Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
музеология. текст лекции.2.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
1.37 Mб
Скачать

Гісторыя станаўлення музеянаўства як навуковай дысцыпліны.

  1. Асноўныя этапы фарміраванне музеязнаўства як навуковай дысцыпліны.

  2. Гістарыяграфія музеязнаўства ў краінах Заходняй Еўропы і Паўночнай Амерыкі.

  3. Гістарыяграфія музеязнаўства ў краінах Цэнтральнай Еўропы.

  4. Гістарыяграфія музеязнаўства ў СССР і РФ.

  5. Гістарыяграфія музеязнаўства ў Беларусі.

1. Вызначэнне статуса музеязнаўства, якое было вынесена ў назву артыкула, упершыню было дадзена ў 1881 г. доктарам Й. Грэсэ, дырэктарам дрэздэнскага музея “Зелёные своды”. У заснаваным ім у 1877 г. часопісе “Zeitschrift für Museologie und Antikitatenkunde“ / “Часопіс па музеалогіі і антыкварнай справе” быў апублікаваны яго ўласны артыкул, у якім ён акрэсліў даследчы патэнцыял гэтай галіны ведаў і зрабіў спробу зацвердзіць яе як новую навуковую дысцыпліну. Артыкул насіў назву “Музеалогія як навука”. Аднак да сённешняга часу шматлікія даследчыкі ставяць у канцы гэтага выслоўя не кропку, а пытальнік. У ХХ ст. так і не была вырашана ключавая праблема: ці можна, у прынцыпе, лічыць музеязнаўства навукай ці гэта толькі сукупнасць блокаў інфармацыі, якія датычацца музея і практычных напрамкаў яго дзейнасці? Гэта пытанне да сённешняга часу хвалюе музеязнаўстваў і не мае адназначнага адказу, не гледзячы на тое, што названая дысцыпліна выкладаецца ў ВНУ. Існуюць музеязнаўчыя цэнтры, публікуецца значная колькасць музеязнаўчай літаратуры. Сёння прынята вызначаць музеязнаўства як навуковую дысцыпліну, што знаходзіццана на стадыі развіцця.

Неабходна прызнаць, што розныя даследчыкі, у залежнасці ад таго, на якой аснове яны спрабуюць падыйсці да вырашэння гэтай праблемы, прапаноўваюць розныя схемы перыядызацыі гісторыі станаўлення і развіцця музеязнаўства. Першы этап большасцю даследчыкаў характарызуецца як “данавуковы”, хоць яго верхняя і ніжняя храналагічная мяжа вызначаецца па-рознаму. У сувязі з гэтым перыядам можна гаварыць аб самым пачатку развіццця музеязнаўства, аб першых кроках ў назапашванні музеямі эмпірычнага вопыту.

Уяўленні аб музейнай дзейнасці як аб спецыфічнай сферы чалавечай культуры пачалі складвацца ў эпоху Адраджэння. Першай спробай сфармуляваць нейкую “музейную тэорыю” даследчыкі лічаць работу С. фон Кіхельберга “Заголовки или заглавия обширного театра”, выдадзеную ў 1656 г. у Мюнхене. С. фон Кіхельберг, фламандзец па паходжанні, урач і бібліятэкар банкірскага дома Фугераў, быў запрошаны Г. Я. Фугером у Мюнхен для апрацоўкі калекцыі Кунсткамеры Альбрэхта V Вітэльсбаха. У сваёй рабоце С. фон Кіхельберг прапанаваў праграму ідэальнага музея, распрацаваў шэраг тэарэтычных і практычных бакоў калекцыяніравання і прыёмаў прадстаўлення прадметаў калекцыі для агляду. На прыкладзе мюнхенскіх калекцый баварскага герцага С. фон Кіхельберг прапанаваў сістэму стварэння ўніверсальнага музея, у якім склад калекцыі ўжо не ўяўляў сабой, як гэта было раней, выпадковага збору разнастайных прадметаў матэрыяльнага свету, а нешта стройнае і сістэматызаванае.

Твор С. фон Кіхельберга быў першай вядомай спробай пабудовы тэорыі музейнага збіральніцтва. Метад даследавання і навучання сродкамі музейных прадметаў С. фон Кіхельберга быў успрыняты шматлікімі калекцыянерамі. Мадэль музея, якую ён прапанаваў, выковала функцыі аглядаемай энцыклапедыі, якая дазваляла ахапіць свет з дапамогай зроку.

Таксама С. фон Кіхельберг прапанаваў падрабязную групіроўку калекцыйных прадметаў, якая паўплывала на далейшыя класіфікацыйныя схемы збораў. Ён падзяляў матэрыялы калекцый і музеяў на прадметы гістарычныя, мастацкія (аб’ёмныя – статуі, медалі, посуду), натуральныя (прадметы расліннага і жывёльнага свету, анатамічныя прэпараты), тэхналагічныя, а таксама карціны.

Адна з першых спроб распрацоўкі праблемы месца музеяў у тагачасным грамадстве была здзейснена прафесарам медыцыны і рэгіянальнай гісторыі універсітэта г. Кіля Й. Д. Маёрам. У сваім творы «Непредвосхищённые мысли о кунсткамерах и натуралиенкамерах», які ўбачыў свет ў Кіле ў 1674 г., ён разлядаў мэты стварэння музеяў, якія ён бачыў у “дасягненні ўсё большага і большага пазнання прыроды” шляхам прадастаўлення доступу да калекцый музея ўсім жадаючым. У гэтым творы дадзена характарыстыка музея. Й. Д. Маёр распрацаваў пытанні збора, захавання, размеракавання і выкарыстання музейных прадметаў, называючы іх «навукай аб тым, як павінны стварацца кунсткамеры і натураліенкамеры». Для свайго музея Й. Д. Маёр узвёў спецыяльны будынак з канферэнц-залай і выдаў апісанне музея. Музею была прысвечана і спецыяльная лекцыя ў вучэбным курсе Й. Д. Маёра.

У пачатку XVIII ст. з’яўляецца шэраг даследаванняў, такіх як творы “Аб кунсткамерах і натураліенкамерах” (1704) прафесара універсітэта у Альтдорфе Д. В. Молера, “Публічныя кабінеты рэдкасцяў і прыродазнаўчанавуковых прадметаў” педагога, архітэктара і матэматыка Л. К. Штурма (1704), а таксама “Музей музеяў” М. Б. Валянціні (1704, 1712, 1714). У гэтых работах быў абагульнены першы вопыт навуковага апісання, захавання і выкарыстання музейных калекцый в даследаваннях, вучэбным працэсе і адукацыі.

Аднак вянцом першых твораў па музейнай тэматыцы з’явілася праца гамбурскага камерсанта Каспара Фрыдрыха Енкеля (які публікаваўся пад псеўднімам К. Найкель) “Музеаграфія, ці кіраўніцтва да правільнага разумення і карыснага ўсталявання музеорума, ці рарэтэтэн-камеры”, якая была выдадзена ў 1727 г. у Лейпцыгу і дапоўнены ўрачом Іаганам Канольдам. У гэтай рабоце Дж. Ф. Нікеліўс увёў ва ўжытак тэрмін “музеаграфія”. Акрамя гэтага ў рабоце коратка выкладзена гісторыя стварэння першых музеяў і ахарактарызаваны найбольш вядомыя з іх, абагульнены вопыт выкарыстання музейных калекцый у выхаванні і навучанні. Акрамя таго, у працы Г. Найкеля прыведзена схема падзелу музеяў, складзеная аўтарам на аснове аналізу вопыту музеяў імперыі Габсбургаў. У ёй вылучана 7 груп музеяў. Сучаснаму чалавеку такая класіфікацыя здаецца не зусім зручнай, паколькі адсутнічае адзіны класіфікацыйны крытэрый для вылучэння наступных груп, а таксама ў прыводзімых для іх дэфініцыях частымі з’яўляюцца характарыстыкі, якія ўжывальныя для розных груп:

  1. Schatzkammer – скарбніца каштоўных прадметаў, у асноўным з золата, а таксама прадметаў мастацтва і прыродазнаўчанавуковых узораў;

  2. Galerie – доўгая зала з шафамі для дробных прадметаў, прадметамі на пастаментах і карцінамі на сценах;

  3. Kunstkammer – кабінет мастатцва, у якім ў асноўным былі прадстаўлены прадметы мастацкага рамяства, керамікі, шкла, слановай косткі, манеты, медалі, навуковыя інструменты, гіпсавыя мадэлі, графіка;

  4. Antiguitatenkammer – кабінет стражытнасцяў па ўзору італьянскіх кабінетаў;

  5. Studio-museum – сховішча кніг, рукапісаў і некаторых прадметаў мастацтваў;

  6. Raritatenkammer – збор рэдкіх прадметаў (напрыклад, рог адзінарога, пяро фенікса);

  7. Naturalienkammer – кабінет рэдкасцяў трох царстваў прыроды (жывелы, расліны і мінералы).

Прыведзеная класіфікацыя не вычэрпвае ўсёй палітры тэрмінаў, што бытавалі ў эпоху Адраджэння і ўжываліся для абазначэння музеяў. У прыватнасці, у Італіі, Францыі і іншых еўрапейскіх краінах для першых музеяў выкарыстоўваліся і іншыя назвы. Напрыклад, у Італіі ў XV – XVI стст. бытавалі такія паняцці, як “кабінет”, “гардароба”, “студыёла”. У Францыі невялікія музеі-кабінеты называліся “эцюды” (ад франц. еstude – заняткі, вывучэнне). У нямецкамоўных краінах XVI ст. уключаны ў класіфікацыю тэрмін “кунсткамера” выкарыстоўваўся для абазначэння комплекснага музейнага збору. У прыватнасці, ён упершыню сустракаецца пры апісанні калекцыі імператара Фердынанда І Габсбурга ў Вене. Нарэшце, у XVI ст. бытаваў і тэрмін “вундэркамера”. Ён выкарыстоўваўся для абазначэння збору “незвычайных рэчаў, якія знаходзяцца пад рукамі” – незвычайных рэчаў прыроды, а таксама інструментаў і прыбораў, створаных чалавекам для даследаванняў і назіранняў.

Далейшае развіццё тэрміналогіі пайшло па шляху скарачэнні колькасці назваў. Так, з сямі прыведзеных у класіфікацыі К. Найкеля найменняў найбольшае распаўсюджанне атрымалі два: кунстамера і натуркамера. Тэрмін “кунсткамера”, які ўжываўся першапачаткова ў адносінах да прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, распаўсюдзіўся шмат у якіх выпадкаў на ўсе рэаліі гісторыі і культуры. Пазней яго пачнуць часам выкарыстоўваўся да найбольш архаічных музеяў эпохі Адраджэння. Тэрмін “натуркамера” трывала замацаваўся за музеямі, калекцыі якіх прадстаўлены прыроднымі прадметамі.

Першыя вопыты тыпалогіі музеяў у значнай ступені грунтаваліся на адрозненнях у складзе калекцый музейных фондаў, што прывяло на практыцы да розных форм арганізацыі іх захавання і прэзентацыі. У эпоху Адраджэння атрымоўвае замацаванне вопыт антычных калекцыянераў. У прыватнасці, гэта мае дачыненне да бытавання такіх форм, як галерэя – у дачыненні да калекцый жывапісу і скульптуры з захаваннем для іх адпаведнай антычнай тэрміналогіі (пінакатэка, гліптатэка). Разам з тым зацвярджаецца практыка стварэння адкрытага памяшкання ў галерэі, якое дазваляла абараніць творы жывапісу і скульптуры ад шкоднага ўздзеяння атмасферы. У адносінах да скульптуры атрымоўвае распаўсюджанне ў якасці самастойнай формы захавання і прэзентацыі так званы антычны сад, канцэпцыя якога была распрацавана і рэалізавана ў Антыкварыўме Юлія ІІ ў Ватыканскім палацы. Як спосаб музейнай прэзентацыі спадчыны ён азнаменаваў сабою першую спробу стварэння адпаведнага эмацыянальнага настрою на пэўную гістарычную эпоху. З вялікай доляй умоўнасці можна гаварыць аб зараджэнні элементаў будучага асяроддзевага музея.

Далейшыя даследаванні ў галіне музеязнаўства працягнуў К. Лінэй. Яго праца, выдадзеная ў 1753 г., была вынікам працяглых пошукаў найбольш простага і зручнага размеркавання прадметаў арганічнага асяроддзя, якія маюць іерархічную будову. На матэрыяле Г. Кліфарда ў Харлеме (Галандыя), батанічнага сада і заалагічных калекцый універсітэта Лейдэна (Галандыя) і Упсалы (Швецыя) вучоны ўпершыню пабудаваў зручную і прызнаную навуковай грамадкасцю штучную класіфікацыю раслін і жывёл. Ён апісаў звыш 1500 відаў раслін і паслядоўна ўжываў так званую бінарную (якая складаецца з рода і віда) наменклатуру.

К. Лінэй садзейнічаў развіццю збіральніцтва, вызначэнню і класіфікацыі экзэмпляраў раслін (так званай гербарызацыі), якое выхавала нямала аматараў прыроды, ўключаючы вядомага асветніка Ж. Ж. Русо. У працах “Інструкцыя для музеяў прыродных прадметаў” (1755), “Інструкцыя для падарожнікаў” (1759) і іншых К. Лінэй распрацаваў канкрэтную методыку збору, апісання і захавання прадметаў для калекцый. Там ён прапанаваў пэўны парадак, якога павінен быў прытрымлівацца той, хто хацеў бы не толькі сабраць натуральныя прадметы, але і зафіксаваць іх для далейшага вывучэння і прадстаўлення гледачам.

На другім этапе адбываецца станаўленне музеязнаўства як самастойнай галіны ведаў аб музеі. У канцы XVIII – пачатку ХІХ ст. вучоных хвалююць думкі аб месцы і ролі музея ў грамастве і культуры, аб стварэнні нацыянальнага музея. Робяцца спробы тэарэтычных абагульненняў, распрацоўваюцца асобныя дэфініцыі, ідзе паступовае станаўленне навуковай методыкі асноўных напрамкаў музейнай дзейнасці (чаму садзенічаў рост колькасці прыватны калекцый і музеяў нацыянальнага значэння).

У другой палове ХІХ ст. развіццё ідэй мадэрнізацыі музеяў класічнага (традыцыйнага) ўзору патрабавала асэнсавання самога паняцця “музей”. Агульнакультурны і навуковы статус музеяў абгрунтоўваўся на музейных з’ездах, на старонках музеязнаўчых выданняў, якія пачалі з’яўляцца, пачынаючы з 1870-я гг.

Пасля І сусветнай вайны актуальныя праблемы музейнай справы абмяркоўваліся на міжнародных канферэнцыях па музейнай справе, якія рэгулярна склікаліся, (адна з найбольш важных – у Мадрыдзе ў 1934 г.). Асаблівую увагу прыцягвала праблема грамадскага прызнання музейных інстытутаў і фактараў, якія вызначалі іх цегаценне да таго ці іншага тыпу адносін да культурных каштоўнасцей. Фарміраваліся таварыствы і прафсаюзныя арганізацыі, якія арыентавалі сваю работу на музейныю сетку, функцыянальную і навуковую падтрымку музеяў. Уздымалася пытанне аб спецыяльнай музейнай адукацыі. Паступова складвалася сістэма вышэйшых навучальных устаноў з вучэбнымі планамі і праграмамі, у якіх была акрэслена сфера музеалагічных даследаванняў. Праблему станаўлення музейнай прафесіі пачалі звязваць з зацвярджэннем статуса музеалогіі як навукі.

Якасныя змены ў дзейнасці музеяў (дэмакратызацыя, арыентацыя на патрэбы музейнай аўдыторыі і інш.) у перыяд, вызначаны як музейны “бум” (1960-70-я гг.), выклікалі да жыцця ўяўленні аб функцыянальнасці музея як сацыяльнага інстытута, аб музейнай камунікацыі. Істотную ролю ў працэсе самаідэнтыфікацыі музеалогіі адыграла Генеральная канферэнцыя ІСОМ, якая абылася ў Маскве і Ленінградзе, дзе быў створаны Міжнародны камітэт па музеалогіі (ІКОFОМ). Ён здзяйсняе каардынацыю тэарэтычных даследаванняў у гэтай галіне. Першы нумар друкаванага органа ІКОFОМ “Museological Working Papers” быў прысвечаны тэме “Музеязнаўства – навука ці толькі практычная работа?”. Прыкладныя аспекты музеязнаўства распрацоўваліся профільнымі камітэтамі ІКОМ, а таксама профільнымі міжнароднымі асацыяцыямі музеяў (архітэктурных, музеяў навукі і тэхнікі, тэатральных музеяў і бібліятэк, музеяў гісторыі медыцынскіх навук і іншых і г. д.).

На працягу 1980-х гг. сесіі ІКАФОМа праходзілі практычна кожны год. Асноўнай задачай на гэтым этапе стала інвентарызацыя і першасная ўніфікацыя паняційнага апарату музеязнаўства, закліканая забяспечыць ўзаемапаразуменне паміж даследчыкамі розных краін, без чаго не маглі быць здзейснены ні каардынацыя работы, ні аб’яднанне іх намаганняў. Асноўныя дыскусіі разгарнуліся вакол ключавых уяўленняў аб прадмеце, метадзе, структуры музеязнаўства, аб яго месце ў сістэме навук. З 1976 па 1986 г. ішла напружаная работа над музеязнаўчым слоўнікам, вынікам якой стаў 20-моўны гласарый.

2. Асновы сучаснай музеалогіі ў краінах Захаду былі закладзены пасля ІІ сусветнай вайны: у Францыі – Ж. А. Рыўер (ён адчуў уплыў І. Неўступнага, лічыў прадметам музеалогіі вывучэнне гісторыі музеяў і іх ролі ў грамадстве, вылучаў агульную і спецыяльную музеалогію, прапанаваў эвалюцыйнае вызначэнне экамузеяў), Ю. дэ Варын, З. Рывар, М. Эўрар і іншыя. Погляды Ж. А. Рыўера аказалі пэўны ўплыў на прыхільнікаў т. зв. “новай музеалогіі”, якая афармляецца ў 1983 г. на Генеральнай канферэнцыі ІКОМ у Лондане. Асноўныя лозунгі руху – абшчынная музеалогія, сацыялізацыя музея, інтэграцыя яго ў акаляючае асяроддзе. Асноўныя прынцыпы гэтага руху былі сфармуляваны ў Квебекскай дэкларацыі (1984).

Хоць на Захадзе пераважаюць распрацоўкі па методыцы канкрэтных наірункаў музейнай дзейнасці, у асобных краінах развіваюцца і тэарэтычныя даследаванні. У Англіі асноўныя тэарэтычныя пошукі звязаны з дзейнасцю Саюза музеяў і кафедры музеалогіі Лейстэрскага універсітэта (кіраўнік Лейстэрскай школы – Дж. Льюіс). У Германіі – Кёльнская школа (Й. Ромедэр і інш.), якая аформілася ў 1970-80-я гг.

У развітых у музейных адносінах краінах, з шырокай інфраструктурай музейных устаноў, навуковых цэнтраў і прафесійных таварыстваў, намаганні даследчыкаў скіраваны на філасофскае асэнсаванне феномена музея і яго ролі ў постіндустрыяльным грамадстве, якое грунтуецца на прынцыпова новых тэхналогіях і ў якім складваюцца новыя адносіны да культурнай спадчыны.

Сусветную вядомасць атрымалі даследаванні К. Хадсана, якія скіраваны ў першую чаргу на аналіз узаемадзеяння музея і грамадства і ролі музея ў сучасным грамадстве; распрацоўкі тэорыі музейнай камунікацыі канадскага вучонага Д. Камерона. Менавіта на Захадзе ў апошнія гады ўсё больш настойліва прад’яўляюцца патрабаванні да музея не проста рэгістраваць мінулае, але і выкарыстоўваць яго, з тым, каб паўплываць на сённешні і будучы стан канкрэтнага грамадства. Гэтыя ідэі знайшлі сваё адлюстраванне ў канцэпцыі “музея-форума”, якая была прапанава Д. Камеронам і на сённешні дзень яе прытрымліваюцца А. Хаттан, П. ван Менш, М. ван Прат і іншыя; у канцэпцыі “музея бяз межаў” – Г. фон дэр Эстэн, Г. Боргер. Дыскутуецца пытанне аб будучым музеяў; хваляванні аб магчымым адчужэнні іх ад тэхнатроннай культуры будучых стагоддзяў грунтуецца на прызнанні сацыяльнай замкнёнасці музея (П. ван Менш), прыарэтэт захавальніцкай дзейнасці “не на карысць” камунікацыйнай (М. ван Прат, З. Странскі). Таму шэраг еўрапейскіх і амерыканскіх музеолагаў прапаноўвае, абапіраючыся на работы ў галіне камунікацыі, тэорыі інфармацыі і кібернэтыкі, сваі канцэпцыі культурнай камунікацыі ў музеі (К. Хадсан, Э. Александэр (ЗША), У. Олафсан, Й. Ромедэр, Д. Камерон). У той жа час у краінах Захаду пераважае эмпірычны падыход да музейнай дзейнасці: В. Уошберн сцвярджае, што ў яе няма ўласнай тэарэтычнай асновы; В. Бернэ абмяжоўвае поле музеязнаўства вывучэннем і класіфікацыяй прадметаў і музейных калекцый, адмаўляе спецыфічнаць музейнай работы. У публікацыях некаторых заходніх музеязнаўцаў сёння гучаць хвалюючыя і нават пісімістычныя ноткі наконт будучага гэтага інстытута сацыяльнай памяці (Э. Эліс, Дж. Піна, С. Вейль і іншыя).

У краінах трэцяга свету назіраецца вялікая цікавасць да тэорыі, што тлумачыцца патрэбамі музейнай справы. Першая спроба стварыць рабочую групу па музеалогіі мела месца ў 1980 г. на сіпозіуме ІКАФОМ у Мехіка. Вядучае месца сярод гэтых краін належыць Індыі (даследчык Сацьямурці, Бедэхара і іншых).

3. Актыўна распрацоўваліся тэарэтычныя праблемы музеязнаўства ў краінах Цэнтральнай Еўропы: толькі па пытаннях аб прадмеце музеалогіі ў 1950-80-я гг. было апублікавана звыш 600 навуковых работ. Асабліва важнымі былі дыскусіі, якія праходзілі ў 1964 г. у ГДР і ў 1965 г. у ЧССР. У цэнтры ўвагі даследчыкаў знаходзіліся праблемы спецыфікі музеалагічных ведаў і ўзаемадзеяння музеалогіі з профільнымі навуковымі дысцыплінамі. У апублікаваных выніках дыскусіі 1964 г. абгрунтоўвалася неабходнасць уключэння музеязнаўства у кола дакументальных дысцыплін. Гэты пункт гледжання знайшоў далейшае развіццё ў працы І. Ян «Музеязнаўства як навуковая і вучэбная дысцыпліна».

Сярод цэнтральнаеўрапейскіх музеязнаўцаў, якія найбольш актыўна ўдзельнічалі ў распрацоўцы ўяўленняў аб музеязнаўстве як навуковай дысцыпліны, неабходна вылучыць імены Й. Бенеше, І. Неўступнага, Г. Грэгаравай (ЧССР), В. Хербста, І. Аве, К. Шрайнера (ГДР), В. Глузіньскага, З. Жыгульскага (Польша) і іншых.

Адным з першых звярнуўся да тэарэтычных разваг ў галіне музеалогіі І. Неўступны. З пункту гледжання І. Неўступнага, у музеязнаўстве няма свайго спецыфічнага прадмета і метада, і гэта не дазваляе лічыць яго навуковай дысцыпінай. Працягваючы разважаць над прыродай музеалогіі, ён падзяляў яе на агульную і спецыяльную.

Асабліва неабходна адзначыць уклад у тэарэтычнае музеязнаўства З. Странскага (ЧССР).

Ён адстойваў самастойнасць музеязнаўства, упершыню выпрацаваў разгорнутае вызначэнне музеязнаўства і такіх базавых паняццяў музеязнаўства як “музейная патрэба”, “музеальнасць”, “музейная каштоўнасць”. У аснове навуковага падыходу З. Странскага ляжыць пастулат аб тым, што музей адбірае і захоўвае не “рэчы” самі па сабе, а дакументы, што з’яўляюцца сведчаннямі працэсаў, якія адбываюцца ў прыродзе і грамадстве. У сваю чаргу гэта значыць, што сутнасць музеязнаўства, на думку З. Странскага, – у асаблівым працэсе пазнання акаляючага асяроддзя і вывучэнні своеасаблівай кодавай каштоўнасці аб’екта. Прадметам навукі З. Странскі лічыў спецыфічныя адносіны чалавека да рэчаіснасці. Выяўленне асноўных прыкмет музеальнасці прадметаў непасрэдна звязвалася з задачамі селекцыі (адбора) іх у музейны збор і стратэгіяй функцыянавання музея ў цэлым. На ўзроўні музейнай навукі гэта азначала пошук такіх істотных якасцей рэчавага асяроддзя, якія каштоўнасна вылучалі той ці іншы прадмет ад шэрагу іншых, надавалі яму высокі гісторыка-культурны статус і дазвалялі ўключыць яго ў музейны збор з далейшай прэзентацыяй. Шмат у чым, дзякуючы яго дзейнасці, ЧССР стала першай краінай, дзе музеязнаўства было ўключана ў рэестр навуковых дысцыплін. Аднак З. Странскі меркаваў, што ў канцы ХХ ст. музеязнаўства ў цэлым яшчэ не дарасло да ўзроўня навуковай дысцыпліны. З ім былі згодны і іншыя даследчыкі з Усходняй Еўропы, якія лічылі, што музеязнаўства – гэта навуковая дысцыпліна, якая толькі фарміруецца і знаходзіцца на стадыі выпрацоўкі ўласнага метада і пэўнай структуры.

З. Странскаму належыць і распрацоўка арыгінальнай структуры музеязнаўства: гісторыя разумення музейнасці і аналізу паходжання музейнай патрэбы (генетычны элемент); тэарэтычнае разуменне аб’екта – тэорыя музейнага дакументавання, музейнага тэзаўрыравання і музейнай камунікацыі (структурны элемент) і музеаграфія (практычны напрамак).

Шэраг цэнтральна-еўрапейскіх навукоўцаў вызначаюць музеалогію як самастойную ці як дапаможную навуковую дысцыпліну, як грамадскую навуку (З. Странскі, З. Вышычак і інш.) ці як навуку на сутыку грамадскіх і прыродазнаўчых навук (Э. Чыхан, В. Хельмут, І. Вінклер). Ёсць спробы інтэграваць яе ў сістэму культуралагічных дысцыплін (К. Шрайнер, І. Ян). Т. Шола прапанаваў замяніць музеалогію на “heritoligy” (вывучэнне спадчыны), зрабіць прадметам тэорыі феномен спадчыны, а музей разглядаць як адно са сродкаў яе захавання.

4. Узнікненне музеалогіі ў Расіі было абумоўлена патрэбай ў асэнсаванні і рацыянальнай арганізацыі працэсаў фарміравання калекцый і музейных збораў, іх сістэматызацыі, вывучэнні і выкарыстанні ў сістэме культуры, навукі, адукацыі, асветы і выхавання. У Расіі цікавасць да гэтых пытанняў зарадзілася ў XVIII ст. з узнікненнем першых музейных устаноў. У сярэдзіне XVIII ст. з’явіліся музеаграфічныя выданні, якія складалі неабходны элемент у сістэме музеязнаўчых выданняў (каталогі і пуцяводнікі). А на працягу ХІХ – пачатку ХХ ст. у Расіі з’яўляецца шэраг публікацый, якія ўтрымлівалі разважанні аб музеі, яго сутнасці і прызначэнні. Характэрнай асаблівасцю развіцця рускай музеязнаўчай думкі ужо на гэтым этапе было тое, што спробы сфармуляваць тэарэтычныя палажэнні аб музеі вельмі часта прымалі форму музейных праектаў.

Першыя праекты, якія прапаноўвалі мадэлі музейных устаноў і якія значна апярэджвалі музейную практыку свайго часу, з’явіліся ў першай палове ХІХ ст., а іх аўтарамі былі сябры знакамітага “Румянцаўскага гуртка” Ф. П. Аделунг і Б. Г. Віхман.

У 1840-50-х гг. з ростам колькасці музеяў, ажыўленнем іх дзейнасці, пашырэннем кола музеаграфічных выданняў склаліся ўмовы для вывучэння музеяў і прыватных збораў і станаўлення гісторыі музейнай справы. Аб пастаноўцы праблем тэорыі, гісторыі і асабліва методыкі музейной справы сведчаць распрацаваныя ў другой палове ХІХ ст. праграмы (канцэпцыі) вядучых расійскіх музеяў (Гістарычнага музея, Марскога музея, Румянцаўскага музея, музея прыкладных ведаў і інш.)

У канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. распрацоўваліся некаторыя з асноўных паняццяў і метадаў музеязнаўства (музей, фактары развіцця музейнай справы і інш.), фарміраваліся ўяўленні аб профільных групах музеяў і асноўных напрамках музейнай дзейнасці (публікацыі В. С. Іконнікава, Д. А. Равінскага і інш.; манаграфія А. І. Смірнова “Земскі гістарычны музей. Вопыт арганізацыі”, дзе даецца аналіз вялікай групы музеяў і паказаны навуковыя асновы фарміравання калекцый). Для гэтага часу характэрна асэнсаванне музея як элемента ў сістэме навук, прыцягненне ў музейную практыку шырокага спектра навуковых методык.

У станаўленні музеязнаўства ў Расіі прыкметную ролю адыгралі Маскоўскае археалагічнае таварыства і археалагічныя з’езды, якія яно праводзіла, а таксама перыядычныя выданні, што асвятлялі пытанні тэорыі і гісторыі музейнай справы. У у вышэйшых научальных установах былі распрацаваны спецыяльныя курсы (першы вопыт выкладання музеязнаўства – курс С. К. Кузняцова “Уводзіны ў музеязнаўства” у Маскоўскім археалагічным інстытуце ў 1900-х гг.). Пытанні аб сутнасці музея, аб неабходнасці распрацоўкі класіфікацыі музеяў і музейнай тэрміналогіі, аб навуковай абгрунтаванасці музейнай палітыкі былі пастаўлены на Папярэднім з’ездзе музейных дзеячоў (Масква, 1912). З’езд паказаў, што далейшае развіццё музейнай справы немагчыма без тэарэтычнага асэнсавання і што гэта ўсведамлялася большасцю музейных супрацоўнікаў.

У канцы ХІХ ст. складваецца вучэнне філосафа-утапіста, рускага касміста М. Ф. Фёдарава. М. Ф. Фёдараў – адзіны філосаф, у вучэнні якога так многа ўвагі надаецца канцэпцыі музея. Да гэтага паняцця М. Ф. Фёдараў пастаянна звяртаецца ў розных месцах сваёй асноўнай працы «Філасофія агульнай справы», выключна ж праблеме музея прысвечаны яго артыкул «Музей, яго сэнс і прызначэнне». Шэраг іншых яго артыкулаў, у тым ліку і «Выстаўка 1889 года...», утрымліваюць надзвычай яркія праекты музея, якія здзіўляюць маштабнасцю задумы і сучаснасцю гучання.

Цэнтральная ідэя філасофска-утапічнага вучэння М. Ф. Фёдарава – ідэя «патрыфікацыі», г. зн. спачатку мысленага, а затым, на падставе пераадолення чалавецтвам «небратского состояния» і авалодання рэгуляцыяй касмічных сіл, – рэальнага уваскрашэння усіх пакаленняў, якія калі-небудзь жылі, – «отцов». Музей ёсць «высшая инстанция, которая должна и может возвращать жизнь». Музей займаецца зборам у выглядзе рэчаў «душ отошедших». Гэта і збор рэчаў, але «собор лиц», інстытут, які, захоўваючы памяць аб «ушедших отцах», тым самым калі-небудзь павінен зрабіць магчымым іх рэальнае ўваскрашэнне.

Працы філосафа ўтрымліваюць аналіз паходжання музея, якое ён храналагічна адносіць да часу абуджэння свядомасці чалавека. Узнікненне музея набывае ў яго вучэнні характар усеагульнай непазбежнай заканамернасці. Гуманны сэнс музея ў антыгуманным грамадстве – вось, па М. Ф. Фёдараву, самае галоўнае прызначэнне гэтага інстытута. У адпаведнасці ў вучэннем рускага ўтапіста, «ідэальны» музей павінен знаходзіцца ў вёсцы і быць спалучаны са школай, храмам, могілкамі і абсерваторыяй. Тым самым фактычна акрэсліваюцца асноўныя функцыі музея: выхаванне маладога пакалення на падставе пакланення памяці продкаў і «касмічныя» даследаванні, накіраваныя на дасягненне ўсеагульнага ўваскрашэння.

М. Ф. Фёдараў істотна пашырыў уяўленні аб значэнні і магчымасцях музея. Гэта было заўважана сучаснікамі і аказалася вельмі сугучным нашым сённешнім развагам аб сэнсе музея. На жаль, філасофія музея была і застаецца найменш распрацаванай у музеязнаўстве.

Неардынарная сітуацыя, якая склалася ў музейнай справе 1920-х гг., стымулявала развіццё музеязнаўчай думкі. Пытанні музеязнаўства абмяркоўваліся на музейных і краязнаўчых канферэнцыях, на старонках музеязнаўчых перыядычных выданняў (“Казанскі музейны веснік”, “Музей” і іншыя), распрацоўваліся спецыяльна створанымі падраздзяленнямі ў структуры органаў дзяржаўнай улады і навуковых устаноў (Камісіяй па музеязнаўству пры пададдзеле правінцыяльных музеяў Аддзела па справах музеяў і аховы помнікаў мастацтва і старажытнасцей Наркамата асветы РСФСР, 1919; Аддзелам тэарэтычнага музеязнаўства Гістарычнага музея, 1919 – першая палова 1930-х гг.; Метадычнай камісіяй музейнага аддзела Галоўнавукі, 1925 – не пазней 1928; Камісіяй па музеязнаўству пры Дзяржаўнай Акадэміі гісторыі матэрыяльнай культуры, 1920-я гг.; Маскоўскім інстытутам гісторыка-мастацкіх пошукаў і музеязнаўства і інш.).

У гэтыя гады сфарміравалася ўяўленне аб музеях СССР і іншых рэспублік як адзінай сістэме, прызначэнне якой – захаванне культурнай спадчыны і яе папулярызацыя. Аб’ектам вывучэння стаў не столькі асобны музей, колькі сістэма ў цэлым, яго роля ў развіцці дзяржавы, а таксама цэнтралізацыя музенай справы. З ідэяй цэнтралізацыі звязана тэарэтычная распрацоўка паняцця “музейная сетка”, першых класіфікацыйных схем (напрыклад, у Ф. І. Шміта – групіроўка па грамадскаму прызначэнню, профілю, геаграфічнаму, падпарадкаванасці). З прызнання прыарэтэтнасці асветнага музея (музея для “мас”) лагічна выцякала перавага прыкладных даследаванняў, прысвечаных методыцы музейнай справы, перш за ўсё рабоце з музейнай аўдыторыяй (А. В. Бакушынскі, М. П. Анцыфераў, М. А. Гейніке, В. А. Герд і інш.). Былі выдадзены інструкцыі і шмат у чым паўтараючыя іх метадычныя дапаможнікі па пытаннях фондавай, экспазіцыйнай і навукова-асветніцкай, галоўным чынам экскурсійнай работы, закладзены асновы тэорыі экспазіцыі, распрацаваны прынцыпы экспанавання, якія не страцілі свайго значэння да сённешняга дня: пабудова экспазіцыі з разлікам на пэўную катэгорыю наведвальнікаў, раскрыццё экспазіцыйнага патэнцыяла музейнага прадмета, улік псіхалогіі ўспрыняцця экспазіцыі, тэатралізацыі як сродка раскрыцця гістарычнага працэсу і інш. (Ф. І. Шміт, А. У. Зяленка, М. М. Дружынін). Тэрмін “музеязнаўства” выкарыстоўваўся дастаткова шырока, нават ў назвах устаноў, аднак адсутнасць даследаванняў аб прадмеце, метадзе, структуры музеязнаўства вымушае меркаваць, што яно не разглядалася як навука.

Памылковыя метадалагічныя ўстаноўкі Першага Усерасійскага музейнага з’езда (Масква, 1930), вульгарна-сацыялагічная трактоўка задач музейных устаноў у 1930-я гг. не дазвалялі паставіць праблему музеязнаўства. Даследчыкі скіроўвалі сваі намаганні на абгрунтаванне ролі музея як непасрэднага інструмента сацыялістычнага будаўніцтва.

У першыя пасляваенныя гады напрамкі музеязнаўчых распрацовак вызначаліся задачамі аднаўлення музеяў на вызваленай тэрыторыі, прафіліравання музейнай сеткі, павышэння ўзроўня работы краязнаўчых музеяў. У музеязнаўчай праблематыцы 1950-80-х гг. вядучае месца займалі пытанні фондавай, экспазіцыйнай і навукова-асветніцкай дзейнасці музеяў, пераважна краязнаўчых і гістарычных. Прыарэтэтнай праблемай, якая патрабавала спецыяльнага тэарэтычнага абгрунтавання, прызнавалася дакументаванне і паказ музейнымі сродкамі гісторыі савецкага грамадства. Пануючымі заставаліся ідэі цэнтралізацыі (музеяў, музейнага фонду і інш.) і дыдактычнага (асветнага) музея, па-ранейшаму пераважалі прыкладныя і метадычныя даследаванні.

Разам з тым асэнсаванне ўсяго папярэдняга вопыту развіцця савецкай музейнай справы дазволіла рэалізаваць у 1950-60-я гг. некалькіх буйнамаштабных праектаў – падрыхтаваць і выдаць навучальны дапаможнік “Асновы савецкага музеязнаўства” (М., 1955), дзе былі падсумаваны ўяўленні аб музеі як сацыяльным інстытуце і аб прадметнай аснове музейнай экспазіцыі, якія зацвердзіліся ў навуцы і ў практычнай музейнай рабоце, і дзе былі дадзены апісанні самых важных метадычных прыёмаў; “Нарысы гісторыі музейнай справы ў Расіі” (у 7 т., 1957-71), якія паказалі неабходнасць даследаванняў на іншым якасным узроўні тэорыі музейнай справы; манаграфіі, прысвечанай методыцы пабудовы музейнай экспазіцыі (А. І. Міхайлоўская, А. Б. Закс і інш.).

Для 1970-80-х гг. характэрны каардынацыя тэрэтычных распрацовак, правядзення шэрагу комплексных даследаванняў (“Музей і наведвальнік” і некаторыя іншыя). У гэтыя гады вядучым стаў эксперыментальны напрамак (мадэляванне музейнай дзейнасці; музейнае праектаванне), атрымалі тэарэтычнае абгрунтаванне ідэя музейнага аб’яднання і прынцыпы фарміравання цэнтралізаваных музейных сістэм розных тыпаў, дынамічна вывучаліся тэарэтычныя аспекты музейнай камунікацыі. Комплексны падыход зрабіў прадуктыўнай распрацоўку паняційнага апарату музеязнаўства, дазволіў спецыялістам пад кіраўніцтвам Ю. Пішчуліна падрыхтаваць “Кароткі слоўнік музейных тэрмінаў” (каля 200 тэрмінаў, М., 1974) і слоўнік “Музейныя тэрміны” (каля 600 тэрмінаў, М., 1986), а таксама рускую версію для 20-моўнага тэрміналагічнага слоўніка; іх публікацыя сведчыць аб фарміраванні мовы музеязнаўства як асаблівай галіны ведаў. Была пастаўлена праблема музеязнаўства як навуковай дысцыпліны, якая мае ўласны аб’ект, прадмет і метад, і прапанаваны ўпершыню яе рашэнні – ў адпаведных раздзелах слоўнікаў і Вялікай савецкай энцыклапедыі (3 выд.), у навучальным дапаможніку “Музеязнаўства. Музеі гістарычнага профілю” (1988), які быў падрыхтаваны калектывам аўтарам пад кіраўніцтвам А. М. Разгона. У якасці спецыяльных музеязнаўчых дысцыплін фарміраваліся музейнае крыніцазнаўства, педагогіка і сацыялогія. У 1980-90-я гг. сфарміравалася новае пакаленне музеязнаўцаў-навукоўцаў, якія працягваюць распрацоўваць тэартычныя пытанні музейнай навукі: М. Б. Гнядоўскі, У. Ю. Дукельскі, М. Е. Каулен, М. А. Нікішын, А. А. Сундзіева, М. Ю. Юхневіч і інш.

5. У Беларусі музеязнаўства па-ранейшаму знаходзіцца на самым пачатку свайго самаасэнсавання. Часы Адраджэння і Асветы характарызаваліся шматлікімі спробамі прыватных збіральнікаў, калекцыянераў і музейных энтузіястаў стварыць і часам скласці апісанне ўласных калекцый і музейных збораў: Жыгімонты І і ІІ, М. Радзівіл, Л. Сапега. Ж. Э. Жылібер, Г. Грубер, Г. Ябланоўска, І. Храптовіч, А. і К. Тызенгаузы і інш. Засталіся нерэалізаванымі выказаныя ў ХІХ ст. музейныя ініцыятывы Т. Зана і А. Пшасдзецкага.

У канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. з’яўляюцца паасобныя, прысвечаныя музеям артыкулы і працы А. П. Сапунова, А. Ельскага, А. Бяляева, А. Мілавідава і інш.

Міжваенны час характарызуецца спробамі асэнсаваць пэўныя зрухі ў развіцці музейнай справы. Уздым краязнаўчага руху выклікаў павышэнне цікавасці і да праблем музеязнаўства. З’яўляюцца артыкулы на старонках краязнаўчага часопіса “Наш край”, выходзяць працы М. І. Каспяровіча, Б. Брэжга, А. Луцкевіча. У 1927/28 навучальным годзе на краязнаўчых курсах пры БДУ тагачасны дырэктар БДМ В. Ю. Ластоўскі чытаў курс лекцый “Музеязнаўства і музеябудаўніцтва”. Ідэалагізацыя і уніфікацыя музея знайшла свой адбітак і ў музеязнаўстве. Як прыклад, можна прывесці працу Я. Пружынінай (Пружинина, Я. Б. Музейное строительство БССР / Я. Б. Пружинина // Советский музей. – 1933. – №2.).

Пасляваенны час суправаджаўся аднаўленнем музейнай сеткі і працягам паступовага самаасэнсавання музеязнаўства. Разам з музеямі музеязнаўства БССР перажыло станоўчыя бакі і хібы развітога сацыялізму.

Пэўны ўклад у вывучэнне музейнага мінулага і сучаснасці Беларусі зрабілі даследаванні ў галіне сумежных дысцыплін: спецыяльных гістарычных, археалогіі і краязнаўства. Найперш гэта даследаванні Л. В. Аляксеева, Г. А. Каханоўскага. Шэраг аўтараў працягвалі працу ў сферы гістарычнага музеязнаўства: Е. Маскоўкіна, А. Падліпскі, В. Цыбуля, Г. Сурмач і інш. Пачынаючы з 1970-х гг. з’яўляюцца паасобныя дысертацыйныя даследаванні, прысвечаныя асэнсаванню сацыяльнай ролі музеяў і гісторыі іх развіцця: К. Біруковіч, А. Калбаска, А. Гужалоўскі.

У 1991 г. склаліся перадумовы стварэння самастойнай школы. У 1992 г. адкрыта кафедра ў БДУ, у 1994 г. – БДУК. З 1993 г. у Беларускім інстытуце праблем культуры пачала працаваць Лабараторыя музейнага праектавання, якая вывучалала і абагульняла практычны вопыт беларускіх музеяў і ставіла на мэце:

  1. Ажыццяўленне ўнутранага сінтэзу існуючых музеалагічных ведаў і канцэпцый замежных даследчыкаў з наступным укараненнем тэарэтычнага і практычнага вопыту ў беларускую музейную практыку;

  2. Выяўленне асноўных тэндэнцый і праблем музейнай справы, развіццё музейнай практыкі;

  3. Забяспечэнне развіцця музеязнаўспецыфічных даследаванняў у музеях;

  4. Распрацоўка прынцыпаў музейнай палітыкі і канкрэтных наватарскіх праектаў;

  5. Ажыццяўленне пошукаў эфектыўных форм засваення культурнай спадчыны беларускага народа;

  6. Развіццё музейнай крытыкі з мэтай пераадолення стэрэатыпаў і догмаў, уласцівых некаторым сучасных музеалагічным уяўленням.

У 1997 г. да распрацоўкі пытанняў музеязнаўства далучыліся ў Лабараторыі музейнага праектавання быў распачаты выпуск тэматычных навукова-метадычных зборнікаў пад агульнай назвай “Музейныя сшыткі”.

У 1997 г. створана Беларуская асацыяцыя музеяў, якая каардынуе намаганні паасобных музеяў і спецыялістаў, інтэгруе беларускую музеалогію ў агульны кантэкст.

Сучасны этап развіцця беларускай музалогіі з’яўляецца пераходным, калі назапашаны практычны вопыт музеяў павінен стаць стымулам для станаўлення і развіцця беларускай музеалагічнай школы, узнікнення новых распрацовак.