
- •Уласныя імёны ў творчасці Янкі Брыля
- •Уводзіны
- •Літаратурнае імя як крыніца звестак пра героя
- •1.1. Імянаслоў прозы Янкі Брыля
- •1.2. Народна-гутарковыя формы імені.
- •1.3. Асаблівасці звароту да чалавека.
- •1.4. Імя як спосаб стварэння літаратурнага вобраза
- •Прозвішчы літаратурных персанажаў Янкі Брыля
- •2.1. Семантычная характарыстыка прозвішчаў
- •3.2. Марфемнае ўтварэнне літаратурных прозвішчаў
- •3.3. Роля прозвішчаў у літаратурным творы
- •Мянушка як трапны індэнтыфікатар героя
- •Заключэнне
- •Выкарыстаная літаратура:
Прозвішчы літаратурных персанажаў Янкі Брыля
В.Ляшчынская піша, што “ў літаратурных прозвішчах замацаваны не толькі ўказанне на паходжанне, нацыянальнасць, сацыяльнае становішча”, а і на характарыстыку героя паводле паводзін, учынкаў, характару, якая раскрываецца праз семантыку апелятываў, праз апісанне канкрэтнай сітуацыі ў мастацкім тэксце [23, C.128].
У працы было разгледзены 153 беларускія і 58 замежных прозвішчаў літаратурных перасанажаў Янкі Брыля, якія былі прааналізаваны згодна семантыкі, структуры ўтварэння і іх ролі ў тэксце.
2.1. Семантычная характарыстыка прозвішчаў
Трэба адзначыць, што наогул паходжанне многіх беларускіх прозвішчаў матываванае. Гэта значыць, што яны ўтварыліся семантычным шляхам праз пераасэнсаванне былых назваў-характарыстык асобы ці ад гутарковых формаў імёнаў, а таксама ад назоўнікаў-апелятываў.
Найбольш ужывальнымі ў творах Янкі Брыля з’яўляюцца прозвішчы персанажаў, утвораныя ад уласных імён: Адамовіч, Богуш, Свірыд, Мірончык, Ляўко, Хамёнак, Макарэц. Такіх прозвішчаў 30 (19,6%).
Папулярныя і прозвішчы, семантыка якіх узыходзіць да апелятыва, звязанага з назвамі раслін і іх частак: Грыб, Вярбіцкі, Быліна, Сучок, Чамірка (ад “чэмер”), Шышка. Усяго такіх прозвішчаў – 22 (14,4%). Столькі ж прозвішчаў, якія паходзяць ад назваў прадметаў побыту, начыння: Брычка, Венік, Торба, Кужалевіч, Цярэнь (ад “чарэнь” – “гарызантальная паверня на рускай печы”) [34, С.303]. Значную групу прадстаўляюць прозвішчы персанажаў, утвораныя ад назваў жывых істот, частак іх цела: Заяц, Салавей, Жук, Рагач, Сівалап, Чарнагрэбень, Шулейка (шуляк, шулёнак – “невялікая драпежная птушка сямейства сакаліных” [34, С.410]). Іх 18.
Дваццаць онімаў (13,4%) этымалагічна звязаныя з родам заняткаў людзей, а таксама іх паходжаннем – Баярын, Ганчарык, Рымар, Нішчымная, Цівунок. Шырока распаўсюджаны і онімы, этымалогія якіх звязана са знешнасцю чалавека (Белабародзька, Кругляк, Шчэрба, Гарбуновіч, Кучура (“г.зн. “кучаравы”), а таксама яго характарам, звычкамі, недахопамі (Нячуй, Гаварэнь, Ціханаў, Бойка). Такіх адзінак 15 і 14 адпаведна. Такія прозвішчы, на думку навукоўцаў, – былыя дахрысціянскія імёны-мянушкі.
Наступная група прозвішчаў звязана з назвамі ежы і страў: Бурак, Саладуха, Коржык (Такіх прозвішчаў 5). Частка онімаў – ад найменняў часу: Вечар, Субота (Іх 4). Частка – з невызначанай этымалогіяй – Кэнць, Кныш, Кеда.
Так, ў прозе Янкі Брыля прысутнічаюць характэрныя семантычныя групоўкі беларускіх прозвішчаў. Апелятывамі да онімаў выступаюць не толькі кананічныя імёны, іх формы, і шырокаўжывальныя назоўнікі, але і спецыфічныя беларускія найменні, што гаворыць і пра рэалістычнасць твораў, і пра іх нацыянальны каларыт.
3.2. Марфемнае ўтварэнне літаратурных прозвішчаў
Найбольшая колькасць прозвішчаў (25 адзінак, або 16,3%), уяўляе сабой назоўнікі, якія этымалагічна ўзыходзяць да старажытных імён-мянушак, кананічных імён, назоўнікаў-апелятываў і маюць форму адзіночнага ліку назоўнага склону мужчынскага роду: Вечар, Грыб, Мазоль, Заяц, Нячуй. Вялікая група прадстаўлена і прозвішчамі з формай жаночага роду і канчаткам -а: Серада, Дуля, Сарока, Жывіца (іх 20, або 13%).
Дваццаць прозвішчаў заканчваецца на -іч: Адамовіч, Клімовіч, Саковіч, Кужалевіч, Харкевіч. Такая структура прозвішчаў вельмі пашыраная на Беларусі і займае другое месца пасля прозвішчаў на -цкі, -скі. Пры дапамозе суфікса -іч (які часта выступае і ва ўскладненнай форме -овіч-/-евіч-), адзначае А.Усціновіч, звычайна ўтвараліся прозвішчы ад поўных і скарочаных форм уласных імён, імён-мянушак (у творах Брыля такіх прозвішаў 9 з 20).
Чацвёртую групу ўтвараюць прозвішчы на -ко/-ка: Зянько, Ляўко, Цярэшка, Любка, Ёдка (15, або 9,8%). Такія ўтварэнні, на думку А.Мейе, В.Дарашэўскага, А.Сялішчава ў старажытнасці былі вядомыя ўсім славянскім мовам і ўжываліся як памяншальна-ласкальныя формы кананічных імён. Аднак тут мы бачым прозвішчы на -ко/-ка, утвораныя і ад назоўнікаў-апелятываў: Белабародзька, Халупка, Бойка, Лапінка. Часам гэты суфікс выступае у спалучэнні з іншымі суфіксамі: Юрачка.
Распаўсюджаны ў творах Брыля і прозвішчы на -аў: Заморкава, Маркаў Гаршэчнікаў (іх 9), якія, як і онімы на -іч, -ін, маюць прыналежнае значэнне. Часта аўтар выкарыстоўвае такі тып для стварэння прозвішчаў рускіх – Кручкоў, Хвастоў, у сувязі з тым, што такі тып максімальна распаўсюджаны ў сістэме рускіх прозвішчаў.
Наступная група – прозвішчы на -скі (-цкі): Буглацкі, Вярбіцкі, Пукальскі, Асмалоўскі, якіх 9. Такія прозвішчы належаць да агульнаславянскага тыпу і на Беларусі складаюць каля 10% (другое месца), на другім месцы па распаўсюджанасці яны і ў рускай мове (пасля прозвішчаў на -ов/-ев, -ин), характэрныя і для ўкраінскай і польскай моў. Прозвішчы на -скі звычайна ўжываюцца ў беларускай і рускай мастацкай літаратуры для ідэнтыфікацыі прадстаўнікоў дваранства, шляхецтва (бо такі антрапонім належаў уладальнікам маёнткаў у пэўным месцы і ўтвараўся ад назвы мясцовасці). Сапраўды, ў Брыля такія прозвішчы носяць уплывовыя асобы: пан Бадоўскі, прафесар Жджарскі, генерал-губернатар Крэставаздзвіжанскі (аднак гэта датычыцца ў асноўным прозвішч палякаў і рускіх).
Шэсць прозвішчаў у творах празаіка – з формай -ук/-юк: Бунчук, Іванюк, Царук. Такія онімы, указвае Г.Мезенка, найбольш прадуктыўныя на тэрыторыі паўночна-заходняй Украіны і паўднёва-заходняй Беларусі. У Брыля прозвішчы на -ук (-юк) маюць персанажы-палешукі. Шэсць онімаў – з найбольш прадуктыўнай на поўдні Гродзенскай вобласці формай на -ык(-чык): Цівунчык, Ганчарык.
Пяць прозвішчаў мае суфікс -ок: Снапок, Пучок. Чатыры прозвішчы з формай на -ач: Сякач, Карнач. Тры оніма маюць спецыфічна беларускую, на думку вучоных, форму -онак (-ёнак): Касёнак, Дайлідзёнак. Такія прозвішчы па сваім значэнні блізкія да мадэляў -еня/-эня і назоўнікаў, якія абазначаюць маладых істот (качаня, гусёнок).
Групамі па два прозвішчы выступаюць онімы на -ута/-юта (Санюта, Харута), якія прадуктыўныя на Гродзеншчыне. А.Шахматаў адзначаў, што такі суфікс характэрны для форм, утвораных ад першай часткі імён. Па два онімы на -як (Кругляк, Бяляк), -ун (Чыркун, Чыкун).
Ёсць прозвішчы з рэдкімі суфіксамі: Штокала, Сурага, Гавака, Лясота, Бучаль, прозвішчы, якія маюць форму прыметніка – Нішчымная, Навамодны.
Ужыта таксама і двайное прозвішча: Бохан-Калоша, мадэль якога В.Шур акрэслівае як спецыфічную беларуска-польскую-літоўскую форму складаных шляхецкіх прозвішчаў. Янка Брыль знарок падбірае такі онім для свайго персанажа, характарызуючы былога лётчыка Івана Сцяпанавіча так: “Не гаспадар быў Бохан-Калоша… Дарма што прозвішча, як у шляхціца, дубальтовае” [4, С.98]. Іван адрозніваўся ад звычайных сялян: марыў пра ваенную справу і нават малацьбу выходзіў з падпярэзанай шабляй.
Пры падборы замежных прозвішчаў Янка Брыль улічвае законы іншых моў: Анжэеўскі (імя Анжэй+ -скі), Бендзінскі (гучыць насавы [ę]), у нямецкіх прозвішчах выразныя мадэлі -ер/-ар (Трайбэр, Гамар), -ман (Шнеэман), адчуваецца характэрны для нямецкай мовы збег зычных: Арндт, Вайцэнброт. Пісьменнік звяртаецца і да тыпізацыі: чытачу зразумела, што “нейкі Швілі ці Швіляў” – грузін, Цукерман, Цымес – яўрэі.
Як бачым, Янка Брыль удала выкарыстоўвае марфемныя асаблівасці ўтварэння прозвішчаў у сваіх творах. Пэўная форма служыць сродкам сацыяльнай характарыстыкі героя, раскрывае перад чытачом багацце беларускага і замежнага анамастыкону.