Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гісторыя БДТУ Сяменчык.doc
Скачиваний:
8
Добавлен:
18.11.2019
Размер:
3.2 Mб
Скачать

Лекцыя 3. Беларускія землі ў складзе Вялікага княства Літоўскага (хііі- першая палова XVI стст.)

Пытанні

  1. Сацыяльна-эканамічныя і палітычныя перадумовы фарміравання ВКЛ

  2. Роля ўсходнеславянскіх зямель у працэсе дзяржаўнага будаўніцтва ў ВКЛ.

  3. Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель.

  4. Цэнтралізатарская палітыка і ўмацаванне ўлады вялікіх князёў.

Крэўская унія.

  1. Знешняя палітыка князёў ВКЛ. Барацьба з крыжацкай агрэсі- яй, набегамі ардынцаў і суперніцтва з Маскоўскай дзяржавай.

  2. Эвалюцыя цэнтральнай ўлады ВКЛ: ад адзінаўладдзя да

саслоўна-прадстаўнічай манархіі

1. У ХІІ ст. заходнія землі Русі перажывалі перыяд феадальнай раздробленасці. Колішняя Кіеўская Русь не здолела пераўтварыцца ў цэнтралізаваную дзяржаву. У вялікага князя не хапала сіл, каб процістаяць сепаратызму ўдзельных князёў, якія абапіраліся на ўласных баяр і дружыннікаў і самастойна ажыццяўлялі ўладу над феадальна залежным насельніцтвам. З распадам Кіеўскай Русі працэс феадальнай раздробленасці ахапіў усе землі “шматковай імперыі Рурыкавічаў”, якія таксама сталі драбіцца на ўдзелы. Як вядома, пасля смерці Усяслава Чарадзея Полацкая зямля была падзелена на часткі паміж шасцю яго сынамі. А да пачатку ХIII cтагоддзя на беларускiх землях існавала каля 20 самастойных дзяржаўных утварэнняў, у тым ліку Полацкае княства. Мясцовыя феадалы ўмела скарысталі яго выгаднае геаграфічнае становішча і пашырылі свае ўладанні ў паўночна-заходнім накірунку, дзе пражывала балцкае племя ліваў. Там, у ніжнім цячэнні Заходняй Дзвіны палачане заснавалі свае апорныя пункты – крэпасці Герцыке і Кукенойс, неўзабаве ператвораныя ў цэнтры васальных княстваў. Дамінуючае становішча Полацка стала слабець, калі ў 1201 г. з дазволу князя Валодшы нямецкія місіянеры-крыжакі Ордэна мечаносцаў заснавалі ў вусці Дзвіны ўласную крэпасць Рыгу і неўзабаве пад выглядам хрышчэння балцкіх плямёнаў пашырылі экспансію на іх землі. У выніку Полацк страціў васальныя княствы Герцыке і Кукенойс, а ўслед за імі і важнейшы стратэгічны пункт – вусце Дзвіны.

З узнікненнем яшчэ аднаго нямецкага Тэўтонскага ордэна пагроза Полацкаму і іншым паўночна-заходнім рускім княствам яшчэ больш узрасла. У 1240 г. шведскія рыцары здзейснілі спробу захопу наўгародскіх зямель, але былі разбіты на р. Нява рускімі войскамі на чале з князем Аляксандрам. Разгром Аляксандрам Неўскім нямецкіх крыжакоў на Чудскім возеры ў 1242 г. прымусіў іх шукаць іншыя, галоўным чынам мірныя формы ўзаемадзеяння з усходнеславянскімі княствамі, але не здымаў пагрозы адкрытай агрэсіі.

Другой пагрозай існаванню ўсходнеславянскіх княстваў з’яўлялася нашэсце мангола-татараў, якім з 1237 па 1240 гг. удалося заваяваць большую частку Русі разам з Кіевам. У тых умовах менавіта на заходнерускіх землях узнікла мэтазгоднасць і магчымасць іх палітычнай кансалідацыі. Таму спрыяла блізкасць агульных інтарэсаў, вопыт эканамічных сувязяў, наяўнасць гандлёва-транспартных камунікацый. Гэты працэс падмацоўваўся адпаведным узроўнем феадальнага развіцця рэгіёна з уласцівым яму характарам землеўладання і землекарыстання, рамяства і гандлю, сацыяльнай структурай. Да таго часу Полацкае княства ўжо не магло выконваць функцый кансалiдуючага цэнтра. У новых умовах ён перамясцiўся ў Наваградак – сталiцу ўдзельнага княства, якое ўзнікла ў верхнiм i сярэднiм Панямоннi. Таму паспрыяла яго эканамічнае развіццё, заснаванае на перадавым на той час земляробстве, дасканалым рамястве і гандлі, а таксама зручнае геаграфічнае становішча, адсутнасць пагрозы з боку крыжакоў і мангола-татар.

2. Пасля засялення славянамі тэрыторыі Беларусі не ўсе балцкія плямёны былі імі асіміляваны. У ліку апошніх – літва, яцвягі, жамойты, аўкштайты, якія нават пасля распаду Кіеўскай Русі захавалі сваю адметнасць. Усходнеславянская супольнасць, аб’яднаная ў межах Наваградскага княства, межавала, галоўным чынам з літвой, якая займала міжрэчча Нёмана і Віліі. Тэрыторыя яе пражывання (Старажытная Літва) размяшчалася паміж Менскам і Наваградкам (з усходу на захад) і паміж Маладзечнам і Слонімам (з поўначы на поўдзень).

Па ўзроўнi сацыяльна-палітычнай арганізацыі, эканомікі і культуры літва або лiтоўцы адставалi ад славян: яны не мелi дзяржаўнасці і яшчэ ў ХІІ ст. жылі племянным ладам, не мелі гарадскіх паселішчаў, развітай сельскай гаспадаркі, пакланяліся язычніцкім багам, не ведалі пісьменнасці і г. д. У той самы час племя вызначалася сваёй ваяўнiчасцю, здзяйсняла заваёўныя паходы, а таксама выкарыстоўвалася ў якасці наёмнікаў суседнiмi княствамi. Але так склалася, што феадальнае усходнеславянскае Наваградскае княства аб’ядналася з Літвой, якая дагэтуль знаходзілася на стадыі фарміравання класавага грамадства, і не мела з ім ніякіх этнакультурных або трывалых эканамічных сувязяў. Да нашага часу застаецца невысветленым пытанне, чаму гэтае адсталае па ўсіх паказчыках племя і тэрыторыя яго пражывання дало назву агульнай дзяржаве – Вялікае княства Літоўскае. Пануючая думка аб заваёве літвой Наваградка і гвалтоўным спосабе ўсталявання ўлады літоўскай знаці патрабуе больш трывалых, навуковых аргументаў.

Пачаткам аб’яднання ўсходніх славян і літвы ў сумеснай дзяржаве і першым крокам існавання Вялікага княства Літоўскага (далей – ВКЛ) варта лічыць саюз наваградскіх феадалаў з літоўскім князем Міндоўгам (1195-1263). Вядома, што нейкі час Літва пэўным чынам залежала ад Галіцка-Валынскага княства, але з 1240-х гг. Міндоўг “пачаў княжыцi адзiн ва ўсёй зямлi лiтоўскай”. У 1246 г. яго войска ў адным з сутыкненняў з крыжакамі пацярпела паражэнне, што выклікала паўстанне супраць яго з боку супляменнікаў. У Новагародку, куды ўцёк Міндоўг, паміж ім i мясцовай знаццю была заключана дамова, паводле якой ён быў абраны князем узамен на абяцанне падпарадкаваць Літву Новагародскай зямлі. У 1248-1249 гг. ён з дапамогай новагародскіх войск “зане Лiтву”, але гэта выклікала незадавальненне той часткі лiтоўскай знаці, якая пазбавілася ўладанняў, а таксама Галiцка-Валынскае княства і Лівонскага ордэна. Каб уратаваць дзяржаву ад нападу аб’яднаных сіл сваіх праціўнікаў, Міндоўг усталяваў кантакты з Рымам і ў 1251 г. прыняў каталіцтва, летам 1253 г. у Новагародку абылася яго ўрачыстая каранацыя.

Новая расстаноўка сіл запатрабавала ад Міндоўга дыпламатычных захадаў. Невыпадкова таму на княскi трон у 1254 г. быў узведзены яго сын - Войшалк. Неўзабаве той пайшоў на замiрэнне з галіцкім князем Данiлам, аддаў Новагародскую зямлю яго сыну Раману, а сам адыйшоў ад спраў і прысвяціў сябе служэнню богу ў Лаўрышаўскім манастыры. У 1258 г., пасля нападу на Новагародскае княства хана Бурундая, Войшалк ізноў вярнуў сабе трон. У 1261 г. Мiндоўг пайшоў на разрыў з Ордэнам і парваў з каталiцызмам. Але яго палітыка выклiкала незадавальненне племянной знацi. У 1263 г. у вынiку змовы князёў – жамойцкага Траняты, полацкага Таўцвiла, нальшчанскага Даўмонта Мiндоўг з двума малымі сынамi быў забiты.

Транята (1263-1264), абвясцiўшы сябе ўладаром Лiтвы і Жамойці, перш за ўсё забiў канкурэнта – полацкага князя Таўцвiла і планаваў забіць Войшалка, але той уцёк у Пінск. Неўзабаве ў вынiку змовы ён быў забiты cам. Скарыстаўшы крызiс улады, Войшалк вярнуўся з пiнскай дружынай у Новагародак, аднавiў сваё княжанне (1264-1267) “ва ўсёй зямлі Літоўскай” і заваяваў балцкія землi Дзяволтву i Нальшчаны. Забойца яго бацькі – Даўмонт быў вымушаны ўцякаць у Пскоў, дзе быў абраны князем і кіраваў там больш за 30 гадоў.

Такім чынам, дзякуючы намаганням Войшалка, ВКЛ выйшла за межы Новагародскага і ўвабрала ў сабе пiнскую, нальшчанскую, дзяволтваўскую, полацкую, вiцебскую землі. Князь Войшалк утварыў цесны саюз з Галiцка-Валынскiм княствам, а потым наогул перадаў свой пасад швагру – галіцка-валынскаму князю Шварну (1267-70), але гэта выклікала вострае незадавальненне яго брата Льва Данілавіча. У выніку і Войшалк, і Шварн загінулі ад рукі апошняга.

Вялiкi князь Трайдзень (1270-1282) стрымаў націск ваяўнічых суседзяў і нават здолеў падпарадкаваць яцвягаў. Змагаючыся з Лівонскім ордэнам, даваў прытулак прусам і сялiў каля Гароднi i Слонiма. У ліку першых з заходніх князёў Трайдзеню ўдалося адбіць набегі мангола-татараў.

На час княжання Вялiкага князя Вiценя (1293-1315) прыпала шмат войн, якія вяла дзяржава як унутры яе (супраць сепаратызму балцкай знаці), так і па-за яе межамі (супраць палякаў і крыжакоў). Так, у 1294 г. ім было падаўлена паўстанне ў Жамойцi, а ў 1298 i 1305 гг. на яе тэрыторыі адбылiся баi з крыжакамi. У 1307 г. Віцень выгнаў каталіцкіх місіянераў і крыжакоў з Полацка, якi разам з падуладнымі яму землямі канчаткова быў уключаны ў склад ВКЛ. Пры гэтым у Полацку захоўваўся вечавы лад і пэўная аўтаномія. У 1314 г. пад Новагародкам у барацьбе супраць крыжакоў вызначылася войска гарадзенскага старасты Давыда. Важным дасягненнем палітыкі Віценя зрабілася далучэнне ў 1315 г. Берасцейскай зямлі, адваяванай у Галіцка-Валынскага княства. Паводле Іпацьеўскага летапісу, Віцень “измысли себе герб и всему княжеству печать: рыцер збройный на коне з мечем, еже ныне наричут погоня”.

Княжанне Вялікага князя Гедымiна (1316-1341) характарызуецца далейшым павелічэннем тэрыторыi дзяржавы галоўным чынам за кошт этнiчна беларускiх зямель. У сярэдзiне 1320-х уладу Гедымiна прызналi князi Менска, Друцка, Лукомля, Турава-Пiнскай зямлi.

У 1320 г. Гедымін заснаваў рэзідэнцыю ў Троках, а ў 1323 г. перанёс сталiцу з Новагародка у Вiльню. У мэтах барацьбы супраць Тэўтонскага ордэна Гедымiн пайшоў на зблiжэнне з Польшчай, а найбольш значнай сумеснай акцыяй саюзнiкаў стаў iх паход на Брандэнбург (1326), у якiм вызначыўся гарадзенскi стараста Давыд.

Яшчэ пры жыццi Гедымiн перадаў землi княства сваiм сынам ва ўдзельнае валоданне: сталiцу княства – Яўнуту; Кернаву i Слонiм – Манiвiду; Пiнск i Тураў – Нарымонту; Новагародак i Ваўкавыск – Карыяту; Валынь – Любарту; Крэва, Вiцебск i Менск – Альгерду; Трокi, Берасце i Гародню – Кейстуту. Полаччына засталася ў кiраваннi Гедымiнавага брата Воiна, а потым перайшла да Нарымонта.

Гедымiнавічы прынялi праваслаўе і славянскую культуру. Сам вялікі князь заставаўся язычнікам, але паважаў рэлiгiю сваiх падданых і заклікаў, “каб хрысцiяне паважалi ды славiлi бога па-свойму: Русь – па-свойму, палякi – па-свойму, а мы славiм па нашым звычаі”. Намаганнямi Гедымiна ў 1317 г. у Новагародку была заснавана праваслаўная Лiтоўская мiтраполiя, якая паспрыяла згуртаванню ўсходнеславянскіх зямель вакол ВКЛ. Гэты працэс, як правіла, абыходзiўся без гвалту, паколькі прыхільная да праваслаўя вялікакняская ўлада была надзейным гарантам для былых княстваў Кіеўскай Русі ад набегаў Залатой Арды. Такім чынам за гады княжання Гедыміна ў склад яго дзяржавы ўвайшла асноўная частка сучаснай Беларусi (за выключэннем раёнаў Нiжняй Прыпяцi), а таксама ўсходнія рускія землі. Сама дзяржава стала звацца “Вялікае княства Літоўскае і Рускае”, а сам манарх пачаў называць сябе каралём Літвы і Русі.

Станоўчую ролю ў пашырэнні дзяржаўных межаў адыгрывалі дынастычныя шлюбы Гедымінавічаў. Так, у 1318 г. сын Гедымiна Альгерд ажанiўся з дачкой вiцебскага князя Яраслава. Калі праз два гады яго цесць памёр, то Віцебскае княства перайшло да Альгерда i ў 1320 г. зрабілася часткай ВКЛ. У 1325 г. Любарт, ажанiўшыся з дачкой апошняга валынскага князя Льва Юр’евiча, атрымаў усю Валынь у спадчыннае валоданне.

Да канца жыцця Гедыміна ВКЛ склалася з трох асобных палiтычна-этнiчных тэрытарыяльных утварэнняў – Аўкштайцii, Жэмайцii i заходнерускіх зямель. Ад часу яго ўтварэння вялiкая роля належала ўсходне-славянскаму элементу. Яшчэ пры Міндоўгу Чорная Русь стала адной з тэрытарыяльных асноў Літоўскага княства. Вядома, што Войшалк першым з князёў цалкам пераняў “рускую” культуру і праваслаўную рэлігію. У вялікакняскім войску выкарыстоўваўся агульнаславянскі лад ваенных фарміраванняў і сістэма камандавання.

Літоўская эліта запазычыла славянскую пісьменнасць, справаводства і культуру. Вызначальнай сацыяльна-палітычнай асновай дзяржавы быў узаемавыгадны саюз балцкіх князёў са славянскімі феадаламі і гарадскімі вярхамі. Прадстаўнiкi славянскай элiты бралі ўдзел у вырашэннi важных пытанняў палiтычнага i гаспадарчага жыцця ўдзельных княстваў. Тут не існавала перадзелаў зямлі і іншай маёмасці на карысць літоўскай знаці, якая прытрымлі-валася прынцыпу “не рушыць старыны”.

ВКЛ уяўляла з сябе своеасаблiвую форму грамадска-палiтычнага сiнтэзу, у якiм раннефеадальныя iнстытуты Лiтвы спалучалiся з больш развiтай дзяржаўна-палiтычнай сiстэмай былых княстваў на тэрыторыi Беларусi. Пры гэтым, нягледзячы на дамінаванне літоўскай палітычнай эліты, яго тэрытарыяльную, этнічную і культурную аснову складаў усходнеславянскі элемент.

Пасля смерцi Гедымiна вялiкакняскi трон заняў яго меншы сын ад другога шлюбу Яўнут (1341-1345). У вынiку змовы старэйшых братоў – Альгерда i Кейстута ён мусiў уцякаць у Маскву, дзе прыняў праваслаўе, але праз 2 гады вярнуўся на радзіму. Памiрыўшыся з братамi, Яўнут атрымаў княжанне ў Заслаўі і больш не выказваў прэтэнзій на вялікакняскі трон. Пасля гэтага ВКЛ стала кіравацца Альгердам сумесна з Кейстутам, адпаведна, з Вільні і Трокаў. У поўнай згодзе і ў агульных інтарэсах абодва браты праводзілі ўнутраную і знешнюю палітыку. У плане ўмацавання дзяржавы больш паспяховай была палiтыка Альгерда (1345-1377). З яго iмем звязана далейшае павелiчэнне тэрыторыi ВКЛ. Так, у сярэдзiне ХIV ст. да княства было далучана Беларускае Падняпроўе і Бранскае княства, пасля разгрому татар на Сiнiх Водах (прыток Паўднёвага Буга) Кiеўская зямля, Мазырская i Брагiнская воласцi, Чарнiгава-Северская, Падольская i Валынская землi. Такім чынам, тэрыторыя ВКЛ значна перавысіла сучасныя этнічныя межы пражывання беларусаў.

Час Альгерда характарызуецца значнымi ваеннымi сутыкненнямi з Масквой у 1368, 1370 і 1372 гг., якая таксама прэтэндавала на палітычную гегемонію сярод усходнеславянскіх княстваў, але яе залежнасць ад Залатой Арды не дазваляла ў поўнай ступені ажыццяўляць “аб’яднальныя” планы. Так, Альгерду ўдалося падпарадкаваць Смаленскае княства, на якое прэтэндавала Масква.

Знешнепалітычнае становішча ВКЛ характарызавалася таксама няспыннай барацьбой з крыжакамі, якая ўсё ж выявіла моц славянскай зброі, дастатковую для абароны дзяржавы.

Такім чынам, да 1370-х гг. на тэрыторыі колішніх заходне-паўднёва- і усходнерускіх княстваў, а таксама балцкіх племянных аб’яднанняў, узнікла і ўмацавалася магутная дзяржава – Вялікае княства Літоўскае і Рускае. У яго склад увайшла большая частка колішняй славяна-рускай дзяржавы разам са сталіцай – горадам Кіевам. Князі ВКЛ Кейстут і Альгерд ускладалі пэўныя спадзяванні на далучэнне паўночна-рускіх зямель і г.д. У ліку шляхоў пашырэння дзяржавы былі мірныя і ваенныя, дабрахвотныя і гвалтоўныя. Не апошнюю ролю адыгрывалі дынастычныя шлюбы. Усё гэта і іншае абумоўлівала розны статус кожнай з уключаных зямель, але, як правіла, кожная з іх, саступіўшы частку упраўленчых функцый цэнтральнай уладзе, захоўвала ранейшы жыццёвы уклад.

Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае аб’яднала ў сабе народы сучаснай Беларусі, Прыбалтыкі, Украіны і Расіі. Перавага ўсходнеславянскіх (9/10) зямель і іх насельніцтва (8/10) абумовілі магчымасць узбагачэння і пашырэння на балтаў уплыву сваёй больш перадавой на той час матэрыяльнай і духоўнай культуры. Лiтоўскiя феадалы ўспрынялi беларускую культуру i выкарыстоўвалі беларускую мову ў паўсядзённым ужытку. Далучэнне новых усходнеславянскiх зямель пры Альгердзе iстотна павялiчыла вагу усходнеславянскага элемента ў дзяржаве.

Аб’яднанне колішніх, падуладных крыжакам і мангола-татарам тэрыторый, у складзе адзінай дзяржавы дазволіла ўратавацца іх народам ад асіміляцыі або поўнага фізічнага вынішчэння, як гэта адбылося з прусамі, куршамі і іншымі плямёнамі. Устараненне пагрозы крыжацкага і мангола-татарскага заваявання спрыяла развіццю сельскай гаспадаркі, рамяства і гандлю, росту гарадоў і мястэчак; уздыму матэрыяльнай і духоўнай культуры жыхароў ВКЛ.

3. Перыяд знаходжання беларускіх тэрыторый у складзе ВКЛ – гэта час далейшага ўдасканалення феадальных адносін, выкліканага прагрэсам у сельскай гаспадарцы, рамястве і гандлі, зменамі ў сацыяльна-палітычным і духоўным жыцці насельніцтва дзяржавы. Зямля па-ранейшаму з’яўлялася асноўнай каштоўнасцю, а разам з тым – аб’ектам спрэчак і нават войн як паміж асобнымі феадаламі, так і цэлымі дзяржавамі. Захоп чужых тэрыторый даваў магчымасць узбагачэння не толькі за кошт адабрання ў насельніцтва матэрыяльных каштоўнасцяў (скарб, каштоўныя металы, жывёла, прадукты і г. д.), але і збору стабільных даходаў у выглядзе адпрацовачнай і натуральнай рэнты за карыстанне зямлёй.

У межах ВКЛ вярхоўным яе ўладальнікам з’яўляўся вялікі князь – “гаспадар”. Усе дзяржаўныя землі падзяляліся на “воласці” і “гаспадарскія двары”. Першыя групаваліся па некалькі сёл і даходы ад іх ішлі на казённыя патрэбы. Другія належалі непасрэдна вялікаму князю і забяспечвалі патрэбы яго двара. З дзяржаўнага фонду адбываліся вялікакняскія пажалаванні (з правам або без права перадачы ў спадчыну) служыламу баярству зямель з працаваўшымі на іх сялянамі, якія ўласнай зямлі не мелі. У сярэдзіне ХVІ ст. дзяржаўны зямельны фонд разам з даменам (асабістым уладаннем князя) складаў амаль 50 %, 45 % – належала свецкім, 5 % – царкоўным феадалам. У 1528 г. 19% буйным феадалам належала 46, 4 % зямельных угоддзяў, а на гаспадарку дробнага феадала прыпадала не больш за 18 валок.

Асноўная маса насельніцтва (каля 95%) пражывала ў вёсках і сёлах. Аснову гаспадаркі сялян і феадалаў складалі раслінаводства і жывёлагадоўля. Развітае ворнае земляробства, заснаванае на выкарыстанні драўляных сох, аснашчаных жалезнымі рабочымі часткамі (нарогамі), цяглай сілы коней або валоў, выкарыстанні трохполля, якое стала пераважаць у ХІV стагоддзі, давала ўстойлівыя ўраджаі жыта, ячменю, проса, пшаніцы, аўсу і іншых зерневых культур. Для вырабу тканіны і іншай прадукцыі шырокае распаўсюджанне мелі пасевы ільну, пянькі, каноплі. Пэўную долю харчовых прадуктаў давала агародніцтва і садаводства.

У мэтах апрацоўкі зямлі, для ваенных або транспартных патрэб разводзіліся коні. Буйнарагатая жывёла, козы, свінні, авечкі, а таксама хатняя птушка забяспечвалі патрэбы людзей у харчовых прадуктах і сыравіне для вырабу адзення, абутку і інш. Важную ролю ў гаспадарцы сельскага жыхарства адыгрывалі паляванне, рыбалоўства, бортніцтва, а таксама хатнія прамыслы – ткацтва, рамёствы.

Сяляне ў ХІV – першай палове ХVІ стст. звычайна называліся “людзьмі”, “смердамі”, “мужыкамі”. Паводле прыналежнасці зямлі, якой яны карысталіся, існавалі вялікакняжацкія (гаспадарскія), шляхецкія, царкоўныя (духоўныя) сяляне. Асноўнай формай феадальнай рэнты да канца ХУ ст. была даніна збожжам, мясам, мёдам, футрам і інш. Тыя сяляне, асноўнай формай рэнты якіх з’яўлялася даніна, называліся даннікамі. З узнікненнем у канцы ХУ ст. феадальных гаспадарак, разлічаных на вытворчасць сельскагаспадарчых прадуктаў на продаж, узрасла роля адпрацовак.

Асноўная маса насельніцтва складалася з так званых цяглых сялян, якія вялі ўласную гаспадарку, выконвалі галоўным чынам адпрацовачную павіннасць (двойчы на тыдзень) на палетках уладальніка, а таксама ў рамеснай ці іншай працы пры яго маёнтку. Тая ж частка сялянства, якое выконвала павіннасці ў выглядзе прадуктовага або грашовага (чынш) падатку, звалася чыншавым.

Суадносіны тых ці іншых павіннасцяў залежала ад стану развіцця ўнутранага рынку і гандлю, магчымасцяў феадальнай і сялянскай гаспадарак, нарэшце асабістай волі ўладальнікаў зямлі. Як правіла, у заходніх раёнах ВКЛ пераважала прадуктовая або чыншавая форма павіннасці і гэта станоўча адбівалася на развіцці сельскай гаспадаркі, бо сяляне мелі больш часу на асваенне новых зямельных плошчаў, заняцце хатнімі промысламі, продаж сваёй прадукцыі.

Дадаткова сялянства выконвала і дзяржаўныя павіннасці па будаўніцтву і рамонту абарончых збудаванняў, дарог, мастоў, перавозцы грузаў і службовых асоб, па выплаце падаткаў на ваенныя мэты. Адзінкай падатковага абкладання вясковага насельніцтва з’яўлялася сялянская сям’я – “служба” або “дым”, якая карысталася надзелам ворнай зямлі. Усе астатнія ўгоддзі – паша, сенажаць, вадаёмы і інш., а таксама (на пэўных умовах з феадалам) лес, знаходзіліся ў карыстанні ўсёй сялянскай абшчыны, якая ўяўляла сабой спецыфічную сацыяльную арганізацыю, адказную за грамадскі парадак і выкананне павіннасцей. Менавата на яе ўскладаліся такія павіннасці, як талака – сяўба, збор ураджаю, нарыхтоўка сена і інш.; гвалты (згоны) – работы, выкліканыя тэрміновасцю іх выканання – ту-шэнне пажараў, будаўніцтва дарог, мастоў і ці іншых аб’ектаў.

З часу ўтварэння ВКЛ асноўная маса сялянства была асабіста свабоднай. Тая яе частка, якая звалася чэляддзю нявольнай, фактычна з’яўлялася поўнай уласнасцю феадала і выконвала ў яго гаспадарцы другарадныя работы. Феадал меў права продажу чэлядзіна разам з сям’ёй. Каб зменшыць расходы (“месячыну”) на ўтрыманне чэлядзі, у шэрагу выпадкаў ёй дазвалялася набываць сваю маёмасць і займацца земляробствам. У адпаведнасці з Літоўскім Статутам 1529 г., калі феадал, не маючы магчымасці ўтрымліваць чэлядзь, праганяў яе са двара, то яна набывала асабістую свабоду.

Акрамя асабіста залежных людзей, частку вясковага насельніцтва складалі так званыя сяляне-слугі (служкі, старцы, войты, цівуны), якія выконвалі павіннасці па абслугоўванні феадальнага маёнтку, а таксама прыслуга (кухары, півавары і інш.), прамыславікі (асочнікі, бортнікі, конюхі, рыбаловы, стральцы), вясковыя рамеснікі (кавалі, цесляры, ганчары, калёснікі, кушняры).

Вядома, што дабрабыт феадальнай гаспадаркі залежаў у асноўным ад той масы сялянства, якое стабільна плаціла прадуктовую ці грашовую рэнту і выконвала адпрацовачную павіннасць. Паводле ступені асабістай залежнасці ад феадалаў, яно (сялянства) у ХV–ХVІ стст. падзялялася на “людзей пахожых”, якія мелі права пераходу ад аднаго феадала да другога, і “людзей непахожых”, без такога права.

Пры наяўнасці ў кожнага феадала сваіх нормаў гэтых павіннасцяў “пахожыя” імкнуліся знайсці лепшыя ўмовы жыцця. Вядома, што тыя феадальныя гаспадаркі, да якіх прыбывалі новыя работнікі, даннікі ці чыншавікі, былі ў тым зацікаўлены да часу, пакуль “пахожыя” не маглі скарыстаць свайго права пераходу на новае месца. Урэшце развіццё феадальнай гаспадаркі ў межах усёй дзяржавы запатрабавала стабілізацыі ў выкарыстанні сялянскай працы і іншых павіннасцяў. У 1447 г. прывілей Казіміра Ягелончыка абавязваў феадалаў не прымаць у свае маёнткі тых сялян, якія пакінулі гаспадароў ў пошуках лепшай долі. Тым самым прывілей паслужыў пачаткам юрыдычнага афармлення прыгоннага права. У Судзебніку Казіміра 1468 г. сялянскія пераходы наогул забараняліся. Мала таго, у артыкуле 24 прадугледжвалася пакаранне смерцю таго, хто дапамагаў сялянам або чэлядзі ўцякаць ад сваіх паноў. У ХV–ХVІ стст. адбываўся інтэнсіўны працэс запрыгоньвання “пахожых” сялян і пераўтварэння іх у отчычаў, які адбіўся ў скарачэнні колькасці “пахожых” за кошт тых, хто доўгі час пражываў на зямлі аднаго ўладальніка, пераючы свой надзел у спадчыну дзецям. З часоў Статута 1529 г. “непахожымі” прызнаваліся сяляне, якія пражылі ў аднаго гаспадара 10 гадоў.

Падабенствам “пахожых” з’яўляліся тыя з сялян, хто браў у феадала пазыку-“купу” і быў у стане своечасова яе вярнуць. Тыя з сялян, так званыя “радовічы”, якія выканалі заключаны з феадалам дагавор -“рад”, таксама маглі пасля шукаць сабе новага гаспадара.

Змяншэнне фонду дзяржаўных зямель за кошт пажалаванняў, а таксама драбленне феадальных уладанняў з-за іх пераразмеркаванняў паміж нашчадкамі адмоўна адбівалася на паступленні падаткаў у дзяржаўны бюджэт, які да сярэдзіны ХVІ ст. і без таго значна зменшыўся па прычыне няспынных войнаў, запатрабавала правядзення аграрнай рэформы. Яе неабходнасць падмацоўвалася недасканаласцю існаваўшай падатковай сістэмы, патрэбай у павы-шэнні даходнасці дзяржаўных зямель, а таксама ростам попыту на збожжа на заходнееўрапейскіх рынках.З гэтай нагоды ў 1557 г. паводле “Уставы на валокі” пачалася аграрная рэформа. Яе сутнасць заключалася ў так званай “валочнай памеры”, калі адзінкай падаткаабкладання ўсталёўвалася 1 валока – надзел зямлі плошчай 21,37 га. Пад час яе здзяйснення дзяржаўны зямельны фонд быў павялічаны за кошт уладанняў тых феадалаў, якія не здолелі дакументальна даказаць свае на іх правы. Усе землі, прыдатныя для вырошчвання збожжа, падзяляліся на тры катэгорыі: “прэднія” (лепшыя), “сярэднія” і “подлыя” (дрэнныя). Кожная сялянская сям’я надзялялася 1 валокай зямлі, а разам з ёй усталёўваўся комплекс павіннасцей, неаб’ходных да выканання.

У ліку важнейшых мэтаў рэформы з’яўлялася заснаванне на лепшых землях так званых “фальваркаў” – высокадаходных гаспадарак, скіраваных на вытворчасць таварнага збожжа, а таксама апрацоўкі сельскагаспадарчай сыравіны. Кожны фальварак мусілі апрацоўваць сялянскія гаспадаркі. Так, на трымальнікаў 7 сялянскіх валок прыпадаў абавязак апрацоўваць 1 валоку дзяржаўнай (феадальнай) зямлі. Такім чынам, замест “службы” або дварышчаў, адзінкай падаткаабкладання і адпрацовачнай павіннасці зрабілася 1 валока надзельнай зямлі. Адпаведна ўзніклі новыя катэгорыі залежнага сялянства – цяглых і асадных. Цяглыя сяляне складалі асноўную катэгорыю там, дзе існавалі фальваркі, галоўным чынам, у басейнах Нёмана і Буга . За карыстанне валокай зямлі яны адбывалі 2 дні паншчыны ў тыдзень, плацілі грашовы чынш ад 6 да 21 гроша з валокі. Асадныя сяляне (чыншавікі) плацілі 30 грошаў з валокі, выконвалі 12 талок у год або плацілі 12 грошаў. Асадныя сяляне пераважалі ва Усходняй Беларусі, дзе фальваркавая гаспадарка была развіта слабей. Чэлядзь нявольная атрымоўвала невялікія надзелы зямлі і займалася агародніцтвам.

Акрамя таго, сяляне па-ранейшаму выконвалі многія іншыя павіннасці – гвалты (згоны), талокі. Каб нейкім чынам зменшыць цяжар падаткаў і павіннасцей, сяляне бралі не валоку, а палову яе, а патрэбную для гаспадаркі зямлю – шукалі далей ад панскіх вачэй.

Ажыццяўленне аграрнай рэформы мела безумоўна станоўчае для дзяржавы і класа феадалаў вынікі. Рэзка ўзрасла таварнасць і даходнасць сельскай гаспадаркі. У севазварот былі ўключаны многія землі, якія раней пуставалі. Сяляне атрымалі стымул да інтэнсіфікацыі сваіх гаспадарак: фіксаваны памер падатку даваў магчымасць павысіць прадукцыйнасць сваёй працы для лепшага задавальнення сваіх патрэб. Нягледзячы на захаванне сельскай абшчыны праца яе членаў зрабілася больш самастойнай і індывідуалізаванай, з’арыентаванай на сувязь з рынкам. Аднак, ні адзін са Статутаў не прадугледжваў права сялянскай уласнасці на зямлю. Толькі ў 1906 г. рэформамі П. А. Сталыпіна быў пакладзены пачатак разбурэнню абшчыны і перадачу абшчынных зямель у прыватную уласнасць.

Праводзячы рэформу, урад ставіў у яе падмурак валоку як падатковую адзінку, абавязковую для селяніна, без якога сама рэформа не мела сэнсу. З гэтай нагоды ўсялякія перасяленні па ініцыятыве сялян забараняліся, а самі яны назаўсёды прымацоўваліся да валокі. Статут 1566 г. уводзіў 10-гадовы тэрмін пошуку збегшых сялян, а таксама санкцыі супраць тых, хто іх прымаў да сябе. Такім чынам, сельскае насельніцтва Беларусі апынулася поўнасцю запрыгоненым аж да 1861 г.

Удасканаленне тэхнікі і тэхналогіі землеапрацоўкі, выкарыстанне трох-полля, павышэнне ўраджайнасці збожжавых, тэхнічных і садова-агародных культур, павелічэнне пагалоўя хатняй жывёлы забяспечыў магчымасць далейшага развіцця насельніцтва, занятага ў сферы рамяства і гандлю. Такім чынам, працэс аддзялення рамяства ад сельскай гаспадаркі набыў устойлівае развіццё. Нават ва ўмовах панавання натуральнай гаспадаркі ў сялян ўзрастала патрэба ў больш якасных прыладах працы, прадметах быту, адзенні і г. д., якія вырабляліся прафесіяналамі. Клас феадалаў і іншыя заможныя пласты выказвалі зацікаўленасць у прадметах раскошы, ювелірных вырабах, надзейнай зброі і іншых таварах як іншаземнага, так і мясцовага паходжання, вырабленых гарадскімі майстрамі. Сувязь горада і вёскі ўзмацнялася. Таму ж спрыяў перавод часткі залежнага сялянства на чыншавую павіннасць, якая стымулявала яго гандлёвую актыўнасць.

Інтэнсіфікацыя рамяства і гандлю, у тым ліку замежнага, абумовіла з’яўленне ў ВКЛ у ХІV-ХV стст. новага тыпу паселішчаў – так званых мястэчак, жыхары якіх займаліся галоўным чынам абслугоўваннем гандлёвых караванаў: трымалі пастаялыя двары, корчмы, лазні, кузні, а таксама вырабам рамесных тавараў. Частка насельніцтва, свабоднае ад прыгону, займалася будаўніцтвам, земляробствам, промысламі.

Істотным чынам змянілася аблічча гарадоў. Іх колішнія драўляныя сцены былі заменены каменнымі, замест адных варот – будавалася некалькі брам, каля якіх збіраліся падаткі з іншагародніх гандляроў. У буйнейшых з іх – Вільні, Гародні, Лідзе, Крэве, Міры былі пабудаваны магутныя замкі. У Супраслі, Мала­мажэйкаве, Сынкавічах з’явіліся храмы абарончага тыпу. Але калі знешне грозны выгляд гарадоў быў абумоўлены частымі войнамі, то ўнутраная іх структура выяўляла чыста мірныя, жыццёва патрэбныя аб’екты і пабудовы: вялікакняскі (калі гэта сталіца) ці магнацкі (калі гэта ўласніцкі горад) палац; ратуша (калі горад меў Магдэбургскае права), гарадская рынкавая плошча; гандлёвыя рады; царква, касцёл ці сінагога; дамы заможных майстроў, купцоў ці шляхты; вуліцы, дзе размяшчаліся майстэрні і пражывала асноўная частка насельніцтва і г.д.

Асаблівага развіцця дасягнула металаапрацоўка, дзе былі заняты майстры не менш 25 прафесій. Іх прадукцыя (сашнікі, косы, сякеры, падковы, нажы, нажніцы, рыбалоўныя кручкі) і інш. скіроўвалася не толькі на сельскага, але і гарадскога спажыўца. Такім жа шырокім асартыментам вызначаліся вырабы кушняроў (шапкі, кажухі, рукавіцы), краўцоў (суконныя і палатняныя рубахі, паясы), шаўцоў (боты, чаравікі). На асобыя катэгорыі пакупнікоў была разлічана прадукцыя ювеліраў і збройнікаў. Агульная колькасць гарадскіх прафесій ВКЛ у ХVІ ст. складала больш за 100. Асноўнай адзінкай рамеснай вытворчасці з’яўлялася майстэрня ў складзе майстра, чалядніка (падмайстры) і вучняў. Майстра, ён жа ўладальнік майстэрні, асабіста ажыццяўляў увесь вытворчы працэс – ад нарыхтоўкі сыравіны да прыдання вырабу таварнага выгляду. Яго памочнік – чаляднік або падмайстар не меў уласных прылад працы, выконваў усе даручэнні майстра і за сваю працу атрымоўваў пэўнае жалаванне. Каб атрымаць статус майстра ён, напярэдадні рытуалу абрання, мусіў у прысутнасці двух-трох старэйшых майстроў якасна зрабіць той ці іншы выраб – “штуку” (“шэдэўр”). Калі яна не задавальняла майстроў, суіскальніку дазвалялася паспрабаваць яшчэ адзін-два разы. У выніку няўдачы прэтэндэнт ізноў станавіўся падмайстрам ці “ішоў у вандроўку”, каб павучыцца ў майстроў іншых гарадоў ці краін, затым вярнуцца і ізноў прадэманстраваць членам цэха сваё майстэрства. І толькі затым, пасля добрага пачастунку сваіх “калегаў”, ён мог разлічваць да адкрыццё ўласнай майстэрні. На чале цэха стаяў цэхмістр (стараста, старэйшына), які выбіраўся групай старэйшых цэхавых майстроў. Вучні мусілі прайсці больш складаны шлях - з абавязкаў слуг і выканання простых аперацый, без аплаты працы, а толькі за сціплае харчаванне і пражыванне ў доме майстра.

Відавочна, што асноўнай прычынай павелічэння колькасці рамеснікаў і спецыялізацый з’яўлялася ўзрастанне дабрабыту насельніцтва дзяржавы і яго попыту на рамесныя вырабы. Але пры гэтым варта адзначыць, што ва ўмовах панавання феадальнага спосабу вытворчасці ў сельскай гаспадарцы вясковае насельніцтва было не ў стане набываць усю рамесную прадукцыю, таму попыт на яе быў ніжэйшы за прапанову. Невыпадкова ў асяроддзі саміх рамеснікаў узніклі пэўныя грамадска-прафесійныя аб’яднанні з мэтай урэгуляван-ня вытворчасці і збыту сваіх вырабаў, дакладней, устараніць або зменшыць канкурэнцыю з боку сельскіх ці іншагародніх рамеснікаў. З гэтай нагоды майстры адной ці некалькіх сумежных прафесій (з улікам іх нацыянальнасці або веравызнання) сталі аб’ядноўвацца ў адмысловыя арганізацыі – так званыя цэхі, якія валодалі ўласнымі статутамі, грашовымі сродкамі, гербамі, па-мяшканнямі для пасяджэнняў і інш. У ХVІ ст. у Менску было не менш 9 цэхаў, Берасці – 14, Слуцку – 17, Магілёве – 21.

Варта адзначыць, што іх паўнапраўнымі членамі з’яўляліся толькі майстры, яны ж – уладальнікі майстэрань. Тым не менш, цэхавая рамеснікаў аб’ядноўвала ўсіх работнікаў, занятых у майстэрнях той ці іншай прафесіі, і ўяўляў сабой спецыфічную, уласцівую феадальнаму ладу, сацыяльную арганізацыю з адмысловымі правамі і абавязкамі. На чале цэха стаяў цэхмістр (стараста, старэйшына), які выбіраўся групай старэйшых цэхавых майстроў, і кіраваў яго дзейнасцю.

На першым этапе сваёй дзейнасці цэхі спрыялі ўпарадкаванню стану адпаведнай галіны рамеснай вытворчасці, якасці прадукцыі і рынку збыту. Яны ж выконвалі не толькі прафесійныя, але і ваенныя функцыі. Да прыкладу, пад час нападу ворага на горад, яны мусілі абараняць даручаную ім частку крэпасной сцяны.

Развіццё ў ВКЛ рамяства і таварна-грашовых адносін павялічыла ў гарадах і мястэчках праслойку купецтва. У канцы ХУ – першай палове ХУІ стст. купцамі лічыліся людзі, якія ездзілі прадаваць і куплялі тавары на адлегласць больш чым за 10 міль ад свайго горада. Рамеснікі, якія займаліся гандлем – “прасолы” і перакупшчыкі купцамі не прызнаваліся і ў купецкія таварыствы не ўваходзілі. Купецтва па падабенству рамеснікаў, таксама не было аднародным, групавалася па “гільдыях” (у залежнасці ад ступені заможнасці) і мела свае карпаратыўныя прыкметы. У ліку купцоў найвышэйшай значнасці, якія належалі да першай гільдыі, былі “госці”, якія вялі замежны гандаль і карысталіся ахоўнымі граматамі вышэйшых асоб дзяржавы. У гарады Польшчы, Чэхіі, Германіі імі вывозіліся збожжа, лес, воск, скуры, футра, лён, пяньку, дзёгаць і інш. Буйнейшы рынак з удзелам беларускіх купцоў знаходзіўся ў Круляўцы (Кёнігсберг). Найбольш прывабныя тавары для феадальнай знаці і гарадской вярхушкі ўвасабляліся ў замежным сукне, вінах, прыправах, прадметах раскошы), займаліся аптовым гандлем у межах ВКЛ. Тых купцоў, хто ажыццяўляў рознічны гандаль у вёсках ці мястэчках, называлі “карабейнікамі”.

Аб’яднанні купцоў зваліся брацтвамі. Яны імкнуліся да манаполіі ў межах свайго горада і падуладнай яму перыферыі. Купцы таксама прыносілі прысягу на вернасць гораду, свайму цэху, складалі агульную касу ўзаемадапамогі, рэестр, мелі сваю пячатку, харугву, наймалі ці куплялі брацкі дом для сходак. На сваіх пасяджэннях вырашаліся пытанні парадку і правіл гандлю, барацьбы з канкурэнтамі, прафесійныя справы.

Грашовая сістэма не была пастаяннай. Асноўным плацёжным сродкам быў літоўскі паўгрош, затым срэбны пражскі грош. Пэўныя цяжкасці існавалі і ў вагава-мернай сістэме: у кожным рэгіёне яна мела свае асаблівасці.

Водныя артэрыі (Бярэзіна, Дзвіна, Днепр, Нёман, Прыпяць і інш.) доўгі час з’яўляліся асноўнымі транспартнымі камунікацыямі. З развіццём рамяства, гандлю і таварна-грашовых адносін узніклі прадумовы для будаўніцтва новых сухапутных шляхоў, якія звязалі Полацк і Смаленск; Оршу, Мінск і Берасце.

Усе гэтыя змены ў сацыяльна-эканамічным развіцці пакінулі глыбокі адбітак на тагачасных гарадах Беларусі. Калі ў ХІУ ст. іх колькасць дасягала 40, то да сярэдзіны ХУІІ ст. разам з мястэчкамі іх налічвалася 467 (з 757 па ўсім ВКЛ), дзе пражывала ад 16 да 20 % усяго насельніцтва. У ліку буйнейшых беларускіх гарадоў былі Полацк, Віцебск, Слуцк, Менск, Берасце, Гародня, Новага-родак.

Пад уздзеяннем прагрэсіўных павеваў з Заходняй Еўропы, а таксама абапіраючыся на традыцыі вечавых сходаў, гараджане – майстры, купцы, дробная шляхта асобных беларускіх гарадоў – здолелі аб’яднаць намаганні і дамагчыся ад прыватных уласнікаў або Вялікага князя права на самакіраванне па ўзору жыхароў германскага горада Магдэбурга. Першымі так званае “Магдэбургскае права” атрымалі жыхары Вільні (1387), затым Берасця (1390) і Гародні (1391), Слуцка (1441), Полацка (1498), Менска (1499).

Наяўнасць магдэбургскага права гарадам і мястэчкам дазваляла арганізаванаму ў гарадскія абшчыны мяшчанству адчуваць сваю супольнасць і выступаць ад імя ўсяго горада. Па Магдэбургскаму праву жыхары горада выходзілі з-пад юрысдыкцыі феадалаў-землеўласнікаў і вызваляліся з-пад улады ваяводаў, паноў, старастаў і іншых службовых асоб агульнага кіравання ВКЛ. Ажыццяўленне і ахова іх правоў уваходзілі ў абавязкі гарадской рады. Граматы на самакіраванне абапіраліся на нормы мясцовага права.

Гарадская рада (магістрат) складалася з бурмістраў, радцаў (райцаў, ратманаў) і членаў гарадскога суда – лаўнікаў. Усе яе рашэнні зацвярджаліся войтам, які выбіраўся як са шляхты, так і з заможных мяшчан і падпарадкоўваўся толькі вялікаму князю.

На кожную вакантную пасаду ў радзе прэтэндавалі 2-4 кандыдатуры (асобна “на радзецтва”, “на войтаўства”, “на ўрад бурмістарскі”, якіх рэка-мендавалі выбаршчыкі (“электы радзецкія”) ад “усяго паспольства” горада. Членамі рады маглі быць толькі законна народжаныя, заможныя мяшчане, якія пастаянна пражывалі ў горадзе. Іншаземцы, нехрысціяне, ліхвяры, беднякі, калекі не мелі права голаса. Гарадское самакіраванне (магістрат) засядала ў ратушы, якая будавалася ў цэнтры горада, на гандлёвай плошчы.

Працэс папаўнення саслоўя мяшчан знаходзіўся пад кантролем рады і суправаджаўся адпаведным рытуалам. Новы гараджанін у ратушы даваў клятву зрабіць пэўны ўзнос у агульнагарадскую скарбніцу і бясплатна выканаць патрэбную гораду працу.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]