла на рымскае каталіцтва ў 1905 г., як быў дазволены пераход з праваслаўя на іншую веру.
Да Вялікаліцьвіноў-лаціньнікаў прыходзілі хрысьцянскія ймёны ў хорме лацінскай. Былі гэта ймёны лацінскія й іншыя заходнеэўропскія, а таксама злацінізаваныя грэцкія (як орыгінальныя грэцкія, так i згэленізаваныя гэбрэйскія i ў малой меры іншыя ўсходнія).
Імёны, перанятыя з мовы грэцкае пераз старабаўгарскую, розьняцца ад тых-жа ймёнаў грэцкіх а згэленізаваных, перанятых пераз мову лацінскую. Розьніца наступная:
1. замест старабаўг. i ё лацінск. е: Ісус - Езус (у лаціны е, ё із старагрэцкага даўгога е, бізанцкага і);
2. замест старабаўг. с ё лац. з: Амрос, Пратас - Амброз, Пратаз;
3. замест старабаўг. фіты, вымаўлянае як ф ё лац. th; зь першага ё вялікалітоўскае x (Ходар) або хв (Хведар) або п (Апанас), з другога - т (Тодар, Атаназ);
4. замест старабаўг. в ё лац. б: Васіль - Базыль;
5. замест старабаўг. к ё лац. ц: Купрыян - Цыпрыян;
6. замест старабаўг. зьмякчанага сугуку перад е ё лац. цьвярды сугук: Венямін - Банямін (а з э з прычыны аканьня);
7. У стб. перад е, i былі мяккія д, т, з, с, з каторых у мове белар. сярэдне-язычныя dź, ć, ź, ś (Цімох, Сідар, Сьцяпан); у лац. i іншых заходніх неславянскіх перад э сугукі д, т, з, с цьвярдыя, а перад i - сярэднія; - у вабодвых прылучаёх у блр. яны цьвярдыя (Зыдор, Юстын, Стапан із Стэпан);
8. Перад а, о, у замест баўг. л цьвярдога (Пёкла зь Пекла) ё лац. ль мяккое (Тэкля).
Хормы ймёнаў, паўсталыя з хормаў старабаўгарскіх, пашырыўшыся галоўна сярод Вялікаліцьвіноў праваслаўных, а хормаў, паўсталых із хормаў лацінскіх, ужываюць пераважна Вялікаліцьвіны-лаціньнікі.
Некаторыя Вялікаліцьвіны ўважаюць, што ня добра, калі ймёны грэцкія ёсьць у мове вялікалітоўскай зь дзьвюма хормамі. Адныя зычылі-б, каб засталіся ў нас толькi хормы згодныя з моваю старабаўгарскай; другія ўважаюць, што маюць быць у нас толькі хормы заходнія, значыцца, згодныя з моваю лацінскай, бо мы народ заходняе цывілізацыі, i ўсі навуковыя й тэхнічныя тэрміны, паколькі яны ў нас не свае, дык пераняты із Захаду ў хорме заходняй. Вось, кажуць, поэта Кастанцін Міцкевіч, сам праваслаўны, а даў сабе мянушку Якуб Колас. Е ў нас i шмат прозьвішчаў ад імені «Якуб», як Якубеня, Якубёнак, Якубовіч, Якубоўскі. Гэта праўда, але вось другі поэта, каталік, Альбэрт Паўловіч, дарма што не раўня К. Міцкевічу, піша ў вадным із сваіх вершаў у зборніку «Снапок» - «не пазьніся-ж Якаў». Я меў школьнага сябру Яковіча, каталіка зь Лідчыны, знаю й Якаўлюка з Горадна. Заходняй цывілізацы не перакажаюць гукі і, x, хв, к, п, с, в грэцкіх імёнаў. Усялякія тэрміны, паколькі яны ў нас перанятыя, а таксама заходнія хормы чужых географічных назоваў у нас нормальныя, бо мы заўсёды былі із Захадам i складаем часьць Захаду. Але-ж гэтаму ані не перакажаюць старабаўгарскія хормы грэцкіх а згэленізаваных імёнаў. Прыймаючы хрысьцянскую веру з моваю старабаўгарскай, сусім прыродна было прыняць старабаўгарскія хормы хрышчоных імёнаў. Хормы гэтых імёнаў гістарычна ўрасьлі .ў наша жыцьцё, ё ня толькі старабаўгарскія хормы грэцкіх імёнаў, але й прозьвішчы зь ix i географічныя назовы. Тое самае трэба сказаць праз хормы лацінскія грэцкіх імёнаў. Аддаліўшы адну з хормаў, старабаўгарскую або лацінскую, грэцкіх імёнаў, мы самы сібе перасталі-б пазнаваць. Такія прозьвішчы, як Апанасовіч, Панасовіч, Панасеня, Панасёнак, Панасюк або Васіленя, Васілёнак, Васілевіч, Васілеўскі, мы адчувалі-б як чужыя, калі-б аддалілі старабаўгарскую хорму грэцкіх імёнаў. Поэты й непоэты могуць даваць сабе якія-хоця мянушкі, могуць таксама зваць іншых якой-хоця хормаю гэтых імёнаў. Таксама аўтары сваіх гэрояў. Гэта прыватная справа кажнага. Робячы гэтак, яны нічагусенькі ня ўзрушаюць у мове вялікалітоўскай, бо як адныя, так i другія хормы ё складовай часьцяй нашае мовы, памеж ix ня толькі ня можа быць зялезнае заслоны, але нат лягкое запінахі. Але адна рэч свабода прыватнага ўжываньня кажнаму тае або іншае хормы грэцкіх імёнаў, а сусім што іншае вылучэньне з мовы аднае зь дзьвюх хормаў грэцкіх хрышчоных імёнаў, або, што тое самае, вымаганьне ўжываць адну з гэтых хормаў замест другое.
Вялікаліцьвіны ўсходняга абраду гістарычна прывыклі ў сваім рэлігійным жыцьцю да хормаў старабаўгарскіх грэцкіх хрышчоных імёнаў. Таксама Вялікаліцьвіны абраду рымскага, лаціньнікі прывыклі ў сваім рэлігійным жыцьцю да хормаў лацінскіх тых-жа імёнаў. Дзеля таго ў літаратуры рэлігійнай праваслаўнай а вуніяцкай маюць ужываць толькі хормаў старабаўгарскіх грэцкіх хрышчоных імёнаў. А ў літаратуры рэлігійнай, прызначанай дзеля рымскіх каталікоў, маюць ужываць адно хормаў лацінскіх тых самых імёнаў. Рабіць накш значыла-б сіліць іншых ужываць тую або іншую хорму разгляданых імёнаў, вылучаць із агульнага ўжываньня адну з хормаў. Вынятак із гэтага мог-бы быць, як мне здаецца, адно тады, калі ўжываючыя якоесь хормы якога-колечы імені прынамся на 90 працэнтаў заступілі яе хормаю іншай.