Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Belaruski_pravapis_2008.doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.03.2025
Размер:
658.43 Кб
Скачать

Асноўныя прынцыпы беларускай арфаграфіі

Прынцып арфаграфіі – гэта заканамернасць, на аснове якой выпрацоўваюцца і аб’ядноўваюцца ў групы канкрэтныя правілы напісання. Правілы беларускай арфаграфіі грунтуюцца на двух асноўных прынцыпах: фанетычным і марфалагічным. Акрамя таго, у беларускай арфаграфіі ёсць асобныя гістарычныя (традыцыйныя) і дыферэнцыраваныя напісанні.

Фанетычны прынцып заключаецца ў тым, што напісанне адпавядае літаратурнаму вымаўленню слова і дакладна перадае яго гукавы склад. Сутнасць фанетычнага прынцыпу часта перадаюць фразай “пішы, як чуеш”. Праўда, не трэба забываць, што пры гэтым падразумяваецца арфаэпічна правільнае вуснае маўленне. Фанетычны прынцып збліжае пісьмовую форму мовы з вуснай, дае магчымасць перадаць спецыфічныя асаблівасці фанетычнага ладу беларускай літаратурнай мовы – аканне, яканне, дзеканне, цеканне, цвёрдасць шыпячых і р, падаўжэнне зычных і г.д.; ён служыць асновай правіл напісання зваротных дзеясловаў у інфінітыве і ў форме 3-й асобы адзіночнага і множнага ліку цяперашняга часу. Адлюстроўваючы на пісьме гукі як у моцных, так і ў слабых пазіцыях, фанетычны прынцып з’яўляецца сродкам, які забяспечвае перадачу на пісьме пазіцыйных чаргаванняў гукаў: цэлы – цаліна, малочны – малако, збегчы – схадзіць, дата – даце. Са славянскіх моў фанетычныя напісанні найбольш характэрныя для беларускай і асабліва сербскахарвацкай мовы.

На фанетычным прынцыпе грунтуюцца наступныя правілы.

  1. Правапіс о, э – а (перадача на пісьме акання): бор – бары, сэрца – сардэчны, сосны – сасна, цэны – цана, адрас, літара, рамонт, сакрэт.

  2. Правапіс е, ё – я (перадача на пісьме якання): лес – ляснік, бегчы – бяжыш, лёд – лядовы, каляндар, сяржант, янот, яфрэйтар.

  3. Правапіс спалучэнняў галосных у запазычаных словах: авіяцыя, біёлаг, біялогія, патрыёт, дыяметр, раён, маянэз, археолаг, фразеалогія, рэабілітацыя, акіян, абітурыент, ёд, канвеер.

  4. Правапіс прыставак на -з (-с): бяздомны, бясстрашны, бездапаможны, расказаць, раздаць, скінуць, ссыпаць, змалоць, уздымаць, ускопваць.

  5. Правапіс д – дз, т – ц (перадача на пісьме дзекання і цекання): вада – вадзіца, хата – хаціна, дзеці, дзерці, цёрка, цесны, дырэктар, апладысменты, тэатр, акцёр, сістэматыка, індзеец, каранцін, Одэр, Цюмень.

  6. Правапіс спалучэнняў зн, нц, рц, рн, сн, сл: позна, сонца, сэрца, міласэрны, радасны, слаць.

  7. Напісанне літары ц на месцы спалучэння каранёвых т, ч, к, ц і суфіксальнага с (у суфіксах -ск-, -ств-): брат – брацкі, студэнт – студэнцтва, ткач – ткацкі, сваяк – сваяцкі, настаўнік – настаўніцтва, кравец – кравецкі.

  8. Напісанне літары с на месцы спалучэнняў каранёвых ж, ш, г, х і суфікса -ств-, а таксама каранёвага с і суфікса -ск-: прыгожы – прыгоства, харошы – хараство, многа – мноства, птах – птаства, беларус – беларускі, Палессе – палескі.

Марфалагічны (або марфематычны) прынцып заключаецца ў тым, што правілы, заснаваныя на ім, патрабуюць аднолькавага напісання пэўнай марфемы слова (кораня, суфікса, прыстаўкі) ва ўсіх яго формах і роднасных словах незалежна ад вымаўлення: параходы – параходства – параход; вазы – воз – перавозка – возчык; падрэзаць – падкласці – падчапіць. Паводле гэтага прынцыпу на пісьме гукі ў слабых пазіцыях перадаюцца тымі ж літарамі, што і ў моцных. Як вынік, захоўваецца графічнае адзінства марфемы, не зацямняецца марфемная структура слова (параўнайце: гарадскі, заводскі і таварыскі, студэнцкі).

На марфалагічным прынцыпе грунтуюцца наступныя правілы.

  1. Правапіс звонкіх зычных на канцы слоў і перад глухімі: гады – год, снягі – снег, казаць – казка, сцяжынка – сцежка. Гэтаму ж прынцыпу падпарадкоўваецца напісанне прыставак і прыназоўнікаў на -б, -д, а таксама прыназоўнікаў на з: абтрэсці, адпусціць, над хатай, аб сыне, з поля, праз хвіліну.

  2. Правапіс глухіх зычных перад звонкімі: касіць – касьба, лічыць – лічба, малаціць – малацьба.

  3. Правапіс шыпячых перад свісцячымі і свісцячых перад шыпячымі: рэчка – на рэчцы, мыеш – мыешся, вазіць – перавозчык, пясок – пясчаны, зжаць, сшытак, бясшумны.

  4. Правапіс цвёрдых-мяккіх зычных. Мяккасць зычных, якая ўзнікае пад уплывам наступнага мяккага гука, на пісьме не перадаецца: збор – збіраць, спаць – спіць, мост – мосцік, снег, змена, святло, смех.

  5. Правапіс каранёвых зычных з, ж, ш, г, х перад суфіксам -ск- у прыметніках, утвораных ад геаграфічных назваў і назваў народнасцей, нацыянальнасцей: каўказскі, пражскі, чэшскі, арэнбургскі, казахскі.

  6. Правапіс д, т перад ц, ч: на кладцы, у градцы, аб цётцы, у хатцы, загадчык, пераплётчык.

  7. Правапіс каранёвага д перад суфіксамі -ск-, -ств-: заводскі, грамадства.

  8. Правапіс е ў прыназоўніку без і часціцы не: не быў, не бачыў, не ведаў, без клопату, без радасці, без грошай.

Такім чынам, калі фанетычнае напісанне абумоўлена гучаннем слова, то марфалагічнае напісанне абумоўлена неабходнасцю захаваць графічнае адзінства марфемы.

Гістарычны (трацыцыйны) прынцып перадае напісанні, якія ўсталяваліся ў мінулым і не адпавядаюць сучаснаму гукавому складу слова. Вывучаючы замежныя мовы, вы, напэўна, заўважылі, што гістарычны прынцып асабліва пашыраны ў англійскай і французскай арфаграфіі, дзе паміж напісаннем і сучасным вымаўленнем слоў назіраецца значнае адрозненне. Беларускай арфаграфіі характэрны асобныя гістарычныя (традыцыйныя) напісанні. Напрыклад, па традыцыі пішуцца словы семсот, восемсот. Традыцыйным з’яўляецца напісанне вялікай літары ў назвах міжнародных арганізацый (Генеральная Асамблея Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і інш.). У рускай мове да традыцыйных адносіцца напісанне літар и і ь пасля былых мяккіх [ж’] і [ш’] (шило, жизнь, несёшь, настежь), канчаткаў -ого, -его ў словах (белого, синего; первого, седьмого; этого, того) і інш.

Дыферэнцыраваныя напісанні служаць мэтам графічнага адрознення слоў (або форм слоў) з аднолькавым гучаннем, але розным значэннем. На гэтым прынцыпе грунтуецца, напрыклад, правапіс вялікай або малой літары для адрознення агульнага назоўніка ад уласнага: вярба – дрэва і Вярба – прозвішча, ніўкі – ‘малыя палеткі’ і Ніўкіназва вёскі; асобнае або злітнае напісанне некаторых слоў: схавацца за тое дрэва (прыназоўнік з займеннікам) і невысокі, затое дужы (злучнік); напісанне слоў з дэфісам або без яго: па-новаму працуюць (прыслоўе) і па новаму закону (прыназоўнік з прыметнікам), ангідрыт ‘хімічнае злучэнне’ і ангідрыд ‘мінерал’ Цётка (А. Пашкевіч) і цётка, Чарот (М. Чарот) і чарот, месяц і Месяц і інш.

1. Запішыце ў асобныя слупкі словы, правапіс якіх заснаваны на розных прынцыпах арфаграфіі.

Гарадскі, жыццё, сям’я, сад, грузчык, адчыніць, “Мір” (станцыя), пясчаны, раз’юшаны, снег, Савет Бяспекі ААН, двух’ярусны, настаўніцкі, нядобразычлівы, не хоча, святкаваць, вязеш, ксеракс, перабежчык, выйгрыш, яфрэйтар, генерал.

  • Падбярыце апорныя напісанні да слоў, правапіс якіх грунтуецца на марфалагічным прынцыпе.

2. Выразна прачытайце тэкст, вызначце яго асноўную думку, прыдумайце загаловак. Складзіце план тэксту. На колькі абзацаў яго можна падзяліць?

Дрэва без каранёў не бывае. Ёсць свае карані і ў кожнага з нас. І ўваходзяць яны ў глыбіню стагоддзяў. Праўда, не заўсёды лёгка іх адшукаць, адкапаць. Не ва ўсіх, далёка не ва ўсіх продкі чым-небудзь адзначаліся ў гісторыі. Да і хто яны такія, каб трапляць на старонкі летапісаў? У большасці гэта былі людзі, які адсочвалі звяроў, лавілі рыбу, засявалі палі, даглядалі жывёлу, гадавалі дзяцей, словам, жылі. Жылі ціха, малапрыкметна. Тады ж, у даўнія часы, заўважалася, адводзілася большае значэнне больш важным асобам і падзеям: князям, царам, іх паходам і бітвам, таму, што адбывалася ў полацкіх землях. Калі ж прозвішча якога-небудзь мужыка і трапляла ў летапісы, дык выпадкова, рэдка. Таму пра сваіх продкаў мы можам меркаваць хіба па ўспамінах, апавяданнях бацькоў, дзядоў ды па тых паданнях, былях, што дайшлі з сівой мінуўшчыны. Падводзяць нас да больш лепшага знаёмства з продкамі помнікі матэрыяльнай і духоўнай культуры, звычаі і абрады, апісанні родных мясцін. Напрыклад, па рэштках лясоў, балот, што дзе-нідзе яшчэ захаваліся, можна сказаць, якія лясы і балоты былі ў нас калісьці, колькі рознай дзічыны вадзілася. Колькі было рыбы, ягад, грыбоў! З гэтага можна заключыць, што продкам нашым галадаць не даводзілася. Зямля падкормлівала родзіча. (Паводле Барыса Сачанкі)

  • Запішыце другі абзац. Растлумачце арфаграмы.

  • Запішыце вядомыя вам назвы грыбоў і ягад.

  • Знайдзіце ў тэксце арфаграмы, заснаваныя на фанетычным і марфалагічным прынцыпах правапісу. Запішыце 6–7 прыкладаў, растлумачце напісанне арфаграм.

3. Спішыце, расстаўляючы знакі прыпынку.

У таленавітага грамадзяніна зямлі беларускай Францыска Скарыны свой лёс у гісторыі нашага народа. Першадрукар усходніх славян ён пакінуў шмат кніг што набліжалі духоўны вопыт Бацькаўшчыны да вышынь шматвяковага духоўнага вопыту чалавецтва. Гэта і стала лёсам яго жыцця. Таму і Біблія і кнігі Старога і Новага запаветаў якія ён перакладаў і выдаваў на роднай мове і хрысціянскія кананічныя песні сталі той спадчынай без якой нельга ўглядзецца ў сутнасць Белай Русі. Вярнуць нашчадкам тыя зярняты чалавечай душы значыць далучыць іх да высокай маральнай эстэтычнай і нават побытавай культуры. (Паводле Уладзіміра Конана)

  • Выпішыце з тэксту словы, у якіх, на вашу думку, могуць быць дапушчаны арфаэпічныя памылкі. Абгрунтуйце свой выбар.

  • Назавіце правілы, якім падпарадкоўваецца вымаўленне гэтых слоў.

  • Правапіс якіх слоў адлюстроўвае дыферэнцыраваныя напісанні?

4. Запішыце спалучэнні зычных у дадзеных словах так, як яны гучаць у фанетычнай транскрыпцыі. На якіх правілах грунтуецца вымаўленне гэтых спалучэнняў?

Узор. Пясчаны – пя[шч]аны.

Пясчаны, горад, купаешся, падцягнуць, з чэмпіёнам, адчапіць, з жыта, дождж, пад’язджаць, на кладцы, гарадскі, футбол, мядзведзь, ракетчык, снедаць, грамадскі, праз чатыры дні, радасць, дарадчык, без шанцаў, ад світання, смяешся.

5. Прачытайце тэкст, вызначце яго стыль. Спішыце, устаўце прапушчаныя літары і расстаўце знакі прыпынку. Растлумачце правапіс літар і пастаноўку знакаў прыпынку.

Гісторыя кахання Барбары Радзівіл і в..лікага князя літоўскага і польскага караля Жыгімонта Аўгуста рамантычная і драматычная. Не п..ро геніяльнага драматурга а само жыццё напісала сюж..ты гэтай драмы. На фоне палітычных інтрыг і дробнай барацьбы самалюбстваў пыхлівых амбіцый каханне Барбары і Жыгімонта Аўгуста паказала наколькі ўсё гэта н..значнае л..туценнае ў параўнанні са светлымі і шчырымі праявамі душы. Каханне вышэйшае за ўладу даражэйшае за багацце яно св..ты Боскі дар.

Барбару параўноўвалі з Аленай Траянскай. З-за яе ледзь не ўспыхнула вайна. Яе імя ганілася а пачуццё зн..важалася злоснымі непрыяцелямі. Чым жа правінілася гэтая жанчына? А толькі тым што яе пакахаў манарх і яна пакахала яго.

Д..чка аднаго з самых багатых у Вялікім княстве Літоўскім магнатаў в..лікага гетмана Юрыя Радзівіла Барбара славілася на ўвесь край сваёй чароўнай прыг..жосцю. У 1537 годзе калі ёй было с..мнаццаць гадоў яна пабралася шлюбам з навагрудскім ва..водам Станіславам Гаштольдам. В..селле адбылося ў р..давым уладанні Гаштольдаў. І ніхто тады не ведаў што гэта пачатак драматычнай гісторыі што не шчасце наканавана м..л..дым а н..шчасце. Шлюб гэты быў па разліку а таму маладыя не кахалі адзін аднога... У 1542 годзе Станіслаў памёр а з ім прыйшла ў зан..пад і мужчынская лінія Гаштольдаў. (Паводле Раісы Баравіковай)

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]