
- •Лекцыя 1. Уводзіны ў дысцыпліну “Гісторыя Беларусі”.
- •Лекцыя 3. Беларускія землі ў складзе Вялікага княства Літоўскага (хііі- першая палова XVI стст.)
- •Былі выпадкі, калі гараджанам не ўдавалася поўнасцю выйсці з-пад улады гаспадара або магната, і ў частках, якія належалі дзяржаве або феадалу, - “юрыдыках”, магдэбургскае права не дзейнічала.
- •Лекцыя 7. Палітычнае і сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў складзе Расійскай імперыі ў канцы хуііі-першай палове хіх стст
- •2. Беларусь у вайне 1812 г.
- •3. Грамадска-палітычнае жыццё ў першай палове хіх ст.
- •Лекцыя 8. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў складзе Расійскай імперыі ў другой палове хіх ст.
- •Узнікненне індустрыяльнага грамадства
- •Лекцыя 11. Фарміраванне беларускай нацыі. Культурнае і духоўнае жыццё на этапе мадэрнізацыі расійскага грамадства
- •Лекцыя 12. Перамога Кастрычніцкай рэвалюцыі і шляхі фарміравання беларускай дзяржаўнасці
- •Лекцыя 15. Культурнае і духоўнае жыццё бсср
- •Значнай падзеяй у культурным жыцці Беларусі з'явілася адкрыццё Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі бсср і тэатра-студыі кінаакцёра ў Мінску, пабудова новага памяшкання драматычнага тэатра ў Гродне.
- •16. Беларусь у міжваенны перыяд (1918-1939 гг.)
Лекцыя 11. Фарміраванне беларускай нацыі. Культурнае і духоўнае жыццё на этапе мадэрнізацыі расійскага грамадства
Пытанні
1. Этнічная і канфесійная структура насельніцтва Беларусі
ў канцы ХУІІІ-пачатку ХХ стст.
2. Фарміраванне нацыянальнай свядомасці беларускага народа.
Утварэнне беларускай нацыі.
3. Развіццё беларускай культуры.
4. Станаўленне беларусазнаўства.
5. Фарміраванне беларускай літаратурнай мовы і нацыянальнай
літаратуры.
6. Выяўленчае мастацтва і архітэктура.
7. Беларускае нацыянальна-культурнае адраджэнне пачатку ХХ ст.
1. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай дэмаграфічыя працэсы на Беларусі ў складзе Расійскай імперыі набылі пэўныя асаблівасці. Па-першае, у адпаведнасці з увядзеннем так званай “мяжы яўрэйскай аселасці” і высяленнем яўрэяў з сельскай мясцовасці іх доля ў гарадскім і местачковым насельніцтве колькасна пераважыла ўсе іншыя нацыянальныя пласты, у тым ліку беларусаў.
Па-другое, нават пасля ліквідацыі ўладных структур Рэчы Паспалітай і аж да пачатку 1830-х гадоў існуючыя польскамоўныя справаводства, адукацыя, касцёл працягвалі сваю дзейнасць, аказваючы паланізуючы ўплыў на беларускія сацыяльныя пласты. У выніку колькасць беларускага насельніцтва (шляхты, мяшчан, сялян) усведамляўшага сваю непольскую ідэнтычнасць, скарачалася. Па-трэцяе, у выніку расійскага “асваення” беларускіх зямель, значная іх частка перайшла да новых, рускіх гаспадароў (былых ваеннаслужачых, чыноўнікаў, памешчыкаў), якія пераязджалі сюды на пастаяннае жыхарства. Адпаведным чынам зменшылася колькасць польскай шляхты, якая не пажадала прысягаць Кацярыне ІІ і мусіла пакінуць межы дзяржавы. На скарачэнне польскай дыяспары паўплывалі ахвяры, панесеныя ёю ў выніку вайны Францыі і Расіі 1812 г., паўстанняў у 1830-1831 і 1863 гг. Па-чацвер-тае, дэмаграфічную сітуацыю на Беларусі рэзка пагоршыла ўзмацненне феадальнага прыгнёту падаўляючай большасці насельніцтва – сялян. З-за яе ператварэння ў найбольш прыгонніцкую ўскраіну Расійскай імперыі, тэмпы прыросту сельскага насельніцтва на працягу першай паловы ХІХ ст. былі запаволенымі. Распачаты ў 1840-х гг. дэмаграфічны крызіс выяўляў сябе ў першае дзесяцігоддзе пасля скасавання прыгону.
Пасля скасавання уніяцтва (1839) колькасць праваслаўных-беларусаў значна павялічылася. За выключэннем Віленскай губерні, большасць насельніцтва стала спавядаць праваслаўе. Разам з тым этнічная самаідэнтыфікацыя беларусаў яшчэ больш ускладнілася, бо ўсё часцей яна вызначалася па прыналежнасці да той або іншай канфесіі. У выніку гэта запавольвала працэс кансалідацыі беларускага этнасу.
У складзе Расійскай імперыі беларусы пражывалі ў межах пяці губерняў: цалкам Мінскай і Магілёўскай, большай часткі Віцебскай і Гродзенскай і часткова Віленскай. У сярэдзіне ХІХ ст. іх налічвалася 2 726 тыс., з якіх 2 376 тыс. (87,2 %) былі праваслаўнымі і каля 350 тыс. (12,8 %) католікамі.
З другой паловы ХІХ ст., асабліва пасля Польскага паўстання 1863 г. на Беларусі ўзмацніўся прыток рускага насельніцтва (чыноўнікаў, настаўнікаў, афіцэраў, святароў) і пашырэнне рускага землеўладання.
Пад час правядзення ў 1897 г. першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі, яго нацыянальная прыналежнасць вызначалася па роднай мове. Такім чынам выявілася пражыванне беларусаў (5 711 000) не толькі ў 5 азначаных губернях, але і 303 000 – у сумежных з імі Чарнігаўскай, Ковенскай, Смаленскай і інш.
Агульная колькасць насельніцтва Беларусі складала 6 500,2 тыс. чалавек, з іх 655,2 тыс. (10,1 %) пражывала ў гарадах і 5 845,1 тыс. (89, 9 %) - у вёсках і мястэчках. Такім чынам, за другую палову ХІХ ст. яно вырасла на 93,5 %, нават больш, чым у сярэднім па Еўрапей-скай Расіі. Гэтаму паспрыяла скасаванне прыгону, паляпшэнне жыццёвага ўзроўню, поспехі ў барацьбе з захворваннямі і інш.
Асабліва імкліва ўзрастала гарадское насельніцтва гандлёва-прамысловых і чыгуначных цэнтраў (Мінск, Віцебск, Гомель, Гродна, Брэст), якія паглыналі незанятае жыхарства навакольных вёсак і нават суседніх губерняў. Доля беларусаў сярод гараджан дасягала 14, 5%, а на вёсцы – каля 70% (?).
З 492,9 тыс. чалавек (5,8 % ад усяго насельніцтва), якія назвалі рускую мову сваёй роднай, 37,5 % пражывалі ў гарадах і 62,5 % - у мястэчках і вёсках. Найбольшыя рускія дыяспары існавалі ў губернскіх і асобных павятовых цэнтрах. Доля рускага насельніцтва ў гарадах складала 17,7, а ў сельскай мясцовасці – 4,4 %. У сваёй масе рускія з’яўляліся чыноўнікамі, ваеннаслужачымі, землеўладальнікамі, і святарамі. Яны колькасна пераважалі ва ўладных структурах і асветных установах.
Колькасць палякаў складала 424,2 тыс. чалавек або 5,0 % ад усіх жыхароў беларускіх губерняў. У гарадах іх удзельная вага складала 11,8 %, у вёсках і мястэчках – 4,0 %. Чацвёртая частка палякаў належала да дваранства, галоўным чынам да дробнапамеснай шляхты. Дзякуючы, у асноўным, намаганням шляхты і касцёла, польская ідэнтычнасць была даволі выразнай.
З 1 202 тыс. яўрэяў (14,1 % ад усяго насельніцтва Беларусі) 53,9 % жылі ў мястэчках і 46,1 % - у гарадах. Адпаведна і мястэчкі, і гарады па этнічнаму складу з’яўляліся пераважна яўрэйскімі. Не апошнюю ролю ў тым адыграў выдадзены ў 1882 г. закон, які абавязваў яўрэяў перасяліцца з сельскай мясцовасці. “Мяжа аседласці”, іудзейская рэлігія і палітыка царскіх улад трывала процідзейнічалі асіміляцыі яўрэяў і іх збліжэнню з мясцовым насельніцтвам.
У канцы XIX ст. у беларускіх губернях пражывала 13 570 тыс. мусульман (у тым ліку 3,9 тыс. - вайскоўцаў, прызваных з Паволжжа) з іх 9,2 тыс. роднай мовай назвалі татарскую. Карэнныя беларускія татары канцэнтраваліся ў Мінску і Навагрудку, а таксама Слуцкім, Навагрудскім і Ігуменскім паветах. Іх адносна невялікая колькасць тлумачылася значнымі асіміляцыйнымі працэсамі, адарванасцю ад асноўнай масы мусульманскага насельніцтва, якое дазвалала б падтрымліваць этнастваральны патэнцыял, пашырыць моўнае і культурнае асяроддзе. Тым не менш, беларускім татарам удалося захаваць мусульманскую веру, пісьменнасць і самабытную культуру.
Такім чынам, у канцы ХІХ ст. этнічнай сітуацыі на тэрыторыі Беларусі былі ўласцівы канцэнтрацыя прадстаўнікоў “тытульнай нацыі” у весцы, а яўрэяў як буйнейшай нацыянальнай меншасці – у гарадах і мястэчках. Палякі і рускія, прыкладна раўнамерна прадстаўленыя ў гарадах і сельскай мясцовасці, у адрозненні ад беларусаў, мелі выразную нацыянальную самаідэнтыфікацыю. І рускія, і палякі не лічылі беларусаў асобным этнасам, а самі яны па розных прычынах не надавалі гэтаму пытанню належнай увагі.
Адным з напрамкаў дзейнасці царскіх улад па асваенні зноў далучаных тэрыторый з’яўлялася ўпарадкаванне рэлігійнага жыцця мясцовага насельніцтва. У першую чаргу іх ўвагу прыцягвала каталіцтва як асноўнае веравызнанне пануючага шляхецкага саслоўя. Так, у складзе імперыі апынулася 57 каталіцкіх прыходаў Смаленскай, Віленскай і Інфлянцкай дыяцэзій. У 1772-1773 гг. была створана Беларуская епархія на чале з С. Богуш-Сестранцэвічам. 10 снежня 1783 г. Царскі ўрад дамогся ад Папы кананічнага прызнання Магілёўскага архіепіскапства-мітраполіі, а пасля канчатковага падзелу РП Богуш-Сестранцэвіч распачаў дзейнасць па ўтварэнні аўтакефальнай, не залежнай ад Рыма, царквы з цэнтрам у Вільні. Насуперак Папе Кліменту ХІУ, які скасаваў Таварыства Ісуса, Кацярына ІІ у 1774 г. дазволіла езуітам працягваць сваю дзейнасць у Расіі. Каля 200 езуітаў знаходзілася ў Віцебску, Полацку, Дзвінску, Магілёве, Мсціслаўі, Оршы і шэрагу мястэчак.
У мэтах прыцягнення шляхты да супрацоўніцтва Кацярына ІІ пакідала непарушёнымі яе ранейшыя традыцыі, звычаі і, вядома ж, каталіцкую веру. Тут, на Беларусі працягвалі 270 касцёлаў, мноства кляштараў, якім належалі землі з прыгоннымі сялянамі і шматлікая іншая маёмасць. У часы Паўла І (1796-1801) становішча каталікоў яшчэ больш узмацнілася. У 1812 г. Аляксандр І (1801-1825), ідучы насустрач “жаданню беларускага дваранства”, даў згоду на адкрыццё ў Полацку езуіцкай акадэміі. Праўда, ужо праз колькі год прыбліжаныя цара з праваслаўнай знаці пераканалі яго ў шкоднай дзейнасці Таварыства Ісуса, таму ў 1820 г. Полацкая акадэмія была зачынена, а езуіты назаўсёды выдалены з Расіі. Гэта, аднак, не змешыла ўплыву каталікоў на Беларусі. Так, колькасць прыходаў павялічылася з 69 (1773) да 231 (1823). На тэрыторыi Лiтвы i Беларусi дзейнiчала 4 бiскупствы – Вiленскае, Магiлёўскае, Мiнскае, Ковенскае, якія падпарадкоўвалiся мiтрапалiту, а яго рэзiдэнцыя размяшчалася ў Пецярбурзе. Вышэйшы орган – Рымска-каталiцкая калегiя ўваходзіла ў Сінод і з’яўлялася дзяржаўнай установай. Патрэбы архіепіскапства ў духавенстве задавальняліся дзейнасцю каталіцкіх семінарый ў Магілёве, Беластоку і Кіеве. Пад кантролем каталікоў дзейнічала ўніяцкая царква.
Як “збіральніца Русі” Кацярына ІІ рабіла ўсё магчымае, каб аднавіць на тэрыторыі Беларусі былую магутнасць праваслаўнай царквы. Так, у красавіку 1793 г. у дадатак да Магілёўскай была створана Мінская епархія, якая пасля канчатковага далучэння Беларусі да Расіі (1795) стала звацца Мінскай і Літоўскай. У яе межах налічвалася каля 200 прыходаў. Пры гэтым, па загаду Імператрыцы ўсіх уніятаў, якія складалі асноўную масу вернікаў-беларусаў (каля 70%) і аб’ядноўваліся ў 862 прыходы сталі прымусова пераводзіць у праваслаўе. Толькі смерць перашкодзіла Кацярыне дасягнуць пастаўленай мэты. Павел І прыпыніў гвалт і вярнуў беларусам іх ранейшы канфесійны статус. Але ў 1820-х гг. уніяцкае святарства адчула моцны ўціск з боку каталікоў, калі праваслаўныя абрады сталi замяняцца каталiцкiмi, а беларускія малітоўнікі – польскімі.
Асноўнымі фактарамі, якія абумовілі далейшыя змены ў канфесійнай структуры хрысціянскага насельніцтва Беларусі на працягу ХІХ ст., з’явіліся паўстанні польскай шляхты з мэтай адраджэння Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Так, у сувязі ўдзелам каталіцкіх святароў у паўстанні 1830-1831 гг., многія з іх былі пакараны царскім судом. Амаль усе манаскія ордены былі скасаваны, а іх маёмасць канфіскавана. Навучальныя ўстановы, акрамя ду-хоўных семінарый, зачыняліся. Катэгарычна забаранялася схіляць у каталіцкую веру праваслаўнае насельніцтва.
Распачатая Заходнім камітэтам барацьба супраць польскай шляхты і касцёла абудзіла дзейнасць ініцыятараў аб’яднання уніятаў і праваслаўных на чале з Я. Сямашкам, які заняў пасаду арцыбiскупа Лiтоўскага. Таму ж спрыяла створаная ў 1832 г. яшчэ адна (пасля Магiлёўскай) праваслаўная епархiя з цэнтрам у Полацку. У выніку пашырыліся выпадкі, калі ва уніяцкіх прыходах сталі ўводзіцца праваслаўныя абрады на рускай мове. У 1835-1936 г. гэтая з’ява зрабілася масавай, уніяцкія старадрукі сталі замяняцца праваслаўнымі служэбнікамі, інтэр’еры храмаў сталі прыводзіцца ў адпаведнасць з праваслаўнымі канонамі, а непакорныя святары караліся ссылкамі або турэмным зняволеннем. Толькі ў 1838 г., калі памерлі два уніяцкіх архіярэі, якія выступалі супраць далучэння да праваслаўя – старшыня грэка-каталіцкай калегіі мітрапаліт І. Булгак і епіскап І. Жарскі, стварыліся ўмовы для скасавання уніі. 2 сакавіка 1838 г. старшынёй калегіі стаў Я. Сямашка, а праз год ён узначаліў працу Сабору унiяцкiх бiскупаў у Полацку. Важнейшым яго вынікам стаў акт аб далучэннi унiятаў да праваслаўнай царквы.
Такiм чынам, удзел шляхты і каталіцкага святарства ў паўстаннi 1830-1831 гг. на Беларусi i ў Лiтве быў выкарыстаны царызмам для вынiшчэння іх вызначальнага ўплыву ў гэтым рэгіёне імперыі. З другога боку, рэпрэсіі супраць “польскасці” ўзмацнілі уздзеянне на беларускае насельніцтва праваслаўнай рэлігіі і рускай культуры.
Гэтыя два ўзаемазвязаныя працэсы мелі працяг і пад час ліквідацыі наступстваў на Беларусі паўстання на чале з К. Каліноўскім. У Мінску была скасавана біскупская кафедра. Многія касцёлы ператвораны ў праваслаўныя храмы і г. д. Дыпламатычныя стасункі з Ватыканам былі разарваны і афіцыйна адноўлены толькі ў пачатку 1894 г. Асобам каталіцкага веравызнання тут было забаронена займаць пасады, губернатараў, суддзяў, нават настаўнікаў.
З гэтага часу праваслаўная рэлігія ператваралася ў адзіную дзяржаўную рэлігію з наданнем яе служыцелям шматлікіх ільгот і пераваг у параўнанні са святарамі іншых канфесій. Яна ж з’яўлялася складовай часткай дзяржаўнай ідэалогіі.
На працягу стагоддзяў захоўвалі сваю мусульманскую рэлігію беларускія татары. На сродкі вернікаў у 1900 г. у Мінску была пабудавана мураваная мячэць.
Пасля выдання ў 1905 г. царскага ўказу аб верацярпімасці у Расейскай імпэрыі больш за сто тысяч вернікаў перайшлі ў каталіцтва. Але па-ранейшаму дыскрымінаванымі ў правах заставаліся стараверы, баптысты, некаторыя іншыя пратэстанты, а таксама іудзеі. Рэальнае роўнапраўе было здабыта толькі ў сакавіку 1917 г.
2. Новы час у гісторыі чалавецтва звязаны не толькі са з’яўленнем індустрыяльнага грамадства, але і з актывізацыяй нацыястваральных працэсаў, калі на аснове ўзнікшых у сярэднявеччы народнасцяў сталі фарміравацца больш устойлівыя этнічнасацыяльныя супольнасці – нацыі. Іх фарміраванню спрыяла распаўсюджанне новых філасофскіх, палітычных і прававых ідэй, а таксама ідэалогій. Так, ідэалогія нацыяналізма абвяшчала вышэйшай каштоўнасцю палітычную самастойнасць асобнага народа, які пражываў на пэўнай тэрыторыі, меў сваю эканоміку, сацыяльную структуру, матэрыяльную і духоўную культуру. Гэтая ідэалогія абапіралася на патрыятычныя пачуцці членаў этнічнай супольнасці і спрыяла іх кансалідацыі, незалежна ад сацыяльнага (маёмаснага, канфесійнага) стану.
Вялікі ўплыў на распаўсюджанне нацыяналізму аказала вайна ЗША за незалежнасць (1775-1783). Перамога Вялікай Французскай рэвалюцыі (1789) дэкларавала ўсеагульную свабоду і роўнасць. Замест адкінутага падданства “французскай кароны” усе жыхары набывалі статус грамадзян. Нацыяналізм у Германіі ўзнік пад час напалеонаўскага нашэсця і завяршыўся поўнай перамогай у 1871 г., пасля аб’яднання ўсіх нямецкіх земляў у адзінай дзяржаве. У 1810-1820-я гг. выявіў сябе грэчаскі, дацкі, нарвежскі, фінскі нацыяналізмы. У 1850-1900-х гадах нацыяналізм распаўсюдзіўся на краіны Ўсходняй Еўропы і Індыю, а ў пач. ХХ стагоддзя – у краіны Азіі і Афрыкі.
У гэты ж час нацыяналізм асобных этнасаў стаў пагрозай існаванню Аўстра-Венгерскай і Асманскай імперый. У гэтым сэнсе не ўяўляў выключэння і расійскі абсалютызм, які з моманту падзелаў РП адчуў моцную апазіцыйнасць польскай шляхты і каталіцкага касцёла. Уключэнне ў склад Расійскай імперыі асноўнай часткі Польшчы разам з Варшавай, якое адбылося паводле рашэння Венскага кангрэсу ў 1815 г., толькі ўзмацніла нацыянальна-вызваленчыя настроі палякаў. У час кіравання Александра І польскі нацыяналізм пусціў глыбокія карані як на сваёй этнічнай тэрыторыі, так і ў заходніх губернях Расійскай імперыі, у прыватнасці, на Беларусі. Да першай трэці ХІХ ст. яго прыкметы выявіліся ў панаванні польскай мовы ў дзяржаўным справаводстве, адукацыі, навуцы і літаратуры.
У сілу многіх прычын беларуская нацыянальная свядомасць пачала фарміравацца значна пазней за польскую – у другой палове ХІХ ст. Яе носьбітам з’яўлялася мясцовая шляхта, якая хоць і знаходзіліся пад уплывам вялікапольскай ідэі, але сваю Радзіму асацыіравалі з ВКЛ. Вядома, што С. Панятоўскі, Т. Касцюшка, А. Міцкевіч і інш., называлі сябе літвінамі, але нейкіх асобных літвінскіх інтарэсаў яны не выказвалі. Перадумоў да нацыянальнай кансалідацыі вышэйшага саслоўя з сялянамі і мяшчанамі доўгі час не існавала. Яшчэ ў межах РП памяць аб этнічнай роднасці шляхты ВКЛ і астатняга хрысціянскага насельніцтва амаль знікла.
У межах Расійскай імперыі назвы “Беларусь”, “беларускі” і г. д. знаходзіліся галоўным чынам ў афіцыйным ужытку і мелі больш геаграфічны, чым этнічны змест. Як вынікае з характарыстыкі дэмаграфічнага становішча на Беларусі ХІХ ст., большасць яе насельніцтва складалі беларусы, але, у адрозненне ад іншых нацыянальных груп – яўрэяў, рускіх, палякаў, татараў і інш., іх нацыянальная ідэнтыфікацыя не мела выразных крытэрыяў і не з’яўлялася агульнапрызнанай. У выніку вызначэнне этнічнай прыналежнасці хрысціянскага насельніцтва Беларусі набывала ўсё большы ідэалагічны змест і ператваралася ў сродак ідэйна-палітычнай барацьбы паміж польскімі і расійскімі нацыяналістамі.
Кожны з процілеглых бакоў выкарыстоўваў самыя разнастайныя метады, каб замацаваць сваё ідэйна-палітычнае, культурнае і рэлігійнае дамінаванне на гэтай зямлі. Але з часу ўключэння Беларусі ў імперыю і да пачатку ХХ стагоддзя гэтая барацьба ішла з пераменным поспехам. Прычым сам народ, у падаўляючай большасцi, cяляне, не мелі магчымасці асэнсавана заявіць аб сваёй нацыянальнай прыналежнасці. Прычынай тыму быў не толькі нізкі ўзровень яго асветы, але і ўздзеянне чужых яму паланізацыі і русіфікацыі, а таксама адсутнасць уласнай нацыянальнай эліты.
Характэрна, што пасляваенны час кіравання Аляксандра І, акрамя іншага, характарызаваўся пэўнай стабілізацыяй аўтаномнага Царства Польскага і распаўсюджаннем ідэі адраджэння РП. Фактычна няспыннае дамінаванне польскай мовы, асветы, касцёла (праз уціск на уніяцкі ордэн базыльянаў) на Беларусі мела тэндэнцыю да апалячвання самабытнага беларускага народа. З гэтай нагоды расійскі гісторык К. Калайдовіч падрыхтаваў артыкул “О белорусском наречии” і найперш, таму, каб “звярнуць увагу на гэты важны прадмет увагу саміх беларусцаў”.
Можна меркаваць, што для часткі “беларусцаў” з ліку выкладчыкаў і студэнтаў Віленскага універсітэта, літаратараў, проста патрыётаў, лёс роднага краю быў неаддзельным ад жыцця простага народа. Менавіта таму яны і заняліся вывучэннем яго гістарычных і духоўных здабыткаў. Менавіта ў асяроддзі тутэйшых палякаў і літвінаў варта шукаць зародкі беларускай нацыянальнай самасвядомасці, якая з цягам часу пранікала ў больш шырокія пласты карэннага хрысціянскага насельніцтва. Дзейнасць Я. Чачота i Я. Баршчэўскага па збiраннi, апрацоўцы і публікацыі мясцовага фальклору выклікала павышаную ўвагу прагрэсіўнай шляхты і інтэлігенцыі да духоўнай спадчыны сялянства як часткі агульнай нацыянальнай культуры. Таму пэўным чынам паспрыяла зніжэнне ўціску польскай культуры і касцёла, які адбыўся пасля падаўлення паўстання 1830-1831 г.
З другога боку ўрад Мікалая І (1825-1855) таксама ўсведамляў патрэбу ў нацыянальнай кансалідацыі вялікарускага народа. Таму, у прыватнасці, мусіла паслужыць так званая “тэорыя афіцыйнай народнасці”, якая намаганнямі яе творцы – міністра асветы С. Уварава набыла сілу дзяржаўнай ідэалогіі. Аснову яе складала “ўвараўская тройца”: праваслаўе – самадзяржаўе – народнасць і азначала, што рускі народ глыбока рэлігійны і адданы прастолу, а праваслаўная вера і самаўладдзе складаюць неад’емныя ўмовы існавання Расіі. Вядома ж дзяржаўная ідэалогія ўкаранялася і сярод насельніцтва Беларусі, асабліва актыўна – пасля скасавання ўніяцкай царквы (1839) і далучэння яе вернікаў да праваслаўнай.
Акрамя афіцыйнай ідэалогіі, агульнарасійскую вядомасць набылі так званыя “заходнікі” і “славянафілы”, якія па-свойму былі заклапочаны лёсам краіны. Першыя з’яўляліся прыхільнікамі выбару Расіяй шляху развіцця, па якім ішла Заходняя Еўропа і ЗША. А другія верылі ў свой, асобы шлях Расіі, неадрыўны ад самадзяржаўя, праваслаўя, традыцый саборнасці і г. д. У адрозненне ад паслядоўнікаў С. Уварава, якія разумелі пад народнасцю парадкі, уласцівыя толькі рускім, славянафілы шукалі рысы “народнага духу” ва ўсім славянстве. Неўзабаве на поглядах славянафілаў стала афармляцца ідэйна-палітычная плынь рускага нацыяналізму, якая, абапіралася на дваранска-памешчыцкую эліту, інтэлігенцыю і духавенства праваслаўнага веравызнання. Яе прадстаўнікі не вылучалі беларусаў у асобны этнас, а лічылі яго заходнім адгалінаваннем народа рускага. Самі беларусы яшчэ не мелі сваёй эліты, здольнай адкінуць усе падкопы вялікадзяржаўных шавіністаў. Што датычыць украінцаў, яны больш актыўна выступалі ў абарону сваіх нацыянальных інтарэсаў. Сапраўдным духоўным лідэрам украінцаў выявіў сябе народны паэт Т. Р. Шаўчэнка. А гісторык М. Кастамараў даказваў існаванне асобнай ад рускай маларасійскай народнасці.
З другой паловы ХІХ ст., дзякуючы дасягненням беларусазнаўства, кола прыхільнікаў думкі аб беларусах як самабытным народзе няўхільна пашыралася. Не менш важкі ўклад у гэтым накірунку ўнёс В. Дунін-Марцінкевіч. Яго літаратурныя творы ўзнялі значнасць беларускай мовы і надавалі ёй сілу неабвержанага аргументу на карысць нацыянальнай адметнасці беларусаў.
Яскравым паказчыкам таго ж стала “Мужыцкая праўда” і “Пісьмо з-пад шыбеніцы” К. Каліноўскага, дзе, акрамя іншага, адбілася імкненне часткі шляхты разам з сялянствам змагацца супраць царызму за сваю волю, школу, веру (уніяцтва) і інш. Разам з тым пад час паўстання 1863 г. на Беларусі нацыянальная самасвядомасць яго ўдзельнікаў пэўным чынам дыферэнцыравалася па прыкмеце вялікапольскіх і мясцовых мэтаў.
З падаўленнем паўстання і новай хваляй русіфікацыі фарміраванне ў беларусаў нацыянальнай самасвядомасці ізноў запаволілася. Тым не менш утварэнне ў Расіі індустрыяльнага грамадства, распаўсюджанне ліберальных, нацыяналістычных, сацыялістычных і іншых ідэалогій, уздым агульнаадукацыйнага ўзроўню спрыялі перарастанню этнічнай самасвядомасці народаў у нацыянальную, аб чым сведчыла іх ўсведамленне неабходнасці абароны сваіх інтарэсаў перад дзяржавай і больш перадавымі нацыямі. Вялікі ўклад у фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці ўнёс Ф. Багушэвіч. У другой паловы XIX ст. яшчэ існавалі рэгіянальныя назвы беларусаў (палешукі), канфесіянімы (рускія і палякі) і саманазва “тутэйшыя”, але этнонім «беларусы» стаў набываць усё большае распаўсюджанне.
Значныя сацыяльна-эканамічныя, грамадска-палітычныя і культурныя перамены, якія адбываліся ў 1860-1890-я гг. у Расійскай імперыі, паскорылі працэс пераўтварэння насяляўшых яе народнасцей у нацыі або ўстойлівыя супольнасці людзей, якія складваюцца гістарычна і ўзнікаюць на базе агульнасці тэрыторыі, мовы, эканамічнага жыцця і псіхічнага складу, што выяўляецца ў культуры. Пэўныя нацыястваральныя працэсы адбываліся і ў беларусаў, якія пражывалі ў Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскую і Мінскую губернях, а таксама асобных паветах Смаленскай, Чарнігаўскай губерняў. Паводле агульнарасійскага перапісу (1897), насельнiцтва Расii за 37 год (з 1860 па 1897 г.) вырасла на 52 млн (з 74 да 126 млн). За 40 парэформенных гадоў колькасць насельнiцтва Беларусі амаль падвоiлася і складала: 5 млн 408 тыс беларусаў, 3,1 млн рускiх, палякаў, украiнцаў, яўрэяў (13,8%), лiтоўцаў, латышоў. Характэрна, што 73% жыхароў Беларусі (у сучасных межах) назвалі сваёй роднай мовай беларускую.
Ва ўмовах непадзельнага панавання рускай мовы як дзяржаўнай выкарыстанне мовы беларускай абмяжоўвалася ў асноўным сялянскім асяроддзем. У сувязі з развіццём рыначных адносін, транспартных камунікацый, пашырэннем адукацыі і інш. адбывалася лексічнае ўзбагачэнне беларускай мовы, яе ўніфікацыя, пашырэнне сферы ўжытку. На пачатку ХХ ст. на базе гутарковай мовы стварыліся ўмовы для фарміравання (на базе мінска-маладзечанскага дыялекту) мовы літаратурнай. Яе заснавальнікі, у асноўным, інтэлігенты, аб’яднаныя вакол “Нашай Нівы”, у сваіх публікацыях абапіраліся на вусную народную творчасць і прапагандавалі яе. З цягам часу іх намаганнямі стала выпрацоўвацца ўласная, беларуская прававая, палітычная, эканамічная, навуковая і іншая тэрміналогія. Развіццю беларускай мовы перашкаджалі адсутнасць нацыянальнай школы, а таксама разгул заходнерусістаў і польскіх нацыяналістаў.
Скасаванне прыгоннага права ў 1861 г., ажыццяўленне аграрнай і іншых рэформаў стымулявалі ўсебаковую кансалідацыю беларусаў у сістэме агульнага эканамічнага жыцця і капіталістычнага рынку. Прыстасаванне памешчыкаў і сялян да новых умоў гаспадарання патрабавала перамен у іх адносінах на пачатках узаемнага інтарэсу. Сялянскае малазямелле і беззямелле вымагала ад сельскіх працаўнікоў большай мабільнасці: пошуку дадатковых крыніц заробку і новых месцаў пражывання. Гарадская і местачковая прамысловасць, якая да гэтага часу забяспечвалася пераважна яўрэйскай рабочай сілай, стала папаўняцца выхадцамі з вёскі. Адпаведна ў атрадзе шматнацыянальнага пралетарыяту павялічвалася праслойка беларусаў.
Умацаванне эканамічных сувязяў паміж прамысловымі цэнтрамі і аграрнымі ўскраінамі, паміж горадам і вёскай адбывалася ва ўмовах паляпшэння транспартных камунікацый, асабліва чыгунак – Маскоўска-Брэсцкай, Лібава-Роменскай, Палескай і інш). Губернскія (Вільня, Віцебск, Гродна, Магілёў, Мінск) і асобныя павятовыя цэнтры (Бабруйск, Баранавічы, Гомель, Орша, Пінск, Полацк, Рагачоў і інш.) з’яўляліся не толькі буйнымі гарадамі, але месцамі размяшчэння лакальных рынкаў, звязаных паміж сабою і інтэграваных у агульнарасійскі рынак.
Уцягванне гаспадаркі Беларусі ў рыначныя сувязі прывяло да змен у яе структуры. Высокія тэмпы развіцця набірала прамысловасць. Калі ў 60-я гг. XIX ст. яна толькі ўступіла да пераходу ад дробнатаварнай стадыі развіцця да індустрыяльнай, то ў канцы 90-х гг. у ёй пераважалі фабрыкі і заводы, заснаваныя на машыннай вытворчасці, у тым ліку з выкарыстаннем электрычнай энергіі. Разам з тым у структуры прамысловасці асноўнае месца займалі галіны, якія выкарыстоўвалі мясцовую сыравіну (вінакурэнне, дрэваапрацоўка, сілікатна-цагельная і гарбарна-абутковая вытворчасці). У пачатку 1880-х гг. сельскагаспадарчай вытворчасці пераважнае значэнне набылі малочная жывёлагадоўля і вырошчванне такіх культур як бульба, лён, цукар. Нягледзячы на поспехі ў прамысловасці, па-ранейшаму большая частка таварнай прадукцыі выраблялася буйнымі памешчыцкімі гаспадаркамі, якім належала да 55% зямлі. Сялянскія гаспадаркі таксама былі звязаны з рынкам, але большасць іх пакутвала ад малазямелля.
Нягледзячы на імклівае развіццё прамысловасці, гандлю, асветы, працэс урабанізацыі, уласцівы заходнееўрапейскім краінам, на Беларусі адбываўся значна павольней. У выніку колькасць гараджан была ў 10 разоў меншай колькасці жыхароў вёсак і мястэчак. Значнае, амаль удвая (з 3 млн у 1858 да 6, 5 млн чал. у 1897 г.) павелічэнне насельніцтва Беларусі не парушыла гэтых суадносін. Гарадскі рынак працоўнай сілы папаўняўся галоўным чынам за кошт саміх гараджан, таму масы сялян, штогод да 300 тыс. чал., з прычыны аграрнай перанаселенасці і малазямелля ў пошуках заробку адыходзілі на новабудоўлі, лесанарыхтоўкі і г. д. за межы беларускіх губерняў. На мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў узмацніўся выезд беларускага сялянства на Урал, у Сібір, на Далёкі Усход і нават за межы імперыі – у ЗША і Канаду. Такім чынам, беларусы не здолелі без страт захаваць нацыянальны генафонд.
Нават у паслярэформенны перыяд на Беларусі назіралася цеснае перапляценне сацыяльнай i нацыянальнай структур насельніцтва. Сялянства было прадстаўлена беларусамi; памешчыкi – у асноўным – палякамi i (у меншай ступені) рускiмi; купцы і рамеснiкi (галоўным чынам) яўрэямi; адміністрацыя, чыноўнiцтва – рускiмi; інтэлігенцыя – рускімі, яўрэямі, палякамі. З развіццём капіталістычных адносін у грамадстве адбывалася фарміраванне новых класаў – пралетарыяту і буржуазіі. Да першага адносілі людзей, пазбаўленых сродкаў вытворчасці і ў мэтах пошуку сродкаў для існавання вымушаных прадаваць сваю рабочую сілу ўладальнікам азначаных сродкаў – гэта значыць буржуазіі. З распаўсюджаннем марксізма пад пралетарыятам сталі разумець найбольш свядомую, арганізаваную і рэвалюцыйна настроеную частку прамысловых рабочых. Крыніцамі папаўнення пралетарыяту былі дзеці працоўных, рамеснікі, прадстаўнікі збяднелых прывілеяваных пластоў (купцы, шляхта), а таксама сяляне, якія папаўнялі шэрагі як гарадскіх, так і сельскіх рабочых – парабкаў (батракоў). Усяго напачатку ХХ ст. колькасць наёмных рабочых у эканоміцы Беларусі было занята каля 460 тыс. чал., у тым ліку ў прамысловасці 235 тыс., на чыгунцы – 25 тыс., у сельскай гаспадарцы і іншых сферах занятасці – 200 тыс. чал. Па нацыянальнай прыкмеце сярод гарадскі пралетарыят складаўся (пераважаўшай большасці) з яўрэяў, а таксама рускіх, палякаў, беларусаў і іншых.
Да класу буржуазіі належалі ўладальнікі прадпрыемстваў, банкаў, магазінаў і г. д., усіх тых, хто жыў на даходы ад выкарыстання наёмнай працы, змешчаных капіталаў, здадзенай у арэнду ўласнасці і г. д. Прамысловыя (51%), гандлёвыя (84,5%) і амаль усе банкаўскія капіталы знаходзіліся ў руках яўрэйскай буржуазіі. Так, паводле перапісу 1897 г. доля рускіх купцоў - 10,7 %, а беларускіх 1,7 %.
Зямельныя багацці знаходзіліся ва ўласнасці польскіх і рускіх памешчыкаў, якія ў сваёй большасці перайшлі на капіталістычны лад гаспадарання. Да буржуазii мае дачыненне і каля 12% вясковых яе прадстаўнiкоў – хутаран i адрубнiкоў, усяго каля 50 тыс. гаспадароў. Такім чынам, колькасць беларускай нацыянальнай буржуазii складала не менш за 1 млн чал. Яе нешматлікасць, эканамічная і палітычная слабасць у пэўнай ступені замаруджвала працэс кансалідацыі беларускай нацыі.
Беларуская інтэлігенцыя, як правіла, рэкрутавалася з асяроддзя збяднелай засцянковай шляхты, набыўшых адукацыю выхадцаў з вёскі і іншых пластоў насельніцтва, толькі ўставала на шлях свядомай барацьбы за інтарэсы свайго народа, у першую чаргу – за нацыянальную асвету. У неспрыяльных умовах (адсутнасць сваёй дзяржаўнасці, нацыянальных арганізацый, засілле вялікарускага і польскага шавінізму) гэтая барацьба з’яўлялася важнейшым кансалідуючым фактарам беларускага народа і спрыяла яго самасвядомасці.
У горадзе iснаваў кангламерат культур (яўрэйская, польская, руская), кожная з якiх развiвалася па-свойму і ва ўласным рэчышчы. Уласцівая бела-русам культура дамiнавалi толькi на вёсцы. Нават ва ўмовах фарміравання індустрыяльнага грамадства амаль нязменнымі тут заставаліся канструкцыя жытла і гаспадарчых пабудоў, адзенне, абрады, звычаі, фальклор, музычныя інструменты. Элементы новага ўвасабляліся ў выкарыстанні фабрычных прылад працы (плугі, сякеры, пілы), прадметаў хатняга інтэр’еру (лямпа, посуд, мэбля).
Нацыянальная своеасаблівасць беларускага народа атрымала працяг у выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве (ткацтва, вышыўка, пляценне, разьба па дрэве).
Такім чынам, беларуская культура па вялікім рахунку была прадстаўлена матэрыяльнымі і духоўнымі здабыткамі беларускіх сялян. Да гэтага ж часу выявілася і такая характэрная нацыі рыса як менталітэт. На думку прафесара Я. С. Яскевіч, беларусы ўвабралі ў сябе ўніяцкую схільнасць да кампрамісаў, героіку каталіцызма, строгую стрыманасць пратэстанцтва, праваслаўны калектывізм (саборнасць). Беларусы набылі такія высокамаральныя чалавечыя якасці, як талерантнасць, працавітасць, гасцепрыімства, шчырасць. Ім заўсёды былі ўласцівы разважлівасць, памяркоўнасць, непрыняцце гвалту як сродка дасягнення мэтаў.
Такімі ж рысамі нацыянальнай ментальнасці валодалі нешматлікія вышэйшыя пласты беларускага народа – захаваўшая нацыянальную ідэнтычнасць шляхта, святарства, інтэлігенцыя, служачыя, чый уклад у нацыястваральны працэс закранаў духоўную сферу (філасофска-палітычная думка, беларусазнаўства, літаратура), спрыяў уздыму нацыянальнай самасвядомасці і фарміраванню нацыянальнай ідэі.
Такім чынам, важнейшыя палітычныя мерапрыемствы царызма, здзейсненыя ў другой палове ХІХ ст. (скасаванне прыгону; аграрная, судовая, ваенная, школьная і інш. рэформы), а таксама станоўчыя наступствы ўздыму эканомікі (прамысловы пераварот, прагрэс у сельскай гаспадарцы) паскорылі нацыястваральныя працэсы ў Расійскай імперыі, у тым ліку на Беларусі, дзе пачала фарміравацца асобная беларуская нацыя з уласцівым ёй арэалам пражывання і сваеасаблівымі мовай, культурай і псіхалагічным складам. Але глыбокая інтэграванасць эканомікі і культуры Беларусі ў вялікарасійскі арганізм стрымлівала развіццё беларускай самобытнасці і фарміраванне нацыянальна арыентаванай эліты. Акрамя таго, па прычыне неспрыяльных абставін (адсутнасць уласных дзяржавы, дзяржаўнай мовы і сістэмы адукацыі; у асноўным сялянскі склад беларусаў, нешматлікасць нацыянальнай буржуазіі, іх нізкі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці; наяўнасць дзвюх рэлігій і г. д.; невысокі адукацыйны ўзровень большасці беларусаў, адсутнасць адзінай рэлігіі, непрызнанне царквой і касцёлам беларускага народа; незавершанасць складвання літаратурнай мовы і г. д.) гэты працэс, у параўнанні з іншымі народамі, быў больш складаным па часе і выніках. Тым не менш факт узнікнення беларускай нацыі натхніў яе лепшыя сілы на выкананне сваёй вызначальнай місіі – дасягненне нацыянальнай дзяржаўнасці. Ажыццяўленне гэтай мэты адбывалася па меры далейшага развіцця бела-рускай нацыіі ў першыя дзесяцігоддзі XX ст.
3. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай яе землі, уключаныя ў склад Расійскай імперыі, зрабіліся аб’ектам іх асваення царскімі уладамі. З усталяваннем новых органаў улады і парадку падаткаабкладання, раззбраеннем і роспускам канфедэрацый, арыштам варожа настроеных да Расіі асоб і г.д., жыццядзейнасць тутэйшага насельніцтва доўгі час заставаліся нязменнай. Заставаліся непарушнымі духоўнае (рэлігійнае) і культурнае жыццё, польскамоўнае асяроддзе, заканадаўства і інш. Што датычыць сістэмы адукацыі, то і яна, абапіраючыся на шматвяковыя традыцыі, захавала свае асаблівасці. Так, па-ранейшаму большасць свецкіх навучальных устаноў (Галоўная Літоўская школа, калегіумы і школ пры кляштарах) знаходзіліся ў веданні манаскіх каталіцкіх (езуітаў, францысканцаў, дамініканцаў, піяраў і інш.) і уніяцкага (базыльяне) ордэнаў. Іх навучэнцамі, у асноўным, з’яўляліся дзеці шляхты і гарадскіх вярхоў.
Яшчэ пасля першага падзелу РП кацярынінская адміністрацыя, імкнучыся да стварэння сацыяльнай апоры ў асноўнай масе хрысціянскага насельніцтва Беларусі, стала адкрываць усесаслоўныя “народныя школы” з рускай мовай навучання. Але цікавасць да іх выявілі толькі рускія ваенныя і цывільныя служачыя. Шляхта ж па-ранейшаму аддавала перавагу традыцыйным навучальным установам. Такая ж сітуацыя назіралася і пасля таго, як Беларусь канчаткова ўвайшла ў склад Расіі, да часу калі з прыходам на трон Аляксандра І (1801-1825) не ўзнікла патрэба ў адукацыйная рэформе ў маштабе ўсёй краіны. У адпаведнасці з загадам Міністэрства народнай асветы, на тэрыторыі пяці беларускіх, трох украінскіх губерняў і адной (Беластоцкай) вобласці была створана Віленская навучальная акруга, якой падпарадкаваліся ўсе навучальныя ўстановы на чале з Віленскім універсітэтам (1803). Аляксандр І даверыў пасаду куратара (попечителя) акругі польскаму князю А. Чартарыйскаму.
Усталяваная трохступенная сістэма народнай адукацыі прадугледжвала існаванне прыходскіх і павятовых вучылішч, а таксама губернскіх сямікласных гімназій. У ліку новаўвядзенняў былі адкрыты бясплатныя школы. Віленскі універсітэт з’яўляўся адначасова вучэбным, навуковым і вучэбна-адміністрацыйнай установай, дзе абіраліся дырэктары гімназій, наглядчыкі павятовых вучылішчаў і іншыя асобы. Пры універсітэце была адкрыта настаўніцкая семінарыя. Але Віленскі універсітэт быў больш прэстыжнай установай і нават па еўрапейскіх маштабах ён быў адным з буйнейшых. У 1804 г. у ім навучалася 290, а ў 1830 – больш за 1300 студэнтаў. Ён складаўся з 4 факультэтаў – фізіка-матэматычнага, медыцынскага, маральна-палітычнага (з багаслоўем), літаратурнага з прыгожымі мастацтвамі. Адукацыі спрыяла і створаная пазней Полацкая (1812-1820 гг.) езуіцкая акадэмія, а таксама Іўеўская іудзейская акадэмія.
Пасля выкрыцця дзейнасці таемных таварыстваў адбылася чарговая рэарганізацыя Віленскай акругі: пасля адхілення А. Чартарыйскага з пасады яе куратара ў навучальных установах узмацнілася выкладанне дысцыплін на рускай мове; гімназіі і школы Магілёўскай і Віцебскай губерняў адыйшлі ў падпарадкаванне Пецярбургскай навучальнай акругі з рускай мовай навучання. Але па-ранейшаму адукацыя заставалася саслоўнай: універсітэт і сямікласныя гімназіі – для шляхецкай і чыноўніцкай моладзі, трохкласныя павятовыя вучылішчы – для дзяцей мяшчан, аднакласныя прыходскія вучылішчы – сялян і гарадскіх нізоў.
У 1829 г. была сфарміравана Беларуская навучальная акруга ў складзе Віцебскай і Магілёўскай губерняў. У 1831 г. у яе склад далучылі вучылішчы і школы Мінскай губерні. Навучальным установам прадпісвалася выкладанне дысцыплін на рускай мове: "для доставлення юношеству Западных губерннй образовання в духе русском, необходнмо стараться, дабы русскнй язык посредством первоначального воспнтання сделать там народным". Але з-за недахопу кваліфікаваных настаўнікаў ажыццяўленне гэтай дырэктывы выклікала пэўныя цяжкасці.
Істотныя змены ў сістэме і змесце адукацыі адбыліся пасля падаўлення шляхецкага паўстання 1830-1831 гг. Так, за ўдзел у ім выкладчыкаў і студэнтаў Віленскага універсітэта 1 мая 1832 г. Мікалай І аддаў загад аб яго закрыцці. Медыцынскі факультэт быў ператвораны ў Медыка-хірургічную, а багаслоўскі – у Духоўную рымска-каталіцкую акадэмію. Але іх студэнты выказвалі такія ж антырасійскія настроі, невыпадкова таму першая ўстанова у 1842 г. была закрыта, а другая ў 1844 г. пераведзена ў Санкт-Пецярбург. Адзінай на Беларусі вышэйшай навучальнай установай з’яўляўся адкрыты ў 1848 г. у Горы-Горках Земляробчы інстытут.
Дзейнасць царскай адміністрацыі, скіраваная на ўсебаковую інтэграцыю беларускіх зямель, вымагала пастаноўкі пад кантроль ўсіх навучальных устаноў, незалежна ад сацыяльнага, нацыянальнага або рэлігійнай прыналежнасці іх навучэнцаў. Не абмяжоўваючыся толькі рэпрэсіўнымі захадамі ў адносінах да варожых імперыі польскіх колаў, мясцовыя ўлады спрыялі збяднелай шляхце ў навучанні іх дзяцей за дзяржаўны кошт, у тым ліку ў ваенных вучылішчах Полацка, Брэста і інш. Вядома, што іх выпускнікі ўжо з’яўляліся вернымі служкамі цара і Айчыны. Яшчэ большы ўздым адукацыі назіраўся ў імперыі ў часы Аляксандра ІІ (1855-1881). Што датычыць Беларусі, то і тут умежах адноўленай Віленскай акругі значна павялічылася колькасць навучальных устаноў, асабліва пачатковых – для сялянскіх дзяцей. Прычынай такой увагі да ніжэйшага саслоўся з’яўлялася імкненне царызма шляхам адукацыі ўмацаваць свой уплыў насуперак польска-каталіцкаму ў асноўнай масе беларускага насельніцтва. Гэтая палітыка асабліва ўзмацнілася пасля падаўлення паўстання К. Каліноўскага. Як казаў генерал-губернатар М. М. Мураўёў, “што не зрабіў рускі штык, тое зробіць руская школа” – было вышэй. Гора-Горацкі земляробчы інстытут за ўдзел у паўстанні яго студэнтаў быў закрыты.
Такім чынам, адукацыйная дзейнасць царскага ўрада на Беларусі праследавала пераважна палітычныя, антыпольскія мэты. Нягледзячы на вялікую патрэбу ў спецыялістах, ён стрымліваў магчымасці мясцовай моладзі атрымаць вышэйшую адукацыю ў сябе на радзіме. У выніку моцнай ідэйнай апрацоўкі навучанне шляхты ў сталічных і іншых універсітэтах істотна змяншала яе варожасць да царызма і ператварала ў законапаслухмяных падданых Яго Вялікасці.
Чарговая хваля русіфікацыі выявілася ў суцэльным звальненні настаўнікаў-палякаў і выцясненні польскамоўнага выкладання ў народных вучылішчах Віленскай акругі (за выключэннем Закона Божага для навучэннцаў-каталікоў). У 1864 г. у мэтах падрыхтоўкі кадраў для пачатковай школы адкрылі настаўніцкую семінарыю ў Маладзечна, затым у Полацку (1872), Нясвіжы (1875) і Свіслачы (1876).
Акрамя фарміравання ў навучэнцаў навыкаў чытання, пісьма і ліку, важнейшай функцыяй настаўніцтва з’яўлялася выхаванне ў навучэнцаў свядомай павагі да царскай дынастыі і праваслаўнай царквы, укараненне манархічных і вернападданіцкіх ідэй. У гэтай сувязі сістэме адукацыі надзвычай узрасла роля праваслаўнай царквы, якой у 1866 г. належала падаўляючая большасць навучальных, асабліва сельскіх устаноў. Так, у канцы стагоддзя 77 тыс.чал. набывалі адукацыю ў 999 народных вучылішчах, а амаль 140 тыс. – у 5 814 царкоўна-прыходскіх школах. У сістэме адукацыі панавалі пачатковыя прыходскія вучылішчы ў гарадах, а таксама народныя вучылішчы, царкоўнапрыходскія школы і школы граматы ў сёлах.
Поспехі ў эканоміцы станоўча ўплывалі на школьнай адукацыі. Так, з 1881 па 1889 г. колькасць пачатковых народных школ на Беларусі узрасла з 1 196 па 6 813, а вучняў, адпаведна, з 49,2 да 216, 1 тыс. У 1860-х гг. Брэсце, Вільні, Віцебску, Гомелі, Гродна, Магілёве, Мінску, Слуцку працавалі гімназіі; Бабруйску і Мазыры – прагімназіі; Мінску, Магілёве і Пінску – рэальныя вучылішчы. Сістэма жаночай адукацыі была прадстаўлена гомельскай гімназіяй і шэрагам прыватных навучальных уста-ноў васьмі гарадоў Беларусі. Да канца стагоддя колькасць сярэдніх устаноў узрасла да 20.
Нягледзячы на велізарныя зрухі ў сістэме адукацыі, паводле перапісу 1897 г., колькасць пісменных на Беларусі складала крыху больш за чвэрць (25,7%) яго насельніцтва. Высокі для бюджэта сялянскай і рабочай сям’і кошт адукацыі з’яўляўся асноўнай прычынай таго, што ў 1911 г. толькі 18, 4 % дзяцей школьнага ўзросту наведвалі пачатковыя навучальныя ўстановы.
Развіццё прамысловасці, чыгуначнага транспарту, фінансава-крэдытнай сферы, гандлю, сродкаў сувязі і інш. патрабавала прытоку адукаваных работнікаў, што абумовіла неабходнасць правядзення ў пачатку ХХ ст.чарговай адукацыйнай рэформы. У адпаведнасці з ёй, замест царкоўнапрыходскіх сла больш адкрывацца народных вучылішч, прафесійнае навучанне. У Віцебску (1910), Магілёве (1913), Мінску (1914) пачалі працу настаўніцкія інстытуты, якія давалі сярэднюю спецыяльную адукацыю. Навучэнцамі гімназій, рэальных вучылішчаў, інстытутаў былі галоўным чынам дзеці дваран і чыноўнікаў і ў значнай ступені – заможных гараджан. Пасля заканчэння азначаных устаноў выпускнікі мелі магчымасць набыць вышэйшую адукацыю ў Пецярбургу, Маскве, Казані, Кіеве, Харкаве, Адэсе, Юр'еве і іншых гарадах імперыі.
4. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай беларускія землі зрабіліся аб’ектам скрупулёзнага вывучэння з боку царскіх улад, у першую чаргу, з мэтай уліку матэрыяльных і людскіх рэсурсаў. Акрамя таго, розныя пласты расійскай грамадскасці выяўлялі да Беларусі пазнавальную і навуковую цікавасць. Да канца ХУІІІ ст. яе наведалі Кацярына ІІ і Павел І, К. Р. Дашкава і Г. Р. Дзяржавін і інш. У ліку першых свае ўражанні апублікавалі акадэмікі І. Ляпёхін і В. Севяргін. Цэнтры па вывучэнні Беларусі ўзніклі ў Пецярбургу, Маскве, а таксама ў Гомелі, Вільні, Полацку.
Такім чынам, у першай чвэрці XIX ст. пачаў вывучацца беларускі этнас, яго гісторыя і культура і тым былі закладзены асновы беларусазнаўства. Расійскі гісторык К. Калайдовіч на матэрыялах праведзеных у 1812-1813 гг. даследаванняў беларускай мовы надрукаваў артыкул "Аб беларускай гаворцы" і "Кароткі слоўнік беларускай гаворкі". У выніку працы энтузіястаў на чале з графам М.Румянцавым, было выяўлена шмат дакументальных гістарычных крыніц, частка якіх увайшла ў трохтомны "Беларускі архіў старажытных грамат”. Адным з піянераў беларусазнаўства, археалогіі, фалькларыстыкі і мовазнаўства быў З. Даленга-Хадакоўскі, аўтар твораў "Аб славяншчыне напярэдадні хрысціянства", а ў 1819 г. — "Пошукі ў дачыненні рускай гісторыі".
Таленавітыя даследчыкі беларушчыны працавалі ў Віленскім універсітэце: прафесар расійскай мовы І. М. Лабойка, прафесары-гісторыкі І.Даніловіч, І.Анацэвіч, М.Баброўскі. Але ў жніўні 1824 г. пасля следства над філаматамі Ю. Глухоўскі, І. Даніловіч, І. Лялевель, М. Баброўскі былі звольнены і высланы з Беларусі.
Пасля закрыцця Віленскага універсітэта вывучэнне беларускай мінуўшчыны не спыняецца, а нават набывае прыкметы вылучэння ў асобны прадмет даследавання. Для многіх яе аматараў важнай крыніцай ведаў сталі перыядычныя выданні "Аtеneum", "Rubon" і інш., дзе друкаваліся артыкулы па гісторыі і культуры Беларусі. Выдаўцамі тых часопісаў былі пісьменнік І. Крашэўскі, а таксама гісторык А. Кіркор. Патрэбам аматараў беларушчыны служылі творы М. Без-Карніловіча «Гістарычныя звесткі пра выдатныя мясціны на Беларусі...» (1855) і В. Турчыновіча "Агляд гісторыі Беларусі са старажытных часоў" (1857).
Важкі ўклад ў вывучэнне асобных месцаў Беларусі ўнеслі браты Тышкевічы, А. Кіркор, П. Шпілеўскі і інш. Нарэшце ў 1840 г. у Парыжы палітычным эмігрантам А. Рыпінскім быў выдадзены зборнік “Беларусь. Колькі слоў аб паэзіі простага люду...”. У 1840--1850-я гг. выйшлі ў свет фальклорныя працы беларускіх даследчыкаў "Сялянскія песні з-пад Нёмана і Дзвіны" (1837-1846) Я.Чачота, "Народныя песні пінскага люду" (1851) Р. Зянькевіча, "Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастыч-ных яе казках" (1853-1856) П. Шпілеўскага, "Беларускія народныя песні" (1853) Л. Паўлоўскай, "Беларускія прыказкі і прымаўкі" (1852).
Такім чынам, у першай палове XIX ст. беларусазнаўства зрабілася самастойнай галіной ведаў, якія ўвабралі ў сябе дадзеныя аб гісторыі, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў, іх мове, звычаях, традыцыях і інш.
Прапаганда дасягненняў беларусазнаўства пераходзіла ў практычную плоскасць: будзіла нацыянальную самасвядомасць, разбурала дагэтуль існаваўшыя перагародкі паміж рознымі пластамі беларускага народа, спрыяючы яго кансалідацыі і фарміраванню нацыянальнай ідэі.
Паўстанне на чале з К. Каліноўскім, акрамя іншага, не магло не прыцягнуць увагі міжнароднай, расійскай і польскай супольнасці да Беларусі і яе народа, што дало дадатковы стымул этнаграфічным даследаванням. Крапатлівая праца па збіранні і вывучэнні матэрыялаў аб беларусах, умовах і асаблівасцях іх пражывання, духоўных і матэрыяльных здабытках атрымалі прызнанне расійскай, што знайшло ўвасабленне ў стварэнні і дзейнасці Паўночна-Заходняга аддзялення Рускага геаграфічнага таварыства (1867-1875) з удзелам А. Семянтоўскага, П. Шэйна, Е. Раманава. Асноўны аб’ём даследчыцкай працы выконвалі мясцовыя навукоўцы. Так, І. Насовіч у ліку іншых буйных твораў выдаў грунтоўны “Слоўнік беларускай гаворкі” (1870). Актыўнай працай на ніве беларушчыны ў 1880-1890-х гг. вызначыліся М. Доўнар-Запольскі, М. Янчук, А. Багдановіч і іншыя. Прыкметным дасягненнем беларусазнаўства сярэдзіны 90-х гг ХІХ ст. зрабіўся твор М. Нікіфароўскага "Нарысы простонароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі і апісанне прадметаў ужытку (обихода)". Шэраг іншых прац навукоўцы асвятляў духоўнае жыццё беларусаў.
Нягледзячы на велізарныя дасягненні ў вывучэнні беларускага народа, у пэўных колах навуковай грамадскасці з’явілася думка аб ім як заходнім адгалінаванні “рускага племені”. З гэтай нагоды славуты этнограф, фалькларыст і археолаг, аўтар шматтомнага “Беларускага зборніка” і больш 200 прац Е. Раманаў патраціў шмат энергіі у абарону пункта гледжання аб беларусах як самабытным народзе.
Шматлікія матэрыялы этнаграфічнага характару актыўна друкаваліся на старонках «Могилёвских губернских ведомостей», “Минского листка”, “Минских губернских ведомостей».
5. Пачатак беларускага нацыянальна-культурнага адраджэння звязваюць са збіраннем і вывучэннем вуснай народнай творчасці – абрадавай паэзіі, эпічных твораў, прыслоўяў і інш. Яго пачынальнікамі былі шляхцічы або выхадцы з іх – інтэлігенты, прысвяціўшыя сваё жыццё служэнню Айчыне, пад якой разумелі Рэч Паспалітую. Пры гэтым ураджэнцы Беларусі хоць і знаходзіліся ў рэчышчы польскай ідэі, але шмат увагі надавалі сваёй “малой радзіме”, яе гісторыі і культуры яе народа. Аб’ектам асаблівага вывучэння гэтых людзей зрабілася народная творчасць і “простая” мова, таму невыпадкова, што з-пад іх пер’яў выходзілі арыгінальныя літаратурныя працы, якія сведчылі аб існаванні на Беларусі самабытнага народа з багатай духоўнай культурай. Адна з такіх – "Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях" выйшла ў 1846 г. Але яе аўтар – Ян Баршчэўскі (1794-1851) яшчэ не “саспеў” для таго, каб напісаць свой твор на мове таго народа, чые казкі і паданні ён выкарыстаў. Тым не менш апрацоўка і прапаганда беларускага фальклору спрыяла ўзнікненню новай літаратурнай мовы і самой нацыянальнай літаратуры.
У ліку першых яе заснавальнікаў быў Я. Чачот (1796 - 1847), які выдаў шэсць зборнікаў "Вясковых песень з-над Нёмана і Дзвіны", у тым ліку адзін (апошні) на беларускай мове. Акрамя таго, Я. Чачот апублікаваў два фальклорныя зборнікі з уласнымі беларускімі вершамі і тым паклаў пачатак новай беларускай літаратуры.
А. Рыпінскі (1811-1900) таксама актыўна вывучаў духоўную спадчыну беларусаў. У 1840 г. у Парыжы ім была выдадзена этнаграфічна-фальклорная праца "Беларусь", якой ён, акрамя іншага, сцвярджаў, што «мова беларуская не ёсць маскоўская”.
У. Сыракомля (Людвік Кандратовіч) (1823-1862) як паэт, фалькларыст і краязнавец пісаў па-польску і па-беларуску. У 1856 г. падрыхтаваў «Кароткае даследаванне мовы і характару паэзіі русінаў Мінскай правінцыі», а таксама краязнаўчыя працы «Мінск: беглы агляд сучаснага стану Мінску» (1857) і «Нёман ад вытокаў да вусця» (1861). З’яўляючыся свядомым удзельнікам польскага вызваленчага руху, у сваёй творах аб беларускай зямлі і яе людзях аддаваў перавагу польскай мове. Але, на яго думку, беларуская мова мела такія ж правы на існаванне ў літаратурным жыцці, як і любая іншая. У. Сыракомля падаў прыклад таго, напісаўшы вершы "Добрыя весці" (1848) і "Ўжо птушкі пяюць усюды" (1861).
Такім чынам, творам пачатку XIX ст. уласцівы рамантызм, якому характэрны свет пачуццяў, і сентыменталізм з яго павагай да духоўных і маральных каштоўнасцей.
В. Дунін-Марцінкевіч (1807-1884) як пісьменнік, паэт, драматург у большай ступені, чым яго папярэднікі, выкарыстоўваў у сваёй творчасці народную гаворку. Выдадзенае ў 1846 г. у Вільні лібрэта оперы "Сялянка” адбіла тыповую на той час карціну, калі паны гаварылі на польскай мове, а сяляне – на беларускай. Паэма "Гапон" (1855) – гэта ўжо першы цалкам беларускамоўны твор В. Дуніна-Марцінкевіча, але ў далейшых зборніках аўтара "Вечарніцы і Апантаны" (1855 г.), "Цікавішся? Прачытай!" (1856 г.), "Дудар беларускі, або Усяго патроху" (1857 г.) вершы, апавяданні і аповесці публікаваліся на абедзвюх мовах. Тым не менш беларускамоўныя творы ляглі ў падмурак нацыянальнай літаратуры. Цяга аўтара да беларускага фальклору, жывой народнай мовы знайшла яскравае ўвасабленне ў перакладзе твора класіка польскай паэзіі А. Міцкевіча “Пан Тадэвуш”. У многім намаганнямі В. Дуніна-Марцінкевіча народная мова губляла зняважлівы статус мужыцкай і знаходзіла ўсё больш выразны ўжытак у літаратурным працэсе. Аб тым жа сведчаць паэмы невядомых аўтараў(???) “Энеіда навыварат” і “Тарас на Парнасе” (сярэдзіна ХІХ ст.), выхад першай газеты на беларускай мове “Мужыцкая праўда” (1862-1863), асобных твораў К. Каліноўскага (1864)
Такім чынам, у першай палове XIX ст. намаганнямі мясцовай шляхецкай інтэлігенцыі быў закладзены падмурак беларускамоўнай літаратуры, але жорсткая палітыка царскіх улад на Беларусі, выкліканая паўстаннем 1863-1864 гг., акрамя іншага, істотна запаволіла развіццё беларускай літаратуры. У канцы 1860-х нешматлікія яе здабыткі папоўніліся паэмамі В. Дуніна-Марцінкевіча "Пінская шляхта" (1866) і "Залёты" (1870).
На рубяжы 1880-1890-х гг. на Беларусі з’явілася новая кагорта беларускіх інтэлігентаў шляхецкага паходжання, якія ў літаратурнай форме паспрабавалі ўзняць годнасць роднай зямлі і яе народа. А зрабіць гэта было даволі цяжка, паколькі цэнзура прапускала ў друк толькі тыя беларускія творы, якія адносіліся да фальклорнага жанру. Сама ж беларуская мова афіцыйна не прызнавалася.
Толькі напачатку 1890-х гг. у Кракаве пад псеўданімам Мацей Бурачок выйшаў у свет беларускамоўны твор «Дудка беларуская» (1891), а ў Познані пад псеўданімам Сымон Рэўка з-пад Барысава – «Смык беларускі» (1894), надрукаваныя лацініцай. Іх аўтарам быў Ф. Багушэвіч (1840-1900) – у поўным сэнсе першы беларускі паэт і пісьменнік. Асноўным і пастаянным аб’ектам яго творчасці з’яўляўся беларускі мужык, прыгнечаны панам і чыноўнікам. Пафас яго вершаваных зборнікаў быў звернуты непасрэдна да самога селяніна, яго годнасці і нацыянальнай свядомасці. Пры гэтым аўтар пераканаўча даводзіў, што тая мова, на якой напісаны вершы і вядзе размову беларускі народ, не “мужыцкая”, а такая ж “людская і панская” як і іншыя. Відавочна, прадмова да “Дудкі беларускай” выходзіла за межы ўласна паэзіі. Заклік Ф. Багушэвіча да чытачоў шанаваць сваю мову, яго словы аб шматвяковай гісторыі народа, спробы вызначэння тэрыторыю Беларусі ў геаграфічнай прасторы і тлумачэння яе назвы ўялялі сабой абрысы нацыянальнай ідэі. Такім чынам, Ф. Багушэвіч выступаў не толькі літаратарам, а змагаром за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне беларускага народа.
Беларускі паэт А. Гурыновіч (1869-1894) са сваім клопатам аб лепшый будучыні народа быў паслядоўнікам Ф. Багушэвіча. За сваё зусім кароткае жыццё ён істотна паспрыяў станаўленню беларускай літаратурнай мовы. Акрамя публікацыі ўласных вершаў лірычнага і грамадска-палітычнага зместу, паэт пераклаў на беларускую мову творы А. Пушкіна, М. Някрасава, А. Міцкевіча, А. Ажэшкі, I. Франко.
Свой істотны ўклад у развіццё літаратуры ўнеслі К. Кастравіцкі (Карусь Каганец), Ф. Тапчэўскі і першы беларускі байкапісец А. Абуховіч. Я. Лучына (I. Неслухоўскі) (1851-1897) пісаў свае шматлікія творы пра народ і для народа. Яго кнізе беларускіх вершаў “Вязанка” (1903), якая выйшла ў Пецярбургу, а таксама паэмам «Паляўнічыя акварэлькі», «Гануся», «Андрэй», «Віялета» ўласцівы тонкі лірызм, любоў да простага люду і Бацькаўшчыны. Такжа плённа і натхнёна Я. Лучына пісаў вершы на рускай і польскай мовах.
Такім чынам, адметнай рысай культурнага жыцця Беларусі ХІХ ст. з'яўлялася развіццё нацыянальнай літаратуры і беларускай мовы. Яе фарміраванне адбывалася пад уплывам польскага нацыянальна-вызваленчага і агульнадэмакратычнага руху. Таму яна ўвабрала ў сябе прагрэсіўныя элементы рускай, польскай і украінскай культур і з’яўлялася шматмоўнай.
Развіццё беларускай літаратуры ўвабрала ў сябе ўсе тагачасныя мастацкія стылі – рамантызм, сентыменталізм і рэалізму. Намаганнямі плеяды мясцовых патрыётаў у іх літаратурных творах рабіўся акцэнт на асаблівасцях “малой радзімы” і яе народа. Беларуская мова стала набываць самабытную каштоўнасць і стала гучаць у арыгінальных вершах. Дзякуючы намаганням В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, А. Гурыновіча, Я. Лучыны і некаторых іншых патрыётаў беларускай зямлі, у другой палове ХІХ ст. беларуская мова паступова пазбаўлялася непрывабнага статусу “мужыцкай”, актыўна выкарыстоўвалася ў нацыянальнай паэзіі, прозе і драматургіі і стала закладваць падмурак утварэнню мовы літаратурнай. Пад уздзеяннем нацыястваральных працэсаў, якія адбываліся ў 1870-1890-х гг., беларуская літаратура фарміравала нацыянальную самасвядомасць і адыгрывала кансалідуючую ролю. Канчатковае фарміраванне беларускай літаратурнай мовы завяршылася ў пачатку ХХ стагоддзя.
6. З 1803 па 1832 гг. аддзяленне прыгожых мастацтваў факультэта літаратуры і мастацтва Віленскага універсітэта заставалася адзіным цэнтрам падрыхтоўкі мастакоў, скульптараў і гравёраў на Беларусі. Вялікім аўтарытэтам у навучэнцаў карысталіся прафесары Ф. Смуглевіч і Я. Рустэм. Пасля закрыцця універсітэта (1832 г.) здольная моладзь мусіла ехаць у Пецярбург.
Асноўным напрамкам мастацтва канца XVIII - першай паловы XIX ст. быў класіцызм. Ранейшая перавага ў ім рэлігійнай тэматыкі ўжо не задавальняла тых мастакоў, якія былі цесна звязаны з Рэччу Паспалітай, яе гісторыяй і людзьмі. Невыпадкова таму ў першай пал. XIX ст. гістарычны і партрэтны жанры сталі пераважаць у беларускім жывапісе. Новы мастацкі стыль – рамантызм толькі спрыяе адбіццю нацыянальнага ідэала.
Да ліку лепшых прадстаўнікоў партрэтнага жанру першай паловы ХІХ ст. адносяць І. Аляшкевіча (1777-1830), аўтара партрэтаў А. Міцкевіча, А. Чартарыйскага, Г. Ржавускага, Л. Сапегі, М. Радзівіла.
Адыход ад канонаў класіцызму быў уласцівы таксама мастакам віленскай школы, у тым ліку В. Ваньковічу (1800-1842) – аўтару рэалістычных партрэтаў паэта А. Міцкевіча і піяністкі М. Шыманоўскай; карцін «Напалеон каля вогнішча», «Дзева Марыя Вострабрамская», «Мадонна з дзіцем»; шматлікіх партрэтаў-мініяцюр. Адным з лепшых прадстаўнікоў партрэтнага жывапісу быў І. Хруцкі (1810-1885). За карціну “Старая, якая вяжа шкарпэткі”, мастак атрымаў малы залаты медаль Акадэміі. Напісаныя ім партрэты жонкі, мітрапаліта Я. Сямашкі і інш. былі высока ацэнены грамадствам. У 1839 г. яму было прысуджана званне акадэміка жывапісу.
Выдатна спалучаў элементы партрэтнага і батальнага жанраў, і разам з імі – класічнага і рамантычнага стыляў мастак Я. Дамель (1780-1840). Яго карцінам "Смерць Глінскага ў няволі", "Вызваленне Касцюшкі з цямніцы", "Адступленне французаў праз Вільню ў 1812 г." "Цар Аляксандр I падпісвае ў Вільні амністыю", “Хрышчэнне славян” уласціва пэўная гераізацыя падзей, пафаснасць, пачуццё годнасці за старонкі слаўнай гісторыі.
Гістарычны жанр распрацоўваў таксама мастак, этнограф і кампазітар Н. Орда (1807-1883). Але яшчэ большага поспеху ён дасягнуў у жанры пейзажу. Карціны «Лагойск», «Крыжоўка», «Руіны замка ў Лідзе», «Мір», «Нясвіж», «Белая Вежа», а таксама больш 500 акварэляў і малюнкаў з натуры прынеслі яму вялікую вядомасць.
Да майстроў пейзажнага жывапісу Беларусі першай паловы XIX ст. належаў В. Дмахоўскі (1805-1862). Яго творы – "Радзіма", "Возера Свіцязь", "Заход сонца", “Начлег” вылучаюцца сярод іншых сваімі велічнымі і паэтычнымі кампазіцыямі, вытанчонасцю малюнка.
Майстрам бытавога жанру быў выпускнік Пецярбургскай акадэміі мас-тацтваў Н. Селівановіч (1830-1918). Найбольш вядомымі яго творамі былі псіхалагічны партрэт “Пастух”, "Дзеці на двары", "У школу", "Дзяўчынка", Н. Селівановіч браў удзел ў афармленні інтэр’ера Ісакіеўскага сабора ў Пецярбургу. За мазаічную кампазіцыю "Тайная вячэра" яму было прысвоена званне акадэміка.
На Беларусі цэнтрам прафесійнай прафесійнай падрыхтоўкі мастакоў зрабілася створаная ў 1866 г. Віленская рысавальная школа на чале І. Трутнева???, вядомага мастака і патрыёта беларускай зямлі. Пэўны ўплыў на беларускіх майстроў жывапісу аказвалі рускія мастакі, якія пэўны час пражывалі на Беларусі. Так, І. Я. Рэпін плённа працаваў у сваім маёнтку Здраўнёва на Віцебшчыне. У 1899 г. яго творы ў экспазіцыі іншых мастакоў-перасоўнікаў выстаўляліся ў Мінску. І. Я. Рэпін дапамог некалькім здольным мастакам набыць прафесійную адукацыю ў сталіцы.
У 1890-я гг. былі заснаваны мастацкія школы В. Мааса ў Мінску і Ю. Пэна ў Віцебску, у пачатку ХХ ст. – у Магілёве. У 1890-я гг. пачаўся творчы шлях славутагага беларускага жывапісца В. Бялыніцкага-Бірулі (1872-1957). Напісаная ім у 1892 г. карціна “З аколіц Пяцігорска” была набыта Траццякоўскай галерэяй.
Далучэнне Беларусі да Расійскай імперыі супала ў часе са зменамі ў архітэктурных стылях. Так, разам з познім (віленскім) барока, з уласцівай яму пампезнасцю, ляпнінай, скульптурнымі ўпрыгожван-нямі і інш. узнікае мода на класіцызм, які вылучаецца з іншых стыляў геаметрычнасцю ліній і аб’ёмаў (квадрат, ромб, трохкутнік, куб, шар), выкарыстаннем антычных формаў. Рысы пераходнага ад барока да класіцызму стыляў спалучылі ў сабе палацы ў Ружанах, Шчорсах, Дзярэчыне, сабор Св. Іосіфа ў Магілёве і інш.
Палац-рэзідэнцыя графа М. Румянцава і сабор Пятра і Паўла ў Гомелі, Прэабражэнская царква ў Чэрыкаве, касцёл у Шчучыне і інш. ужо не захоўвалі рэшткаў барока. Па такім жа класічным прынцыпе праектавалася далейшае развіццё беларускіх гарадоў (прамавугольная сістэма планіроўкі, кампазіцыйная вось, грамадскі цэнтр, плошчы і вуліцы).
Але класіцызм не зрабіўся пануючым стылем. З сярэдзіны XIX ст. яго паступова замяняе рамантызм з уласцівай яму эклектыкай – спалучэннем розных стыляў. Ідучы насустрач пажаданням заможных заказчыкаў, архітэктары спалучалі ў адным праекце элементы готыкі, рэнесансу, барока і г. д. Так, касцёл святой Варвары ў Віцебску выкананы з элементамі готыкі, царква на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці ў Візантыйскім стылі і г. д..
Прыкметнай з’явай у архітэктуры Беларусі канца XIX – пачатку ХХ стст. стала распаўсюджанне новага мастацкага стылю – мадэрн з уласцівым яму пераплеценнем ліній, асіметрыяй, багатым дэкорам. Ім аздабляліся чыгуначныя вакзалы, банкі, даходныя дамы і інш.
Антыпольская палітыка царызму пакідала свой адбітак на развіцці архітэктуры. Так, пасля паўстанняў 1830-1831 гг. і 1863-1864 гг. будаўніцтва каталіцкіх храмаў было запаволена, а уніяцкіх – зусім перапынена. Пры гэтым частка зачыненыя храмы перадаваліся ў карыстанне праваслаўнай канфесіі. Хваля русіфікацыя на Беларусі, распачатая пасля падаўлення паўстання К. Каліноўскага, паўплывала на пашырэнне колькасці праваслаўных храмаў (“мураўёвак”) у так званым неарускім або псеўдарускім стылі.
У пачатку XIX ст. у маёнтках буйных магнатаў працягвалі дзейнічаць прыватныя тэатры з прыгоннымі артыстамі. Неўзабаве сцэнічнае мастацтва стала набываць камерцыйны характар. Але ў 1830-я гг. у губернскіх і буйных павятовых цэнтрах пачынаюць з'яўляюцца тэатры прыватнай антрэпрызы, якія ладзілі гастрольныя выступленні ў навакольных гарадах, мястэчках. Вялікую папулярнасць мелі ў той час тэатральная трупа Мараўскага з Вільні, Саламеі Дзешнер з Гродна, Кажынскага з Мінска. У іх рэпертуары былі п’есы заходнееўрапейскіх і рускіх аўтараў.
У адпаведнасці з тэатральнай рэформай ў 1846-1847 гг. дзейнасць вандроўных труп забаранялася, а ў губернскіх гарадах засноўваліся пастаянныя тэатры на чале з адмысловымі дырэкцыямі.
Пачатак беларускага нацыянальнага тэатра быў пакладзены членамі музычна-драматычнага гуртка на чале з В. Дуніным-Марцінкевічам, якія 23 верасня 1841г. арганізавалі паказ камічнай оперы «Рэкруцкі яўрэйскі набор». Музыку для яе напісалі С. Манюшка і К. Кжыжаноўскі, а лібрэта – В. Дунін-Марцінкевіч. 9 лютага 1852 г. у гарадскім тэатры мінскія аматары паставілі наступную камічную оперу «Ідылія» (“Сялянка”). У далейшым гурткоўцы ставілі яе ў Бабруйску, Нясвіжы, Слуцку.
Разам з нацыянальным тэатрам узнікла і пачало развівацца нацыянальнае музычнае мастацтва. Яго заснавальнікам з’яўляўся славуты кампазітар, аўтар музыкі “Сялянкі” С. Манюшка (1819-1872). Цэнтрамі музычнага жыцця Беларусі з’яўляліся Мінск, Віцебск, Гродна, Магілёў, Бабруйск, Пінск. У рэпертуары прафесійных труп і музыкантаў-аматараў былі творы заходнееўрапейскіх, рускіх і беларускіх кампазітараў. На Беларусі добра ведалі музычныя творы заходнееўрапейскіх кампазітараў. Сярод мясцовых аўтараў асобай папулярнасцю карыстаўся Міхал Клеафас Агінскі, які сачыніў больш 60 музычных твораў, у тым ліку паланэз «Развітанне з Радзімай». Неўміручую славу пакінулі пасля сябе кампазітары С. Манюшка і Ф. Міладоўскі, збіральнік беларускага фальклору і кіраўнік імператарскіх тэатраў В. Казлоўскі.
Барацьба царскіх улад, распачатая пасля падаўлення паўстання 1863-1864 г. і скіраваная супраць польскага ўплыву на Беларусі, закранула і тэатральнае мастацтва. У выніку, усе польскамоўныя сцэнічныя пастаноўкі былі забаронены. Малады беларускі тэатр таксама перыпыніў сваё існаванне.
Выразнай рысай тэатральнага мастацтва на Беларусі ў 1860-90-я гг. стала развіццё аматарскіх гурткоў у Горках, Рагачове, Навагрудку, Пінску, Барысаве, Слуцку, Клімавічах Брэсце, Полацку, Слоніме, Лідзе, Бабруйску, Вілейцы, Ашмянах. У Мінску, у памяшканні Дваранскага сходу артысты- аматары ставілі драматычныя п'есы. А 5 чэрвеня 1890 г. у горадзе быў узведзены будынак пастаяннага тэатра.
У рэпертуары пераважалі п’есы дэмакратычнага характару, у жанры крытычнага рэалізму, напісаныя М. Гогалем, А. Сухаво-Кабыліным, А. Астроўскім і інш.
Вялікі ўклад у станаўленне беларускага музычнага мастацтва ўнеслі этнографы і фалькларысты, у тым ліку П. Шэйн. Выдадзены ім трохтомнік “Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края" (1887-1902) утрымліваў шмат самых разнастайных песень. У 1880-1890-я гг. убачылі свет зборнікі М. Янчука "Белорусские песни Минской губернии" і А. Чэрні "Песни белорусские". Песеннае багацце беларуса знайшло асвятленне ў даследваннях П. Шпілеўскага, А. Дабравольскага, П. Бяссонава.
З цягам часу дасягненні беларусазнаўства, акрамя іншага, выйшлі за межы іх навуковага выкарыстання і зрабіліся здабыткам творчай музычнай інтэлігенцыі. Дзякуючы ёй, беларускія песні ўздымаліся да вяршынь духоўнай культуры. Яны ўключаліся ў рэпертуар прафесійных артыстаў і дэманстраваліся ў канцэртных залах Расіі і замежжа. Беларускія песенныя матывы гучалі ў творах рускіх кампазітараў М. Рымскага-Корсакава, М. Мусаргскага, А. Глазунова.
Станоўчае ўздзеянне на развіццё духоўнай культуры аказвалі аб’яднанні аматараў музыкі і прыгожых мастацтваў, якія дзейнічалі ў Мінку, Гродне, Віцебску, Полацку, Брэсце, Бабруйску. Іх намаганнямі адбывалася прапаганда лепшых узораў культуры, выяўленне мясцовых талентаў, укараненне у грамадства высокіх мастацкіх густаў. Таму ж спрыялі гастролі у беларускія гарады славутых расійскіх майстроў – С. Рахманінава, Ф. Шаляпіна, аркестра рускіх народных інструментаў пад кіраўніцтвам Андрэева.
Паказчыкам уздыму музычнага мастацтва на Беларусі варта назваць з’яўленне мясцовых прафесійных музыкантаў-кампазітараў – Ф. Міладоўскага, М. Ельскага, І. Глінскага, М. Чуркіна і В. Залатарова. Пэўныя перспектывы ў плане павелічэння іх колькасці звязваліся і з адкрыццём у 1894 г. першай музычнай школы ў Мінску.
Наогул, другая палова XIX ст. была важным перыядам у развіцці беларускага выканаўчага вакальнай і музычнай культуры. Праўда, па прычыне невялікай колькасці беларускай інтэлігенцыі, доля ў ім уласна беларускага нацыянальнага мастацтва была яшчэ невялікай. Разам з тым, той факт, што беларуская песня трапіла ў сферу высокага мастацтва, акрамя іншага, сведчыў аб паскарэнні працэсу кансалідацыі беларускай нацыі.
Такім чынам, палітыка расійскага самадзяржаўя ў галіне культуры на беларускіх землях характарызавалася імкненне абмежаваць уздзеянне польскамоўнай асветы і каталіцкай веры на хрысціянскае насельніцтва. Па прычыне забароны беларускага друку да 1889 г. на Беларусі не выйшла ніводнага мастацкага твора на мове падаўляючай большасці яе насельніцтва. У той самы час царызм усебакова спрыяў пашырэнню і ўкараненню рускай асветы, праваслаўя, дзяржаўнай ідэалогіі, іншых маральных каштоўнасцяў. Важнейшай з’явай у культурным жыцці Беларусі ў ХІХ ст. стала фарміраванне беларускай літаратуры і беларускай літаратурнай мовы, што абумовіла паступовую кансалідацыю духоўных сіл народа і фарміраванне беларускай нацыі.
7. Эканамічны ўздым Расійскай імперыі, які назіраўся ў пачатку ХХ ст., стварыў магчымасць для вырашэння шэрагу ўрадавых сацыяльных праграм, у тым ліку ў галіне народнай адукацыі. У выніку на Беларусі да пачатку вайны колькасць пачатковых школ узрасла больш, чым у 3, 5 – з 1314 да 4784, а навучэнцаў – у 3 (з 106 196 да 304 745).
Станоўчыя зрухі ў паляпшэнні адукацыйнай сферы тлумачыліся і ўтварэннем земстваў у Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губернях, якія ўзялі на сябе частку гэтай справы. Колькасць царкоўна-прыход-скіх школ і школ граматы хоць і набыла тэндэнцыю да скарачэння, але да 1914 г. яшчэ заста-ва-лася даволі значнай – 2 643 устаноў з колькасцю навучэнцаў каля 130 тыс. Але, нягледзячы на дзейсную адукацыйную палітыку ўрада, у 1911 годзе толькі 18,4% дзяцей школьнага ўзросту маглі наведваць школу. Узросшы прэстыж адукацыі, недахоп месцаў у школах прымушалі бацькоў іншыя шляхі навучання сваіх дзяцей – з дапамогай хатніх настаўнікаў або ў так званых “тайных школах”. Царскія ўлады вялі ба-рацьбу супраць нелегальных навучальных устаноў. Так, у Слуцкім павеце за тры рэвалюцыйныя гады было ліквідавана 72 тайныя школы.
Беларускія настаўнікі разумелі важнасць навучання дзяцей на іх роднай мове. Паводле Закона Расійскай імперыі (1906), па прычыне прыналежнасці беларусаў і ўкраінцаў да адзінага рускага народа ім забаранялася мець іншамоўныя навучальныя ўстановы, а католікам-беларусам належала вывучаць Закон Божы не на польскай, як раней, а на рускай мове.
Украінскія і беларускія дзеячы няспынна выступалі за адкрыццё нацыянальных школ. У Пецярбургу з выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца», у 1905 г. выйшлі першыя буквары для беларускіх дзяцей на лацінцы (укладальнік В. Іваноўскі) і кірыліцы (К. Каганец). А. Пашкевіч (Цётка) выдала кнігі – “Гасцінец для малых дзяцей”, “Беларускі лемантар", "Першае чытанне для дзетак беларусаў". Тым не менш ні ўрадавая палітыка, ні пануючая грамадская думка аб беларусах не пакідала перспектыў на хуткае ўтварэнне пачатковай беларускай школы. Беларуская мова па-ранейшаму ігнаравалася як свецкімі, так і духоўнымі (каталіцкімі і праваслаўнымі) структурамі.
Што датычыць устаноў сярэдняй адукацыі, то ў 1905 г. на Беларусі дзейнічала 10 мужчынскіх і 12 жаночых гімназій, адно камерцыйнае, пяць рэальных вучылішч, адна мужчынская прагімназія і каля 60 прыватных навучальных устаноў з агульнай колькасцю 22 810 навучэнцаў. Да пачатку сусветнай вайны колькасць устаноў адукацыі гэтага кшталту перавышала 120 адзінак, а навучэнцаў – 31 000.
Развіццё буржуазнага грамадства і капіталістычных адносін запатрабавала пашырэння сеткі спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Да пачатку XX ст. яна ўключала школы і вучылішчы па падрыхтоўцы спецыялістаў ніжэйшага звяна для харчовай, лесагаспадарчай і лёгкай прамысловасці, чыгункі і інш. У пачатку XX ст. у прыватных і дзяржаўных навучальных установах Ма-гілёве, Гродна, Мінску, Віцебску можна было атрымаць прафесію фельчара-акушэра. З 1909 г. і да пачатку вайны зубалячэбную школу ў Мінску скончылі 420 чал.
Павелічэнне колькасці школ запатрабавала ўдасканалення сістэмы падрыхтоўкі настаўнікаў. Так, для патрэб ніжэйшай пачатковай школы былі адкрыты новыя настаўніцкія семінарыі – дзве мужчынскія – Рагачоўская і Гомельская, а таксама тры жаночыя – Аршанская, Барысаўская і Бабруйская. Пэўную колькасць настаўнікаў выпускалі праваслаўныя духоўныя семінарыі Віцебска, Магілёва, Мінска. Для навучальных устаноў больш высокага ўзроўню прызначаліся адкрытыя гэтых жа гарадах настаўніцкія інстытуты. У 1911 г. пачало дзейнічаць Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута, якое давала студэнтам няпоўную вышэйшую адукацыю.
Такім чынам, напярэдадні вайны ў сярэднеспецыяльных навучальных установах вучылася каля 1 400 чал.
Адсутнасць на Беларусі вышэйшых навучальных устаноў прымушала выпускнікоў гімназій, рэальных вучылішч, настаўніцкіх інстытутаў набываць вышэйшую адукацыю ў іншых рэгіёнах імперыі. І далёка не ўсе, хто атрымліваў яе, вяртаўся ў родныя мясціны. У сваю чаргу выпускнікі расійскіх вну, якія накіроўваліся ў беларускія губерні, складалі асноўны касцяк мясцовай інтэлігенцыі і безумоўна звязвалі сябе з рускай культурай. Па сваім стаўленні да нацыянальнага пытання большая яе частка стаяла на вялікадзяржаўных пазіцыях.
Уласна беларуская інтэлігенцыя Беларусі, якая да сярэдзіны ХІХ ст. пачала складвацца з прадстаўнікоў збяднелай шляхты, у пачатку ХХ ст. стала папаўняцца за кошт выхадцаў з вёскі, якія здолелі атрымаць дастаткова грунтоўную адукацыю, каб свядома ўстаць на барацьбу за нацыянальныя ідэалы.
Пачатак ХХ ст. выявіў узрастанне цікавасці грамадства да асветы, навукі і культуры. Існуючыя на той час навуковыя ўстановы – Беняконская сельскагаспадарчая (Віленская губ.) і Балотная станцыя ў Мінску – не маглі задаволіць яго патрэб. Менавіта таму інтэлігенцыя, чыноўніцтва, прафесійныя навукоўцы, проста энтузіясты губернскіх і буйных павятовых (Гомель, Брэст, Бабруйск) гарадоў гуртаваліся ў культурна-асветныя таварыствы педагагічнага, медыцынскага, прыродазнаўчага і інш. кшталту. Сваё прызначэнне яны бачылі не толькі ў прапагандзе ведаў, але і ў агульным павышэнні маральнага ўзроўню грамадства. Намаганнямі інтэлігенцыі ў Мінску была створана першая публічная бібліятэка імя А. Пушкіна (1900). Да 1917 г. на Беларусі выходзіла каля 20 прыродазнаўчых выданняў – па медыцыне, балотазнаўстве, лесаводстве, чыгуначным транспарце і г.д.
Не зніжалася ўвага да вывучэння Беларусі. У Віцебску і Смаленску працавалі вучоныя архіўныя камісіі, у Вільні – Паўночна-Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства, у Магілёве – Таварыства вывучэння Беларускага краю. У губернскіх гарадах былі адкрыты краязнаўчыя музеі. У 1912 г. узнікла Мінскае таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі.
Адной з прычын павышэння цікавасці грамадства да культуры беларускага народа і яго мінуўшчыны стала развіццё этнаграфія і краязнаўства. Па-ранейшаму вялікі ўклад у вывучэнне і папулярызацыю духоўнай культуры беларускага народа ўносілі навукоўцы, якія яшчэ ў мінулым стагоддзі набылі вялікую вядомасць. У 1912 г Е. Раманаў завяршыў 9-томнаге выданне "Беларускага зборніка" – свайго кшталту энцыклапедыі жыцця і побыту беларускага сялянства. Узбагацілі беларускую фалькларыстыку і этнаграфію М. Доўнар-Запольскі і І. Сербаў.
Сусветную вядомасць прынесла Я. Карскаму фундаментальнае выданне пад назвай «Беларусы» (тры тамы ў сямі частках). Даследуючы беларускую вусную народную творчасць, прасачыў яе эвалюцыю з паганскіх часоў да ХХ стагоддзя. На багацейшым фактычным матэрыяле Я. Карскаму ўдалося пераканаўча даказаць этнічную самабытнасць беларускага народа.
Нарэшце важнейшым дасягненнем навукі стала выданне В. Ластоўскім у 1910 г. “Кароткай гісторыі Беларусі” – першага твора аб беларускай мінуўшчыне. У выніку з’яўлення ў друку азначаных твораў Е. Раманава, М. Доўнар-Запольскага, Я. Карскага, В. Ластоўскага грамадская цікавасць да беларускай культуры і гісторыі і да самога народа значна ўзрасла. Разам з тым расстаноўка сіл у ідэйнай барацьбе па беларускім пытанні істотна змянілася на карысць шчырых прыхільнікаў ідэі самастойнага шляху развіцця беларусаў. Такім чынам, дасягненні этнаграфіі, фалькларыстыкі, гісторыі як сістэма навуковых поглядаў спрыялі ўмацаванню нацыянальнай свядомасці, асэнсаванню свайго месца паміж іншымі народамі і перспектывы далейшага развіцця.
Ва ўмовах фарміравання беларускай нацыі здабыткі беларусазнаўства, жывая энергія членаў навуковых таварыстваў і асобных энтузіястаў з’яўляліся каталізатарам гэтага працэсу, значным сродкам абуджэння самога народа на шляху да барацьбы за нацыянальную школу, сацыяльную свабоду і палітычную самастойнасць.
Дэмакратычныя заваёвы рэвалюцыі 1905 г. далі магчымасць беларускім дзеячам распачаць барацьбу за нацыянальна-культурнае адраджэнне беларускага народа, яго афіцыйнае і грамадскае прызнанне, сацыяльнае і палітычнае вызваленне. У ліку самых істотных перашкод на шляху да рэалізацыі азначаных мэтаў з’яўлялася нізкі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці большасці беларускага народа; забарона беларускай мовы як сродка навучання і прадмета вывучэння ў школах, незапатрабаванасць яе ў міжнацыянальных стасунках; незамацаванасць беларускай літаратурнай мовы.
У тых умовах памяняць моўнае становішча да лепшага маглі толькі су-месныя намаганні патрыятычнай інтэлігенцыі, аб’яднанай вакол адзінага каардынуючага нацыянальнага цэнтра. Яго функцыі ўзяла на сябе рэдакцыя газета “Наша Ніва”. Выкарыстаўшы павучальны вопыт першай легальнай беларускай газеты “Наша Доля” (1 верасня-1 снежня 1906 г.) зачыненай царызмам за антыўрадавыя выступленні, нашаніўцы пазбягалі рэвалюцыйных мэтаў і засяродзілі сваю энергію на збіранне нацыянальных сіл беларускага народа, на адраджэнне яго былой славы і годнасці.
На ўсім працягу свайго існавання з 1906 па 1915 гг., ад першага і да апошняга нумара важнейшая ўвага надавалася абароне права беларускага народа на выкарыстанне і развіццё сваёй мовы і нацыянальнай культуры. Змястоўныя тэарэтычныя доказы беларускай самабытнасці, прапаганда гістарычных звестак і дасягненняў беларусазнаўства, масавая падтрымка суайчыннікаў з усіх куткоў Расійскай імперыі, далёкага і блізкага замежжа, усё гэта і іншае выклікала шалёную нянавісць рускіх і польскіх шавіністаў, а таксама мясцовых беларусаў, апантаных заходнерусізмам або польскай ідэяй.
Пазіцыя “Нашай Нівы” выклікала незадавальненне і царскіх улад, якія забаранілі настаўнікам і вучням Віленскай акругі, святарам, а таксама дзяржаўным служачым, яе выпіску. Вялікарускія і “вялікапольскія” шавіністычныя выданні, кожнае са сваімі абвінавачаннямі, таксама ўсімі сіламі імкнуліся дыскрэдыдатаваць яе і пазбавіць народнай падтрымкі. Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы сваёй дзейнасці, газета да сваіх чытачоў думку аб еднасці ўсіх беларусаў – і праваслаўных, і католікаў, незалежна ад веравызнання, і з гэтай нагоды метадычна прапагандавала ідэю ўтварэння беларускай школы, увядзення роднай мовы ў навучальныя ўстановы, царкву і касцёл.
Выступленні “нашаніўцаў” падтрымалі тыя, хто падзяляў яе погляды на мову як вышэйшую нацыянальную каштоўнасць. У выніку старонкі газеты сталі запаўняцца не толькі карэспандэнцыяй з месцаў, а натхнёнымі вершамі і апавяданнямі. Так, з 1906 па 1909 гг. "Наша ніва" надрукавала творы 61 паэта і 36 празаікаў. Нашаніўцы пастаянна пашыралі сферу выкарыстання друкаванага беларускага слова. Так, з 1910 г. яны сталі выдаваць "Беларускі каляндар", з вясны 1912 г. – сельскагаспадарчы часопіс “Саха” (рэдактар А. Уласаў), са снежня 1913 – штомесячнік для моладзі “Лучынка” (рэдактар А. Пашкевіч)
За амаль 9-гадовы час існавання “Наша Ніва” здзейсніла велізарную культурна-асветніцкую, ідэйную, інтэграцыйна-кансалідуючую працу. Змагаючыся за пашырэнне сферы выкарыстання беларускай мовы, газета значна ўзняла яе статус як мовы новай беларускай літаратуры. На яе старонках раскрылі свой талент Я. Купала, Я. Колас, Цётка, М. Гарэцкі, М. Багдановіч і інш.
Менавіта ў надрукаваных тут у 1907 г. радках Я. Купалы ў паэтычнай форма выкрышталізавалася нацыянальная ідэя. І менавіта “Наша Ніва” выкрывала антыбеларускія захады “заходнерусістаў” і польскіх шавіністаў, заклікала беларусаў розных канфесій да яднання.
Газета з’яўлялася адзіным цэнтрам прапаганды беларускай культуры, фарміравання сістэмы духоўных каштоўнасцяў беларусаў, агітацыі за стварэнне беларускай школы мастацтваў.Змешчаныя ў “Нашай Ніве” матэрыялы па гісторыі Беларусі спрыялі абуджэнню гістарычный памяці беларусаў і ўмацаванню нацыянальнай свядомасці, натхнялі да збірання і умацавання традыцый і звычаяў. У практычным сэнсе “Наша Ніва” у многім паспрыяла заснаванню нацыянальнага прафесійнага тэатра, школы беларускай музыкі, танца.
“Наша Ніва” як ніякая іншая – па мове, зместу, прызначэнні – была народнай газетай. Яна вяртала народу гістарычную памяць, узняла яго мову да ўзроўню паэзіі, наблізіла час, каб ён мог “людзьмі звацца”.
Пачатак ХХ стагоддзя – час канчатковага фарміравання беларускай літаратурнай мовы. Беларускія літаратары абапіралася на здабыткі сваіх папярэднікаў – В. Дуніна-Марцінкевіча, К. Каліноўскага, Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны, А. Гурыновіча і інш. Яны перанялі і развілі ідэі сацыяльнага вызвалення народа, сцвярджэння яго годнасці, прызнання яго мовы і заваёвы права на вольнае развіццё. Гэтыя ідэі, адбітыя ў паэзіі, прозе, крытыцы і публіцыстыцы, азнаменавалі пачатак нацыянальнага адраджэння.
Развіццю беларускай літаратуры істотна паспрыяла скасаванне абмежаванняў на друк іншамоўных твораў, заснаванне беларускіх выдавецтваў, накшталт «Загляне сонца і ў наша ваконца», а таксама агульнарасійскі рэвалюцыйны рух. У ліку першых свае зборнікі вершаў "Скрыпка беларуская" і "Хрэст на свабоду" выдала А. Пашкевіч (Цётка).
У маі 1905 г. вершам “Мужык” абвясціў аб сабе адзін з заснавальнікаў беларускай літаратуры Я. Купала (І. Д. Луцэвіч) (1882-1942). У 1908 г. ён выдаў свой першы зборнік вершаў “Жалейка”, а ў 1913 г. самы значны паэтычны зборнік – “Шляхам жыцця”. Сваімі паэмамі “Курган”, “Бандароўна” Я. Купала заклаў падмурак нацыянальнага эпасу, а яго п’есы “Паўлінка” і "Раскіданае гняздо" значна ўзбагацілі беларускую драматургію. Дзякуючы намаганням Я. Купалы, новая беларуская літаратура набыла выразна народны характар і выступіла магутным сродкам нацыянальна-культурнага адраджэння.
Таксама заснавальнікам новай беларускай літаратуры па праву лічыцца Я. Колас (К. М. Міцкевіч) (1882-1856). У 1906 г. быў надрукаваны яго першы верш “Наш родны край”, у 1910 г. – першы вершаваны зборнік “Песні жальбы”, у 1912 і 1914 гг. – зборнікі прозы “Апавяданні” і “Родныя з’явы”. Разам з Я. Купалам Я. Колас лічыцца заснавальнікам беларускай літаратурнай мовы.
М. Багдановіч (1891-1917) паспеў выдаць толькі адзін зборнік вершаў “Вянок” (1914), але па іх лірычнасці, вобразнасці, патрыятычнасці яны не мелі сабе роўных. Акрамя таго, у творах «Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасці да ХVІ сталецця» (1911), «Новый период в истории белорусской литературы» (1912), «Белорусское возрождение» (1914). М. Багдановіч даследаваў гісторыю беларускага пісьменства і заклаў трывалыя асновы нацыянальнага літаратуразнаўства і прафесійнай крытыкі.
Акрамя Цёткі, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, на пачатку стагоддзя выявілася кагорта такіх паэтаў і празаікаў як К. Буйло, 3. Бядуля, Ц. Гартны, А. Гарун, М. Гарэцкі, Я. Журба, К. Каганец, С. Палуян, Ядвігін Ш. і інш. Амаль усе яны згуртаваліся вакол “Нашай Нівы”. Усіх іх яднала любоў да Айчыны, жаданне праз нацыянальнае адраджэнне прывесці беларускі народ да сацыяльнага вызвалення, зрабіць яго роўным сярод роўных. Сваёй творчасцю літаратары імкнуліся абудзіць нацыянальную свядомасць і сацыяльную годнасць беларусаў, скіраваць іх у рэчышча барацьбы за лепшую долю. Лейтматывам твораў гучыць заклік любіць свабоду, родны край і мову. Сялянам пастаянна даводзілася, што яны – беларусы, іх Бацькаўшчына – Беларусь са славутым мінулым, а іх мова не толькі “мужыцкая” і калісьці была дзяржаўнай. Пры гэтым мастацкі ўзровень беларускіх твораў дасягае высокага ўзроўню. Яны набываюць паўнавартую сілу, перакладаюцца на іншыя мовы, узбагачаюць агульначалавечую культуру. Адначасова беларускія літаратары – Я. Купала, Я. Колас, М. Багдановіч і інш. актыўна і шмат перакладаюць на сваю мову лепшыя мастацкія творы сучаснасці.
Станоўчыя зрухі ў нацыянальна-культурным адраджэнні абумовілі попыт на беларускую літаратуру. Таму спрыялі кніжныя выдавецтвы ў Пецярбургу (“Загляне сонца і ў наша ваконца”), Вільні ("Наша Ніва", "Наша хата" і "Палачанін" “Беларускае выдавецкае таварыства”), Мінску (“Мінчук”) і інш. У выніку ў 1908 - 1914 гг. выйшлі 77 назваў беларускіх кніг агульным накладам 226 600 экз.
Тэатральнае мастацтва Беларусі вырастала з народнай творчасці. На пачатку XX ст. у Мінску, Гродне, Полацку, Слуцку, Дзісне, Давід-Гарадку, Радашковічах, Карэлічах і інш. дзейнічалі аматарскія тэатры. У многіх населеных пунктах інтэлігенцыя ладзіла “беларускія вечарыны”, на якіх выконваліся народныя песні і танцы, дэкламаваліся вершы Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, Я. Коласа, ставіліся невялічкія п'есы. Адным з ініцыятараў "беларускіх вечарынак" быў І. Буйніцкі (1861-1917), землямер па прафесіі. У 1907 г. на свае сродкі ён арганізаваў у Палевічах (Дзісенскі павет) аматарскі тэатр пад назвай «Першая беларуская трупа Ігнація Буйніцкага». У 1910 г. яна ўжо складалася з хору, танцавальнага калектыву і драматычнай групы і пачала выступаць на прафесійнай аснове, гастралюючы па Беларусі і іншых рэгіёнах імперыі. У рэпертуары артыстаў былі беларускія песні, танцы, п’есы рускіх, польскіх, украінскіх, беларускіх аўтараў. Іх прафесійная пастаноўка і выкананне, акрамя эстэтычнага задавальнення, выклікала ў гледачоў Пецярбурга, Варшавы і іншых гарадоў цікавасць да беларускіх выканаўцаў і пераконвала ў існаванні нацыянальнай культуры. Іншая справа, што царскія ўлады непрыхільна ставіліся да беларускіх артыстаў і часам чынілі ім перашкоды, што ў сукупнасці з фінансавымі цяжкасцямі прымусіла І. Буйніцкага ў 1913 г. распусціць трупу.
Да ліку заснавальнікаў беларускага прафесійнага тэатра адносіцца А. Бурбіс (1885-1922), які арганізаваў у 1910 г. у Вільні музычна-драматычны гурток. Рэпертуар складаўся з драматычных твораў рускіх, украінскіх і беларускіх аўтараў з фальклорна-этнаграфічнымі элементамі. На Купалле гурток ладзіў нацыянальныя тэатралізаваныя прадстаўленні. У 1912 г. артысты ўпершыню паставілі п’есу Я. Купалы “Паўлінка”. Але творчасць трупы была непрацяглай.
Наступная, удалая спроба стварэння прафесійнага беларускага тэатра была прадпрынята ў Мінску неўзабаве пасля звяржэння самаўладдзя, калі акцёр і рэжысёр Ф. Ждановіч арганізаваў тут Першае таварыства беларускай драмы і камедыі.
Дзейнасць калектываў І. Буйніцкага і А. Бурбіса, аматарскіх гурткоў, “беларускіх вечарын” прыносіла іх удзельнікам і гледачам не толькі эстэтычна-духоўнае задавальненне. Аб’ектыўна яны адпавядалі адраджэнцкім за-дачам беларускага руху, скіраваным на абуджэнне нацыянальнай свядомасці і годнасці народа, яго кансалідацыю і барацьбу за нацыянальныя ідэалы. Вялікі ўплыў на фарміраванне беларускага тэатра аказвала драматычнае мастацтва іншых народаў, з якім знаёмілі беларускіх гледачоў рускія, украінскія, польскія артысты. Ідэю стварэння нацыянальнага тэатра падтрымлівала "Наша ніва". Усведамленне яго неабходнасці спрыяла з’яўленню арыгінальных беларускіх п’ес Я. Купалы, Я. Коласа, К. Каганца і інш.
Знаёмства беларускай публікі з тэатральным мастацтвам было неаддзельным ад мастацтва музычнага. У беларускіх гарадах выступалі харавыя капэлы з Расіі і Украіны, кампазітары і піяністы С. Рахманінаў, А. Скрабін, спевакі Л. Собінаў і Ф. Шаляпін.
Пад іх уплывам адбывалася далучэнне да мастацтва мясцовай інтэлігенцыі. Дзейнасць аматарскіх тэатральных гурткоў, “беларускіх вечарын” стымулявала збор і мастацкую апрацоўку народных песень. Па іх матывах у 1910 г. кампазітар і дырыжор Л. Рагоўскі напісаў "Беларускую сюіту для сімфанічнага аркестра". У тым самым годзе ён паклаў верш Я. Купалы “А хто там ідзе?” на музыку, і яго разам з нотамі народа надрукавала “Наша ніва” ў якасці гімна беларускага народа. А І. Буйніцкі ўключыў гэты твор у рэпертуар свайго тэатра. Песенныя матывы беларускага народа выкарыстала К. Кімант (Янычоўская) у сваёй музыцы да спектакля "Залёты" В. Дуніна-Марцінкевіча, а таксама С. Шымкус – аўтар музыкі для першай пастаноўкі "Паўлінкі".
Цікавасць да беларускага песеннага мастацтва адбілася ў стварэнні харавых калектываў у многіх гарадах і мястэчках. Адзін з такіх быў арганізаваны ў 1914 г. у Мінску настаўнікам спеваў прыходскай школы В. Тэраўскім (1871-1938). Па меры развіцця стала з’яўляцца адпаведная літаратура ("Беларускія песні з нотамі" А. Грыневіча, "Беларускі песеннік з нотамі для народных і школьных хораў" Л. Рагоўскага, апрацоўкі беларускіх песень для фартэпіяна М. Чуркіна).
Такім чынам, у пачатку ХХ ст. ствараўся падмурак прафесійнага музычнага мастацтва Беларусі. Развіццё нацыянальнага музычна-песеннага мастацтва адбывалася ў рэчышчы агульнабеларускага культурна-нацыянальнага адраджэння і ўжо з самага пачатку выявіла велізарны маральны патэнцыял у плане абуджэння нацыянальнай свядомасці і кансалідацыі народа.
Напачатку ХХ ст. у беларускім жывапісе працягваюць сваю творчасць прадстаўнікі партрэтна-бытавога жанру Ю. Пэн і Я. Кругер, пейзажнага жанру В. Бялыніцкі-Біруля і Ф. Рушчыц, Г. Вейсенгоф, К. Стаброўскі і інш. Па розных прычынах рэдкія мастакі акцэнтавалі ўвагу на беларускіх матывах. Пэўнае выключэнне ўяўляе творчасць К. Каганца, які адбіў рэалістычныя тыпажы беларусаў і маляўнічыя віды роднай прыроды.
Творчасць Я. Драздовіча (1888—1954) як графіка і жывапісца ў яшчэ большай ступені захавала імкненне беларускай інтэлігенцыі ўзняць на п’едэстал свае нацыянальныя каштоўнасці. Аб гэтым у поўнай ступені сведчаць жывапісныя замалёўкі старажытных замкаў, партрэт Ф. Скарыны, а таксама афармленне кнігі К. Буйло “Курганная кветка”.
Такім чынам, выяўленчае мастацтва Беларусі таксама ўвабрала ў сабе прыкметы нацыянальна-культурнага адраджэння, але ў параўнанні з літаратурай, тэатрам, музыкай гэта з’ява была менш характэрнай. Тым не менш уклад яго прадстаўнікоў у агульную справу беларускай інтэлігенцыі быў істотным і таксама па вартасці ацэненым.
У пачатку ХХ ст. гарады набылі рысы індустрыяльна-тэхнічнага прагрэсу: у іх з’явіліся чыгуначныя вакзалы ў стылі мадэрн або неакласіцызму, шматпавярховыя дамы, адміністрацыйныя будынкі заводаў і фабрык. Беларускую архітэктуру адрознівала стрыманасць, выкарыстанне традыцыйных кампазіцый, будаўнічых матэрыялаў: дэкаратыўнай керамікі, камянёў-валуноў, каванага металу, дрэва. Найбольш поўна гэтыя рысы ўвасоблены ў культавым (у большасці, каталіцкай прыналежнасці) дойлідстве.
Па меры папулярызацыі новых архітэктурных стыляў – эклектыкі і мадэрну выкарыстанне дэкаратыўных матэрыялаў значна пашырылася. Так, паліхромнай керамікай упрыгожаны Успенская царква ў в. Пірэвічы (1902), пазямельна-сялянскі банк у Віцебску (1917), банк у Магілёве (1913), гатэль "Еўропа" ў Мінску (1913). Багатае дэкаратыўнае афармленне, уласцівае адразу неагатычнаму і неараманскаму стылям (вялікае акно-ружа, арнаментальныя паясы, выцягнутыя вежы і вокны), выкарыстана пры пабудове касцёла св. Сымона і Алены ў Мінску (1910 г.).
Пабудаваны ў гонар 200-годдзя перамогі рускіх войскаў над шведамі мемарыяльны храм у вёсцы Лясная (1908–1912) захоўвае рысы архітэктуры, уласцівыя неарускаму або псеўдарускаму стылю.
У пачатку ХХ беларускае дойлідства ўвабрала ў сабе традыцыйныя і новыя элементы, уласцівыя тым дзяржавам, якія перажывалі этап мадэрнізацыі, эканамічнага і культурнага ўздыму, а таксама адбіла ўздзеянне рускай і польскай мастацкіх культур. Самабытныя рысы беларускага дойлідства ўвасобіліся галоўным чынам у архітэктурных кампазіцыях і будаўнічых матэрыялаў.