
- •Лекцыя 1. Уводзіны ў дысцыпліну “Гісторыя Беларусі”.
- •Лекцыя 3. Беларускія землі ў складзе Вялікага княства Літоўскага (хііі- першая палова XVI стст.)
- •Былі выпадкі, калі гараджанам не ўдавалася поўнасцю выйсці з-пад улады гаспадара або магната, і ў частках, якія належалі дзяржаве або феадалу, - “юрыдыках”, магдэбургскае права не дзейнічала.
- •Лекцыя 7. Палітычнае і сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў складзе Расійскай імперыі ў канцы хуііі-першай палове хіх стст
- •2. Беларусь у вайне 1812 г.
- •3. Грамадска-палітычнае жыццё ў першай палове хіх ст.
- •Лекцыя 8. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў складзе Расійскай імперыі ў другой палове хіх ст.
- •Узнікненне індустрыяльнага грамадства
- •Лекцыя 11. Фарміраванне беларускай нацыі. Культурнае і духоўнае жыццё на этапе мадэрнізацыі расійскага грамадства
- •Лекцыя 12. Перамога Кастрычніцкай рэвалюцыі і шляхі фарміравання беларускай дзяржаўнасці
- •Лекцыя 15. Культурнае і духоўнае жыццё бсср
- •Значнай падзеяй у культурным жыцці Беларусі з'явілася адкрыццё Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі бсср і тэатра-студыі кінаакцёра ў Мінску, пабудова новага памяшкання драматычнага тэатра ў Гродне.
- •16. Беларусь у міжваенны перыяд (1918-1939 гг.)
Узнікненне індустрыяльнага грамадства
Прамысловая рэвалюцыя, якая адбылася ў краінах Заходняй Еўропы і ЗША, абумовіла з’яўленне і распаўсюджанне буйной машыннай вытворчасці. У выніку за змену традыцыйнаму (аграрнаму) грамадству прыйшло новае, індустрыяльнае з такім узроўнем грамадска-эканамічнага развіцця, калі найбольшы ўклад у вытворчасць матэрыяльных каштоўнасцей уносіць прамысловасць. Гэта грамадству ўласціва ўсталяванне рыначнай эканомікі, урбанізацыя, наяўнасць асноўных сацыяльных груп – прадпрымальнікаў і наёмных работнікаў, усталяванне дэмакратыі, грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы.
Усталяванне індустрыяльнага грамадства ў Расійскай імперыі прайшло тыя ж этапы, што і на Захадзе. Да канца 90-х гг. ХІХ ст. яе фабрычна-заводская вытворчасць давала ўжо 85% прамысловай прадукцыі, што дало Расіі магчымасць разам з Англіяй, Францыяй, Германіяй і ЗША, увайсці ў пяцёрку самых развітых дзяржаў свету.
Разам з тым на этапе пераходу ад папярэдняй, аграрнай цывілізацыі да індустрыяльнай выявіліся адмоўныя фактары, якія тармазілі гэты працэс: па-першае, захаванне шматукладнай эканомікі перажыткаў феадалізму; па-другое, захаванне саслоўна-самадзяржаўнага ладу, які абмяжоўваў свабоду прадпрымальніцтва, развіцццё гандлю і прамысловасці; па-трэцяе, актыўнае ўмяшальніцтва царызма ў эканоміку, вялікая роля дзяржавы ў прамысловасці, фінансах і транспарце; нарэшце, значныя дзяржаўныя расходы на падтрымку саслоўя памешчыкаў і чыноўніцкага апарату.
Беларусь як частка агульнарасійскага палітычнага, сацыяльна-эканамічнага і культурнага арганізма ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стст. таксама адчувала ўздзеянне перамен, але ў меншай ступені. Так, прамысловая рэвалюцыя тут яшчэ не завяршылася, доля фабрычнай вытворчасці ў агульным аб’ёме валавой прадукцыі складала менш паловы (46,8%), а на прадпрыемствах цэнзавай прамысловасці налічвалася толькі 31 тыс. рабочых. Беларускія прамыславікі і прадпрымальнікі, у адрозненні ад маскоўскага, пецярбургскага уральскага, і іншых рэгіёнаў спецыялізавалася не на машыннай індустрыі, а на выпуску традыцыйнай (харчовай, будаўнічай, гарбарнай і г. д.) прадукцыі і на продажы сыравіны (лён, лес).
Працэс накаплення грашовых сродкаў мясцовымі купцамі для ажыццяўлення фінансава-крэдытных аперацый адбываўся марудней, што абумовіла вызначальную актыўнасць расійскага капітала. Аддзяленні Дзяржаўнага банка былі адкрыты ў губернскіх і асобных павятовых (Бабруйск, Гомель, Пінск) цэнтрах. У 1873 г. у Мінску пачаў сваю дзейнасць прыватны Камерцыйны банк. У 1874 г. у Мінску, Магілеве і Віцебску з’явіліся таварыствы ўзаемнага крэдыту. Усяго ў 1870-1914 гг. на Беларусі дзейнічала 9 банкаў і 48 аддзяленняў. На Беларусі дзейнічалі сумесныя руска-бельгійская (“Віцебскі трамвай”, фабрыка “Дзвіна”), руска-англійскія (пабудова чыгунак), руска-германскія (продаж лёну, лесу) акцыянерныя кампаніі. Мясцовых манапольных аб’яднанняў на Беларусі не існавала, за выключэннем Пінскай фабрыкі драўляных цвікоў для пашыву ботаў, которая належала сямейству Лур’е. Наогул асноўная маса шпалерных, папярова-кардонных, запалкавых, мэблявых і інш. прадпрыемстваў належала яўрэйскім прадпрымальнікам.
Дзякуючы развітай сістэме чыгуначных і рачных перавозак здзяйсняўся вялікі аб’ём тавараперавозак, які прывёў да паступовага заняпаду базараў і кірмашоў, і абумовіў узнікненне новых форм гандлю.
Эканоміка беларускіх губерняў, інтэграваных у агульнарасійскі рынак, не пакутавала ад дэфіцыту тавараў або іх перавытворчасці. Яна не адчувала камерцыйнай экспансіі з расійскага боку. На Беларусь увозіліся толькі тыя тавары, якія тут не вырабляліся (машыны, абсталяванне, метал, газа, соль, пшаніца), або не здабываліся (вугаль, нафта). Як вынікае з балансу грузаабароту беларускіх чыгунак, у 1913 г. на станцыі прыбыла 191 054 тыс. пудоў грузаў, адпраўлена 206 295 тыс. пудоў. У гэтай сувязі мала падстаў лічыць Беларусь расійскім сыравінным прыдаткам. Яе эканоміка мела пераважна аграрны характар, развівалася на сваёй традыцыйнай аснове, выкарыстоўвала дасягненні прамысловага перавароту і з’яўлялася самадастатковай.
Усё ж аднесці Расійскую імперыю да краін, дзе да пачатку ХХ ст. сфарміравалася класічнае індустрыяльнае грамадства, нельга. Нягледзячы на наяўнасць асноўных знешніх атрыбутаў (перавага ў прамысловасці фабрычна-заводскай вытворчасці, панаванне капіталістычнага рынку, існаванне банкаўскай сістэмы, узнікненне буржуазіі і пралетарыяту і г.д.), у эканоміцы і грамадскім жыцці краіны заставалася шмат рудыментаў папярэдняй, аграрнай цывілізацыі. Асабліва яскрава гэта выявілася на прыкладзе Беларусі. Працэс урбанізацыі быў дастаткова марудным: у гарадах пражывала каля 10% на-сельніцтва. Асноўную масу прамысловага рабочага класа складалі работнікі дробных прадпрыемстваў. У сельскай гаспадарцы панавала буйное памешчыцкае землеўладанне. Саслоўная структура яшчэ пераважала над сацыяльна-класавай. Эканамічнае дамінаванне асобных нацыянальных груп абмяжоўвалася палітыка-прававымі сродкамі. Аўтарытарная (манархічная) палітычная сістэма не пакідала шанцаў на ўтварэнне прававой дзяржавы і грамадзянскай супольнасці.
Лекцыя 9. Расійскі шлях палітычнай мадэрнізацыі ў працэсе стагнаўлення індустрыяльнай цывілізацыі
Пытанні
Буржуазныя рэформы 60-70-х гг. ХІХ ст.: асаблівасці іх
правядзення на Беларусі.
Шляхецкія паўстанні і іх уплыў на палітыку самаўладдзя
ў беларускіх губернях.
Ідэалогія лібералізму, народніцкі і сацыял-дэмакратычны рух
на Беларусі. Выспяванне нацыянальнай ідэі ў светапоглядзе
беларускіх народнікаў.
4. Афармленне агульнарасійскіх і нацыянальных партый.
5. Рэвалюцыя 1905-1907 гг. Пачатак парламентарызму.
6. Беларускі нацыянальны рух і “Наша Ніва”
7. Аграрная рэформа Сталыпіна i яе ўплыў на гаспадарку Беларусi
8. Палiтычнае становiшча ў краіне і на Беларусі (1907-1914 гг.)
1. Скасаванне прыгону з’яўлялася першым крокам Аляксандра IІ на шляху мадэрнiзацыi расiйскага грамадства па ўзору вядучых заходнееўрапейскiх краiн. Наступным гуманным актам царскага ўрада стала выданне закона 17 красавіка 1863 г. аб скасаванні пакаранняў шпіцрутэнамі, плёткамі, розгамі, забароне кляймення, прыкоўвання катаржаніна да тачкі і інш. Нарэшце, асноўнае месца ў сістэме захадаў па абнаўленні грамадскага жыцця павінна была адыграць судовая рэформа, прынятая ў лiстападзе 1864 г. Асноўныя яго прынцыпы: усесаслоўнасць, нязменнасць суддзяў, незалежнасць суда ад адмiніcтрацыi, вусны характар, спаборнасць i галоснасць судовага працэсу.
Пры разглядзе крымiнальных спраў прадугледжваўся ўдзел грамадскасці праз інстытут прысяжных засядацеляў. Iнтарэсы абвiнавачваемых абаранялi прысяжныя павераныя (адвакаты). Усталёўвалася сicтэма судовых устаноў: мiравы суд (1 суддзя), з’езд мiравых суддзяў, акруговыя суды (у губернях), судовыя палаты (некалькi губерняў). Вышэйшай судовай інстанцыяй быў cенат. Сенатары прызначалiся царом. Нагляд за судамi здзяйснялi пракуроры на чале з генерал-пракурорам (ён жа мiнiстр юстыцыi).
Нягледзячы на адзіны для ўсіх акруговы ўсесаслоўны суд, асобныя справы разглядалiся ў валасных (для сялян), духоўных (для царкоўнаслужыцеляў) i ваенных судах. На час вайны ствараліся ваенна-палявыя суды.
Мiравы суддзя павiнен быў быць не маладзейшым за 25 год, мець не менш 400 дзес. зямлi або валодаць нерухомасцю не менш за 15 тыс. руб., мець вышэйшую ці сярэднюю адукацыю або 3 гады стажу. Але спiс асоб для выбараў на пасаду суддзi павiнен быў зацвярджацца губернатарам, што супярэчыла прынцыпу незалежнасці суда ад адмiнiстрацыi.
Склад акруговага суда прызначаўся iмператарам па прадастаўленнi мiнiстра юстыцыi. У гэтым судзе таксама быў iнстытут прысяжных засядацеляў. Але пасля таго, як Пецярбургскi акружны суд вынес апраўдальны прысуд В.Засуліч, якая страляла ў граданачальніка Трэпава (1878), надалей усе справы падобнага кшталту перадаваліся ў судовыя палаты і нават ваенна-акруговыя суды.
На Беларусi судовая рэформа пачалася пазней, толькi ў 1872 г. Пры гэтым суддзi ў мiравых судах не абiралiся, а назначалiся мiнiстрам юстыцыi. Акруговыя (губернскiя) суды сталi стварацца з 1877 г. Пры гэтым у суддзi не дапускалi каталiкоў, а яўрэяў – i ў засядацелi. У 1883 г. была заснавана Вiленская судовая палата, якая разглядала справы жыхароў Вiленскай, Гродзенскай, Ковенскай i Мiнскай губерняў. Магілёўская губерня падпарадкавалася Кіеўскай, а Віцебская губерня – Пецярбургскай судовым палатам.
Пасля рэформы 1861 г. царызм сутыкнуўся з моцным iмкненнем дваранства атрымаць доступ да ўдзелу ў мясцовым кiраванні. З другога боку паслабленне празмернай цэнтралізацыі дзяржаўнай улады адпавядала духу рэформ, распачатых Аляксандрам ІІ. Для абрання земскіх органаў самакіравання былі сфарміраваны тры групы (курыі) выбаршчыкаў: прыватныя землеўладальнiкi, гарадскiя i сельскiя грамадствы пры першаступеннай увазе маёмаснага цэнзу. Такiм чынам, падаўляючую перавагу набывалi дваране. Прыняты ў студзенi 1864 г. рэформа мела на мэце заснаванне у губернях і паветах установы мясцовай эканомікі, асветы, медыцыны, падатковай сiстэмы і г.д., што, акрамя іншага, паслабляла прыгнёт царскіх чыноўнікаў і набліжала да ўлады сам народ. Па прычыне пражывання на Беларусі значнай колькасці яўрэяў і палякаў, апазіцыйна настроеных супраць царызму, ажыццяўленне земскай рэформы ва ўсходніх беларускіх губернях было адтэрмінавана да 1911 г., а ў заходніх – нават да 1917 г.
Гарадская рэформа, распачатая ў 1870 г., мела на мэце перадаць справы гарадскога жыцця ў распараджэнне калегіяльнага органа – думы. У мэтах яе абрання ўсе падаткаплацельшчыкі фарміравалі тры групы (курыі) выбаршчыкаў – ад багатых, сярэдніх і бедных жыхароў, кожная з якой выбірала сваю трэць прадстаўнікоў (гласных) у думу. Выканаўчым органам яе з’яўлялася ўправа на чале з гарадскім галавою – старшынёй, які зацвярджаўся губернатарам або нават міністрам унутраных спраў. Дума таксама не была поўнасцю самастойнай у сваёй дзейнасці. На яе рашэнні маглі паўплываць губернатар і сенат.
Гарадская рэформа адбылася на Беларусi на 5 год пазней, чым у Расіі, у 1875 г. Царскія ўлады зрабілі ўсё магчымае, каб абмежаваць удзел яўрэяў у абранні і рабоце думы. Нягледзячы на тое, что яны колькасна пераважалі ў гарадах, іх прадстаўнікамі ў самакіраванні былі адзінкі.
Паражэнне Расіі ў Крымскай вайне (1853-1856) паставіла ў парадак дня неабходнасць карэнных перамен у рускай арміі. У прыватнасці, выявілася неадпаведнасць 25-гадовага тэрміну салдацкай службы баяздольнасці арміі і сацыяльна-эканамічным інтарэсам дзяржавы. З прызначэннем Дз. Мілюціна на пасаду ваеннага міністра гэты тэрмін быў скарочаны да 16 год, быў палепшаны быт салдат, іх пачалі навучаць грамаце ў ротных школах. Афіцэрам забаранялася рукапрыкладства, а пакаранне салдат розгамі істотна абмяжоўвалася.
Сама ваенная рэформа пачалася ў 1862 г., калі ў рэкруты сталі браць больш мужчын, але тэрмін іх службы быў скарочаны да 6 год у сухапутных войсках і да 7 – на флоце. Сэнс гэтых навацый заключаўся ў тым, што людзі пасля службы ішлі ў рэзерв (запас) і ў выпадку ваеннай неабходнасці маглі быць мабілізаванымі ў войска. І па-другое, адслужыўшыя свой тэрмін рэзервісты мелі магчымасць абраць род далейшых заняткаў, зевесці сям’ю, гаспадарку. У новаўвядзенняў уся тэрыторыя падзялялася на 15 ваенных акруг, рэгулярнае войска было скарочана да 742 тыс. (на 34,4 %), а праз колькі часу ў запасе знаходзілася каля 500 тыс. дэмабілізаваных воінаў.
У 1864 г. для падрыхтоўкі афіцэрскіх кадраў былі заснаваны юнкерскія вучылішчы, якія замянілі сабой саслоўныя кадэцкія корпусы. Прааналізаваўшы прычыны перамогi Прусii ў вайне з Францыяй (1871), Мілюцін укараніў новы прынцып камплектавання рускай армii. Так, у адпаведнасці з Законам ад 11 студзеня 1874 г., уводзiлася ўсеагульная воiнская павiннасць мужчын ва ўзросце ад 21 да 41 год за выключэннем карэнных жыхароў Сярэдняй Азіі і Сібіры (чукчаў, якутаў). У войска не бралi таксама адзiных сыноў, кармiльцаў i г. д. Пасля службы дэмабілізаваны салдат ішоў у бестэрмiновы адпачынак, затым 5 год ён лічыўся ў запасе, да 41 года яго запісвалі ў апалчэнне, а пасля гэтага яго кар’ера абаронцы радзімы заканчвалася.
Тэрмiн службы салдат з вышэйшай адукацыяй складаў 6 месяцаў, выпускнікоў гiмназiй – 1,5 года, гарадскога вучылiшча – 3, пачатковай школы – 4 гады. Сярод афiцэраў былі татары, палякі, зато нiводнага яўрэя, за выключэннем ваенных урачоў. Такiм чынам, i царскае войска адчула ўздзеянне ліберальных рэформ. Характэрна, што новае войска, папоўненае адукаванымі людзьмі, выхаванае без розаг, у духу гуманнасці апраўдала спадзяванні рэфарматараў, калі з 1878 г. атрымала бліскучую перамогу над Турцыяй.
Школьная рэформа, прынятая ў 1864 г., абвяшчала магчымасць атрымання адукацыі на прынцыпе ўсесаслоўнасці. “Палажэнне аб пачатковых народных вучылiшчах” дазваляла iх адкрываць арганiзацыям i нават прыватным асобам. У выніку дзяржаўна-царкоўная манаполiя на народную асвету некалькі паслаблялася, але не знікла. Так, асноўнай задачай пачатковай школы заставалася “ўкараненне ў народзе рэлiгiйных i маральных паняццяў”, таму ў ёй выкладаўся “Закон Божы”, якi меў прыярытэт перад навучаннем грамаце, i чатырма арыфметычнымі дзеямі.
Сярэдняя школа набыла ўсесаслоўны статус i прадугледжвала платную адукцыю. Гiмназii падзялялiся на класiчныя i рэальныя (пазней, пераіменаваныя ў вучылiшчы). Вучэбная праграма класiчных гiмназiй была заснавана на гуманітарных дысцыплінах (гісторыя, старажытныя мовы і інш.), засваенне якіх дазваляла маладым людзям без экзаменаў паступаць ва універсітэты. Для паступлення ў тэхнічныя вну патрэбна было здаць экзамены на засваенне вучэбнай праграмы рэальнай гімназіі (вучылішчаў), якая базіраваліся на дысцыплінах прыродазнаўчага цыклу.
У 1863 г. была адноўлена аўтаномiя унiверсiтэтаў. За парэформенны час у дадатак да iснаваўшых у Маскве, Пецярбурзе, Варшаве, Казанi, Кiеве, Юр’еве, Гельсiнфорсе універсітэты адчынілiся ў Адэсе і Томску. Пасля закрыцця Горацкага земляробчага інстытута на тэрыторыі Беларусі вну не iснавала.
Ліквідаваўшы саслоўныя і нацыянальныя перагародкі ў адукацыі, царскія міністры па-ранейшаму разглядалі школу як сродак русіфікацыі ідэалагічнага выхавання, таму свецкіх навучальных устаноў на іншых мовах не існавала
Цэнзурная рэформа, абвешчаная 6 красавіка 1865 г., прывяла да пэўнай лібералізацыі ў галіне выдання і распаўсюджання літаратурных, навучальных і іншых твораў. Галоўнаму ўпраўленню па справах друку пры міністэрстве унутраных спраў надавалася права вызвалення ад папярэдняй цэнзуры арыгінальных сачыненняў (аб’ёмам звыш 10 друкаваных аркушаў), перакладаў (звыш 20 аркушаў), сталічнай прэсы, а таксама навуковых выданняў акадэміі і універсітэтаў. За парушэнне палажэнняў аб цэнзуры была ўсталявана судовая адказнасць. Так, у 1866 г. былі закрыты часопісы “Современник” і “Русское слово”. Нягледзячы на жорсткасць існаваўшага заканадаўства, грамадскасць Расіі набывала магчымасць публічнага выказвання сваіх думак і абмеркавання бягучых праблем ва ўласных, недзяржаўных выданнях. Адным з такіх выданняў зрабілася газета “Минский листок» (1886-1902).
У вынiку абвяшчэння рэформ расiйскае грамадства атрымала шанец прасунуцца наперад – ад абсалютнай манархі да прававой дзяржавы, дзе пануе адзіны закон для ўсіх людзей, незалежна ад іх салоўнай ці нацыянальнай прыналежнасці, веравызнання або маёмаснага стану. Але істотна наблізіцца да заходнееўрапейскай цывілізацыі Расіі не ўдалося.
З забойствам Аляксандра ІІ (1881) г. у краіне пачаўся перыяд жорсткай палітычнай рэакцыі. “Распараджэнне аб мерах да захавання дзяржаўнага парадку і грамадскага спакою і прывядзенні пэўных мясцовасцяў у стане ўзмоцненай аховы», выдадзенае 14 жніўня 1881 г., надавала права жандармерыі ў 10 губернях Расійскай імперыі дзейнічаць адпаведна сітуацыі, не падпарадкоўваючыся адміністрацыі і судам. Часовыя захады знайшлі працяг у курсе новага цара Аляксандра ІІІ (1881-1894) на “карэктыроўку рэформ” або ў так званых контррэформах. Так, законам ад 12 лютага 1887 г. уводзілася практыка закрытых судовых працэсаў і фактычна скасоўвалася публічнасць суда.
У 1884 г. царкоўнапрыходскія школы перадаваліся ў ведамства Сінода. Дзецям нiжэйшых саслоўяў (“кухаркіным дзецям”) забаранялася паступленне ў гiмназiю, а для навучэнцаў-яўрэяў быў уведзены абмежавальны працэнт. Пры паступленні ва унiверсiтэт патрабавалася характарыстыка аб дабранадейнасцi. У 1884 г. аўтаномія універсітэтаў была скасавана: рэктар і прафесарскі склад прызначаўся ўрадам. Плата за навучанне значна павышалася. Усе студэнты былі абавязаны насіць форму. З-за ўзмацнення цэнзуры былі закрыты многія выданні. У новым палажэнні аб земствах (1890) узмацняліся пазіцыі дваран. Новае Гарадавое палажэнне ад 11 чэрвеня 1892 г. істотна скарачала колькасць выбаршчыкаў з ліку бедных жыхароў.
Наогул, Александр ІІІ да канца свайго жыцця лічыў лібералізм “д’ябальскай задумай” і свята верыў у асобы рускі шлях, свабодны ад заходніх рэформ. На практыцы гэтая палітыка ўяўляла сабою спробу ўмацавання дзяржавы традыцыйнымі метадамі з апораю на выпрабаванае стагоддзямі дваранскае саслоўе.
На Беларусi ажыццяўленне названых рэформ і контррэформ мелi свае спецыфiчныя асаблiвасцi, абумоўленыя наяўнасцю тут моцнай антыцарскай апазіцыі, у тым ліку ў асяроддзі прывілеяваных саслоўяў. Невыпадкова таму, нягледзячы на часовы характар закона ад 14 жніўня 1881 г., усталяванае ў 10 губернях Расіі надзвычайнае становішча фактычна існавала тут да краху самаўладдзя ў 1917 г.
2. Пасля перамогi над Напалеонам у вайне 1812-1815 гг. да Расii адыйшла частка Польшчы разам з Варшавай, якая была вылучана ў так званае “Царства Польскае”. Нягледзячы на яго дастаткова аўтаномнае становішча ў складзе iмперыi (лiберальная палiтыка царскага намеснiка Канстанцiна, уласныя канстытуцыя, сейм, адмiнiстрацыя, рэлігія, войска, паліцыя, мова, сiстэма асветы, нават права чэканiць манету), польская шляхта марыла аб адраджэннi Рэчы Паспалітай у межах да 1772 г. і яе поўнай незалежнасці. Гэтая ж iдэя дамiнавала i ў шматлiкiх тайных таварыствах, што дзейнiчалi на Беларусi ў 1820-я гг. Свае спадзяванні на незалежнасць шляхта звязвала з прыходам на трон новага цара – Мікалая І, але ён адмовіўся мяняць статус Царства. Адзіным выйсцем з канфлікта магла быць пасрэдніцкая дзейнасць Францыі.
Падставай да ўсеагульнага паўстання ў Польшчы сталi чуткi, быцам цар збiраецца накiраваць размешчаныя на яе тэрыторыі войскі супраць Францыi, дзе выбухнула чарговая рэвалюцыя. Таму, у ноч на 29 лiстапада 1830 г. група радыкальна настроеных асоб напала на рэзiдэнцыю царскага намесніка. Адначасова выступiлi iнструктары i навучэнцы школы падхарунжых, у выніку 30 лiстапада Варшава была ў руках паўстанцаў. Канстанцiн адмовiўся выканаць iх патрабаваннi аб наданнi РП рэальнай незалежнасцi i пакiнуў Польшчу. 20 cнежня сейм апублiкаваў “Манiфест польскага народа” з заклiкам падтрымаць паўстанне, каб "вярнуць сваю незалежнасць і старажытную магут-насць" і дасягнуць "злучэння" са сваімі братамі, якія пакутуюць пад прыгнётам "пецярбургскага кабінета". Невыпадкова, адразу ж у Лiтву, Украiну i на Беларусь накiроўвалiся эмiсары. 29 студзеня 1831 г. быў сфарміраваны нацыянальны ўрад на чале з князем А. Чартарыйскім.
У сваю чаргу царскiя ўлады прынялi адпаведныя захады ў памежных з Царствам паветах – увялі ваеннае становiшча, узмацнілі гарнiзоны, выслалі недабранадзейную шляхту ўглыб Расii і інш. На пачатку лютага 1831 г. на тэрыторыю Польшчы ўступіла руская армiя. Паўстанцы былі вымушаны адступiць за Вiслу.
Каб прадухіліць далейшае разрастанне паўстання, Мікалай І выдаў указ ад 22 сакавіка 1831 г., скіраваны супраць “бунтаўшчыкоў”. Тыя, хто належаў да шляхты, падлягалі ваенным судам, іх сыны – аддачы ў кантаністы (будучыя рэкруты), а маёнткі – канфіскацыі. “Бунтаўшчыкам” з ліку падатных саслоўяў пагражала вайсковая служба ў Сібіры. У той самы час, калі сяляне кідалі зброю і вярталіся дадому, яны пазбаўляліся пакарання. Але ў траўні паўстанцкі рух ахапіў беларускія паветы – Ашмянскi, Браслаўскi, Вiлейскi, Дзiсенскi, Cвенцянскi, дзе cтваралiся мясцовыя ўрады (камiтэты) на чале з мясцовай шляхтай, праводзiлiся рэкруцкiя наборы ў атрады. Ксяндзы заклiкалi да “святой вайны” за радзіму.
Падрыхтоўкай да масавага паўстання на Беларусi i ў Лiтве заняўся Вiленскi паўстанцкi камiтэт, якi наладзiў сувязi з Варшавай i павятовымi камiтэтамi. Аднак яго кiраўнiцтва нават не здзейснiла спробы раззброiць трохтысячны царскi гарнiзон, а заняла абарончую тактыку. Рыхтуючыся да рашучай барацьбы, арганізатары паўстання абвясцілі аб фарміраванні "паспалітага рушання". У яго павінны былі ўступіць усе мужчыны шляхецкага саслоўя ад 18 да 45 гадоў, а таксама 1 рэкрут ад двух сялян або мяшчан.
19 чэрвеня аб’яднаныя сілы паўстанцаў у складзе 24 тыс. чал. на чале з галоўнакамандуючым Гелгудам спрабавалі штурмаваць Вiльню, але няўдала, і неўзабаве былі самі разгромлены. Рэшткі іх мусілі перайсці да партызанскай тактыкі барацьбы. Актыўны ўдзел у ёй бралi гарадская шляхта, чыноўнiцтва і студэнты універсітэта.
У чэрвенi-лiпенi ачагi паўстання мелi месца ў Пiнскiм, Мазырскiм, Рэчыцкiм, Навагрудскiм паветах, у Магiлёўскай i Вiцебскай губернях, але на пачатку жніўня ўсе яны былі ліквідаваны. Падаўленнем паўстання на тэрыторыi Польшчы кiраваў галоўнакамандуючы рускай армiяй Паскевiч. У ноч на 8 верасня 1831 г. ён дамогся капiтуляцыi ад паўстанцаў, якія так i не атрымалi спадзяванай дапамогi ад Францыi.
Паражэнне паўстання 1830-1831 гг. мела значныя палiтычныя, сацыяльна-эканамiчныя i культурныя наступствы, у першую чаргу, для польскага дваранства і каталіцкага духавенства. Як вядома, гэтае паўстанне па складу ўдзельнiкаў было пераважна шляхецкiм. У значнай ступені яго падтрымлівалі тыя жыхары, якія ўсведамлялі сябе палякамі. Роля сялянства ў паўстанні была нязначнай. Рэкрутаваныя ў паўстанцкія атрады сяляне не выяўлялі зацікаўленасці ў барацьбе і ўдзельнічалі ў ёй хутчэй за ўсё па волі гаспадара.
Натуральна, што хваля царскiх рэпрэсiй закранула ў першую чаргу менавiта шляхту i касцёл. Усе атрыбуты польскай аўтаноміі – канстытуцыя, сейм, войска i г. д., былі скасаваны, а Царства Польскае падзелена на губернi. Мiкалай I паставiў на мэце не толькi пакараць вiнаватых, але i падарваць палiтычную моц шляхты i касцёла i менавiта ў раёнах, адносна нядаўна далучаных да Расii – найперш на Беларусi. Менавiта з мэтай барацьбы супраць польскага i каталiцкага ўплыву i былi распачаты рэпрэсiўныя захады амаль ва ўсiх сферах жыццядзейнасцi мясцовага насельнiцтва.
Актыўны ўдзел у падаўленні паўстання і вырашэнні лёсу яго ўдзельнікаў браў гродзенскi, а затым і мінскі губернатар М. М. Мураўёў, па прозвішчу «Вешальнік”. У сваёй нянавісці да палякаў ён не спыняўся нават перад цялеснымі пакараннямі шляхты.
У 1831 г. М. Мураўёў забаранiў выкарыстанне Статуту ВКЛ спачатку ў Вiцебскай i Магiлёўскай, а затым i ў заходніх губернях. Яго месца заняў “Свод законов Российской иперии” Для “навядзення парадку” у 1832 г. быў створаны так званы Заходнi камiтэт. У лiку першых пастаноў камiтэта стала ўвядзенне рускай мовы ў дзяржаўнае справаводства замест польскай. Для ўмацавання дзейснасцi антыпольскiх захадаў урад ствараў спрыяльныя ўмовы для рускiх чыноўнiкаў, але да канца царавання Мiкалая I iх доля складала толькi пятую частку - 20%.
Да следства за ўдзел у паўстанні ў беларуска-літоўскіх губернях было прыцягнута 2878 чалавек. Сярод іх было 336 памешчыкаў, 103 прыватныя служачыя, 86 студэнтаў, 73 афіцэры, 6 аднадворцаў, 627 сялян. Усяго канфіскавана маёнткаў: у Віленскай губерні -118 (больш за 25 тыс. прыгонных мужчынскага полу); у Гродзенскай -70 (28,6 тыс.); у Мінскай - 22 (15,5 тыс.); у Віцебскай - 6 (15 тыс.) і ў Магілёўскай - адзін маёнтак (1,5 тыс.)2.
У час следства па справе паўстанцаў шляхта мусiла даказваць сваю невiнаватасць, даваць прысягу на вернасць цару i паведамляць аб крамоле. Тыя, хто каяўся ва ўдзеле ў паўстанні i не прынёс істотнай шкоды, атрымоўвалi амнiстыю. Хто адмаўляўся ад пакаяння – губляў маёмасць i высылаўся ў Сiбiр. Канфiскаваныя маёнткi на выгодных умовах прадавалiся і цягам часу тут з’явiўся пласт рускiх памешчыкаў дваранскага i чыноўнiцкага паходжання. Але новыя гаспадары тут, як правiла, не прыжывалiся, таму гэтая маёмасць здавалася ў арэнду мясцовым панам або яўрэйскiм купцам.
Паўстанне 1830-1831 гг. выявiла вызначальную ролю ў ім шляхты, асаблiва дробнай, так званай засцянковай. У гэтай сувязi аднавiўся распачаты яшчэ пры Кацярыне так званы “разбор шляхты”, у адпаведнасцi з якiм кожны шляхцiч мусiў дакументальна пацвердзiць сваю прыналежнасць да высакароднага саслоўя. Гэтым царызм праследаваў не толькi эканамiчныя, але i палiтычныя мэты. Пазбаўленыя дваранскiх прывiлеяў, яны набывалi cтатус падатковых пластоў - “грамадзян” або “аднадворцаў”, гэта значыць, былі абавязаны выконваць рэкруцкую і іншыя павiннасцi. Многiя з iх, страцiўшы сродкi да iснавання, былi вымушаны iсцi на дзяржаўную службу, аддаваць сыноў у рускiя кадэцкiя карпусы i iнш.
Падлягала перагляду ўся сiстэма адукацыi на Беларусi. Найперш, у 1832 г. быў закрыты Вiленскi унiверсiтэт як ачаг антырасiйскiх настрояў. Усе унiверсiтэцкiя каштоўнасцi (бiблiятэка, музей) былi перавезены ў Кiеў, дзе з 1834 г. пачаў працаваць унiверсiтэт iмя Уладзiмiра Святога. Каб заахвоцiць шляхецкую моладзь, у маскоўскiм i пецярбургскiм унiверсiтэтах вылучалася па 50 iмянных стыпендый. Створаная на базе медыцынскага факультэта Вiленскага унiверсiтэта Медыка-хiрургiчная акадэмiя ў 1842 г. была таксама зачынена за антыўрадавую дзейнасць яго навучэнцаў.
Асноўныя намаганнi царскага ўрада былi скiраваны на рэфармаванне сярэдняй i нiжэйшай адукацыi, якая ахоплiвала асноўную колькасць школ. Пасля паўстання iх колькасць зменшылася ўдвая. Закрывалiся таксама польскiя школы пры касцёлах. Каталiцкае духоўнае вучылiшча перамяшчалася з Вiльнi ў Пецярбург. Ва ўсiх школах забаранялася выкладанне польскай мовы. Усё навучанне стала весціся па-руску. Усё гэта i iншае вяло да вострага недахопу рускамоўных настаўнiкаў. У 1839 г. пэўную іх долю (17%) склалі пераехаўшыя на льготных умовах з Расіі, а асноўную масу складалi па-ранейшаму мясцовыя настаўнікі, а таксама праваслаўныя святары.
Важным накiрункам барацьбы ўрада супраць польскага ўплыву з’яўлялася канфесiйнае пытанне. Каталiцкая царква пераводзiлася на дзяржаўнае ўтрыманне, а яе маёнткi канфiскоўвалiся. За дапамогу паўстанцам 191 кляштар з 304 быў зачынены або ператвораны ў прыход. Ксяндзам забаранялася адлучацца ад сваiх прыходаў. Забаранялася адкрываць новыя, калi ў iх не набiралася 400 вернiкаў або 100 хат. У семiнарыях дазвалялася выкладаць толькi на лацiнскай або рускай мовах. Кантакты бiскупаў з Рымам дазвалялiся толькi з санкцыі Пецярбурга. На тэрыторыi Лiтвы i Беларусi дзейнiчала 4 бiскупствы – Вiленскае, Магiлёўскае, Мiнскае, Ковенскае, якія падпарадкоўвалiся мiтрапалiту, а яго рэзiдэнцыя размяшчалася ў Пецярбурзе. Вышэйшы орган кiравання - Рымска-каталiцкая калегiя з’яўлялася дзяржаўнай установай.
Што датычыць cамай масавай канфесіі беларусаў – грэка-рымскай або унiяцкай, то на тэрыторыi Лiтвы i Беларусi, то да 1830 г. тут дзейнічала ўжо 2 епархіі. Па прапанове царскага ўрада ў 1827 г. засядацель уніяцкага дэпартаменту Я. Сямашка падрыхтаваў праект па далучэнні уніяцтва да праваслаўя. Але гэта здзейснілася толькі 23 сакавіка 1839 г., калі Сінод прыняў пастанову аб далучэнні грэка-каталіцкай царквы да праваслаўнай. 30 сакавіка 1839 грэка-уніяцкая калегія была перайменавана ў Беларуска-Літоўскую на чале з арцыбіскупам Язэпам. Ён жа ўзначаліў створаную ў 1840 г. Літоўскую праваслаўную епархію ў сане арцыбіскупа Літоўскага і Віленскага. Характэрна тое, што фактычна здрадзіўшы уніяцтву, Я. Сямашка не толькі страціў павагу ў каталікоў, але і не знайшоў яе ў асяроддзі сваіх калег – праваслаўных іерархаў, ні нават у віленскага генерал-губернатара Назімава. Адчуўшы сваю зямную місію выкананай, мітрапаліў замовіў сабе магільны склеп, які быў пабудаваны яму ў 1849 г. у манастыры віленскіх мучанікаў.
Такiм чынам, факт удзелу ў паўстаннi 1830-31 г. насельнiцтва Беларусi i Лiтвы быў выкарыстаны царызмам для вынiшчэння ў гэтым рэгiёне вызначальнага ўплыву польскай шляхты, каталiцкага касцёла i унiяцкай царквы. Ускосна гэта палiтыка скiроўвалася на далейшае духоўнае развiццё беларускага народа ў напрамку зблiжэння з рускiм народам i праваслаўем.
З 1840 г. назвы “лiтоўскi”, “беларускi” сталi знiкаць з дакументальнага ўжытку. Замест iх з’явiлася назва “Паўночна-Заходнi край”. Менавiта з таго часу назва “Лiтва”, “лiтовец”, “лiтоўскi” стала замацоўвацца за тэрыторыяй i насельнiцтвам Ковеншчыны. Агульнанацыянальная назва “Лiтва” была страчана. Царызму было выгадна называць мясцовае насельніцтва любым iншым iменем, што аддзяляла б яго ад палякаў.
Што датычыць саміх палякаў, то, нягледзячы на шэраг знiшчальных захадаў урада, iдэя Рэчы Паспалiтай у iх духоўнай i практычнай дзейнасцi заставалася непарушнай. Пасля закрыцця універсітэта важнейшым нацыянальным навуковым цэнтрам зрабілася Віленская археалагічная камісія, якая ў многім падрыхтавала ідэйную глебу для чарговага паўстання за адраджэнне Рэчы Паспалітай.
Сацыяльна-палітычная напружанасць у Расійскай імперыі, выкліканая падрыхтоўкай і правядзеннем аграрнай рэформы, узмацнілася актывізацыяй польскага вызваленчага руху з мэтай адраджэння незалежнай Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. У 1861 г. яго ўдзельнікамі з’яўляліся розныя колы польскага грамадства, аб’яднаныя ў два лагеры – так званых белых і чырвоных. Да першых належалі арыстакраты, буйныя буржуа і каталіцкая вярхушка. Другія прадстаўлялі, у сваёй большасці, дробную шляхту, а таксама інтэлігенцыю і гарадскіх працоўных. Кожны з лагераў бачыў свой шлях да дасягненні мэты: белыя – праз маральнае (з дапамогай пратэстна-патрабавальных акцый) і міжнародна-дыпламатычнае ўздзеянне на царскі ўрад, а чырвоныя – праз узброенае паўстанне. Для кіраўніцтва барацьбой жыхароў былой РП супраць царызму летам 1862 г. у Варшаве быў створаны Цэнтральны нацыянальны камітэт (ЦНК). У распрацаванай ім праграме былі выстаўлены пункты аб паляпшэнні эканамічнага і сацыяльнага становішча сялян: перадачы атрыманых зямель ва ўласнасць без адбывання “часоваабавязаных адносін”, замене падушнага падатку падымным, а рэкрутчыны трохгадовай службай, аднаўленні уніяцтва.
Падпарадкаваным ЦНК цэнтрам падрыхтоўкі паўстання на Беларусі і ў Літве быў Лiтоўскi правiнцыяльны камiтэт. Вiкенцiй-Канстанцiн Калiноўскі (1838-1864), які ў кастрычніку 1862 г. узначаліў ЛПК, асноўную сілу ў барацьбе супраць царызму бачыў не ў шляхце, а ў беларускіх сялянах. Менавіта на іх і была разлічана газета "Muzуckaja prauda”.
Другой асаблівасцю дзейнасці К. Каліноўскага ў яго стасунках з ЦНК з’яўлялася імкненне абгрунтаваць правы беларускага народа на ўтварэнне асобнай дзяржавы і далейшыя яе ўзаемаадносіны з Польшчай на федэратыўных пачатках. Але варшаўскія чырвоныя пакінулі ўсе яго патрабаванні без увагі.
Між тым жандармерыі стала вядома аб падрыхтоўцы паўстання, таму ЦНК, каб не дапусціць яго зрыву, выступіў 10 студзеня 1863 г. з Маніфестам, у якім абвясціў сябе Нацыянальным урадам і заклікаў сваіх суайчыннікаў да ўзброенай барацьбы супраць цара. Са свайго боку ЛПК выдаў уласны маніфест, звернуты да “літоўцаў, беларусаў, жэмайцінаў і жыхароў іншых абласцей, занятых рускімі”, з заклікам падтрымаць польскае паўстанне. Па падабенству з ЦНК, ЛПК рэарганізаваўся ў Часовы ўрад Літвы i Беларусі, але ненадоўга, бо неўзабаве, 11 сакавіка быў заменены Аддзелам кiраўнiцтва пра-вiнцыямi Лiтвы пад старшынствам Гейштара. Каліноўскі прызначаўся на пасаду камісара гродзенскага ваяводства. Відавочна, лідэры лагеру белых стрымлівалі прыхільнікаў шырокага сялянскага паўстання.
Першыя паўстанцкія атрады, створаныя ў сакавіку-красавіку 1863 г., скіроўвалі сваю дзейнасць на ўздым антыўрадавай актыўнасці беларускага народа. Як прадстаўнікі новай улады паўстанцы разганялі або знішчалі царскіх чыноўнікаў, заклікалі сялян не выконваць дзяржаўных павіннасцей, тлумачылі ім змест аграрных дэкрэтаў, заклікалі ўступаць у атрады барацьбітоў за РП і г. д. Але разлік К. Каліноўскага на масавы прыток беларускіх сялян не спраўдзіўся. У Гродзенскай губерні іх доля сярод паўстанцаў складала больш за 33%, Віленскай – 27, Мінскай – 20, Магілёўскай – 13, Віцебскай – толькі 7%. У асноўнай масы сялян выклікаў недавер факт удзелу ў паўстанні мясцовых польскіх памешчыкаў і лозунг аднаўлення польскай дзяржавы. У выніку большасць сялянства Беларусі не падтрымала паўстанне. Мала таго, значная яго частка, асабліва ў Віцебскай і Магілёўскай губернях дапамагала ўладам лавіць паўстанцаў і граміла маёнткі польскіх паноў.
Асноўную масу барацьбітоў за незалежную Рэч Паспалітую складала малазямельная і беззямельная шляхта, чыноўнікі, інтэлігенцыя, студэнты і іншыя асобы. Летам агульная колькасць паўстанцаў, узброеных косамі, пікамі, паляўнічымі і часам трафейнымі стрэльбамі, складала каля 15 тыс. Ім процістаяла 40-тысячнае ўрадавае войска ў складзе 318 рот салдат, 48 эскадронаў кавалерыі, 18 казацкіх соцень і артылерыі.
Паўстанцы прытрымліваліся партызанскай тактыкі баявых дзеянняў, імкнучыся з найменшымі для сябе стратамі нанесці ўрон рэгулярнаму войску. Так, 24 красавіка атраду Звяждоўскага удалося выбіць праціўніка з павятовага цэнтра Горы-Горкі. Гэтая і іншыя паспяховыя аперацыі былі вельмі рэдкімі і мелі часовы характар. Але нават яны вельмі непакоілі царскі ўрад.
3 мая 1863 г. за фактычнае бяздзеянне ў адносінах да мяцежнікаў віленскі генерал-губернатар У. І. Назімаў, чалавек ліберальных поглядаў, прыхільнік мірнага вырашэння ўзнікшага крызісу, быў вызвалены ад пасады. Указам Імператара яго месца заняў генерал М. М. Мураўёў, прызначаны галоўным начальнікам Паўночна-заходняга края з надзвычайнымі, дыктатарскімі паўнамоцтвамі. Ён меў вопыт барацьбы з польскай шляхтай у 1830-1831 гг. і распрацаваная ім праграма дзейнасці на Беларусі і ў Літве прадугледжвала не толькі падаўленне паўстання, а і прадухіленне любых праяў антыўрадавай ба-рацьбы з боку польска-каталіцкага насельніцтва. Адпраўляючыся па месцу службы, М. Мураўёў паставіў перад сабой задачу выкараніць з грамадскага жыцця нацыянальныя, сацыяльныя і рэлігійныя асаблівасці края і наблізіць яго да ўзора звычайнай вялікарускай правінцыі. З гэтай нагоды ў Паўночна-Заходнім краі быў адначасова праведзены комплекс важнейшых мерапрыемстваў, у тым ліку прапагандысцкага кшталту. Так, сярод беларускага сялянства праз цэрквы і сельскія сходы распаўсюджваліся чуткі, быццам польская шляхта імкнецца аднавіць прыгоннае права і таму са зброяй у руках выступае супраць цара. Свой уклад у фарміраванне грамадскай думкі унёс мітрапаліт Я. Сямашка, які звярнуўся да паствы з заклікам захаванання вернасці рускаму цару і праваслаўнай веры.
Важным сродкам падаўлення антыўрадавых настрояў сярод беларускага сялянства паслужыў указ М. Мураўёва аб скасаванні “часоваабавязанага стану”, вяртанні адабраных у ходзе рэформы сялянскіх зямель, скарачэнні (на 20%) выкупных плацяжоў.
Вядома ж асноўным сродкам барацьбы з паўстаннем з’яўлялася фізічнае знішчэнне або паланенне праціўніка. На працягу вясны-лета ўрадавыя войскі падавілі лакальныя ачагі супраціўлення, знішчыўшы звыш 5 тыс. паўстанцаў. У баях і сутычках з імі загінула 826 салдат, 348 – памёрла ад ранаў, хвароб і прапала без вестак. Паўстанцамі было забіта некалькі соцень паліцэйскіх і чыноўнікаў. Усяго ж загінула 4 тыс. вайсковых і цывільных ахоўнікаў рэжыму.
Спачатку звесткі аб паўстанні ў Польшчы, Літве і на Беларусі выклікалі ў расійскім грамадстве ўсплёск вялікадзяржаўнага шавінізму. У тых умовах дзеячы “Зямлі і волі” не здолелі забяспечыць падмогу паўстанцам з боку расійскага сялянства. У сваю чаргу царскі ўрад, абапіраючыся на грамадскую думку, у красавіку і чэрвені, па-сутнасці, праігнараваў дыпламатычныя ноты Англіі, Аўстрыі, Італіі, Швецыі, Іспаніі, Партугаліі, Галандыі, Даніі, Асман-скай імперыі і папы Рымскага з патрабаваннем адкінуць сілавую палітыку ў польскім пытанні. У выніку за адносна кароткі час свайго кіравання М. Мураўёў прымусіў белую шляхту і вышэйшае каталіцкае духавенства адмовіцца ад падтрымкі паўстання. Уже 8 жніўня ён прыняў дэпутацыю віленскага шляхецтва з пакаяннем і выяўленнем пакорлівасці. Аўдыенцыя скончылася падпісаннем візіцёрамі вернападданніцкіх адрасоў на імя цара.
Расійская грамадская думка стала рэзка мяняцца ў процілеглы бок, як толькі лібералам і рэвалюцыянерам-дэмакратам стала вядома аб жорсткіх метадах падаўлення паўстання. Дазволенае Мураўёвым публічнае выкарыстанне смяротнай кары прама супярэчыла распачатаму рэфармаванню грамадства. Асаблівае абурэнне выклікалі выпадкі пакарання смерцю шляхты праз павешанне. Менавіта з гэтага часу за Мураўёвым замацавалася прозвішча “Вешальнік”, а губернатар Пецярбурга А. Сувораў публічна назваў яго «людаедам». Тым не менш пасля гэтага інцыдэнту, 22 сакавіка 1864 г. прыгавораны судом да растрэлу дваранін К. Каліноўскі па загаду Мураўёва быў павешаны ў Вільні, на Лукішскай плошчы.
Акрамя публічных пакаранняў смерцю ўдзельнікаў паўстанняў, сродкамі застрашэння іншых асоб і прадухілення іх далейшых “злачынстваў” зрабіліся: ваенна-палявыя суды, турэмнае зняволенне, катарга ці высылка. У выніку ў Паўночна-заходнім краі было пакарана больш за 15 тыс. чалавек, з якіх 123 – павешаны ці расстраляны, 3 776 чалавек высланы ў Сібір, 12 355 пастаўлены пад нагляд паліцыі.
Маёмасць асуджанай шляхты і святарства (зямля, маёнткі і інш.) канфіскоўвалася, а высланых пад нагляд – секвестравалася. Усё памешчыцкія маёнткі края, а таксама маёмасць каталіцкага духавенства была абкладзена 10 % падаткам. У той самы час, жыхары вёсак, якія дапамагалі паўстанцам, жорстка караліся: іх хаты спальваліся, а яны самі высылаліся ў глыб імперыі.
У выніку ў распараджэнне дзяржавы апынуліся вялізныя матэрыяльныя каштоўнасці, адабраныя ў шляхты і касцёла. Намаганнямі М. Мураўёва ў краі пачалося іх істотнае пераразмеркаванне на карысць памешчыцкаў і сялян праваслаўнага веравызнання. Батракі і беззямельныя сяляне таксама сталі надзяляцца зямлёю, адабранай ў памешчыкаў, якія ўдзельнічалі ў паўстанні. Сялянскаму банку было асігнавана 5 млн руб. для набыцця праваслаўнымі сялянамі секвестраваных зямель.
Вядома ж мерапрыемствы М. Мураёўва мелі на мэце не толькі і не столькі клопат аб дабрабыце беларускіх сялян. У іх асобе ён хацеў набыць сацыяльную апору ў барацьбе супраць эканамічнага панавання шляхты, а таксама сродак умацавання расійскай дзяржаўнасці, рэлігіі і культуры. Для барацьбы з бунтаўшчыкамі з ліку праваслаўных сялян у вясковай мясцовасці ствараліся ўзброеныя каравулы ад 60 да 100 чал. кожны, прычым за кошт шляхты.
У ліку новаўвядзенняў адміністрацыйнага характару варта адзначыць забарону ўсім мужчынам без дазволу ўлад пакідаць месцы пражывання далей за 30 вёрст, абавязак кожнага домаўладальніка паведамляць аб з’яўленні бунтаўшчыкоў, пастаянныя штрафы гаспадарам, западозраным у антыўрадавых настроях і г.д. Акрамя таго, як вынікала з матэрыялаў следства, каля 70% усіх удзельнікаў паўстання, прыцягнутых да суда, складала дробная каталіцкая па веравызнанні шляхта, занятая не толькі земляробствам, але і чыноўніцкай службай. З гэтай нагоды, усе тыя, хто выказваў спачуванне паўстанцам, вызваляліся з дзяржаўных пасад. Іх месцы мусілі заняць ураджэнцы расійскіх губерняў, зацікаўленыя высокімі (на 50%) акладамі і магчымасцямі хутчэйшай кар’еры, а таксама выхадцы з праваслаўнага сялянства.
“Найважнейшай, найцяжэйшай і першаступеннай справай у Паўночна-Заходнім краі з’яўляецца не ўтаймаванне мною польскага, па сутнасці, бяссільнага мяцяжа, – казаў М. Мураўёў, – а аднаўленне ў старажытным, спрадвек рускім Заходнім і Літоўскім краі яго карэнных, гістарычных, рускіх пачаткаў і бясспрэчнага, пераважаючага першынства над чужымі Расіі прышлымі элементамі”. У мэтах доказу рускага і праваслаўнага характару края па яго ініцыятыве была заснавана Віленская камісія для разбору і выдання старажытных актаў.
Звязаная з яго іменем другая хваля русіфікацыі суправаджалася выкараненнем польскай мовы з научальных устаноў, кнігавыдавецтва, тэатральных рэпертуараў, закрыццём каталіцкіх школ. Адзіная вышэйшая школа – Горы-Горацкі земляробчы інстытут за сувязь студэнтаў з паўстанцамі быў зачынены. Але амаль адначасова для праваслаўных дзяцей сталі адчыняцца шматлікія пачатковыя школы. М. Мураўёў быў упэўнены ў тым, “што не дарабіў рускі штык – даробіць руская школа”.
Мураўёў усведамляў, што важным фактарам уздыму нацыянальна-вызваленчага руху служыла каталіцкая царква. Невыпадкова таму, нягледзячы на сан, у ліку пакараных смерцю былі і ксяндзы. У выніку следства па справе паўстанцаў маёмасць многіх касцёлаў перададзена ў дзяржаўны фонд, самі яны былі зачынены, або пераўтвораны ў праваслаўныя храмы. Была зачынена цэлая Мінская дыяцэзія (епархія). Каля 30 тыс. каталікоў перайшло ў праваслаўе, галоўным чынам пад уздзеяннем урадавых рэпрэсій.
Адначасова прыкладаліся значныя намаганні па будаўніцтву новых цэркваў паводле прапанаванага Мура’ёвым праекту – так званых “мураўёвак”. Мітрапаліт Я. Сямашка аказаў матэрыяльную дапамогу праваслаўнаму духавенству, якое пацярпела ў час паўстання, аднавіў і пабудаваў некалькі цэркваў. У 1865-1866 гг. у Віленскай епархіі былі адкрыты 19 новых прыходаў.
Такім чынам, прадстаўнікі белых, што ўзначалілі паўстанне, не здолелі давесці яго да пераможнага канца. Пастаянныя рэарганізацыі паўстанцкага цэнтра ў Вільні, частыя змены ў кіраўніцтве, узаемны недавер – усё гэта і іншае не магло спрыяць поспеху агульнай справы. Хоць К. Каліноўскаму і былі перададзены паўнамоцтвы старшыні Выканаўчага аддзела Літвы, нават камісара варшаўскага ў Вільні, аднак для рэалізацыі сваёй праграмы ён ужо не меў ні часу, ні магчымасці. У ліку прычын паражэння на Беларусі – вузкая сацыяльная база паўстанцаў. Шляхецкіх сіл было недастаткова, каб звергнуць царскі рэжым. Сяляне не выказалі такога імкнення, наадварот, дапамагалі ўладам змагацца з паўстанцамі.
Спадзяванні на дапамогу заходніх дзяржаў таксама не спраўдзіліся.
Царскі рэжым выявіў сваю перавагу ва ўсіх сферах барацьбы з польскім нацыянальна-вызваленчым рухам – ваеннай, эканамічнай, знешнепалітычнай, нават ідэйнай, калі мець на ўвазе той факт, што праваслаўнае насельніцтва не прызнала “польскі ўрад” і яго праграму. Спробы К. Каліноўскага і яго паплечнікаў даказаць сялянам, што “дзела наша – не дзела панскае, а справядлівай вольнасці”, па вялікім рахунку практычнай карысці не прынеслі.
Разам з тым азначаныя падзеі 1863 г. на Беларусі не маглі не абудзіць нацыянальнай самасвядомасці сялянства, не маглі не прымусіць беларусаў задумацца аб сваім месцы сярод іншых народаў і іншых канфесій.
Асэнсаванне беларускай шляхтай прычын трагічных для іх вынікаў паўстання набліжала яе да мясцовага жыцця, да свайго народа, яго мовы і культуры. У новых умовах ў іх свядомасці лозунг самастойнай Польшчы спалучаўся з лозунгам самастойнай Беларусі. К. Каліноўскі ў сваіх “Лістах з-пад шыбеніцы”, заклікаючы свой народ да далейшага змагання за волю, выказаўся за ўтварэнне самастойнага ўрада для Літвы-Беларусі.
Пасля падаўлення паўстання і суда над яго ўдзельнікамі на Беларусі доўгі час, да Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. працягвалі дзейнічаць надзвычайныя законы. У выніку сацыяльна-эканамічныя і духоўна-культурныя пазіцыі польскага насельніцтва, асабліва, шляхты і касцёла былі істотна аслаблены. Планы К. Каліноўскага аб адраджэнні уніяцкай веры як нацыянальнай рэлігіі беларусаў засталіся невыкананымі. Праваслаўная царква не толькі захавала сваё пануючае становішча, але і істотна яго ўмацавала.
Канфіскаваныя і секвестраваныя землі паўстанцаў сталі здабыткам рускага дваранства і чыноўніцтва, а таксама праваслаўнага сялянства. Пры гэтым, прадпрынятыя М. Мураўёвым вясной 1863 г. аграрныя паляпшэнні паскорылі развіццё капіталістычных адносін у вёсцы.
Русіфікацыя края праз абмежаванні вывучэння і выкарыстання польскай мовы ў дзяржаўных установах, развіццё рускай школы, укараненне рускай літаратуры, замену польскага чыноўніцтва рускім, усё гэта і іншае спрыяла ўмацаванню расійскай дзяржаўнасці. Гэта з’яўлялася найбольш істотным і прыкметным наступствам шляхецкіх паўстаннях на Беларусі ў ХІХ ст.
3. У Заходняй Еўропе ў перыяд пераходу ад феадалізму да капіталізму і яго далейшага развіцця ўзнікла палітычная і ідэалагічная плынь – лібералізм, які выказваў інтарэсы прамысловай буржуазіі, якая патрабавала абмежавання правоў манарха парламентам, устанаўлення канстытуцыйнага ладу і ўдзелу ва ўладзе. Лепшай формай палітычнага ладу лібералы лічылі дэмакратыю, заснаваную на прызнанні прынцыпаў народаўладдзя, свабоду асобы і раўнапраўе грамадзян.
Прамысловы пераварот у Расіі адыграў важную ролю ў пераходзе ад феадалізму да капіталізму, станаўленні і развіцці індустрыяльнага грамадства. Разам з тым прамысловы пераварот патрабаваў палітычнай мадэрнізацыі. У той час, як заходні лібералізм у сваім развіцці абапіраўся на шырокі клас уласнікаў, у Расіі ролю апазіцыі і носьбіта ліберальнай ідэалогіі ўзяла на сябе інтэлігенцыя. Тыя рэформы, якія ажыццявіў Аляксандр ІІ, былі істотна “ўрэзаны” пасля яго смерці і не надавалі грамадзянам палітычных правоў. Самаўладная сістэма кіравання, наогул, заставалася непахіснай і не пакідала перспектыў для ўкаранення канстытуцыйных нормаў.
Таму ў асяроддзі расійскай інтэлігенцыі, а таксама служачых гарадскіх і земскіх самакіраванняў сталі ўзнікаць грамадскія аб’яднанні, якія ставілі на мэце прыняцце царскім урадам неабходных законаў. У канцы 1870-х гг. земскі дзеяч Цвярской губерні І. І. Петрункевіч у нелегальна выдадзенай брашуры, выказаў ідэю склікання Устаноўчага схода для распрацоўкі канстытуцыі. У той час ні адна з груповак не патрабавала знішчэння манархіі. Правая плынь лібералаў хацела спалучыць свае рэфармісцкія ідэі з кансерватыўнымі каштоўнасцямі (стабільнасць, рэлігійна-маральныя традыцыі). Так, адзін з іх – К. Кавелін сцвярджаў, што забеспячэнне грамадзянскіх правоў і свабоды асобы патрабуюць усебаковай падтрымкі з боку дзяржавы. Другі ліберальны кансерватар – Б. М. Чычэрын заклікаў да паэтапнага заканадаўчага ўвядзення канстытуцыі: найперш свабоды сумлення, слова, прэсы, затым – дэмакратычнага фарміравання ўрада.
У 1880 г. група маскоўскіх лібералаў уручылі міністру ўнутраных спраў М. Т. Лорыс-Мелікаву мемарандум, у якім было ўказана, што адзіным сродкам пазбегнуць беспарадкаў у краіне, спыніць революцыйны рух і вывесці Расію на шлях мірнага прагрэсіўнага развіцця з’яўляецца забеспячэнне правоў кожнага асобнага чалавека, яго свабоды думкі і слова і склікання незалежнага Схода прадстаўнікоў земстваў з наданнем яму права “ўдзелу ў кантролі нацыянальнага жыцця”.
Пэўная частка інтэлігенцыі, заклапочаная паскарэннем грамадскага прагрэсу ў Расіі, звярнула ўвагу на патэнцыяльныя магчымасці сялянства, якое складала большасць насельніцтва. Тыя з інтэлігентаў (настаўнікі, урачы, інжынеры і інш.), хто ішоў “у народ” (сяліўся ў вёсках), каб узняць яго асветніцкі ўзровень, зваліся народнікамі. Адна іх плынь – ліберальнае народніцтва – выступала за ўдасканаленне асобы і пашырэнне яе правоў, а таксама за ўвядзенне канстытуцыі. Яго віднейшы ідэолаг М. К. Міхайлоўскі сцвярждаў, што галоўная задача грамадства заключаецца ў стварэнні ўмоў для развіцця асобы, лічучы яе ўзорам вымярэння грамадскага прагрэсу. Каб прадухіліць магчымы сацыяльны выбух, ліберальныя народнікі заклікалі да мірнай замены «самадзяржаўя цара самодзяржаўем народа» на аснове ўсеагульных выбараў, свабоды слова и свабоды сходаў.
З цягам часу з ліберальнага народніцтва вылучылася рэвалюцыйная плынь, якая лічылі сялянства рэвалюцыйным класам, а сялянскую абшчыну – гатовай ячэйкай будучага сацыялістычнага грамадства. Характэрнай рысай народнiцкай iдэалогii з’яўлялася перапляценне ідэй народаўладдзя з сялянскiм утапiчным сацыялiзмам. Яе прадстаўнікі ставілі на мэце падрыхтоўку ў Расіі сялянскага паўстання і звяржэнне самаўладдзя. Першая народнiцкая арганiзацыя “Зямля і Воля” была створана ў 1861 г. На Беларусi iдэi народнiцтва падзялялi К. Калiноўскi, В. Урублеўскi, З. Серакоўскi.
З-за спрэчак аб тактыкi сваёй дзейнасці народнікі і падзяляліся на тры групоўкі – бунтарскую, прапагандысцкую і змоўшчыцкую. Ідэолагам першай з’яўляўся М. Бакунiн, якi заклiкаў да неадкладнага ўсенароднага паўстання супраць царызму і памешчыкаў. Другая плынь народнiкаў падзяляла думку П. Лаўрова аб неабходнасцi грунтоўнай падрыхтоўкi да рэвалюцыi, але не шляхам палітычнай барацьбы, а прапаганды. Прыхiльнiкi П. Ткачова выступалi “за палiтычны пераварот з мэтай перадачы ўлады народу”. Яго павінна была здзейсніць асобная група рэвалюцыянераў.
Сярод народнiкаў пэўнай папулярнасцю карысталася група “Таварыства народнай расправы” пад старшынствам С. Нячаева, члены якой меркавалі, што ў барацьбе з самаўладдзем маральна ўсё, што спрыяе рэвалюцыі, нават тэрор, які быццам бы абуджае рэвалюцыйную iнiцыятыву мас.
Да 1874 г. большасць прапагандыстаў, што “хадзiлi ў народ”, была арыштавана i асуджана. Намаганнямі А. Міхайлава, Г. В. Пляханава і інш. у 1876 г. у Пецярбургу была адноўлена дзейнасць нелегальнага таварыства “Зямля i Воля”, у якім бралi ўдзел і студэнты з Беларусi – С. Кавалiк, А. Бонч-Асмалоўскi, І. Грынявiцкi, М. Судзiлоўскi i iнш.
У жнiўнi 1879 г. “Зямля i Воля” з-за ідэйных спрэчак раскалолася на “Народную волю” i “Чорны перадзел”. Апошнюю арганізацыю, якая абрала прапагандысцкі напрамак, падтрымлівала большасць народнiкаў Беларусі. На пачатку 1880-х гг. гурткi “Чорнага перадзелу” ўзнiклi ў Віцебску, Мiнску, Оршы, Слуцку. У Мiнcку выдавалася газета i пракламацыi.
Другая плынь рэвалюцыянераў (А. І. Жэлябаў, Н. І. Кібальчыч, А. Д. Міхайлаў, С. Л. Пяроўская, С. Н. Халтурын і інш.) аб’ядналася вакол “Народнай волi”, якая паставіла на мэце прымусіць царскі ўрад пайсці на дэмакратычныя реформы. Асноўным метадам палітычнага ўздзеяння на яго зрабіўся тэрарызм – фізічнае знішчэнне вышэйшых дзяржаўных асоб, у тым ліку манархаў. Прыхільнікі тактыкі індывідуальнага тэрору спадзяваліся гэтымі забойствамі выклікаць паралік органаў улады, анархію, а ўслед за ім – народную рэвалюцыю. У лiку ўдзельнiкаў “Народнай волi” былі выхадцы з Беларусi. Адзін з іх, І. Грынявіцкі 1 сакавiка 1881 г. кінуў бомбу ў Аляксандра II, смяротна параніўшы яго і сябе.
У студзенi 1882 г. была створана Паўночна-Заходняя арганiзацыя “Народнай волi”, якая аб’яднала большасць гурткоў Беларусi, у тым ліку Бабруйска, Вiльнi, Віцебска, Гродна, Магілёва, Мiнска, Оршы, Пiнска. Дзейнасць “Народнай волі” не прынесла тых вынікаў, на якія разлічвалі яе арганізатары і кіраўнікі. Царскі рэжым заставаўся дастаткова моцным, каб захаваць сітуацыю пад кантролем. Арганізацыі нарадавольцаў перажывалі крызіс. Да 1883 г. большасць іх было разгромлена, але асобныя баявiкi працягвалі дзейнасць. Так, у 1886 г. узнікла новая нарадавольчаская група. За падрыхтоўку да замаху 1 сакавіка 1887 г. на жыццё Аляксандра ІІІ яе кіраўнікі А. І. Ульянаў і П. Я. Шавыроў былі асуджаны царскім судом да павешання.
Узмацненне царскай рэакцыі, нежаданне кіруючых колаў пайсці насустрач грамадскасці па дэмакратызацыі дзяржаўнага ладу, вырашэнні эканамічных, сацыяльных, нацыянальных і іншых праблем абумовіла захаванне ў краіне нестабільнай палітычнай сітуацыі. На фоне крызісу народнiцкіх арганізацый у Расіі стала ўмацоўвацца новая рэвалюцыйнае вучэнне – марксізм. Яго сутнасць заключалася ў навуковым абгрунтаванні магчымасці сусветнай рэвалюцыі, звяржэння буржуазнага ладу, а пасля таго – ўсталявання дыктатуры пралетарыяту і пабудовы сацыялістычнага грамадства. Асноўную ролю ў рэвалюцыі павінен быў адыграць рабочы клас (пралетарыят). У адрозненне ад народнікаў, марксісты не лічылі сялянства рэвалюцыйным класам, тым не менш разглядалі яго як саюзніка ў сумеснай барацьбе супраць самаўладдзя.
Да марксістаў (або сацыял-дэмакратаў) далучыліся асобныя народнікі, у тым ліку Г. В. Пляханаў. У 1883 г. за мяжой, у Жэневе iм была створана група “Вызваленне працы” і напiсаны першыя праграмныя дакументы расiйскiх сацыял-дэмакратаў, а ў 1886 г. выдаў брашуру “Нашы рознагалоссi”, у якой палемiзаваў з народнiкамi.
На Беларусі асноўным асяроддзем распаўсюджання марксiсцкiх iдэй зрабiлiся яўрэйскiя працоўныя, якія ў набольшай ступенi пакутвалi ад галечы i ўцiску царызму. У 1884 г. у лiку першых пачаў працаваць гурток Абрамовiча ў Мiнску. У 1886 г. марксiзм, у асноўным яго эканамічную частку, вывучалi ўжо каля 130 рабочых.
З канца 1880-х на Беларусi ў асяроддзі рабочых з’явiлiся палiтычныя лiстоўкi, а ў 1892 г. у Вiльнi ўпершыню святкаваўся міжнародны дзень салі-дарнасці працоўных – 1 мая. У 1895 г. яго адзначылi таксама i рабочыя Мiнска. У той час у горадзе дзейнiчалi 2 сацыял-дэмакратычныя групы, якія ўзначальвалі Я. Гурвiч i C. Трусевiч. Пазней такiя ж гурткі ўзнiклi ў Вiльнi, Гродна, Смаргонi, Вiцебску, Гомелi. Паўставала праблема наблiзiць іх да рабочага руху праз паўсядзённую дзейнасць сацыял-дэмакратаў на фабрыках i заводах. Адзін з іх А. Крэмер раіў рабочым патрабаваць змяншэння працоўнага дня, павелiчэння заработнай платы, паляпшэння ўмоў працы. Ім рэкамендавалася ствараць стачачныя касы, каардынаваць сумесныя намаганні ў барацьбе за агульныя інтарэсы. Палітычныя лозунгі яшчэ прыкметна саступалі эканамічным.
На аснове рабочых гурткоў, як правіла па нацыянальнай прыкмеце, сталi стварацца сацыял-дэмакратычныя арганiзацыі. Узнiкшыя ў Польшчы ў 1882 і 1892 гг. партыі (адпаведна) “Пралетарыят” і “Polska Partyja Sozialistyсhna” сталі пашыраць свой уплыў і на Заходнюю Беларусь. Асаблiвай актыўнасцю вызначаўся Лiтоўскi рабочы саюз з аддзяленнямi ў Вiльнi, Мiнску i Смаргонi, якi арганiзоўваў эканамiчныя забастоўкi, cвяткаваў 1 мая і інш. У жніўні 1900 г. па ініцыятыве Ф. Э. Дзяржынскага адбылося аб’яднанне саюза с польскімі сацыял-дэмакратамі ў адзіную СДКПіЛ.
У буйнейшых прамысловых цэнтрах Расіі і Украіны таксама ўзніклі сацыял-дэмакратычныя арганізацыі, у тым ліку пецярбургскі “Саюз барацьбы за вызваленне рабочага класа” (1895) на чале з У. І. Ульянавым (Леніным).
Колькаснае павелiчэнне сацыял-дэмакратычных суполак яўрэйскiх рабочых стварыла ўмовы для ўзнiкнення масавай арганізацыі Бунд – Усеагульнага яўрэйскага рабочага саюза ў Лiтве, Польшчы i Расii (на чале з А. І. Крэмерам), які быў створаны ў Вiльнi ў 1897 г. Крыху пазней яго цэнтральны камітэт перабраўся ў Мiнск.
Бундаўцы ўсведамлялi, што без дапамогі расiйскага пралетарыяту iм не дамагчыся паляпшэння стану яўрэйскiх рабочых, тым больш – перамогi над царызмам. У выніку па ініцыятыве ЦК Бунда была прадпрынята спроба ўтварэння агульнарасійскай рабочай партыі. Так, 1-3 сакавiка 1898 г. у Мiнску адбыўся I з’езд сацыял-дэмакратаў Пецярбургскага, Маскоўскага, Кiеўскага i Екацярынаслаўскага “Саюзаў барацьбы за вызваленне рабочага класа”, Бунда і дэлегатаў ад кiеўскай “Рабочей газеты”.
Удзельнікі з’езда выбралі ЦК з 3 чал. (С. І. Радчанка, Б. Л. Эй-дэльман, А. І. Крэмер), прызналі “Рабочую газету” афiцыйным орга-нам партыi, прынялі рашэнне аб выпуску Манiфеста РСДРП. Гэты да-кумент быў напiсаны П. Струве i надрукаваны ў падпольнай друкарнi ў Бабруйску. Адразу пасля з’езда “Саюзы барацьбы” i сацыял-дэмакратычныя групы пачалi пераўтварацца ў партыйныя арганізацыі. Аднак партыя яшчэ не была створана, у прыватнасці, не былi прыняты статут i праграма. Пасля з’езда 8 з 9 дэлегатаў былi арыштаваны, а друкарню i чарговы нумар “Рабочей газеты” захапiла палiцыя.
Выспяванне нацыянальнай ідэі ў светапоглядзе беларускіх рэвалюцыянераў.
Пад уплывам народнiцкiх iдэй група студэнтаў-беларусаў Пецярбургскага унiверсiтэта стварыла Беларускую сацыял-рэвалюцыйную групу “Гоман”, якая мела сувязi ў Вiцебску, Мiнску i iнш. гарадах. Яна iмкнулася стаць цэнтрам арганiзацыi “Народнай волi” ў Беларусi. У 1884 г. групаю было выдадзена 2 нумары часопiса “Гомон”. Яго змест, акрамя іншага, сведчыў аб актывізацыі нацыятворчых працэсаў, якія адбываліся на Беларусі ў рэчышчы паслярэформеннага сацыяльна-эканамічнага і культурнага ўздыму.
Фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, якое адбывалася пад уздзеяннем яе нешматлікай патрыятычна настроенай шляхты, інтэлігенцыі, святароў, выхадцаў з сялян і г. д., патрабавала збірання, сістэматызацыі і прапаганды сваіх нацыяльных каштоў-насцей (фальклору, традыцый, гістарычных звестак і інш.) у мэтах стварэння ўласнай ідэалогіі. Яе светапогляднай асновай мусіла зрабіцца нацыянальная ідэя, якою прынята лічыць асэнсаванне тым ці іншым этнасам свайго паходжання, свайго месца сярод іншых этнасаў, сэнсу існавання і перспектыў далейшага жыцця. Натуральна, што, у адрозненне ад суседніх народаў афармленне беларускай нацыянальнай ідэі адбывалася з большымі цяжкасцямі, найперш, з прычыны нізкага ўзроўню нацыянальнай свядомасці беларусаў.
Тым не менш гэты працэс меў аб’ектыўныя перадумовы: укараненне духоўнага вопыту заходненеўрапейскай, польскай і рускай традыцый у культуры Беларусі (Я. Чачот, Я. Баршчэўскі, В. Дунін-Марцінкевіч, расійскія беларусазнаўцы) сацыяльна-філасофскія і гуманістычныя ідэі айчыннай філасофіі (Ф. Скарына, С. Будны, С. Полацкі), публіцыстычныя выступленні рэвалюцыянераў-дэмакратаў і народнікаў (А. І. Герцэн, М. Г. Чарнышэўскі, К. Каліноўскі).
Паўстанне 1863-1864 гг. скончылася паражэннем і жорсткімі рэпрэсіямі супраць яго ўздзельнікаў. Як высветлілася, барацьба палякаў за аднаўленне Рэчы Паспалітай было толькі часткай усерасійскага рэвалюцыйнага руху, скіраванага супраць самаўладдзя і памешчыцкага землеўладання. Гэты рух узначалілі прыхільнікі сацыялістычнай ідэалогіі – народнікі, чые арганізацыі ўзніклі паўсюдна ў імперыі. У агульнай народніцкай плыні ўзніклі асобы, якія надавалі асаблівую ўвагу нацыянальнаму пытанню і інтарэсам мясцовага, у тым ліку беларускага насельніцтва.
Важкі ўклад у развіццё нацыянальнай свядомасці беларусаў адыграла дзейнасць народніцкіх арганізацый “Чорны перадзел” і “Народнай волі”.
У 1879-1880 г. у асяроддзі студэнтаў Пецярбургскага універсітэта, выхадцаў з Беларусі, па ініцыятыве І. І. Грынявіцкага ўзнікла група “Гоман”, якая называла сябе “беларускай мясцовай фракцыяй” партыi “Народная воля”. У ліку яе арганізатараў былі А. І. Марчанка, Х. А. Ратнер, М. І. Стацкевіч, В. Б. Крупскі і іншыя. Гоманаўцы імкнуліся стварыць краёвую арганізацыю “Народнай волі” на Беларусі і ўзначаліць мясцовы рэвалюцыйны і нацыянальна-вызваленчы рух.
Найважнейшай заслугай групы ў справе абуджэння нацыянальнай свядомасці і ўздыму нацыянальнага руху стала выданне ў 1884 г. двух нумароў часопіса “Гомон. Белорусское революционное обозрение” фарматам 17,5 x 21,5 см у аб’ёме 38 старонак. Як адзначалася ў № 1 часопiса (студзень-люты 1884), “Гомон” ставiў на мэце служыць выразнiкам iдэй сацыяльна-рэвалюцыйнай групы беларусаў.
Ва ўступным артыкуле даецца агульная характарыстыка беларусам як “народнасці” ва ўмовах іх знаходжання пад “уладараннем Польшчы” і “панаваннем маскоўскага абсалютызму”. Звернута ўвага на захаванне імі сваёй самабытнасці і выказана ўпэўненасць, што гаротнае становішча “беларускай народнасці” будзе пераадолена, што абуджаная народная свядомасць выкліча вызваленчы рух пад лозунгам "Далоў эксплуатацыю, мы самі жадаем кіраваць сабою! Далоў чужыя рукі, Беларусь павінна быць для беларусаў, а не для чужых элементаў!” Важная роля ў гэтым руху надавалася дэмакратычнай беларускай інтэлігенцыі. І нарэшце аўтары публікацыі ўпэўнена заяўлялі аб праве беларусаў пры захаванні сваёй адасобленасці “заняць у Расіі такое ж месца, якое імкнуцца заняць іншыя больш ці менш буйныя народнасці”. Гаворка, такім чынам, ішла пра федэратыўнае ўладкаванне паслярэвалюцыйнай Расіі і аўтаномным статусе ў ёй Беларусі.
У другім нумары “Гомана”, які выйшаў у лістападзе 1884 г., былі змешчаны больш разгорнутыя характарыстыкі “нашай Радзімы” Беларусі як асобнай “краіны” і саміх беларусаў як “чыстага тыпу славянскага племені”, іх арыгінальнай мовы, узаемаадносін з палякамі і вялікаросамі. Аўтары публікацыі пераканаўча даводзілі аб самастойнасці і “вольным народапраўстве” Беларусі ў перыяд Полацка і працяглы час пасля злучэння “з Польшчай на пачатках федэратыўных”, а таксама аб прычынах заняпаду Радзімы. Пры тым аўтары абвяргалі “разважанні аб забітасці і выраджэнні” народа і з аптымізмам заяўлялі аб яго патэнцыяле ў барацьбе за свае інтарэсы.
Наогул лейтматыў артыкула скіроўваўся на папулярызацыю ідэі аўтаноміі Беларусі, прычым не ў складзе РП, а ў складзе Расейскай федэрацыі. Са свайго боку беларуская фракцыя абяцала ўсебаковае супрацоўніцтва з “Народнай воляй”. Так, у рэчышчы яе праграмы пракламавалася агульная мэта барацьбы – за “эканамічнае паляпшэнне краіны на пачатках навуковага сацыялізма”. Што датычыць “абуджэння Беларусі”, асноўныя спадзяванні ўскладалася на нацыянальную інтэлігенцыю. “Канешне, – гаварылася ў часопісе. – сярод люду яшчэ няма свядомага імкнення да федэрацыйнай незалежнасці ў такім выглядзе, як гэта ўяўляе сабе інтэлігенцыя, аднак неабходнасць незалежнасці выцякае сама па сабе з усведамлення людам сваёй адметнасці ад суседзяў; самастойнасць таксама абумоўленая эканамічнымі і кліматычнымі асаблівасцямі Беларусі, што значна адрозніваюцца ад умоў іншых краёў Расеі, – выцякае, нарэшце, з арыгінальнасці характару самой нацыі”.
Такім чынам, важнейшай заслугай членаў “сацыяльна-палітычнай групы беларусаў” і іх часопіса зрабілася абгрунтаванне і прапаганда ідэй аб самабытнасці беларускага народа і яго права на дзяржаўнасць (аўтаноміі) у складзе Расійскай федэрацыі. Тым самым яны спрыялі ўмацаванню самасвядомасці беларусаў і фарміраванню нацыянальнай ідэі.
4. Раней астатніх у агульнарасійскую партыю вылучыліся народнікі, якія істотна перагледзелі сваю праграму. З 1899 у Мiнску пад кiраўнiцтвам народнікаў – Л. М. Клячко (Радзiёнава), Р. А. Гершунi, К. К. Брэшка-Брэшкоўскай, А. Бонч-Асмалоўскага пачала дзейнiчаць “Рабочая партыя палiтычнага вызвалення Расii”, якая, у адрозненне ад iншых рабочых партый, грунтавалася на народнiцкiх прынцыпах і тактыцы індывідуальнага тэрору. Палітычная праграма партыі была выкладзена ў брашуры “Свабода” (1900). Неўзабаве ў складзе РППВР налічвалася каля 200 удзельнікаў, аб’яднаных у амаль 40 гурткоў. Члены партыі займалiся распаўсюджваннем нелегальнай лiтаратуры, але многага зрабiць не паспелi, бо ў тым жа 1900 годзе арганiзацыя была выкрыта “ахранкай”.
Рэшткі яе ўвайшлі ў Партыю сацыялiстаў-рэвалюцыянераў, якая аформiлася ў 1902 г. з былых народнiкаў. Яе сацыяльнай базай з’яўляліся ўсе працоўныя пласты – пралетарыят, сялянства, народная інтэлігенцыя. Эсэры выступалi cупраць самаўладдзя i памешчыцкага землеўладання, за федэратыўную дэмакратычную рэспублiку, за пабудову сацыялiстычнага ладу на аснове сацыялiзацыi зямлi i ўраўняльнага землекарыстання, распаўсюджвання кааперацыi.
Эсэры ў многiм захавалі традыцыi “Народнай волi”, у тым ліку тактыку індывідуальнага тэрору. Для выканання тэрарыстычных акцый мела “Баявую арганiзацыю” на чале з Р. А. Гершунi. Арганiзацыi ПС-Р мелiся ў Беластоку, Вільні, Віцебску, Гомелі, Мiнску. На Беларусi ў 1904 г. узнiкла асобная Паўночна-Заходняя Абласная арганiзацыя ПС-Р.
Расійскія сацыял-дэмакраты доўгі час знаходзіліся на ідэйным і тактычным раздарожжы. Яшчэ ў стадыi фармiравання партыі iх лiдэры шмат спрачалiся адносна таго, якiм метадам барацьбы рабочага класа варта надаваць перавагу – палiтычным або эканамiчным. Прыхiльнiкі Э. Бернштэйна лічылі, што рабочы клас павінен змагацца толькi за эканамiчныя патрэбы i павышаць свой культурны ўзровень, а барацьба за палiтычныя свабоды з’яўлялася прэрагатывай легальнай дзейнасці лiбералаў. Барацьбу супраць “эканамізму” ўзначалiлi Г. Пляханаў i У. Ленiн. Вялiкую ролю ў гэтым адыграла газета “Искра”, якая друкавалася ў Германіі, Англіі, Швейцарыі са снежня 1900 па кастрычнік 1905 гг. і нелегальна распаўсюджвался ў Расіі, у тым ліку ў 25 населеных пунктах Беларусi.
На пачатку новага стагоддзя наспела небходнасць cтварэння адзiнай сацыял-дэмакратычнай партыi. Пэўным чынам таму перашкаджаў Бунд, які вясной 1901 г. на сваiм з’ездзе абвясцiў сябе адзiным выразнiкам iнтарэсаў яўрэйскага пралетарыяту ў Расii і выступіў за свой аўтаномны статус у складзе РСДРП.
ІІ з’езд партыі адбыўся ў ліпені-жніўні 1903 г. у Бруселі і Лондане з удзелам 43 чал. Яго дэлегаты прынялі партыйную праграму, дзе фармулявалiся задачы буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыi (праграма-мiнiмум): звяржэнне самаўладдзя i ўсталяванне дэмакратычнай рэс-публікi, прадастаўленне народам Расii раўнапраўя i права на сама-вызначэнне i многае iнш.). Праграма-максімум лiчыла канчатковай мэтай ўсталяванне дыктатуры пралетарыяту і далейшую пабудову сацыялiзму.
Бундаўцы выставiлi патрабаванне пабудовы РСДРП па федэрацыйным прынцыпе, каб захаваць у новай партыi сваю самастойнасць, а калi iх не падтрымалi iншыя дэлегаты, то пакiнулi з’езд. Іх падтрымалі прадстаўнiкi Сацыял-Дэмакратыі Каралеўства Польскага i Літвы (СДКПіЛ), якiх не задавальняў пункт праграмы аб праве нацый на самавызначэнне.
Акрамя таго, i сярод тых, хто застаўся, пад час абмеркавання параграфа 1 Cтатуту аб тым, хто можа быць членам партыi, не было згоды. Большасцю галасоў была прынята фармулёўка Ю. В. Мартава, у адпаведнасцi з якой для членства ў РСДРП лiчылася дастатковым прызнанне праграмы, матэрыяльная падтрымка партыi i рэгулярнае асабiстае садзеянне ёй пад кiраўнiцтвам адной з партыйных арганізацый. У. Ленiн выказваўся за непасрэдны ўдзел кожнага ў працы партарганiзацыi.
Раскол дэлегатаў з’езда стаў вiдавочным у сувязi з выбарамi ў цэнтральныя органы партыi. Колькасць членаў рэдакцыi “Искры” па прапанове У. Ленiна было скарочана да трох (У. Ленiн, Ю. В. Мартаў, Г. В. Пляханаў). Па прычыне адмовы 15 дэлегатаў удзельнiчаць у выбарах ЦК, у яго ўвайшлi толькi прыхiльнiкi Ленiна, якія склалі большасць - адсюль “бальшавiкi і меншавiкi”. У далейшым прапанова Г. Пляханава ў мэтах прымiрэння бальшавiкоў i меньшавiкоў вярнуць у склад “Искры” ўсiх яе супрацоўнiкаў выклiкала выхад з рэдакцыi У. Ленiна. Але партыя па-ранейшаму называлася РСДРП. У сярэдзiне 1905 гг. у ёй налiчвалася 14 тыс. бальшавiкоў i 12,5 меншавiкоў. На Беларусi яе буйнейшыя арганiзацыi ў 1903-1904 гг. узнiклi ў Мiнску, Гомелi, Вiцебску, Барысаве, Бабруйску, Магiлёве, Мазыры, Полацку. Падпарадкоўвалiся яны Палескаму (Гомель) i Паўночна-Заходняму (Вiльня) камiтэтам.
На Беларусі, акрамя агульнарасійскіх, сталі дзейнічаць нацыянальныя партыі. Асаблівы непакой улад выклікала палітычная актыўнасць Бунда. Каб прадухiлiць уцягненне рабочых у палiтычную дзейнасць, урадавыя колы былі вымушаны выкарыстоўваць не толькі рэпрэсіўныя метады. Так, начальнiк Маскоўскага ахоўнага аддзялення палкоўнік Зубатаў праз сваiх агентаў на месцах скіроўваў рух яўрэйскіх працоўных на барацьбу за першаступеннае задавальненне іх матэрыяльных i культурных патрэб з тым, каб паралiзаваць дзейнасць рэвалюцыйных партый. У прыватнасцi, за адмову ад палiтычнай барацьбы (супраць цара i ўрада) палкоўнiк абяцаў не перашкаджаць рабочым праводзiць эканамiчныя стачкi. Упершыню гэтая практыка – так званы “палiцэйскi сацыялiзм” была выкарыстана у 1901 г., калі мясцовыя “зубатаўцы” з дапамогай паліцыі ў слесарных майстэрнях дамагліся зніжэння працоўнага дня да 12-гадзін. Гэтая перамога падштурхнула рабочых да аб’яднання вакол створанай у Мiнску Яўрэйскай незалежнай рабочай партыi (ЯНРП) на чале з былымі бундаўцамі М. Вiльбушэвiч i Р. Шахновiчам. У партыйным маніфесце абвяшчалася аб адмове ад палітычных мэтаў і імкненні пад лозунгам “хлеба і ведаў” узняць эканамічны і культурны узровень яўрэйскага пралетарыяту праз развіццё прафсаюзаў, кас узаемадапамогі, клубаў. У канцы 1901 г. да ЯНРП далучылася 15 рамесных прафсаюзаў з 20, якiя да таго часу ўваходзiлi ў Бунд. Яе суполкі ўзніклі ў Бабруйску, Вільні, Гродна, а таксама ў Адэсе, Нікалаеве, Херсоне і інш.
ЯНРП паспяхова спалучала сваю дзейнасць з прапагандай ідэалогіі ciя-нiзму, асноўнай мэтай якога з’яўлялася згуртаванне ўсiх яўрэяў свету i ўтварэнне ўласнай дзяржавы ў Палесцiне. У 1897 г. адбылося заснаванне сіянісцкай партыі, а ў 1902 г. у Мiнску нават адбыўся Усерасiйскi з’езд сiянiстаў. У вынiку барацьба памiж Бундам i ЯНРП рэзка абвастрылася. Характэрна, што i сам ўрад асудзiў дзейнасць Зубатава, якая супярэчыла iнтарэсам прадпрымальнiкаў, і адправіў яго ў адстаўку. Пазбаўленая падтрымкi ЯНРП у 1903 г. распалася. У выніку аўтарытэт Бунда стаў зноў узрастаць. Асноўныя яго намаганнi ў барацьбе за яўрэйскiх рабочых цяпер былi скiраваны супраць сiянiстаў.
Характэрна таксама, што да пачатку рэвалюцыi ў яўрэйскiм асяроддзi ўзнiклi новыя партыi – напалову сацыялiстычныя, напалову ciянiсцкiя: у iх лiку – Сацыялістычная яўрэйская рабочая партыя і Яўрэйская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя Паалей Цыён. Але, у параўнанні з Бундам, іх уплыў на рабочых быў невялікім.
З 1900 г. у Вiльні, Мiнску, Смаргоні дзейнiчалi невялiкiя групы Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага i Літвы, а з 1902 г. – Польскай партыі сацыялістычнай. У той час, як СДКПiЛ iмкнулася да супрацоўнiцтва з РСДРП, ППС адмаўляла iдэю польска-расiйскага рэвалюцыйнага саюза. Але ў пытаннi аб утварэннi незалежных дзяржаў СДКПiЛ лiчыла гэта недапушчальным. ППС была прыхiльнiцай самастойнай Польшчы. Тых з яе членаў, хто дзейнiчаў на тэрыторыi Заходняй Беларусi, не задавальняла iдэя Вялiкай Польшчы, вылучылiся ў асобную “ППС на Лiтве” i абвясцiлi сваёй мэтай барацьбу за палiтычную незалежнасць i дасягненне сацыялістычнага ладу. Гэта была партыя беларусаў, лiтоўцаў, палякаў, якiх усё яшчэ ядналi агульныя традыцыi ВКЛ.
Вызначальную ролю ў кансалідацыі беларускага народа, абуджэнні яко палітычнай свядомасці адыграла нацыянальная дэмакратычная інтэлігенцыя. У канцы ХІХ ст. у Мiнску сярод навучэнцаў гімназій утварыўся гурток па вывучэнню беларускіх нацыянальных праблем. У 1902 г. яго заснавальнiкi – браты Антон i Iван Луцкевiчы працягвалі гэтую дзейнасць у Пецярбургу, у студэнцкiм “Гуртку беларускай народнай асветы”. Зiмою 1902/1903 гг. члены гуртка (у тым лiку браты Луцкевiчы, Цётка, К. Каганец, А. Бурбiс, В. Iваноўскi, Ф. Умястоўскi) з удзелам моладзi Мiнска i Вiльнi за-снавалi “Беларускую рэвалюцыйную грамаду”. Прыкметны ўплыў на заснавальнікаў беларускай партыі аказвалі суполкі “ППС на Лiтве”, якiя абвясцiлi сваёй мэтай барацьбу за палiтычную незалежнасць краю i дасягненне сацыялicтычнага ладу. Урэшце з’езд БРГ, якi адбыўся ў 1903 г., пазіцыяніраваў сябе як сацыяльна-палiтычную арганiзацыю беларускага працоўнага народа. Як вынікала з яе праграмы, канчатковай мэтай абвяшчалася знiшчэнне капiталiстычнага ладу i пераход у грамадскую ўласнасць зямлi, сродкаў вытворчасцi i транспарту. Блiжэйшай задачай абвяшчалася звяржэнне самаўладдзя.
Нацыянальная часта праграма прызнавала самай пажаданай формай забеспячэння нацыянальнай свабоды ў эпоху капiталiзму “Беларускую незалежную дэмакратычную рэспублiку”. Меркавалася дамагацца палiтычнай аўтаномii Беларусi з сеймам у Вiльнi i культурна-нацыянальнай аўтаномii для этнiчных груп краю.
Аграрная частка праграмы прадугледжвала скасаванне прыватнай зямельнай уласнасцi, ураўняльнае землекарыстанне, прапагандавала апрацоўку зямлi ўласнымi без наёмнай працы сіламі. Праграма па рабочым пытаннi фактычна паўтарала змест адпаведнай часткі праграмы РСДРП. Па сутнасці, партыя не аддзяляла рабочых ад сялян. Партыйным лозунгам з’яўляўся слоган “Бедната ўсіх краін, яднайся”.
Такім чынам, у партыйнай праграме рэвалюцыйны дэмакратызм спалучаўся з народнiцкiм (сялянскiм) сацыялiзмам і нацыянальнымі ідэямі. Недзе памiж 1904 i 1905 годам БРГ прыняла назву Беларуская сацыялістычнага грамада (БСГ). З моманту свайго ўтварэння яна ўстла на рэвалюцыйны шлях барацьбы з самаўладдзем, за ўсталяванне ў Расіі федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі і самавызначэнне беларускага і іншых яе народаў. Роля БСГ сярод іншых партый, якія існавалі на Беларусі да 1905 г., у агульным рэвалюцыйным працэсе была невялікай.
5. Прычынамi рэвалюцыi з’яўвілiся абвастрэнне супярэчнасцей памiж самаўладдзем i грамадствам, памешчыкамi i сялянамi, буржуазiяй i пралетарыятам, царызмам i народамi нацыянальных ускраiн; няўдалы ход i вынiкi для Расii вайны з Японiяй. Галоўнымі ўдзельнiкамi падзей 1905-1907 гг. былi – рабочыя, iнтэлігенцыя, буржуазiя; у менш ступенi – сяляне, памешчыкi, чыноўнiцтва.
Пачаткам рэвалюцыi паслужыла “Крывавая нядзеля” – расстрэл 9 студзе-ня 1905 г. мiрнай манiфестацыi працоўных Пецярбурга, якiя на чале са свяшчэннікам Гапонам ішлi да цара з петыцыяй аб паляпшэнні іх становішча. У выніку ад салдацкіх куль загінула больш 1000 чал. У адказ абураныя рабочыя i прагрэсiўная iнтэлiгенцыя ў той жа дзень выйшлi на вулiцы сталiцы пад лозунгамi “Далоў самаўладдзе!”, “Няхай жыве рэвалюцыя”.
Акцыi салідарнасці пракацiлiся па ўсёй краiне. У іх удзельнічала каля 440 тыс. На Беларусі найбольш актыўна выступілі працоўныя Мінска, якія арганізавалі стачкі і дэманстрацыі пратэсту з 11 па 16 студзеня з удзелам 2 тыс чал., Гомеля – 12-19 студзеня з удзелам больш 8 тыс. чал., а таксама Брэста, Смаргонi, Мазыра, Полацка, Слонiма, усяго 31 населенага пункту. Арганiзатарамi выступленняў былi партыйныя камiтэты Бунда, РСДРП і ПС-Р. Працоўныя шэрагу гарадоў i мястэчак выкарыстоўвалі забастовачны рух для барацьбы за скарачэнне працоўнага дня і павелічэнне зарплаты.
Чарговым падставай для рэвалюцыйнага ўздыму зрабілася святкаванне 18 красавіка (па новым стылі – 1 мая) міжнароднага дня салідарнасці працоўных. Дэманстрацыi, маёўкi, сходкi з іх удзелам праходзiлi пад лозунгамi “Да-лоў самадзяржаўе!”, “Няхай жыве дэмакратычная рэспублiка!”.
У Пiнску дэманстрацыi cуправаджалiся перастрэлкай баявiкоў з палiцыяй. У Вiцебску на працягу красавiка былi арганiзаваны 4 дэманстрацыi i мiтынгі, адбывалiся сутычкi працоўных з войскамi i палiцыяй.
Летнi ўздым рэвалюцыйнага руху на Беларусi быў звязаны з рэпрэсiямi царскiх улад, якiя адбылiся ў Адэсе, Варшаве, Iванава-Вазнясенску, Лодзi. У адказ у 56 беларускiх гарадах i мястэчках адбылiся акцыi салiдарнасцi з ахвярамi расстрэлаў i арыштаў. У шэрагу месцаў (Ашмяны, Талочын) рабочыя стваралi дружыны i ладзiлi ўзброеныя дэманстрацыi.
Пад уздзеяннем рэвалюцыйных падзей сяляне прадпрымалі спробы дамагчыся паляпшэння свайго становiшча. Калі ў студзенi-сакавiку 1905 г. на Беларусi адбылiся 56, то красавiку-чэрвенi 237 cялянскiх выступленняў. У асноўным, яны ўяўлялi сабой патравы панскіх лугоў, парубкi лесу, зрэдку – падпалы i разгромы маёнткаў. У канцы ліпеня наспелі ўмовы ўтварэння Усерасійскага сялянскага саюза.
Забастовачны рух сельскіх пралетарыяў адбываўся пад уплывам агiтацыi мясцовых арганiзацый РСДРП, Бунда, ПС-Р, БСГ Найбольш масавай i арганiзаванай была забастоўка сялян-падзёншчыкаў i парабкаў, якая ў чэрвенi 1905 г. ахапiла амаль усе памешчыцкiя маёнткi Навагрудскага пав. Такiя ж забастоўкi летам 1905 г. назіраліся ў Бабруйскiм, Брэсцкiм, Ваўкавыскiм, Гродзенскiм, Мiнскiм, Рэчыцкiм і Слуцкiм пав.
У найменшай ступені рэвалюцыйныя падзеі закранулі царскую армію і флот, якія засталіся асноўнай апорай самаўладдзя. Паўстанні матросаў браненосца “Потёмкин” і крэйсера “Очаков” былі яркiмі, але не тыповымі эпiзодамі рэвалюцыі 1905 г. На Беларусі асобныя выступленні салдат адбыліся ў Мінску, Віцебску і інш. месцах і выяўляліся ў непадпарадкаванні камандзірам, спевах рэвалюцыйных песень, выкарыстанні чырвоных сцягоў.
Мікалай ІІ усведамляў неабходнасць выкарыстання не толькі сілавых метадаў падаўлення рэвалюцыі. У адказ на патрабаванні рэфармавання кiравання краiнай 6 жнiўня 1905 г. iм быў падпiсаны манiфест i распрацаванае міністрам унутраных спраў Булыгiным “Палажэнне аб выбарах у законадарадчую Дзяржаўную думу”. Паводле дакумента, азначаныя выбары павінны былі былі адбывацца ў некалькі этапаў, на аснове высокага маёмнага цэнзу выбаршчыкаў трох курый – сялянскай (42%), землеўладальніцкай (34 %) і гарадской (24 %) курый. Але гэтыя дакументы былi ўспрыняты большасцю грамадскасцi як палітычны манёўр. У выніку распачатай “левымі” агiтацыю за байкот “булыгінскай думы” выбары ў яе так і не адбыліся.
У вераснi ўзнялася чарговая хваля рэвалюцыйных выступленняў, а з арганізацыяй у кастрычнiку ўсерасiйскай палiтычнай стачкi пад лозунгамi звяржэння самаўладдзя i ўсталявання дэмакратычнай рэспублiкi яна дасягнула свайго найвышэйшага ўздыму. Стачка чыгуначнiкаў паралiзавала дзейнасць урада. У краіне актывізавалася дзейнасць Саветаў рабочых дэпутатаў, накшталт Пецярбургскага, Іванава-Вазнясенскага, якія выступалі як органы ўлады, альтэрнатыўныя царскім. На Беларусi ўсерасійскую акцыю падтрымалі працоўныя 32 гарадоў і мястэчак. Функцыі стачачных цэнтраў выконвалі аб’яднаныя партыйна-прафесійныя камітэты.
З далучэннем да ўсерасійскай стачкі Саюза чыгуначнiкаў дзейнасць царскага ўрада была паралiзавана. У выніку 17 кастрычніка Мiкалай II быў вымушаны абнародаваць чарговы Маніфест з “дараваннем” народу – дэмакратычных свабод і заканадаўчай Думы. 21 кастрычнiка абвяшчалася амнiстыя палiтычным зняволеным i iнш.
Прадстаўнiкi левых партый заклiкалi не верыць цару i працягваць барацьбу за звяржэнне самадзяржаўя i склiканне Устаноўчага сходу. Але сутыкненні з паліцыяй, якія адбываліся пад час стыхiйных дэманстрацый жыхароў, акрамя іншага сведчылі аб яшчэ моцным патэнцыяле царскага рэжыму. Так, 18 кастрычніка супраць дэманстрантаў Мінска была выкарыстана зброя (“Курлоўскі расстрэл”), у выніку чаго было забіта каля 100 і паранена ўтрая больш чал. Меліся ахвяры ў Віцебску і Гомелі.
Асноўная маса насельніцтва Расійскай імперыі ўспрыняла звесткi аб Манiфесце з энтузіязмам, як перамогу над царызмам і імкнулася выкарыстаць яе ў сваіх, найперш палітычных мэтах. Такім чынам, разлік цара на стабілізуючае ўздзеянне Манiфеста ў значнай ступені спраўдзіўся, бо грамадска-палітычнае жыццё павярнула ў рэфармацыйнае рэчышча. “Дараванне” народу Дзяржаўнай думы стварала спрыяльныя ўмовы для негвалтоўнай рэарганізацыі палітычнай сістэмы расійскага грамадства.
У гэтых буржуазiя, чыноўнiцтва, iнтэлiгенцыя, усе носьбіты ліберальнай ідэалогіі, якія не iмкнулiся да звяржэння манархii, а спадзявалася, абмежаваць яе канстытуцыяй, актывізавалі сваю дзейнасць.
Для дасягнення сваiх мэтаў гэтыя пласты грамадства стварылi дзве партыi – акцябрыстаў (“Союз 17 октября”) i кадэтаў (канстытуцыйных дэмакратаў). Пры гэтым у першую ўваходзiла праваліберальная, частка чыноўнікаў, памешчыкаў, гандлёва-прамысловай буржуазіі, якая ў пытаннi аб ўладзе прытрымлівалася памяркоўна-канстытуцыйных поглядаў і не выказвала самаўладдзю нiякай апазiцыйнасцi. Лідэрам стаў прадпрымальнік А. Гучкоў.
Канстытуцыйныя дэмакраты складалі левае крыло лібералізму. Сацыяльнай базай партыі з’яўляліся служачыя земстваў, творчая інтэлігенцыя, буржуазія, буйныя і дробныя землеўладальнікі. Яе ідэалам дзяржаўнага ўладкавання з’яўлялася манархія, абмежаваная парламентам. Кадэты выступалі за правы асобы, прыватную ўласнасць, вяршэнства закону. Яны мелі ўласную аграрную, рабочую і нацыянальную праграму і, у адрозненне ад сацыялістычных партый, абралі рэфармацыйны, негвалтоўны шлях яе рэалізацыі. Партыю ўзначаліў прафесар П. М. Мілюкоў.
У адпаведнасці з Маніфестам 17 кастрычніка ўсе існаваўшыя дагэтуль сацыялістычныя партыі (РСДРП – меншавікі і бальшавікі, Бунд, ПС-Р, БСГ, трудавікі і інш.) выйшлі з падполля і сталі дзейнічаць легальна.
Разам з тым пэўная дэмакратызацыя палітычнага жыцця выклікала непакой так званых “чарнасоценцаў” – кансерватыўных пластоў расійскага грамадства праваслаўнай веры – дваранства, чыноўніцтва, клерыкальных колаў, якія аб’ядналіся пад лозунгамі абароны Расійскай імперыі і яе традыцыйных каштоўнасцей «праваслаўя, самадзяржаўя, народнасці» вакол арганізацый “Саюз рускага народа”, “Саюза Мiхаiла Архангела” і інш. Да іх далучаліся маргінальныя асобы, рэлігійныя фанатыкі, шавіністы, авантурысты, гатовыя на ўсё, нават на фізічнае знішчэнне тых, хто на іх думку пагражаў трону і царкве. Арганізацыі чарнасоценцаў утварыліся і на Беларусі – у Віцебску, Глыбокім, Гомелі, Мінску, Оршы, Пінску. Аб’ектам іх барацьбы зрабіліся не толькі палітычныя дзеячы, а таксама людзі іншых нацыянальнасцей, у першую чаргу яўрэі. Пры падтрымцы паліцыі чарнасоценцы фактычна тэрарызавалі яўрэйскае насельніцтва ўсёй краіны. У Польшчы, Украіне, Малдавіі, Беларусі іх намаганнямі былі ўчынены яўрэйскія пагромы.
Але іх дзейнасць не знайшла падтрымкі той часткі расійскага грамадства, якое бачыла асноўную прычыну палітычнага крызісу не ў рэвалюцыянерах і іншародцах, а ў самадзяржаўі і вострых сацыяльна-эканамічных супярэчнасцях. Нават сяляне, апантаныя сакральнай верай у “цара-бацюхну”, не спадзяваліся атрымаць ад яго палёгкі ў жыцці і ўздымаліся на барацьбу супраць памешчыкаў. На Беларусі, у параўнаннi з вераснем, колькасць выступленняў павялiчылася з 17 да 154, а ў снежнi – нават 286, прычым, вырасла колькасць падпалаў i разгромаў панскiх маёнткаў.
Пад уздзеяннем рэвалюцыйных выступленняў маракоў Кранштадта і Севастопаля адбываліся хваляванні дысцыплінарнага батальёна ў Бабруйскай крэпасці, а таксама салдат Брэсцкай крэпасці, Баранавіцкага і Гродзенскага гарнізонаў.
7 снежня 1905 г. ў Маскве ў пачалася палiтычная стачка, якая перарасла ва ўзброенае паўстанне. Стачка была падтрымана ў Мiнску. У гэты ж час палiтычныя забастоўкi адбывалiся ў Баранавiчах, Гомелi, Мазыры, Пiнску, уся-го ў 28 гарадах i мястэчках Беларусi з удзелам каля 44 тыс. чал.
У некаторых гарадах (Мiнск, Баранавiчы, Гомель) сiтуацыя для ўзброенага паўстання была даволi спрыяльнай, але мясцовыя партыйныя лiдэры так і не заклікалі да яго, cпадзеючыся на поспех маскоўскага пралетарыяту.
Узброенае паўстанне ў Маскве не перарасло ў агульнарасiйскае i было падаўлена войскамi. Па прыгавору ваенна-палявых судоў шматлікія яго ўдзельнікі былі пакараны смерцю. Лідэр партыі бальшавікоў У. І. Ленін мусіў уцячы за мяжу. На вёску былі пасланы карніцкія атрады, якія жорстка расправіліся з удзельнікамі сялянскага руху. Такім чынам, узброеныя сілы заставаліся апорай самаўладдзя ў яго барацьбе супраць рэвалюцыі. Найбольш рашучым прыхільнікам яе працягу заставаўся рабочы клас, у тым ліку Беларусі. Так, на пачатку студзеня 1906 г. з нагоды гадавіны “Крывавай нядзелі” каля 23 тыс. рабочых 13 гарадоў Беларусi наладзілі палiтычныя стачкi. 14 студзеня 1906 г. па заданнi камiтэта ПС-Р I. Пулiхаў здзейснiў няўдалы замах на мінскага губернатара Курлова i па прыгавору Вiленскага ваеннага суда быў павешаны.
Не абмяжоўваючыся рэпрэсіўнымі захадамі, царызм ішоў насустрач той частцы грамадства, якая падзяляла ідэю парламентарызма. У адпаведнасці з законам ад 11 снежня 1905 г., перавага на выбарах у Дзяржаўную думу надавалася памешчыкам, якія мелі ў 3,5 раза больш галасоў, чым буржуазія, у 15 разоў больш, чым сяляне, у 45 разоў больш, чым рабочыя. Самі выбары не былі ўсеагульнымі (на іх не дапускаліся рабочыя, батракі, сдудэнты і інш.) і адбываліся ў некалькі этапаў, асобна па трох курыях – землеўладальніцкай, гарадской і сельскай.
Левыя партыi: РСДРП, ПС-Р і нацыянальныя сацыялістычныя партыі заклiкалi байкатаваць выбары, але яны ўсё ж адбылiся 26 сакавіка-20 красавіка 1906 г. i прынеслi перамогу кадэтам, якія занялі 179 дэпутацкіх месцаў з 478. У лiку 36 дэпутатаў ад 5 беларускiх губерняў было 10 памешчыкаў, 2 ксяндзы, 11 лiберальных iнтэлiгентаў (кадэтаў) і 13 сялян.
У думе былi створаны партыйныя фракцыi, пераважна, правага кшталту. Асноўная ўвага дэпутатаў прыцягвала зямельнае пытанне. Частка сялянскiх прадстаўнiкоў аб’ядналася ў фракцыю “трудавiкоў” i запатрабавала стварэння зямельнага фонду для надзялення сялян зямлёй па працоўнай або спажывецкай норме. Са сваёй праграмай вырашэння гэтага пытання выступілі кадэты, якія, акрамя іншага, настойвалі на недатыкальнасці прыватнага землеўладання.
Нарэшце, 20 чэрвеня 1906 г. быў абвешчаны дзяржаўны праект па аграрным пытанні, які выклікаў адмоўнае стаўленне да яго з боку дэпутатаў. Указам цара ад 8 лiпеня 1906 г. дума была распушчана за тое, быццам яна аказалася непрацаздольнаю і распальвала напружанасць у грамадстве. Адначасова абвяшалася аб падрыхтоўцы да новых выбараў.
Новы старшыня царскага ўрада і адначасова міністр унутраных спраў П. Сталыпiн узмацнiў рэпрэсii супраць рэвалюцыянераў, асабліва тэрарыстаў. Колькасць смяротных прысудаў, у тым ліку праз павешанне, рэзка ўзрасла, а словазлучэнне “сталыпiнскi гальштук” (г.зн, пятля) трывала ўвайшло ў тагачасны лексiкон.
У выніку царызму паступова ўдалося стабілізаваць сітуацыю і самому перайсці ў наступленне. Што датычыць становішча на Беларусі, то з пачатку рэвалюцыі колькасць эканамічных стачак тут знiзiлася ў два разы. Прадпрымальнiкi сталі часцей выкарыстоўваць лакауты і звальняць членаў прафсаюзаў, а надалей, каб сумесна процiстаяць рабочым, пачалi ствараць свае аб’яднанні.
У тых умовах сацыялiсты прыйшлi да меркавання аб неабходнасці выкарыстання парламенцкіх метадаў барацьбы за інтарэсы працоўных. Таму, на гэты раз яны не сталi байкатаваць выбары ў ІІ Думу, а актыўна ўключылiся ў выбарчую кампанiю. На Беларусi сацыялiсты поспеху не мелi, затое значную актыўнасць выявiлi чарнасоценцы i акцябрысты, якiя аб’ядналiся ў шавiнicцкi “Русский окраинный союз”. Iм процicтаялi польска-беларускiя ксяндзы – аўтанамiсты. Пасля выбараў у лютым 1907 г. з 518 дэпутатаў думы 222 належалі да сацыялiстаў, 98 – да лiберальнай буржуазiі, па партыйнаму складу – кадэты (98 месцаў). Беларускiя губернi прадстаўлялi 13 памешчыкаў, 3 святароў, 4 iнтэлiгентаў i 16 сялян. Такім чынам, замест “непрацаздольнай” першай Думы, склад другой быў у сваёй большасці “левы”. Неўзабаве жандармерыі стала вядома, быццам частка думцаў з ліку сацыял-дэмакратаў сустракаецца з салдатамі сталічнага гарнізона рыхтуе ваенную змову. 1 чэрвеня П. А. Сталыпін запатрабаваў адхіліць 55 указаных асоб ад удзелу ў думскіх пасяджэннях, а 16 – пазбавіць судовай недатыкальнасці. Невыкананне гэтага патрабавання дало падставы цару Указам ад 3 чэрвеня распусціць Думу і прызначыць у яе чарговыя выбары на падставе новага “Палажэння”.
Новае “Палажэнне аб выбарах у Думу” ад таго ж, 3 чэрвеня 1907 г., было складзена з мэтай мiнiмiзацыi ў ёй колькасці апазiцыйных элементаў. Яно надавала значную перавагу маёмным класам, у першую чаргу, вялiкарускаму дваранству праваслаўнага веравызнання. Супраць левых партый былi разгорнуты рэпрэсii, а сацыял-дэмакратычная фракцыя – арыштавана. Такім чынам, абяцанні Мікалая ІІ дэмакратычным шляхам стварыць заканадаўчы орган, былі адкінуты, і на гэтай падставе новы выбарчы закон ад таго ж 3 чэрвеня, па сутнасці, быў успрыняты прагрэсіўнай грамадскасцю як “Трэцячэрвенскi дзяржаўны пераварот”.
У выніку восеньскіх 1907 г. выбараў з 442 дэпутатаў да крайніх правых належала – 50, умерана-правых і вялікарускіх нацыяналістаў – 97, акцябрыстаў і блізкіх да іх – 154, «прагрэсістаў» – 28, кадэтаў – 54, трудавікоў – 13, сацыял-дэмакратаў – 19 і інш. З 36 дэпутатаў ад беларускіх губерняў большасць складалі памешчыкі і праваслаўнае духавенства, а па палітычным спектры – да крайне правых.
З разгонам II i пачаткам дзейнасцi ІІІ Думы перадавой грамадскасцi рабiлася вiдавочна, што рэвалюцыя пацярпела паражэнне. Царызм захаваў свае асноўныя пазiцыi i з апорай на кансерватыўныя пласты грамадства, на армiю i рэпрэсiўны апарат абрынуўся супраць свядомых рэвалюцыянераў, рабочага i сялянскага рухаў. Таму спрыяў зноў абраны дэпутацкі корпус Думы.
6. У 1905 г. БСГ выступала ў адзіным з іншымі сацыялістычнымі партыямі рэвалюцыйным рэчышчы. Агульнымi з эсэрамi намаганнямi яна ўдзельнічала ў арганiзацыі Беларускага Сялянскага саюза, далучалася да байкоту думы i многае iншае.
У студзенi 1906 г. у Мiнску на II з’ездзе БСГ былi прыняты новая праграма i арганiзацыйны статут, выбраны ЦК у складзе А. і І. Луцкевiчаў, В. Iваноўскага i А. Бурбiса. У праграме гаварылася, што партыя ставiць канчатковай мэтай замену капiталiстычнага ладу cацыялiстычным, а блiжэйшай задачай – звяржэнне самаўладдзя i ўтварэнне Расiйскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспублiкi cа свабодным самавызначэннем i культурна-нацыянальнай аўтаномiяй народнасцей. Для Беларусi самавызначэнне павiнна было ўвасобiцца ў дзяржаўнай аўтаномii з соймам у Вiльнi.
У аграрным пытаннi складальнiкi праграмы ўжо аддалi перавагу не эсэраўскай сацыялiзацыi, а праекту ўтварэння Абласнога зямельнага фонду (накшталт мунiцыпалiзацыi), што адпавядала аўтаномii Беларусi. Усе важнейшыя пытаннi мусiў вырашыць Устаноўчы сойм для Беларусi i толькi пасля рэвалюцыйнага звяржэння самаўладдзя.
На чэрвеньскай (1906 г.) канферэнцыi БСГ яе ўдзельнiкi вырашылi працягваць байкот думы, але выкарыстоўваць яе магчымасцi ў мэтах рэвалюцыi.
Важная ўвага надавалася арганiзацыйнай структуры партыi i яе дзейнасцi. У абласцях належала стварыць заканспiраваныя абласныя камiтэты. У асяроддзi рабочых – таксама заканспіраваныя рабочыя камiтэты, а пры iх – Рабочыя саветы. Друкаваным органам БСГ стала газета “Наша доля”. Неафiцыйнымі рэдактарамі былі браты Луцкевiчы, Цётка, Ф. Умястоўскi i iнш. Першы нумар, які выйшаў 1 верасня 1906 г., пачынаўся з верша Цёткi “Наш палетак”. Тут жа змяшчалася рэвалюцыйная проза – “Прысяга над крывавымi разорамi”. У звароце “Да чытача” газета заклікала да барацьбы з народнай “цемнатой”. 5 нумароў з 6 былі канфiскаваны ўладамі, а 11 студзеня 1907 г. «Наша доля” была забаронена назаўсёды.
Рэпрэсіі царскіх улад прымусілі грамадоўцаў змяніць сваю агітацыйную тактыку. Так, 10 лiстапада 1906 г з’явiўся першы нумар “Нашай нiвы”, у якім вызначылася арыентацыя яе выдаўцоў на рэфармацыйны шлях дасягнення беларусамі сваіх інтарэсаў, у прыватнасці, праз Дзяржаўную думу. У снежнi 1906 г. газета надрукавала адпаведную праграму патрабаванняў беларусаў па аграрным пытаннi, мясцовым самакiраванні, падатковай сiстэме, народнай адукацыi. У далейшым “Наша Нiва” змагалася за свабоду слова, крытыкавала дэпутатаў у Думе ад беларускіх губерняў i iнш.
У перыяд рэвалюцыi БСГ дзейнiчала як левая неанароднiцкая партыя. У яе складзе налiчвалася прыкладна 2 тыс. чалавек. Яе ўплыў сярод рабочых амаль не адчуваўся. Мiнскi краёвы камiтэт БСГ разам з РСДРП, ПС-Р i Бундам уваходзiлi ў левы блок па выбарах у II Дзяржаўную думу. У канцы 1906 – пачатку 1907 г. БСГ выдала некалькi лiстовак i брашур рэвалюцыйна-дэмакратычнага зместу і ў далейшым згарнула свае падпольныя структуры. Кiраўнiцтва партыі засяродзiлася на працы ў “Нашай нiве”, якая і ўзначаліла нацыянальны рух беларусаў.
Пасля Трэцячэрвеньскага перавароту на Беларусi ўзмацнiўся нацiск вялiкадзяржаўнага шавiнiзму. Гэта адбiлася ў нормах прадстаўнiцтва на выбарах (каб зменшыць уплыў палякаў i яўрэяў) на карысць “рускай курыi”, да якой адносiлi i беларусаў. Царскiм уладам, праваслаўнай царкве, чарнасоценцам i акцябрыстам удалося павесцi за сабою большасць кандыдатаў беларускага сялянства. Прычына таго каранiлася ў нізкай нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа. Не апошнюю ролю адыгрывала і ўкараненне на Беларусі ідэалогіі заходнерусiзму (западноруссизма), якая адмаўляла самастойнасць i самабытнасць беларусаў як этнiчнай адзiнкi.
Прадстаўнiкi кансерватыўнага вялiкадзяржаўна-шавiнiстычнага кiрунку ў заходнерусiзме (Гаворскi і інш.) лiчылi этнiчныя прыкметы беларусаў вынiкам польска-каталiцкай эспансii.
Прыхiльнiкi лiберальна-памяркоўнага кiрунку (М. Каяловiч і інш.) прызнавалi пэўную гiсторыка-этнiчную адметнасць Беларусi, але выключалi мэтазгоднасць яе дзяржаўнага самавызначэння, варожа успрымалi праявы беларускага адраджэнскага руху і лічылі яго “польскай iнтрыгай”.
Удзельнікі чарнасоценна-акцябрысцкiх абвяшчалі Беларусь “Исконно русским краем”, а беларусаў далучалi да велiкаросаў (западнороссов).
У 1908 г. удзельнікі вялiкадзяржаўна-шавiнiстычныя групоўкi “Белорусское общество” абвінавачвалі “Нашу Нiву”, беларускi нацыянальны рух у сепаратызме, “мазепiнстве”, у польскiм i касцёльным утрыманстве. Са свайго боку яго члены заклікалі да аб’яднанне ўсiх прадстаўнiкоў беларускай народнасцi без адрознення саслоўя, звання i веравызнання на адной нацыянальна-культурнай платформе. Беларусы прызнавалiся самастойнай народнасцю, але iх роднай мовай абвяшчаўся “русский язык”. Невыпадкова, што пад уздзеяннем падобных ідэй шырокага настаўніцкага руху за навучанне беларусаў на іх роднай мове так і не ўзнікла.
Характэрна тое, што беларускi рух адчуваў уцiск i з польскага боку. З другога боку, прадстаўнiкi польскай арыстакратыi, iдэолагi “Вялiкай Польшчы”, таксама адмаўлялi самабытнасць беларускага народа, разглядалi Беларусь як “ускраiнную” частку колішняй польскай дзяржавы. Як i рускi ўрадавы i чарнасотнiцкi друк, польская прэса адмаўляла беларускаму этнасу ў праве на iснаванне; цкавала “Нашу нiву”, сцвярджала, быццам яна выдаецца на казённыя грошы i г. д. Такiм чынам, беларускi рух, як пiсалi пазней, трапiў “памiж молатам i кавадлам”.
Частка ўдзельнікаў польскага руху, у якім дамінавала так званая краёвая плынь, выступала з ідэяй яднання ўсіх этнасаў Беларусі і Літвы на глебе агульнасці інтарэсаў краю. Лідэры краёўцаў спрабавалі прапагандавалі палітычнае разуменне нацыі, пры якім галоўным крытэрыем нацыянальнай пры-належнасці з’яўляўся крытэрый грамадзянскай (дзяржаўнай) прыналежнасці. Кастанцыя Скірмунт пісала, што "Краёвая ідэя - гэта гармонія трох адвечных элементаў краю: літоўскага, польскага і русінскага на іх спрадвечнай Айчыне Літве і Беларусі; гэта згода гэтых элементаў у сумеснай грамадскай працы для агульнага дабра пры свабодным і самастойным культурным развіцці кожнага з іх”. Але гэтая ідэя актуалізавалася толькі з пачаткам сусветнай вайны.
Больш важнай для беларусаў праблемай з’яўляўся шавінізм, як рускі, так і польскі. Газета “Наша Нiва” з вялiкім напружаннем вяла барацьбу супраць іх. Яе выдаўцы з-за пагрозы рэпрэсій былі вымушаны адыйсці ад радыкальных ацэнак палітычнага і эканамічнага жыцця ў краіне і засяродзіцца на асветніцкіх праблемах: культурна-нацыянальным адраджэнні народа, барацьбе за мову, нацыянальную свядомасць i кансалідацыю беларусаў, незалежна ад веравызнання.
Газета друкавала шматлікія і разнастайныя матэрыялы беларускіх аўтараў. Упершыню са старонак “Нашай Нівы” у вершаваным творы Я. Купалы форме прагучала беларуская нацыянальная ідэя. Намаганнямі нашаніўцаў узнікла і пачала ўкараняцца беларуская літаратурная мова.
Такiм чынам, грамадска-палiтычнае жыццё на Беларусі ў паслярэвалюцыйны перыяд характарызавалася жорсткiм палiцэйскiм рэжымам, скiраваным як супраць агульнарасiйскiх партый, так i нацыянальных рухаў. Беларускi рух, акрамя iншага, падвяргаўся наскокам з боку рознага кшталту рускiх i польскiх шавiнiстаў. З перапыненнем дзейнасці БСГ менавiта “Наша Нiва” да пачатку І сусветнай вайны заставалася цэнтрам беларускага нацыянальнага руху і з поспехам вы-канала ўскладзеную на яе місію.
7. Царызм добра ўсведамляў патрэбу аграрнай рэформы, здольнай вырашыць сацыяльна-эканамічныя праблемы вёскі і стымуляваць сельскагаспадарчы сектар эканомікі ўсёй краіны. Яе ажыццяўленне дыктавалася і палітычнымі матывамі: неабходнасцю ўмацавання дзяржаўнага ладу i пазбаўлення рэвалюцыйных сiл шырокай сацыяльнай апоры. На ролю выразнікаў ся-лянскіх інтарэсаў, абарону інтарэсаў прэтэндавалі Усерасiйскi сялянскi саюз, ПС-Р і трудавікі, сялянскія абраннікі Думы, але праблема заставалася нявырашанай.
З другога боку, як выявiлi падзеi 1905-1907 гг., частка сялянства выступiла супраць памешчыкаў, але ў сваёй масе яно заставалася законапаслухмяным i спадзявалася на добрую волю цара. Скасаванне выкупных плацяжоў толькi падмацоўвала яго манархічныя ілюзіі. Невыпадкова, царскі ўрад выступіў з ініцыятывай ажыццяўлення аграрнай рэформы “зверху”, каб апраўдаць сялянскія спадзяванні і перасекчы ўсе спекуляцыі на гэты конт з боку дэструктыўных сіл. Яе ідэолагам і арганізатарам з’яўляўся прэм’ер-міністр П. А. Сталыпiн. На яго думку, здзяйсненне рэформы павiнна было адбыцца не за кошт памешчыцкага землеўладання, а, па-першае, шляхам разбурэння сялянскага абшчыннага землекарыстання з замацаваннем надзельнай зямлi ў прыватную ўласнасць; па-другое, праз высяленне (з фiнансавай дапамогай банкаў) сялян на хутары i адрубы; па-трэцяе, праз перасяленне сялян на землi Сiбiры i Далёкага ўсходу.
Пачатак рэформы быў пакладзены царскiм указам ад 9 лiстапада 1906 г., у адпаведнасцi з якiм кожны гаспадар надзельнай зямлi мог набыць яе ў асабiстую ўласнасць. Ва ўмовах існавання “цераспалосiцы” ён мог запатрабаваць ад грамады вылучэння яму аднаго цэлага ўчастка – водрубу або хутара па месцу яго жыхарства, калi ён збiраўся выязджаць з сяла. Указ ад 14 чэрвеня 1910 г. рабiў выхад сялян з абшчыны абавязковым. Гэтая рэформа закранала, у асноўным, тыя губернi, у тым ліку Вiцебскаую і Магiлёўскую, дзе пераважала абшчыннае землекарыстанне. Напярэдаднi Лютаўскай рэвалюцыi ў oбшчынным карыстаннi заставалася толькi 28,5 % зямель.
Сялянскi Пазямельны банк выдаваў крэдыт сялянам на набыццё хутарскiх гаспадарак. За 10 год рэформы тут узнiкла каля 128 тыс. хутароў (12 % гаспадарак).
Важнейшым накірункам вырашэння аграрнай рэформы стала асваенне сялянамі сельскагаспадарчых угоддзяў Сібіры і Далёкага Усходу. Пад час перасяленцкай кампаніі, арганізаванай пры фінансавай і тэхнічнай падтрымцы ўрада, з 1907 па 1914 год з Беларусi на новае месца жыхарства і працы выехала 335 366 чал., але па розных прычынах 36 544 чал. былi вымушаны вярнуцца. Разам з тым рэформа ўзмацнiла сацыяльнае расслаенне сялянства, галоўным чынам, на заможных гаспадароў і парабкаў.
У цэлым жа, сталыпiнская аграрная рэформа станоўча паўплывала на развiццё аграрнага сектару эканомікі. У тым ліку – сялянскай гаспадаркi. Да вайны пашырылася плошча пасяўных зямель (амаль на 11%), павялiчылася ўраджайнасць бульбы, збожжа, iльну, на 10% вырасла пагалоўе буйнарагатай жывёлы i свiней. Штогод з Беларусi вывозiлася 2 млн пудоў iльновалакна, 550 тыс. пудоў мяса, амаль 400 тыс. малочных прадуктаў i iнш.
Рост прадукцыйнасці сельскагаспадарчага сектару спрыяў ўздыму харчовай, гарбарнай, тэкстыльнай, прамысловасцi. На Беларусi тэмпы яе развiцця былi нават некалькi вышэйшымi за расiйскiя. Разам з пераважаўшай дробнай рамесна-саматужнай прамысловасцю значна прагрэсiравала фабрычна-заводская, валавая прадукцыя якой у 1913 г. узрасла ў параўнаннi з 1907 г. на 67,5%.
Тым не менш, рэформа так i не набыла свайго лагiчнага завяршэння. У многiм гэта было звязана з забойствам у верасні 1911 г. яе ініцыятара і ідэолага Сталыпiна. Па-другое, класава-палітычныя інтарэсы ўрада і землеўласнікаў пакінулі непарушным памешчыцкае землеўладанне і тым захавалі сялянскi зямельны голад на вёсцы, а разам з iм - i значную сацыяльную базу для рэвалюцыйнага руху.
8. Пасля паражэння рэвалюцыi 1905-07 гг. па Расii пракацiлася хваля рэакцыi. У выніку амаль усе левыя арганiзацыi левых партый перапынілі існаванне або былі вельмi аслаблены. Не апошнюю ролю ў гэтым адыгралі правакатары, накшталт лідэра “Баявой арганізацыі” ПС-Л. Е. Азефа. У асяроддзі сацыял-дэмакратаў узнікла плынь “ліквідатараў”, якія выступалі зд адмову нелегальнай падпольнай дзейнасцi. Бальшавiкi спалучалі розныя віды дзейнасцi. БСГ перапыніла сваё існаванне, а яе кiраўнiцтва згуртавалася вакол “Нашай нiвы”. Партыя кадэтаў таксама паступова губляла былы ўплыў на грамадскую думку. Іх правінцыяльныя арганізацыі распадаліся.
У 1907 г. на Беларусі польскія памешчыкі і ксяндзы патрабавалі скасавання дыскрымінацыйнай палітыкі ў адносінах да палякаў і касцёла. Створаная імі “Краёвая партыя Літвы і Беларусі” вяла вострую ідэйную барацьбу як з рускімі шавіністамі, так і беларускім нацыянальным рухам.
Рэпрэсіі царскіх улад супраць рабочага руху абумовіў яго паступовы заняпад. Дзейнасць прафсаюзаў забаранялася. Пакінутыя без партыйнага кіраўніцтва рабочы клас радзей выкарыстоўваў эканамічныя стачкі ў сваіх мэтах. З 1907 па 1910 гг. яны адбыліся ў 43 населеных пунктах Беларусі, а колькасць іх удзельнікаў скарацілася ў 21 раз і складала толькі 21, 6 тыс. чал. За гэты ж час не адбылося ніводнай палітычнай стачкі. У той час, як у буйных прамысловых раёнах імперыі ў 1911-1912 гг. у рабочым руху вызначылася пэўная тэндэнцыя да ўзрастання, на Беларусі яна была менш прыкметнай. Нават у красавіку, калі паўсюдна ў краіне разгарнулася кампанія салідарнасці з ахвярамі Ленскага расстрэлу рабочых залатых радовішчаў Сібіры, тут не адбылося палітычных выступленняў. Працоўныя Брэста, Вiцебска, Гродна, Мiнска, Слонiма, Смаргонi толькі звярнуліся ў Думу з рэзалюцыямі пратэсту. Дзень міжнароднай салідарнасці 1 мая таксама не выклікаў на Беларусі істотнай актыўнасці рабочых. Усяго з ліпеня 1910 да пачатку сусветнай вайны ў 1914 гг. тут у забастоўках узялі ўдзел толькі каля 19 тыс рабочых – нават менш, чым за папярэднія тры гады.
У выніку карніцкіх экспедыцый, а таксама пад уздзеяннем распачатай аграрнай рэформы колькасць сялянскіх выступленняў таксама значна зменшылася: са 161 ў 1907 г. да 92 у 1909 г. Усе яны не мелі дачынення да палітыкі, а закраналі эканамічную сферу сялянскіх інтарэсаў.
Такім чынам, у нацыянальных ускраінах імперыі ўздзеянне аўтарытарнага царскага рэжыму на ўсе галіны іх жыццядзейнасці было больш адчувальным. Як не парадаксальна, але менавіта ў сталіцы імперыі яшчэ існавалі рэшткі палітычных свабод, дэклараваных яшчэ Маніфестам 17 кастрычніка. Найбольш важнае дасягненне рэвалюцыі 1905-1907 г. увасобілася ў Дзяржаўнай Думе. Менавіта з ёй лібералы і памяркоўныя сацыялісты звязвалі спадзяванні на рэалізацыю класавых і агульнаграмадскіх патрэб.
Важнай прыкметай станоўчых змен на Беларусі стала доўгачаканае ажыццяўленне ў 1911 г. земскай рэформы, абвешчанай яшчэ пры Аляксандры ІІ. Але, па-першае, яна праводзілася толькі ў трох губернях з пяці – Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губ. Па-другое, парадак выбараў па нацыянальных курыях ("руская" і "польская") не дазваляў беларусам пастаяць за свае нацыянальныя і сацыяльныя інтарэсы.
Тое ж адбылося восенню 1912 г. пад час выбарчай кампаніі ў ІУ Думу, калі ўрад прыклаў шмат намаганняў, каб у ёй апынуўся лаяльны яму дэпутацкі корпус. Сапраўды, па свайму складу Дума мала адрознівалася ад папярэдняй. З 442 дэпутатаў 120 належала да нацыяналістаў і памяркоўна-правых, акцябрыстаў – 98, правых – 65, кадэтаў – 59, прагрэсістаў – 48, сацыял-дэмакратаў – 14 (6 з якіх з’яўляліся бальшавікамі), трудавікоў – 10 і інш. 36 дэпутатаў, абраных у беларускіх губернях па партыйнай прыналежнасці да правых і нацыяналістаў далучалася 27 чал., да акцябрыстаў – 3, краёўцаў (польска-беларуская група) – 6. У цэлым, спадзяванні ўрада на падтрымку з боку Думы не спраўдзіліся. Наадварот, у апазіцыю да яго перайшлі не толькі дэпутаты левых партый, але кадэты і акцябрысты. Пры гэтым не сціхала барацьба паміж думскімі фракцыямі. Бальшавікі імкнуліся “вырваць Думу з рук лібералаў”, меншавікі – “вырваць Думу з рук рэакцыянераў”. З пачаткам сусветнай вайны ўзаемаадносіны ўрада і парламента яшчэ больш пагоршылася. Нават акцябрысты і кадэты крытыкавалі яго за няздольнасць вырашэння бягучых праблем. Спробы дэпутатаў дамагчыся ад цара падпарадкаванасці урада Думе станоўчага выніку не далі. У выніку ўзраслі не толькі антыўрадавыя, але і антыманархічныя настроі.
Лекцыя 10. Палітычная мадэрнізацыя расійскага грамадства ва ўмовах сусветнай вайны і пасля звяржэння самаўладдзя
1. Беларусь ва ўмовах сусветнай вайны
2. Лютаўская рэвалюцыя і ўсталяванне новага ладу на Беларусі.
3. Дзейнасць органаўЧасовага ўрада і палітычных сіл вясной-
летам 1917 г.
Беларускі рух вясной-летам 1917.
1. На пачатку ХХ стагоддзя Еўропа ўяўляла сабой нестабільны ў палітычных адносінах рэгіён, асабліва пасля таго, як паміж яе буйнейшымі дзяржавамі – Англіяй, Францыяй і Расіяй – з аднаго боку, і Германіяй, Аўстра-Венгрыяй і Італіяй – з другога, былі заключаны ваенна-палітычныя пагадненні. Да блокаў (адпаведна) Антанты і Траістага саюза ў 1914 г. пэўным чынам далучаліся іншыя, менш уплывовыя краіны з розных канцоў свету. Кожны з блокаў, а ў iх межах – кожная з краін-удзельніц мелі ўласныя iнтарэсы, звязаныя, з усталяваннем гегемоніі на еўрапейскім кантыненце, кантролю над слабаразвiтымi краiнамi і калонiямі.
Усё ж найбольш ваяўнiчую палiтыку на мiжнародным узроўнi праводзiла Германiя, якая спадзявалася пераўзыйсці свайго асноўнага канкурэнта –Англiю, а таксама абыйсці Францыю, пацяснiць Расiю, замацавацца на Блiзкiм Усходзе i г.д. Але ў барацьбе за лiдэрства не збiралiся саступаць нi Англiя, нi Францыя, і таму імкліва ўмацоўвалі свой ваенны патэнцыял. Народы аўстра-венгерскай імперыі імкнуліся да незалежнасці ад габсбургскай манархіі і ператваралі Балканы ў рэгіён нестабільнасці. У адчуванні натуральнага распаду Асманскай імперыі еўрапейскія краіны актывізавалі сваю палітыку на Блізкім Усходзе. У прыватнасці, Расія спадзявалася на атрыманне або захоп чарнаморскіх праліваў Басфор і Дарданэлы.
Такiм чынам, вайна памiж буйнейшымi еўрапейскiмi дзяржавамi за лідэрства, калонiі, сферы ўкладання капiталу, рынкі збыту і г. д. зрабiлася непазбежнай. Характэрна, што ні адзін з процілеглых бакоў нават не прадпрымаў спроб па яе прадухіленні. На думку сацыяліста-рэвалюцыянера В. Чарнова, гэта была вайна “нацыянальных капiталiзмаў”, сутыкненне “двух iмперыялiстычных трэстаў”. Характэрна, што ні адзін з процілеглых бакоў нават не прадпрымаў спроб па яе прадухіленні.
Падставай для пачатку баявых дзеянняў паслужыла забойства 15 чэрвеня 1914 г. сербам Г. Прынцыпам ў Сараеве (Боснiя) нашчадка аўстра-венгерскага трона эрцгерцага Франца-Фердынанда. Ультыматум, прад’ яўлены Аўстра-Венгрыяй на адрас Сербii, вельмi закранаў яе прэстыж i таму ён быў адхiлены. Расiя заявiла пратэст Аўстра-Венгрыi з прычыны аб’яўленай ёю вайны i 17 лiпеня пачала ўсеагульную мабiлiзацыю, паказваючы гатоўнасць абаранiць Сербiю.
Кайзер Вiльгельм II запатрабаваў ад Мiкалая II спынення мабiлiзацыi i, не дачакаўшыся cтаноўчага адказу, 19 лiпеня (1 жнiўня) 1914 г. аб’явiў вайну Расii, 21 лiпеня – Францыi. 22 ліпеня вайну Германіі аб’явіла Англія, а 10 жнiўня Японiя. Праз колькі часу ў баявыя аперацыі былі ўцягнуты 33 краiны з колькасцю насельнiцтва звыш 1, 5 млрд чал (75% насельнiцтва). Варта заўважыць, што народы ваюючых краiн з уздымам прынялi вестку аб вайне, спадзеючыся на хуткае і паспяховае яе заканчэнне.
Першымі баявыя дзеяннi пачалі войскі Германiі, якія 20 ліпеня перасеклі тэрыторыю Бельгiі i рушылі на Парыж. Каб ліквідаваць пагрозу захопу французскай сталiцы, па просьбе саюзнікаў рускiя арміі пад камандаваннем Самсонава і Рэненкампфа распачалi наступленне ва Усходняй Прусii. Ужо першыя баі выявілі сур’ёзную перавагу праціўніка ва ўзбраенні, тэхнічных сродках, ваенным мастацтве, вынікам чаго стаў поўны разгром абедзвюх рускіх армій. Летам наступнага, 1915 года германскія войскі захапілі Царства Польскае, большыя часткі Віленскай, Гродзенскай і асобныя паветы Мінскай губ. Руска-германскі фронт стабілізаваўся толькі да канца 1915 г.
Тэрыторыя Беларусі ўяўляла сабой суцэльную прыфрантавую зону з насельніцтвам каля 6 млн чал. Пераважная яго большасць з’яўлялася сялянамi i жыла ў вёсках. Буйнейшымi гарадамi з’яўлялiся губернскiя – Мiнcк (250 тыс.), Вiцебск (да 120 тыс.), Магiлёў (75 тыс.), а таксама павятовыя цэнтры – Гомель (100 тыс.), Бабруйск (50 тыс.), Полацк, Рагачоў . У iншых гарадах (Барысаў) колькасць насельнiцтва складала каля 20 тыс. i менш (Лепель).
Праваслаўнае насельнiцтва аб’ядноўвалася ў трох епархiях (Магiлёўскай, Мiнскай i Полацкай), каталiцкае – у адной (Магiлёўскай). Яўрэi ў сваёй масе спавядалi iудаiзм. Невялiкая колькасць насельнiцтва спавядала iслам, лютэранства i стараабраднiцтва.
Важным фактарам, якi паўплываў на сацыяльна-эканамiчнае становiшча Беларусi ваеннага часу, стала размяшчэнне на яе тэрыторыi прадпрыемстваў арганiзацый па абслугоўваннi фронту – Усерасiйскага Земскага Саюза (УЗС), Усерасiйскага Саюза Гарадоў (УСГ), Земска-Гарадскога Саюза (Земгара), Ваенна-прамысловага камiтэта (ВПК). Як правiла, на iх былi заняты рабочыя i служачыя, камандзiраваныя з цэнтральных губерняў Расii.
Другой прыкметаю ваенных перамен cтала прысутнасць у прамысловасцi эвакуiраваных разам з персаналам прадпрыемстваў з Польшчы, накшталт завода “Арсенал”, якi размясцiўся ў Гомелi. Але з-за імклівага адступлення рускай арміі большасць прадпрыемстваў было захоплена ворагам.
За час вайны на Беларусi большасць існаваўшых (79 са 134) выраблялі ваенныя заказы – боепрыпасы, адзенне, абутак і інш. Тыя, прадукцыя якiх не закранала патрэб фронту, нават зачынялiся. Аб’ём прадукцыі цэнзавай прамысловасці скараціўся ў 2,7 раза, прычым, выраб тавараў народнага спажывання складаў толькі шостую-сёмую частку ад даваеннага ўзроўню.
У сувязi з ваеннымi дзеяннямi значна ўзрасла роля Лiбава-Роменскай, Аляксандраўскай, Рыга-Арлоўскай i Палескай чыгунак. Асноўны цяжар па расчыстцы пуцей і дастаўцы дроў на станцыі ўскладаўся на сялянства.
Агульная колькасць рабочых, занятых у прамысловасцi, на абарончых прадпрыемствах, на чыгунцы i г. д. складала каля 270 тыс. Акрамя таго, недахоп рабочых рук абумовiў дастаўку на Беларусь многiх тысяч работнiкаў з Сiбiры, Сярэдняй Азii, Далёкага Усходу.
Частыя мабілізацыі негатыўна сказваліся і на стане сельскай гаспадаркі. Па прычыне недахопу працоўных рук скарачэнне пасяўных плошчаў штогод дасягнула ў 1916 г. 15%. Жорсткая харчовая палітыка царскага ўрада прымушала вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі прадаваць яе рэквізіцыйным службам па нявыгадных “цвёрдых” цэнах. З-за недахопу прадуктаў і грашовай інфляцыі іх кошт значна ўзрос і рабіўся недаступным для працоўных.
Агульнае цяжкае становішча пагаршаў рух бежанцаў. Па загаду царскіх улад жыхары тых раёнаў, якім пагражала германская акупацыя, былі вымушаны знішчаць сваю маёмасць, тэрмінова пакідаць месцы свайго пражывання і рухацца на ўсход. З-за неарганізаванай эвакуацыі насельніцтва, якая фактычна суправаджалася гвалтам, у беларускіх гарадах і вёсках скапліваліся тысячы бежанцаў, без сродкаў існавання і элементарных санітарных нормаў часовага пражывання. Да 1 лютага 1917 г. толькi ў Расii знай-шло прытулак звыш 1,1 млн жыхароў беларускiх губерняў. Адначасова на Беларусi асела да 0, 5 млн бежанцаў з акупiраваных германскай армiяй тэрыторый Цэнтрамi iх згуртавання з’яўлялiся грамадскiя камiтэты дапамогi ахвярам вайны, якія будаваліся па нацыянальнай прыкмеце, паасобку аб’ядноўваючы яўрэяў, палякаў, беларусаў, латышоў, лiтоўцаў i украiнцаў.
За час вайны ў расійскую армію было мабілізавана каля 13 млн чал., у тым ліку да 50% мужчын беларускіх губерняў. У 1916-1917 г. абаранялі Беларусь амаль 2 млн салдат і афіцэраў II, III i Х армiй Заходняга (галоўнакамандуючы А. Е. Эверт) i асобных часцей V i ХII армiй Паўночнага франтоў (галоўна-камандуючы М. У. Рузскi).
Яе прыфрантавая тэрыторыя ўваходзiла ў склад дзвюх ваенных акруг – Мiнскай (галоўны начальнiк Е. А. Раўш фон Траўбенберг) i Дзвiнскай (галоўны начальнiк Дз. П. Зуеў). На 1 красавiка 1917 г. у гарнiзонах МВА служыла каля 130 тысяч, а ў ДВА – 150 тысяч салдат i афiцэраў. Буйнейшыя гарнiзоны размяшчалiся ў Вiцебску, Мінску, Гомелі і іншых гарадах. За час вайны ад 40 да 50 % мужчынскага насельніцтва Беларусі было мабілізавана ў расійскую армію.
Цывільную адмiнiстрацыю ўзначальвалі губернатары (Мiнскай губернi – У. А. Друцкi-Сакалiнскi, Магiлёўскай – Дз. Г. Яўленскi, Вiцебскай – Б. М. Хiтраво).
Вайна пакінула моцны адбітак на жыццё мясцовага насельніцтва. Так, традыцыйна варожае стаўленне да яўрэяў з боку царызму i манархiчных арганiзацый у ваенны час было ўзмоцнена шэрагам дыскрымiнацыйных абмежаванняў, нават ў пытаннi прыёму на працу. Па сутнасцi, з пачаткам вайны яўрэi трапiлi пад нагляд ахоўных i контрразведачных службаў як патэнцыяльныя варожыя памагатыя.
Другая значная частка насельнiцтва – палякi – была прадстаўлена памешчыкамi, cялянствам, рабочымi, чыноўнiцтвам i г. д. У адрозненнi ад яўрэяў, палякi не адчувалi такога ўцiску з боку царскай улады. Так, у Мiнску ў 1916 – 1917 гг. iснаваў грамадскi сход “Оgnisko”, якi займаўся культурна-дабрачыннай дзейнасцю.
Беларускае насельнiцтва не вылучалася царызмам у асобную нацыянальную адзiнку, а праваслаўная яго частка мела роўны з “вялiкаросамi” статус. У вынiку масавых мабiлiзацый на фронт, найму працоўных з цэнтральных раёнаў Расii для абарончых прадпрыемстваў, размяшчэння эвакуiраваных з Польшчы i Прыбалтыкi прадпрыемстваў i ўстаноў, вымушаных мiграцый, бежанства i г. д. удзельная вага беларусаў у краi знiзiлася да 61,8%. Асноўная частка нацыянальна свядомых элементаў засяродзiлася ў бежанскiх камiтэтах Мiнскай i іншых губерняў, ва ўстановах па абслугоўваннi фронту.
На Беларусі быў усталяваны асобы рэжым кiравання i забеспячэння парадку жыццядзейнасцi ў адпаведнасцi, у першую чаргу, з iнтарэсамi абароны краiны i баяздольнасцi фронту. Ён выяўляў сябе ў iснаваннi надзвычайных законаў i ў вызначальнай ролi ваенных чыноў перад грамадзянскiмi; у забароне ўсялякага кшталту апазiцыйнай дзейнасцi, у тым лiку – забастовак эканамiчнага характару на абарончых прадпрыемствах, Так, у адпаведнасці з цыркулярам “Аб мерах да папярэджання i перапынення фабрычных забастовак”, яго парушальнiкi неадкладна звальнялiся i адпраўлялiся на фронт. Дзейнасць прафесiйных саюзаў забаранялася. Законы ваеннага часу прадугледжвалі ўвядзенне працоўнай павiннасцi на карысць фронта; жорсткае пакаранне за самагона-варэнне; практыку аблаў сярод насельнiцтва з мэтай затрымання дэзерцiраў i тых, хто ўхiляўся ад вайсковай службы; высылку “недабранадзейных” углыб Расii, абмежаванне магчымасцяў людзей выбiраць месца жыхарства i працы, збiрацца на сходы, нават перапiсвацца па пошце.
Iдэалагiчным забеспячэннем трываласцi ўсталяванага ваенна-палiцэйскага рэжыму займалiся цэнтральныя i мясцовыя ўстановы, падпарадкаваныя Сiноду, мiнiстэрству асветы i г. д. Мясцовыя ўлады ў сваiм iмкненнi забяспечыць адпаведны парадак i дапамогу фронту абапіралася на дзяржаўную iдэалогiю, якая ўвасобiлася ў лозунгу – “За цара, веру i айчыну”. З апорай на яго ў грамадскую свядомасць укаранялася неабходнасць усенароднай падтрымкi расiйскай армii, якую ўзначальваў сам Імператар, для давядзення “другой Айчыннай вайны” да “пераможнага канца” i “ганаровага мiру”. Iдэяй аб’яднання народа вакол цара ў барацьбе з ворагам была прасякнута ўся ваенная і цывільная прэса. Вайна, што працягвалася, называлася iмi не iнакш, як “Вялiкая Айчынная” або “Другая Айчынная”.
Асноўнай прычынай зніжэння патрыятычных настрояў з’яўляліся эканамiчныя цяжкасцi. Тым не менш большасць насельнiцтва ўсведамляла неабходнасць вайны. Разам з тым на Беларусi, як i паўсюдна, iснавалi пэўныя антываенныя настроi. Іх носьбітамі з’яўляліся прадстаўнікі левай плыні сацыялістаў, якія выступалі за паражэнне Расіі і за ператварэнне вайны з імперыялістычнай у грамадзянскую. Аб нежаданні ваяваць сведчылі ўцёкі салдат з фронта і ўхіленне ваеннаабавязаных ад прызыву ў армію. Аб тым жа сведчылі падзеі ў Гомелі ў кастрычніку 1916 г., дзе адбылося паўстанне салдат размеркавальнага пункту. У цэлым жа, узброеныя сілы заставаліся дастаткова баяздольнымі. На вясну-лета 1917 г. Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандавання распрацавала план наступлення рускай арміі, якое павінна было завяршыцца доўгачаканай перамогай
Нягледзячы на суровыя захады ваенных i праваахоўных органаў, на Беларусi цыркулявалi чуткi аб узросшым процicтаяннi царскага ўрада i Дзяржаўнай думы. Крытычныя водгукi на дзейнасць урада распаўсюджвалicя ў асяроддзi работнiкаў УЗС, УСГ і Земгара. У тым жа напрамку вялі прапаганду нешматлiкiя нелегальныя групы яўрэйскiх (Бунд, Паалей Цыён) i латышскiх сацыялiстаў.
Усё ж агульнае становiшча ў краі не выклiкала моцнай занепакоенасцi ўлад. Выпадкi аграрнага руху былі надзвычай рэдкімі і нiяк не звязвалiся з антыўрадавым. Традыцыйнымi метадамi (праз царкву, грамадскiя сходы) уладам удавася ўтрымлiваць працоўных ў рэчышчы законапаслухменства, падтрымкi дзяржаўнай палiтыкi дапамогi фронту i г. д. Што датычыць інтэлігенцыі і чыноўніцтва, то яго параўнальна высокi ўзровень адукацыi, лепшыя магчымасцi камунiкацыi і iнфармавання дазвалялi больш цi менш асэнсавана ставiцца да ўрадавай палітыкі і аказваць ёй садзеянне.
Такім чынам, асноўная маса насельніцтва Беларусі адкрыта не выказвала незадавальнення сваім становішчам і цярпліва выконвала свае грамадзянскія абавязкі. Чуткі аб хуткім заканчэнні вайны былі настолькі моцнымі, што дадому сталі вяртацца бежанцы Так, 25 лютага 1917 г. мінскі губернскі земскі сход разглядаў праект аб інвакуацыі 10 000 бежанцаў, а на адрас губернатара паступалі тысячы хадайніцтваў аб вяртанні дадому. Такім чынам, Беларусь зусім не нагадвала таго рэгіёну імперыі, дзе нарастала бура народ-нага гневу. На справе і зусім нечакана ім зрабілася расійская сталіца.
2. Лютаўская рэвалюцыя 1917 г. была абумоўлена комплексам нявырашаных пытанняў – аграрнага, рабочага, нацыянальнага, дзяржаўнага ўладкаван-ня. Велiзарныя людскiя, матэрыяльныя i маральныя страты, якiя цярпела расiйскае грамадства на працягу трох год вайны, вельмі моцна пахiснулі аўтарытэт манархіі і веру ў цара.
Пачатак рэвалюцыi быў звязаны з выступленнямi рабочых Петраграда за паляпшэнне свайго становiшча. 23 лютага тысячы людзей, галоўным чынам жанчын, выйшлi на вулiцы сталiцы з патрабаваннем хлеба. Іх падтрымалі рабочыя прадпрыемстваў, якія спынілі працу і аб’явілі забастоўкі пратэсту. Неўзабаве стыхійныя мітынгі ператварылiся ў масавыя дэманстрацыi пад палiтычнымi лозунгамi аб спыненні вайны і звяржэнні ўрада. 25-26 лютага салдаты гарнiзона адмаўлялiся страляць у дэманстрантаў, затым самі сталi далучацца да іх і агульнымі намаганнямі раззбройваць палiцыю i жандараў. Развiццё падзей выйшла з-пад кантролю ўрада i назаўтра cам ён быў арыштаваны паўстанцамі.
Такiм чынам, пратэстны рух сталічных працоўных, узмоцнены ўдзелам салдат, перарос ва ўзброенае паўстанне супраць царскага ўрада i абумовiў перамогу рэвалюцыi па ўсёй краіне. 27 лютага з удзелам дэпутатаў Дзяржаўнай думы i кiраўнiкоў Петраградскага Савета быў створаны новы орган ўлады – Часовы камiтэт (старшыня М. У. Радзянка), які звярнуўся да кіраўніцтва гарадскіх і земскіх самакіраванняў з адозвай аб падтрыманні грамадскага парадку.
Але для большасцi жыхарства Расiйскай iмперыi, тым больш для франтавiкоў, сутнасць падзей у Петраградзе заставалася невядомай. Імператара, які знаходзіўся ў Стаўцы (Магілёў), увесь час заспакойвалі, быццам у сталiцы адбываюцца хваляваннi на глебе недахопаў харчовага забеспячэння. Недаацэнка царом маштаба і значнасці гэтых “хваляванняў” у многім каштавала яму трона. Ранiцай, 28 лютага Мікалай ІІ выехаў з Магiлёва ў напрамку Царскага Сяла, але яго эшалон ужо за межамi Беларусi быў спынены i завернуты на Пскоў, дзе размяшчаўся штаб Паўночнага фронта. Там 2 сакавiка i адбылося яго адрачэнне ад трона на карысць брата Мiхаiла. Але апошнi адмовiўся заняць яго да часу, пакуль за тое не выкажыцца Устаноўчы сход.
У вынiку вышэйшая ўлада ў краiне перайшла да Часовага ўрада. 2 сакавiка быў сфармiраваны яго склад на чале з Г. Я. Львовым, куды ўвайшлi думскія дзеячы, у тым лiку 1 сацыялiст – А. Ф. Керанскi, якi заняў пасаду мiнiстра юстыцыi.
3 сакавiка была распаўсюджана Дэкларацыя Часовага ўрада, у якой абвяшчалася праграма яго дзейнасці, а таксама амнiстыя палiтычным зняволеным, скасаванне палiцыi i жандармерыi, наданне ўсiм грамадзянам дэмакратычных правоў і свабод.
Скасаванне самаўладдзя – асноўнае дасягненне Лютаўскай рэвалюцыі, якая мела палітычны характар. Аўтарытарная сістэма кіравання была разбурана, але інстытут прыватнай уласнасці застаўся непахісным: па-ранейшаму заставалася непарушным памешчыцкае землеўладанне, большасць фабрык, заводаў, банкаў належалі прыватным асобам. Але з наданнем усім грамадзянам роўных палітычных правоў і свабод узнікла магчымасць вырашэння наспелых грамадскіх і эканамічных праблем мірным, рэфармісцкім шляхам. Аптымістычнай падставай таму з’яўлялася шырокая падтрымка Часовага ўрада і яго палітыкі і ўзросшая актыўнасць усіх пластоў насельніцтва ў галіне абароны сваіх інтарэсаў.
Важна адзначыць, што нідзе па краіне, у тым ліку на Беларусі, не назіралася актыўнасці прыхільнікаў манархіі. Пасля адрачэння Раманавых ад трона вышэйшае ваеннае камандаванне, а таксама афіцэры і салдаты вызваляліся ад дадзенай цару прысягі і пакляліся ў вернасці Часоваму ўраду.
Такім чынам, усе ўзброеныя сілы, у тым ліку паўтарамільённы Заходні фронт, размешчаны на Беларусі, зрабіліся рэальнай апорай новым органам улады, якія толькі пачалі фарміравацца. На пераходным этапе іх функцыі ўскладаліся на гарадскія і местачковыя грамадскія камітэты парадку (або бяспекі), створаныя на базе мясцовых самакіраванняў і прадстаўнікоў ад усіх пластоў насельніцтва і арганізацый. Замест скасаванай паліцыі і жандармерыі ахова правапарадку была ўскладзена на народную мiлiцыю. 4 сакавіка першы яе атрад, складзены ў Мінску з рабочых і служачых Усерасійскага земскага саюзу, узначаліў славуты змагар супраць самаўладдзя М. В. Фрунзе.
Надалей, замест царскіх губернатараў і павятовых земскіх начальнікаў былі ўведзены пасады губернскіх і павятовых камісараў Часовага ўрада, якія занялі адпаведныя старшыні земстваў. Замест сялянскіх валасных упраў пачалося абранне ўсесаслоўных валасных камітэтаў. У выніку камісарыят Віцебскай губерні ўзначаліў Карташоў, Магілёўскай – Судзілоўскі, Мінскай – Самойленка. З цягам часу адной з характэрных прыкмет новага дэмакратычнага ладу стала тое, што вышэйшая адміністрацыя перастала прызначацца “звыш”, як гэта было пры цары, а стала абірацца ўсімі пластамі грамадства, аб’яднанага ў палітычныя і грамадскія арганізацыі.
Судовая сістэма істотна памянялася. Зараз суддзі мусілі абірацца грамадскасцю. Асобныя законы (аб пакаранні смерцю, палітычных праследаваннях і інш.) і цэнзура скасоўваліся. Усе палітычныя зняволеныя атрымалі свабоду і амністыю.
Усе рэлігійныя і нацыянальныя абмежаванні скасоўваліся. Асабліва шчыра віталі гэты закон яўрэі, якія да таго адчувалі жорсткі дыскрымінацыйны прэс царскага ўрада. Часовы ўрад пацвердзіў права палякаў на адраджэнне іх дзяржаўнасці пасля заканчэння вайны і склікання Устаноўчага сходу.
Перамога рэвалюцыі абудзіла да грамадска-палітычнага жыцця шырокія пласты салдат і мясцовага насельніцтва. У мэтах згуртавання вайскоўцаў і працоўных для падтрымання парадку і прадухілення контррэвалюцыі ў гарадах і мястэчках сталі ўтварацца класавыя прадстаўнічыя арганізацыі – Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У сакавіку ў ліку першых яны ўзніклі ў Мінску, Гомелі, Бабруйску, Оршы, Віцебску. Крыху пазней, у красавіку-маі сталі фарміравацца Саветы сялянскіх дэпутатаў. Большасць Саветаў наладзіла выданне сваіх газет. Паступова менавіта Саветы сталі самымі масавымі і ўплывовымі грамадска-палітычнымі арганізацыямі, якія не толькі змагаліся за інтарэсы працоўных і салдат, а і дапамагалі органам Часовага ўрада. У ліку найбольш уплывовых рабоча-салдацкіх Саветаў былі Мінскі, Гомельскі, два Віцебскія, Магілёўскі, Бабруйскі, Аршанскі, Рагачоўскі, Полацкі і іншыя.
Найбольш аўтарытэтным для ўсіх расійскіх Саветаў, у тым ліку і створаных на Беларусі, быў Петраградскі Савет (старшыня меншавік Чхеідзе). Характэрна тое, што яго лідэры паставілі сваё стаўленне да Часовага ўрада ў залежнасць ад адпаведнасці яго палітыкі інтарэсам так званай “рэвалюцыйнай дэмакратыі”, гэта значыць рабочых, салдат, сялян, іх партый і арганіза-цый. Формула “паколькі ўрад будзе выконваць патрабаванні дэмакратыі, пастолькі мы будзем яго падтрымліваць”. Такім чынам, фактычна дзейнасць урада ставілася пад кантроль Петраградскага Савета, які выяўляў прыкметы паралельнага органа ўлады. Так, ужо 14 сакавіка яго Выканаўчы камітэт “праз галаву” Часовага ўрада звярнуўся да працоўных ваюючых краін з заклікам да ўціску на свае ўрады з мэтай хутчэйшага заключэння міру. Са свайго боку, члены ўрада – кадэты абвінавацілі лідэраў Савета ў стварэнні двоеўладдзя. У далейшым гэта тэндэнцыя стала ўзрастаць, асабліва пасля сфарміравання ў чэрвені 1917 г. новага цэнтра “рэвалюцыйнай дэмакратыі” – Усерасійскага Цэнтральнага Выканаўчага амітэта Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў.
Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў Беларусі з моманту свайго ўтварэння таксама падтрымалі Часовы ўрад і сваёй далейшай дзейнасці арыентаваліся на Петраградскі Савет. Вясною Саветы (усяго каля 40) на Беларусі дзейнічалі ва ўсіх губернскіх, павятовых гарадах і нават некаторых мясцечках. Сваю задачу яны бачылі ў арганізацыі і палітычнай асвеце рабочых і салдат, абароне іх інтарэсаў, а таксама ў падтрымцы органаў Часовага ўрада. Для ўтварэння Саветаў сялянскіх дэпутатаў, адбывалася іх зліццё і сумесная дзейнасць у адпаведнасці з курсам Петраградскага Савета і новых цэнтраў рэвалюцыйнай дэмакратыі – Усерасійскімі выканкамамі рабочых і салдацкіх, а таксама сялянскіх дэпутатаў. У адрозненне ад сталіцы, ніякіх прыкмет наяўнасці “двоеўладдзя” на Беларусі не назіралася.
Намаганнямі Саветаў, земстваў, вясковай інтэлігенцыі ўдалося перасекчы спробы аграрнага руху. Сялянам тлумачылася сутнасць перамены ўлады, неабходнасць далейшай дапамогі фронту і чакання Устаноўчага сходу. У выніку сяляне абавязаліся прадаваць прадукты толькі дзяржаўным нарыхтоўшчыкам і тым падтрымліваць хлебную манаполію дзяржавы. Ажыццяўленню сялянскіх інтарэсаў спрыялі створаныя Саветы сялянскіх дэпутатаў. Першы на Беларусі сялянскі з’езд Мінскай і Віленскай губерні адбыўся 20-23 красавіка. Яго старшынёй быў абраны бальшавік М. В. Фрунзе. У мэтах прадухілення аграрнага руху і падрыхтоўкі да Устаноўчага сходу па распараджэнні Часовага ўрада з мая пачалі стварацца адмысловыя зямельныя камітэты, якім ставілася ў абавязак браць на ўлік усе землі, лясы, маенткі для меўшай адбыцца зямельнай рэформы.
Рабочы рух таксама вызначаўся высокай актыўнасцю пад час утварэння Саветаў і прафесійных саюзаў. Ужо ў красавіку-маі, дзякуючы рабочым арганізацыям, асноўныя маса дзяржаўных і буйных прыватнаўласніцкіх прад-прыемстваў перайшла на 8-гадзінны працоўны дзень.
Перамога рэвалюцыі абумовіла магчымасць ліквідаваць рэшткі царскіх парадкаў ва ўзброеных сілах. Пасля з’езда салдацкіх і рабочых Заходняга фронту, які адбыўся ў Мінску 7-17 красавіка, салдаты ўтварылі ўласныя (ад ротных да франтавога) камітэты, дамагліся дэмакратызацыі армейскага жыцця і ўраўнання ў правах з астатнімі грамадзянамі па-за службай. У цэлым, у сакавіку-красавіку армія была дастаткова моцнай і дысцыплінаванай, каб пачаць наступленне і прынесці доўгачаканы мір. Разам з тым па прычыне захаплення салдат антываеннымі лозунгамі і братаннямі, недаверу да камандзіраў і г. д. вызначылася небяспечная тэндэнцыя да зніжэння баяздольнасці рускай арміі.
Актывізавалася дзейнасць адроджаных і зноў створаных агульнарасійскіх (РСДРП, ПС-Р, Канстытуцыйных дэмакратаў, якія сталі звацца Партыя народнай свабоды) і нацыянальных (яўрэйскіх, польскіх, беларускіх і інш.) партыйных арганізацый. Разам з імі пашырыліся ліберальныя, сацыялістычныя, сацыял-дэмакратычныя, нацыянальныя і інш. погляды на далейшыя шляхі грамадскага і дзяржаўнага развіцця, якія прапагандаваліся на шматлікіх мітынгах, сходах, з’ездах, на старонках газет. У выніку зноў створаныя дзяржаўныя і грамадскія структуры сталі актыўна папаўняцца членамі партый, што непазбежна вяло да палітызацыі іх дзейнасці, прычым, галоўным чынам ў напрамку першаступеннай рэалізацыі не агульных, а нацыянальных, класавых, партыйных і інш. інтарэсах.
Такім чынам, ІІ руская рэвалюцыя поўнасцю знішчыла аджыты аўтарытарны рэжым і стварыла ўмовы для негвалтоўнага рэфармісцкага метада мадэрнізацыі палітычнай сістэмы Расійскай дзяржавы. Заўважым, што суадносіны грамадскіх сіл стваралі магчымасць вырашэння аграрнага, рабочага і іншых пытанняў шляхам рэформаў, уласцівых заходнееўрапейскай цывілізацыі – праз парламент і адпаведнае заканадаўства. Вельмі многае залежала ад таго, наколькі эфектыўнымі будуць абраныя Часовым урадам захады па мадэрнізацыі палітычнай сістэмы і змякчэнні сацыяльнай напружанасці. У абнаўленчы працэс уключылася амаль усё грамадства на чале з палітычнымі партыямі.
Палітычнае становішча на Беларусі вясною 1917 г. характарызавалася поўным знікненнем ваенна-паліцэйскага рэжыму, ажыццяўленнем абвешчаных Часовым урадам свабод: слова, друку, сходаў, саюзаў і інш. Акрамя таго, армія і народ падтрымалі яго заклікі аб працягу вайны ў мэтах абароны рэвалюцыі і канчатковым вырашэнні наспелых сацыяльна-эканамічных, нацыянальных і іншых праблем толькі пасля склікання Устаноўчага сходу.
3. Як вядома, палітычная партыя ўтвараецца той ці іншай сацыяльнай супольнасцю з мэтай заваёвы або выкарыстання дзяржаўнай улады. Статус Часовага ўрада, які мусіў здаць паўнамоцтвы пастаяннаму ўраду, сфарміраванаму меўшым адбыцца Устаноўчым сходам, рабіў прывабным негвалтоўны, дэмакратычны шлях прыходу да ўлады кожнай супольнасці, арганізаванай у палітычную партыю. З усталяваннем у краіне дэмакратычнага рэжыму і ў адпаведнасцi з абвешчанымі ў Дэкларацыі ад 3 сакавiка 1917 г. свабодамі, у тым ліку свабодай саюзаў і арганізацый, паўсюдна пачалося аднаўленне ранейшых і стварэнне новых партыйных арганізацый. На Беларусі асобую актыўнасць выяўляў рабочы клас, салдаты, служачыя, інтэлігенцыя, чыноўнікі, прадпрымальнікі, памешчыкі, нацыянальныя групоўкі, у меншай ступені – сяляне. Перспектыва склікання ўсерасійскага Устаноўчага сходу арыентавала партыйныя арганізацыі на выкарыстанне негвалтоўных, парламенцкіх метадаў дасягнення сваіх мэт.
Па палітычным спектры ўсе (агульнарасійскія і нацыянальныя) партыі, якія дзейнічалі ў 1917 г. і пазней, падзяліся на левыя, цэнтрысцкія і правыя (ліберальныя). Гэты падзел з’яўляецца даволі ўмоўным, паколькі ў працэсе рэвалюцыйнага абнаўлення грамадства і дзяржавы палітычная пазіцыя цэнтрыстаў была вельмі неўстойлівай і па шэрагу пытанняў яны мелі лева- і правацэнтрысцкую плыні.
Вясной да Усерасійскіх левых партый адносіліся анархісты і бальшавікі (РСДРП(б); да цэнтрысцкіх – меншавікі (РСДРП) з Бундам, эсэры (ПС-Р), трудавікі і народныя сацыялісты; да правых – Партыя народнай свабоды (ПНС) “кадэты” і “Союз 17 октября” .
У адрозненне ад агульнарасійскіх, нацыянальныя партыі больш увагі надавалі менавіта ўласным, а не агульным праблемам. Тыя з іх, якія дзейнічалі на Беларусі (без уліку латышскіх, літоўскіх, украінскіх і інш.), таксама можна класіфікаваць па палітычным спектры. Так, да польскіх левых належала Польская партыя сацыялістычная (ППС) “лявіца”; да цэнтра – Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ), Польская партыя сацыялістычная (ППС) “правіца”; да правых – народныя дэмакраты (НД).
Яўрэйскія левыя складаліся з Аб’яднанай яўрэйскай сацыялістычнай рабочай партыі сацыялістаў-сіяністаў і сацыялістаў-тэрытарыялістаў (АЯСРП с.с. і с. е.), Яўрэйскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (ЯСДРП) Паалей Цыён; да цэнтру належалі Цэірэй Цыён, Фолкспартэй, Ахдус Ізраель; да правых – Альгемайне Цыён і інш.
БСГ з’яўлялася левай партыяй; Беларуская народная партыя сацыялістаў (БНПС) – цэнтрысцкай; Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД) – правай партыяй.
Найважнейшым пытаннем любой рэвалюцыi лiчыцца пытанне аб уладзе. Цэнтрамі палітычнага жыцця дэмакратычнай Расіі з’яўляліся сталічныя, а таксама губернскія і павятовыя гарады. Асноўную ролю ў ім адыгрывалі, як правіла, рабочыя, па партыйнай прыналежнасці – члены РСДРП (меншавікі або бундаўцы). Такім чынам, іх погляды на бягучыя падзеі з’яўляліся вызначальнымі для астатняй масы так званай “рэвалюцыйнай дэмакратыі”. Большасць сацыял-дэмакратаў, зыходзячы з ацэнкi рэвалюцыi як буржуазна-дэмакратычнай, падтрымала iдэю супрацоўнiцтва пралетарыята з буржуазiяй, а значыць i iдэю падтрымкi Часовага ўрада, у якім пераважалі кадэты. Такiя ж пазiцыi, хоць i па iншых меркаваннях, займалi ўсё палiтычныя партыi, акрамя бальшавiкоў, якiя, з прыездам Леніна, заклікалі не аказваць падтрымкі Часоваму ўраду, “як буржуазна памешчыцкаму”. На iх думку, улада павiнна была належаць Саветам рабочых i салдацкiх дэпутатаў.
18 красавіка міністр замежных спраў П. Мілюкоў у сваёй тэлеграме (ноце) на адрас саюзнікаў па Антанце запэўніў іх у няўхільным курсе Расіі на "перамоганоснае заканчэнне вайны”. Тым самым міністр праігнараваў імкненне "рэвалюцыйнай дэмакратыі" на дасягненне міру шляхам перагавораў. У адказ Петраградскі Савет, а пасля яго - іншыя Саветы і левыя партыі, рэзка асудзілі П. Мілюкова, а сам ён быў вымушаны падаць у адстаўку. У тых умовах у асяроддзі “рэвалюцыйнай дэмакратыі” ўзнікла і пашырылася ідэя аб сумесным (кааліцыйным) урадзе кадэтаў і сацыялістаў. Так, лідэр меншавікоў-абаронцаў Г. В. Пляханаў абазначыў тры важнейшыя задачы, якія паўсталі перад расійскай грамадскасцю: 1. “ахоўваць нашу свабоду, ахоўваць рэвалюцыю” 2. абавязак перад нашымі саюзнікамі і “барацьба да перамогі”; 3. аб дэмакратычнай уладзе “гэта павінна быць улада, умаца-ваная поўным даверам народа, ... а для таго неабходна, каб у складзе ўрада былі прадстаўнікі ўсіх пластоў насельніцтва, якія не зацікаўлены ў аднаў-ленні старога парадку. Патрэбна тое, што завецца кааліцыйным міністэрствам”. Неўзабаве ў Часовы ўрад (прэм’ер міністр Г. Я. Львоў) увайшлі прадстаўнікі меншавікоў, эсэраў і народных сацыялістаў (энэсаў).
Тым не менш бальшавікі рэзка адмоўна аднесліся да ідэі кааліцыі і называлі прыхільнікаў супрацоўніцтва с буржуазнымі партыямі “згоднікамі” і нават здраднікамі. "Красавіцкі крызіс", акрамя іншага, адбіўся ў павышэнні актыўнасці бальшавікоў. Пад іх уздеяннем неабходнасць рэвалюцыйна-абаронніцкай вайны пераставала быць агульнапрызнанай, на франтах распаўсюдзіліся “братанні”, у тыле павялічылася колькасць дэзерціраў і г. д. Гэтыя і некаторыя іншыя негатыўныя працэсы на фронце і ў тыле набылі палітычную афарбоўку, калі ў іх з’яўленні сталі абвінавачваць партыю бальшавікоў, у тым ліку Леніна, як нямецкіх шпіёнаў.
Чарговы палітычны крызіс наспеў у сувязі з падрыхтоўкай да летняга наступлення рускай арміі. Усведамляючы небяспеку страты баяздольнасці ўзброеных сіл, новы ваенны і марскі міністр А. Ф. Керанскі прыкладаў шмат намаганняў для таго, каб пераканаць армію і грамадства ў дасягненні міру праз ваенны разгром Германіі і яе саюзнікаў. Значную падтрымку ў прапагандзе палітыкі наступлення аказвалі ўсе палітычныя партыі, за выключэннем бальшавікоў.
Рэальнае стаўленне палітычных сіл і ўсяго грамадства ў цэлым да вайны выявілася 18 чэрвеня, калі па закліку Усерасійскага з'езда Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў у многіх гарадах краіны адбыліся маніфестацыі і мітынгі. На Беларусі яны прайшлі ў губернскіх і асобных (Бабруйск, Гомель) цэнтрах пад лозунгамі падтрымкі Часовага ўрада і распачатага наступлення рускіх войск Паўднёва-Заходняга фронту. Бальшавіцкія антываенныя заклікі на тых маніфестацыях поспеху не мелі, затое на пазіцыях іх уздзеянне набылі разбуральныя наступствы. У выніку многія часці адмовіліся выконваць загад камандавання і выступіць супраць ворага. Наступленне рускіх войск Паўднёва-Заходняга фронту скончылася для іх катастрофай і мела наступствам узрастанне маральна-палітычнай напружанасці ў грамадстве. Сярод “рэвалюцыйнай дэмакратыі” прыкметна знізілася колькасць прыхільнікаў “рэвалюцыйнага абаронніцтва”, большая іх частка перамясцілася да левага яго крыла, патрабаваўшага ад Часовага ўрада рэальных крокаў да перагавораў аб дэмакратычным (без анексій і кантрыбуцый) міры і адначасова ўскладаўшага спадзяванні на міжнародную канферэнцыю сацыялістаў. На пазіцыі бальшавікоў і анархістаў у ваенным пытанні пераходзілі сацыял-дэмакраты-інтэрнацыяналісты і левыя эсэры. Правы фланг у пытанні аб міры і сродках яго дасягнення займалі кадэты, народныя сацыялісты, меншавікі-пляханаўцы і правыя эсэры.
Наступны этап палітычнай барацьбы быў звязаны так званым “Ліпеньскім крызісам”, калі кадэцкія міністры ў знак нязгоды з палітыкай сацыялістаў у адносінах да Украінскай Рады пакінулі свае пасады; і калі спроба бальшавікоў і анархістаў Петраграда звергнуць “буржуазны” Часовы ўрад 3-5 ліпеня падштурхнула новы яго склад на чале з А. Керанскім да жорсткіх захадаў да ўмацавання дысцыпліны на фронце: уводзіліся пакаранне смерцю, забаранялася антыўрадавая агітацыя. У Мінску быў перапынены выхад бальшавіцкай газеты “Звезда”. Нягледзячы на тое, што падаўляючая большасць сацыялістычных партый і падначаленых ім Саветаў, камітэтаў, прафсаюзаў, асудзіла ўдзельнікаў путчу, тым не менш, па прынцыповых меркаваннях усе названыя арганізацыі выказалі заклапочанасць рэпрэсіямі па палітычных матывах, у тым ліку супраць бальшавікоў. Лідэры мясцовай і агульнарасійскай “рэвалюцыйнай дэмакратыі” беспадстаўна называлі асноўным віноўнікам крызісу менавіта буржуазію на чале з яе Партыяй народнай свабоды.
У такіх умовах разрастанне анархіі на фронце працягвалася: салдаты адмаўляліся выконваць загады камандзіраў, пачасціліся “братанні” і выпадкі гвалту над афіцэрамі. Цвярозыя, не апантаныя псеўдарэвалюцыйнай фразеалогіяй грамадскія сілы, у асноўным саюзы афіцэраў, прафесійныя вайскоўцы, кадэцкая партыя ўскладалі вялікія спадзяванні ў справе павышэння баяздольнасці рускіх войск на вярхоўнага галоўнакамандуючага Л. Г. Карнілава. Але яго дамова са старшынёй-міністрам Часовага ўрада А. Керанскім аб замене бальшавізаванага гарнізона надзейнымі казацкімі і каўказскімі фарміраваннямі быў расцэнены ўсёй “рэвалюцыйнай дэмакратыяй” як спроба дзяржаўнага перавароту і ўсталявання ваеннай дыктатуры.
Намаганнямі Часовага ўрада, палітычных партый, Саветаў, салдацкіх камітэтаў, Саюзу чыгуначнікаў, большасці вышэйшага камандавання і г. д. узнікшы 25-26 жніўня канфлікт скончыўся без кравапраліцця, а сам былы галоўнакамандуючы з прыхільнікамі склаў зброю і 1 верасня 1917 г. здаўся ўрадавай камісіі, якая прыбыла з Петраграду. У ліку важнейшых наступстваў гэтага канфлікту было і тое, што колькасць прыхільнікаў кааліцыі з буржуазіяй рэзка зменшылася, ідэя ваеннага шляху ў дасягненні міру была канчаткова дыскрэдытавана ў падаўляючай большасці расійскага грамадства, у тым ліку на Беларусі. Адначасова аўтарытэт бальшавікоў як змагароў за неадкладнае спыненне вайны і прыхільнікаў перадачы ўсёй ўлады Саветам істотна ўзрос.
Як вядома, канчатковае пытанне аб уладзе і форме дзяржаўнага ўладкавання павінна было вырашацца парламенцкім шляхам, праз усенародныя выбары ва Устаноўчы сход, але яго скліканне адкладвалася на невызначаны час.
Неўзабаве прадстаўнікі ўсіх палітычных партый былі ўключаны ў органы дзяржаўнай улады – губернскія і павятовыя камісарыяты. Летам-восенню адбыліся выбары ў гарадскія думы і земствы, галоўным чынам па партыйных спісах, якія прынеслі перамогу левым партыям – эсэрам і меншавікам. Такім чынам, шматпартыйная сістэма, што ўсталявалася ў краіне, рабілася асноўнай крыніцай фарміравання органаў улады. Пры тым раскладзе палітычных сіл левыя партыі мелі найлепшыя шанцы атрымаць большасць ва Устаноўчым сходзе. Бальшавікі таксама склалі свой выбарчы спіс у парла-мент, але адначасова яны ўзмацнілі ўсебаковую, у тым ліку канспіратыўную дзейнасць па падрыхтоўцы ўзброенага паўстання пад лозунгам “Уся ўлада Саветам”. Такім чынам, з вясны па восень усе палітычныя сілы ў сваім стаўленні да Часовага ўрада істотна разыйшліся: ад безумоўнай падтрымкі да ідэі яго гвалтоўнай ліквідацыі.
Такія ж прынцыповыя разыходжанні назіраліся і ў адносінах да такіх надзённых грамадскіх і дзяржаўных пытанняў, як дасягненні міру, аграрнае, рабочае, нацыянальнае пытанні. Кожная партыя ўсведамляла, што рэалізацыя іх стратэгічных мэт у многім залежала ад таго, наколькі прывабнай для мас (як патэнцыяльных выбаршчыкаў) будзе палітычная праграма і тактыка кожнай з іх па азначаных праблемах. Што датычыць стаўлення да вайны, то вясной РСДРП, Бунд, ПС-Р, БСГ лiчылі яе абарончай і таму заклiкалі да яе працягу да заключэння ганаровага мiру, без анексiй i кантрыбуцый. Партыйныя арганізацыі і падначаленыя ім Саветы ўзялі актыўны ўдзел у падпісцы на аблігацыі, так званай Пазыкі Свабоды, для папаўнення збяднелага дзяржаўнага бюджэту. ПНС з’яўлялася прыхiльнiцай вайны да пераможнага канца. Яе пазіцыі падзялялі меншавікі-абаронцы (Г. Пляханаў) і народныя сацыялісты. Яны таксама ўзялі ўдзел у рэалізацыі ваеннай пазыкі.
Толькі бальшавiкі працягвалі лiчыць вайну iмперыялiстычнай, патрэбнай, быццам толькi буржуазii i памешчыкам, і таму выступалі за яе неадкладнае спыненне. Пасля няўдалага летняга наступлення рускай арміі ў чэрвені-ліпені колькасць абаронцаў рэзка зменшылася. Бальшавіцкі лозунг неадкладнага спынення вайны сталi падзяляць меншавiкi-iнтэрнацыяналiсты i левыя эсэры. Усе сацыялісты чакалі, калі Часовы ўрад прыступіцца да перагавораў аб міры, але не дачакаліся, паколькі ў эканамічным плане ён трапіў у залежнасць ад краін Антанты, і наогул, не вельмі імкнуўся па палітычных меркаваннях узняць гэтае пытанне перад саюзнікамі. Нават пасля правалу летняга наступлення і дыскрэдытацыі Л. Карнілава як вярхоўнага галоўнакамандуючага па-ранейшаму прыхільнікамі дасягнення міру праз ваенны разгром Германіі і яе саюзнікаў з’яўляліся кадэты, меншавікі-пляханаўцы і народныя сацыялісты.
Як вядома, аграрная рэформа была адкладзена да склікання Устаноўчага сходу, але задоўга да выбарчай кампаніі кожная з партый абвясціла ўласны зямельны праект (або аграрную частку праграмы). Кадэты выступалі за надзяленне сялян зямлёй з дзяржаўнага фонда ў прыватную уласнасць пры захаванні памешчыцкага землеўладання. Прадугледжвалася таксама перадача часткі памешчыцкіх зямель у дзяржаўны фонд, але толькі за пэўную кампенсацыю. Народныя сацыялісты (энэсы і трудавікі) прапаноўвалі ліквідаваць памешчыцкае землеўладанне (за кампенсацыю) і надзяляць сялян зямлёй па спажывецкай норме. Сацыял-дэмакраты лічылі мэтазгоднымі нацыяналізацыю зямлі і перадачу яе ў распараджэнне муніцыпалітэтаў (органаў кіравання). Лічучы сялян дробнай буржуазіяй, імкнуліся рэалізацыяй сваёй праграмы паспрыяць інтарэсам сельскіх пралетарыяў (батракоў). Правыя меншавікі (Г. Пляханаў і інш.) наогул лічылі, што не трэба адбіраць зямлі ў памешчыкаў, каб не “пладзіць новых жабракоў”.
Сацыялісты-рэвалюцыянеры (эсэры) прапанавалі т. зв. праект “сацыялізацыі”: канфіскацыя памешчыцкай зямлі, лясоў і нетраў; надзяленне зямлёй тых, хто яе апрацоўвае па працоўна-спажывецкай норме з забаронай яе продажу і эксплуатацыі наёмнай сілы.
Бальшавікі як сацыял-дэмакраты выступалі за нацыяналізацыю зямлі, але заклікалі да неадкладнай ліквідацыі памешчыцкага землеўладання і без склікання Устаноўчага схода, неадкладна перадаваць зямлю сялянскім камітэтам.
Пасля І Усерасійскага з’езда Сялянскіх дэпутатаў, скліканага эсэрамі, былі створаны зямельныя камітэты, якія заняліся падрыхтоўкай аграрнай рэформы. Пры гэтым члены камітэтаў-эсэры не абмежаваліся толькі ўлікам зямлі і іншых багаццяў, а сталі перадаваць іх сялянам. У выніку ўжо з канца лета аграрны рух з лакальнага і стыхійнага стаў ператварацца ў арганізаваны. Акрамя таго, пад уздзеяннем бальшавіцкай прапаганды сяляне секлі лес, захоплівалі пашу, сенакосы, землі, не чакаючы Устаноўчага сходу.
Вырашэнне рабочага пытання заключалася ў заканадаўчым усталяванні 8-гадзіннага працоўнага дня, сацыяльных гарантый і інш. Характэрна, што рабочыя абарончых прадпрыемстваў ужо ў красавіку-маі дамагліся сваіх патрабаванняў: утварылі прафсаюзы і фабрычна-заводскія камітэты. Да гэтага ж часу Часовым урадам быў падрыхтаваны законапраект аб фабрычна-заводскіх камітэтах. Па меры пагаршэння эканамічнай сітуацыі ўсе левыя партыі патрабавалі ад Часовага ўрада ўсталявання кантролю над вытворчасцю прадуктаў і іх размеркаваннем. Бальшавікі лічылі, што кардынальнае вырашэнне рабочага пытання, роўна як і іншых, немагчыма без звяржэння ўлады “буржуазнага ўрада” і перадачы яе Саветам. Да таго часу рабочыя павінны былі патрабаваць увядзення такога кантролю на кожным прадпрыемстве.
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі шматнацыянальнае насельніцтва Расіі як былой “турмы народаў” атрымала магчымасць свабодна рэалізаваць свае нацыянальныя патрэбы. Ужо ў сакавіку менавіта яўрэі дамагліся ліквідацыі дыскрымінацыйнай палітыкі, набылі роўныя з астатнімі грамадзянамі правы. Найбольшую папулярнасць сярод яўрэйскіх працоўных набыў бундаўскі праект “культурна-нацыянальнай аўтаноміі”. Часовы ўрад і Петраградскі Савет далі гарантыю палякам у тым, што пасля перамогі над Германіяй будзе адроджана незалежная Польшча. Усе партыі мелі свае нацыянальныя праграмы, якія, акрамя кадэцкай прадугледжвалі, у перспектыве наданне народам нацыянальна-культурнай аўтаноміі ў складзе Расійскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі. Бальшавікі выказваліся за наданне кожнаму народу права на нацыянальнае самавызначэнне аж да аддзялення ад Расіі і ўтварэння ўласнай дзяржаўнасці.
Такім чынам, з вясны па восень найбольшыя зрухі ў лозунгах і тактыцы партый вызначыліся ў пытанні аб вайне. Асноўная маса “рэвалюцыйнай дэмакратыі”, за выключэннем бальшавікоў, адкінула “абаронніцкі” погляд на яе, але па-ранейшаму выступала за мір без анексій і кантрыбуцый. Ацэнка зместу аграрных праграм дазваляе меркаваць, што памешчыцкае землеўладанне не мела перспектыў на далейшае існаванне. Вырашэнне рабочага пытання дасягнула значнага прагрэсу, але ва ўмовах узрастаўшага эканамічнага крызісу яшчэ заставалася вельмі вострым. Нацыянальнае пытанне таксама набывала рэальные перспектывы да станоўчага вырашэння.
Гаворачы пра пазіцыі партый, варта адзначыць іх разрозненасць, шматварыянтнасць, захапленне ўласнымі праектамі, насуперак агульнадэмакратычным задачам. Даволі жывучым у цэнтрысцкай і правай плынях “рэвалюцыйнай дэмакратыі” заставалася ідэя кааліцыі сацыялістычных і буржуазных партый. У той самы час большасць левых (або сацыялістычных) партый непрыхільна ставіліся да ідэі Савецкай улады, лічучы, што пасля Устаноўчага сходу яны (Саветы) павінны саступіць месца дэмакратычна абраным органам самакіравання.
Адносна далейшых перспектыў Расійскай дзяржавы ў большасці грамадскасці пераважала думка аб дэмакратычным, рэфармісцкім шляху яе развіцця, замацаваным Устаноўчым сходам.
4. Да восені 1915 г. расійская армія пад націскам кайзераўскіх войск была вымушана пакінуць Польшчу, частку Прыбалтыкі, Украіны і Беларусі. Уся эканоміка і людскія рэсурсы акупіраваных тэрыторый былі падпарадкаваны мэтам заваёўніцкай палітыкі Германіі. Разам з тым, каб забяспечыць лаяльнасць мясцовага насельнiцтва, акупанты, акрамя іншага, дазволiлi дзейнасць тых нацыянальных (польскіх, яўрэйскіх, літоўскіх, беларускіх) арганізацый, якія варожа ставіліся да царскага самаўладдзя. Так, у Вільні А. і І. Луцкевічы, Алаіза Пашкевіч (Цётка), В. Ластоўскі на базе камітэта дапамогі ахвярам вайны быў утвораны Беларускі народны камітэт, які ўзялі на сябе клопат арганізацыі нацыянальнага жыцця. У ліку яго першых дасягненняў стала адкрыццё беларускай школы, а восенню іх колькасць узрасла да 50. Выданнем падручнікаў і падрыхтоўкай настаўнікаў заняўся створаны ў Вільні Саюз беларускіх грамадскіх арганізацый. Замест закрытай царскім урадам “Нашай нівы” было арганізавана выданне новай газеты “Гоман” пад рэдагаваннем В. Ластоўскага. Публікацыя газеты здзяйснялася лацінскім і кірылічным шрыфтамі з разлікам на русіфікаваных і паланізаваных беларусаў. Кансалідацыі беларускага руху, прапагандзе беларускай асветы і культуры спрыялі таксама створаныя ў Вільні грамадскія арганізацыі “Навуковае таварыства”, “Беларускі настаўніцкі хаўрус”, тэатр, бібліятэка, кнігарня і іншыя ўстановы.
Трапіўшы ў новыя ўмовы палітычнай дзейнасці, члены Беларускага народнага камітэта актуалізавалі праграмнае палажэнне БСГ аб нацыянальным самавызначэнні, адмовіўшыся ад ідэі нацыянальна-тэрытарыяльнай аўтаноміі. У выніку кантактаў з іншымі арганізацыямі было вырашана дамагацца “палітычнай незалежнасці Літвы і Беларусі ў іх апошняй гістарычнай форме Вялікага княства Літоўскага”. З гэтай нагоды ў снежні 1915 г. была створана «Канфедэрацыя Вялікага Княства Літоўскага» з удзелам прадстаўнікоў беларускіх, літоўскіх, польскіх і яўрэйскіх арганізацый. Як вынікала з апублікаванай у лютым 1916 г. праграмы канфедэрацыі, утварэнне на беларуска-літоўскіх землях, акупіраваных Германіяй і вызваленых з-пад юрысдыкцыі Расійскай імперыі, “незалежнай дзяржаўнай адзінкі” ў межах Віленскай і Ковенскай губерняў, беларускай і літоўскай частак Гродзенскай і Сувалкаўскай губерняў, літоўскай частка Курляндскай і часткі Мінскай губерняў) з сеймам у Вільні.
Кіраўніцтва Беларускага народнага камітэта імкнуліся знайсці падтрымку на міжнароднай арэне. У красавіку 1916 г. яго прадстаўнікі, якія бралі ўдзел у Стакгольмскай канферэнцыі прыгнечаных народаў Расіі, у ліку іншых дэлегацый звярнуліся да прэзідэнта ЗША з просьбай аб дапамозе і абароне ад асіміляцыі. У чэрвені таго 1916 года патрэбы беларускага руху былі даведзены міжнароднай грамадскасці на III з’ездзе прыгнечаных народаў у Лазане. Праект стварэння ВКЛ дапаўнялася ідэяй Балтыйска-Чарнаморскай канфедэрацыі ў складзе Беларусі, Літвы, Латвіі, Украіны і Польшчы. У распаўсюджаным І. Луцкевічам і В. Ластоўскім мемарандуме, акрамя іншага, утрым-ліваўся заклік “забяспечыць Беларусі ўсе палітычныя і культурныя правы”.
З цягам часу ідэя аднаўлення сумеснага Вялікага княства Літоўскага выклікала непрыязнь з боку літоўцаў з-за магчымасці асіміляцыі пераважаўшым беларускім насельніцтвам і неўзабаве была імі адкінута. Літоўскія дзеячы ўзялі курс на ўтварэнне ўласнай дзяржавы і зайшлі ў тым падтрымку акупацыйных улад. Польскія колы таксама не выказалі зацікаўленасці ў ім, паколькі спадзяваліся з дапамогай германскага кайзера адрадзіць сваю дзяржаўнасць і разглядалі Літву і Беларусь як неад’емную тэрыторыю былой РП. Як высветлілася, германскі ўрад не выказаў імкнення падтрымаць беларусаў, а аддаў перавагу літоўцам, якія ў студзені 1917 г. стварылі часовы дзяржаўны орган – Літоўскую Раду (Тарыбу). Нарэшце, ЗША і Антанта наогул не збіралася падтрымліваць нацыянальныя антыўрадавыя рухі саюзнай ім Расійскай імперыі.
У пошуках шляхоў да нацыянальнага самавызначэння Беларусі віленскія дзеячы не абмяжоўваліся праектамі стварэння ВКЛ і Чарнаморска-Балтыйскага саюзу. Пасля распаду "Канфедэрацыі Вялікага княства Літоўскага" В. Ластоўскі выказаў ідэю аб мэтазгоднасці ўтварэння Беларусі як незалежнай суверэннай дзяржавы ў межах этнічнага пражывання беларускага народа. Ідэі нацыянальнай аўтаноміі ў складзе Расіі, федэрацыі з Літвой або Польшчай былі адкінуты канчаткова. З мэтай падрыхтоўкі да ўсталявання “вольнай дэмакратычнай рэспублікі Беларусь” ў Вільні была створана арганізацыя «Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі», якая распачала сваю дзейнасць толькі летам 1917 г.
Такім чынам, на акупіраванай немцамі тэрыторыі Беларусі ўзнік і пашырыўся беларускі нацыянальны рух, які ўвасобіўся ў шматграннай культурна-асветніцкай і дзяржавастваральнай дзейнасці. Прыкметы нацыянальнага жыцця на астатняй яе тэрыторыі, якая заставалася ў складзе Расійскай імперыі, выяўлялі сябе значна менш. У асноўным яно працякала ў Мінску ў асяроддзі служачых Камітэта дапамогі ахвярам вайны (старшыня Р. А. Скірмунт), нацыянальнай інтэлігенцыі, якая згуртавалася вакол “Беларускай хаткі”, а таксама за межамі Беларусі. Па-ранейшаму, тут не існавала ніводнай навучальнай установы, дзе б вывучалася беларуская мова або вялося выкладанне на ёй. Праблемы ўтварэння беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці адкрыта не абмяркоўваліся. Толькі ў Петраградзе ў канцы 1916 г. група беларускіх дзеячаў на чале з Дз. Жылуновічам і А. Бурбісам, якая аб'ядноўвалася вакол газеты «Дзянніца» пэўным чынам прапагандавала праграмную ідэю БСГ аб нацыянальна-тэрытарыяльнай аўтаноміі ў складзе Расійскай дэмакратычнай рэспублікі. На тых жа пазіцыях знаходзілася група ўдзельнікаў “Беларускай хаткі” ў Мінску.
Лютаўская рэвалюцыя прыйшла на Беларусь, калі працэс стварэння беларускай нацыі яшчэ не завяршыўся, аб чым, у прыватнасці, сведчыў нізкі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці падаўляючай большасці яе прадстаўнікоў – сялян, якія па-ранейшаму ідэнтыфікавалі сваю нацыянальнасць у залежнасці ад веравызнання (католік – паляк, праваслаўны – рускі). Панаванне ў прамысловасці і гандлі яўрэйскай буржуазіі, перава-га ў аграрным сектары польскага і рускага памешчыцкага землеўладання пры наяўнасці абрусіцельнай сістэмы ўлады – усё гэта і іншае ўскладняла саму магчымасць выхаду нацыянальнага жыцця за межы традыцыйных формаў. Але пасля перамогі рэвалюцыі не спрыяльныя для развіцця беларускага народа сацыяльна-эканамічныя і грамадска-палітычныя працэсы не выключалі магчымасці для яго свядомых прадстаўнікоў мысліць і дзей-нічаць, абапіраючыся на тэарэтычныя дасягненні ліберальнай, сацыялістычнай думкі, у тым ліку па нацыянальным пытанні.
Своеасаблівасць арганізацыйнага афармлення беларускага руху адбілася ў тым, што яго ідэйнымі выразнікамі з’яўляліся выхадцы з сялян – дробныя служачыя, інтэлігенты, асобныя памешчыкі, якія паспрабавалі спалучыць у ім агульныя, у першую чаргу нацыянальныя інтарэсы. Асяроддзем іх дзейнасці зрабіўся Мінскі Нацыянальны камітэт дапамогі пацярпелым ад вайны (старшыня Р. Скірмунт). Ужо 6 сакавіка група яго служачых наладзіла беларускі мітынг, а праз тыдзень – гарадскую акцыю, якая складалася са сходаў, збору сродкаў на карысць нацыянальнага друку, у тым ліку шляхам продажу бел-чырвона-белага значка. На адным з мітынгаў упершыню прагучала ідэя аб неабходнасці “краёвай аўтаноміі”.
25-27 сакавіка ў Мінску намаганнямі членаў адноўленай Беларускай сацыялістычнай грамады (старшыня камітэта А. Смоліч) быў скліканы з’езд каля 150 прадстаўнікоў беларускіх партый і арганізацый для распрацоўкі праграмы дзеянняў, арганізацыі вёскі, краёвага жыцця і інш.
Нягледзячы на пэўныя перашкоды, з’езд завяршыўся абраннем кіруючага цэнтра – Беларускага Нацыянальнага Камітэта з 18 чал., у большасці грамадоўцаў (старшыня Р. Скірмунт), якому належала ажыццявіць прапанаваныя камісіямі пастановы, а таксама распачаць падрыхтоўку па выбарах Краёвай Рады. Меркавалася, што Устаноўчы сход канчаткова вырашыць форму нацыянальнага самавызначэння Беларусі ў складзе Расійскай федэратыўнай рэспублікі. Свае спадзяванні на станоўчае вырашэнне гэтага пытання дэлегаты з’езда выказалі ў Дэкларацыі, а таксама ў наказе дэлегатам, адпраўленым у Петраград.
З узнікненнем БНК стварыліся ўмовы для далейшай кансалідацыі нацыянальных сіл і пашырэння сацыяльнай базы руху. Таму спрыяла прапаганда матэрыялаў, прынятых з’ездам беларускіх арганізацый, стварэнне і пачатак дзейнасці новых партый – Беларускай народнай партыі сацыялістаў (БНПС) і Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, выхад у свет 18 красавіка і 28 мая друкаваных органаў БСГ – “Грамада” (рэдактар А. Смоліч) і БНК –“Вольная Беларусь” (рэдактар Я. Лёсік). У красавіку - ліпені адбывалася пэўнае ўзмац-ненне БСГ. У гэты час яе суполкі ўзніклі ў Віцебску, Гомелі, Капылі, Слуцку, Смілавічах. Але ў чэрвені партыйны цэнтр разам з газетай быў перанесены ў сталіцу, што адбілася на паслабленні яго ўплыву.
З другога боку, актывізацыя руху на чале з БНК выклікала непакой пэўных асоб і цэлых арганізацый, якія ўбачылі ў ім пагрозу сваім інтарэсам і планам адносна беларускага народа. Адной з падстаў для антыбеларускіх настрояў паслужыў факт абрання на пасаду старшыні БНК Р. Скірмунта - па класавых мерках буйнога памешчыка, што кідала цень на ўвесь нацыянальны рух разам з БСГ. У выніку на Беларусі на працягу вясны-лета не заціхала кампанія, скіраваная на іх дыскрэдытацыю. У Мінску ініцыятарамі яе з'яўляліся выканком Савета сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерні, Настаўніцкі саюз, група дэлегатаў з Беларусі, браўшых удзел ва Усерасійскім сялянскім з'ездзе. Такім чынам, мясцовая грамадскасць выказала сваё негатыўнае стаўленне да вынікаў працы беларускага з'езда і абранага ім БНК. Беларускі рух, у адрозненні ад яўрэйскага або польскага, не набыў падтрымкі, а наадварот, сустрэў усебаковае процідзеянне з боку вядомых на Беларусі дзеячаў (бальшавіка М. Фрунзе, эсэра С. Каваліка, энэса I. Мятліна) і ўзначаль-ваемых імі ўстаноў.
Акрамя таго, сярод праціўнікаў БНК апынуўся створаны ў Віцебску Беларускі народны саюз, па сутнасці, праваслаўна-псеўданацыянальная арганізацыя заможных гараджан – чыноўнікаў, інтэлігентаў – па ідэйным на-кірунку прыхільнікаў “заходнерусізму”. Такім жа антыбеларускім па сутнасці з’яўляўся гомельскі - Саюз беларускай дэмакратыі (старшыня, у мінулым адзін з ідэолагаў “заходнерусізму” П. В. Каранкевіч). Адзінай за межамі Мінска арганізацыяй, якая ўстала на платформу БНК, з’яўляўся Магілёўскі Беларускі камітэт.
Адначасова грамадоўцы ўсведамляючы цяжкасці развіцця руху, вынеслі гэтую праблему на абмеркаванне з’езда беларускіх арганізацый, які адбыўся ў Мінску 8-11 ліпеня. Асноўнымі вынікамі яго сталі: скасаванне БНК і абран-не новага кіруючага органа - Цэнтральнай Рады беларускіх арганізацый (старшыня Я. Лёсік); стварэнне Бюро беларускіх вайскоўцаў, аднаўленне Беларускага вучыцельскага хаўрусу і іншае. Разам з тым, новае кіраўніцтва не асмелілася распачаць фарміраванне нацыянальный часцей ў тон час, як гэту працу даўно ўжо праводзілі ўкраінцы, палякі і іншыя.
Як і раней, сур’ёзнай праблемай заставалася антыбеларуская дзейнасць эсэраў, энэсаў, бальшавікоў. Насуперак лозунгу аб аўтаноміі, эсэры вуснамі дэпутатаў II сялянскага з’езда Мінскай і Віленскай губерняў заявілі, што “абласное самакіраванне, якое ахоплівае губерні Беларускага краю ў межах дэмакратычна-рэспубліканскай Расіі, з’явіцца найлепшым з пункту гледжання інтарэсаў сялянства вырашэннем пытання грамадскага і палітычнага жыцця краю”.
5-6 жніўня новае кіраўніцтва ЦРБА сабрала ў Мінску на чарговую сесію прадстаўнікоў сваіх 23 партый і суполак. Як вынікала з паведамленняў яе удзельнікаў, новай з’явай у беларускім руху стала распаўсюджанне нацыянальных лозунгаў на франтах, а таксама ўзмацненне барацьбы за беларускую школу. Удзельнікі сесіі абралі выканком ЦРБА, куды ўвайшлі: Р. Астроўскі, Ф. Галавач, Я. Дыла, З. Жылуновіч, Курчэвіч-Сяўрук, Я. Лёсік, А. Смоліч, Ф. Шантыр. Пры гэтым асобныя лідэры БСГ, у прыватнасці, З. Жылуновіч, выказалі імкненне адасобіцца ад правай, як яны лічылі, плыні нацыянальнага руху і надаць яму больш выразны, класавы напрамак, блізкі да левай плыні “рэвалюцыйнай дэмакратыі”.
Пэўны прагрэс у развіцці руху намеціўся за межамі Беларусі, калі асобныя яго лідэры бралі ўдзел у Дзяржаўнай і Дэмакратычнай нарадах, а таксама на з’ездзе народаў у Кіеве, дзе ўпершыню ў поўным аб'ёме заявілі аб нацыянальных патрабаваннях беларусаў.
15 кастрычніка ў Мінску адкрылася чарговая сесія ЦРБА. 36 яе ўд-зельнікаў прадстаўлялі інтарэсы 27 675 членаў беларускіх партый і арганізацый. На гэты час перапыніў працу III з’езд БСГ, а яго старшыня – Я. Дыла ўзначаліў прэзідыум сесіі. Прысутныя заслухалі даклад выканкома, адкуль вынікала, што новы цэнтр беларускіх арганізацый яшчэ не заваяваў у масах патрэбнага аўтарытэту. У выступленнях Я. Лесіка і А. Гаруна вызначылася тэндэнцыя да аб’яднання ўсіх беларускіх сіл. Важнейшым фактарам узняцця беларускага руху прызнавалася фарміраванне нацыянальнага войска і стварэнне агульнага органа кіравання. Такім органам стала Вялікая Беларуская Рада, створаная на базе рэарганізаванай ЦРБА з удзелам дэлегатаў з’езда беларусаў-вайскоўцаў. У яе выканком (старшыня капітан В. Адамовіч) было абрана 24 чалавекі. Рэарганізацыя кіруючага цэнтра беларускага руху з абраннем ў яго значнай колькасці вайскоўцаў на чале са старшынёй ВБР адбіла новы напрамак дзейнасці - утварэнне на базе расійскага войска ўласных узброеных сіл як гарантыю дасягнення нацыянальных ідэалаў.
18 кастрычніка ў Мінску распачаў працу скліканы выканкомам ЦРБА з’езд беларусаў-вайскоўцаў Заходняга і іншых фронтоў, а таксама Балтыйскага флоту, на якім абмяркоўваліся пытанні: аб выбарах ва Устаноўчы сход і арганізацыі беларусаў-вайскоўцаў.
Дэлегаты падтрымалі праграмны пункт БСГ аб утварэнні Краёвай Рады, а таксама пастанавілі ўтварыць у Мінску Цэнтральную Вайсковую Беларускую Раду для сумеснага (разам са Стаўкаю) кіраўніцтва фарміраваннем беларускіх часцей. З улікам узрастання ролі вайсковых элементаў у беларускім руху 25 кастрычніка з’езд БСГ абраў склад свайго ЦК, у які разам з “цывільнымі” сябрамі – Я. Дылам (старшыня), А. Гаруном, П. Бадуновай, А. Смолічам, З. Жылуновічам, Я. Варонкам, Б. Тарашкевічам – былі абраны вайскоўцы В. Адамовіч, С. Рак-Міхайлоўскі, Я. Мамонька, М. Шыла, В. Муха.
Але новыя станоўчыя перамены ў беларускім руху не паспелі ўвасобіцца ў яго канкрэтных справах. Асноўнымі прычынамі таго з’яўляліся: падрыўная дзейнасць агульнарасійскіх партый, нізкі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці беларускага сялянства і першаступенная яго зацікаўленасць зямельным пытаннем, што не маглі не скарыстаць у сваёй дзейнасці мясцовыя арганізацыі эсэраў. Адным з вынікаў яе ўнацыянальным пытанні стала адмова сялянскіх з’ездаў ад лозунгу аб аўтаноміі, беларускай школы і іншае. З-за распачатай кампаніі супраць беларускага руху, быццам інспіраванага па-мешчыкамі, яго сацыяльная база амаль не мела перспектыў да пашырэння І доўгі час абмяжоўвалася нацыянальна свядомымі інтэлігенцыяй і чыноўніцтвам. Адну з прычын цяжкасцей развіцця беларускага руху варта аднесці на кошт тых яго палітычных кіраўнікоў з ліку БСГ, хто арыентаваўся на агульнарасійскую “рэвалюцыйную дэмакратыю” і не спрыяў кансалідацыі ўсіх нацыяльна свядомых беларусаў.
Такім чынам, нягледзячы на існуючы дэмакратычны лад, восенню 1917 г. беларусы так і не набылі трывалых перспектыў на нацыянальнае самавызначэнне, нацыянальную школу і войска. Распачатая перадвыбарчая кампанія ва Устаноўчы сход таксама не абязала ім поспеху, паколькі асноўныя шанцы на атрыманне дэпутацкіх мандатаў ад беларускіх і заходнефрантавой акруг мелі прадстаўнікі агульнарасійскіх партый, найперш, эсэраў і бальшавікоў.