Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Дапаможнік.Прафесійная лексіка.docx
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
396.05 Кб
Скачать

Пытанні для самакантролю

1. Што такое білінгвізм?

2. Якія адрозніваюць віды білінгвізму?

3. Што называецца моўнай інтэрферэнцыяй?

4. На якіх моўных узроўнях можа праяўляцца інтэрферэнцыя?

5. Ад якіх фактараў залежыць ступень інтэрферэнцыі?

3.2. Паняцце моўнай нормы

Асноўнай прыметай літаратурнай мовы з'яўляецца яе нарматыўнасць.

Нормамі літаратурнай мовы называюцца прынятыя, агульнапрызнаныя і замацаваныя ў моўнай практыцы правілы вымаўлення, словаўжывання, форма- і словаўтварэння, напісання. Афіцыйнае прызнанне нормы называецца кадыфікацыяй, г. зн. норма фіксуецца ў граматыках, даведніках і слоўніках.

Беларуская літаратурная мова мае свае арфаграфічныя, арфаэпічныя, граматычныя, словаўтваральныя, лексічныя, фразеалагічныя, пунктуацыйныя і стылістычныя нормы.

Арфаграфічныя нормы патрабуюць аднастайнага напісання ў адпаведнасці з устаноўленымі правіламі. Гэтыя нормы ўласцівыя пісьмовай мове і рэгламентуюцца ўзаконеным правапісам. Парушэнне арфаграфічных нормаў найчасцей абумоўлена ўздзеяннем роднасных моў, дыялектаў (гаворак), а таксама ўплывам вымаўлення.

Арфаэпічныя нормы патрабуюць адзінага вымаўлення галосных і зычных гукаў, іх спалучэнняў у словах і словазлучэннях. Арфаэпічныя нормы ўласцівыя вуснай форме літаратурнай мовы і рэгламентуюцца правіламі беларускага вымаўлення. Арфаэпічныя нормы дапаўняюцца акцэнталагічнымі, якія прадугледжваюць правільную пастаноўку націску ў словах.

Граматычныя (марфалагічныя і сінтаксічныя) нормы патрабуюць правільнага ўжывання формаў слова і спалучэння слоў у словазлучэннях, г. зн. яны рэгулююць выкарыстанне зменных часцін мовы, граматычную сувязь слоў у прыназоўнікавых і беспрыназоўнікавых канструкцыях, замацоўваюць правільныя формы дапасавання і кіравання.

Словаўтваральныя нормы рэгулююць выбар словаўтваральных сродкаў, іх размяшчэнне і спалучэнне ў складзе новага слова, патрабуюць выкарыстання толькі адпаведных мадэляў і тыпаў пры словаўтварэнні.

• Лексічныя нормы патрабуюць правільнага ўжывання слоў у адпаведнасці з іх значэннем.

Фразеалагічныя нормы рэгулююць традыцыйнае, замацаванае практыкай ужыванне фразеалагізмаў. Пры гэтым абавязкова ўлічваюцца структурна-граматычныя, семантычныя і спалучальныя асаблівасці фразеалагізмаў.

Пунктуацыйныя нормы патрабуюць правільнай пастаноўкі знакаў прыпынку.

Стылістычныя нормы прадугледжваюць правільнае ўжыванне моўных сродкаў у адпаведнасці з выбраным тыпам і стылем маўлення, а таксама канкрэтнай моўнай сітуацыяй.

Важна памятаць, што паняцце нормы ў некаторых выпадках не выключае варыянтнасці. Наяўнасць варыянтаў адлюстроўвае змены, якія пастаянна адбываюцца ў мове, і паказвае на працэс станаўлення моўных адзінак.

Пытанні для самакантролю

1. Што такое кадыфікацыя?

2. Якія віды моўных нормаў вылучаюцца ў беларускай літаратурнай мове?

3. Што такое арфаграфічныя нормы? Чым рэгламентуюцца арфаграфічныя нормы?

4. Якія нормы рэгулююць правільнае вымаўленне гукаў і іх спалучэнняў?

5. Што прадугледжваюць акцэнталагічныя нормы?

6. У чым выяўляецца асаблівасць граматычных нормаў?

7. Што рэгулююць словаўтваральныя нормы?

8. Якія нормы патрабуюць правільнай пастаноўкі знакаў прыпынку?

9. У чым выяўляецца асаблівасць лексічных і фразеалагічных нормаў?

10. Што рэгулююць стылістычныя нормы?