Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
музеология. текст лекции.2.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
1.37 Mб
Скачать

Структура музеязнаўства

  1. Праблемнае кола музеязнаўства

  2. Структура музеязнаўства

1. У адпаведнасці з прадметам музеязнаўства даследуе вялікае кола праблем:

І. Праблемы, якія маюць дачынне да музейных прадметаў.

Музеязнаўства даследуе характар такіх асаблівых адносін чалавека да рэчаіснасці, пры якіх узнікае “музейная каштоўнасць” прадметаў аб’ектыўнага асяроддзя.

  1. Здзяйсняе спецыяльныя даследаванні прыроды і грамадства, скіраваныя на пэўныя з’явы і працэсы, якія падлягаюць музейнаму дакументаванню, на выяўленне прадметаў музейнага значэння, якія адлюстроўваюць істотныя бакі аб’ектаў і працэсаў, што ўваходзяць у арбіту профільных задач музея;

  2. Даследуе музейныя прадметы з мэтай раскрыцця і фіксацыі ўсяго комплекса іх камунікацыйных функцый;

  3. Даследуе музейныя прадметы з мэтай выяўлення семантычнай і эмацыянальнай інфармацыі, навуковага вызначэння і класіфікацыі як патэнцыяльных першакрыніц профільных навук;

  4. Даследуе музейныя прадметы з мэтай вызначэння рэжымаў захавання, кансервацыі і рэстаўрацыі;

  5. Даследуе музейныя прадметы для выяўлення іх камунікатыўных (у тым ліку і экспрэсіўных) уласцівасцей і магчымасцей выкарыстання ў адукацыйнай і выхаваўчай дзейнасці і перш за ўсё ў экспазіцыях і выстаўках.

Такім чынам, музеязнаўства, вывучаючы аб’екты рэчаіснасці, аўтэнтычныя крыніцы, гісторыка-культурныя каштоўнасці, што ўяўляюць цікавасць для шматлікіх навук, мае свой пункт гледжання на гэтыя аб’екты як музейныя прадметы.

ІІ. Праблемы, што маюць дачыненне да музейнай справы, музея як інстытута, функцыянальнай спецыфікі яго дзейнасці:

  1. Музеязнаўства даследуе паходжанне і гісторыю музеяў, іх месца ў сістэме ўстаноў розных грамадскіх фармацый, фарміраванне і характар функцыянавання музейнай сеткі, класіфікацыю і тыпалогію музеяў;

  2. Вывучае функцыянальную спецыфіку дзейнасці музеяў, якая праяўляецца ў навуковым дакументаванні з’яў і працэсаў; у даследчай функцыі, што ляжыць у аснове ўсіх напрамкаў дзейнасці і г. д.

2. Музеязнаўства, як і любая навуковая дысцыпліна, з’яўляецца сістэмай ведаў і таму валодае пэўнай структурай. Пытанне аб структуры музеязнаўства, таксама як і пытанні аб навуковасці музеязнаўcтва, яго прадмеце і вызначэнні з’яўляецца дыскусійным.

Яшчэ ў 1950-я гг. І. Неўступны прапанаваў палажэнне аб падзеле музеязнаўства на агульнае і спецыяльнае. На яго думку, спецыяльнае музеяўзнаўства займаецца вывучэннем непасрэдна музейных аб’ектаў, і таму яно звязана ў першую чаргу з профільнымі дысцыплінамі: гістарычнае музеязнаўства даследуе музейныя аб’екты, якія дакументуюць працэс развіцця чалавечага грамадства, мастацтвазнаўчае музеяўнаўства – творы мастацтва і іх калекцыі ў музеях, прыродазнаўча-навуковае музеязнаўства – прыродныя аб’екты. Паколькі даследчыя намаганні любога спецыяльнага музеязнаўства скіраваны на аб’екты, што знаходзяцца ў музеі, вывучэнне апошніх мае сваю “музейную” спецыфіку і адрозніваецца ад даследавання тых жа аб’ектаў у межах профільных дысцыплін. У той жа час можна вылучыць цэлае кола агульных заканамернасцяў, што датычацца музея, музейных прадметаў, музейнай справы як галіны, якія агульныя для ўсіх музеяў і не залежаць ад таго, якія канкрэтна аб’екты акаляючай рэальнасці гэты музей збірае і захоўвае. Гэтыя заканамернасці вывучае агульнае музеязнаўства.

У асносінах да агульнага музеязнаўства найбольш часта даследчыкі карыстаюцца структурай, распрацаванай З. Странскім, і з нязначнымі зменамі прадстаўленай у падручніку “Музеязнаўства. Музеі гістарычнага профілю” (1988), а таксама ў шэрагу наступных выданняў.

У аснове структуры музеязнаўства ляжаць 3 элемента:

  • генетычны (ці гістарычны). Прадстаўлены гісторыяй музейнай справы, звязаны з вывучэннем паходжання патрэбы грамадства ў адборы, захаванні і выкарыстанні аб’ектаў рэальнага асяроддзя і носьбітаў музейнасці;

  • структуральны, які ўключае тэорыю дакументавання, тэорыю тэзаўрыравання і тэорыю камунікацыі, гэта значыць тэарэтычныя аспекты, звязаныя з праблемамі адбора носьбітаў музейнасці (аб’ектаў акаляючага асяроддзя), пазнання, уліку і захавання іх сацыяльна-культурнай і матэрыяльнай каштоўнасці (тэзаўруса), а таксама з праблемамі выкарыстання інфармацыйнага патэнцыяла носьбітаў музейнасці з мэтай развіцця грамадства;

  • практычны (прыкладное музеязнаўства) звязаны з распрацоўкай навуковых методык, тэхнік, кіраўнічых і арганізацыйных асноў музейнай дзейнасці.

Структуру музеязнаўства можна прадставіць наступнай схемай:

Гісторыя музейнай справы вывучае прычыны ўзнікнення “музейнай патрэбы”, паходжанне і гістарычны вопыт усіх форм грамадскіх інстытутаў, якія ўзнікаюць для задавальнення гэтай патрэбы, іх функцыянаванне ў розных гістарычных умовах, музейную палітыку, фарміраванне музейнай сеткі і арганізацыі музейнай справы, гісторыю заканадаўства, якое мае дачыненне да музеяў і аховы помнікаў. Гэты элемент музейнай справы сутыкаецца з гісторыяй навукі, культуры ў цэлым, з гісторыяй асобных дысцыплін, якія прадстаўлены ў музеях.

Гістарыяграфія музеязнаўства як частка гісторыя музейнай справы даследуе гісторыю самой навукі, якая адлюстравана ў музеязнаўчай літаратуры і іншых крыніцах. Аб’ектам гістарыяграфічнага даследавання з’яўляецца таксама гісторыя ўстаноў, якія распрацоўваюць музейную праблематыку. Да іх адносяцца самі музеі і спецыялізаваныя інстытуты, тэарэтычныя і навукова-метадычныя цэнтры, кафедры, навуковыя таварыствы. Гістарыяграфія не толькі выяўляе праблематыку навукі ва ўзаемасувязях з рознымі сацыяльна-эканамічнымі фактарамі, але і прагназуе тэндэнцыі развіцця дысцыпліны.

Тэорыя складаецца з 4-х узаемазвязаных сэнсавых блокаў:

  1. Агульная тэорыя музеязнаўства=метамузеалогія тлумачыць месца музеязнаўства ў сістэме навук, яе структурныя элементы, распрацоўвае навуковы апарат і мову навукі; выяўляе прыроду музейных адносін да рэчаіснасці (“музейнай патрэбы”), вызначае феномен музейнага прадмета і музея, распрацоўвае навуковыя асновы ўсіх спецыфічных музейных відаў дзейнасці; вызначае характар фундаментальных і прыкладных даследаванняў у галіне музеязнаўства.

  2. Тэорыя дакументавання звязана з метадалогіяй і методыкай адбора аб’ектаў рэчаіснасці ў музейны збор, гэта значыць з камплектаваннем фондаў. Тэорыя дакументавання вывучае розныя бакі рэчаінасці, імкнучыся пазнаць характар музейнасці, выявіць аб’екты музейнага значэння, якія падлягаюць захаванню і выкарыстанню ў выглядзе своеасаблівых дакументаў, што падцвярджаюць рэальнасць і з’яўляецца элементамі гістарычнай памяці. Такім чынам праяўлянцца дакументацыйны падыход да рэальнасці. Аб’екты-носьбіты музейнасці павінны быць не толькі выяўлены і вызначаны, але і адабраны, выняты з іх жыццёвай рэальнасці. Праблематыка, якая мае дычыненне да адбора, складае сутнасць усёй тэорыі дакументавання. Той факт, што музеязнаўчы адбор асноўваецца на каштоўнасных адносінах да рэчаінасці, не пазбаўляе яго гістарычнай абумоўленасці, аб’ектыўнасці, аб чым сведчаць музейныя зборы розных эпох. Адбор прадметаў у фондавыя зборы абапіраецца на музеязнаўчыя і профільна-навуковыя даследаванні, прычым для музеязнаўчага дакументавання характэрны інтэгруючы падыход, паколькі музейны прадмет нясе інфармацыю, якая не зводзіцца да кола інтарэсаў якой-небудзь адной профільнай дысцыпліны. Тэорыя дакументавання навукова абгрунтоўвае крытэрыі адбора, методыку музеязнаўчага даследавання рэчасінасці.

  3. Тэорыя тэзаўрыравання звязана з навукова-фондавай работай у 3-х асноўных яе аспектах: даследаване музейных прадметаў, іх улік і захаванне. Сам тэрмін “тэзаўрыраванне” быў прапанаваны славацкім музеязнаўцам З. Странскім і ўтвораны ад грэчаскага слова τηεςαυρος – “скарбніца”, “скарбы”, “сховішча”. Гэта тэорыя звязана з другой ступенню пазнання музейнасці, з даследаваннем працэса пазнання каштоўнасці музейных прадметаў, выяўлення інфармацыі, якая ў іх утрымліваецца, а таксама матэрыяльнай сутнасці носьбітаў інфармацыі. Яна разглядае фонд музейных прадметаў як дакументальную сістэму, асблівую мадэль рэальнага свету. Музейныя калекцыі, якія складаюць збор і ўяўляюць сабой ужо новую якасць у параўнанні з адзінкавымі прадметамі. У працэсе навукова-фондавай работы – пад час класіфікацыі, сістэматызацыі і інтэрпрэтацыі музейных прадметаў – паглыбляецца разуменне іх дакументальна-інфармацыйнага значэння. Вывучэнне музейных прадметаў як складовай часткі фонда, выяўленне новай інфармацыі, якая ўтрымліваецца ў саміх прадметах і матэрыялах, што фіксіруюць іх сувязі з асяроддзем першапачатковага існавання, суправаджаецца назапашваннем адпаведных навукова-ахоўных матэрыялаў (дакументацыі другой ступені). Нарэшце, тэзаўрыраванне ўключае даследаванні, звязаныя з задачамі аховы музейных прадметаў як нацыянальна-культурнай спадчыны, складовай часткі дзяржаўнага музейнага фонду.

  4. Тэорыя камунікацыі даследуе музей як адзін з камунікацыйных інстытутаў, прычым такіх, які не толькі канцэнтруе, абагульняе і распаўсюджвае інфармацыю, але і самастойна прадуцыруе яе на базе спецыяльнай навукова дзейнасці, вызначаемай як музеязнаўчае даследаванне; вывучае асаблівасці камунікацыі, у аснове якой ляжаць музейныя прадметы, спецыфіку перадачы інфармацыі, рэалізуемай у асноўным шляхам непасрэднага кантакта рэцыпіента з музейнымі прадметамі. Музейная камунікацыя разглядаецца як шматпланавая, якая не зводзіцца толькі да дэманстрацыі музейных прадметаў, хоць апошняя з’яўляецца адным з істотных прыкмет для большасці тыпаў музеяў.

У даследчай праблематыцы дадзенага раздзела цэнтральнае месца займае асаблівы від музейнай камунікацыі, які знаходзіць выяўленне ў экспазіцыйна-выставачнай дзейнасці.

Разглядаюцца таксама і іншыя бакі здзяйснення гэтай камунікацыі, звязаныя з асаблівай экскурсійна-лекцыйнай формай вербальнага распаўсюджання інфармацыі, якія абапіраюцца на прадметныя сродкі.

Праблематыка, якая мае дачыненне да розных форм гэтай камунікацыі, – адно з найважнейшых напрамкаў музеязнаўчых даследаванняў. Сюды ж прымыкаюць даследаванні, што маюць дачыненне да стварэння архітэктурна-мастацкага асяроддзя – таксама арганічнай складовай часткі дэманстрацыйнай камунікацыі.

Як вядома, камунікацыя ў музеі адбываецца шляхам распаўсюджання інфармацыі з дапамогай літаратурнай прадукцыі (навуковыя даследаванні, публікацыя музейных прадметаў – выяўленчых, пісьмовых і г. д.), з дапамогай аудыёвізуальных сродкаў і праз сродкі масавай камунікацыі, а таксама сродкамі прадастаўлення падрыхтаваных для выкарыстання крыніц прадстаўнікамі навукі, мастацтва, прамысловасці.

Нарэшце, даследаванні ў гэтай галіне ўключаюць пытанні ўздзеяння ўсіх музейных сродкаў і форм камунікацыі на розныя катэгорыі насельніцтва ў працэсе адукацыйна-выхаваўчай дзейнасці музея.

Музейнае крыніцазнаўства характарызуе асаблівы падыход да музейных прадметаў не толькі як носьбітаў і крыніц інфармацыі, але і ацэньвае іх магчымасць прадстаўляць рэчаіснасць і ўдзельчаць ў працэсах камунікацыі. І тут яно сутыкаецца з тэорыяй і методыкай вывучэння гэтых прадметаў, хоць і разглядае іх з пункту гледжання, характэрнага для агульнага крыніцазнаўства; з другога боку, яно скіравана на крыніцы, якія маю дачыненне да пазнання гісторыі музейнай справы. Па аб’екту і мэтах, а часткова і па метадам даследавання музейнае крыніцазнаўства адрозніваецца ад агульнага крыніцазнаўства профільных навук. Вывучаючы ўсе тыпы крыніц музейных збораў, яно мае задачы стварэння цэласнага ўяўленння аб музейных прадметах як гісторыка-культурных каштоўнасцях. Для яго спецыфічна даследаванне не толькі семантычнай інфармацыі музейных прадметаў, але і іншых уласцівасцей, якія дазваляюць выкарыстоўваць гэтыя прадметы ў дэманстрацыйнай камунікацыі, напрыклад, атрактыўнасць і экспрэсіўнасць.

Разам з тым, для музейнага крыніцазнаўства ўласціва ўзаемапранікненне з профільнымі крыніцазнаўствамі. Гэта заснавана на значным супадзенні аб’ектаў даследавання і адбіваецца на метадах, характары праблематыкі.

Прыкладное музеязнаўства вызначае віды і напрамкі музейнай дзейнасці:

  1. Навуковыя методыкі звязаны з асноўнымі відамі музейнай дзейнасці і вызначаюцца наступным чынам: навуковая арганізацыя фондаў, уліковая, захавальніцкая, навукова-даследчая і г. д. Навуковая методыка – асноўны стрыжань прыкладнога музеязнаўства. Яна фармляецца ў самастойны раздзел на адносна позняй стадыі, паколькі непарыўна звязана з тэорыяй. Аднак асобныя элементы методыкі з’явіліся разам з узнікненнем музеяў. Методыка ахоплівае ўсе формы дзейнасці музеяў. Вылучаюць агульныя і спецыяльныя метадычныя даследаванні. Агульныя методыкі маюць дачыненне да ўсёй сукупнасці музеяў. Такімі, напрыклад, з’яўляюцца метадычныя прынцыпы пабудовы экспазіцыі як асаблівай формы дэманстрацыйнай камунікацыі, прынцыпы экскурсійнай работы (абапіраюцца на псіхолага-педагагічныя асновы ўспрыняцця і ўлік асаблівасцей музейнага прадмета), захавання музейных прадметаў і інш.

Спецыяльныя метадычныя даследаванні зыходзяць з агульнай методыкі, аднак яны арыентаваны на канкрэтныя профілі і тыпы музеяў. Яны грунтуюцца на музеязнаўстве і профільных дысцыплінах. Напрыклад, методыка пабудовы экспазіцыі музеяў гістарычнага профіля істотна адрозніваецца ад аналагічнай методыкі мастацкіх ці прыродазнаўча-навуковых музеяў. У першым выпадку існуе арганічная сувязь паміж музеязнаўствам і гістарычнай навукай, спецыяльнымі гістарычнымі дысцыплінамі; а ў другім выпадку – з мастацтвазнаўствам; у трэцім – з адпаведнымі профілю музея прыродазнаўчымі навукамі – геалогіяй, заалогіяй і іншымі.

Сярод спецыяльных методык неабходна таксама вылучаць тыя, якія адлюстроўваюць асаблівасці розных музеяў унутры профільнай групы.

З іншага боку, і ў межах аднаго і таго ж профіля методыкі маюць значныя адрозненні, якія прадыктаваны тыпам музея: масавага (навукова-асветнага), вучэбнага ці даследчага.

У групе спецыяльных методык магчыма існаванне агульных і прыватных методык. Агульныя трактуюць пытанні работы музея ў цэлым, а прыватныя – асобных відаў дзейнасці – камплектавання фондаў, уліку, захавання, стварэння экспазіцыі, адукацыйна-выхаваўчай работы і нават асаблівасці работы па розным храналагічным перыядам.

У сучасным музеязнаўстве атрымалі асаблівае развіццё навукова-метадычны распрацоўкі ў галіне экспазіцыі, навуковага камплектавання, адукацыйна-выхаваўчай работы (музейная педагогіка). Гэта адлюстроўвае актыўную пазіцыю музеяў, якія сваімі сродкамі вырашаюць агульныя задачы развіцця грамадства.

Методыка экспазіцыйна-выставачнай дзейнасці музея – адзін з найбольш развітых раздзелаў навукова-метадычных даследаванняў музеязнаўства. Складанасць гэтых даследаванняў вызначаецца самім характарам экспазіцый, у аснове якой ляжаць музеязнаўчыя даследаванні, інтэгруючыя метады і канкрэтныя дасягненні профільных і сумежных навук. Методыкі ахопліваюць ўсе пытанні экспазіцыі: планаванне экспазіцыйна-выставачнай дзейнасці, вызначэнне тыпа і профіля экспазіцыі, распрацоўку навуковай і мастацкай канцэпцыі, структуры экспазіцыі, адбору і арганізацыі экспазіцыйных матэрыялаў і г. д.

У галіне камплектавання фондаў навукова-метадычныя даследаванні скіраваны ў першую чаргу на распрацоўку сістэмы метадаў музеязнаўчага даследавання рэчаіснасці, прынцыпаў выяўлення і адбору прадметаў музейнага значэння. Асаблівае месца займаюць методыкі падрыхтоўкі і правядзення навуковых экспедыцый.

Методыка навукова-фондавай работы вывучае комплекс праблем, якія маюць дачыненне, з аднаго боку, да ўліку фондаў, іх навуковага дакументавання, з другой – да навуковай арганізацыі фондаў, методыкі іх даследавання.

Методыка уліку і вядзення навуковай дакументацыі вызначае характар і этапы работы па юрыдычнай і навуковай ахове матэрыялаў музейнага фонда – іх рэгістрацыя і навуковая інвентарызацыя, выпрацоўка сістэмы фондавых дакументаў і найбольш рацыянальных іх формаў, у якіх адлюстроўваюцца ўсе працэсы: адбор прадметаў музейнага значэння з акаляючай асяроддзя, іх пераўтварэнне ў музейныя прадметы, ахова і вывучэнне. Распрацоўваецца методыка каталагізацыі і стварэння сістэм музейных каталогаў.

Методыка навуковай арганізацыі і вывучэння фондаў даследуе праблематыку, звязаную са складам і структурай фондаў, атрыбуцыяй музейных прадметаў, іх класіфікацыяй, сістэматызацыяй і інтэрпрэтаваннем.

Методыка навукова-фондавай работы ўключае ў сябе і пытанні рацыянальнага размяшчэння калекцый ў фондах, метады транспарцыроўкі прадметаў і інш.

Асабліва значная галіна методыкі – распрацоўка пытанняў кансервацыі і рэстаўрацыі музейных прадметаў. Гэта праблематыка настолькі значная і спецыфічная, што яна, як правіла, з’яўляецца прадметам даследавання і ўвагі спецыяльных навуковых устаноў, што ўваходзяць у структуру музейнай справы.

Істотны раздзел метадычных даследаванняў – праблемы адукацыйна-выхаваўчай работы музеяў. Поспехі ў гэтай галіне знайшлі адлюстраванне, у прыватнасці, у музейнай педагогіцы, спецыяльныя раздзелы якой займаюцца даследаваннем форм і метадаў работы з музейнай аўдыторыяй, вызначэннем месца музеяў у сістэме адукацыйных устаноў, іх магчымасці ў навучальна-адукацыйным працэсе на ўсіх узроўнях адукацыі.

  1. Тэхніка музейнай работы зыходзіць з навуковых методык і з’яўляецца інструментам практычнай дзейнасці (тэхніка афармлення ўліковай дакументацыі, тэхніка запаўнення картак і г. д.). Тэхніка ў музеях звязана перш за ўсё з методыкай, агульным і тэхнічным узроўнем эпохі. Доўгі час музейная тэхніка заставалася адносна кансерватыўнай. Нават прамысловая рэвалюцыя XVIII – XIX стст. нязначна на яе паўплывала. Аднак навукова-тэхнічная рэвалюцыя ХХ ст., хуткае развіццё ўсіх раздзелаў музеязнаўства выклікала неабходнасць кардынальных перабудоў у музейнай справе – масіраванае пранікненне тэхнічных сродкаў у музейную справу.

Да тэхнікі адносяцца пытанні вывучэння праектаванне музейных будынкаў, музейнага абсталявання, тэхнікі экспанавання розных тыпаў музейных матэрыялаў, тэхнічных сродкаў перадачы інфармацыі, транспартных сродкаў, тэхнікі даследавання фізічнага стану музейных прадметаў, іх рэстаўрацыі, кансервацыі.

Усё гэта з’яўляецца аб’ектам спецыяльнага раздзела прыкладнога музеязнаўства, якое заклікана вызначыць магчымасці, спосабы і межы выкарыстання тэхнічных сродкаў зыходзячы з агульнай методыкі. Выключная актуальнасць гэтых задач не падлягае сумненню: здольнасць музеяў ісці насустрач новым патрабаванням залежыць не толькі ад узроўня тэорыі і навуковай методыкі, але і ад тэхнікі. Таму ўсё ў большым аб’ёме вядуцца распрацоўкі па нарматыўным патрабаванням да архітэктуры музейных будынкаў, іх тэхнічнаму аснашчэнню, функцыянальнаму размеркаванню плошчаў, прынцыпам і метадам прыстасавання будынкаў для патрэб сучасных музеяў, музейнаму абсталяванню, транспартных сродкаў.

Іншае кола пытанняў – гэта распрацоўкі ў сферы выкарыстання тэхнічных сродкаў, перш за ўсё аўдывізуальных, якія пашыраюць магчымасці дэманстрацыі музейных прадметаў, а таксама апаратура, якая ўдасканальвае службу даведачнай інфармацыі. Сюды ж можна аднесці і вывучэнне магчымасцей выкарыстанне тэхнікі ў навукова-фондавай рабоце музея і пры інфармацыйным абслугоўванні, што ў сваю чаргу высоўвае перад музейнымі супрацоўнікамі новую праблематыку музеязнаўчых даследаванняў.

Нарэшце, неабходна ўзгадаць і распрацоўкі па новым тэхнічным матэрыялам, якія выкарыстоўваюцца пры стварэнні экспазіцый і выставак.

  1. Арганізацыя і кіраванне музейнай дзейнасцю звязаны з пытаннямі менеджмента і маркетынга. Прыкладныя распрацоўкі ў гэтай галіне скіраваны на выяўленне найбольш рацыянальнай унутранай структуры музеяў розных профіляў і тыпаў і закліканы ўсталяваць абгрунтаваную і эфектыўную арганізацыю музейнай сеткі ў цэлым; прафіліроўку музеяў; суадносіны музеяў розных тыпаў з улікам патрэб аховы помнікаў, патрэб навукі, культуры, адукацыі і выхавання; прагназавання развіцця музейнай сеткі з улікам дэмаграфічных змен, сацыяльна-эканамічных і навуковых патрабаванняў.