Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
музеология. текст лекции.2.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
1.37 Mб
Скачать

Музейны прадмет – аснова музейнай работы.

  1. Гістарыяграфія музейнага прадмета.

  2. Уласцівасці музейнага прадмета.

  3. Каштоўнасці музейнага прадмета.

  4. Функцыі музейнага прадмета.

  5. Музейны прадмет як аснова музейнай камунікацыі.

  6. Найноўшыя тэндэнцыі ў разуменні музейнага прадмета.

1. Уяўленне пра музейны прадмет сфарміравалася паступова і на розных этапах было звязана з развіццём музейнай патрэбы і сацыяльных функцый музея.

Працяглы час для вызначэння аб’ектаў, якія складалі музейныя зборы, не існавала адзінага тэрміна. З гэтай мэтай выкарыстоўваліся пералічэнне назваў розных іх тыпаў і відаў (карціны, скульптуры, “натураліі“, “дзіковіны“, мінералы і г. д.). Першай працай, дзе была зроблена спроба абагульніць тагачасныя ўяўленні аб музейным прадмеце, з’яўляецца твор І. Д. Майёра, апублікаваны ў 1674 г. Там змяшчаюцца разважанні пра прадметы, што захоўваюцца ў музеі, і аўтар вылучае такія іх якасці вызначае як “сапраўднасць“ і магчымасць доўга захоўвацца.

У перыяд распаўсюджвання ў Еўропе кунсткамер у якасці важных уласцівасцей аб’ектаў, якія захоўваліся ў музеях, выступалі “рэдкасць“, “курыёзнасць”. У той жа час з’яўляюцца першыя абагульняючыя вызначэнні музейных прадметаў, як напрыклад, “творы прыроды і чалавека”.

У ХІХ ст. паступова пачынаюць фарміравацца паняцці, якія абагульняюць разнастайнасць назапашаных музеямі скарбаў. Для гістарычных і археалагічных калекцый на гэтым этапе часцей за іншыя ўжываецца такі абагульняючы тэрмін, як “старажытнасць”, а для прыродазнаўча-навуковых – “натуральныя ўзоры”.

М. Ф. Фёдараў у сваім артыкуле “Музей, яго сэнс і прызначэнне” закрануў глыбокія філасофскія праблемы, якія звязаны з музейнымі прадметамі і іх сацыяльнымі функцыямі: “Музей с предметной стороны есть (совокупность лиц), само человечество в его книжном и вообще вещественном выражении; т. е. музей есть собор живущих сынов с учеными во главе, собирающий произведения умерших людей, отцов. Деятельность его заключается не в накоплении мертвых вещей, а в возвращении жизни останкам отжившего, а востановлении умерших по их произведениям…”.

Наступным звярнуў увагу на праблемы існавання музейнага прадмета расійскі даследчык Ф. І. Шміт. У сваей працы 1929 г. “Музейная справа. Пытанні экспазіцыі” ён выкарыстоўвае ў адносінах да прадметаў, якія захоўваюцца ў музеях, наступныя выразы: “музейныя рэчы“, “музейныя матэрыялы“. Сцвяржаючы, што галоўным у музеі з’яўляецца чалавек, дзеля якога рэчы выстаўляюцца, Ф. І. Шміт адным з першых загаварыў аб музейных прадметах як аб знаках камунікацыйнай сістэмы, роднаснай тэксту: “… музей должен быть книгою, в которой только не словами, а вещами – излагаются мысли, которые интересны и нужны посетителю”.

У савецкім музеязнаўстве сам тэрмін “музейны прадмет” з’яўляецца ў пачатку 1930-х гг. у працах вядомага расійкага гісторыка, музейнага дзеяча М. М. Дружыніна.

Знакавай падзеяй у працэсе станаўлення ўяўленняў аб музейным прадмеце і яго прыродзе стаў І Усерасійскі музейны з’езд, які адбыўся ў 1930 г. На ім вызначыліся небяспечныя для ўсёй музейнай справы тэндэнцыі прыніжаць значэнне музейнага прадмета. З’езд абвясціў у якасці задачы музеяў паказ не рэчаў, а працэсаў, замацаваў ужо сфарміраваныя да таго часу ўяуленні пра музей як пра палітыка-прапагандысцкую ўстанову і абвясціў музей “палітасветкамбінатам“. З’езд заклікаў да барацьбы з “рэчавам фетышызмам“ і зводзіў да мінімума аб’ем навукова-даследчай работы ў большасці музеяў. З’езд адсунуў таксама на задні план праблемы камплектавання паўнавартасных калекцый і з экспазіцый было вынята значная колькасць аўтэнтыкаў. Лідэры музейнай справы 1930-х гг. істотна затрымалі працэс асэнсавання самога паняцця музейнага прадмета. Наступны зварот да гэтай праблемы назіраецца ўжо пасля Вялікай Айчыннай вайны.

У 1955 г. з’явіўся першы падручнік па музеязнаўству, дзе на тэарэтычным узроўні разглядаліся пытанні музейнай справы – “Асновы савецкага музеязнаўства“. Аўтары падручніка карысталіся тэрмінам, які зацвердзіўся ў музейнай практыцы, – “музейны прадмет”. Падвяргаючы крытыцы палажэнні І Усерасійскага музейнага з’езда, менавіта прадмет, які абумоўлівае магчымасць пачуццёвага пазнання, яны зноў абвяшчалі асновай спецыфікі музея як сацыяльнага інстытута. Для своеасаблівай “рэабілітацыі“ вызначэння музейнага прадмета, аўтары звяртаюцца да марксісцка-ленінскай тэорыі пазнання. Характэрна, што ў гэтым выданні музейны прадмет разглядаецца выключна як крыніца. “Критерием оценки предметов в процессе их собирания и отбора…, – адзначаецца тут, – должна являться их пригодность служить доказательством (подтверждением) каких-либо существенных фактов, т. е. быть важными первоисточниками знаний“.

Таксама ў гэтым выданні падкрэслівалася, што музейныя прадметы даюць магчымасць “получения непосредственного опыта, чувственного познания“. Музейны прадмет, згодна тагачасным ўяўленням, – гэта першакрыніца ведаў і непасрэдны аб’ект пазнання. Такім чынам, каштоўнасць музейных прадметаў вызначалася ў тыя гады перш за ўсё ступенню іх інфарматыўнасці. Групіраваліся музейныя прадметы ў адпаведнасці з класіфікацыяй, якая была прынята ў крыніцазнаўстве, і падзяляліся на наступныя групы: рэчавыя, выяўленчыя і пісьмовыя. Разам з тым музейнае значэнне прадмета звязвалася з яго “необычностью или … с исчезновением подобных предметов“, гэта значыць з унікальнасцю. Выключна важным з’яўляецца той факт, што ў згаданай капітальнай працы аўтэнтычныя музейныя прадметы зноў былі абвешчаны асновай усіх відаў музейнай дзейнасці. Менавіта пасля выхаду гэтай капітальнай працы тэрмін “музейны прадмет” пачынае зацвярджацца на практыцы, аднак першапачаткова гэта паняцце звязвалася амаль выключна з фондавай работай.

Пачатак больш шырокаму разуменню музейнага прадмета быў пакладзены тэарэтычнымі распрацоўкамі канца 1960-х – пачатку 1970-х гг. і гэтыя распрацоўкі былі прадыктаваны патрэбай у цэласным асэнсаванні аб’екта музейнай дзейнасці і новымі патрабаваннямі практыкі. У 1960 – 1980 гг. на фоне “музейнага бума“, развіцця экспазіцыйнага праектавання і паступовага прызнання рэкрэацыйнай функцыі ў якасці адной з сацыяльных функцый музея, зацвярджаюцца адносіны да музейнага прадмета як да крыніцы эмоцый і асацыяцый. Ужо ў 1964 г. у працы Г. І. Міхайлоўскай “Музейная экспозиция. Организация и техника» разам з зацвярджэннем неабходнасці будаваць экспазіцыю на падставе “подлинных памятников истории, искусства, образцов, взятых из природы“, адзначалася, што ўсе гэтыя прадметы “оказывают большое эмоциональное воздействие на посетителя музея“. З 1960-х гг. “музейна-вобразныя“ экспазіцыі пачалі будаваць з улікам перш за ўсё вобразнага пачатку, полісемантычнасці музейных прадметаў, а таксама іх магчымасці ўздзейнічаць на эмацыянальную сферу чалавека.

1970 – 1980 гг. – перыяд імклівага станаўлення музеязнаўства як навуковай дысцыпліны, калі савецкія і замежныя музеязнаўцы вялі пошукі вызначэння той асаблівай уласцівасці, названай “музеальнасцю“, ці “музейнасцю“, якая, па сутнасці, і вымушае ўспрымаць аб’ект акаляючага асяроддзя як музейны прадмет.

У савецкім і расійскім музеязнаўстве апошніх дзесяцігоддзяў ХХ ст. праблемы, звязаныя з музейным прадметам, яго якасцямі і функцыямі, найбольш падрабязна распрацоўваліся ў 1970 – 1980-я гады У. Ю. Дукельскім, У. У. Кандрацьевым, М. А. Нікішыным, Л. Т. Сафраз’янам, В. М. Сурынавым, А. М. Разгонам. Даследаванні В. М. Сурынава, Г. С. Кнабэ і Л. Т. Сафраз’яна, Н. Г. Самарынай паглыбілі ўяўленні пра музейны прадмет як гістарычную крыніцу.

В. М. Сурынаў змог выявіць якасныя асаблівасці музейнасці, раскрыў істотныя рысы і спосабы кадзіравання гістарычнай інфармацыі ў музейным прадмеце.

З пункту гледжання “вещеведения“ разглядаў музейны прадмет у сваіх працах Г. С. Кнабэ. У. В. Дукельскі, М. Е. Кучарэнка, У. У. Кандрацьеў скіравалі даследчыя намаганні на ўсебаковае апісанне на мове музеязнаўства феномена музейнага прадмета, вызначэнне яго ўласцівасцей, прыкмет, функцый. У даследаваннях М. А. Нікішына музейныя прадметы разглядаюцца як знакі і сімвалы – адзінкі спецыфічнай музейнай мовы.

На мяжы ХХІ ст., працягваючы распрацоўваць тэарытычныя палажэнні камунікацыйнага падыходу, музеязнаўства зноў звярнулася да абмеркавання цэнтральнага паняцця музеязнаўства – паняцця музейнага прадмета. Сёння аб’ектамі музеефікацыі становяцца нерухомыя аб’екты, асяроддзе, “неовеществлённые”, “нематерыяльные” аб’екты рэчаіснасці. Праблемы асэнсавання гэтых элементаў спадчыны ў якасці музейных аб’ектаў і ўнясенне ў гэтай сувязі змен у вызначэнне такога фундаментальнага паняцця музеязнаўства, як музейны прадмет, абмяркоўваліся ў апошнія гады як расійскімі музеязнаўцамі – супрацоўнікамі Расійскага інстытута культуралогіі (М. А. Тамілаў, М. Е. Каўлен), так і ўдзельнікамі буйных форумаў, якія праводзіліся за мяжой.

Замежныя музейныя дзеячы таксама шмат увагі надавалі гэтаму паняццю. Гэта перш за ўсё працы З. Странскана, Й. Бенеша, К. Шрайнера. Пазіцыя славацкага музеязнаўца З. Странскага ракрывае змест паняцця “музейны прадмет” як сведчанне аб’ектыўнай рэальнасці. якое валодае дакументальнай. культурнай і інфармацыйнай каштоўнасцю. Гэты погляд развівае нямецкі музеязнаўца В. Эненбах. які вылучае розныя погляды ў разуменнні музейнага прадмета. Разам з тым, ён падкрэслівае яго значэнне для пазнання. паколькі музейны прадмет з’яўляецца сведчаннем з’яў і працэсаў. якія адбываюцца ў прыродзе і грамадстве. Таксама В. Эненбах адзначае аспект, звязаны з дакументаваннем. паколькі музейны прадмет валодае такой якасцю як аўтэнтычнасць.

Й. Бенеш. разважаючы аб тым, што музейны прадмет узнікае не адвольна, а ў працэсе мэтанакіраванай дзейнасці, разглядае наступную паслядоўнасць пераўтварэнняў звычайнага прадмета з акаляючага асяроддзя ў музейны прадмет:

  • прадмет функцыянуе ў натуральным асяроддзі бытавання і выкончае ўтылітарныя функцыі;

  • прадмет існуе ў натуральным асяроддзі пасля страты ўтылітарнай функцыі – гэта мяжа паміж асяроддзем натуральным і музейным;

  • прадмет падвяргаецца навуковай апрацоўцы, кансервацыі і рэстаўрацыі;

  • прадмет, інфармацыйна насычаны ў выніку навуковага даследавання. знаходзіцца ў межах музейнага ўліку;

  • прадмет уключаны ў інфармацыйнае поле крыніц навуковага пазнання ў сістэме фондаў ці экспазіцыі.

Такім чынам, музейны прадмет з’яўляецца вынікам чалавечай дезйнасці ці часткай прыроды. Ён паўстае ў музеі ў фокусе каштоўнасных адносін да яго з боку музейных супрацоўнікаў ў якасці дакументальнага падцвярджэння фактаў, падзей. з’яў, якія адбываліся ў канкрэстным гістарычным кантэксце ў акаляючым асроддзі. якое рэальна існавала.

2. Музейны прадмет, калекцыя, фонд, збор – гэта асноўныя музеязнаўчыя тэрміны і адначасова асноўныя адзінкі класіфікацыі, ўліку і захавання музейных каштоўнасцей.

Музейны прадмет – цэнтральнае звяно ўсёй музейнай дзейнасці, без якога губляецца яе музейная спецыфіка. Згодна вызначэнню, дадзенаму ў 1988 г. А. М. Разгонам, музейны прадмет – гэта вылучаны з акаляючага асяроддзя прадмет музейнага значэння, ўключаны ў музейны збор і здольны доўга захоўвацца. Вызначаючы музейны прадмет, большасць аўтараў робіць акцэнт на яго сапраўднасці, называе яго “аўтэнтычнай крыніцай ведаў і эмоцый“, разам з тым падкрэсліваецца, што гэта ”рухомы аб’ект рэчаіснаці“.

Для ўспрыняцця істотных характарыстык музейнага прадмета неабходна звярнуцца да разгляду яго ўласцівасцей, варыянтаў каштоўнасці і функцый. Адзінага погляду на ўласцівасці, функцыі і каштоўнасці музейнага прадмета ў музеязнаўцаў не існуе. Таму ў літаратуры можна сустрэць дастаткова шырокі спектр рашэнняў гэтай праблемы. У той жа час практычна ўсе музеязнаўцы вылучаюць тры асноўныя ўласцівасці музейных прадметаў.

Інфарматыўнасцьмагчымасць музейнага прадмета з’яўляцца крыніцай інфармацыі аб з’явах і працэсах, якія адбываюцца ў прыродзе і грамадстве, характарызаваць асаблівасці асяроддзя бытавання, ў якім ён знаходзіўся. Прызнанне гэтай якасці заснавана на тым, што музейныя прадметы валодаюць магчымасцю адлюстроўваць і ўвасабляць працэсы, якія адбываюцца ў грамадстве і прыродзе.

Важным для разумення прыроды музейнага прадмета з’яўляюцца паняцці інфармацыйнага поля прадмета і інфармацыйнага патэнцыяла.

Усю сукупнасць інфармацыі, якую нясе ў сабе музейны прадмет, прынята называць інфармацыным патэнцыялам. Інфармацыйны патэнцыял музейнага прадмета складаецца з трох асноўных кампанентаў:

  • атрыбутыўныя характарыстыкі прадмета (памер, вага, колер, матэрыял і т. п.),

  • інфармацыя, зафіксаваная прадметам як яе носьбітам (тэксты, клеймы, выявы, знакі і іншае),

  • інфармацыя пра яго паходжанне і знаходжанне ў асяроддзі бытавання, пра падзеі і асобы, з якімі ён быў звязаны, пра яго семантычныя і культурныя значэнні.

Асяроддзе бытавання – частка прыроднага ці сацыяльнага асяроддзя, у якім прадмет існаваў да свайго паступлення ў музей і ў якім адбывалася яго ўзаемадзеянне з людзьмі і іншымі прадметамі.

Ужо выяўленную, вядомую інфармацыю пра прадмет даследчыкі называюць інфармацыйным полем. Інфармацыйнае поле заўжды менш, чым інфармацыйны патэнцыял; розніцу складае схаваная інфармацыя аб прадмеце. У працэсе ўсё больш паглыбленага вывучэння самога музейнага прадмета, а таксама іншых крыніц, якія ўтрымліваюць прамую і ўскосную інфармацыю пра яго і асяроддзе яго бытавання, адбываецца нарошчванне інфармацыйнага поля прадмета.

У залежнасці ад спосаба атрымання інфармацыі інфармацыйнае поле музейнага прадмета падзяляецца на знешняе і ўнутранае. Пад унутраным полем разумеюць сукупнасць інфармацыі, якая адпавядае непасрэдна самому прадмету і закадзіравана ў ім: інфармацыя пра яго знешні выгляд, матэрыял і спосаб вырабу, функцыянальнае прызначэнне, надпісы і выявы на ім і г. д. Інфармацыя, якая адносіцца да асяроддзя бытавання прадмета, а таксама ўскосна з ім звязана, называецца знешнім інфармацыйным полем: звесткі пра аўтара, уладальніка, пра сацыяльнае асяроддзе і пра эпоху, да якой адносіцца дадзены прадмет, пра аналагічныя аб’екты і пра яго сувязі з іншымі прадметамі і гістарычнымі з’явамі і г. д. Абодва поля непарыўна злучаны адзін з адным і знаходзяцца ў пастаянным узаемадзеянні.

Інфармацыйнае поле, будучы цесна звязана з прадметам, тым не менш можа быць “знята“ з прадмета і існаваць аўтаномна ад яго. Сума выяўленнай інфармацыі захоўваецца нават у выпадку знікнення самога аб’екта і можа стаць асновай яго адраджэння.

Аднак спецыфікай музея як інстытута сацыяльнай памяці з’яўляецца тое, што ён захоўвае самі прадметы, а не адасобленныя ад іх інфармацыйныя палі. Апошнія могуць фіксавацца на самых розных носьбітах і захоўваюцца ў архівах, бібліятэках, віртуальнай прасторы, аднак месца іх захавання і рэпрэзентацыі не можа лічыцца музеем.

Экспрэсіўнасць – здольнасць музейнага прадмета ўздзейнічаць на эмацыянальную сферу чалавечай асобы, выклікаць эмоцыі. Экспрэсіўнасць музейнага прадмета можа быць абумоўлена рознымі яго якасцямі: старажытнасцю, сувяззю з вядомымі імёнамі і падзеямі, незвычайнасцю, ці, наадварот, вядомасцю і г. д. У найбольшай ступені названай уласцівасцю валодаюць унікальныя прадметы, рэліквіі.

Сувязь паміж інфарматыўнасцю і экспрэсіўнасцю з’яўляецца складанай і апасродкаванай. Безумоўна, наяўнасць інфармацыі пра старажытнае паходжанне прадмета ці пра яго прыналежнасць да вядомага гістарычнага дзеяча аказвае эмацыянальнае ўздзеянне на рэцыпіента. Аднак крыніцай эмацыянальнага ўздзеяння можа з’яўляецца як наяўнасць інфармацыі, так і яе адсутнасць.

Атрактыўнасць – гэта здольнасць музейнага прадмета прыцягваць увагу, абумоўленная яго знешнімі характарыстыкамі. Літаральны пераклад тэрміна “атрактыўны“ на беларускую мову “прывабны“, “прыцягальны”. Высокай ступенню атрактыўнасці валодаюць, безумоўна, творы мастацтва. Аднак не трэба думаць, што атрактыўнымі з’яўляюцца толькі прадметы, якія валодаюць эстэтычнымі вартасцямі. Прадмет можа прыцягваць увагу сваімі памерамі – гіганцкімі ці маленькімі, незвычайнасцю форм і нават брыдкасцю. На выкарыстанні ўласцівасці атрактыўнасці ў значнай ступені будаваліся экспазіцыі кунсткамер, у якіх прадстаўлены ў першую чаргу прадметы “кур’ёзныя“, “дзіўныя“.

Шэраг даследчыкаў абмяжоўваюцца пры апісанні якасцяў музейных прадметаў гэтымі трыма на самой справе вызначальнымі ўласцівасцямі. Аднак робяцца спробы вылучыць і іншыя ўласцівасці, сярод якіх найбольш часта называюць рэпрэзентатыўнасць і асацыятыўнасць.

Рэпрэзентатыўнасць – здольнасць музейнага прадмета служыць узорам, які найбольш адэкватна прадстаўляе цэлы шэраг аналагічных аб’ектаў. Сярод шматлікіх аднатыпных прадметаў музейны супрацоўнік імкнецца выбраць той, які з найбольшай паўнатой адлюстроўвае эпоху, з’яву і асяроддзе.

Асацыятыўнасць – здольнасць музейнага прадмета выклікаць асацыяцыі. Непасрэднай сувязі паміж інфармацыйнасцю і асацыятыўнасцю, як і паміж інфарматыўнасцю і рэпрэзентатыўнасцю, не існуе: інфарматыўнасць музейнага прадмета, які валодае высокай ступенню асацыятыўнасці, можа быць нізкай. Тут, дарэчы, варта ўзгадаць, што ў працэсе музейнай камунікацыі ўспрыманне музейнага прадмета заўжды залежыць не толькі ад уласцівых яму якасцей, але таксама ад сацыяльных і індывідуальных характарыстык і ад жыццёвага вопыту рэцыпіента. У музеі заўсёды прысутнічае дыяхронасць – розніца ў часе паміж эпохай і культурай, прадстаўляемымі музейнымі прадметамі, і нашым сённешнім днём. Інфарматыўнасць і рэпрэзентатыўнасць патрабуюць найбольш аб’ектыўнага погляду на прадмет з мэтай выяўлення ў ім перш за ўсё адлюстравання мінулага часу і іншай культуры. Асацыятыўнасць жа, наадварот, патрабуе максімальнага падключэння асабістага “я” рэцыпіента, яго жыццёвага і культурнага вопыту; іншымі словамі, у працэсе музейнага ўзаемадзеяння культуры мінулага і культуры актуальнай адбываецца зрух у бок апошняй.

Такім чынам, тры з названых уласцівасцей – экспрэсіўнасць, атрактыўнасць і асацыятыўнасць – характаразуюць здольнасць прадмета выклікаць эмоцыі, а две – інфарматыўнасць і рэпрэзентатыўнасць – здольнасць да адлюстравання рэчаіснасці.

У сукупнасці гэтыя ўласцівасці і даюць прадмету тую цяжкавызначаемую якасць, якую прынята называць “музеальнасцю”, ці “музейнасцю”.

Спрабуючы вызначыць паняцце музеальнасці, П. Сафраз’ян сцвярджаў, што менавіта рэчавыя прадметы з’яўляюцца найбольш поўным яго ўвасабленнем, валодаюць музеальнасцю ў найбольш высокай ступені. Для музея, як захавальніка сацыяльнай памяці важна, каб прадмет быў аўтэнтычным, каб ён захоўваў прыкметы непасрэднага ўдзелу ў гістарычным працэсе. Гістарычная рэчаіснасць не толькі адлюстроўваецца ў музейным прадмеце – яна ў ім увасабляецца; ён сам з’яўляецца часткай гэтай мінулай гістарычнай рэчаіснасці, непасрэдным сведкам стану культуры сваёй эпохі. Менавіта гэта дазваляе разглядаць музейнасць, як своеасаблівы спосаб адлюстравання рэчаіснасці. Гэтай спецыфікай музейных адносін да прадмета растлумачваецца той факт, што пісьмовы дакумент, як правіла, найменш “музеальны”.

Калі інфармацыйнасць дакумента вызначаецца зафіксаванай у ім інфармацыяй, то яго музеальнасць характарызуецца ў першую чаргу наяўнасцю матэрыяльнага носьбіта, які знаходзіцца ў цеснай сувязі з кадзіраваным паведамленнем і які заключае ў сабе рысы “ўвасаблення”. З гэтым звязана патрабаванне фактурнасці, якое вылучаецца ў адносінах да музейнага прадмета. Лічыцца, што музейны прадмет павінен мець сукупнасць вызначаных устойлівых прыкмет (матэрыял, вагу, форму, колер і г. д.), якія з’яўляюцца непасрэдным вынікам і вытворным гістарычнага працэсу і якія дазваляюць прадмету ўтрымлівать дастаткова доўгі час сувязь з мінулым. Аб’екты, якія не валодаюць фактурнасцю, проста не могуць захоўвацца ў музеі.

3. Ступень перадачы ўласцівасцяў музейнага прадмета вызначае істотную катэгорыю, якая характарызуе музейны прадмет, – каштоўнасць. У музеязнаўстве і помніказнаўстве прынята вылучаць навуковую, гістарычную, мемарыяльную і мастацкую ці эстэтычную каштоўнасць.

Навуковая каштоўнасць музейнага прадмета вызначаецца яго здольнасцю служыць крыніцай інфармацыі па той ці іншай профільнай навуковай дысцыпліне і звязана з уласцівасцю інфарматыўнасці. Існуе непасрэдная сувязь навуковай каштоўнасцю музейнага прадмета з яго інфармацыйным патэнцыялам. Наяўнасць схаванай інфармацыі робіць прадмет асабліва прывабным для даследчыкаў.

Гістарычная каштоўнасць вызначаецца сувязямі прадмета з гістарычнымі падзеямі і працэсамі, з тымі адбіткамі асяроддзя бытавання, якія нясе ў сабе прадмет. Гістарычная каштоўнасць звязана з катэгорыяй часу і ў першую чаргу вызначаецца ўласцівасцю рэпрэзентатыўнасці. Калі для агульнагістарычнага крыніцазнаўства найбольш важнай з’яўляецца здольнасць крыніцы адлюстроўваць гістарычны працэс, то для музея – здольнасць прадмета ўвасабляць гістарычную рэчаіснасць.

Мемарыяльная каштоўнасць вызначаецца акрэсленай сувяззю прадмета з выдатным чалавекам ці значнай гістарычнай падзеяй; у адрозненні ад гістарычнай каштоўнасці яна вызначаецца не атрыбутыўнымі ўласцівасцямі прадмета, а пацвержаннем гісторыі яго паходжання і бытавання. Мемарыяльныя прадметы ў высокай ступені валодаюць уласцівасцю экспрэсіўнасці.

Эстэтычная ці мастацкая каштоўнасць прадмета вызначаецца яго здольнасцю выклікаць эстэтычныя хваляванні і звязана з уласцівасцямі атрактыўнасці, экспрэсіўнасці і асацыятыўнасці.

Як правіла, у музеязнаўчай літаратуры выкарыстоўваецца тэрмін “мастацкая каштоўнасць”. Аднак паняцце “эстэтычная каштоўнасць” і “мастацкая каштоўнасць” не супадаюць, паколькі эстэтычныя пачуцці можа выклікаць не толькі прадмет, створаны чалавекам, але і прыроды аб’ект, які на гэтай аснове можа быць прызнаны валодаючым музейнай каштоўнасцю і ўключаны ў музейны збор (напрыклад, часта зыходзяць з эстэтычнай каштоўнасці, ствараючы адбор у музейныя экспазіцыі ўзораў мінералаў). Эстэтычнай каштоўнасцю могуць валодаць прадстаўнікі жывёльнага і расліннага свету, помнікі навукі і тэхнікі і г. д. Пры вызначэнні блізкасці абмяркоўваемых паняццяў больш карэктным адрозніваць іх і ў адносінах да твораў мастацтва, выкарыстоўваючы тэрмін “мастацкая каштоўнасць”, паколькі яна ўключае не толькі эстэтычную каштоўнасць твора мастацтва, але і ўяўляе сабой больш шырокае паняцце. Такім чынам, уласцівасці і віды каштоўнасцяў музейнага прадмета аказваюцца цесна ўзаемазвязаны. Калі сукупнасць уласцівасцей складае музеальнасць прадмета, то агульнай каштоўнаснай характарыстыкай з’яўляецца яго музейная каштоўнасць – значнасць прадмета для музейнага выкарыстання, якая з’яўляецца асноўным крытэрыем для адбору прадмета ў музейны збор.

У залежнасці ад каштоўнасных характарыстык сярод музейных прадметаў вылучаюцца прадметы ўнікальныя (ўнікумы) – адзіныя ў сваім родзе прадметы, якія валодаюць сваеасаблівасцю і непаўторнасцю, і рэдкія (рарытэты).

Паняццю ўнікальнасці супрацьпастаўляецца паняцце тыповасці. Тыповы музейны прадмет у высокай ступені валодае прыкметамі, характэрнымі для вызначанага асяроддзя бытавання, таму яму перш за ўсё ўласціва рэпрэзентатыўнасць, а тыповы прадмет – гэта стандартны выраб серыйнай вытворчасці.

Патэнцыяльны музейны прадмет, ці аб’ект музейнага камплектавання, яшчэ не выняты з асяроддзя бытавання, прынята называць прадметам музейнага значэння. Прадмет музейнага значэння, які яшчэ знаходзіцца ў асяроддзі бытавання, валодае музейнай каштоўнасцю і ўласцівасцямі музейнага прадмета.

Пасля таго як прадмет музейнага значэння вылучаны з асяроддзя бытавання і перанесены ў спецыяльнае, штучнае гісторыка-культурнае асяроддзе, якое ўтварае музей, ён страчвае адны функцыі і пачынае выконваць іншыя; яго інфармацыйны патэнцыял раскрываецца, і ён пасля праходжання апрацоўкі і будучы ўключаны ў музейны збор, становіцца музейным прадметам.

4. Апрача паняцця “ўласцівасць” даследчыкі карыстаюцца таксама паняццем “сацыяльныя функцыі музейнага прадмета”. Функцыі характарызуюць прадмет і ў якасці матэрыяльнага носьбіта прадметна-практычнай дзейнасці чалавека, і як сацыяльнаю з’яву.

У музеязнаўчай літаратуры можна сустрэць розныя падыходы да вырашэння пытання аб функцыях. Так, У. У. Кандрацьеў вылучае функцыі мадэлявання, камунікацыйную і навукова-інфармацыйную, а класіфікацыя, прапанаваная ў 1995 г. Н. Я. Кучарэнка, вызначае генетычную, утылітарна-спажывецкую, навукова-пазнавальную, інфармацыйную, культурную і гістарычную функцыі. Аднак у любым выпадку відавочна, што ўсе функцыі прадмета цесна пераплецены, узаемадзейнічаюць адна з аднойі, як і ўласцівасці, утвараюць складаную сістэму.

Генетычная функцыя – мэтавае прызначэнне прадмета, вызначаецца яго стваральнікам. У такім выпадку маецца на ўвазе канкрэтнае прызначэнне любога артэфакта (прадмет, які выраблены, зроблены чалавекам), якое надаецца яму ў момант вырабу.

Утылітарна-спажывецкая функцыя – мэты і формы практычнага выкарыстання прадмета ў асяроддзі бытавання. Улітарна-спажывецкая функцыя абумоўлена генетычнай, але можа не супадаць з ёй і змяняцца ў працэсе існавання прадмета ў асяроддзі бытавання.

Знаходзячыся ў асяроддзі бытавання, прадмет выконвае абедзьве функцыі. Пры перанясенні ў музей ён, як правіла, страчвае іх і захоўвае толькі ў асобных выпадках, хаця і не ў якасці асноўных.

Напрыклад, у шматлікіх музычных музеях выдатным выканаўцам давалася ганаровая магчымасць іграць на унікальных музыкальных інструментах з музейнай калекцыі, і нікому з наведавальнікаў не забараняецца глядзецца ў люстэрка, якое ўключана ў экспазіцыю, ці вызначаць час па старажытнаму гадзінніку. Пры сумесным выкарыстанні інтэр’ера храма музеем і царквою іконы ўспрымаюцца як помнікі гісторыі і культуры і адначасова служаць прадметам рэлігійнага шанавання для вернікаў.

Навукова-пазнавальная функцыя абумоўлена здольнасцю прадмета ўвасабляць у сваіх форме і змесце працэсы і з’явы, якія адбываюцца ў прыродзе і грамадстве, і дзякуючы гэтаму служыць аб’ектам і сродкам навуковага пазнання.

Культурная функцыя вызначаецца роляй і месцам прадмета ў сістэме культурных каштоўнасцей грамадства.

Навукова-пазнавальную і культурную функцыі прадмет можа выконваць яшчэ тады, калі знаходзіцца ў асяроддзі бытавання. У музеі гэтыя функцыі набываюць асаблівае значэнне і становяцца асноўнымі.

Функцыя мадэлявання вызначаецца значэннем прадмета як фрагмента (рэштка) гістарычнай рэасльнасці. У музеі, дзякуючы наяўнасці музейных прадметаў, магчыма ўтварэнне нейкай мадэлі мінулай рэчаіснасці. Функцыя мадэлявання рэчаіснасці ў музеі рэалізуецца ў працэсе ўтварэння калекцый, арганізацыі экспазіцый і выставак.

Ні ў адной іншай сацыяльна-культурнай сферы немагчыма падобнага роду ўзнаўленне штучнага асяродзя, якое дае непасрэднае адчуванне прыналежнасці да гістарычнай падзеі, пры дапамозе рэальных прадметаў.

Камунікатыўная функцыя прадмета, ўлючанага ў экспазіцыю, рэалізуецца ў працэсе кантакта яго з наведавальнікамі музея. Праз прадметы экспанавання рэалізуюцца зносіны нашага сучасніка з іншымі эпохамі і культурамі іншых народаў, а ў пэўным сэнсе – і з тымі людзьмі, якія за гэтымі прадметамі стаяць. З гэтай функцыяй музеязнаўцы звязваюць уяўленні пра музейны прадмет як звяно музейнай камунікацыі.

5. Музейны прадмет з’яўляеца вельмі важным звяном музейнай камунікацыі. Камунікацыйны падыход, які на сённешні дзень пануе ў музеязнаўчай літаратуры, не трэба проціпастаўляць прадметнаму, як гэта часам робіцца.

Паняцце “камунікацыя” належыць да ліку ключавых агульнанавуковых паняццяў другой паловы ХХ ст. У замежнай музеязнаўчай літаратуры на сённешні дзень камунікацыйны падыход з’яўляецца адным з цэнтральных. Камунікацыйны падыход ёсць форма перанясення ў музеязнаўства агульнанавуковых уяўленняў аб камунікацыі.

Прыхільнікі камунікацыйнага падыходу абсалютна слушна падкрэсліваюць сувязь самога паняцця “музеяльнасці” з чалавекам: гэта якасць не з’яўляецца з самага пачатку характэрнай для таго ці іншага прадмета; прадмет становіцца “музейным” толькі ва ўвасабленні чалавека.

Адзінкай камунікацыйнага аналізу ў музеязнаўстве з’яўляецца акт музейнай камунікацыі. Мадэль акта музейнай камунікацыі, якая была прапанавана Д. Камеронам, выглядае наступным чынам:

Адрасант пасрэднік адрасат

(музейны супрацоўнік) (музейныя прадметы) (наведвальнік)

Спробу даследавання механізму музейнай камунікацыі ў экспазіцыі здзейсніла англійскі музеязнаўца А. Хупер-Грыніхіл у артыкуле “Новая мадэль камунікацыі для музеяў”. Разглядаючы музейную экспазіцыю як знакавую сістэму, даследчыца засяродзіла ўвагу на працэсах генерыравання культурных значэнняў музейных прадметаў, якія адбываюцца пастаянна і якія не проста перадаюцца ад адрасанта да адрасата, але і канструіруюцца адрасатам з выкарыстаннем уласнага вопыту, ведаў, канкрэтнага кантэксту. Замест мадэлі камунікацыі, прапанаванай Д. Камеронам у 1968 г., А. Хупер-Грыніхіл прапаноўвае сваю інтэрактыўную мадэль:

У гэтай мадэлі перадача інфармацыі ў музеі выступае як спосаб устанаўлення камунікацыі з дапамогай існуючых у культуры кодаў. Успрымаючы сігнал, наведвальнік-адрасат супастаўляе яго з наборам вядомых яму значэнняў і вылучае адзінае “паведамленне”. Гэты працэс заўжды дэтэрмінаваны не толькі самім сігналам і кодамі, якія маюцца ў культуры, але і інфармацыйным багажом, асабістым вопытам, сістэмай каштоўнасцей, а таксама іншымі падобнага роду характарыстыкамі, якія вылучаюць адрасата, і нават яго настрой у момант успрыняцця. Вылучаючы тыя сэнсы, якія ўтрымліваюцца ў музейных прадметах, наведвальнік сам актыўна ўключаецца ў працэс сэнсаўтварэння. Экспазіцыя выступае як дынамічная сістэма, якая пастаянна прадуцыруе і перадае новыя сэнсы. Схема тлумачыць магчымасць рознага ўспрыняцця адной і той жа экспазіцыі нават адным і тым жа наведвальнікам.

Для таго, каб камунікацыя адбылася і была паспяховай, наведвальнік павінен выняць з сукупнасці музейных прадметаў дастатковы аб’ём тых сэнсаў, якія былі закладзены ў экспазіцыю музейшчыкам-камунікатарам. Задача ўстанаўлення кантакта з наведвальнікамі ў першую чаргу вырашаецца з дапамогай дакладнага выбару музейных прадметаў, вызначэння іх колькасці, спалучэння іх адзін з адным, падбора прыёмаў, якія выкарыстоўваюцца пры пабудове экспазіцыі, уліку адпаведнага кантэксту, прытрымлівання карэктнасці пры паведамленні інфармацыі.

У межах камунікацыйнага падыходу цэлы шэраг даследчыкаў імкнецца разглядаць музейныя прадметы як нейкія знакі – адзінкі спецыфічнай музейнай мовы. Камбінацыя спецыфічных знакаў – музейных прадметаў (у першую чаргу рэчавых) – ляжыць у аснове пабудовы музейнай экспазіцыі.

  1. У апошні час у музеязнаўстве намецілася тэндэнцыя перагляду вызначэння музейнага прадмета. Звязаная з актыўным уключэннем у сферу музейнай дзейнасці нерухомых гісторыка-культурных аб’ектаў, нематэрыяльных аб’ектаў, а таксама рэалізуемымі на практыцы спробамі не вымаць ці не поўнасцю вымаць прадметы з асяроддзі бытавання. Адно з апошніх і найбольш кароткіх вызначэнняў музейнага прадмета, якое было прапанавана М. А. Тамілавым, гучыць наступным чынам: “Музейны прадмет – гэта ўключаны ў музейны збор помнік гісторыі, культуры ці прыроды, які з’яўляецца першакрыніцай ведаў і эмацыянальнага ўздзеяння”.

Яшчэ ў 1987 г. В. Н. Цуканава, аналізуючы суадносіны паміж паняццямі “музейны прадмет” і “гістарычная крыніца”, адзначала, што паняцце музейнага прадмета па свайму крыніцазнаўчаму ахопу з’яўляецца дастаткова шырокім, аднак не ўсеабдымным, паколькі не ўключае вусныя, лінгвістычныя, этнаграфічныя крыніцы. За апошнія гады адбыўся шэраг змен у поглядах замежных музеязнаўцаў на прадмет і вызначэнне музеязнаўства. Гэта было звязана з тым, што ў другой палове ХХ ст. ва ўсім свеце выявілася тэндэнцыя да пашырэння кола аб’ектаў спадчыны, якія ўключаюцца ў сферу музейнай дзейнасці. Паўсюдны рост колькасці і ўдзельнай вагі музеяў, помнікавай асновай дзейнасці якіх станавіліся не толькі рухомыя прадметы, але і нерухомыя помнікі і ансамблі, асяроддзе, нематэрыяльныя аб’екты спадчыны, паставіў перад музеалогіяй задачу тэарэтычнага асэнсавання гэтага працэсу. У 2000 г. ЮНЕСКА была пачата работа па складанню ахоўных спісаў помнікаў сусветнай нематэрыяльнай спадчыны, у лік якіх былі ўключаны прыбалтыйская вышыўка крыжыкам, грузінскае шматгалосныя спевы, культура забайкальскіх старавераў. У замежнай літаратуры сустракаюцца два тэрміна: non-material (нематэрыяльны) і intangible (неадчувальны = неосязаемый).

У матэрыялах па культурнай палітыцы, якія былі апублікаваны ЮНЕСКА, гаворыцца: “Наше определение культурного наследия требует серьёзного пересмотра ...”. Лёс «неосязаемого наследия, нематериальной культурной памяти, хранимой в человеческих умах, проявляющейся в традициях, мифах, ритуалах», выклікае сёння глыбокую занепакоенасць. У адпаведнасці з апошнімі даследаваннямі, 90% моваў, на якіх сёння размаўляюць народы свету, напрацягу апошніх дзесяцігоддзяў могуць выйсці з ужытку, а згасанне мовы можна параўнаць са знікненнем віда жывёл ці раслін. Гучаць патрабаванні больш шырокага і абгрунтаванага прадстаўлення музеямі культурнай спадчыны.

У прынятай у 2003 г. генеральнай канферэнцыяй ААН “Міжнароднай канвенцыі аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны” прапанавана наступнае вызначэнне нематэрыяльнай і неадчувальнай спадчыны: “Совокупность основанных на традициях творений культурного сообщества, признанных отражающими ожидания сообщества постольку, поскольку они отражают его культурную и социальную тождественность; его стандарты и ценности передаются устно, посредством подражания или иными средствами”. Да формаў нематэрыяльнай спадчыны былі аднесены мова, літаратура, музыка, звычаі, рамёствы, традыцыйныя формы камунікацыі, традыцыйныя экалагічныя ўяўленні і г. д.

Там, дзе традыцыя не здольна да самаўзнаўлення, яе захаванне і актуалізацыя могуць здзяйсняцца праз музей як інстытут сацыяльнай памяці.

Можа здацца, што паміж музейным прадметам, у якім вельмі важнае значэнне мае менавіта яго матэрыальнасць, і нематэрыяльнымі аб’ектамі спадчыны цяжка знайсці рысы падабенства. Аднак, калі задумацца і прааналізаваць уласцівасці нематэрыяльных аб’ектаў, мы заўважым, што яны валодаць тымі ж уласцівасцямі інфарматыўнасці, атрактыўнасці, экспрэсіўнасці, што і музейныя прадметы.

Сёння мы маем магчымасць назваць тыя пераўтварэнні, якія адбываюцца з аб’ектамі, перш чым яны стануць музейнымі прадметамі.

  1. Адбор аб’екта ў асяроддзі бытавання і пастаноўка яго на ўлік. Для адсочвання наяўнасці і стану “нематэрыяльных аб’ектаў музейнага значэння” шматлікія музеі ствараюць свае базы дадзеных па свайму рэгіёну.

  2. Фіксацыя на матэрыяльных носьбітах усёй інфармацыі, якая мае дачыненне да аб’ектаў.

  3. Уключэнне ў фонды музея аўтэнтычных музейных прадметаў – рэчавых, выяўленчых, фанічных і іншых крыніц, якія дакументуюць музеефікаваную нематэрыяльную форму.

  4. Далей могуць узнікнуць два варыянта развіцця падзей. Калі тая ці іншая форма спадчыны ўжо спыніла сваё функцыяніраванне ў асяроддзі бытавання і яе актуалізацыя ў музеі магчыма толькі метадам мадэлявання, то, паколькі інфармацыя зафіксавана на матэрыяльных носьбітах, інфармацыя аб ёй можа захоўвацца ў музеі колькі заўгодна доўга, а сама дадзеная форма, якая, магчыма, знаходзіцца ў “згорнутым” стане, падобна прадмету, які знаходзіцца ў фондах, так ніколі і не будзе прадстаўлена для агляду. Тая ж сітуацыя магчыма ў выпадку , калі актуалізацыя элемента спадчыны непажадана.

Другі варыянт захавання нематэрыяльнага аб’екта ўзнікае ў тым выпадку, калі гэты аб’ект можа быць уключаны ў актуальную культуру метадам фіксацыі ці рэвіталізацыі. У гэтым выпадку захаванне толькі зафіксаванай інфармацыі аказваецца вартым страце аб’екта і захаванне тады становіцца магчымым толькі шляхам пастаяннай яго актуалізацыі.

5. Актуалізацыя. Самая важная рыса гэтай стадыі – наяўнасць чалавека, “носьбіта традыцыі”, дзякуючы якому адбываецца актуалізацыя.

У 1990-я гг. вызначылася кола нематэрыяльных форм культуры, якія набываюць статус музейных аб’ектаў, і з’явілася магчымасць іх класіфікацыі. Выбраўшы ў якасці класіфікацыі структурныя элементы культуры, магчыма вылучыць наступныя асноўныя тыпы музеефікаваных аб’ектаў: духоўная культура (танец, музыка, фальклор і г. д.); тэхналогіі і вытворчыя працэсы (у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, народных рамёствах і г. д.); традыцыйныя дзеянні, рытуалы, звычаі; элементы быту; традыцыйныя экалагічныя, этычныя, эстэтычныя і іншыя сацыяльныя ўяўленні.

Такім чынам, музей можа выяўляць, вымаць з асяроддзя бытавання, захоўваць і выкарыстоўваць з мэтай рэалізацыі сваіх сацыякультурных функцый не толькі рухомыя помнікі, але і нематэрыяльныя аб’екты спадчыны. Сёння музейная грамадкасць і музеязнаўства шчыльна падышлі да разумення таго факта, што ўсё аб’екты спадчыны могуць быць музеефікаваны, у сувязі з чым узнікае неабходнасць пашырэння паняцця музейнага прадмета.

У рэшце рэшт музейны прадмет – гэта ўключаны ў музейны збор гісторыка-культурны і прыродны аб’ект, які валодае музейнай каштоўнасцю, з’яўляецца крыніцай разнастайных ведаў і эмацыянальнага ўздзеяння. Музейны прадмет з’яўляецца складаным, поліфункцыянальным і полісемантычным утварэннем, ён валодае цэлым комплексам прыкмет, уласцівасцяў і функцый і з’яўляецца асновай усёй музейнай дзейнасці.