
- •Уласныя імёны ў творчасці Янкі Брыля
- •Уводзіны
- •Літаратурнае імя як крыніца звестак пра героя
- •1.1. Імянаслоў прозы Янкі Брыля
- •1.2. Народна-гутарковыя формы імені.
- •1.3. Асаблівасці звароту да чалавека.
- •1.4. Імя як спосаб стварэння літаратурнага вобраза
- •Прозвішчы літаратурных персанажаў Янкі Брыля
- •2.1. Семантычная характарыстыка прозвішчаў
- •3.2. Марфемнае ўтварэнне літаратурных прозвішчаў
- •3.3. Роля прозвішчаў у літаратурным творы
- •Мянушка як трапны індэнтыфікатар героя
- •Заключэнне
- •Выкарыстаная літаратура:
1.4. Імя як спосаб стварэння літаратурнага вобраза
Называючы іменем той ці іншы персанаж, Янка Брыль улічвае многія фактары, бо такі онім не проста найменне, а крыніца да раскрыцця вобраза героя. Прынамсі, прасочваецца той факт, што часта пісьменнік бярэ пад увагу этымалагічнае або фонасімвалічнае (гукавыя асацыяцыі, якія выклікае тое ці іншае імя) значэнні.
Прасочым за падборам літаратурнага імені згодна яго этымалогіі.
Значэнне імені Яўгеній (грэч.) – “абаронца”. Смелым і гатовым заўсёды прыйсці на дапамогу з’яўляецца малады партызан Жэня Саковіч з апавядання “Адзін дзень”. Аляксандр (грэч.) – значыць “мужны”. Успомнім Алеся Руневіча з рамана “Птушкі і гнёзды”, які з’яўляецца сапраўдным узорам мужнасці. Яму давялося прайсці праз палон, бясконцыя ўцёкі з яго, працу ў немцаў і вытрымаць іх пагардлівае да сябе стаўленне, мець зносіны са здраднікамі-суайчыннікамі, і бясконца чакаць вестачак з дому і вяртання на Радзіму. Перажыць гэта, дайсці да жаданай Навагрудчыны, выстаяць пад напорам няўдач было сапраўды нялёгка для героя, але ён змог гэта зрабіць.
Гераіня апавядання “Галя”, Сонечка, яшчэ зусім маленькая дзяўчынка, але яна ўжо шмат што разумее і разважае, як сталы чалавек. Яна лёгка заўважае ману дарослых, ацэньвае іх паводзіны, прыслухоўваецца да іх размоў, і часам “адказвае на свае пытанні сама” [8, С.86], прычым вельмі дакладна. Соф’я (грэч.) – значыць “мудрая”.
Пры выбары оніма Янка Брыль улічвае і фонасімвалічнае значэнне імені, значнасць якога падкрэсліваў яшчэ М.Ламаносаў, “які ўпершыню [ў рускай лінгвістыцы] паспрабаваў напоўніць сэнсам гукі мовы” [27, C.60].
Напрыклад, героя апавядання “Галя” завуць Раман Кругляк. Ён “стары ўжо, сівы чалавек [8, C.84], але нягледзячы на свой узрост, застаецца моцным і рухавым і любіць паскакаць пад гармонік. Пры ўзгадванні такога імені ў нас адразу ўзнікае вобраз дужага, моцнага, чалавека. У фонасімвалічным слоўніку чытаем: “Раман – нешта вялікае, мужнае, актыўнае, велічнае, рухавае” [17, C.231]. Вобраз імені дапаўняе і адпаведнае прозвішча Кругляк. Пры вымаўленні імені Стэпка ўзнікае вобраз сухой старэнькай жанчыны. Менавіта такой з’яўляецца гераіня апавядання “Марыля”. Другую гераіню гэтага твора завуць Катрына. Тут спалучэнне цвёрдых гукаў [тры] дапамагаюць стварыць вобраз дужай мужападобнай жанчыны.
Імя Марыля з-за наяўнасці ў ім апошняга складу [ля] выклікае асацыяцыі плачу, таму так Брыль назваў так дзвюх сваіх гераінь – сірату Марылю (апавяданне “Марыля”) і Марылю Парабчанку (“Галя”) – жанчын, у жыцці якіх не было нічога, акрамя нядолі, слёз і пакут. У апошняй Марылі яшчэ і прозвішча Парабчанка падкрэслівае яе незайздроснае сацыяльнае становішча – дачка парабка – і такі ж горкі лёс. Пра двух герояў апавядання “Галя”, братоў-блізнят Цімоха і Ціхана, краўцоў-кажушнікаў, аўтар піша: “Мала ведаючы іх, не пазнаеш, каторы Ціхан, а каторы Цімох” [8, C.81]. Падобныя па гучанню імёны – падобныя адзін да аднаго людзі.
Часам Янка Брыль сам тлумачыць прычыну называння персанажа пэўным антрапонімам (калі яно нетыповае для асяроддзя, у якім яго “пасяліў” пісьменнік). У аповесці “Золак, убачаны здалёк” ёсць персанаж з дзіўным імем Сатурнін. Аднак прозвішча ў польскага мужчыны “амаль наскае” – Комар, ды і паводзіць сябе “пан навучыцель” вельмі проста: сам вітаецца з людзьмі, і нават выкладае беларускую мову, што робіць яго “пацешна зразумелым, ледзь не блізкім для вёскі” [7, C.383].
Часта ў імёны персанажаў укладваецца сэнс, які падкрэслівае усю тэму твора. Напрыклад, у апавяданні “Ліпа і клёнік” Ліпа – не назва дрэва, а імя дзяўчынкі, якая вельмі любіць прыроду. Школьнікі бяруць яе на пасадку дрэўцаў, і так ў Ліпы з’яўляецца “сябар” – клёнік, які яна пасадзіла разам з дзецьмі. “Драўлянае” імя дзяўчынкі падкрэслівае яе вялікую любоў да ўсяго жывога і ўключае дрэўцы, за якімі даглядаюць дзеці, ў шэраг дзеючых асоб апавядання. Лейтматывам твора “Галя” з’яўляецца песня пра “чорную галку”. Галя, Галка – імя галоўнай гераіні твора. Гэтая жанчына з няпростым лёсам сапраўды падобная на галку: “чорнавалосая, мае вялікія карыя вочы, маленькія спрытныя рукі і лёгкія ножкі” [8, C.90], яна зграбная і кемлівая.
Верачка – так завуць дзевяцімесячную дачушку маладой жанчыны Ліды Свірыд (“Адзін дзень”). Напачатку Вялікай Айчыннай вайны Лідзія страціла ўсё: мужа, блізкіх, дом. Наперадзе – уцёкі ад фашысцкай навалы і чаканне спакою. Вера ў лепшае ў жанчыны ёсць – гэта яе “маленькая партызанка” Верачка, якая дапамагае маці не зламацца і пераадолець усе цяжкасці.
У прозе Брыля сустракаем і так званае “вторичное имянаречение" (У.Коваль). Іван Непарэцкі (“Птушкі і гнёзды”) ўжо два гады ў нямецкім палоне “звыш агульнай нядолі” носіць “яшчэ і свой патаемны цяжар” [7, С.249]”, бо сапраўднае імя “высокага бялявага маўчуна” – Янкель Довід-Ічэ. Іван, або Яська, як яго называюць сябры-беларусы, разумее, што буде, калі яго выкрыюць. Змененае імя – яго адзінае ўратаванне ад нацызму.
Масье Жана Папёлка раней звалі Ясь. Ён вымушаны быў з’ехаць з Польшчы ад беспрацоўя і знайшоў “больш ласкавейшую радзіму” – Францыю [7, С.201]. Масье Жан пабываў яшчэ і сархенто (сяржантам) Хуанам, ваяваўшы ў Іспаніі ў пачатку 1937-га. Змена імені тут – не драма, а іронія, выкрыванне прыстасавальніцтва.
У Янкі Брыля назіраецца і тыпізацыя імені, калі пэўны онім служыць сімвалам цэлага народу або класа. Напрыклад, настаўнік польскай школы так знаёміцца з сустрэтым хлопчыкам Данікам: “А гэта чый такі Іванка?” [6, С.11]. Для яго Іванка – любы беларускі хлопчык. У рамане “Птушкі і гнёзды” маладыя немкі прыносяць ласункі палонным “Адамам” (г. зн. палякам), якім у сваю чаргу забараняюць заляцаццца да нямецкіх “Марушак”. Часам беларускія імёны пры вымаўленні іх іншаземцам, змяняюцца на характэрныя для яго мовы: немцы называюць палонных Алеся, Максіма, Івана Алексам, Максам і Гансам адпаведна, польскі настаўнік кліча Івана і Уладзіміра Янам і Влодзімежам.
Як бачым, імя, дзякуючы сваім фанетычным і лексічным характарыстыкам, дапамагае пісьменніку увасобіць мастацкую задуму, пакрэсліць пэўныя рысы ў характары героя, настроіць чытача на ўспрыняцце таго ці іншага вобраза.
Такім чынам, Янка Брыль у сваіх творах выкарыстоўвае імёны, характэрныя для пэўнага рэгіёну і часу. На прыкладзе онімаў у творчасці празаіка можна ўдала прасачыць асаблівасці звароту да чалавека з улікам яго ўзросту, роднасных адносін, занятку, а таксама прааналізваць спецыфіку народна-дыялектных форм імені. Пры выбары імені для героя твора пісьменнік улічвае рэальны анамастыкон сваёй мясцовасці, а таксама пэўную семантычную нагрузку імені, яго этымалагічнае і фонасівалічнае значэнне. Янка Брыль часта выкарыстоўвае замацаваныя ўяўленні пра тое ці іншае імя, каб лягчэй раскрыць вобраз героя, падкрэсліць пэўную ідэю твора.