
- •В.Э. Зіманскі беларускі правапіс-2008 Практыкум
- •Уводзіны
- •Асноўныя прынцыпы беларускай арфаграфіі
- •Фанетычныя напісанні правапіс галосных правапіс галосных о, э – а
- •Правапіс галосных е, ё – я
- •Правапіс і, ы, й пасля прыставак
- •Правапіс галосных у складаных словах
- •Правапіс прыстаўных галосных
- •Правапіс спалучэнняў галосных у іншамоўных словах
- •Правапіс зычных правапіс у, ў
- •Правапіс прыстаўнога в
- •В пішацца перад о, у
- •В не пішацца перад о, у
- •Правапіс д – дз, т – ц
- •Правапіс спалучэнняў зычных
- •Правапіс падоўжаных зычных
- •Правапіс прыставак з-, уз-, раз-, без- (бяз-), дыз-
- •Марфалагічныя напісанні правапіс звонкіх і глухіх, шыпячых і свісцячых
- •Правапіс прыставак ад-, над-, пад-, аб-
- •Традыцыйныя і дыферэнцыраваныя напісанні
- •Правапіс мяккага знака і апострафа
- •Ужыванне вялікай літары
- •Запішыце першы абзац. Падкрэсліце ў сказах граматычную аснову. Напісанне слоў разам, праз злучок і асобна
- •Правапіс складаных назоўнікаў і прыметнікаў правапіс складаных назоўнікаў
- •Правапіс складаных прыметнікаў
- •Правапіс прыслоўяў. Правапіс спалучэнняў, блізкіх да прыслоўяў
- •107. Выканайце тэставыя заданні. Адзначце словы, якія пішуцца разам
- •Правапіс часціц
- •Часціца не(ня) пішацца:
- •Часціца ні пішацца:
- •Кантрольныя пытанні і заданні
- •Пачатак княжання Вітаўта
- •119. Выканайце выніковыя тэставыя заданні. Варыянт I
- •Варыянт II
- •Літаратура
- •Слоўнікі, энцыклапедыі
Ужыванне вялікай літары
З вялікай літары пішуцца імёны, імёны па бацьку, прозвішчы, псеўданімы, празванні людзей, тытулы манархаў, клічкі жывёл, назвы эпох, кніг, газет, часопісаў, выдавецтваў, устаноў, заводаў, калгасаў, саўгасаў, параходаў, геаграфічныя і астранамічныя назвы і інш.: Максім Багдановіч, Якуб Колас, трылогія “На ростанях”, часопіс “Роднае слова”, абутковая фабрыка “Марка”, саўгас “Прамень”, Гомельшчына, Сатурн, аўтамашына “Масквіч”, горы Тыбет. Індывідуальныя назвы людзей, якія ўжываюцца ў значэнні агульных, звычайна з неадабральным значэннем, пішуцца з малой літары: гарлахвацкія, хлестаковы. З малой літары пішуцца назвы нацыянальнасцей, плямён, а таксама словы, якія ўказваюць на месца пражывання: партугальцы, крывічы, беларус, мінчанін.
У казках, байках, драматычных творах імёны дзеючых асоб, якія выражаны агульнымі назоўнікамі, пішуцца з вялікай літары: Дуб, Клён, Шчупак, Пеўнік.
У складаных афіцыйных назвах дзяржаў, вышэйшых дзяржаўных устаноў, некаторых сусветных арганізацый, вышэйшых пасад, састаўных геаграфічных і астранамічных назваў кожнае слова пішацца з вялікай літары: Рэспубліка Беларусь, Вялікае Княства Літоўскае, Савет Нацыянальнасцей, Кабінет Міністраў (параўн. Міністэрства транспарту, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь), Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь (параўн. міністр сувязі), Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі, Млечны Шлях, Малая Мядзведзіца, Гусь-Хрустальны. Агульныя назоўнікі з канкрэтнымі значэннямі (зорка, камета, востраў, мора, мыс, вёска, вуліца і г.д.), якія ўваходзяць у складаныя назвы, пішуцца з малой літары: возера Нарач, зорка Венера, вуліца Суворава.
У састаўных назвах арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў, знамянальных дат, афіцыйных святаў з вялікай літары пішацца першае слова і ўсе ўласныя найменні, якія ўваходзяць у склад гэтай назвы. Калі ў назве свята лічэбнік напісаны лічбай, то з вялікай літары пішацца наступны назоўнік: Мінскі аўтамабільны завод, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Дзень настаўніка (але: Дзень Перамогі, Дзень Канстытуцыі), Восьмае сакавіка (параўн.: 8 Сакавіка).
З вялікай літары пішуцца прыналежныя прыметнікі, утвораныя з дапамогай суфіксаў ‑ев‑ (-ёв-, -ёў-), -ов- (-ав-, -аў-, -оў-), -ін- (-ын-) ад уласных імёнаў, прозвішчаў і клічак жывёл: Наташын малюнак, Надзін сшытак, Аляксееў дом, Зорчына цялё (але: гордзіеў вузел, антонаў агонь, ахілесава пятка і пад. – гэта фразеалагізмы).
Прыметнікі, утвораныя ад прозвішчаў пры дапамозе суфіксаў -аўск-, -еўск-, -інск-, -ск-, пішуцца з вялікай літары пры ўмове іх сэнсавай адпаведнасці назвам са словамі імя, памяці: Мележаўскія чытанні, Купалаўская прэмія (параўн.: мележаўскія раманы, купалаўскія паэмы). З вялікай літары пішуцца адносныя прыметнікі, калі яны з’яўляюцца першым словам уласнай назвы: Віцебская вобласць, Заходні мост (назва моста). Калі прыметнікі, утвораныя ад уласных геаграфічных назваў, ужываюцца не як уласныя, тады яны пішуцца з малой літары: прыгожыя беларускія гарады і вёскі, гуляць па віцебскіх вуліцах. Прыметнікі, утвораныя ад імя і прозвішча, пішуцца праз злучок і з малой літары: леў-талстоўскі, жуль-вернаўскі.
Рэлігійныя паняцці, назвы культавых кніг і свят: Бог, Ісус Хрыстос, Магамет, Каран, Біблія, Евангелле, Вялікдзень, Радаўніца, Каляды (але: бог з ім, ратуй божа, анёл, архангел).
Слова савет у значэнні ‘орган улады’: Мінскі абласны Савет дэпутатаў (параўн.: вучоны савет Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта).
91. Запішыце словы. Растлумачце напісанне вялікай літары.
І. Пётр Першы, Рычард Ільвінае Сэрца, Бонч-Бруевіч, Жан-Жак Русо, Марыя-Тэрэза, Барклай дэ Толі, форд, маўзер, дамавік, русалка, Баба-Яга, баба-яга, Міхасёў сшытак, Мурчыны кацяняты, пракрустаў ложак, “Еўропа +”, Берынгаў праліў, купалаўскія традыцыі, Гібралтар, Нясвіж, Забайкалле, Заходняя Еўропа, Маскоўская шаша, “Мінскі напрамак”, Зямля Прынца Карла, Заходне-Сібірская нізіна, Лас-Вегас, дот, Мацей Бурачок, Чэшская рэспубліка, Люксембург, Паўночная Італія, Кіеўскі бульвар, сузор’е Вялікага Пса, Скандынаўе, фотаздымкі Месяца, 9 Мая, медаль “За адвагу”, Другая cусветная вайна, Другая Рэспубліканская алімпіяда па беларускай мове.
ІІ. Ледніковы перыяд, Міжнародны год кнігі, Медны бунт, Кубак свету па біятлоне, Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, беларускія Герб і Сцяг, Коласаўская стыпендыя, коласаўскія творы, Інстытут міжнародных зносін, “Руская праўда”, Цётка, Сафійскі сабор, сікстынская капэла, Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь, Рэфармацыя, каралева Даніі, мітрапаліт, паэма “Курган”, том Выбраных твораў Кузьмы Чорнага, “Антонаўка”, бульба “агат”, ІЛ-18, “Запарожац”, абкам, Дзяржвыд, АЭС, МАЗ, нэп, Бі-бі-сі, рэнтген, Алексій ІІ, аповесць “Жураўліны крык”, завод “Прамень”, мыс Добрай Надзеі, Польшча, Арыён, 8 Сакавіка, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Жуччыны шчаняткі, Марс, беларускі абутак, Генеральная Асамблея ААН, медаль “За працоўную доблесць”.
Напісанні якіх слоў можна аднесці да дыферэнцыраваных? Складзіце сказы, у якіх гэтыя словы трэба было б ужыць з вялікай і малой літары.
92. Запішыце, замяняючы, дзе трэба, малую літару вялікай.
Вялікае княства літоўскае, першая сусветная вайна, другая сусветная вайна, вялікая айчынная вайна, дзень незалежнасці, дзень рэспублікі, дзень канстытуцыі, дзень перамогі, ордэн ганаровага легіёна, міжнародная прэмія міру, радаўніца, каляды, каран, біблія, бог, ратуй божа, апостал, архангел, нацыянальны сход рэспублікі беларусь, палата прадстаўнікоў нацыянальнага сходу рэспублікі беларусь, дзяржаўная дума федэральнага сходу расійскай федэрацыі, усекітайскі сход народных прадстаўнікоў.
93. Запішыце па пяць лексічных адзінак, якія абазначаюць:
1) назвы ордэнаў, медалёў, нагрудных знакаў;
2) назвы палітычных партый;
3) назвы беларускіх часопісаў;
4) назвы міжнародных арганізацый;
5) назвы беларускіх навучальных устаноў.
94. Складзіце сказы з наступнымі словамі. Назавіце правіла, якім вы кіраваліся, ужываючы вялікую ці малую літару ў гэтых словах.
Беларускі – беларускі, Рэспубліка – рэспубліка, Усход – усход, Брылёўскі – брылёўскі, Савет – савет, Віцебскі – віцебскі, Форд – форд, Май – май, Народны – народны, Дом – дом.
95. Адзначце словы, у якіх пішацца вялікая літара:
Варыянт 1.
А: 1) скрынка (П,п)андоры, 2) міністэрства (А,а)дукацыі, 3) (Б,б)еларускія лясы, 4) (Д,д)зень настаўніка, 5) Арганізацыя Аб’яднаных (Н,н)ацый.
Б: 1) (М,м)іхасёвы прыгоды, 2) (П,п)ершае мая, 3) (А,а)рыядніна ніць, 4) (П,п)алескія краявіды, 5) (М,м)едаль «За адвагу».
В: 1) (Б,б)ожая маці, 2) (Л,л)едніковы перыяд, 3) Лопэ (Д,д)э Вэга, 4) (Д,д)апятроўская эпоха, 5) (М,м)інскі трактарны завод.
Варыянт 2.
А: 1) (К,к)упалаўскі стыль, 2) (З,з)аходняя Беларусь, 3) (П,п)раметэеў агонь, 4) Новы (Г,г)од, 5) (Н,н)арачанскія краявіды.
Б: 1) (Д,д)зень нараджэння, 2) (С,с)ярэднявечча, 3) (С,с)карынаўская стыпендыя, 4) Мамін-(С,с)ібірак, 5) (Н,н)ародны пісьменнік.
В: 1) Вялікая (А,а)йчынная вайна, 2) Таварыства (Б,б)еларускай мовы, 3) Дзень (Д,д)руку, 4) пасёлак Новая (В,в)ёска, 5) (А,а)хілесава пята.
96. Прачытайце тэкст. Растлумачце правапіс вялікай літары.
ВАСІЛЬ УЛАДЗІМІРАВІЧ БЫКАЎ
(В,в)асіль (У,у)ладзіміравіч (Б,б)ыкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 года ў (В,в)ёсцы (Б,б)ычкі (У,у)шацкага (Р,р)аёна (В,в)іцебскай (В,в)обласці. Бацька яго ўдзельнічаў у (П,п)ершай (С,с)усветнай вайне, а затым у (Г,г)рамадзянскай. (В,в)асіль (Б,б)ыкаў, скончыўшы ў 1939 годзе восем класаў (К,к)убліцкай (С,с)ярэдняй (Ш,ш)колы, паступіў на (С,с)кульптурнае аддзяленне (В,в)іцебскага (М,м)астацкага (В,в)учылішча. Аднак восенню 1940 года ў сувязі з пагаршэннем матэрыяльнага становішча сям’і і адменай (Д,д)зяржаўных (С,с)тыпендый вымушаны быў пакінуць вучобу ў вучылішчы. Паступіў у (В,в)іцебскую школу ФЗН 5, дзе вучыўся да (М,м)ая 1941 года. У (Ч,ч)эрвені экстэрнам здаў экзамены за дзесяты клас (К,к)убліцкай (Ш,ш)колы.
У самым пачатку (В,в)ялікай (А,а)йчыннай (В,в)айны быў мабілізаваны на абарончыя работы. У зіму 1941–1942 года жыў на (С,с)танцыі (С,с)алтыкова ў (А,а)ткарску (С,с)аратаўскай (В,в)обласці, дзе вучыўся ў (Ч,ч)ыгуначнай (Ш,ш)коле. Улетку 1942 года быў прызваны ў (Ч,ч)ырвоную (А,а)рмію, скончыў (С,с)аратаўскае (П,п)яхотнае (В,в)учылішча і з 1943 года ваяваў на (Д,д)ругім і (Т,т)рэцім (У,у)краінскіх (Ф,ф)рантах.
Пасля дэмабілізацыі жыў у (Г,г)родне, працаваў мастаком у (Г,г)родненскіх (М,м)айстэрнях, у рэдакцыі (А,а)бласной газеты “(Г,г)родзенская (П,п)раўда”. У 1949–1955 гг. зноў служыў у (С,с)авецкай (А,а)рміі. Быў абраны (С,с)акратаром (Г,г)родзенскага (А,а)ддзялення (С,с)аюза (П,п)ісьменнікаў БССР (1972–1978).
З’яўляецца (Л,л)аўрэатам (Л,л)ітаратурнай (П,п)рэміі імя Я. Коласа, (Дз,дз)яржаўнай (П,п)рэміі СССР, (Л,л)енінскай прэміі. З 1980 года (Н,н)ародны (П,п)ісьменнік БССР. (Леанід Савік)