Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
музеология. текст лекции.2.doc
Скачиваний:
1
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
1 Мб
Скачать
☆

Музеязнаўства як навуковая дысцыпліна.

  1. Вызначэнне музеязнаўства як навуковай дысцыпліны. Падыходы да азначэння музеязнаўства.

  2. Аб’ект і прадмет музеязнаўства. Гістарыяграфія праблемы вызначэння прадмета музеязнаўства.

  3. Падыходы да азначэння прадмета музеязнаўства.

1. Шматлікія прагназісты, якія аб’яднаны ў вядомым Рымскім клубе, зыходзячы з сучаснай сітуацыі, ў якой апынулася чалавецтва, робяць высновы аб яго Ікаравым падзенні. Пры гэтым яны таксама скептычна адносяцца і да навукі, выказваюць сумненні адносна яе здольнасці вырашыць дадзеную сітуацыю.

Згаданай праблематыкай займаўся вядомы савецкі філосаф І. Ц. Фралоў. Ён крытычна прааналізаваў не толькі гэты пісімістычны пункт гледжання, але і адзначыў выключнае метадалагічнае і ідэалагічнае значэнне канцэпцыі адзінства навукі і гуманізму і тым самым выключную ролю менавіта навукі ў прасэсе вырашэння сладанай сітуацыі быцця чалавека на сучасным этапе.

Ужо ў канцы 1960-х гг. Б. Г. Ананьеў адзначыў, што навука ўсё глыбей пранікае ў структуру грамадскага жыцця.

Дзяржава стварае сістэму навуковых устаноў, накіроўвае навуковыя пошукі ў галіне грамадскіх, прыродазнаўчых і тэхнічных навук. Сярод іх значнае месца займаюць даследаванні, звязаныя з развіццём розных галін ведаў.

Па гэтай прычыне музейная справа – спецыфічная сфера грамадскай дзейнасці, якая мае дачыненне да навукі, адукацыі, выхаванні і культуры ў цэлым, – не засталася ў баку ад агульных тэндэнцый грамадскага развіцця.

Акрамя гэтага важна адзначыць, што музеі ў сучасным грамадстве сталі не толькі значнай грамадскай з’явай і што рашэнне праблем музейнай справы немагчыма без уліку дасягненняў адпаведнай навукі – музеязнаўства.

Сукупнасць ведаў, якія выкарыстоўваюцца ў прафесійнай музейнай практыцы і адлюстраваны ў спецыяльнай літаратуры, дзе абагульняюцца праблемы музейнай справы, абазначаецца ў наш час як музеязнаўства (ці музеалогія).

Сам тэрмін замацаваўся ў шматлікіх мовах. З’явіўся ён упершыню ў нямецкім “Часопісе па музеалогіі і антыкварнай справе” ў 1878 г., дзякуючы дзейнасці дырэктара аднаго з Дрэздэнскіх музеяў і яго рэдактара Й. Г. Грэсэ. Ён на старонках свайго часопіса спрабаваў зацвердзіць новую навуковую дысцыпліну, названую ім музеалогіяй.

Доўгі час паралельна існаваў яшчэ адзін тэрмін “музеаграфія”. Першапачаткова ён меў дачыненне да ўсіх твораў, якія тычыліся музеяў, а пазней , прыкладна з сярэдзіны ХХ ст., гэты тэрмін ўжываецца ў асноўным у адносінах да апісання музеяў.

Пад музеязнаўствам звычайна разумеюць “навуку аб музейнай справе”. “навуку аб музеях” ці больш вузка – “музейную тэорыю”. Аднак такое вызначэнне фіксуе толькі сувязь паміж навуковай дысцыплінай і адным з яе аб’ектаў – музеем. Натуральна, што на гэтым нельга спыніцца.

Музеязнаўства пачало асэнсоўваць сваю тэарэтычную сістэму, паняційны апарат, метады і месца сярод навук пасля таго, як прайшло доўгі шлях абагульнення практыкі і сістэматызацыі матэрыяла.

У музеязнаўчай літаратуры музеязнаўства як навука трактуецца не адназначна. Справа ў тым, што самастойнасць гэтай дысцыпліны падтрымліваецца не ўсімі вучонымі.

Існуюць розныя погляды на разуменні музеязнаўства. На сённешні дзень можна вылучыць некалькі падыходаў да акрэсленай праблемы.

І. Заходне-еўрапейскі, які існуе найбольш працяглы час і мае старажытныя карані. Распрацоўка гэтага падыходу звязана з імёнамі С. Кіхельберга, І. Д. Майёра, К. Лінея, Й. Г. Грэсэ, В. Бодэ і іншых. Сёння гэты напрамак прадстаўлены імёнамі К. Хадсана, Дж. Льюіса, Х. Хеленкемнера, Ю. Ромедэра і інш.

ІІ. Амерыканскі, які характарызуецца эмпірычным характарам у адносінах да музейнай дзейнасці. Па гэтай прычыне ўласнай тэорыі пакуль не існуе і разуменне музеязнаўства нясе на сабе адбітак індывідуальнага падыходу асобных аўтараў, такіх як Л. Цітэр, В. Вошберн, Г. Буркоў, Д. Камерон і іншыя. Часам у даследаваннях амерыканскіх аўтараў музеалогія вызначаецца як навука, якая мае дачыненне да вывучэння сутнасці і арганізацыі музеяў.

ІІІ. Усходнеерапейскі, да якога можна аднесці і айчынных музеязнаўцаў. Гэты пункт гледжання адлюстравана ў працах В. Глузіньскага, Й. Бенеша, З. Странскага, К. Шрайнера, А. Разгона, М. Гнядоўскага, Д. Равіковіч, М. Нікішын, А. Калбаскі. А. Сташкевіч і інш.

У 1950-я гг. вызначэнне дэфініцыі музеязнаўства прапанаваў чэшскі музеязнаўца І. Неўступны. Ён лічыў, што музеязнаўства складаецца з агульнага і спецыяльнага. Спецыяльнае музеязнаўства, на думку навукоўца, базіравалася на профільных дысцыплінах, звязаных са спецыфікай таго ці іншага музея. І. Неўступны вылучаў гістарычнае музеязнаўства, якое было абумоўлена спецыфікай профільнай навукі – гісторыі, ці маствацтвазнаўчае музеязнаўства. абумоўленае спецыфікай мастацтвазнаўства, і г. д. Аднак ён не мог не заўважыць, што незалежна ад профіля існуе і нешта большае як у саміх музеях, так і ў спецыфіцы іх дзейнасці ў адносінах да грамадства, і ён назваў яго “агульнае музеязнаўства”. У 1971 г. ён зноў звярнуўся да вырашэння дадзенай праблемы ў сваім артыкуле “What is museology?”, які была надрукаваны ў часопісе “Museum Journal”. Разумеючы музеязнаўства як тэорыю і метадалогію музейнай работы, сукупнасць дысцыплін, аб’яднаных патрэбай гістарычна ўзнікшага музея, ён падкрэсліваў значнасць музеязнаўчых ведаў.

Пазіцыю, якая адпавядае сучаснаму разуменню гуманітарых ведаў, выказаў славацкі вучоны З. Странскі. Ён параўнаў усе існуючыя пазіцыі ў адносінах да музеязнаўства, прааналізаваў разнастайнасць поглядаў на змест паняцця і вылучыў 4 групы меркаванняў:

  • Музеязнаўства – самастойная навуковая дысцыпліна;

  • Музеязнаўства – тэорыя і методыка музейнай работы, гэта значыць што гэта прыкладная дапаможная навука;

  • Музеязнаўства – сума тэхнічных і метадычных прыёмаў;

  • Поўнае адмаўленне музеязнаўства як навукі.

Для распрацоўкі праблем музеязнаўства і ў якасці падцвярджэння існавання музеязнаўства як навуковай дысцыпліны ў 1977 г. на ХІ Генеральнай канферэнцыі ІКОМа у СССР быў створаны спецыяльны камітэт па музеалогіі – ІКOFОМ.

Члены ІКАФОМ прыйшлі да пэўных высноў у адносінах да навуковай дысцыпліны. Іх вызначэнне падобна да вызначэння З. Странскага, паколькі яны разумеюць музеязнаўства як “вывучэнне спецыфічных адносін чалавека да акаляючага асяроддзя, якія праяўляецца ў яго калекцыйнай, захавальніцкай і дакументальнай відах дзейнасці ў адносінах да існуючых рэалій і перадачы ведаў аб гэтым іншым.

На тэрыторыі СССР распрацоўка дадзенай праблемы вялася, з 1920-30-х гг. І дзейнасць тагачасных даследчыкаў можна лічыць дастаткова плённай. Найбольш поўнае на той час вызначэнне музеязнаўства было прапанавана ў 1938 г. “Музеязнаўства – галіна ведаў, якая ўзнікла ў канцы ХІХ ст. і якая ахоплівае кола тэарэтычных і практычных пытанняў, звязаных з жыццём і дзейнасцю музея, такіх як калекцыяніраванне, навуковае апісанне помнікаў культуры ці прадметаў прыроды, распрацоўка метадаў экспазіцыі, спосабаў захавання і ўліку музейнага матэрыяла і папулярызацыя яго [1, c. 541].

Несумненна, што гэта сведчыць аб дастатковы высокім ўзровень, дасягнутым ў вызначэнні музеязнаўчай навукі. У цэлым яно даволі дакладнае і правільнае. Асабліва ў першай яго частцы, не гледзячы на тое, што зводзіцца толькі да відаў музейнай работы. Адзначым таксама, што сярод гэтых відаў музейнай дзейнасці зусім не названа навукова-даследчая работа. У пераліку помнікаў адсутнічаюць помнікі гісторыі. Галоўным недахопам гэтага вызначэння з’яўляецца тое, што аб’ектам музеязнаўства выступаюць толькі музеі і ні слова не гаворыцца аб музейным прадмеце як асноўным аб’екце дадзенай навукі.

Той жа недахоп быў і ў наступных вызначэннях музеязнаўства, якія змяшчаліся ў савецкай літаратуры. Напрыклад, вызначэнне сярэдзіны 1950-х гг.: “Музеязнаўства – галіна ведаў, якая ўключае пытанні арганізацыі і дзейнасці музеяў” [2, c. 493].

Дадзенае вызначэнне больш чым лаканічнае, аднак у той жа час вельмі вузкае. Тут ўвогуле не гаворыцца пра музейны прадмет. Такога роду вузкае вызначэнне сустракаецца часам і ў літаратуры1980-х гг. [3, c. ].

Аднак ужо ў 1970-я гг. ў буйнейшы музеязнаўца СССР А. М. Разгон даў дастаткова выразнае і разгорнутае вызначэнне гэтай навукі: “Музеязнаўства – навуковая дысцыпліна, якая вывучае заканамернасці ўзнікнення і развіцця музеяў, сацыяльныя функцыі музеяў і іх канкрэтную рэалізацыю ў розных грамадскіх фармацыях, што праяўлецца ў даследчай, захавальніцкай, адукацыйна-выхаваўчай дзейнасці”. Аднак, адчуваючы, што ён апускае з поля зроку нешта вельмі важнае – музейны прадмет, А. М. Разгон дапаўняе гэта вызначэнне наступнай фразай: “Самай важнай складовай часткай музеязнаўства з’яўляецца даследаванне спецыфічных рысаў помнікаў-першакрыніц, якія камплектуюцца, захоўваюцца і выкарыстоўваюцца музеем” (1979).

Такім чынам, вызначэнне аказалася вельмі вялікім і па-за ўвагай аказваецца сутнасць прадмета музеязнаўства.

Падобным па зместу, але больш кароткім было вызначэнне, якое было змешчана ў сборніку “Тэрміналагічныя праблемы музеязнаўства” (1989) у раздзеле “Музейныя тэрміны”: ”Музеязнаўства – навуковая дысцыпліна, якая вывучая заканамернасці ўзнікнення і развіцця музеяў, іх сацыяльныя функцыі, спосабы рэалізацыі гэтых функцый на розных этапах развіцця”. Далей прыводзяцца звесткі аб структуры, метадалагічнай аснове і метадах музеязнаўства”. Як бачым, музейны прадмет як асноўны аб’ект тут увогуле адсутнічае.

У 1988 г. у навучальным даможніку “Музеязнаўства. Музеі гістарычнага профілю”, які быў падрыхтаваны калектывам музеязнаўцаў СССР і ГДР, А. М. Разгон абсалютна слушна адзначыў, што вызначэнні музеязнаўства, якія існавалі да таго часу, фікавалі толькі сувязь паміж навуковай дысцыплінай і адным з яе аб’ектаў – музеем як установай. Прыведзенае ў дапаможніку вызначэнне найбольш поўнае, яно спалучае ў сабе і музей і музейны прадмет: “Музеязнаўства – грамадская навука, якая вывучае працэсы захавання сацыяльнай інфармацыі, пазнання і перадачы ведаў і эмоцый сродкамі музейных прадметаў; музейную справу; музей як сацыяльны інстытут, яго сацыяльныя функцыі і формы іх рэалізацыі на розных этапах развіцця чалавечага грамадства”.

Дадзеная дэфініцыя сугучна вызначэнню, якое было прапанавана ў свой час З. Странскім.

У наступныя гады ў літаратуры з’явіліся і іншыя варыятны вызначэння музеязнаўства, якія ці паўтаралі папярэднія ці спрабавалі здзейсніць пэўны сімбіёз.

На наш погляд сярод апошніх вызначэнняў найбольш лаканічным з’яўляецца вызначэнне, прадстаўленае ў РМЭ у т. 1. “Музеязнаўства, ці музеалогія – навуковая дысцыпліна, якая знаходзіцца на стадыі фарміравання, вывучае спецыфічныя адносіны чалавека да рэчаіснасці і народжаны імі феномен музея, якая даследуе працэсы захавання і перадачы сацыяльнай інфармацыі сродкамі музейных прадметаў, а таксама развіццё музейнай справы і напрамкі музейнай дзейнасці”.

2.Сучаснае навуказнаўства разглядае музеянаўства, зыходзячы з агульных палажэнняў, якія выкарыстоўваюцца ў дачыненні да навуковых дысцыплін. Такім чынам, мала даць вызначэнне навукі, неабходна выявіць яе аб’ект і прадмет.

Аб’ект даследавання як сукупнасць рэальнасцей, на якія скіраваны пазнавальныя намаганні навукі, можа мець падабенства ці нават супадаць у розных навук.

Аб’ект навукі – музей, музейная справа як грамадская з’ява. Аднак гэта аб’ект можа вывучацца іншымі навукамі, такімі як гісторыя, гісторыя культуры, мастатцвазнаўства, сацыялогія. Таму для большай канкрэтыацыі служыць прадмет навукі. Прадмет навукі адлюстроўваец профільную сферу ізацікаўленасц, гнасеалагічныя задачы навукі.

Калі аб’ект даследавання выяўляецца адносна проста, ён вядомы навуцы на этапе назапашвання матэрыяла, то прадмет навукі ніколі не дае ў гатовым выглядзе.

Вычляненне прадмета даследавання – адна з важнейшых тэарэтычных задач навукі і адначасова паказчык узроўня яе развіцця. Яно звязана з метадалогіяй навукі і з’яўляецца вынікам спецыяльных даследаванняў.

Тэарэтычная распрацоўка прадмета музеязнаўства належыць вучоным усходнееўранейскіх краін (СССР, ЧССР, ГДР і іншыя). Упершыню дадзеная праблема была пастаўлена ў СССР 1920 – 30-я гг. У далейшым гэтыя развагі былі працягнуты ў “Асновах савецкага музеязнаўства” (1955). Праўда, па прычыне асаблівасці сітуацыі вызначэнні даваліся і связваліся з марксісцка-ленінскай тэорыяй пазнання.

Праблема прадмета музеязнаўства была сфармулявана ў 1950-я гг. І. Неўступным. Аднак ім былі выказаны сумненні адносна наяўнасці ў музеязнаўстве адзінага спецыфічнага прадмета даследавання. І. Неўступны лічыў, што музеязнаўства складаецца з некалькіх адасобленых блокаў, утвараемых профільнымі дысцыплінамі, якія аб’ядноўваюцца ў музеях, прычым патрабаванні гэтых дысцыплін уяўляліся яму “вышэйшымі” ў адносінах да самога музеязнаўства.

Адно з першых вызначэнняў прадмета музеязнаўства ўтрымлівалася ў “Праекце тэзісаў”, якія былі падрыхтаваны да дыскусіі, што праводзілася ў ГДР у 1964 г. Аўтары разглядалі музеязнаўства (сумесна з архівазнаўствам і бібліятэказнаўствам) як самастойную дакументальную дысцыпліну і лічылі, што яе прадмет ахоплівае “ўсю сукупнасць музейнай работы”: прынцыпы адбора матэрыялаў, сістэматызацыі фондаў, даследаванні дакументацыйнай каштоўнасці прадметаў, распрацоўку метадаў рэстаўрацыі, кансервацыі, вывучэння музейнага наведвальніка, даследаванне музейных прадметаў у якасці экспанатаў. Тут прадмет музеязнаўства у найбольшай меры адлюстроўваў задачы пазнання музейных прадметаў, хоць пытанне аб іх своеасаблівасці ў параўнанні з іншымі відамі дакументаў не ставілася.

Найбольш разгорнутае тэарэтычнае абгрунтаванне музеязнаўства і прадмета яго даследаванняўтрымліваецца ў працах З. Странскага. Выступіўшы ў абарону музязнаўств як самастойнай дысцыпліны (1960-я гг.), ён меркаваў, што прадметам музеязнаўства з’яўляецца не музей як установа, а сфера музейнай дзейнасці. Сутнасць прадмета музеязнаства ён бачыў у вывучэнні і адборы дакументаў, першакрыніц, музейных прадметаў, паколькі музей служыць патрэбам дакументавання рэчаіснасці. Ім была сфармулявана ідэя спецыфічных адносін чалавека да рэчавага боку рэчаіснасці, якія праяўляюцца ў адборы і захаванні прадметаў, каштоўных сваёй “музейнасцю”. Пазнанне гэтай “музейнасці” ў яе гістарычнай абумоўленасці і вызначалася як прадмет музеязнаўства. Пры гэтым “музейнасцю” лічылася ўласцівасць быць каштоўнасцю для дакументавання развіцця прыроды і грамадства (1966, 1971).

На думку польскага музеязнаўцы В. Глузіньскага, у аснове прадмета даследавання ляжыць музей “як структура пэўных функцый”, аднак пры гэтым карэнным чынам пераглядаецца разуменне музея; да істотных яго характарыстык адносяцца: выкарыстанне каштоўнасных характарыстык пры камплектаванні збора і нагляднасць ствараемай музеем дакументацыі. Спецыфічнасць прадмета ён бачыць ў рэшце рэшт у тэорыі музейнага прадмета і тэорыі экспазіцыі (1980).

Яснай пазіцыі прытрыліваецца і нямецкі даследчык І. Ян, сцвярджаючы, што ў прадмеце музеязнаўства рашаючае значэнне маюць гнасеалагічныя задачы, звязаныя з вывучэнне музейных прадметаў. З гэтага пунтку гледжання трактуюцца і функцыянальныя асаблівасці музея як установы. Адсюль прадмет музеязнаўства ў цэлым разумеецца як адносіны паміж пазнавальнай дзейнасцю грамадства і музейнымі прадметамі-носьбітамі інфармацыі і аўтэнтычнымі дакументамі, а ядро яго бачыцца ў спецыялізаванай дзейнасці музея, якая пераўтварае аб’екты рэальнага свету ў музейныя прадметы (1978).

Шырокі падыход да прадмета даследавання музеязнаўства, які ўключае заканамернасці музейнай справы, разнабаковай дзейнасці музея, ў аснове якой ляжаць музейныя прадметы, развіваюць Й. Бенеш, К. Шрайнер, А. Разгон (1982).

У адпаведнасці з поглядамі Й. Бенеша, прадметам музеязнаўства з’яўляецца сукупнасць спецыялізаванай дзейнасці, з дапамогай якой музейная справа рэалізуе сваі сацыяльныя функцыі. Сюды ўключаецца як яго “працоўны сродак” – “музейны прадмет”, так і ўся яго інстытуцыянальная сістэма (1981).

К. Шрайнер фармулюе прадмет музеязнаўства як сукупнасць уласцівасцей, законаў структуры і законаў развіцця, якая вызначае комплексный працэс камплектавання, захавання, вывучэння, экспанавання, камунікацыі адабраных рухомых аўтэнтычных крыніц рацыянальнага і эмацыянальнага пазнання (1982).

Праблема прадмета музеязнаўства абмяркоўвалася таксама ў межах ІКОМа і перш за ўсё ў ІКАФОМе, што знайшло адлюстраванне ў праекце абагульняючай працы і серыі публікацый, якія выявілі розныя пункты гледжання на гэтае пытанне.

3. такім чынам, можна канстатаваць мноства падыходаў да вызначэння прадмета музеязнаўства. Адны музеязнаўцы прызнавалі існаванне ў музеязнаўстве ўласнага прадмета гэтай навукі, іншыя ставілі пад сумненне і такую магчымасць і само існаванне навуковай дысцыпліны.

  1. Інстытуцыянальны (Й. Бенеш, В Вітвер і іншыя) – аснова прадмета музеязнаўства – заканамернасці, якія маюць дачыненне да музея як сацыяльнага інстытута і яго грамадскіх функцыяй;

  2. Музейнапрадметны (І. Ян, З. Брун, Р. Ланг і іншыя) - у цэнтр разумення прадмета музеязнаўства ставіць не сам музей, а прычыны, якія яго выклікаюць і ўласна – музейны прадмет як феномен. Менавіта вывучэнне функцыянавання музейнага прадмета ў музеі з’яўляецца, з пункту гледжання прыхільнікаў гэтага падыходу, прадметам музеязнаўства як навукі. Прадметны падыход становіцца больш хісткім на сённешні дзень, паколькі аб’ектамі музеефікацыі становяцца “нерэчавыя” аб’екты, нават лад жыцця. Надзвычай складана, з пункту гледжання “прадметнага падыходу” вывучаць такія новыя формы музейных устаноў, як, напрыклад, экамузеі. У той жа час нельга не адзначыць, што сярод практыкуючых музейных супрацоўнікаў гэты падыход найбольш папулярны і адначасова менавіта ён ахоплівае найбольш распрацаваную музеязнаўствам сферу, якая датычыцца адбора з акаляючага асяроддзя, вывучэння, захавання, рэпрэзентацыі і інтэрпрэтацыі музейных прадметаў. Трапляючы ў музей (і нават раней – стаўшы “прадметамі музейнага значэння”, яны набываюць якую-небудзь новую якасць, якая аб’ядноўвае іх і адрознівае ад іншых, “немузейных” аб’ектаў рэчаіснаці”.

  3. Натуральна, што такая ўласцівасць не можа быць з самага пачатку характэрна для якой-небудзь катэгорыі прадметаў. Яна ўзнікае ў выніку асаблівых адносін да гэтых прадметаў з боку людзей, для якіх яны ўяўляюць каштоўнасць, не звязаную у іх утылітарнай карыснасцю. З такой пазіцыяй звязн з’яўленне аксіалагічнага падыходу, распрацаванага ў першую чаргу ў працах чэшскіх музелогаў (З. Странскі, Г. Грэгарава і іншыя). У межах гэтага падыходу даследуюцца ў першую чаргу ўласцівасці прадметаў акаляючага асяроддзя, якія вызначаюць “музейную” цікавасць да іх чалавека. У аснове гэтага навуковага падыходу З. Странскага ляжыць сфармуляванае ім паняцце “музейнай патрэбы” – узнікшых на пэўным этапе гістарычнага развіцця грамадства асаблівых адносін чалавека да акаляючага асяроддзя, якіявымушаюць адбіраць, захоўваць і вывучаць прадметы, якія дакументуюць працэсы, што адбываюцца ў прыродзе і грамадстве.

  4. Камунікацыйны падыход разглядае музей як спецыфічную камунікацыйную сістэму. Гэты падыход складваецца ў адказ на грамадскую патрэбу ў звароце музеяў да масавай аўдыторыі, якое сфарміравалася ў 1960-я гг. І сёння ў музеязнаўчай літаратуры ён з’яўляецца адным з цэнтральных, уплываючы на ўвесь аб’ём музеязнаўчых ведаў.

  5. Моўны падыход да аб’екта і прадмета музеязнаўства ўзыходзіць да музеязнаўчай думкі 1930-х гг. і ў апошнія гады распрацоўваецца М. А. Нікішыным і іншымі. Даследчык прапануе разглядаць музейныя прадметы перш за ўсё як знакі і вызначаць структуру музеязнаўства ў адпаведнасці з гэтым прынцыповым палажэннем. У фундаментальныя музеязнаўчыя даследаванні ўключаюцца даследаванні ўнутранай арганізацыі мовы: тэорыя фондавай работы (музейная лексікалогія), тэорыя музейнай атрыбуцыі (музейная семантыка), тэорыя пабудовы экспазіцыі (музейная граматыка), тэорыя экпазіцыйных жанраў (музейная стылістыка) і інш. Мова музея разглядаецца аўтарам як “носьбіт асаблівага віда сацыякультурнай інфармацыі, інструмент пазнання і рэгулятар паводзін”, што вызначае асноўныя сацыяльныя функцыі музея.

Натуральна, што ў кожным з пералічаных падыходаў маецца сваё рацыянальнае зерня. Таму большасць даследчыкаў сёння выказваецца на карысць інтэграцыі розных падыходаў ці комплексны падыход, пры якім гнасеалагічныя задачы навукі звязваюцца адначасова з адносінамі чалавека да рэчаіснасці, з яго патрэбай у адборы з рэальнага жыцця пэўных груп прадметаў, што нясуць асаблівую семантычную і эстэтычную інфармацыю; з самімі адбіраемымі і захоўваемымі прадметамі; нарэшце з музеем як сацыяльным інстытутам і яго рэчаіснасцю ці яшчэ шырэй – з функцыянаваннем самой галіны, якая вызначаецца як музейная справа.

Комплексны падыход быў сфармуляваны З. Странскім і А. М. Разгонам. Яны прапанавалі прадметам даследавання лічыць кола спецыфічных заканамернасцяў, звязаных з працэсамі, у якіх удзельнічае музейны прадмет, і грамадскім функцыянаваннем музея як інстытуцыянальнай асновы музейнай справы.

Выкарыстоўваючы ў адносінах да музеязнаўства навуказнаўчыя паняцці і крытэрыі і абапіраючыся на даследаванні ў гэтай галіне, можна даць наступнае вызначэнне прадмета музеязнаўства. Прадмет музеязнаўства – кола аб’ектыўных заканамернасцяў, якія маюць дачыненне да працэсаў узнікненя, назапашвання і захавання сацыяльнай інфармацыі, пазнання і перадачы ведаў, традыцый, уяўленняў і эмоцый сродкамі музейных прадметаў, а таксама да працэсаў узнікнення, развіцця і грамадскага функцыянавання музея, музейнай справы.