Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Belaruski_pravapis_2008.doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.03.2025
Размер:
658.43 Кб
Скачать

Традыцыйныя і дыферэнцыраваныя напісанні

Як мы высветлілі раней, асноўнымі прынцыпамі беларускага правапісу з’яўляюцца фанетычны і марфалагічны. Аднак напісанне асобных слоў нельга праверыць моцнай пазіцыяй невыразнага гука, як нельга вытлумачыць і фанетычнай зменай абазначанага літарай гука. У такім разе правапіс слова грунтуецца на этымалогіі і з’яўляецца традыцыйным. З асобнымі выпадкамі традыцыйных напісанняў вы пазнаёміліся ў папярэдніх раздзелах. Так, паводле традыцыі пішацца ненаціскное о ў словах тыпу Токіо, Антоніо; у запазычаных словах ў першым складзе перад націскам пішацца е: метро, бетон, Хеопс (таксама ў лічэбніках семнаццаць, васемнаццаць, дзевяты, дзесяты); не скарачаецца у ў пачатку ўласных назваў: на Ушаччыне, да Уладзівастока; ужываецца вялікая літара ва ўласных імёнах: Іван Луцэвіч, Уладзімір Караткевіч і інш.

Акрамя традыцыйных, беларускай арфаграфіі характэрныя дыферэнцыраваныя напісанні. З іх дапамогай адрозніваюць сугучныя словы ці формы слоў, якія супадаюць: пад Барысавам (горад) і Антонам Барысавым; сыходзіў (з трыбуны) і зыходзіў (з наступных меркаванняў); (браніраваны) танк і Максім Танк, наверх (паглядзець) і на верх (гары падняцца), вечназялёная (расліна) і вечна зялёная (афарбоўка верхняга адзення – пра асаблівасці чыйго-небудзь густу).

У наступных частках раздзела выкладзены асноўныя выпадкі ўжывання мяккага знака і апострафа, вялікай літары, а таксама выпадкі напісання слоў разам, праз злучок і асобна.

Правапіс мяккага знака і апострафа

Мяккі знак бывае змякчальны і раздзяляльны. Змякчальны мяккі знак ужываецца для абазначэння на пісьме мяккасці зычнага, а раздзяляльны мяккі знак, як і апостраф, паказвае на раздзельнае вымаўленне зычнага з наступным галосным.

Змякчальны мяккі знак абазначае на пісьме мяккасць зычных л’, н’, з’, с’, дз’, ц’:

а) на канцы слова: боль, гразь, вось, вучань, мядзведзь, госць;

б) у сярэдзіне слова перад цвёрдымі зычнымі, а таксама перад мяккімі зычнымі, якія пры змене формы слова чаргуюцца з цвёрдымі: у пісьме – пісьмо, на касьбе – касьба, дзьме – дзьмуць;

в) пасля мяккага [л’] перад любымі зычнымі (цвёрдымі альбо мяккімі, за выключэннем падоўжанага [л’]): пальцы, Волька, бульба, ралля, галлё, вяселле.

Мяккі знак пішацца ў некаторых граматычных формах:

а) перад канчаткам -мі ў назоўніках творнага склона множнага ліку: людзьмі, дзяцьмі, коньмі, саньмі, – а таксама перад суфіксам -чык, калі слова без гэтага суфікса заканчваецца на -нь: камень – каменьчык, агонь – агеньчык;

б) перад суфіксам -ск- у прыметніках, утвораных ад назваў месяцаў на -нь і ад слова восень, а таксама ў суфіксах -еньк-, -аньк-, -эньк-: студзеньскі, чэрвеньскі, восеньскі, прыгожанькі, малюсенькі;

в) у складаных лічэбніках: пяцьдзесят, шэсцьдзесят, пяцьсот, шэсцьсот, дзевяцьсот;

г) у дзеясловах загаднага ладу перад канчаткам 1-й асобы мн. ліку -ма, перад канчаткам 2-й асобы мн. ліку -це і перад постфіксам -ся: кіньма, кіньце, станьце, намылься, агледзься, звесься.

д) у прыслоўі ледзьве (як і ў слове ледзь);

е) у постфіксе -сьці: хтосьці, дзесьці.

Мяккі знак не пішацца:

а) пасля мяккіх зычных перад мяккімі, калі пры змяненні слова абодва зычныя становяцца цвёрдымі ці застаюцца мяккімі: збіраць – зборы, дзве – два, песня – песню;

б) паміж падвойнымі зычнымі: жыццё, насенне, галлё, разводдзе;

в) перад суфіксам -ск- у прыметніках, утвораных ад назоўнікаў на -нь, калі гэтыя назоўнікі не з’яўляюцца назвамі месяцаў: конскі, разанскі, любанскі краявід, цянь-шанскі пейзаж (параўн.: Чэрвеньскі раён);

г) пасля губных і зацвярдзелых зычных: мыш, печ, ноч, стэп, голуб, верф, восем.

Раздзяляльны мяккі знак пішацца пасля літар л, н, з, с, дз, ц перад е, ё, ю, я і націскным і:

а) у словах іншамоўнага паходжання: Лавуазье, мільён, мадзьяр, парцьера;

б) ва ўласных імёнах, утвораных ад імёнаў на -ій, перад суфіксальным -еў-(-ев-): Васільеў, Васільевіч, Васільеўскі востраў;

в) у словах Ілья, Касьян, Ульян, Юльян, Традзьякоўскі, Емяльян і вытворных ад іх, а таксама ў словах, утвораных ад слова ліць.

Апостраф пішацца перад е, ё, ю, я і націскным і:

а) пасля прыставак (у тым ліку іншамоўных), якія заканчваюцца на зычны, а таксама ў складаных словах пасля частак двух-, трох-, чатырох-, шмат-: пад’езд, уз’яднанне, аб’інець, раз’юшаны, аб’ект, ін’екцыя, ад’юнктура, двух’ярусны, шмат’ёмісты;

б) у сярэдзіне слова пасля зычных, акрамя з, л, н, с, дз, ц і ў: пад’ём, інтэрв’ю, куп’істы, сям’я, надвор’е (але: здароўе, салаўіны, абаўю і пад).

ЗАПОМНІЦЕ! Выконваючы папераджальную функцыю, раздзяляльны мяккі знак і апостраф дапамагаюць правільна прачытаць тое або іншае слова: калі паміж зычным і наступным галосным вымаўляецца [й], то паміж літарай, што абазначае зычны гук, і літарай галоснага гука (е, ё, ю, я, і) трэба пісаць апостраф або мяккі знак.

85. Выпішыце асобна словы з раздзяляльным мяккім знакам, асобна – са змякчальным, асобна – з апострафам. Растлумачце іх правапіс.

І. Нальём, мадзьяр, каньён, аб’інець, Ілья, Васільеў, лезь, Савельеў, ад’езд, аб’ём, ледзьве, трох’ярусны, восем, абаўю, любанскі, Лук’ян, браканьер, трох’ярусны, струменьчык, салаўі, лёгенькі, праходзьце, верф, вось, у барацьбе.

ІІ. Разьбяр, бацькі, праменьчык, святло, Х’юстан, конскі, пісьменнік, дзьме, сядзьце, відэльцы, звесься, Об’ю, голуб, счарсцвелы, галлё, просьба, дзядзька, раз’юшаны, гродзенскі, чэрвеньскі, вагончык, Ульянаў, нальеш, у пісьме, мільён.

86. Спішыце, устаўляючы, дзе трэба, літару ь або апостраф.

Цянь-цзін..скі, цянь-шан..скі, чань-чун..скі, чэрвен..скі, Чэрвен..скі раён, шмат..ярусны.

  • Складзіце сказы з прапанаванымі словамі, падкрэліце ў іх граматычную аснову.

87. Спішыце, устаўляючы прапушчаныя літары.

Кан_юнктура, алтар_, канферанс_е, надвор_е, восен_скі, суб_ект, грыл_яж, біл_ярд, ад_ютант, любан_скі, двух_ярусны, кон_скі, саслоў_е, раз_юшыцца, паштал_ён, пяц_сот, даражэн_кая, жнівен_скі, урал_скі, смаргон_скі, камен_чык, звер_, здороў_е, ін_фекцыя, павіл_ён, сем_дзесят.

  • Згрупуйце словы паводле пунктаў правіла, што рэгулююць іх напісанне.

88. Спішыце, раскрываючы дужкі. Растлумачце правапіс апострафа і мяккага знака.

1. Васіль аж дрыжаў: па-вар..яцку часта і шалёна закалацілася сэрца. (Дал.) 2. Гэй, наперад, покі сэрца б..ецца, рвецца на прастор. (Куп.) 3. Ой вы, хвалі рэчан..кі-красы, вашых песен.. л..юцца галасы. (Я.П.) 4. Губляе верасен.. залочанае пер..е і ў пераддзвер..е восені ідзе. (Звон.) 5. Галоўнае, з чаго складаецца сутнас..ц.. прыгожай, радаснай з..явы, імя якой Колас, – заўсёды і поўнас..цю з намі. (Б.) 6. Ты ажываў, п..ючы жывую сілу, – яго [бору] смалы гарачае настой. (Звон.) 7. Жылі ўжо Курані і ў гэту чэрвен..скую ран.. . (І.М.) 8. Вераб..і, убачыўшы хлапецкую галаву, якая раптам апынулася каля запаветнага месца, узнялі страшэнны гармідар. (Пасл.)

  • Выпішыце асобна словы з раздзяляльным і са змякчальным мяккім знакам.

  • У якіх з запісаных вамі слоў напісанне не супадае з вымаўленнем? Запішыце фанетычную транскрыпцыю гэтых слоў.

89. Прачытайце тэкст. Ці падзяляеце вы думку аўтара? Абгрунтуйце сваю пазіцыю.

Чаму мы гаворым беларускай мовай?

Бо яна наша родная, а кожны чалавек любіць сваю родную мову. У сваім доме мы, бывае, мала бачым сваю любоў да нашай мовы, затое, будучы на чужыне, як толькі пачуем нашу мову, дык вельмі цешымся. Бо чалавеку наймілей чуць і гаварыць сваёй роднай мовай.

Якая наша мова?

Наша мова адна з найчысьцейшых з славянскай сям’і мова. Яна пекная, мілагучная, вельмі сьпеўная і гібкая, праз што надаецца вельмі да паэзіі і сьпеваў дзеля таго, што мова нашая захавала даўнейшы славянскі характар, яна – як маці ў славянскай сям’і моў: да яе, як дзеці да маткі, падобны ўсе славянскія мовы: руская, сербская, чэская, украінская, польская і інш. Але пры гэтым яна зусім асобная, самабытная мова, як і кожная іншая. (Паводле Вацлава Ластоўскага)

  • Выпішыце з тэксту словы, напісанне якіх не адпавядае сучаснаму правапісу. Вызначце, як яны пішуцца сёння, назавіце правілы.

90. Выканайце тэставыя заданні.

Адзначце словы, у якіх пішацца мяккі знак:

  1. раз_юшаны, 2) міл_ён, 3) Лаўрэнц_евіч, 4) п_еса, 5) парц_еры.

Адзначце словы, у якіх пішацца апостраф:

  1. Заслаў_е, 2) між_ярусны, 3) Соф_я, 4) марсел_еза, 5) сен_ёр.

Адзначце словы, у якіх пішацца апостраф:

  1. Вікенц_евіч, 2) ад_ютант, 3) канферанс_е, 4) надвор_е, 5) малакроў_е.

Адзначце словы, у якіх пішацца апостраф:

  1. п_яўка, 2) рэл_еф, 3) В_етнам, 4) салаў_іны, 5) Кас_ян.

Адзначце словы, у якіх пішацца мяккі знак:

  1. кан_ён, 2) узмор_е, 3) ал_янс, 4) Васіл_еў, 5) ар_ергард.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]