Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
морозава экзамен.docx
Скачиваний:
3
Добавлен:
26.09.2019
Размер:
416.6 Кб
Скачать

Пытанне 6

Кірыла Тураўскі (каля 1113 – пасля 1190 г.) – манаскае або вялікасхімнае беларускага і ўсходнеславянскага царкоўнага дзеяча ХІІ ст., выдатнага пісьменніка, багаслова і прамоўцы, святога Беларускай праваслаўнай царквы. Прозвішча паходзіць ад назвы горада Турава – сталіцы Тураўскага княства (цяпер г.п. Тураў Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці), які з’яўляецца месцам нараджэння і з якім звязаны жыццёвы шлях Кірылы.

Найбольш поўную інфармацыю пра Кірылу Тураўскага дае яго «Жыціе» — кананічная царкоўная біяграфія, напісаная невядомым аўтарам у канцы ХІІ ст. Паходзіў Кірыла з заможнай сям’і. Атрымаў класічную для таго часу адукацыю (дзе – невядома): спасціг вышэйшыя навукі і мастацтвы ад грэчаскіх настаўнікаў. Каля 1123 г. пайшоў у Нікольскі манастыр, дзе пасля трохгадовага паслушніцтва прыняў манаскі пострыг. Каля 1143 г. стаў іераманахам, у 1444 – настаяцелем. У 1148 г. Кірыла зачыніўся ў манастырскай вежы, куды перанёс і сваю бібляітэку, каб поўнасцю аддацца роздуму, малітвам і літаратурнай творчасці, стаўшы, такім чынам, першым вядомым на Русі «стоўпнікам».

Пошукі Кірылам адзіноты мелі зусім адваротны вынік. Яго затворніцтва стала значнай падзеяй для ўсяго Турава і наваколля; вядомасць і аўтарытэт Кірылы нязмерна вырас. Адзін з адукаванейшых людзей свайго часу, ён глыбока ведаў візантыйскую культуру, творы айцоў царквы. Сваімі ведамі пераўзыходзіў сваіх сучаснікаў не толькі на Беларусі, але ва ўсім усходнеславянскім свеце. Высокая адукаванасць і маральнасць, выдатнае красамоўства, прынеслі Кірылу вялікую павагу як з боку князя, так і гараджан, якія каля 1159 г. абралі яго епіскапскую кафедру. У 1161 г. адбылася яго епіскапская хіратонія (пасвячэнне). У якасці тураўскага іерарха ён займаўся ўладкаваннем епархіі, прапаведніцкай, царкоўнай, і экзегетычнай, палітычнай і літаратурнай дзейнасцю, будаваў храмы. Думка і слова Кірылы ляцела ў іншыя гарады старажытнай Русі. У 1169 г. ён выступіў на Кіеўскім саборы з абвінаваўчай прамовай па справе растоўскага епіскапа Фёдара, які выкарыстаўшы славалюбівыя планы князя Андрэя Багалюбскага, пачаў раскол да гэтага часу адзінай праваслаўнай царквы на Русі – хацеў стварыць аўтакефалію ў княстве. Сваімі пасланнямі да Андрэя Багалюбскага асветнік імкнуўся па-хрысціянску паўплываць на князя цэнтральнай Русі, куды перамяшчаўся цэнтр будучай Расіі.

Стаўшы епіскапам, Кірыла праславіўся як прапаведнік, як майстар урачыстага царкоўнага красамоўства, які горача клапаціўся пра духоўную дасканаласць суайчыннікаў. Ён складае пропаведзі, малітвы і пахвалы святым, павучанні на тэмы Евангелля і пісанняў прарокаў, прытчы, каноны, створаныя на ўзор антычнай і візантыйскай аратарскай прозы. Кірыла Тураўскі развіваў багаслоўскую традыцыю ўсходніх айцоў хрысціянскай царквы. У апошніх творах Тураўскі ўскосна выкрыў недасканаласць дзяржаўнага ладу, зямной улады наогул, якая служыць грахоўнай прыродзе чалавека, а не яго духоўнаму ўдасканаленню, і раскрыў глыбокі сацыяльна-этычны сэнс манаскага жыцця— даць чалавеку і грамадству ўзоры быцця з Богам, у чысціні і ў адпаведнасці з боскай праўдай.

Дзякуючы свайму таленту і вялікай працаздольнасці, ён далучыўся да шэрагу такіх славутых пісьменнікаў як Іларыён, Іаан Златавуст, Грыгорый Назіанзін, Епіфаній Кіпрскі, Феафілакт Балгарскі, Сімеон Лагафет. Напісаныя вытанчанай царкоўнаславянскай мовай, багатыя паэтычнай фразеалогіяй, алегорыямі, сімваламі, рытарычнымі зваротамі, творы Кірылы Тураўскага ўвайшлі ў залаты фонд старажытнай усходнеславянскай літаратуры. Ёсць меркаванне, што Кірыла Тураўскі мог быць аўтарам паэмы "Слова аб палку Ігаравым", якая з’яўляецца шэдэўрам старажытнай усходнеславянскай літаратуры. Сваімі прапаведніцкімі здольнасцям заслужыў у сучаснікаў найменне другога Златавуста.

Каля 1184 (1182) г. Кірыла пакінуў свяціцельскую кафедру, а сам жыў у келлі пры царкве св. Міколы ў Тураве, працягваючы пісьменніцкую работу . Памёр асветнік у апошняе дзесяцігоддзе ХІІ ст. у чыне вялікай схімы ў Тураўскім Барысаглебскім манастыры.

Магчыма, ужо ў пачатку ХІІІ ст. Кірыла Тураўскі ўшаноўваўся як святы, хаця звестак пра яго афіцыйную кананізацыю не выяўлена. У самім Тураве яго, магчыма, лічылі святым адразу пасля смерці.

Надзвычайнае літаратурнае майстэрства Кірылы Тураўскага прынесла яму доўгую і трывалую славу ва ўсходне- і паўднёваславянскім свеце. На працягу многіх стагоддзяў яго творы карысталіся вялікай папулярнасцю на ўсходнеславянскіх землях, распаўсюджваліся ў спісах ХІІ – ХVII ст, у ХІХ–ХХ ст. друкаваліся на Беларусі, Украіне, Літве, Расіі. На сённяшні дзень вядома каля 70 твораў пісьменніка ХІІ ст. Гэта амаль неверагодная колькасць твораў славянскага аўтара ХІІ ст., якая захавалася праз 8 стагоддзяў. Творы К.Тураўскага перакладаліся з царкоўнаславянскай на рускую, польскую, англійскую мовы, а з нядаўняга часу сталі перакладацца і на беларускую мову і, такім чынам, вяртаюцца на Беларусь у адноўленым выглядзе

Апрача твораў, у якіх аўтарства Кірылы Тураўскага бясспрэчна ўстаноўлена, ёсць шмат іншых – “Кірылы мніха”, “Кірылы недастойнага”, “Кірылы грэшнага” і г.д. – аўтарства якіх сумніўнае. У многіх выпадках невядомы аўтар выкарыстоўваў славу Кірыла і падпісваў свой твор, звычайна слабейшы з мастацкага боку, ягоным імем.

Беларуская праваслаўная царква шануе Кірылу Тураўскага. У 1984 г. ён быў уключаны ў Сабор беларускіх святых. 28 сакавіка (па старому стылю) – Дзень яго памяці. У 1993 г. у Гомелі створана грамадскае, навукова-культурнае і асветніцкае Таврыства імя Кірылы Тураўскага. У гарадскім пасёлку Тураў пастаўлены помнік Кірыле Тураўскаму.

Імем Кірылы Тураўскага былі названы праваслаўныя беларускія прыходы ў Нью-Йорку і Таронта, школа-інтернат для беларускіх дзяцей у Лондане. Беларускія эмігранты Я.Германовіч, А.Надсан займаліся даследаваннем творчасці К.Тураўскага. беларускай царкоўнай музыкі Гай Пікарда (Лондан) падабраў музыку для некаторых малітваў К.Тураўскага, перакладзеных на беларускую мову.

С. В. Марозава

Пытанне 7

Наваградак – царкоўная сталіца Вялікага княства Літоўскага

(ХІV – XV ст.)

С. В. Марозава

У палітычным жыцці Вялікага княства Літоўскага і Усходняй Еўропы ХІІІ ст. і іх царкоўна-рэлігійным жыцці ХІV–ХV ст. Наваградку належала вялікая, а нярэдка і вызначальная роля. Валянцін Пікуль, рускі гісторык і раманіст, пісаў пра сярэднявечную Беларусь: “Калі б беларусы змаглі прыўзняць гістарычную заслону мінулага, то … свае гістарычныя цэнтры Полацк і Наваградак яны паставілі б паводле гістарычнага рэйтынгу і ўплыву ў Еўропе на першае месца ў ХІ – ХІІ – ХV стагоддзях” [1, с. 7].

У сярэдзіне XIII ст. цэнтр палітычнага жыцця Беларусі перамяшчаецца з Полацка ў Наваградак і тут робіць свае першыя крокі дзяржава, якая ў крыніцах спачатку фігуруе пад назвай “Княства Літоўскае і Наваградскае” або нават “Вялікае княства Наваградскае”. Вялікую ролю ў яе станаўленні і лёсе адыгрываў царкоўна-рэлігійны фактар.

Гораду належыць прыярытэт у распаўсюджванні на беларускіх землях каталіцызму. Гісторыкі схільны бачыць у Наваградку месца хрышчэння ў 1251 г. Міндоўга. Пры ім горад стаў цэнтрам першага ў ВКЛ каталіцкага біскупства. Першым біскупам у Наваградку стаў прэсвітэр Лівонскага ордэна Хрысціян. Праўда, у 1260 г. Міндоўг выгнаў яго, а сам вярнуўся ў язычніцтва [2, с. 21].

Традыцыйна лічыцца, што ў першай сталіцы Вялікага княства Літоўскага ў 1252 (1253) г. адбылася і каранацыя Міндоўга. Прыняцце ім каралеўскага тытула разам з хрышчэннем азначалі ўзмацненне заходнееўрапейскай арыентацыі новай дзяржавы [3, с. 158–159].

Сын Міндоўга Войшалк у 1262 г. заснаваў пад Наваградкам праваслаўны Лаўрышаўскі манастыр і ў ім прыняў манаства пад імем Лаўрэнцій [4, с. 25, 81]. Самы ранні манастыр Гродзеншчыны са згаданых крыніцамі, знакаміты сваім Лаўрышаўскім евангеллем, ён меўся стаць аплотам праваслаўнай хрысціянізацыі Літвы, каб не гвалтоўная смерць Войшалка [2, с. 18; 5, с. 80].

У імкліва разрастаючымся з пачатку ХIV ст. Вялікім княстве Літоўскім Наваградак і надалей адыгрываў важную палітычную) і рэлігійную ролю. Нават пасля заснавання Гедымінам Вільні і пераносам туды сталіцы княства Наваградак яшчэ значны час захоўваў статус аднаго з галоўных грамадска-палітычных і культурных цэнтраў дзяржавы [6, с.69].

Горад меў Барысаглебскую царкву (заснавана ў ХІІ ст.), Успенскую (Замкавую) царкву (заснавана ў ХIV ст.). На 1323 г. у ВКЛ існавалі толькі тры каталіцкія храмы – з іх два ў Вільні і адзін у Наваградку. Па некаторым звесткам, першы (Францысканскі) касцёл у Наваградку з’явіўся яшчэ пры Віцені [7, с. 71, 83]. Такім чынам, тут была закладзена першая ў межах сучаснай Беларусі каталіцкая парафія. У 1395 г. Вітаўт заснаваў у Наваградку Фарны касцёл. У 1568 г. у горадзе было 10 храмаў [8, с. 358].

Са стварэннем у 1316 (называюцца таксама 1317, 1291) г. Літоўскай мітраполіі Наваградак на два стагоддзі становіцца царкоўна-рэлігійнай Вялікага княства Літоўскага і ператвараецца ў буйны ўсходнееўрапейскі цэнтр праваслаўя.

Рост у ХIV–XV ст. у геаграфічнай і палітычнай прасторы Еўропы ВКЛ, якое ўвабрала ў сябе вялікія абшары беларускіх і ўкраінскіх зямель з хрысціянізаваным насельніцтвам і царкоўна-іерерахічныя структуры значнай часткі Кіеўскай мітраполіі, паставіла пытанне аб стварэнні ў дзяржаве сваёй мітраполіі. Тым больш, што пасля перанос пасля спусташэння Кіева татарамі мітрапалічай кафедры і рэзідэнцыі спачатку ва Уладзімір-на-Клязьме, а потым у Маскву выклікала незадавальненне ў ВКЛ.

Ідэя заснавання Літоўскай мітраполіі, хутчэй за ўсё, была ініцыяваная вярхоўнай уладай княства. Ужо Віцень хадайнічаў аб гэтым перад Канстанцінопальскім патрыярхатам, але ажыццявіў ідэю Гедымін, які знайшоў разуменне патрыярха Іаана Глікіса [4, с. 86].

Цэнтрам новай мітраполіі быў абраны Наваградак, які Канстанцінопалем разглядаўся як апора праваслаўнага місіянерства ў язычніцкім асяроддзі. Першым літоўска-наваградскім мітрапалітам з’яўляўся грэк Феафіл. У 1317, 1327 і 1329 г. ён удзельнічаў у пасяджэннях патрыяршага Сінода ў Канстанцінопалі [9, с. 78]. Кафедральным саборам у Наваградку служыла Барысаглебская царква, мітрапалічай рэзідэнцыяй – манастыр пры ёй. Сродкі давалі вялікія зямельныя ўгоддзі, якімі была надзелена кафедра, і ўклады багатых дабрадзеяў.

Мітрапаліты, хоць па-ранейшаму называліся кіеўскімі і лічылі Кіеў сваёй сталіцай, але там былі рэдка, некаторыя туды і наогул не ездзілі. Тытул “кіеўскі” меў для іх намінальнае значэнне. Паводле хрысціянскай традыцыі, яны атрымлівалі свой царкоўны тытул ад горада, у якім была заснавана іх кафедра і які з’яўляўся іх рэзідэнцыяй. Кіраўнік мітраполіі называўся мітрапалітам наваградскім, а ў спалучэнні з дзяржаўным тытулам – літоўска-наваградскім [4, с. 110; 9, с. 78].

Спачатку Наваградская мітраполія аб’ядноўвала толькі Полацкую і Тураўскую епархіі. Пазней, калі ВКЛ адсунула свае межы далей на ўсход, да іх далучыліся Смаленская і Чарнігаўская епархіі. Акрамя таго, мітрапаліты мелі сваю, мітрапалічую епархію. У яе склад ўваходзілі заходняя частка Беларусі, Віленшчына, пазней і Кіеў, а таксама цэрквы ў Галіцыі, Валыні, Падоллі, калі там не было свайго епіскапа. Гэтай епархіяй мітрапаліт кіраваў сам або праз свайго намесніка.

Літоўска-Наваградская мітраполія – буйны ўсходнееўрапейскі цэнтр праваслаўя. Яе стварэнне садзейнічала больш цеснаму ўключэнню ВКЛ у кола краін, зарыентаваных на грэка-візантыйскую хрысціянскую культуру і тып ментальнасці.

Свой высокі статус цэнтра мітраполіі Наваградак захоўваў і ў далейшым, нават пасля пераносу сталіцы дзяржавы ў Вільню. Больш таго ён прэтэндуе на кананічную ўладу над ўсёй Кіеўскай мітраполіяй ( “усёй Руссю”) і ўступае ў барацьбу з Масквой за лідэрства ў царкоўнай сферы. Гэта барацьба працягвалася амаль тры стагоддзі.

У сувязі з канкурэнцыяй Вільні і Масквы за царкоўныя ўплывы ва Ўсходняй Еўропе пасля смерці ў 1330 г. літоўска-наваградскага мітрапаліта Феафіла канстанцінопальскі патрыярх не прызначыў новага мітрапаліта для Літоўскай Русі. Ён прыслухаўся да просьбы мітрапаліта кіеўскага і ўсяе Русі Феагноста, які імкнуўся падпарадкаваць Літоўска-Наваградскую мітраполію сабе. Іншыя настроі запанавалі тады і ў Канстанцінопалі: не дзяліць праваслаўны ўсходнеславянскі свет, а аб’ядноўваць яго. Феагност прыязджаў тады з Масквы ў Наваградак і ўзяў маёмасць архіерэйскага дома пад свой кантроль [9, с. 79].

Новую вастрыню пытанне аб самастойнасці праваслаўнай царквы ВКЛ і наяўнасці Літоўска-Наваградскай мітраполіі набыло ў 50–60-я г. ХIV ст. у сувязі з намаганнямі вялікага літоўскага князя Альгерда аб’яднаць пад уладай Вільні ўсе ўсходнеславянскія землі былой Кіеўскай Русі і завяршыць гэты працэс у Маскве.

Палітычныя інтарэсы Вялікага княства Літоўскага і Вялікага княства Маскоўскага сутыкнуліся ў царкоўнай сферы ў 1353 г., пасля смерці мітрапаліта ўсяе Русі Феагноста. У 1354 г. Альгерд дамогся ад Канстанцінопаля прызначэння мітрапалітам Літоўскай і Малой Русі з рэзідэнцыяй у Наваградку свайго стаўленіка Рамана. У склад мітраполіі ўвайшлі Полацкая, Тураўская, а потым і Галіцкая, Уладзіміра-Валынская, Луцкая, Холмская і Пярэмышльская епархіі. Тым самым ствараліся ўмовы для нейтралізацыі ў гэтым рэгіёне царкоўна-палітычнага ўплыву Масквы і ўзмацнення тут пазіцый Альгерда [10, с. 97]. Патрыярх зацвердзіў на Раманам усе епархіі ВКЛ, за выключэннем Кіева, тытул якога насіў мітрапаліт у Маскве.

У той жа час патрыярх прызначыў кандыдата Масквы Алексія мітрапалітам у кіеўскім і ўсяе Русі. Паўнамоцтвы паміж мітрапалітамі не былі размежаваны, і абедзве мітраполіі прэтэндавалі на права агульнарускага праваслаўнага цэнтра. Кіеў стаў аб’ектам спрэчкі двух мітрапалітаў: літоўскага Рамана і кіеўскага (фактычна маскоўскага) Алексія. Раман прадпрыняў захады, каб перанесці сваю кафедру ў Кіеў, які фармальна ўваходзіў у сферу дзейнасці Алексія, але знаходзіўся на тэрыторыі ВКЛ [11, с. 276]. Паводле слоў летапісца, гэта спрэчка выклікала “мяцеж во святительстве” – духавенства не ведала, якому мітрапаліту падпарадкоўвацца: таму, што жыве ў Маскве, або таму, што знаходзіцца ў Наваградку [4, с. 94].

Алексій паскардзіўся на свайго наваградскага калегу ў Канстанцінопаль. Той выклікаў абодвух мітрапалітаў на патрыяршы суд. Канстанцінопальскі сабор 1356 г. усталяваў тэрыторыю Літоўска-Наваградскай мітраполіі ў межах Наваградскай мітрапаліцкай, Полацкай, Тураўскай, Уладзіміра-Валынскай, Луцкай, Холмскай, Галіцкай і Пярэмышльскай епархій. Пасля да іх была далучана і Бранска-Чарнігаўская епархія. Але Раман не адмовіўся ад намеру пашырыць сваю ўладу і на Кіеў. У патрыярхаце гэта расцанілі як перавышэнне ім сваіх паўнамоцтваў. Патрыярх накіраваў у ВКЛ сваіх паслоў для расследавання гэтай справы, якая была спынена толькі са смерцю Рамана ў 1362 г. [11, с. 276].

Зацяжная спрэчка двух мітрапалітаў выклікала непрыемнае ўражанне ў Канстанцінопалі. Каб не ствараць такога прэцэдэнту ў далейшым, пасля смерці літоўска-наваградскага мітрапаліта Рамана патрыярх адмовіўся ад прызначэння для ВКЛ асобнага мітрапаліта, і праваслаўная царква Літоўскай Русі больш за 10 гадоў падпарадкавалася маскоўскаму мітрапаліту, чым было адноўлена адзінства мітраполіі ўсяе Русі, Літоўскай і Маскоўскай. Але Альгерд не змірыўся з гэтым.

Каля 1373 г. канстанцінопальскі патрыярх паслаў ў ВКЛ і Цвер іераманаха Кіпрыяна для прымірэння з мітрапалітам Алексіем літоўскага і цвярскога князёў. Ідучы насустрач Альгерду, які з прычыны варожых адносін з Масквой дамагаўся для ВКЛ асобнага мітрапаліта, і не жадаючы канчатковага падзелу Кіеўскай мітраполіі, патрыярх прыняў кампраміснае рашэнне. У 1375 г. ён пасвяціў Кіпрыяна, якому Альгерд прапанаваў заняць прастол літоўска-наваградскага мітрапаліта, у мітрапаліта “кіеўскага, рускага і літоўскага” з разлікам, каб ён пасля смерці Алексія аб’яднаў абедзве часткі мітраполіі, стаўшы мітрапалітам “кіеўскім і ўсяе Русі” [11, с. 158].

У 1376 г. Кіпрыян, ужо у новым сане, прыехаў з Канстанцінопаля на Русь. Па прыбыцці ў Наваградак ён абвясціў усім рускім епіскапам аб сваім пастаўленні ў сан мітрапаліта “ўсяе Русі”. Вялікі маскоўскі князь Дзмітрый Іванавіч (Данскі) разам з мітрапалітам Алексіем выказалі ў Канстанцінопаль свой пратэст супраць Кіпрыяна [4, с. 98].

Кіпрыян жыў у ВКЛ, у Вільні, Наваградку, Кіеве. Пасля смерці ў 1378 г. Алексія ён двойчы ездзіў у Маскву, каб узначаліць нанова аб’яднаную мітраполію. Але быў пасаджаны маскоўскім князем Дзмітрыем у цямніцу і двойчы выгнаны з княства як некананічна пастаўлены на мітраполію яшчэ пры жыцці Алексія. У 1389 г. Кіпрыян рашэннем канстанцінопальскага патрыярха быў абвешчаны мітрапалітам “кіеўскім і ўсяе Русі”, а ў 1390 г. быў прызнаны і новым вялікім князем маскоўскім Васілём Дзмітрыевічам [11, с. 158–159]. Прызнаны дзяржаўнай уладай Вялікага княства Літоўскага і Вялікага княства Маскоўскага, ён паспяхова ажыццяўляў духоўную ўладу на абшарах усяе Русі: Літоўскай і Маскоўскай. Хоць пасля таго Кіпрыян жыў пераважна ў Маскве, але часта наведваў ВКЛ, у тым ліку быў у Наваградку [6, с. 72].

Пасля смерці ў 1406 г. мітрапаліта Кіпрыяна Вітаўт, зыходзячы з дзяржаўных інтарэсаў ВКЛ, не жадаў падпарадкавання праваслаўнай царквы княства мітрапаліту Фоцію, які жыў у Маскве і праводзіў прамаскоўскую палітыку (хоць спачатку і прызнаў яго як мітрапаліта кіеўскага і ўсяе Русі). Вітаўт, выдатна разумеючы палітычнае значэнне царквы, у тым ліку праваслаўнай іерархіі, пачаў дамагацца ад Канстанцінопальскага патрыярхата прызначэння асобнага мітрапаліта для ВКЛ. Пасля доўгіх і беспаспяховых перагавораў з патрыярхам у Наваградку быў створаны прэцэдэнт, які потым увайшоў у жыццё, у тым ліку быў пераняты Масквой, – выбар мітрапаліта на саборы, незалежна ад Канстанцінопаля [12, с. 387].

У 1414–1415 г. да Наваградка была прыкавана ўвага духавенства, свецкіх улад і шырокай грамадскасці, бадай, усёй Усходняй Еўропы і Канстанцінопаля. Тут вырашаўся лёс агульнарускай праваслаўнай мітраполіі. Тройчы ў замкавай царкве св.Багародзіцы збіраўся высокі сабор беларуска-ўкраінскага епіскапату, каб вырашыць пытанне надзвычайнай складанасці і важнасці: мець або не мець праваслаўнай царкве Вялікага княства Літоўскага свайго асобнага, незалежнага ад Масквы мітрапаліта? [6, с. 72].

Найважнейшым для арганізацыі праваслаўнай царквы ВКЛ быў сабор, якія адбыўся 15 лістапада 1415 г. Тады ў Наваградку сабраліся епіскапы ўладзімірскі, луцкі, пярэмышльскі, полацкі, тураўскі, холмскі і чарнігаўскі, свецкія магнаты Яны вылілі свае скаргі на Канстанцінопаль, пералічылі злоўжыванні ў візантыйскай царкве ў ХIV ст., у тым ліку парушэнні пры назначэнні кіеўскіх мітрапалітаў [13]. На тым прадстаўнічым з’ездзе прысутнічаў і сам Вітаўт.

Улічваючы вышэйшыя дзяржаўныя інтарэсы Княства і цвёрдую волю вялікага князя, насуперак рэзка адмоўнай пазіцыі канстанцінопальскага патрыярха і маскоўскага мітрапаліта, сабор у Наваградку пайшоў на парушэнне кананічнай традыцыі і абраў без дазволу Канстанцінопаля асобнага мітрапаліта для ВКЛ. Ім стаў высокаадукаваны багаслоў і добры дыпламат Рыгор Цамблак, балгарын па паходжанні. Такім чынам, наваградскі сабор 1415 г. абвясціў незалежнасць праваслаўнай царквы ВКЛ ад мітраполіі ўсяе Русі і ад Канстанцінопальскага патрыярхата і аднавіў незалежную ад Масквы Літоўска-На¬ваградскую мітраполію. Гэта была другая ў межах усходнеславянскай праваслаўнай царквы, асобная мітраполія [12, с. 387]. Як запісана ў Густынскім летапісе, “з таго часу пачалі быць два мітрапаліты, адзін у Кіеве, а другі ў Маскве” [14, с. 145].

Пасвячэнне Цамблака на мітрапаліта без дазволу канстанцінопальскага патрыярха было смелым актам. З дзяржаўнага пункту погляду, як сцвярджае А.Мартас, гэты акт быў неабходны, але кананічна не можа быць апраўданы [4, с. 104]. Гэты акт выклікаў шалёны адпор маскоўскага мітрапаліта і канстанцінопальскага патрыярха. Першы напісаў тры пасланні, у якім пракляў як сабор 1415 г., ахрышчаны ім “неправедным сборищем”, так і новаабранага мітрапаліта. Епіскапаў ВКЛ ён называў “помраченниками, а не просветителями”, «волками, а не пастырями” і пад пагрозай пракляцця забараніў уступаць у якіясьці кантакты з адступнікамі [15, с. 214–215], якія ўчынілі падзел у Царкве. Але гэтыя пасланні не мелі вялікага значэння ў ВКЛ. У сваю чаргу, канстанцінопальскі патрыярх не прызнаў рашэнне наваградскага сабора і не зацвердзіў кандыдатуру Цамблака, бо не хацеў “терпети еже на церковь Божию насилие царево” [9, с. 80], адлучыў Г.Цамблака ад царквы. Рускія гісторыкі ХІХ – пачатку ХХ ст. таксама лічылі Цамблака царкоўным мяцежнікам [4, с. 106].

Канфлікт вырашыла смерць мітрапаліта, якую датуюць 1419 г. Смерць Цамблака азначала канец Літоўскай мітраполіі [15, с. 214–215].

Мітрапаліцкая кафедра Р.Цамблака знаходзілася ў Кіеве, але пасля 1416 г., калі Кіеў быў разбураны ханам Эдыгеем, ён перанёс яе ў Вільню, а сваёй рэзідэнцыяй зрабіў Наваградак [16, с. 82]. Наданне ў 1415 г. Наваградку статуса рэзідэнцыі аўтакефальнай праваслаўнай мітраполіі ВКЛ зноў-такі сведчыла пра вельмі высокае значэнне гэтага горада ў познім сярэднявеччы.

Цамблак карыстаўся даверам Вітаўта, нават неаднойчы спрабаваў ўгаварыць князя перайсці ў праваслаўе. Новая мітраполія адразу праявіла цікавасць да заключэння ўсяленскай уніі. Не здраджваючы праваслаўю, Р.Цамблак быў адным з першых праваслаўных мітрапалітаў, які намагаўся ўсталяваць кантакт з кіраўніцтвам каталіцкай царквы. Па загаду Вітаўта Р.Цамблак ў 1418 г. узначаліў вялікую дэлегацыю, ускладзе якой былі і святары з Наваградка, на Канстанцкі сабор – даволі прадстаўнічы царкоўны форум, у якім прымалі ўдзел прадстаўнікі розных канфесій. Сярод шматлікіх праблем на саборы абмяркоўваліся ўзаемаадносіны паміж ВКЛ і Тэўтонскім ордэнам [17; 18]. Кіраўнікі ўсходняй і заходняй царквы выпрацоўвалі на саборы ўмовы паяднання.

На Кастанцкім саборы 1418 г. Цамблак выступіў з праектам Вітаўта аб заключэнні царкоўнай уніі, які шляхам уніі жадаў устараніць антаганізм паміж праваслаўным і каталіцкім насельніцтвам княства, і пры гэтым рабіў націск на паразуменне ў гэтым пытанні з візантыйскім імператарам і канстанцінопальскім патрыярхам. Гэта быў першы крок з таго часу ужо непрарыўных – аж да Фларэнційскай уніі 1439 г. – перамоў аб уніі.

Такім чынам, з пачатку ХV ст. Наваградак становіцца генератарам і носьбітам моцных уніяцкіх тэндэнцый і можа лічыцца радзімай уніяцкай ідэі ў ВКЛ.

Але пасля паездкі на Канстанцкі сабор Цамблак сышоў з гістарычнай арэны, а Вітаут прызнаў главенства над праваслаўнай царквой княства маскоўскага мітрапаліта Фоція, які ўжо ў 1421 г. бесперашкодна раз’язджаў па гарадах ВКЛ. Тады ж ён наведаў Наваградак [9, с. 80]. “В лето 6928, – паведамляецца ў Беларуска-літоўскім летапісе 1446 г., – поеха митрополит Фотей в Литву месяца июня 1, а с ним владыка Амбросей. И наехал великого князя Витовта в Новегородце” [6, с. 72].

У лютым 1422 г. Наваградак стаў сведкам яшчэ адной высокай урачыстасці. У новым касцёле, узведзеным ля Замкавай гары ў пачатку ХV ст., адбыўся шлюб стагоддзя. У шлюбны саюз у чацвёрты раз уступаў кароль Польшчы Уладзіслаў Ягайла. Ён браў у жонкі беларускую князёўну Софью Гальшанскую. Урачыстасцямі кіраваў віленскі біскуп Мацей. Паколькі ад ранейшых трох жонак кароль не меў нашчадкаў па мужчынскай лініі, то гэты шлюб выратаваў дынастыю Ягелонаў – ад яго нарадзіліся 2 сыны: Уладзіслаў і Казімір [6, с. 72].

У сярэдзіне-другой палове ХV ст. у Наваградку па-ранейшаму адбываліся значныя царкоўна-рэлігійныя падзеі ўсходнееўрапейскага маштаба, праходзіла дзейнасць цэлага шэрагу літоўска-наваградскіх мітрапалітаў. У 1441 г. “поехал в Литву к Казимеру в Новый Городок (Наваградак – С.М.) и пробыв тамо поиде к Риму” падпісант Фларэнційскай уніі мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі Ісідар. Урачыста выпраўлены ў 1438 г. з Масквы на Ферара-Фларэнційскі сабор, ён па вяртанні быў арыштаваны за тое, што не такую унію заключыў, “еретическую”. З заключэння яму ўдалося ўцячы – ў Цвер, потым у ВКЛ, у Наваградак. Далейшы шлях апальнага мітрапаліта ляжаў у Рым [4, с. 112].

Мітрапаліт маскоўскі і ўсяе Русі Іона, пры якім у 1448 г. Руская праваслаўная царква стала аўтакефальнай, незалежнай ад Канстанцінопаля (мітраполія ў Маскве з 1459 г. стала афіцыйна называцца Маскоўскай), паспяшаўся пасля свайго абрання ў Літоўска-Наваградскую мітраполію, якая не мела свайго мітрапаліта, каб аб’яднаць усе епархіі ВКЛ пад сваім кіраўніцтвам. Тады ён наведаў Кіеў, Галіч, Львоў, Вільню і Наваградак [4, с. 113] і змог замацаваць у гэтых абласцях сваю ўладу.

Але ў 1458 г. у Вільню і Наваградак прыбыў вучань і паплечнік мітрапаліта Ісідора, прыхільнік Фларэнційскай уніі Рыгор Балгарын – першы, пасля Герасіма, мітрапаліт у ВКЛ, незалежны ад Масквы [4, с. 118]. . Ён прывёз вялікаму літоўскаму князю Казіміру ліст ад папы рымскага, у якім гаварылася, што ўсе рускія ў яго каралеўстве адбіраюцца ад “злочестивого монаха Ионы” і перадаюцца уніяту Рыгору. Тытул Рыгора “архіепіскап кіеўскі, літоўскі і Ніжняй (Малой) Русі” сведчыў аб яго прэтэнзіях на кананічную ўладу над усёй тэрыторыяй былой Кіеўскай Русі і выклікаў зразумелы пратэст з маскоўскага боку. Прыбыццё Рыгора Балгарына ў ВКЛ унесла новы парадак у царкоўнае жыццё. З гэтага часу пачаўся новы перыяд незалежнага ад Масквы існавання Літоўска-Наваградскай мітраполіі.

13 верасня 1459 г. Іона склікаў у Маскве сабор епіскапаў, на якім была складзена саборная пастанова супраць Рыгора. Для Масквы Рыгор, як і яго папярэднік Ісідор, быў сімвалам грэчаскай інтрыгі, якая ў Фларэнцыі праявіла сваё радство з лацінскай ерассю. Адбыўся канчатковы падзел Рускай праваслаўнай царквы на 2 мітраполіі: Маскоўскую і Кіеўскую, або Літоўска-Наваградску. Рыгор Балгарын меў рэзідэнцыю ў Наваградку, тут памёр у 1482 ці 1483 г. быў пахаваны ў Наваградку [4, с. 115; 11, с. 84–85].

Пасля смерці Грыгорыя Балгарына мітрапалітам кіеўскім і ўсяе Русі з рэзідэнцыяй у Наваградку ў 1475 г. быў абраны смаленскі епіскап Місаіл, які падтрымаў ідэю царкоўнай уніі. Але ён не быў зацверджаны Канстанцінопалем [11, с. 212]. Абранне Місаіла хутчэй за ўсё адбылося на саборы епіскапаў, архімандрытаў, князёў, баяр і шляхты ВКЛ у Наваградку. Міхаіл у 1476 г. арганізаваў зварот вышэйшага праваслаўнага духавенства і свецкіх асоб да папы рымскага Сікста V, у якім выказваў гатоўнасць прыняць унію, скардзіўся на ўціск з боку рымска-каталіцкага духавенства і прасіў ураўняць яго ў правах з лацінскімі біскупамі. Польскія гісторыкі сцвярджаюць, што ліст з прапановай заключэння царкоўнай уніі з Рымам быў накіраваны папе рымскаму ад імя епіскапата і шляхты наваградскім саборам. Ліст яму перадалі праз удзельнічаўшага ў саборы папскага легата Антоніа Банумбрэ [12, c. 391]. Адказу на гэта пасланне папа рымскі не даў – падобна, ліст з Наваградка да адрасата не дайшоў. Місаіл жыў у мітрапаліцкім доме, дзе знаходзілася яго кафедра. У Наваградку ён і памёр у 1480 г.[4, с. 119].

У 1481 г. у Наваградак з Канстанцінопаля спецыяльна прыбылі два экзархі патрыярха: мітрапаліт енейскі Ніфант і епіскап іпанейскі Феадарыт, каб пасвяціць новага мітрапаліта кіеўскага для ВКЛ з кафедрай у Наваградку. Яны прывезлі патрыяршае пасланне і разам з мясцовым епіскапатам учынілі тут інтранізацыю новага літоўска-наваградскага мітрапаліта. Ім стаў полацкі архіепіскап Сімяон (1481–1488 г.) [11, с. 300].

У 1498–1501 г. на мітрапаліцкай кафедры ў Наваградку сядзеў Іосіф І Балгарыновіч – прыхільнік далучэння праваслаўнай царквы ВКЛ да Фларэнційскай уніі. У перапісцы з рымскім папам Аляксандрам VI мітрапаліт абгаворваў умовы гэтага акта, аднак у хуткім часе захварэў і памёр [11, с.130].

У другой палове ХV ст. Кіеў, які стаў цалкам безабаронным перад набегамі крымскіх татар, ужо толькі тэарэтычна лічыўся сталіцай мітраполіі. Некаторыя з мітрапалітаў часова або пастаянна перасяляліся на беларускія землі, у Наваградак. У ХVI ст. ужо ніхто з мітрапалітаў не жыў у Кіеве [19, с. 89], але – ў паўночнай частцы сваёй мітраполіі – ў Наваградку або Вільні. У гэтых цэнтрах канцэнтравалася палітычнае, культурнае, рэлігійнае жыццё ВКЛ. З пачатку ХVI ст. царкоўныя саборы праводзяцца ўжо і ў Вільні. Мітрапаліт Іосіф ІІ Солтан (1507 – 1521 або 1522 г.) меў рэзідэнцыю ў Вільні і там склікаў у 1509 г. сабор [11, с.130].

З пачатку ХVI ст. роля царкоўна-рэлігійнай сталіцы ВКЛ паступова пераходзіць да Вільні, але Наваградак працягваў захоўваць становішча другой пасля Вільні кафедры і рэзідэнцыі мітрапалітаў. Яго гістарычны рэйтынг і ўплыў у царкоўна-рэлігійным жыцці Еўропы яшчэ далёкі ад навуковага асэнсавання намі.

___________________

1. Беларуская літаратура: Падручнік для 10 кл. / В.Я.Ляшук, А.А.Майсейчык, К.М.Мароз і інш. Пад рэд. В.Я.Ляшук. – Мн.: Рэдакцыя часопіса “Крыніца”, 1997. – 608 с.

2. Царкоўнае жыццё // Гайба М.П. Навагрудак: Гістарычны нарыс. – Навагрудак, 1992. – С. 17–22.

3. Краўцэвіч А.К. Стварэнне Вялікага княства Літоўскага. – Рэшаў, 2000. – 238 с.

4. Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. – Мн.: Белорусский экзархат Русской Православной Церкви, 1990. – 299 с.

5. Ермаловіч М. Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае. – Мн.: “Белілтфонд”, 2000. – 448 с.

6. Чамярыцкі В. Ад сталіцы княства да цэнтра ваяводства // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Навагрудскага раёна. – Мн.: Беларусь, 1996. – С. 68–77.

7. Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца ХVIII стагоддзя. – Мн.: “Энцыклапедыкс”, 2001. – 412 с.

8. Гайба М. Новагародак // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. Т. 2. – Мн.: БелЭн, 2006. – С. 357–359.

9. Жарскі М. Наваградак – сталіца мітраполіі Вялікага княства Літоўскага // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Навагрудскага раёна. – Мн.: Беларусь, 1996. – С. 78–80.

10. Думин С.В. Другая Русь (Великое княжество Литовское и Русское) // История Отечества: люди, идеи, решения: Очерки истории России ІХ – начала ХХ в. / Сост. С.В.Мироненко. – М.: Политиздат, 1991. – С. 76–126.

11. Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Рэдкал.: Г.П.Пашкоў і інш. – Мн.: БелЭн, 2001. – 368 с.

12. Historia kosciola w Polsce. – T. 1. cz. 1/ Red. B.Kumor, Z.Obertynski. - Poznan-Warszawa, 1974. – 464 s.

13. Саборная грамата беларуска-ўкраінскіх епіскапаў пра абранне мітрапалітам Грыгора Цамблака 15 лістапада 1415 г. // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Навагрудскага раёна. – Мн.: Беларусь, 1996. – С. 83–84.

14. З Густынскага летапісу пра абранне мітрапаліта Грыгора Цамблака // Сведкі сівой мінуўшчыны: Зборнік дакументаў і матэрыялаў па гісторыі Беларусі VI–XV стст. / Пад рэд. Г.В.Штыхава. – Мн., 1996. - С. 144–145.

15. Украіна крізь віки: Т.6: Русина О.В. Украіна під татарамі і Литвою. – Киів, 1998.

16. Чамярыцкі В. Грыгор Цамблак // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Навагрудскага раёна. – Мн.: Беларусь, 1996. – С. 81–83.

17. Казакова Т. Уніяцкая ідэя ў Вялікім княстве Літоўскім напачатку XV ст . // З гісторыі уніяцтва ў Беларусі (да 400-годдзя Брэсцкай уніі) / С.Марозава, Т.Казакова, Ю.Бохан і інш.. – Мн.: НКФ “Экаперспектыва”, 1996. – С. 17–22.

18. Казакова Т.П. Царкоўна-палітычная пазіцыя Р.Цамблака // Брэсцкай царкоўнай уніі – 400: Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі. Брэст, 8–9 кастрычніка 1996 г. – Брэст: Брэсцкі дзяржаўны універсітэт, 1997. – С. 16–19.

19. Гудзяк Б. Криза і реформа: Киівська митрополія, Царгородский патріархат і генеза Берестейськоі уніі: Пер. з англ. – Львів: Інститут Історіі Церкви Львівськоі Богословськоі Академіі, 2000. – 16, 426 с.