Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
рэферат Брыль.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
289.79 Кб
Скачать

Мянушка як трапны індэнтыфікатар героя

В.Івашка адзначае, што звычайна на вёсках, дзе было па 600-900 двароў, а пераважала 3 – 4 прозвішчы, часта выкарыстоўваліся вулічныя мянушкі, якія тлумачылі, пра каго ідзе гутарка, дзе жыве чалавек, і вылучалі яго з ліку суродзічаў, землякоў. У аповесці “Ніжнія Байдуны” Янка Брыль піша: “Мянушкамі здавён была пацярушана наша вёска, хапіла на кожную хату і па адной, і па дзве, і па тры” [4, С.136], прычынай чаго была таксама і дасціпнасць вяскоўцаў, жаданне падсмяяцца з чужых заган.

Мянушкі звычайна ўтвараюцца ў выніку разнастайных метафар і ўжываюцца як “другое” імя, якое паказвае на знешні выгляд чалавека, паводзіны, прывычкі, фізічныя недахопы, дэфекты мовы, а часам сведчыць і пра прыналежнасць да крымінальнага свету. “Другія імёны” з’яўляюцца ў чалавека часцей ў перыяд дзяцінства і юнацтва, калі ён найбольш ярка і непасрэдна праяўляе сябе.

Усе мянушкі ў творах Брыля (іх было разгледзена 87) можна падзяліць на некалькі груп:

  • Найменні, звязныя з асаблівасцямі знешнасці, фізічнымі недахопамі чалавека: Маня Варона, Каця Курыца, Кульгач, Цукерка, Рэзаны жывот, Сівы, Касавокі, Двухжыльны – такіх онімаў 21 (24,1%);

  • Мянушкі, атрыманыя за звычку часта паўтараць пэўнае слова або выраз, манеру гаварыць, мянушка як вынік бязглуздай агаворкі: Акудыты, Прочым, Пшэпюрка, Сідар-гоп, “Дай я гахну!” “Не на таво наскачыла!” (іх 18, або 20,6%);

  • Самая яркая катэгорыя – мянушкі, звязаныя з характарам персанажа: Дзічка, Храпун, Ліска, Каза – іх 15.

  • Онімы, звязаныя з родам дзейнасці: Лётчык, Свісток, Свіцязянка, Гусак (усяго 10);

  • Мянушкі, утвораныя ад уласных імён: Уван, Мазалёк, Аляксандр Сяргеевіч, Хмель – 10;

  • Найменні, якія ўказваюць на паходжанне чалавека: Жабрак, Казак, Латышка – 7;

  • Онімы, звязаныя са звычкамі чалавека: Балалэй, Ляпножка (іх 2);

  • Мянушкі, паходжанне якіх аўтар не тлумачыць: Рыўка, Ведзьма, Сячкарня, Маркітантка (усяго 4).

Прывядзём прыклады.

Высокі чарнявы хлопец Толя Касёнак (“Лазунок”) атрымаў мянушку Цыган; прыгожанькую блакітнавокую дзяўчынку Ліпу, якая носіць “белую і пушыстую, як снег”, шубку [8, C.66], бацькі называюць Снягурачкай. Ляснік Сцяпан – худы і недагледжаны, “адзін толькі сіняваты носік тырчыць” [9, C.169], таму і вядомы ён як Сцёпа Свярдзёлак, па асацыяцыі са знешнім выглядам.

Паручніка Слядзінскага з рамана “Птушкі і гнёзды”, “маладога ды выпінастага” палонныя салдаты клічуць Пінгвінам з-за яго залішне фанабэрыстай паставы і хады. Хлопчык Шурка (“Золак, убачаны здалёк”) атрымаў мянушку Сцягач, бо аднойчы яго, занадта цікаўнага, знявечыла бомба, і замест пяці пальцаў на руцэ ў хлопца атрымалася тры. “Камусьці першаму такая рука нагадала сцягач, сагнуты трохзубы сахор, якім на полі сцягаюць з воза гной, і параўнанне стала мянушкай” [7, C.373].

Мянушка часта з’яўляецца як рэакцыя на нейкую маўленчую звычку чалавека. У аснове такіх онімаў, адзначае В.Шур, “ляжыць мімезіс, а дакладней антымімезіс, як вынік імітацыі чужога маўлення, яго манеры, асаблівасцей, найбольш паўтаральных слоў-паразітаў і цэлых фраз” [39, C.63]. Так, дзядзьку Рамана ўсе ў вёсцы называюць Ляманам, бо ён не вымаўляе гук [р], а сваю жонку называе не Параска, а Палятка, і нават у лістах ёй піша: “Далягая Палятка!” [7, C.137]. Мясцовага дурня аднавяскоўцы называюць Салавей, бо ён мала гаварыў, “а калі і мармытаў сабе пад нос”, то песеньку “Соловей, соловей, пташечка// Канареюшка жалобно поёт…” [7, C.393].

Часта мянушкі “прыліпаюць” да вяскоўцаў у сувязі з камічнымі сітуацыямі, у якіх іх носьбіты апыналіся. Дзядзька Тодар Клімовіч стаў Грамуздай, калі ў школе не вывучыў байку Крылова “Ворона и лисица”. З апошняй парты яму шапнулі падказку: “На ель ворона взгромоздясь”, якую ён, не зразумеўшы, паўтарыў па-свойму: “Варона ела грамузду” [4, С.136]. Каваль Пучок у дзяцінстве атрымаў больш доўгае “другое імя” – “Не хачу хлеба, хачу сала”. Хлопчык прасіў у маці скварку, а тая адправіла яго да суседзяў. “Суседзі смяюцца, даюць яму хлеб, а ён шмогае носам з марозу: “Не хачу хлеба, дай сала…” [4, С.136].

Шмат “другіх імён” звязана з дзеяннямі, учынкамі, характарам персанажаў твораў. Распуціным празвалі папа-гуляку, грубіяна і аматара выпіць і пазаляцацца да жанчын. Дарэчы, В.Шур адзначае, што ўтварэнне мянушак ад пераасэнсаваных амонімаў (пераважна прозвішчаў вядомых у соцыуме асоб, дзяржаўных дзеячаў і інш.) – “адзін з прадуктыўных у пісьменніцкай моватворчасці” [37, C.69].

Адзін з цікавых персанажаў рамана “Птушкі і гнёзды” – пан Самацэвіч па мянушцы Бязмен. “Бязмен – ручная рычажная або спружынная вага” [31, C.439], якая часта выкарыстоўвалася пры гандлі на кірмашах. Аднак з-за сваёй недакладнасці такія вагі маглі падмануць пакупнікоў. Ілжывым і прадажным быў і пан Самацэвіч, эмігрант з Заходняй Беларусі. Працуючы адначасова на фашыстаў і нібыта дапамагаючы сваім суайчыннікам, пан Самацэвіч атрымаў “не менш з’едлівую мянушку” – Бацька.

Дырэктара школы пана Дылембу (“Сірочы хлеб”), дзеці празвалі Павуком за тое, што ён пляце інтрыгі за спіной настаўніцы пані Мар’і. Найбольш ярка выяўляе чалавечую сутнасць Мітрошы Рагача (“Ніжнія Байдуны”) яго мянушка Важнае ліцо. Хлопец імітаваў з сябе інтэлігента, хаця ім не з’яўляўся: не дапамагаў сям’і у працы на полі, а займаўся “пісарствам”: перамяраў надзел і майстраваў шыльдачкі з імёнамі кароў у хлеўніку. Перад вячоркамі ў суседняй вёсцы Мітроша папрасіў мясцовых дзяўчат папярэдзіць хлопцаў, што да іх прыйдзе “важнае ліцо”. Ён быў сустрэты належным чынам, затое за падман быў выправедзены бізунамі.

Мянушкі ўзнікаюць і ў сувязі з пэўнымі заняткамі чалавека. Юнага паліграфіста Міхася Лазунка у вучнёўскай групе называюць Бабашкам (бабашка – металічны брусочак, ніжэйшы за наборную літару, які ўстаўляўся ў набор, каб зрабіць прабел). Такую “прафесійную” мянушку хлопец атрымаў і таму, што быў ніжэй за ўсіх ростам. Рамана Чачотку (“Марыля”) празвалі Свістком, бо ён у мінулым служыў царскім гарадавым і не змог звыкнуцца да сялянскай працы, аднак негатыўная якасць – цяга да выслужвання – у яго захавалася.

Алесь Руневіч і яго сяброўка Ліда Чамірка называлі адзін аднаго Светлячком і Свіцязянкай, імёнамі, якія нагадвалі ім пра іх ролі ў школьным тэатры. Здольнага да малявання вучня Шурку (“Сірочы хлеб”) настаўніца пані Мар’я назвала “будучым Янам Матэйкам” (вядомы польскі мастак); хутка хлопчык стаў Матэйкам для ўсяго класа.

Часта мянушкі ўтвараюцца на базе ўласнага імені чалавека. Напрыклад, персанажа з рамана “Птушкі і гнёзды” назвалі Трайным Марцінам па той простай прычыне, што называўся ён Марцін Марцінавіч Марціновіч” [37, C.178]. Мазалёк – гэта Андрэй Мазоль, “не па-сялянску элегантны і гнуткі, <…> з шырокай, перасалоджанай усмешкай”, таму і Мазалёк, бо такі прыемны і мілы [7, C.168]. Шуру з аповесці “Золак, убачаны здалёк” быў не толькі Сцягачом, але і Аляксандрам Сяргеевічам, бо яго бацька, Сяргей, назваў свайго сына ў гонар любімага паэта Пушкіна.

Мянушка можа ўтварыцца ў выніку няўдалага вымаўлення імені. Так, хлопчык Юрка пры нараджэнні быў названы ў гонар святога Ігара, аднак кумам гэтае імя не спадабалася: “Іга-га” нейкае!” [7, C.382].

“Другое імя” можа ўказваць і на паходжанне чалавека. Напрыклад, Казак, Немец, Латышка – так клікалі пазашлюбных дзяцей ад “арэнбурскага казака”, нямецкага салдата і латыша. Басалаем называўся –“Алены Конашавай байстручок”, “галадранец і злайдзючок на ўсё мястэчка” [7, C.272].

Невялікая колькасць мянушак звязана і са звычкамі чалавека: Балалэй – так называўся вельмі гаварлівы селянін Ігнат Сякач, які “любіў падсеч”, прыдумаць жарт, а таксама залішне пагаварыць; удавец Ляпножка атрымаў сваё імя за звычку стукаць нагой падчас танцаў.

У аснове мянушкі можа прысутнічаць адразу некалькі якасцяў. Так, скрыпач Петрык (“Ніжнія Байдуны”) стаў Страдыварусам не толькі таму, што быў музыкам, а і таму, што меў трафейную скрыпку, прывезеную з вайны, якую горда называў “мой страдыварус”. Пані Рузя, злая настаўніца, за вочы стала “Дзеўкай у розуме”; гэта мянушка адначасова абыгрывала яе імя і залішнюю патрабавальнасць, прычыну чаго вучні бачылі, магчыма, у незамужнясці настаўніцы.

Такім чынам, мянушка з’яўляецца адметным онімам, які дапамагае трапна раскрыць пэўны вобраз, вучаць чытача арыгінальна падыходзіць да прачытання твора. Мянушкі ў творах Янкі Брыля ствараюць яркую карціну народнага побыту, сведчаць пра дасціпнасць і знаходлівасць пісьменніка.