Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Дапаможнік.Прафесійная лексіка.docx
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
396.05 Кб
Скачать

6.1. Асноўныя рысы афіцыйна-справавога стылю

Афіцыйна-справавы стыль выкарыстоўваецца ў тэкстах законаў, загадаў, інструкцый, пратаколаў, дагавораў, пагадненняў, распараджэнняў, актаў, у справавой перапісцы ўстаноў, а таксама ў даведках юрыдычнага характару і інш. Нягледзячы на тое, што афіцыйны стыль больш падвяргаецца зменам пад уплывам сацыяльна-гістарычных зрухаў у грамадстве, ён вылучаецца сярод іншых функцыянальных стыляў мовы сваёй стабільнасцю, традыцыйнасцю, замкнёнасцю і стандартызаванасцю.

Адрозніваюць тры падстылі (разнавіднасці) афіцыйна-справавога стылю:

• уласна афіцыйна-справавы (канцылярскі);

• юрыдычны (мова законаў і ўказаў);

дыпламатычны.

Нягледзячы на адрозненні ў змесце і разнастайнасць жанраў, афіцыйна-справавы стыль у цэлым характарызуецца шэрагам агульных рыс. Да асноўных з іх адносяцца: стандартызацыя, дакладнасць, імператыўнасць, аб'ектыўнасць і дакументальнасць, канкрэтнасць, афіцыйнасць, лаканічнасць.

Стандартызацыя афіцыйнага маўлення — адна з найбольш прыметных рыс афіцыйна-справавога стылю. Для яе ўласціва:

• шырокае выкарыстанне гатовых слоўных формул, трафарэтаў, штампаў;

• імкненне да аднатыпнасці спосабаў выражэння думкі;

• адсутнасць сродкаў моўнай выразнасці.

3 працэсам стандартызацыі цесна звязаны працэс фразеалагізацыі афіцыйнага маўлення. Так, шырока выкарыстоўваюцца шматлікія дзеяслоўна-іменныя словазлучэнні, якія ў дзелавой мове становяцца ўніверсальным сродкам і часта ўжываюцца замест паралельных ім уласна дзеяслоўных формаў аказаць дапамогу замест дапамагчы, ажыццявіць кіраўніцтва замест кіраваць, а таксама: дапусціць брак, здзейсніць злачынства, выконваць абавязкі, заняць пасаду, ускласці адказнасць і інш. Часам значэнне такіх канструкцый можа не супадаць са значэннем паралельных ім дзеясловаў. Напрыклад, спалучэнне правесці спаборніцтва не тоеснае дзеяслову спаборнічаць.

Стандартызацыя мовы справавых папер забяспечвае тую ступень камунікатыўнай дакладнасці, якая надае дакументу юрыдычную сілу. Любы выраз, любая прапанова павінны мець толькі адно значэнне і тлумачэнне. Каб дасягнуць такой ступені дакладнасці ў тэксце, даводзіцца паўтараць адны і тыя ж словы, назвы, тэрміны: Пры папярэдняй атаце Заказчык абавязаны ў трохдзённы тэрмін з дня ататы ўручыць Выканаўцу завераную банкам копію плацежнага дакумента ці апавясціць яго тэлеграмай. Пры невыкананні Заказчыкам патрабавання гэтага пункта Выканаўца мае права па заканчэнні дзесяці дзён з дня падпісання дагавора рэалізаваць тавар.

Дакумент — гэта тэкст, які рэгламентуе дзеянні людзей і валодае юрыдычнай значнасцю. Адсюль вынікае павышанае патрабаванне дакладнасці, якое прад'яўляецца да тэксту афіцыйна-справавых дакументаў. Адпавядаць гэтаму патрабаванню можа толькі пісьмовая мова, падрыхтаваная і адрэдагаваная. У вусным маўленні дасягнуць такой ступені дакладнасці практычна немагчыма з прычыны яе спантаннасці, варыятыўнасці.

Аб'ектыўнасць — істотная прымета афіцыйна-справавога стылю. У ім адсутнічае эмацыянальнасць, экспрэсіўныя сродкі, даволі шырока ўжываюцца стандартныя формы выражэння думкі. У афіцыйным ужытку дапускаюцца толькі стылістычна нейтральныя словы: настаўнік, калектыў, прадпрыемства, дзеці, бацькі, стараста і інш.

Інфармацыю ў дакуменце нясуць не толькі тэкставыя фрагменты, але і ўсе элементы афармлення тэксту, якія маюць абавязковы характар, — рэквізіты. Для кожнага віду дакументаў існуе свой набор рэквізітаў, прадугледжаны дзяржаўным стандартам — ДАСТам.

Рэквізіт — гэта абавязковы інфармацыйны элемент дакумента, строга замацаваны за вызначаным месцам на бланку. Назва дакумента, дата, рэгістрацыйны нумар, звесткі пра складальніка і г. д. заўсёды размяшчаюцца ў адным і тым жа месцы.

Колькасць рэквізітаў бывае рознай і залежыць ад віду і зместу дакументаў. Фармуляр-узор угрымлівае максімальны пералік рэквізітаў і парадак іх размяшчэння. Да іх адносяцца:

• дзяржаўны герб;

• эмблема арганізацыі і прадпрыемства;

• малюнак урадавых узнагарод;

• код прадпрыемства, установы ці арганізацыі па агульнадзяржаўным класіфікатары прадпрыемстваў і арганізацый (ОКПО);

• код формы дакумента па агульнадзяржаўным класіфікатары кіраўнічай дакументацыі (ОКУД);

• назва міністэрства ці ведамства;

• назва ўстановы, арганізацыі ці прадпрыемства;

• назва структурнага падраздзялення;

• індэкс паштовага аддзялення, электронны, паштовы і тэлеграфны адрас, нумар тэлетайпа, тэлефона, факса, нумар рахунку ў банку;

• назва віду дакумента;

• дата; індэкс;

• месца складання і выдання;

• рэзалюцыя;

• подпіс і інш.

Пытанні для самакантролю

1. Ахарактарызуйце афіцыйна-справавы стыль: акрэсліце сферу яго выкарыстання, у якой форме мовы (вуснай ці пісьмовай) рэалізуецца, назавіце асноўныя стылеўтваральныя рысы, пералічыце падстылі і жанравыя разнавіднасці.

2. У чым праяўляецца стандартызацыя дзелавой гаворкі?

3. Што такое дакумент?

4. Што такое рэквізіт дакумента?

5. Якія рэквізіты найчасцей выкарыстоўваюцца для афармлення папер афіцыйна-справавога стылю?