Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Дапаможнік.Прафесійная лексіка.docx
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
396.05 Кб
Скачать

Раздзел 1

Беларуская мова I яе месца ў сістэме агульначалавечых I нацыянальных каштоўнасцей

1.1. Мова I соцыум. Функцыі мовы ў грамадстве

Мова непасрэдна звязана са станаўленнем і функцыянаваннем чалавечага грамадства. Як сведчаць сучасныя даследаванні антраполагаў, здольнасць да маўленчай дзейнасці была ўласцівая чалавеку як біялагічнаму віду на працягу розных гістарычных эпох. Узнікненне новых моў, іх развіццё і заняпад нярэдка абумоўлены гісторыяй і ладам жыцця народаў, якія на іх гавораць.

На характар развіцця мовы ўздзейнічаюць у н у т р а н ы я і з н е ш н і я фактары.

У кожнай мове існуюць унутраныя стымулы і імпульсы развіцця, якія асабліва відавочныя ў гістарычным ракурсе. Так, 1500—2000 гадоў таму назад мова нашых продкаў істотна адрознівалася ад любой сучаснай славянскай мовы — рускай, бела- рускай, польскай і інш. У ёй было значна больш галосных гукаў і менш зычных, усе словы заканчваліся толькі на галосны, назоўнікі падзяляліся не на тры скланенні, як у сучаснай беларускай мове, а на шэсць, сістэма часоў і формаў дзеяслова была куды больш склада- най — адных толькі прошлых часоў налічвалася чатыры.

Рассяленне славян прывяло да адасаблення племянных дыялектаў. У гэтых дыялектах на працягу стагоддзяў адбываліся змены: адміралі некаторыя формы і словы, змянялася іх вымаўленне і такім чынам фарміраваліся тыя рысы, якімі адрозніваюцца паміж сабой сучасныя мовы.

Да знешніх фактараў адносяцца: міжэтнічныя кантакты, сацыяльная структураванасць грамадства, наяўнасць або адсутнасць свядомай моўнай палітыкі.

Уплыў грамадства на мову можа быць спантанным або мэтанакіраваным, што падразумявае моўную палітыку. Прыкладам спантаннага, стыхійнага ўплыву грамадства на беларускую мову з'яўляецца пашырэнне англійскіх слоў і інтэрнэт-жаргону. Узор прадуманай моўнай палітыкі — нядаўна прынятая рэдакцыя «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (2008), у якой прапануецца пісаць па-новаму шэраг выключэнняў і запазычаных слоў. Найбольш складана праводзіць моўную палітыку ў грамадствах, дзе існуе білінгвізм (двухмоўе), а таксама ў поліэтнічных краінах.

Паводле звестак ЮНЕСКА, у свеце налічваецца каля 6000 моў і дыялектаў. Дакладную лічбу колькасці моў устанавіць немагчыма, паколькі большасць моў і дыялектаў функцыянуюць толькі ў вуснай форме. Акрамя таго, няма агульнапрынятых крытэрыяў, па якіх можна адрозніць мову і дыялект. 3 кожным годам колькасць моў змяншаецца.

У свеце існуюць мовы міжнародных зносін, якімі валодаюць сотні мільёнаў чалавек (напрыклад, англійская, арабская, іспанская, руская), а таксама мовы, якія знаходзяцца на мяжы знікнення і на якіх гавораць некалькі сотняў або нават дзясяткаў чалавек пераваж- на сталага ўзросту. Нягледзячы на такую нераўнамернасць, няма прымітыўных, недасканалых моў. Нават тыя мовы, якімі карыстаюцца малацывілізаваныя этнасы, напрыклад, Акіяніі, Афрыкі ці Паўднёвай Амерыкі, уяўляюць сабой складаныя шматузроўневыя сістэмы, прычым іх сістэмнасць праяўляецца на розных узроўнях — фанетычным, граматычным, лексічным і г. д. Мова любога народа заключае ў сабе патэнцыял найвышэйшага развіцця і выконвае ў грамадстве наступныя функцыі:

● камунікатыўную — мова з'яўляецца асноўным сродкам зносін паміж людзьмі;

● намінатыўную — праз пасрэдніцтва мовы называюцца прадметы і з'явы рэчаіснасці;

● фатычную — з дапамогай мовы наладжваюцца і падтрымліваюцца кантакты паміж суразмоўцамі;

● інфарматыўную — з выкарыстаннем мовы перадаецца інфармацыя пра разнастайныя факты, з'явы, падзеі;

● думкафармавальную — мова абслугоўвае мысленне чалавека, якое ў той ці іншай ступені звязана з мовай;

● пазнавальную — мова выступае сродкам пазнання навакольнага свету і навучання;

● акумулятыўную — дзякуючы мове назапашваюцца і захоўваюцца веды пра аб'ектыўную рэчаіснасць;

● эмацыянальна-экспрэсіўную — праз пасрэдніцтва мовы выражаюцца эмоцыі чалавека;

● эстэтычную — мова з'яўляецца інструментам для творчасці, а ў некаторых выпадках і сама можа быць аб'ектам творчасці;

● ідэалагічную — мова можа выступаць у якасці фактару палітыкі (напрыклад, для нацыянальнай ідэнтыфікацыі) або як сродак палітычнай і (ці) культурнай экспансіі і інш.

Пытанні для самакантролю

1. Якія фактары ўплываюць на характар развіцця мовы?

2. У чым выразіліся змены, якія адбываліся ў племянных дыялектах усходніх славян?

3. Як вы разумееце паняцце «моўная палітыка»? Прывядзіце прыклады ўдалай моўнай палітыкі з гісторыі і сучаснасці.

4. Пералічыце функцыі, якія мова выкопвае ў грамадстве. Якая з функцый мовы, на ваш погляд, з'яўляецца асноўнай?