Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
рэферат Брыль.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
289.79 Кб
Скачать

1.2. Народна-гутарковыя формы імені.

Як можна было заўважыць, разам з афіцыйнымі кананічнымі імёнамі Янка Брыль ужывае разнастайныя іх варыянты, якія ўзніклі ў народна-дыялектнай мове (іх Я.Скрыган лічыць паўнацэннымі спецыфічна беларускімі імёнамі). Напрыклад, Баўтрук – форма ад праваслаўнага імені Варфоломей, Якуб – ад Яков, Вінцусь – ад Викентий, Тэкля – ад Фёкла, Тадорка – ад Федора. Найбольш прадуктыўнымі з’яўляюцца дыялектныя формы імені на -ук (-юк) і -усь(-юсь) (Паўлюк, Змітрук, Пятрусь), што звязана з украінскім і польскім уплывамі адпаведна; відавочна замена гукаў у пачатку імені на больш прывычныя для беларускага маўлення: Фёдор – Хведар, Тодар, Елисей – Алісей, Куприян – Цупрон, Софья – Зося, Ирина – Ярына, узнікненне прыстаўных гукаў: Гэля – Елена, устаўных – Прасковья – Параска, канцавых – Пятро, Марка, сцяжэнне пачатковых гукаў: Иосиф – Ёсіп, усячэнне канцавых – Цімох, Васіль, характэрнае для гродзенска-баранавіцкіх гаворак оканне: Кацярыно, Іванко, Ганно, недысіміляцыйнае аканне: Гарасім.

Янка Брыль у сваёй прозе часта выкарыстоўвае народна-гутарковыя формы імені, што дазваляе чытачу прасачыць адметнасць мясцовых гаворак і беларускага маўлення наогул; сведчыць пра любоў пісьменніка да малой радзімы, яго імкненне стварыць трапны вобраз роднага краю.

1.3. Асаблівасці звароту да чалавека.

Пэўнай формай оніма Янка Брыль падкрэслівае прыналежнасць герояў да той ці іншай групы людзей. Напрыклад, імёны дзяцей заўсёды ўжыты ў памяншальна-ласкальнай форме з уласцівымі ёй суфіксамі -к-, -ік-, -ечк-, -ачк-: Шурка, Юрка, Марылька, Уладзік, Генік, Маечка, Волечка, Ганначка. Імёны маладых або блізкіх людзей таксама ўжываюцца ў ветлівай або памяншальна-ласкальнай форме з канчаткам -а: Жэня, Валодзя, Ліда, Галя. Сярожа – так звяртаюцца да мужа, брата, Надзя – да дачкі, Цімоша – да лепшага сябра. Такая форма часам гаворыць і пра добрае стаўленне аўтара да свайго персанажа.

Цікава, але ў рускай мове такія формы імён, як Маня, Ніна, маюць ласкальнае значэнне (як і формы імён з суфіксамі -чк-, -ш-, -ушк- (-юшк), а вось формы з суфіксам -к- (Мішка, Лёнька, Мальвінка) носяць адмоўнае адценне адносін (прыніжальнае ці зневажальнае) да аб’екта выказвання, субяседніка. Есць такія прыклады і ў Брыля. Ванька Пуп – так звалі вясковага задаваку, "абармота і дурня", Мішка-Шаптун – пляткара і “злыбеду”. У гэтых выпадках памяншальна-ласкальныя формы імён маюць, як і ў рускай мове, адмоўнае значэнне. Цікавы і такі эпізод: былы паліцай, а цяпер вясковы п’яніца, Міцька Смятана, да аднавяскоўца-журналіста звяртаецца таксама па-панібрацку – Васька Андрэевіч. В.Івашка тлумачыць гэта тым, што да спецыяльнага ўказа Пятра І, які тычыўся этыкетнага звароту, “Міцька, Ванька – так звярталіся да бедных, сялян, халопаў” [17, C.140]. З другога боку, такая форма выкарыстоўвалася ў зносінах паміж блізкімі людзьмі. Рускі лінгвіст В.Чэрнышэў, збіраючы напачатку ХХ ст. дыялектны матэрыял у пскоўскіх вёсках, адзначаў, што асабістыя імёны на -к-а (цёця Анютка, дзядзя Ванька) – звыклая форма, якая не мае прыніжальнага адцення.

Часам Брыль выкарыстоўвае памяншальную форму імені, каб падкрэсліць некаторыя асаблівасці характару, знешнасці. Аркадзік – так называлі ціхага, хваравітага і кволага шаўца, Данька – “заўсёды зажмуранага”, заціснутага ў сабе старога. Тут памяншальная форма выступае прыкметай неадпаведнасці сталасці, мажнасці ў дарослага чалавека.

У поўнай форме і з імем па бацьку ўжываюцца імёны паважаных людзей: Лідзія Пятроўна (настаўніца), Іван Сымонавіч (майстар), Лазар Міронавіч (тэхнічны рэдактар), Васіль Раманавіч (акадэмік), Паліна Іванаўна (медсястра). Такі зварот выкарыстоўваецца і ў дачыненні да знаёмых дарослых людзей, чыя прафесія не ўказваецца: Астап Іванавіч, Мікола Сцяпанавіч, Лукер’я Цімафееўна. Як адзначае В.Івашка, імя па бацьку як кампанент імені ўзнікла ў выніку барацьбы царквы з язычніцкімі імёнамі і ўжывалася напачатку пры найменні князёў, баяр, ваеннаначальнікаў, а ўжо пазней вольных людзей: воінаў, купцоў. Яно дапамагала ў афармленні афіцыйных дакументаў, у праве на наследаванне. Г.Мезенка гаворыць аб тым, што імя па бацьку, або патронім, узыходзіць дастаражытнага наймення, якім называлі чалавека, каб падкрэсліць сваю павагу. У Янкі Брыля ўжыванне патроніма можа паказваць на пераход чалавека да новага статусу. Так, дзяўчынка Анечка праз гады ператвараецца ў Ганну Андрэеўну, тэхніка на заводзе. Няўдалы ў маладосці танцор Сідар-гоп (“Ніжнія Байдуны”) пасля гераічных сражэнняў на фронце атрымлівае ваенны білет на імя “майора Исидора Алексеевича Осмоловского”. Часам патронім ужываецца без імені: Антонавіч, Міхайлавіч, што гаворыць пра блізкія, даверлівыя адносіны паміж субяседнікамі.

Каб падкрэсліць пэўныя роднасныя адносіны чалавека, пісьменнік выкарыстоўвае найменні, утвораныя ад імені родзіча, з дапамогай прыналежных суфіксаў -іх-, -ін-, -ав-, -еў-. Яроміха – жонка Яромы, Іваніха – удава Івана, Ганнін Мечыслаў – прымак Ганны, Галін Антось, Марылін Грышка, Сцяпанавы хлопцы, Толеў Сашка – дзеці Галі, Марылі, Сцяпана, Толі. Прыналежныя формы ўтвараюцца і ад прозвішчаў і мянушак: Рагачыха, Секачыха, Ганчарыха, Валодзя Качкавы, Цімох Прочымаў (ад мянушкі бацькі Прочым).

Падзеі твораў Янкі Брыля найчасцей адбываюцца ў вясковым асяроддзі. Мы заўважаем, што звычайна ў дачыненні да знаёмых дарослых тут выкарыстоўваецца зварот дзядзька (дзядзя), цётка (цёця) плюс поўнае або ў ветлівай форме імя, што тыпова для беларускай народна-дыялектнай мовы: дзядзька Антось, дзядзька Сцяпан, дзядзя Толя, цётка Надзя, цётка Алена, цёця Паліна, а таксама дзед, баба плюс поўнае або ў ветлівай форме імя: дзед Богуш, баба Роха. Калі размова ідзе не ў прысутнасці яе аб’екта, формы дзядзька/цётка, дзед/баба могуць ужывацца з прозвішчамі і мянушкамі: дзядзька Жук, дзядзька Ляман, баба Ліска. На асобу, якая займае пэўную пасаду, паказвае савецкі зварот таварыш – таварыш Зяблікаў (сакратар), таварыш Зянько (карэспандэнт). У якасці звароту выкарыстоўваецца і старажытная форма клічнага склону: браце Васіль, Іване. Часам онімы ўжываюцца з ўказаннем на прафесію: Сашка-лейтэнант, каваль Пучок, кравец Лапінка.

У параўнанні – імёны і прозвішчы палякаў і немцаў ужываюцца з ветлівымі зваротамі, суадноснымі беларускім спадарыня, спадар: пані Ванда, пан Бадоўскі, гер Адольф Грубэр, фрау Хаземан. Зварот дзядзька/ цётка тут толькі ў дачыненні да родзічаў – дзядзька Ёган, цётка Хільда. Імёны яўрэяў часам ужываюцца з прыдаткам, які указвае на род іх дзейнасці: Шлёма-цялятнік, крамнік Моталэ. У творах, якія адлюстроўваюць ваенныя падзеі, сустракаюцца онімы з указаннем воінскага звання: унтэр Хэльмут, палкоўнік Домбрэк, радавы Порвал, лейтэнант Горст, яфрэйтар Глянцпапір, камбрыг Грозны. У дачыненні да савецкіх ваенных ўжываецца звыклае для таго часу “таварыш камандзір”, “таварыш сувязны”, “таварыш разведчык”.

Імёны ў Янкі Брыля ствараюць каларытную карціну звароту да чалавека ў сувязі з яго ўзростам, родам дзейнасці, сямейным статусам, падкрэсліваючы пэўныя моўныя законы. Пэўная форма імені можа служыць дадатковай крыніцай да ракрыцця вобраза, сведчыць пра адносіны да героя іншых персанажаў і нават пісьменніка.