- •Уласныя імёны ў творчасці Янкі Брыля
- •Уводзіны
- •Літаратурнае імя як крыніца звестак пра героя
- •1.1. Імянаслоў прозы Янкі Брыля
- •1.2. Народна-гутарковыя формы імені.
- •1.3. Асаблівасці звароту да чалавека.
- •1.4. Імя як спосаб стварэння літаратурнага вобраза
- •Прозвішчы літаратурных персанажаў Янкі Брыля
- •2.1. Семантычная характарыстыка прозвішчаў
- •3.2. Марфемнае ўтварэнне літаратурных прозвішчаў
- •3.3. Роля прозвішчаў у літаратурным творы
- •Мянушка як трапны індэнтыфікатар героя
- •Заключэнне
- •Выкарыстаная літаратура:
Літаратурнае імя як крыніца звестак пра героя
У разгледзеных творах Янкі Брыля было выяўлена 364 беларускія (243 мужчынскіх і 121 жаночае) і 94 замежныя (65 мужчынскіх і 29 жаночых) імені, якія характэрныя для анамастычнага лексікону сваёй тэрыторыі і часу.
Як вядома, проза Брыля мае аўтабіяграфічны характар і напісаная на аснове рэальных падзей, пераважна з дзяцінства і маладосці пісьменніка (20 – 40-я гг. ХХ ст). Шмат асабістага, напрыклад, ў рамане “Птушкі і гнёзды”. Так, у баварскім лагеры палонны салдат Янка сустрэў Міхася Васілька, вядомага заходнебеларускага паэта, які працаваў у лагерным паштова-пасылачным пункце. Імя паэта ў творы “трансфамавалася” ў не менш “фальклорнае” – Сяргей Крушына. Імя героя Андрэя Мазалька было “пазычана” ў скідальскага вальнадумца Аляксандра Мазалеўскага. Прыязнасць Янкі Брыля да імя Міхаіл можна растлумачыць тым, што так звалі любімага брата пісьменніка, якому і прысвечаны раман “Птушкі і гнёзды”. Прататыпам чулай пані Мар’і з аповесці “Сірочы хлеб” і пані Ванды, “разумнай і добрай” пакравіцелькі юнага Алеся Руневіча стала любімая настаўніца літаратуры будучага пісьменніка – Мар’я Пранеўская.
1.1. Імянаслоў прозы Янкі Брыля
У прааналізаваных творах ўжыта 67 адзінак мужчынскіх імён у розных варыянтах, носьбітамі якіх выступаюць 243 персанажы. Самымі папулярнымі ў Янкі Брыля з’яўляюцца наступныя імёны: Іван (з варыянтамі Янка, Яначка, Ванька, Веня, Іванко), якое сустракаецца 25 разоў, Аляксандр (Алесь, Шура, Сашка, Санька) – 15, Мікалай (Мікола, Коля, Колік) – 14 разоў, Міхаіл (Міхась, Міхаль, Міша, Мішка, Мішачка) – 12, Уладзімір (Валодзя, Валодзька, Уладзік, Вова) – 11, Васілій (Васіль, Васька) – 10. Распаўсюджанымі з’яўляюцца і імёны Сяргей (Сярожа, Сярожка), Канстанцін (Кастусь, Косцік, Косця) – яны ўжыты 8 разоў, Сцяпан (Сцёпка, Сцёпа), Раман – па 7, Павел (Паўлюк) – 6 разоў, Анатолій (Толік, Толічак), Пётр (Петрык, Пятрусь), Антон (Антось), Цімафей (Цімох, Цімоша) – 5.
Сустракаюцца і наступныя мужчынскі імёны: Андрэй, Генадзій (Гена, Генік), Грыгорый (Грышка, Грыша), Даніла (Данік, Данька), Дзмітрый (Міцька, Мітрук, Змітрук, Зміцер), Елісей (Алісей), Самуіл (Самусь), Мікіта, Юрый (Юрка, Юрычак), Фёдар (Федзя, Тодар, Хведар); а таксама Адам, Аляксей (Алёшачка), Аркадзь (Аркадзік), Арсеній (Арсень), Арцём, Астап, Багуслаў (Богуш), Барыс, Варфаламей (Баўтрук), Вікенцій (Вінцучок), Валерый, Габрыель (Габрусь), Герасім (Гарасім), Захар (Захара), Ігар, Ігнат, Іосіф (Ёсіп), Казімір (Казік), Кандрат, Купрыян (Цупрон), Лазар, Лёўкій (Лёкім), Лука (Лукаш), Лявон, Макар (Макарац), Максім, Марцін, Марк, Мітрафан (Мітроша, Мітрошка), Рафаіл (Рафалак), Радзівон, Рычард (Рысь, Рысек), Сава (Савачка), Сідар, Піліп, Ціхан, Якаў (Якуб), Яфім (Яўхім), Яўген (Жэня, Жэнік).
Персанажаў-жанчын у творах Брыля дзейнічае амаль удвая менш (121), жаночых онімаў ужыта 45 адзінак. Найбольш папулярнымі з’яўляюцца імёны Ганна (Ганначка, Гануся, Гануля, Ганно, Аня) – яно ўжыта 16 разоў, Соф’я (Зося, Сонечка) – 10, Лідзія (Ліда, Лідачка), Марыя (Марыля, Марылька, Маня, Манька) – па 8 разоў, Алена (Аленка, Гэля, Леначка) – 7, Яўгенія (Жэня, Жэнька) – 6, Кацярына (Каця, Кацярынка(о), Катрына), Вера (Верачка), Людміла (Люда), Любоў (Люба, Любачка), Праскоўя (Параска), Антаніна (Тоня), Надзея (Надзя) – па 3 разы. Сустракаюцца ў творах Брыля і наступныя жаночыя імёны: Агата, Аксіння (Аксення), Акуліна, Алімпіяда (Ліпа), Анастасія (Наста, Настулля), Барбара, Вольга (Волечка), Галіна (Галя), Ірына (Іра, Ярына), Крысціна (Крыстына), Злата, Зіновія, Зінаіда (Зіна), Лукер’я (Луцэя), Мая (Маечка), Мальвіна (Мальвінка), Марта, Мар’яна, Матруна (Матрона), Наталля (Ната, Натачка, Наташа), Ніна, Паліна, Сцепаніда (Стэпка), Тамара (Тома), Улляна, Фёкла (Тэкля), Фядора (Тадорка), Юлія (Юля), Юстына (Юста), Яніна (Яня).
Як можна заўважыць, некаторыя імёны, ужытыя ў імянаслове Брыля – папулярныя і па сённяшні час: Аляксандр, Міхаіл, Іван, Уладзімір, Антон, Павел, Кацярына, Ганна. Аднак амаль зніклі рэдкія і на той час Купрыян, Сава, Мітрафан, Сідар, Акуліна, Фёкла, Юстына. Не часта ўжывальнымі на сённяшні час з’яўляецца імёны Васіль, Лідзія, папулярныя ў пісьменніка. Наогул, Янка Брыль ужывае 67 мужчынскіх антрапонімаў, а папулярныя імёны ахопліваюць 22,3% ад іх колькасці – 15 імён. Калі ж падлічыць колькасць ужыванняў мужчынскіх імёнаў, атрымліваем адваротныя лічбы: папулярныя імёны сустракаюцца ў тэксце 145 разоў (59,6 %). Удзельная вага рэдкіх складае 40,4%, і гэта гаворыць аб тым, што празаік у большасці выпадкаў выкарыстоўвае звыклыя імёны. Сярод папулярных жаночых імён – 13 онімаў, якія маюць 78 персанажаў (64,4 %); аднак імя Ганна мае 16 гераінь (13,2%), а многія онімы толькі адзін-два паўтараюцца ў творах пісьменніка. Можна заўважыць, што імёны Іван, Аляксандр, Міхаіл, Ганна сустракаюцца амаль у кожным творы, а ў буйных творах – па некалькі разоў. Аднак такая сітуацыя характэрная і для звычайнага жыцця: навукоўцы адзначаюць, што найбольшую вагу ў анамастычнай карціне пэўнага рэгіёна складаюць у асноўным папулярныя імёны, што тлумачыцца традыцыйнасцю беларусаў у выбары імёнаў. Можна гаварыць і пра індывідуальныя схільнасці пісьменніка, а таксама пра яго жаданне стварыць нейтральны персанаж, не абцяжараны пэўнай семантычнай нагрузкай (што, адзначае В.Струкаў, было характэрнай з’явай для прозы 60-х).
У творах Янкі Брыля часта сустракаюцца персанажы-іншаземцы з характэрнымі для сваёй нацыянальнасці імёнамі: Зыгмусь, Збых, Чэсь, Кася (палякі), Хільда, Оскар, Кэт, Ота, Ганс, Ірма, Марыхен (немцы), Янкель, Шэйна, Гірш, Абрам (яўрэі), Іван Кузьміч, Ілья Аркадзьевіч, Раечка (рускія), Чэда Младзіч (серб), Іржынка (чэшка), Франц Бікша (латыш), Рома (цыган). Найбольшы працэнт сярод замежных імёнаў – у нямецкіх імён (42,5%, або 40 онімаў). Амаль усе яны ўзяты з рамана “Птушкі і гнёзды”, дзеянні якога адбываюцца ў ваеннай Германіі. Вялікая колькасць яўрэйскіх імён (23 оніма) сведчыць пра тагачасную (даваенную) сітуацыю, калі доля яўрэйскага насельніцтва ў гарадах і вялікіх вёсках, дзе яны працавалі карчмарамі, настаўнікамі, краўцамі, была значная. 17 польскіх онімаў сведчаць пра актыўнае пражыванне палякаў на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая знаходзілася пад уладай Польшчы. Янка Брыль у сваіх творах падкрэслівае, што палякі былі заможнымі людзьмі, займалі ўплывовыя пасады. Для імён рускіх выкарыстоўваюцца тыпова рускія онімы і іх формы, рэдкія для нашага анамастыкону: Кузьма, Пётр Філімонавіч.
Адметна, што пісьменнік у сваіх творах ужывае і беларускія каталіцкія імёны: Багуслаў, Рычард, Казімір, Барбара, Мальвіна, што звязана з уплывам польскай культуры і наяўнасцю вялікай колькасці прадстаўнікоў каталіцкага веравызнання ў Заходняй Беларусі.
Такім чынам, анамастыкон Янкі Брыля стварае рэалістычную карціну жыцця заходнебеларускай вёскі 20 – 40-х гг. Дзякуючы імёнам у творах празаіка можна атрымаць уяўленне пра нацыянальны, канфесійны склад беларускага паселішча, звесткі пра тагачасны імянаслоў, пра прыярытэты ў выбары імені.
