
- •Лекцыя 1. Уводзіны ў дысцыпліну “Гісторыя Беларусі”.
- •Лекцыя 3. Беларускія землі ў складзе Вялікага княства Літоўскага (хііі- першая палова XVI стст.)
- •Былі выпадкі, калі гараджанам не ўдавалася поўнасцю выйсці з-пад улады гаспадара або магната, і ў частках, якія належалі дзяржаве або феадалу, - “юрыдыках”, магдэбургскае права не дзейнічала.
- •Лекцыя 7. Палітычнае і сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў складзе Расійскай імперыі ў канцы хуііі-першай палове хіх стст
- •2. Беларусь у вайне 1812 г.
- •3. Грамадска-палітычнае жыццё ў першай палове хіх ст.
- •Лекцыя 8. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў складзе Расійскай імперыі ў другой палове хіх ст.
- •Узнікненне індустрыяльнага грамадства
- •Лекцыя 11. Фарміраванне беларускай нацыі. Культурнае і духоўнае жыццё на этапе мадэрнізацыі расійскага грамадства
- •Лекцыя 12. Перамога Кастрычніцкай рэвалюцыі і шляхі фарміравання беларускай дзяржаўнасці
- •Лекцыя 15. Культурнае і духоўнае жыццё бсср
- •Значнай падзеяй у культурным жыцці Беларусі з'явілася адкрыццё Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі бсср і тэатра-студыі кінаакцёра ў Мінску, пабудова новага памяшкання драматычнага тэатра ў Гродне.
- •16. Беларусь у міжваенны перыяд (1918-1939 гг.)
Былі выпадкі, калі гараджанам не ўдавалася поўнасцю выйсці з-пад улады гаспадара або магната, і ў частках, якія належалі дзяржаве або феадалу, - “юрыдыках”, магдэбургскае права не дзейнічала.
Існаванне на Беларусі гарадоў з магдэбургскім правам – несумненна прагрэсіўная з’ява эпохі позняга сярэднявечча і росквіту феадальнага ладу. У той час, як падаўляючая большасць насельніцтва было фактычна пазбаўлена свабоды перасоўвання і выконвала цяжкія павіннасці на карысць дзяржавы ці шляхты, у жыхары асобных гарадоў і нават мястэчак, мелі адносную свабоду і прававую абароненасць ад гвалту феадалаў. Характэрна таксама і тое, што сродкі, якія сабіраліся ў бюджэт горада падаткаплацельшчыкамі, расходваліся не для забавы феадала, а ў інтарэсах саміх гараджан.
На 1569 год у межах ВКЛ налiчвалася прыкладна 3,5 млн жыхароў, з iх больш за 1,8 млн – на землях цяперашняй Беларусi. Да шляхецкага стану адносiлася прыкладна 9 % насельнiцтва. На пачатку ХVI ст. у ВКЛ пражывала каля 10 тыс iудзеяў, каля 7 тыс татараў. Буйнейшымi гарадамi (прыкладна па 10 тыс жыхароў) з’яўлялiся Берасце, Вiцебск, Магiлёў, Пiнск, Слуцк. Самы буйны – Полацк. Прыкладна 40% гарадоў (Быхаў, Дуброўна, Капыль, Клецк, Лепель, Мiр, Нясвiж, Талачын, Чашнiкi, Шклоў) належалi магнатам.
4. У цэлым дабрахвотны характар уступлення славянскіх зямель у Вялікае княства Літоўскае абумовіў адносную іх аўтаномію ў агульнай дзяржаве. Кожны заходнерускі князь хоць падпарадкоўваўся Вільні, але заставаўся поўным гаспадаром у сваім удзеле. Далейшае развіццё грамадскіх і эканамічных адносін у краіне патрабавала ўдасканалення дзяржаўнага кіравання і пераадолення сепаратызму ўдзельных князёў праз цэнтралізацыю вялікакняскай улады. Сам вялікі князь і яго прыбліжаныя імкнуліся пераадолець сепаратызм удзельных князёў шляхам перападпарадкаванняў пэўных удзелаў на карысць сваіх супляменнікаў (Гаштольдаў, Радзівілаў і інш.).
Адпаведна доля літоўскай знаці ў палітычным жыцці стала ўзрастаць, але і ў асяроддзі не сціхала барацьба за ўладу або ўплыў пры двары, асабліва, калі паміраў чарговы манарх. Так, вялікакняскі трон пасля смерцi Гедымiна, нечакана для іншых, заняў яго меншы (ад другога шлюбу) сын Яўнут (1341-1345). У выніку змовы яго зводных братоў – Альгерда i Кейстута вялікі князь мусiў уцякаць у Маскву, а вышэйшая ўлада перайшла да Альгерда. Фактычна ж браты падзялілі краіну на дзве часткі са сталіцамі, адпаведна, у Вільні і Троках. Гэта падзея хоць і не паслабіла моцы дзяржавы, але істотна заблытала парадак пераходу трону ў спадчыну. Так, са смерцю Альгерда вялікакняскі трон перадаваўся сыну ад другой жонкі – Ягайлу (1377-1392), што выклікала незадавальненне старэйшага сына – Андрэя, які княжыў у Полацку. Каб перасекчы смуту, у тым жа 1377 г. Ягайла разам з Кейстутам паспрабавалi захапіць Полацк. Хоць палачане і выстаялі, але іх князь разам з сынамi мусіў уцякаць у Пскоў. У 1381 г. Ягайла перадаў Полацк свайму брату Скiргайлу, але палачане яго не прынялi, выказаўшы вернасць уласнаму князю.
У тым жа 1381 г. Кейстут заняў Вільню і захапіў вярхоўную ўладу. Ягайла быў вымушаны даць клятву аб поўным яму падпарадкаванні і атрымаў невялікі ўдзел у Крэве. Аднак у чэрвенi 1382 г. ён з дапамогай крыжакоў вярнуўся ў сталіцу, аднавіў сваю ўладу, а затым аблажыў Трокі. У час перагавораў Скіргайла захапіў Кейстута і адвёз яго ў Крэўскi замак, дзе той быў задушаны. Яго сын Вітаўт уцёк да крыжакоў і з іх дапамогай распачаў барацьбу за вяртанне бацькавай спадчыны – Трокскага княства, якое перайшло да Скіргайлы.
Усобіца пагражала перерасці ў маштабную вайну. Ягайлу як вялiкага князя не прызнавалі нi Андрэй Полацкі, нi Дзмітрый Бранскi, нi Вiтаўт Кейстутавіч. Для Ягайлы рэальным выйсцем са складанага становішча магла стаць падтрымка маскоўскага князя Дзмітрыя праз шлюб з яго дачкой Соф’яй, але гэты саюз пагражаў уключэннем княства ў склад Маскоўскай дзяржавы. Тым часам праблемы польскай каралеўскай дынастыі абумовiлі iншае развіццё падзей. Так, у 1382 г. пасля смерці караля Польшчы адзіным спадкаемцам трона засталася непаўналетняя каралеўна Ядзвіга. У тых умовах інтарэсам Ягайлы і кракаўскага двара больш адпавядаў саюз іх дзяржаў.
На пачатку 1385 г. адбывалася абмеркаванне ўмоў дзяржаўна-прававых стасункаў Вялікага княства Літоўскага і Кароны Польскай. 14 жнiўня прыехаўшымі з Кракава ў Крэва пасламі з аднаго боку, а таксама Ягайлам і яго братамi з другога, адбылося падпiсанне акта так званай Крэўскай уніі. Паводле яе, Ягайлу прапаноўваўся шлюб з дванаццацігадовай каралевай Ядзвiгай і польскі трон. Неабходнымі ўмовамі надання акту юрыдычнай сілы прызнаваліся: прыняцце вялікім князем, яго яшчэ не ахрышчанымі братамі, сваякамі i суайчыннiкамі каталіцкай веры; вызваленне палонных-хрысцiян, галоўным чынам, палякаў. І нарэшце, што мела асаблiвую значнасць, дагавор утрымліваў пункт, які абавязваў вялікага князя “назаўсёды далучыць свае Лiтоўскiя i Рускiя землi да каралеўства Польскага”.
Падпiсаная ў Крэве унiя была канчаткова зацверджана ў 1386 г. пасля хрышчэння Ягайлы, шлюбу з Ядзвiгай i ўрачыстай каранацыi ў Кракаве. Ягайла набываў імя Ўладзіслаў і пачаў афiцыйна звацца “каралём Польшчы, вярхоўным князем лiтоўскiм i дзедзiчам рускiм”.
Вярнуўшыся ў 1387 г. у Вiльню, Ягайла ажыццявiў хрышчэнне літоўскай знаці, якая разам з новай верай атрымала прывiлей на поўнае права ўласнасцi на спадчынныя землi, на вызваленне ад многіх абавязкаў на карысць уладара. Створанае ім каталіцкае біскупства з кафедрай у Вільні, надзеленае багатымі ўладаннямі, стала магутнай, значна больш уплывовай, чым праваслаўная царква, сілай.
З юрыдычнага боку унія азначала фактычную iнкарпарацыю Вялікага княства Лiтоўскага і Рускага ў склад Польскай Кароны. Сваiм намеснiкам у княстве Ягайла пакiнуў свайго брата Скiргайлу. Але зімой 1389 г. Вiтаўт, скарыстаўшы апазiцыйнасць баяр, распачаў барацьбу за вялікакняскі трон, якая вымусіла Ягайлу пайсці з ім на перагаворы. У выніку 4 жніўня ў Востраве, што непадалёк ад Лiды, было падпiсана пагадненне, на падставе якога ўлада ў ВКЛ пажыццёва перадавалася Вiтаўту (1392-1430) як “вялiкаму князю Лiтвы і пану i дзедзiчу зямель Русi”. Хоць пасля прысягi на вернасць Ягайлу i Ядвiзе ён i знаходзiўся ў васальнай залежнасцi ад Польскага каралеўства, па-гадненне 1392 г. у параўнаннi з Крэўскай уніяй надавала дзяржаве пэўную самастойнасць і спрыяла аднаўленню яе суверэнiтэту.
5. З моманту свайго ўтварэння ВКЛ даводзілася наладжваць адносіны са сваімі суседзямі – польскім каралеўствам, Лівонскім ордэнам, княствамі былой Кіеўскай Русі і Залатой Ардой.
Важнейшай падзеяй у жыцці дзвюх дзяржаў стала падпісанне Крэўскай уніі (1385 г.), якая абумовіла паступовае ўцягненне вялікага княства ў сферу палітычных, сацыяльна-эканамічных і канфесійных інтарэсаў польскай шляхецка-каталіцкай эліты. Спроба Ягайлы (Уладзіслава) як новага караля Польшчы далучыць да яе ВКЛ па праву бацькоўскай спадчыны выклікала ўзброенае процідзеянне часткі літоўска-беларускай знаці на чале з Вітаўтам. Толькі ў 1392 г. абодва бакі падпісалі ў Востраве, Лідскага павета пагадненне аб аднаўленні парушанага суверэнітэту. Больш выніковым для кракаўскага двара было абяцанне Ягайлы ахрысціць у каталіцкую веру сваіх падданых-язычнікаў, найперш літоўскую знаць. У цэлым жа, Крэўская унія узмацніла сацыяльную напружанасць унутры ВКЛ і запатрабавала далейшых міждзяржаўных кантактаў.
У студзені 1401 г. у Вільні былі падпісаны акты новай, Віленска-Радамскай уніі з Польскім каралеўствам. Яна прызнавала палітычную асобнасць ВКЛ, улада ў якім пажыццёва належала Вітаўту, а пасля яго смерці мусіла перайсці да Ягайлы ці ягоных пераемнікаў. Калі б бяздзетным памёр Ягайла, то польскі двор павінны былі б узгадніць кандыдатуру новага караля з Вітаўтам. Такім чынам, урэгуляванне ў ліку іншых пытання адносна статусу ВКЛ здымала напружанасць паміж бакамі і спрыяла іх агульным інтарэсам. Яскравым прыкладам таго стала перамога над Тэўтонскім ордэнам пад час Грунвальдскай бітвы 1410 г.
Акт новай уніі быў прыняты ў кастрычніку 1413 г. на з'ездзе польскіх і літоўскіх паноў і баяр у Горадлі над Бугам. Ён прызнаваў, што як дзяржава Вялікае княства Літоўскае захавае сваю асобнасць і пасля смерці Вітаўта. Літоўскія баяры абавязваліся не выбіраць нікога вялікім князем без згоды Ягайлы, а польскія — не выбіраць новага караля без узгаднення з вялікім князем літоўскім. Вынікамі яе сталі – набыццё літоўскай знаццю, па падабенству з польскай, права распараджэння атрыманай у спадчыну зямлёй. Асобныя літоўскія феадалы былі набліжаны да знатных польскіх родаў атрымалі дазвол на карыстанне іх гербамі.
Па падабенству з адміністрацыйна-тэрытарыяльным уладкаваннем Польшчы, у ВКЛ утвараліся ваяводствы. У выніку большасць зямель уключаліся ў склад Віленскага і Трокскага ваяводстваў. Менавіта на знаць гэтых тэрыторый і распаўсюджваліся прынятыя прывілеі, прычым, на асоб каталіцкага веравызнання. На праваслаўную знаць астатніх зямель на ўсходзе краіны (Падзвінне, частка Падняпроўя), якая наогул не брала ўдзелу ў гарадзельскім з’ездзе, прынятыя пастановы не распаўсюджваліся. Праўда, гэтыя землі захоўвалі пэўную аўтаномію, а за мясцовай знаццю захоўваліся ранейшыя палітычныя і эканамічныя правы. Тым не менш, праваслаўнае насельніцтва Віленскага, Трокскага ваяводстваў і Усходняй Русі, апынулася адхіленым ад удзелу ў кіраванні ўсёй дзяржавай. Аб’ектыўна каталіцкая частка эліты ВКЛ рабілася апорай уніі і спрыяла ажыццяўленню не толькі сваіх, але і польскіх інтарэсаў ва ўласнай дзяржаве.
Тым не менш узнікшая напружанасць у вышэйшым саслоўі не выклікала прыкметнай заклапочанасці Вітаўта. Як манарха яго больш цікавілі знешнепалітычныя праблемы і, найперш, “збіранне рускіх зямель”. Наколькі паспяхова гэты працэс адбываўся, сведчыць, у прыватнасці, пачатак выкарыстання Вітаўтам тытулу “Вялікі князь” і назвы княства як “Вялікага”.
Не варта, аднак, лічыць, што ўсебаковы ўздым ВКЛ быў абумоўлены саюзніцкімі стасункамі з Польшчай, бо Вітаўт, дасягнуўшы піку сваёй магутнасці, нават паспрабаваў адмежавацца ад азначаных уній і, насуперак кракаўскаму двару, абвясціць роўнае з Каронай і іншымі еўрапейскімі манархіямі каралеўства Літвы і Русі. Каранацыя, назначаная на жнівень 1430 г., некалькі разоў пераносілася, але так і не адбылася з-за смерці Вітаўта.
Ужо напрыканцы яго княжання выявілася палітычная і эканамічная перавага ў грамадстве яе літоўскай меншасці каталіцкага веравызнання і ўзрастанне каталіцызму наогул. Адсутнасць у праваслаўнай знаці прывілеяў, набытых суайчыннікамі-каталікамі, уносіла раскол у грамадства, узмацняла сацыяльна-палітычную напружанасць, спрыяла пашырэнню сепаратысцкіх настрояў.
Стаўленне розных пластоў грамадства да наступстваў уній ВКЛ і Кароны выразна выявілася неўзабаве пасля смерці Вітаўта, калі разгарнулася барацьба за ўладу паміж праціўнікамі (Свідрыгайла) і прыхільнікамі (Жыгімонт) польскай арыентацыі. У гэтай барацьбе, якая набыла прыкметы грамадзянскай вайны, акрамя іншага, выявіліся імкненне праваслаўнай шляхты да ўраўнання ў правах са шляхтай каталіцкага веравызнання, а з гэтай нагоды небяспека канчатковага расколу дзяржавы на Літву і Русь. З гэтай нагоды 6 мая 1434 г. Жыгiмонт выдаў прывiлей, у якiм правы, нададзеныя каталiцкай знаці, пашыралiся на ўсё вышэйшае саслоўе, незалежна ад веравызнання. Цяпер i беларуска-украiнскае баярства атрымала гарантыi недатыкальнасцi сваiх зямельных уладанняў, а таксама права на набыццё рыцарскiх гербаў ад лiтоўскiх родаў, пабратаных з польскай шляхтай. Хоць падмурак для прымірэння абодвух бакоў быў знойдзены, але Жыгімонт да канца вайны не дажыў і ў 1439 г. у выніку змовы быў забіты.
Свае прэтэнзіі на вялікакняскі трон выказалі: сын Жыгімонта, Свідрыгайла і польскі кароль Уладзіслаў Ягелончык, але паны-рада прыняла іншае рашэнне. Абранне ёю новым кіраўніком дзяржавы 13-гадовага Казіміра Ягелончыка (1440-1492) здавалася кампрамісным варыянтам для былых праціўнікаў, але аб’ектыўна гэта адпавядала інтарэсам каталіцкай шляхты.
Некаторы час абедзве дзяржавы – Польшча і ВКЛ кіраваліся сынамі Ягайлы. Але пасля таго як у 1444 г. Уладзіслаў загінуў, польская знаць прапанавала яго карону Казіміру. У выніку з 1447 г. вялікі князь літоўскі Казімір адначасова з’яўляўся i каралём польскiм. Палітычнай стабілізацыі паспрыяў прывiлей, выдадзены Казiмiрам у 1447 г., паводле якога князi, паны i баяры ўсяго ВКЛ, незалежна ад веравызнання, набывалі асабiстую недатыкальнасць, мелі права самастойна судзіць сялян і не выконвалі павiннасцей на карысць дзяржавы. Праваслаўная царква ў ВКЛ у 1458 г. канчаткова аддзялілася ад маскоўскай мiтраполii i падпарадкоўвалася канстанцiнопальскаму партыярху.
Зрабiўшыся польскiм каралём, Казiмiр Ягайлавiч жыў у Кракаве i займаўся пераважна польскiмi справамi. Невыпадкова, што ў яго прасiлi дазволу на абранне новага князя. Але ў 1478 на сойме ў Берасцi ён заявiў, што “пры сваiм жыццi нiкому не даручыць кiравання Лiтвою”. Фактычна з гэтага часу ўсталёўваўся парадак, калі вялікі князь запрашаўся з дынастыі Ягайлавічаў. Такім чынам былi абраны Аляксандр Казiмiравiч (1492-1506), Жыгiмонт I Cтары (1506-1548) i яго сын Жыгiмонт II Аўгуст (1544-1572).
Адносіны паміж ВКЛ і Каронай характарызаваліся ўсебаковым палітычным, эканамічным і культурным супрацоўніцтвам. Пад час узмацнення Масквы пры Іване ІІІ у кіруючых колах ўзніклі настроі аб аднаўленні уніі, што знайшло ўвасабленне ў абранні Аляксандра Казіміравіча каралём Польшчы (1501 г.). Новым князем ВКЛ (а пазней і каралём Польшчы) быў абраны брат Аляксандра Жыгiмонт.
З моманту ўтварэння ВКЛ яго кіраўніцтва ўсведамляла, што нямецкая экспансія на землі прусаў, куршаў, ліваў, эстаў і інш. плямёнаў пад выглядам іх хрысціянізацыі несла ў сабе пагрозу адкрытага заваявання паўночназаходніх зямель дзяржавы. Вядома, што актыўную барацьбу супраць крыжакоў вялi Трайдзень, Вiцень, Гедымiн, Вiтаўт. Вядома таксама i тое, што князi (Мiндоўг, Ягайла) або прэтэндэнты на вялiкакняскi трон (Скiргайла, Вiтаўт) у час мiжусобнай барацьбы звярталiся за дапамогай да крыжакоў i карысталiся iх узброенай падтрымкай. Але гэта было хутчэй выключэннем, чым правiлам, бо Тэўтонскі або Лiвонскі ордэн аказвалi гэтую дапамогу, iмкнучыся скарыстаць любую магчымасць для свайго замацавання на славяна-балцкiх землях. Дарэчы, узбярэжжа Балтыкі поўнасцю было захоплена немцамі, а яго насельніцтва (прусы, куршы) вынішчана або выцеснена на іншыя землі. Такая ж пагроза навiсла над аукштайтамi, жэмайтамi (жамойтамi) i славянамi.
Асабліва напружаныя адносіны ВКЛ з крыжакамі ўзніклі пасля смерці Гедыміна. Кейстут, які з Трокаў кіраваў заходнімі землямі дзяржавы, мусіў абараняць іх ад націску Тэўтонскага ордэна. Барацьба з крыжакамі адбывалася з пераменным поспехам. Так, зімою ў бітве каля ракі Стрэва крыжакі разграмілі вялікакняскае войска, а ў 1363 г. яны захапілі Горадню і Камянец. Са свайго боку Кейстут з 1345 па 1382 г. здзейсніў каля 30 паходаў у Прусію і 10 – у Лівонію.
У час абвастрэння дынастычнай барацьбы за вялікакняскі трон Ягайла, а затым і Вітаўт нярэдка звярталіся за крыжацкай дапамогай, але пры гэтым не ішлі ні на якія тэрытарыяльныя ўступкі немцам. Часцей за ўсё, у мэтах абароны зямель літоўскія і ўсходнеславянскія князі забываліся на часовыя крыўды і перад пагрозай крыжацкай навалы аб’ядноўвалі сумесныя намаганні. Віленска-Радамская унія, акрамя іншага, паспрыяла кансалідацыі Польшчы і ВКЛ у барацьбе з немцамі. Акрамя таго, Вiтаўту ўдалося палепшыць адносiны з Масквой, Ноўгарадам i Псковам і тым забяспечыць надзейныя тылы перад паходам у Прусію.
15 ліпеня 1410 г. каля Грунвальда супраць войска вялікага магістра Тэўтонскага ордэна Ульрыха фон Юнгінгена Вітаўт выставіў каля 40 харугваў, у тым ліку 28 з Берасця, Ваўкавыска, Віцебска, Гародні, Пінска, Полацка, Новагародка, Смаленска, а таксама татарскую конніцу. Ягайла выставіў 51 харугву і чэшскі атрад. Бітва скончылася поўным разгромам крыжакоў. Паводле Тарунскага міру, усе захопленыя імі гарады вярталiся ўладальнiкам, а Жамойць пераходзiла ў пажыццёвае ўладанне Вiтаўта. Усведамляючы неабходнасць умацавання далейшых сувязяў, у тым ліку – у мэтах барацьбы з Ордэ-нам, прадстаўнікі Польшчы і ВКЛ на сваім з’ездзе ў Горадлі ў кастрычнiку 1413 г. падпiсалі акт чарговай унii. Разгром Тэўтонскага ордэна абумовiў паступовы заняпад крыжакоў. Праз стагоддзе іх дзяржава Лівонія ўяўляла сабой аб’ект заваёўных планаў суседзяў.
Такім чынам, жыхарам ВКЛ за двесце гадоў сутыкненняў з нямецкімі крыжакамі ўдалося адстаяць тэрытарыяльную цэласнасць сваёй дзяржавы, асабістую свабоду, набыць вопыт ваеннага мастацтва для далейшай барацьбы за сваю незалежнасць.
Асноўнай павіннасцю шляхты была вайсковая. У час вайны кожны шляхціч быў абавязаны з’явіцца ў войска. Акрамя таго, паводле старадаўняга звычая на абарону радзімы і праследаванне ворагаў, якое “па-народнаму завецца пагоняй, павінны выпраўляцца не толькі рыцары, а і кожны мужчына, якога б ён ні быў паходжання ці стану, толькі б ён быў здольны насіць зброю”. Так, па пастанове сойма 1502 г. ўсе князі, паны, зямяне павінны былі выстаўляць з кожных дзесяці сялянскіх двароў аднаго ўзброенага ратніка, на кані і з кап’ём.
У час, калі немцы ўмацоўваліся на Балтыйскім узбярэжжы, з мангольскіх стэпаў на Еўропу рухалася арда Чынгісідаў. У 1236 г. манголы разграмілі Балгарскую дзяржаву на Волзе, а з 1237 – пачалі заваяванне Русі. 50-тысячная арда на чале з ханам Батыем спустошыла Разанскае, Уладзімірскае і Чарнігаўскае княствы, спалілі не менш за 15 гарадоў і вывелі ў палон тысячы жыхароў Усходняй Русі. У канцы 1240 г. заваёўнікі захапілі Кіеў і напалі на Галіцка-Валынскае княства. Пазней яны рушылі на Польшчу, Венгрыю, Чэхію і далей да ўзбярэжжа Адрыятыкі. Вяртаючыся з пераможнага еўрапейскага паходу, у канцы 1241-пач. 1242 г. яны прайшлі далёка на поўдзень ад тэрыторыі сучаснай Беларусі. Такім чынам, асноўная яе тэрыторыя Беларусі засталася практычна некранутай. ВКЛ таксама не мела такiх разбурэнняў, як, да прыкладу, шматлiкiя рускiя княствы. Можна дапусцiць, што яно нават узмацнiлася, паколькi некаторыя з рускiх княстваў дабрахвотна пераходзiлi ў яго склад, каб пазбавiцца мангола-татарскага прыгнёту. А ўзмацнiўшыся, войскi ВКЛ маглi нават прыпынiць заваёўнiкаў, як адбылося ў 1362 г. на Сiнiх Водах.
У далейшым князi ВКЛ iмкнулiся ўсталяваць з мангола-татарамi саюзныя адносiны, скiраваныя, у першую чаргу, супраць Маскоўскага княства як палiтычнага канкурэнта на мiжнароднай арэне. Вітаўт выдаў групе татараў прывілей на пасяленне ў межах дзяржавы. Плённыя адносiны Вiтаўта з татарамi яскрава праявiлiся i ў час Грунвальдскай бiтвы. У 1420-х г. у арбіце яго ўплываў знаходзіліся Крымская і Заволжская арда
Пасля смерцi Вiтаўта яго саюзнiцкую з татарамi палiтыку працягваў Казiмiр Ягелончык. Але аказаць Ардзе iстотную дапамогу ў яе барацьбе супраць маскоўскага цара Iвана III ён не здолеў. Вядома, напрыклад, што мангола-татары, не дачакаўшыся гэтай дапамогi восенню 1480 г. на р. Угра, адступалi па тэрыторыi ВКЛ i ўсё знiшчалi на сваiм шляху.
Другая палова ХV ст. характарызуецца пагаршэннем адносiн памiж ВКЛ i Крымскiм ханствам, якое было часткай Залатой Арды. Саюзнiк Масквы хан Менглi-Гiрэй здзяйсняў частыя набегi на паўднёвыя землi ВКЛ. У перыяд з 1500 па 1569 гг. беларускiя землi падверглiся 45 татарскiм набегам. У 1505 г. заваёўнікі захапілі Менск i Новагародак і паланілі каля 100 тыс. жыхароў. У наступным, 1506 г. гетман ВКЛ Міхаіл Глiнскi ў баi пад Клецкам нагалаву разбiў татарскае войска i вызвалiў палонных. У далейшым асноўнай сiлай, якая стрымлiвала паходы татар на ВКЛ, стала казацкае войска Запарожскай Сечы.
На першым этапе мангола-татарскай навалы ў ХIII-першай палове ХIV cтст. многiя рускiя землi дабрахвотна або без значнага ваеннага супрацiўлення ўвайшлi ў склад ВКЛ, каб абаранiць сябе ад прыгнёту заваёўнiкаў. У ХІУ ст. другім пасля Вільні цэнтрам па “збіранні” ўсходнеславянскіх зямель стала Масква. Карыстаючыся падтрымкай залатаардынскіх ханаў, князь Іван Каліта (1325-1340) далучыў некалькі суседніх княстваў. Каб не даць Маскве ўзмацніцца, ВКЛ аказвала дапамогу яе праціўнікам, і асабліва Цвярскому княству, вядома ж, спадзеючыся на ўласнае дамінаванне ва ўсходнеславянскіх землях. Гедымін і яго нашчадкі шукалі саюзу з Ноўгарадам, Псковам, Смаленскам, а Альгерд ажаніўся з цвярской князёўнай і тым на пэўны час узяў пад абарону ўсё княства, здзейсніўшы тры паходы на Маскву.
Ваенна-палітычныя прэтэнзіі князёў ВКЛ на гегемонію ва ўсходнеславянскім свеце былі падмацаваны ідэалагічнымі захадамі. Так, па просьбе Альгерда канстанцінопальскі патрыярх даў дазвол на заснаванне (аднаўленне) Літоўскай праваслаўнай мітраполіі, якой падпарадкаваліся Полацкая і Тураўская епархіі, а таксама Галіцка-Валынская зямля. Але ў той самы час дзейнічала і Маскоўская праваслаўная мітраполія з цэнтрамі ў Кіеве і Уладзіміры, што пэўным чынам захоўвала палітычную напружанасць паміж дзяржавамі.
Такім чынам, Масква як супернік Вільні значна саступала ёй па тэмпах росту сваёй дзяржавы, але пад канец княжання Альгерда ёй удалося падпарадкаваць Цвер і прыпыніць актыўнасць ВКЛ.
Узмацненне Масквы не выйшла з поля зроку новага князя ВКЛ Ягайлы, які абяцаў дапамогу хану Мамаю ў яго барацьбе супраць Дзмітрыя Іванавіча пад час Кулікоўскай бітвы ў верасні 1380 г. Характэрна, што на баку маскоўскага апалчэння ваявалі Ягайлавы браты – Андрэй Полацкі і Дзмітрый Бранскі.
Выкарыстоўваючы замацаваны дынастычным шлюбам саюз з Масквою (яго дачка была замужам за вялікім князем Васілём), Вітаўт працягваў пашыраць свой уплыў на ўсходнія славянскія землі. Неўзабаве яму ўдалося падпарадкаваць Вязьму (1403) і Смаленск (1404), а з 1427 года ён нават усталяваў пратэктарат над Вялікім княствам Маскоўскім, дзе княжыў яго малалетні ўнук пад рэгенцтвам дачкі – Соф’і Вітаўтаўны.
Каб зменшыць уплыў Масквы на праваслаўных вернікаў княства пры ўдзеле Вітаўта ў 1416 г. была створана асобная праваслаўная мiтраполiя, якая праз 42 гады аддзялілася ад маскоўскай і падпарадкавалася канстанцiнопальскаму патрыярху.
Нягледзячы на моцную цэнтралізатарскую палітыку, якую здзейсніў Вітаўт пад час свайго княжання, у краіне існавала істотная баярская плынь, незадаволеная прапольскай арыентацыяй двара, распаўсюджаннем каталіцызму і нераўнапраўным становішчам праваслаўнай знаці. З другога боку, узрастанне магутнасці Масквы, якой у 1480 г. удалося канчаткова вызваліцца з-пад улады Залатой Арды, рабілася ўсё больш прывабным для гэтай часткі вышэйшага саслоўя ВКЛ. Невыпадкова, што ў 1481 г. тут адбылася няўдалая спроба дзяржаўнага перавароту. Яго ўдзельнікі – князі Гальшанскi i Алелькавiч былi пакараны смерцю ў Вiльнi. Князі Бельскi з Глiнскiм уцяклi ў Маскву і паступілі на службу да Iвана III. Гэты манарх называў сябе ўладаром Вялікай і Белай Русі і праводзіў наступальную палітыку на ВКЛ з мэтай вяртання рускіх зямель.
Князь ВКЛ Аляксандр Казiмiравiч (1492-1506) не здолеў аказаць дзейснага ваеннага адпору Маскве i iмкнуўся ўладзiць вайну мiрнымi сродкамi. У прыватнасцi, ён адмовiўся ад падтрымкi варагаваўшых з Масквой Ноўгарада, Пскова, Цвяры, Разанi. Мiрнае пагадненне мусiла замацавацца дынастычным шлюбам: Аляксандр Казiмiравiч ажанiўся з дачкой Iвана III Аленай. Але ў 1500 г. баявыя дзеяннi аднавiлiся iзноў i амаль бесперапынна працягвалiся да 1537 года. Толькі за час баявых дзеянняў з 1501 па 1503 г. ВКЛ страцiла чвэрць сваiх тэрыторый, у тым лiку населеных беларусамi.
Новы цар Маскоўскі і ўсёй Русі Васіль ІІІ пасля смерці Аляксандра Казіміравіча (1506) спрабаваў дыпламатычнымі шляхамі, праз сваю сястру Алену (удаву князя ВКЛ) падпарадкаваць усю дзяржаву Маскве. Абранне паны-радаю новага князя – брата Аляксандра, Жыгiмонта Казiмiравiча (1506-1544) падштурхнула Маскву да новых ваенных паходаў супраць ВКЛ. Нягледзячы на здабытую гетманам Канстанцінам Астрожскім перамогу пад Оршай у верасні 1514 г., дзяржава страціла Смаленск і многія ўсходнія землі. Перамiр’е, за-ключанае ў 1537 г., працягвалася да Лiвонскай вайны 1558-1583 г.
У цэлым, на пачатку ХVI ст. мiжнароднае становiшча ВКЛ значна пагоршылася, што сведчыла аб сур’ёзных негатыўных з’явах унутры дзяржавы. З узвышэннем Масквы ўзмацнiлiся спробы сабраць вакол сябе рускiя землi, у тым лiку тыя, што ўжо знаходзiлiся ў складзе ВКЛ. Асноўным рэгiёнам узброеных сутыкненняў абедзвюх дзяржаў з’яўлялiся тэрыторыi, якiя знаходзiлiся памiж iмi, у першую чаргу Cмаленшчына, Браншчына i iнш. Процістаянне абодвух бакоў узмацнялася наяўнасцю ў іх асобных праваслаўных рэлігійных цэнтраў і актывізацыяй каталіцкай царквы.
6. У ХІІІ-пач. ХІV ст. ВКЛ складвалася як спадчынная феадальная манархiя. Уладаром дзяржавы быў вялiкi князь, або, як ён называўся ў актах ХV ст. – гаспадар. Яго ўлада нiчым i нiкiм не абмяжоўвалася. Цвёрдага парадку перадачы трона пасля смерці манарха не існавала, і гэтая акалічнасць часам выклікала барацьбу паміж сваякамі.
У вынiку Крэўскай унii ў ВКЛ замацаваўся прынцып выбарнасцi вялікага князя, што мусіла ўзняць яго аўтарытэт. На вялiкiм князi замыкалiся ўсе функцыi кiравання дзяржавай. Па меры яе развiцця спатрэбiлася ўтварэнне спецыяльных пасад. Пры Вiтаўце з’явiлiся гаспадарскi i земскi маршалак, пiсар, кухмiстр, канцлер, падчашы, падскарбi. У ХV ст. былi створаны пасады гетмана найвышэйшага, харужага, мечнiка, падстолiя, скарбнага i iнш. Той, хто атрымлiваў пасаду, як правiла, валодаў ёй пажыццёва. Многiя функцыi маглi спалучацца ў руках адной асобы. Але да самай Люблiнскай унii гэтыя пасады не былi самастойнымi iнстытутамi, а пералiчаныя ўраднiкi толькi выконвалi даручэннi вялiкага князя i яго рады.
У землях-абласцях пасля лiквiдацыi ўдзельнай сiстэмы цэнтральную ўладу ўвасаблялi спачатку намеснiкi, а потым – ваяводы i старасты. У iх кампетэнцыi знаходзілася вырашэнне судова-адмiнiстрацыйных i ваенных пытанняў, нагляд за гаспадаркай вобласцi. Iм падпарадкоўвалicя кiраўнiкi нiжэйшых тэрытарыяльных акруг – дзяржаў i паветаў. Ваяводы, дзяржаўцы і iншыя прадстаўнiкi гаспадарскай адмiнiстрацыi не мелi грашовага забеспячэння i знаходзіліся на “кармленнi”, г. зн. утрымлiвалiся за кошт дзяржання.
На ўсе больш ці менш важныя і даходныя дзяржаўныя пасады маглі прызначацца толькі феадалы-шляхцічы хрысціянскае веры і ўраджэнцы ВКЛ. Дзяржаўная пасада разглядалася як сродак атрымання даходаў, таму буйныя феадалы займалі адразу некалькі пасад. Напрыклад, Ян Радзівіл у 1535 г. адначасова быў каштэлянам віленскім, гетманам найвышэйшым, старастам гарадзенскім, маршалкам дворным, дзяржаўцам лідскім і беліцкім. Менавіта такія людзі ўваходзілі ў кола бліжэйшага атачэння вялікага князя і ўплывалі не яго дзейнасць.
Першым iнструментам па абмежаваннi ўлады вялiкага князя стала княская рада. Яшчэ Мiндоўг i Гедымiн абмяркоўвалi важнейшыя пытаннi ў коле асоб вышэйшай знаці. Вiтаўт жа, які імкнуўся падавіць мясцовы сепаратызм, акружыў сябе cлужылымi людзьмi- баярамi, і толькі тымі ўдзель-нымі князямі, якія прызнавалі яго вяршэнства.
Гарадзельская унiя надавала баярству шырокiя палiтычныя правы i нават ставiла вялiкага князя ў залежнасць ад сябе. У адпаведнасці з прывiлеям Казiмiра ад 1447 г., радзе надавалася права выбiраць пасля смерці манарха новага гаспадара. Вядомы Судзебнiк 1468 г. быў складзены “с князьмi i с паны-радою нашою ВКЛ”. З выпадку частых ад’ездаў Казiмiра, рада пачала выконваць функцыi вярхоўнай улады.
Поўнае юрыдычнае замацаванне ролi гаспадарскай рады як дзяржаўнага органа зафiксавалi прывiлеi Аляксандра Казiмiравiча ад 1492 i Жыгiмонта Старога ад 1506 гг. Князi, паны i зямяне ўсiх зямель разам з гаспадарскаю радаю, абiраючы манархам Аляксандра, дамаглiся ад яго не толькi пацвярджэння сваiх ранейшых правоў i вольнасцяў, але i абмежавання вялiкакняскай улады: гаспадар абавязваўся надалей кiраваць дзяржавай толькi супольна з радаю, не мяняючы без яе згоды нiчога ва ўнутраных справах, не раздаючы без яе ведама дзяржанняў, не размяркоўваючы сродкаў i г. д.
У актавых дакументах вышэйшы орган звычайна называўся “паны рада”, “панове рада обоего стану духовные и светские”, цi проста “паны”. З канца ХV да сяр. ХVI ст. канчаткова зацвердзiўся яе склад: усе ваяводы i старасты, валынскi маршалак, канцлер i падканцлер, гетман, маршалак земскi i дворны, падскарбi. З духоўных асоб у лік паны-рады ўваходзілі толькі 4 каталіцкія біскупы.
З агульнага складу гэтага органа вылучылася так званая “пярэдняя” або “старшая” рада, якая праводзiла закрытыя пасяджэннi i абмяркоўвала найбольш важныя пытаннi. У яе ўваходзiла 5 асоб, якiя сядзелi на першай лавiцы: бiскуп, ваявода i кашталян вiленскiя, а таксама ваявода i кашталян трокскiя. Рэальна ў радзе пастаянна засядалi прадстаўнiкi найвышэйшай элiты – князi i паны, якiя звычайна займалi не адзiн, а некалькi пасад (урадаў).
На пачатку ХVI ст. ясна вызначылiся i паўнамоцтвы рады. Яна ведала дыпламатычнымi дачыненнямi дзяржавы, абаронай i фiнансавымi пытаннямi, а таксама займалася справамi шляхецтва, кантралявала раздачу земляў і выконвала шэраг судовых функцый. Толькi з ведама паноў-радных займалiся дзяржаўныя пасады. Абмежаванне дзейнасці вялікага князя заключалася і ў тым, што ніводзін дакумент не мог уступіць у сілу без дзяржаўнай пячаткі, якая захоўвалася ў канцлера, і без яго подпісу.Iм жа належала i права выбару вялiкага князя, якi запрашаўся з дынастыi Ягайлавiчаў. Так былi абраны Аляксандр Казiмiравiч, Жыгiмонт I Cтары i яго сын Жыгiмонт II Аўгуст (1544-1572).
Палiтычная вага паноў-рады пачала змяншацца ў сярэдзіне ХVI ст., калi ўтварыўся новы, таксама надзелены вярхоўнай уладай дзяржаўны орган – сойм. Iнстытут сойму як саслоўнага прадстаўнiцтва быў тыповай з’явай дзяржаўнага жыцця тагачаснай Eўропы. У Англii з 1265 г. icнаваў парламент, у Iспанii з канца ХIII ст. – картэсы, у Францыi з 1302 г. – Генеральныя штаты, у Швецыi з 1435 г. – рыгсдаг, у тым жа ХV ст. з’явiлiся райхстаг у Германіі, снэм у Чэхii, сейм у Польшчы i iнш. Польскi прадстаўнiчы орган паўстаў на аснове шляхецкiх з’ездаў i сваiм прыкладам мог уплываць на фармiраванне адпаведнага iнстытута ў ВКЛ, якi таксама ўтварыўся ў вынiку эвалюцыi тэрытарыяльных з’ездаў.
У кожнай зямлi княства існаваў свой мясцовы сход (соймік). Удзел у iм спачатку бралi прадстаўнiкi самых розных сацыяльных груп - баяраў, шляхты i мяшчан. У яго кампетэнцыi было вырашэнне ўсiх важных пытанняў земскага жыцця - ад выпрацоўкi лакальных прававых норм да пабудовы новых умацаванняў i вызначэння “помачы” вялiкаму князю. Аднак з органа шырокага прадстаўнiцтва ён паступова трансфармаваўся ў алiгархiчны iнстытут.
Пад канец ХV ст. на аснове абласных соймiкаў паўстаў агульны сойм усiх зямель ВКЛ. Манарх мусiў склiкаць на агульны з’езд ужо не толькi вышэй-шую элiту – раду, але i прадстаўнiкоў баярства-шляхты. Вальным соймам быў толькi той, на якi, апрача гаспадарскай рады, з’язджалiся князi, паны i баяры з усiх зямель дзяржавы. На вальным сойме прысутнiчалi не толькi паны, якiя займалi дзяржаўныя пасады, але i неўрадавая шляхта зямель i паветаў – усе, хто валодаў зямлёй па рыцарскiм праве.
Падобныя форумы сталi звычайнымi тады, калi для вырашэння дзяржаўных пытанняў першаступеннай важнасцi цэнтральнай уладзе было важна атрымаць згоду зямель-абласцей. Ужо Казiмiр Ягайлавiч меў за правiла склiкаць на з’езд, апрача паноў-рады, шырокае кола князёў i баярства з розных зямель сваёй дзяржавы. Так зрабiлi паны-рада ў 1492 г., калi спатрэбiлася абраць новага манарха без узгаднення з Польшчай. Упершыню ў Вiльнi разам з радай новага гаспадара абiралi князi, паны i зямяне з тэрыторыi цэлай дзяржавы, незалежна ад веравызнання. Вiленскi з’езд 1492 г. i можна лiчыць першым сапраўдным вальным соймам. Пастаянна ж соймы пачалi склiкацца ў часы княжання Жыгiмонта I Старога (1506-1544 гг.).
З пачаткам вальных соймаў палiтычнае адзiнства дзяржавы забяспечвалася не толькi прызнаннем аднаго манарха, але i ўдзелам прадстаўнiкоў розных тэрытарыяльных частак у цэнтральным органе ўлады. Праўда, да поўнага вызначэння яго функцый i складу дайшло толькi ў другой палове ХVI ст. Спачатку кампетэнцыi сойма былi абмежаваны праблемамi ўнутранага жыцця. У гады Жыгiмонта Старога асноўнай задачай соймаў была арганiзацыя абароны.
З 1512 г. была ўведзена норма прадстаўнiцтва ўпаўнаважаных паслоў – па 2 шляхцiцы ад зямлi цi павета. Князi, паны i ўраднiкi запрашалiся паiменна. Так паўстаў новы палiтычны iнстытут – вальны сойм, якi замкнуў сiстэму органаў вярхоўнай улады ў дзяржаве.
Лекцыя 4. Фарміраванне беларускага этнасу і яго культуры ў перыяд сярэднявечча
Пытанні
Усходнеславянскі этнічны падмурак ВКЛ.
Фарміраванне этнічнай тэрыторыі беларусаў у ХІУ-ХУ стст.
Эканамічныя і палітычныя фактары кансалідацыі беларускага
этнасу (народнасці).
Асноўныя канцэпцыі паходжання беларускага народа,
яго саманазвы.
Духоўнае жыццё балтаў і ўсходніх славян
у эпоху ранняга сярэднявечча.
5. Прыняцце хрысціянства і распаўсюджванне пісьменнасці.
6. Развіццё духоўнай культуры беларускіх зямель у ВКЛ
і яго асаблівасці. Ідэі еўрапейскага Рэнесансу і выбітныя
дзеячы беларускага Адраджэння.
Месца і роля беларускай культуры ў духоўным жыцці ўсходніх
славян і ў агульнаеўрапейскім культурна-цывілізацыйным
працэсе
1. З моманту ўтварэння ВКЛ яго усходнеславянскі этнічны падмурак заставаўся вызначальным. Далучэнне новых усходнеславянскiх зямель у другой палове ХІУ пачатку ХV cтст. iстотна павялiчыла вагу “рускага” (усходнеславянскага) элемента ў дзяржаве. У гады княжання Альгерда і Вітаўта завяршылася ўваходжанне ў дзяржаву беларускіх этнічных тэрыторый і большая частка колішняй славяна-рускай дзяржавы разам з яе сталіцай – горадам Кіевам. У ліку шляхоў пашырэння дзяржавы былі мірныя і ваенныя, дабрахвотныя і гвалтоўныя. Не апошнюю ролю адыгрывалі дынастычныя шлюбы. Усё гэта і іншае абумоўлівала розны статус кожнай з уключаных зямель, але, як правіла, кожная з іх, саступіўшы частку упраўленчых функцый цэнтральнай уладзе, захоўвала ранейшы жыццёвы уклад.
Аб’яднанне колішніх, падуладных крыжакам і мангола-татарам тэрыторый, у складзе адзінай дзяржавы дазволіла ўратавацца іх народам ад асіміляцыі або поўнага фізічнага вынішчэння, як гэта адбылося з прусамі, куршамі і іншымі плямёнамі. Устараненне пагрозы крыжацкага і мангола-татарскага заваявання спрыяла імкліваму развіццю сельскай гаспадаркі, рамяства і гандлю, росту гарадоў і мястэчак; фарміраванню ўласцівага развітому феадалізму сацыяльнай структуры; уздыму матэрыяльнай і духоўнай культуры жыхароў ВКЛ.
Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае аб’яднала ў сабе народы сучаснай Беларусі, Прыбалтыкі, Украіны і Расіі. Перавага ўсходнеславянскіх (9/10) зямель і іх насельніцтва (8/10) абумовіла магчымасць пашырэння на балтаў уплыву больш перадавой на той час матэрыяльнай і духоўнай культуры. Лiтоўскiя феадалы ўспрынялi беларускую культуру i выкарыстоўвалі беларускую мову ў паўсядзённым ужытку. Менавiта пры іх “руская” мова набыла ролю афiцыйнай, дзяржаўнай, у тым ліку пры двары. Значныя зрухі ў сацыяльна-эканамічным, палітычным і культурным жыцці паспрыялі далейшаму этнагенезу беларусаў
2. У этнічнай гісторыі Беларусі перыяд утварэння і развіцця ВКЛ цесна звязаны з фарміраваннем беларускай народнасці з уласцiвай ёй моўнай, тэрытарыяльнай, эканамiчнай, сацыяльнай i культурнай асаблівасцямi. У ліку вызначальных фактараў гэтага працэсу - палітычны, які абумовіў кансалідацыю беларускага этнасу ў складзе новага дзяржаўнага ўтварэння – ВКЛ. Негвалтоўнае, дагаворна-дабрахвотнае аб’яднанне ў яго складзе звыш дваццаці ўсходнеславянскіх княстваў прычынілася да складвання адной этнічнай тэрыторыі і абумовіла іх актыўнае далейшае ўзаемадзеянне ў агульных інтарэсах. У межах ВКЛ адбылося ўсталяванне моцнай цэнтралізаванай улады вялікага князя з апаратам кіравання, адзіным заканадаўствам і дзяржаўнай мовай, што паклала канец сепаратызму ўдзельнай знаці. Разам з тым усходнім землям Падзвіння і Падняпроўся пакідалася істотная аўтаномія, якая, аднак, не выходзіла з-пад кантролю вярхоўнай улады
Важнейшым фактарам, якія паспрыяў фарміраванню беларускай народнасці, быў эканамічны. Менавіта ён абумовіў кансалідацыю ўсходнеславянскіх зямель пад час утварэння ВКЛ і ў далейшым такжа станоўча ўздзейнічаў на ўзнiкненне беларускай народнасцi ў ХIV-ХVI стст., калі феадальны спосаб вытворчасці дасягнуў свайго росквіту. Змены ў сельскай гаспадарцы (выкарыстанне новай тэхнікі і тэхналогіі земляробства, валочная памера, удасканаленне сістэмы павіннасцяў сялянства, развіццё фальваркаў) станоўча адбіліся на ўраджайнасці і таварнасці збожжа, забеспячэнні гарадоў і мястэчак прадуктамі і сыравінай.
Прагрэс у сельскай гаспадарцы абумовіў уздым гарадскога рамяства (павелічэнне попыту на рамесныя вырабы, выкарыстанне новых прылад працы і матэрыялаў, з’яўленне новых спецыялізацый, выпуск новых тавараў, аргані-зацыя цэхаў), і, адпаведна далейшае развіццё гарадоў як цэнтраў гандлю і беларускай культуры. Натуральным працягам гэтых працэсаў стала ўзнікненне паселішчаў гарадскога тыпу, якія яшчэ больш умацоўвалі сувязь паміж горадам і вёскай як у эканамічным, так і культурным плане.
Фарміраванне беларускай народнасці адбывалася ў працэсе развiцця феадальных адносiн, калі пачалі складвацца саслоўныя групы насельнiцтва са строга азначаным колам правоў і абавязкаў для кожнай з іх. Вызначальную ролю ў дзяржаве адыгрывалі свецкія і духоўныя феадалы.
У ВКЛ з 13 ст. асноўная маса феадалаў называлася баярамі, якія з’яўляліся нашчадкамі Полацкага і Тураўскага княстваў. У ХІУ ст. да іх далучыліся літоўскія, а ў ХУ жамойцкія нобілі і дружыннікі. З 1413 г. У дзяржаўных актах часцей стаў выкарыстоўвацца тэрмін “баяры-шляхта”, а з другой чвэрці ХУІ ст. Для абазначэння феадальнага саслоўя гэты тэрмін стаў выкарыстоўвацца пастаянна. У ХІУ–ХУ стст. сталі вылучацца князі, княжаты і знатныя баяры (паны).
На ніжэйшай прыступцы знаходзілася дробная шляхта (з невялікімі ўчасткамі зямлі з некалькімі сялянамі або без сялян), сяляне-слугі.
Шляхта фарміравалася як вайсковае саслоўе. Першы этап завяр-шыўся ў другой чвэрці ХУ ст. вылучэннем са шляхты самастойнай катэгорыі ваенных слуг. Адасабленне ад шляхты ваенных слуг (Статут 1529 г.) яшчэ канчаткова не закрыла доступу прадстаўнікам іншых саслоўяў. Але ўжо да сярэдзіны ХУІ ст. у рэдкіх выпадках за вялікія заслугі праз набілітацыю ваеннаслужылых людзей, у тым ліку сялян і гараджан (напачатку вялікім князем або гетманам на полі бою з наступным зацвярджэннем на сойме). З другой паловы ХУІ ст. шляхецтва надавалася толькі соймам.
Паводле попісу войска ВКЛ 1528 г. сярэднія і дробныя феадалы беларускага паходжання складалі 80% усіх феадалаў, 19% – літоўскага паходжання. На усходзе і ў цэнтры Беларусі шляхта была амаль цалкам беларускага паходжання.
У ХУ-ХУІ ст. Значнай па колькасці была група ваеннаслужылага насельніцтва як пераходная паміж феадаламі і сялянамі, куды ўвахо-дзілі нашчадкі дробных беларускіх і літоўскіх баяр і дружыннікаў
Першыя з іх, згрупаваныя ў шляхецкае саслоўе (князі, баяры, зямяне, паны, шляхта і інш.), адрозніваліся па маёмаснай (вотчыннае ўладанне, “дзяржанне”), канфесійнай (праваслаўныя, каталікі, языч-нікі, мусульмане), службовай (ваявода, стараста, харунжы) і інш. прыкметах, але ў нацыянальным плане большасці іх належала да беларусаў. Сярод духавенства, якое ў асноўным падзялялася на праваслаўных і каталіцкіх святароў, таксама пераважалі беларусы.
Сацыяльныя адрозненні сялянства (па прыналежнасці, ступені асабістай свабоды, павіннасцях, заможнасці, месцы жыхарства і інш.) не перашкаджалі іх нацыянальнай кансалідацыі. Па характары ўмоў сваёй жыццядзейнасці сяляне цесна кантактавалі паміж сабою, былі захавальнікамі народнай мовы і культуры. Разам з тым мiжсаслоўныя (паміж сялянамі і феадаламі) адносiны былi развiты значна слабей.
Сацыяльная структура гарадоў і мястэчак была больш разнастайнай (саслоўі мяшчан, расмеснікаў, купцоў; заможныя пласты і гарадскія нізы), але па нацыянальнай прыкмеце іх жыхарства ўяўляла пераважна аднародную беларускамоўную супольнасць, цесна звязаную з аграрнай часткай насельніцтва ВКЛ. Нягледзячы на існаваўшыя мiжсаслоўныя (паміж сялянамі і феадаламі) і ўнутрысаслоўныя (паміж шляхтай і святарамі розных веравызнанняў) супярэчнасці, існаваўшая ў ВКЛ сацыяльная структура спрыяла фарміраванню агульных дзяржаўных і нацыянальных інтарэсаў грамадства, а разам з тым і беларускай народнасці.
Але ў працэсе складвання беларускай народнасці вызначыліся і пэўныя цяжкасці, звязаныя з арыентацыяй кіраўніцтва ВКЛ на палітычны саюз з Польшчай, што прывяло да акаталічвання не толькі літоўскай, але і часткі ўсходнеславянскай (праваслаўнай) знаці. У выніку асноўная (этнастваральная) маса насельніцтва вёсак і гарадоў стала губляць сваю палітычную і духоўную эліту, без удзелу якой працэс фарміравання нацыянальнай самасвядомасці хоць і працягваўся, але зрабіўся некіруемым, стыхійным, лакалізаваным, і ўрэшце не паспрыяў узнікненню ў беларусаў адзінай саманазвы. Таму ва ўмовах існавання шматканфесійнай і поліэтнічнай дзяржавы, дзе назіралася прыкметная аўтаномія асобных зямель і гарадоў з магдэбургскім правам, людзі звычайна ідэнтыфікавалі сябе па традыцыі (русічы, рускія), па месцы пражывання (магілёўцы, палачане), па племянной прыналежнасці (літва, літоўцы, жмудзіны) і г. д. Найбольш распаўсюджанай з’яўлялася саманазва “літвіны”. Спатрэбіўся яшчэ працяглы час, каб большасць насельніцтва ўсвядоміла сябе беларусамі, а сваю зямлю стала зваць Беларуссю.
Такім чынам, утварэнне моцнай дзяржавы – ВКЛ, аб’яднанне ў яго межах многіх былых княстваў Кіеўскай Русі зямель з пераважаўшым усходнеславянскім насельніцтвам, развітая эканоміка і гаспадарчыя сувязі, наяўнасць беларускай мовы (гутарковая і літаратурная) заканадаўства (прывілеі, Судзебнік, Статут 1529 г.), усведамленне нацыянальнай ідэнтычнасці, традыцыі і культура (духоўная і матэрыяльная) – усё гэта і іншае сведчыла аб фарміраванні ў межах ВКЛ новай этнічнай супольнасці – беларускай народнасці.
3. Тэорыя ўзнікнення беларускага народа ўключае ў сябе некалькі канцэпцый.
Прыхільнікі крывіцкай канцэпцыі (В. Ластоўскі і інш.) лічаць, што продкамі беларусаў з’яўляліся толькі крывічы.
Прыхільнікі крывіцка-дрыгавіцка-радзіміцкай канцэпцыі (М. Доўнар-Запольскі і інш.) лічаць продкамі беларусаў не толькі крывічоў, а і дрыгавічоў і радзімічаў.
Прыхільнікі балцкай канцэпцыі (В. Сядоў і інш.) лічаць, што беларуская народнасць узнікла ў выніку асіміляцыі ўсходнімі славянамі балтаў.
Прыхільнікі канцэпцыі старажытнарускай народнасці (С. Токараў і інш.) лічаць, што беларуская, а таксама руская і ўкраінская народнасці ўзнікла пасля распаду Кіеўскай Русі і выніку раз’яднання адзінай старажытнарускай народнасці.
Паводле даследаванняў М. Піліпенкі, у ІХ-Х стст. у выніку змешвання славян і балтаў узніклі не беларусы, а ўсходнеславянскія этнічныя супольнасці крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў, а ў канцы ІХ–пач. ХІ стст. яны з іншымі ўсходнеславянскімі супольнасцямі стварылі новую агульнаславянскую этнічную супольнасць. Тэрыторыя (у тым ліку беларускія землі) іх сумеснага пражывання атрымала назву “Русь”, а насельніцтва набыло назву русічаў, русінаў, рускіх і інш.
Варта прыгадаць і тую акалічнасць, што ў канцы ХІХ–пач. ХХ стст. у сувязі з актывізацыяй беларускага нацыянальнага руху асобныя шавіністычныя элементы пераконвалі расійскае грамадства ў тым, што беларусы не з’яўляюцца самастойным этнасам, а ўяўляюць сабой заходняе адгалінаванне народа рускага. Прыкладна той жа погляд на беларусаў, толькі на сваю карысць, прапагандавалі польскія шавіністы. Відавочна, што ідэі рускіх і польскіх шавіністаў менш за ўсё былі звязаны з навукай, а мелі выразныя палітычныя мэты, таму называць іх ідэі канцэпцыямі няма важкіх падстаў.
Зрэшты фарміраванне народнасці неадрыўны ад пэўнай тэрыторыі яго жыццядзейнасці. Як вядома на прыкладзе беларусаў, гэты працэс з іх удзелам адбываўся ў ХІУ-ХУІ стст. у межах Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Між тым назва гэтай дзяржавы чамусьці не ўпамінае нашых продкаў. Відавочна адказ на гэтае і многія іншыя пытанні варта шукаць у іншай назве – “Белая Русь”: яе паходжанні, размяшчэння ў часе і прасторы, след у гісторыі.
Даставернасць нарманскага паходжання паняцця “Русь” ужо амаль не выклікае сумненняў. Што ж датычыць словаспалучэння “Белая Русь”, то кожны з навукоўцаў і проста аматараў выказваюць самыя розныя думкі. Першыя спробы адказаць на гэтае пытанне спарадзілі рамантычна-эмацыянальныя версіі: маўляў, назва паходзіць ад колеру ільнянога адзення мясцовых жыхароў (В. Тацішчаў), ад колеру іх валасоў (Я. Карскі), ад вялікай колькасці рэк і азёр і іх чысціні (П. Крапівін), вялікай колькасці снегу і г. д.
Больш пераканаўчай здаецца версія (В. Іваноў), у адпаведнасці з якой напрамкі свету (поўнач-поўдзень, захад-усход) пазначаліся асноўнымі колерамі: адсюль –Чорная, Чырвоная, Белая Русь. Ёсць думка, што назва “Белая Русь” адбіла ў сабе рэлігійны аспект як проціпастаўленне хрысціянства язычніцтву (Чорная Русь). І нарэшце, не выключана, што пад Белай Русью варта разумець асобныя землі колішняй Кіеўскай Русі, якія не былі заваяваны мангола-татарамі, і таму быццам захавалі хрысціянскую чысціню.
Яшчэ большыя навуковыя спрэчкі выклікае праблема лакалізацыі тэрыторыі “Белай Русі” ў сярэднявеччы і нават пазней. Так, па В. Тацішчаву, назва “Белая Русь” мае дачыненне да Уладзіміра-Суздальскага княства, калі А. Багалюбскі з 1157 г. называўся князем Белай Русі. Вядома таксама, што Іван ІІІ называў сябе князем “Всея Велікія і Белыя Русі”. Але ж ні адзін гісторык не стане сцвярджаць быццам нашы спрадвечныя землі ўваходзілі ў склад азначаных княстваў і ад іх запазычылі сваю назву.
Часам з гістарычных крыніц вынікае інфармацыя, якае дазваляе адвольна трактаваць месцазнаходжанне колішняй “Белай Русі”. Так, англійскі місіянер ХІІІ ст. пакінуў запіс аб Alba Ruscia, якая размяшчалася паміж Туравам і Псковам. Крыху дакладней за іншых дае інфармацыю італьянец Гваньіні, які ў 1578 г. лакалізаваў Белую Русь у раёне Кіева, Мазыра, Мсціслаўля, Віцебска, Оршы, Полацка, Смаленска і Северскай зямлі. Прывілей Стэфана Баторыя ад 1581 г, выдадзены рыжскім купцам, дазваляў ім бесперашкодна гандляваць у межах “Ліфляндыі, Жмудзі, Літвы і Белай Русі”. С. Старавольскі ў сваёй кнізе “Польшча, ці апісанне становішча каралеўства Польскага” (1632) прыгадваў у межах Белай Русі Новагародскае, Мсціслаўскае, Віцебскае, Менскае, Полацкае і Смаленскае ваяводствы. Такім чынам, гэтая назва распаўсюджвалася толькі на ўсходнія тэрыторыі ВКЛ. Гэтая акалічнасць яскрава выявілася праз 20 гадоў у паводзінах цара Аляксея Міхайлавіча, які ў гонар сваіх перамог над Рэччу Паспалітай узбагаціў свой тытул словамі “Вялікі князь Літоўскі, Белыя Расіі і Падольскі”. Відавочна, што манарх адрозніваў гэтыя тэрыторыі і, у прыватнасці, не атаясамліваў “Белую Русь” з Расіяй, як гэта робяць асобныя сучасныя гісторыкі.
Сам тэрмін “беларускі” ў дачыненні да яе тэрыторыі з’явіўся пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, калі на яе ўсходніх землях была створана Беларуская губерня з цэнтрам у Віцебску, а пазней – Беларускае генерал-губернатарства. У далейшым гэтыя назвы, роўна як і “Белая Русь”, выйшлі з афіцыйнага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага і геаграфічнага ўжытку. Яе месца занялі назвы “Паўночна-Заходні край” (з 1840-х), “Паўночна-Заходняя вобласць (1917)”, “Заходняя вобласць” і “Заходняя Камуна” (1918 г.). Толькі з 1 студзеня 1919 г., калі была абвешчана Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь, гэта назва набыла шанец на ўсеагульнае прызнанне.
Адпаведна ўкараненню ў грамадскую свядомасць назвы беларускіх зямель на розных этапах іх развіцця ішло фарміраванне этноніма “беларусы”. Па вялікім рахунку ў межах ВКЛ ён так і не ўзнік. Тут дамінавалі назвы “русiчы”, “русiны”, “лiтоўцы”, “лiтвіны” i інш. Як вынікае з афіцыйных дакументаў цара Аляксея Міхайлавіча, у ХУІІ ст. у дачыненні большасці насельніцтва, галоўным чынам, усходняй часткі ВКЛ, выкарыстоўвалася назва “беларусцы”. У больш позні час яна трансфарміравалася ў “беларусы” і замацавалася за народам ужо пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі. Пры гэтым спатрэбіўся даволі працяглы час (канец ХІХ-ХХ ст.), каб беларусы пачалі ўсведамляць сваю нацыянальную ідэнтычнасць.
4. Яшчэ да засялення славянамі тэрыторыі Беларусі, плямёны балтаў дасягнулі значных поспехаў у гаспадарцы і грамадскім жыцці. На аснове сінтэзу першабытных форм рэлігійных вераванняў адбываўся пераход да больш складаных, з пакланеннем новым бажаствам. Асноўныя гаспадарчыя заняткі балтаў адбіліся ў іх вераваннях. Плямёны днепра-дзвінскай культуры выплаўлялі з бронзы фігуркі коней. Жыхары мілаградскіх паселішчаў Паўднёвай Беларусі, акрамя коней, пакінулі фігуркі буйной рагатай жывелы і сабак. Акрамя жывёлагадоўлі, людзі працягвалі займацца паляваннем, аб чым сведчаць знойдзейныя археолагамі амулеты з іклаў мядзведзя і дзіка, якія належалі плямёнам Цэнтральнай і Паўночнай Беларусі.
Славяне, рассяліўшыся на балцкіх землях, не аддзяляілі сябе ад прыродных сіл. З асваеннем прасторы – лясоў, рэк, балот – яны засялялі іх духамі, добрымі і злымі, запазычыўшы многае з балцкіх рэлігійных уяўленняў, у тым ліку веру ў магічную сілу каменных сякер, якія засталіся ў спадчыну ад продкаў. Большасць навакольных аб’ектаў і прыродных сіл было звязана з земляробствам, паколькі менавіта гэты занятак забяспечваў славянам стабільнае існаванне, а пагібель пасеваў пагражала ўсяму роду. У гэтай сувязі аб’ектам пакланення стала неба з яго сонцам, дажджом і іншымі стыхіямі, а політэістычная рэлігія знаходзіць увасабленне ў язычніцтве. Менавіта яно да прыняцця хрысціянства і нават крыху пазней адыгрывае вызначальную ролю ў культуры ўсходніх славян. Па сутнасці, яна з’яўлялася формай засваення чалавекам сусвету, у цэнтры якога знаходзілася прырода. Уся яна насялялася мноствам духаў, якіх патрэбна было задобрыць, каб яны дапамагалі чалавеку ў працоўнай дзейнасці, а не шкодзілі яму. Славяне шанавалі Маці-Зямлю, вадаёмы, лясы і асабліва дубовыя гаі.
Разлажэнне родавага ладу, якое ўзмацнілася ў жалезным веку, адбілася і на тым, што ва ўяўленні старажытных людзей склалася іерархія багоў. Іх пантэон выглядаў наступным чынам: самыя галоўныя богі, уладары верхняга яруса неба – Дзіў (Сварог), Род, Стрыбог (бацька ўладара вятроў, дзядуля вятроў).
Дзіў – бог неба, прабацька ўсяго існага – і святла, і багоў, і людзей. «Дзіў» было першым славянскім словам, якое азначала бога. Само ж слова “бог” было запазычана з іранскай мовы. Веліч Дзіва адбілася ў словах “дзіва”, «здзіўленне». Ён жа быў адным з увасабленняў Сварога (па-старажытна індыйскаму “сварга” – неба) – бога нябеснага агня. Духа агня зямнога звалі Сварожычам.
На другім этапе ў славянскім язычніцтве ў найбольшай ступені ўзмацняецца і развіваецца культ продкаў, звязаны з Родам – творцам Сусвету і Рожаніц - багінь урадлівасці. Аб значнасці бога сведчыць мноства агульназначных слоў усходнеславянскай моўнай групы: “род”, “родзічы”, “радзіць”, “радня”, “радзіма”, “прырода”, “ураджай”, “народ”.
Крыху ніжэй, на наступнай пасля Рода прыступцы размяшчаліся багі другога яруса сусвету з сонцам і зямлёй начале з сынам Сварога – Дажбогам. Ён быў богам сонца прыроды, сязоннага сонечнага цяпла, часу выспявання ўраджаю. Славяне лічылі сябе ўнукамі Дажбога. Блізкім да Дажбога (а магчыма, братам) быў Стрыбог - бог паветраных стыхій уладар вятроў.
Хорс – боства сонечнага дыска (але не света) быў неаддзельным дадаткам да вобраза Дажбога-сонца і саступаў яму прыступку ў іерархіі. Імені бога сугучны словы “хоро» або “коло”, што азначае кола або калясо (па-беларуску словы гучаць аднолькава – “кола”).
На трэцім этапе развіцця язычніцкай рэлігіі іерархію багоў узначальвае ўладар Сусвету, бог грома і маланкі, апякун ваенных дружын Пярун. Ва ўяўленні славян гэта быў немалады мужчына са срэбнай галавой, залатымі вусамі і барадой. Узброены грамавымі стрэламі, сякерай, камянямі. У нябёсах едзе на калясніцы або верхам на кані. Каб улагодзіць бога грому і маланкі, абараніць жытло ад пажару, людзі усталёўвалі на даху магічны знак ў форме кола з шасцю спіцамі-промнямі. Вобраз Пяруна таксама звязаны з дубам і са свяшчэннымі дубовымі гаямі.
Да Перуна звярталіся як да праўдзівага суддзі. Каб забяспечыць сухое надвор’е падчас жніва, 20 ліпеня земляробы – балты і славяне – святкавалі дзень Перуна, прыносячы яму шчодрыя ахвяраванні. У яго гонар гонар заўсёды гарэў Зніч – свяшчэнны агонь. Выявы Перуна усталёўвалі на ўзвышшы. У Х ст., пры князю Уладзіміру, Пярун стаў лічыцца галоўным у ўсходнеславянскай іерархіі багоў.
Сымаргл – бог насення, парасткаў і каранёў раслін, пасрэднік паміж вярхоўным боствам і зямлёй. Знешні выгляд нагадвае “сабака-птушку”, грыфона. Купала – славянскі бог і адначасова свята летняго сонцастаяння, калі Сонца ў калясніцы выязджае насустрач свайму супругу Месяцу.
Крыху ніжэй у славянскім пантэоне багоў змяшчаўся Вялес (у балтаў Вяльняс) – бог хатняй жывёлы, апякун статкаў. Яго ж лічылі апекуном паляўнічых, крыніц і вусцяў рэк. Ён выказваў шанаванне мядзведзю – гаспадару леса. У сваім самым раннім увасабленні ён меў выгляд воўка, мядзведзя, змяі, а пазней і чалавекападобнай істоты. Магчыма, выконваў функцыю бога замагільнага свету. Расліннасць лясоў і палетак славяне называлі “валасамі зямлі”.
Мокаш (Макоша) – старажытная багіня зямлі (маці сыра-зямля), маці ўраджаю і ўрадлівасці. Яе шанавалі як багіню ўдалага лёсу. Мокаш – жанчына з вялікай галавой і доўгімі рукамі – ахоўвае хатнюю гаспадарку і дабрабыт, а па начах прадзе ў хаце.
Вызначальная залежнасць славян ад земляробства адбілася ў іх вераваннях у існаванне шматлікіх багоў і духаў земляробства, апекаваўшых поле. У розных плямёнаў існавала некалькі ўвасабленняў бога сонца і ўрадлівасці - Каляда, Вялес, Купала, Сварог, Даждзьбог, Хорс, у тым ліку і Ярыла. Ярылу ўяўлялі ў выглядзе маладога мужчыны ў белым адзенні на белым кані; у адной руцэ – чалавечы чэрап, у другой – пучок калосся.
Лада – багіня кахання, прыгажосці і гармоніі. Яе свята адбываецца з надыходам вясны, калі яна ўступае ў саюз з Ярылам. У гэты час у моладзі пачынаюцца гульні, якія спрыяюць шлюбу, “ладу”.
Суправаджае Ладу Ляля (Лёля) – багіня вясны і маладосці. 22 красавіка славяне адзначалі яе свята – ляльнік. Сабраўшыся на лузе, дзяўчаты выбіраюць Лялю. Яе абранаюць у белыя адзенні, перавязваюць талію і рукі свежай зелянінай, а на галаву надзеваюць вянок з кветак. Затым вядуць вакол яе карагоды, пяюць песні і просяць багоў аб ураджаі. Таксама лічыцца, што ў Ладзе і Лёлі ўвасобіўся старадаўні культ рожаніц.
Іншыя поры года таксама ўвасабляліся ў боствах. Так, Цёця лічылася багіняй лета і звязаных з ім урадлівасці і дабрабыту. Яна выглядала прыгожай мажнай жанчынай з жытнёвым вяночкам. Жыцень, боства восені, багацця, ураджаю, гаспадар поля, выглядаў немаладым, худым, але вялікага росту чалавекам з трыма вокамі на твары, з нячэсанымі валасамі на галаве. Падчас севу азімых Жыцень утоптаваў зерне ў глебу, каб яно не прапала. Зімні бог – Зюзя наогул стары, сівы, барадаты, неабуты, без шапкі, але цёпла апрануты. Там, дзё ён з жалезнай булавой з’явіцца, усё стыне ад марозу.
Вытворчая праца славян, іх заняткі паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам, вырабам прылад працы, адзення, хатняй гаспадаркай, а таксама сямейнае і грамадскае жыццё, былі прасякнуты верай не толькі ў існаванне вышэйшых боскіх істот, але добрых (карысных) і злых (шкодных) сіл, што абумовіла з’яўленне адпаведных звычаяў, абрадаў, традыцый.
Гаспадар леса – лесавік, лясны дух, уяўляўся вялікай і вельмі моцнай істотай, які палохаў людзей рогатам і прымушаў іх блукаць па лесе. Каб улагодзіць яго, патрэбна было на ўзлесках пакідаць яму пачастункі. Вадзянік – дух з рагамі і лапамі, які жыве ў чорнай вадзе. Хапае і цягне на дно людзей, якія прыйшлі за вадой да калодзежа, або купаюцца ў рацэ. У ахвяру яму прыносяць чорнага казла і чорнага пеўня. Русалкі – ва ўяўленнях усходніх славян з’яўляюцца, па-першае, духамі вады; па-другое, міфалагічнымі персанажамі культу ўрадлівасці, апякункамі раслін; і, па-трэцяе, шкоднымі істотамі. На русальным тыдні, 19-24 чэрвеня славяне спяваюць русальныя песні і ў дар берагіням развешваюць на прыбярэжных дрэвах і кустах рушнікі, ніткі, прадзіва. Чур – дух продкаў захоўваў жывых родзічаў ад бед, няшчасцяў і нячыстай сілы. Магчыма, ім быў памерлы заснавальнік роду, будаўнік дома або сядзібы. Ён жа лічыўся апекуном і ахоўнікам пазямельных родавых межаў. Ён жа ахоўваў чалавека і яго маёмасць ад нячыстай сілы. Славяне верылі, што душа чалавека, які пераступіў чужую межу або перасунуў межавы камень, вырачана на вечнае беспрытульнае бадзяжніцтва. Ад чура бярэ пачатак дамавік, дух з выглядам гаспадара дома або старога дзеда, які ахоўвае хату і маёмасць, сочыць за парадкам, усё пра кожнага ведае. Дамавыя жывуць у кутку хаты або за печчу. Часам прыгадваюць жонку дамавога – кікімару, якая па начах турбуе дзяцей, блытае прадзіва. У запечку могуць жыць іншыя злыя духі – злыдні, якія прыносяць гаспадарам няшчасці. Такімі ж злымі духамі з’яўляюцца бесы, здольныя ўсяляцца як у неадушаўлёныя прадметы, так і ў людзей. Прывіды – душы памерлых ад ліхой смерці, якія паўстаюць перад людзьмі ў абліччы чалавека, жывёлы, птушак, пачвар. Звычайна здані з’яўляюцца апоўначы, паблізу вады, у старых дамах, на ростанях, на балотах, на могілках. пыры – гэта самазабойцы ці істоты, народжаныя ад нячыстай сілы, мерцвякі, якія нападаюць на людзей і жывёлу. лізкія да ўпыроў духі памерлых – наўі – маюць выгляд птушак, якія прылятаюць з выраю і нясуць людзям шкоду.
Такім чынам, у славян склаліся ўстойлівыя ўяўленні аб духах, формах і спосабах кантактавання з імі. Асаблівы клопат выклікалі злыя духі, і каб пазбегнуць іх шкоднага ўздзеяння, людзі пазбягалі месцаў магчымых з імі сустрэч, карысталіся абярэгамі і амулетамі, прамаўлялі заклінанні, прыносілі ахвяры. Лічылася, што акрэсленае вакол чалавека кола з'яўляецца непераадольнай перашкодай для ўсялякай нечысці.
Смерць чалавека не заўсёды ўспрымалася людзьмі як трагедыя або незваротная страта. Часцей за ўсё яна разглядалася як яго пераход у іншы, замагільны свет, які на іх думку, размяшчаўся на небе. Яны лічылі, што за парогам смерці прыходзіць новы этап жыцця. Агульнаславянскае слова «ирье» (рай, нябёсы) – нагадвае беларускае “вырай”. Слова “пекла” магчыма, абазначала падземны свет, месца знаходжання злых духаў.
У VІ-ІХ стст. у славян пераважаў абрад трупаспалення, звязаны з верай у неба як месца жыхарства душ, куды яны трапляюць разам з дымам ад пахавальнага вогнішча. Прах памерлага, змешчаны ў гаршчок для ежы, які сімвалізаваў дабрабыт, хавалі ў магілах або курганных насыпах. Было, што яго хавалі пад дзвярыма, адсюль пайшла прыкмета не вітацца і не перадаваць рэчы праз парог.
З ІХ ст. продкі адмовіліся ад крэмацыі і перайшлі да сучаснага ме-тада пахавання ў дамавіне, з закопваннем яе ў магільнай яме. сноўная ідэя пахавання звязвалася з культам продкаў. Увесь пахавальны абрад, святы ў іх гонар (Радуніца і Дзяды), нагляд за магіламі ўяўлялі сабою не толькі даніну павагі да памерлых родзічаў, але і моцны маральна-псіхалагічны акт, меўшы на мэце заручыцца іх падтрымкай у далейшым жыцці. Невыпадкова, што нават адпраўляючыся ў іншую мясцовасць на больш ці менш працяглы час, славянін браў з сабою прыгоршню зямлі з магілы продкаў. У далейшым патрэба ў іх падтрымцы дапоўнілася абавязкам абараняць тую зямлю, дзе яны былі пахаваны, якая стала звацца Айчынай або Бацькаўшчынай.
Гаспадарчыя поспехі славян, удасканаленне грамадскіх адносін, прагрэс у духоўнай сферы абумовілі з’яўленне развітых форм язычніцкай абраднасці як арганізаванай і ўпарадкаванай сістэмы магічных дзеянняў, якія знайшлі сваё ўвасабленне ў масавых святах. У іх ліку Каляды, Грамніцы, гуканне вясны, Дажынкі, Дзяды. Адно з такіх – Радуніца, калі ў дзень прылету жаваранкаў, 9 сакавіка, славяне запальвалі ахвярныя вогнішчы і паміналі продкаў. Назва свята паходзіць ад слова “радуга”, якая, паводле старажытнага падання, служыла мостам у “іншы свет”.
Больш выразна культ продкаў адбіўся ў свяце “Дзяды”. Лічылася, што 26 кастрычніка ўсе памерлыя родзічы – і малыя, і старыя – вяртаюцца дадому, таму тут іх ужо чакалі да святочнага стала пры адчыненых дзвярах ці вокнах. Аб іх з”яўленні сведчылі розныя прыкметы – прылятала асенняя мушка, быў чутны скрып – значыцца, дзяды прыйшлі, чакаюць успамінаў пра сябе, размоў, пачастункаў. Затым, увечары людзі ішлі на могілкі, запальвалі на магілах свечкі. У адрозненне ад памінак, якія адзначаліся сябрамі і сваякамі памерлага ў дзень яго смерці, дзядоў паміналі толькі родзічы.
Найбольшая колькасць святаў звязана з культам Сонца. Так, у ноч на 24 чэрвеня славяне святкавалі Купалле. Галоўным элементам у купальскай абрадавасці было вогнішча, якое запальвалася ўвечары. Удзельнікі свята насілі вянкі, сплеценыя з палявых кветак, – парамі або па адным – скакалі праз касцёр, кацілі з гары падпаленае кола. Каб даведацца аб сваіх нарачоных, моладзь кідала вянкі ў раку. Нарэшце, усе – малыя і старыя ішлі на пошукі папараць-кветкі, якая па паданні магла адкрыць схаваныя скарбы свету і навучыць разумець мову звяроў.
Каляда – таксама славянскае свята зімняга сонцавароту і, магчыма, адна-іменнае боства. Зімні сонцаварот прыпадае на 25 снежня. А свята Каляды спраўлялі з 25 снежня па 6 студзеня.
Такім чынам, у славян, якія зліліся з аўтахтонным насельніцтвам, узнік пантэон вышэйшых багоў і іх іерархія. Большасць іх, а таксама добрых і злых духаў, сведчыла аб вядучай ролі земляробства ў іх жыцці. Аднароднасць эканамічнага, грамадскага і духоўнага жыцця славян, акрамя астатняга, стварала перадумовы для ўзнікнення тут дзяржаўных утварэнняў. Але племянное паганства стрымлівала працэс агульнаславянскай кансалідацыі.
5. У 980 г. наўгародскі князь Уладзімір, заваяваўшы кіеўскі трон, у мэтах ўмацавання дзяржавы ўвёў адзіны для ўсходніх славян культ язычніцкіх багоў. Паводле “Аповесці мінулых гадоў”, князь “усталяваў на пагорку над дваром церамным Перуна драўлянага, а галава яго срэбная, а вус залаты, і Хорса, Дажбога, і Стрыбога, і Смаргла, і Мокаш”.
Але неўзабаве па палітычных матывах Уладзімір прыняў рашэнне далучыць супляменнікаў да хрысціянства грэка-візантыйскага ўзору. У 988 г. ён загадаў знішчыць выявы Перуна і іншых багоў, “наказаў будаваць цэрквы і ставіць іх на тых месцах, дзе раней стаялі ідалы”, і з дапамогай візантыйскіх святароў ахрысціць усё насельніцтва ў новую веру. Паводле абраду хрышчэння, жыхары заходзілі (або сілай дружыны заганяліся) у раку на час, пакуль святар чытаў адпаведныя малітвы, і на бераг яны ўжо вярталіся хрысціянамі. Праз колькі год на Беларусі былі створаны першыя хрысціянскія епархіі з цэнтрамі ў Полацку (992) і Тураве (1013).
З пачаткам свайго распаўсюджання на ўсходзеславянскіх землях хрысціянства не разбурала язычніцкага духоўнага асяроддзя, усталяванай гармоніі паміж людзьмі і прыродай, а нават спрыяла ўкараненню новых сацыяльных адносін, выкліканых пачаткам фарміравання раннефеадальнага грамадства. Акрамя таго, новая рэлігія ўмацавала асабістую ўладу вялікага князя і разам з тым згуртавала шматплемянную супольнасць усходняга славянства. Натуральна, што людзі не адразу прызвычаіліся да хрысціянства: гэты працэс найперш ахапіў гарады, а сяляне як падаўляючая большасць насельніцтва яшчэ даволі працяглы час спавядала веру сваіх продкаў. Ёсць думка, што сам полацкі князь Усяслаў Брачыслававіч (1044-1101) быў язычнікам, аб чым, у прыватнасці, сведчыць яго прозвішча(мянушка?) – Чарадзей. У эпічным творы “Слова пра паход Ігаравы”, датаваным, ХІ-ХІІ стст. часта згадваюцца Стрыбог, Дажджбог і іншыя язычніцкія багі.
У выніку хрысціянізацыі важнейшым здабыткам насельніцтва Кіеўскай Русі стала замацаванне славянскай мовы і славянскай азбукі, распрацаванай балгарскімі манахамі Кірылам (827-869) і Мяфодзіем (815-885). З’яўленне “слова боскага” на старажытнаславянскай мове на старонках рукапісных кніг паўсюдна стымулявала распаўсюджанне пісьменства. У ліку матэрыяльных доказаў даволі ранняга яго распаўсюджання на Беларусі, з’яўляецца полацкая пячатка к. Х ст., якая, магчыма, належала князю Ізяславу; надпісы рэлігійнага зместу на Барысавым і Рагвалодавым камянях. Аб тым жа сведчаць знойдзеныя тагачасныя прыстасаванні для пісьма – пісалы; лісты, напісаныя на бярозавай кары – “берасцяныя граматы”, а таксама надпісы на тынкоўцы будынкаў (“графіці”). Відавочна, што ў ліку асоб, якія валодалі пісьменствам, былі і ніжэйшыя пласты, у першую чаргу гараджане (купцы і рамеснікі).
У духоўнай культуры ХІ-ХІІІ стст. пераважала рэлігійная літаратура. Выкананая рукапісным спосабам на пергаменце, упрыгожаная адмысловы мі літарамі і фарбамі, яна каштавала вельмі дорага і да нас дайшла ў адзінкавых экземплярах (Тураўскае евангелле). У XII–XIII стст. з’явіліся рукапісныя творы з мініяцюрамі, у тым ліку – так званы Радзівілаўскі летапіс.
Акрамя літаратуры чыста рэлігійнага прызначэння, сталі з’яўляцца творы, у якіх з багаслоўскіх пазіцый тлумачыліся працэсы, якія адбываліся ў чалавечым грамадстве (рассяленне плямёнаў, утварэнне княстваў). Неўзабаве найбольш значныя падзеі, у тым ліку прыродныя з’явы, сталі старанна (“из лета в лето”) запісвацца ў адмысловых кнігах – летапісах. У іх ліку “Аповесць мінулых гадоў” (пачатак ХІІ ст.), Іпацьеўскі летапіс (ХІІ-ХІІІ стст.) і інш.
Цэнтрамі пісьменства і адукацыі з’яўляліся манастыры і цэрквы. Менавіта пры іх узніклі першыя школы і сховішчы кніг. Статус хрысціянства як дзяржаўнай рэлігіі абавязаў яе іерархаў і простых служыцеляў клапаціцца аб падрыхтоўцы адукаваных кадраў ня толькі для сваёй патрэбы, а і для княскага двара. Не менш важную ролю адыгрывалі летапісцы і перакладчыкі, прапаведнікі і настаўнікі разам са “словам божым” прапагандавалі гістарычныя веды, маральныя і эстэтычныя ўзоры, стымулявалі цягу людзей да адукацыі, фарміравалі агульнаславянскія духоўныя каштоўнасці.
У ліку самых славутых прадстаўнікоў хрысціянскай асветы і адукацыі на Беларусі – Еўфрасіння Полацкая (1110-1173 гг.). Дачка князя Георгія і ўнучка Усяслава Чарадзея, Прадслава, прыняўшы пострыг і імя Еўфрасіння, прысвяціла сябе служэнню богу і людзям. Яна працавала над збіраннем, перакладамі грэчаскіх рэлігійных твораў і займалася перапісваннем кніг, якія разыходзіліся па ўсёй Полацкай зямлі і за яе межамі. Пры манастырах яна адкрыла дзве школы, (у тым ліку адну для дзяўчынак), дзе, акрамя пачатковых ведаў, дзеці знаёміліся з прыродазнаўствам, медыцынай, рыторыкай, (асобныя з іх) паэтыкай, вывучалі стараславянскую, грэчаскую і лацінскую мовы.
Як вынікае з духоўнай спадчыны Еўфрасінні, полацкая асветніца перапісвала і прапагандавала ідэі летапісу «Аповесці мінулых гадоў», «Слова аб Законе і Благадаці» мітрапаліта Іларыёна, «Павучэнне» князя Уладзіміра Манамаха і іншыя сачыненні. Сваёй дзейнасцю Еўфрасіння спрыяла выхаванню ў насельніцтва патрыятычных пачуццяў, развіццю дзяржаўнасці ва ўсходніх славян, умацаванню княскай улады.
У 1161 г. па заказу Еўфрасінні полацкі майстра Лазар Богша зрабіў крыж, які да гэтага часу лічыцца не толькі шэдэўрам старажытнага мастацтва, але і духоўным сімвалам праваслаўных вернікаў Беларусі.
У канцы свайго жыцця Еўфрасіння здзейсніла паломніцтва ў Іерусалім, дзе і памерла. В 1187 г. яе мошчы былі перанесены ў Кіева-Пячорскую лаўру, а ў 1944 г. — у Полацк. Яна – першая жанчына ў усходніх славян, кананізаваная праваслаўнай царквою (1547).
Другім славутым асветнікам з’яўляецца Кірыла Тураўскі (каля 1130 - каля 1182 гг.) Ён быў сынам багатых бацькоў, але парваў з мірскім жыццём і пастрыгся ў манахі. Напісаныя ім “Словы” (павучэнні) прынеслі яму славу прапаведніка. На гэтай ніве ён праславіўся яшчэ больш і набыў прозвішча “Златавуста”, калі ў 1161 стаў тураўскім епіскапам. Як праціўнік міжусобіц Кірыла асудзіў напад уладзімірскага князя А. Багалюбскага на Кіеў і яго імкненне «парушыць» дзяржаўнае адзінства Русі. Як і Еўфрасіння, ён займаўся духоўна-літаратурнай творчасцю, перакладаў і перапісваў іншых аўтараў для маральнай дасканаласці і ўмацавання веры хрысціян. Творы Кірылы Тураўскага з’яўляюцца гонарам не толькі беларускай і ўсходнеславянской, але і ўсёй славянскай культуры. Кананізаваны праваслаўнай царквою.
Выдатным царкоўна-палітычным дзеячам, мысліцелем і асветнікам свайго часу быў Клімент Смаляціч (? – пасля 1164 г.). Іпацьеўскі летапіс паведамляе аб ім так: «...І быў кніжнік і філосаф, якіх у Рускай зямлі не бывала». Ён набыў высокую адукацыю, ведаў творы Гамэра, Платона, Арыстоцеля і выкарыстоўваў іх у сваіх працах, прапаведуючы прыярытэт духоўных каштоўнасцей над матэрыяльнымі.
У ліку сусветных дасягненняў усходнеславянскіх літаратараў – мастацкі твор “Слова пра паход Ігаравы”, дзе таксама адбіліся сапраўдныя гістарычныя падзеі. Твор прасякнуты неўміручымі ідэямі братэрства славян, любові да Радзімы, шкоднасці міжусобіц. Ёсць версія, што яго аўтарам мог быць чалавек, па паходжанні цесна звязаны з Полацкай зямлёй.
Такім чынам, усе пісьмовыя крыніцы ХІ-ХІІІ стст. – летапісы, павучэнні, казанні, узоры мастацкай літаратуры ўвабралі ў сабе надзённыя філасофскія рэлігійна-этычныя, сацыяльна-палітычныя праблемы, якія хвалявалі грамадства Кіеўскай Русі і ўсю ўсходнеславянскую супольнасць. Усе творы аўтараў, якія жылі ў Полацкім, Тураўскім і інш. княствах, прасякнуты гуманістычнымі ідэямі любові да бліжняга, цярпімасці, перакананнем аб прыярытэтнасці духоўных каштоўнасцей над матэрыяльнымі, аб захавання міру паміж рускімі людзьмі, што, акрамя іншага, сведчыць аб узнікненні ва ўсходніх славян прыкмет адзінай духоўнай цывілізацыйнай супольнасці.
Вызначальны ўплыў хрысціянства на духоўнае жыццё жыхароў Беларусі ўвасобіўся ў архітэктуры. Разам з драўлянымі храмамі ў ХІ-ХІІ стст. з’явілі-ся мураваныя, выкананыя мясцовымі дойлідамі ў візантыйскім стылі, у у Полацку (сабор Св. Сафіі, Барысаглебскі манастыр, Спаса-Еўфрасінеўская царква), Віцебску (Благавешчанская царква), Гародні (Каложская царква, Ніжні храм).
Царква, пастаўленая на службу княскай уладзе, карысталася асаблівай яе міласцю. Але па сваім прызначэнні храмы з’яўляліся не толькі культавымі пабудовамі. Вядома, што там размяшчаліся сховішчы кніг і майстэрні па іх пераспісцы, памяшканні для навучання дзяцей. Пад час нападу ворага храмы маглі паслужыць абарончымі аб’ектамі.
З распаўсюджаннем хрысціянства рэлігійная тэматыка стала пануючай ва ўсіх сферах духоўнага і культурнага жыцця насельніцтва ўсходнеславянскіх княстваў, у тым ліку размешчаных на тэрыторыі Беларусі. Найбольш яскравае ўвасабленне яна знайшла ў манументальным (фрэскі) і дэкаратыў-ным мастацтве, іканапісе. Хрысціянская сімволіка (нацельныя крыжы, выявы бога, святых і г.д.) сталі выцясняць язычніцкія амулеты і талісманы. Мясцовыя майстры (мастакі, іканапісцы, ювеліры) уносілі свой каларыт у агульнапрынятыя хрысціянскія каноны і стваралі своеасаблівыя вырабы, накшталт крыжа Еўфрасінні Полацкай.
Высокага развіцця і дасканалай тэхнікі дасягнула кніжная мініяцюра — выкананыя рознакаляровымі фарбамі малюнкі (выявы евангелістаў і інш.), заглаўныя літары, арнаменты, выкананыя рознакаляровымі фарбамі.
Усталяванне хрысціянскага культу суправаждалася развіццём богаслужэбных спеваў і царкоўных хораў.
Такім чынам, працяглы час менавіта храмы і манастыры з іх бібліятэка-мі, выяўленчым мастацтвам і інш. з’яўляліся асяродкамі хрысціянскай культуры. На яе аснове ўзнікла і атрымала далейшае развіццё культура ўсіх усходніх славян, якія існавалі ў межах Кіеўскай Русі і нават некаторы час пасля яе распаду.
6. За час свайго існавання ВКЛ паступова набыла рысы поліэтнічнай дзяржавы, дзе разам з продкамі сучасных беларусаў пражывалі літоўцы (літва, аўкштайты, жамойты), украінцы, татары, яўрэі. Тым не менш падаўляючая колькасная перавага першых, іх кампактнае размяшчэнне, развітая эканоміка і гандаль, устойлівыя сацыяльная структура і палітычны лад, панаванне беларускай мовы як дзяржаўнай абумовіла фарміраванне ў ХІУ-ХУІ стст. новай этнічнай супольнасці – беларускай народнасці. Адным са стваральных кампанентаў гэтага працэсу з’явілася развіццё нацыянальнай культуры. Яе матэрыяльная складаючая ўвасобілася ва ўдасканаленні прылад працы (ветраныя і вадзяныя млыны), павелічэнні рамесных спецыялізацый, вырабе новай прадукцыі (кафля, шкло, папера), утварэнні цэхавай сістэмы, з’яўленні новага тыпу паселішчаў (мястэчка) паляпшэнні планіроўкі і ўмацаванні гарадоў і інш.
Духоўная культура беларускіх зямель з моманту іх уваходжання у склад ВКЛ абапіралася на ўсходнеславянскую традыцыю, што адбілася ў фальклоры (быліны, паданні, казкі), народных святах (Каляды, Купалле) і забавах. Нягледзячы на процідзеянне царквы, абрадавыя дзействы (ад вяселля да пахавання нябожчыкаў) выходзілі за межы хрысціянскіх канонаў і ўбіралі ў сябе элементы язычніцтва. Тыя ж прыкметы былі ўласцівы народным танцам і музыцы. Усе здабыткі народнай творчасці перадаваліся з пакалення ў пакаленне, узбагачаліся новымі творамі, фарміруючы нацыянальны харак-тар народа і яго літаратурную мову.
Пад уздзеяннем сацыяльна-эканамічных, палітычных, культурных і іншых фактараў мова новай духоўнай літаратуры паступова адыходзіла ад царкоўна-славянскіх узораў папярэдніх стагоддзяў. Так, «Сказанне аб літоўскіх (віленскіх) пакутніках» (XIV ст.) было напісана на мове, больш зразумелай большасці насельніцтва. Найлепшым чынам гэта тэндэнцыя выявілася ў дзяржаўных, юрыдычных, гаспадарчых дакументах, справаводстве, якія ў меншай ступені залежалі ад хрысціянскай ідэалогіі. У значнай ступені гэта знайшло ўвасабленне ў летапісных творах – «Летапісец вялікіх князёў Літоўскіх» (20-я гады XV ст.), а таксама беларуска-літоўскі летапіс (1446 года), “Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага”, “Хроніка Быхаўца”. Усе яны напоўнены апісаннем шматлікіх ратных падзей, прасякнуты гонарам за сваю дзяржаву і яе князёў («Пахвала Вітаўту», «Жыццё і смерць Кейстута”). Але не толькі ваенная тэматыка прываблівала іх аўтараў. Так, у адным з фрагментаў «Хронікі ВКЛ» ўсхваляўся колішні вечавы лад Полацка і яго жыхары, якія, «о справах своих и потребах речи посполитое и держав своих радили». Далей ішло параўнанне Полацка з горадам-рэспублікай Венецыяй. Такім чынам, разнастайныя падзеі з гісторыі ВКЛ і яго народа, асветленыя на старажытнабеларускай мове, закладалі падмурак нацыянальнай літаратуры.
Далейшае яе развіццё звязана з пачаткам новай эпохі ў развіцці заходнееўрапейскай культуры, названай Рэнесансам, у аснове якой знаходзіўся не бог, а чалавек як самадастатковая істота з уласцівымі яму свабодай, духоўнай і фізічнай прыгажосцю, стваральнай дзейнасцю. Носьбітамі гэтых ідэй з’яўляліся прадстаўнікі буржуазіі – новага класа, які зараджаўся ў нетрах феадальнага грамадства. Купцоў, уладальнікаў майстэрань, банкіраў і проста гараджан больш не задавальняла вызначальная роля царквы і дваранства ў іх жыцці. Усталяваны парадак, пры якім лёс чалавека залежаў не ад асабістых якасцяў, а толькі ад яго паходжання, не даваў прадстаўнікам “трэцяга саслоўя”, у тым ліку буржуазіі, шанцаў на ўдзел ва ўладзе. Невыпадкова таму сталі ўзнікаць і распаўсюджвацца ідэі аб прыроднай роўнасці ўсіх людзей і іх правоў, аб вызначальнай ролі самога чалавека ў сваім лёсе. Такім чынам, рэлігійныя ўяўленні аб ўсеўладдзі бога, аб перадвызначанасці ім усяго існага хоць і не перасталі існаваць, але саступалі месца ўяўленням аб чалавеку як істоце разумнай, прыгожай, свабоднай. Адпаведна, новыя ідэі зрабіліся найперш запатрабаванымі ў асяроддзі тых сацыяльных пластоў, якія ўсведамлялі неабходнасць перамен да лепшага. Менавіта іх попыт на навуковыя трактаты, мастацкую літаратуру, жывапіс і скульптуру, дзе чалавек выглядаў вышэйшым стварэннем бога, поўным розуму, сілы, прыгажосці і г.д., абумовіў рэзкі ўздым духоўнага жыцця спачатку ў Італіі, а затым і ва ўсёй Заходняй Еўропе.
Да гэтага часу (канец ХУ-пачатак ХУІ стст.) у ВКЛ таксама ўзніклі пэўныя сацыяльна-эканамічныя і грамадска-палітычныя перадумовы, якія спрыялі распаўсюджанню гуманістычных ідэй, найперш у гарадах і мястэчках, дзе існавала магдэбургскае права.
Прыкметы распаўсюджання культуры Рэнесансу на Беларусі выявіліся не толькі ў з’яўленні новых, гуманістычных па свайму ідэйнаму зместу, творах заходнееўрапейскіх аўтараў, але і ў творчасці нашых землякоў, і ў першую чаргу – кнігах Францыска Скарыны (каля 1490 - каля 1550 гг.). Ён - выхадзец са славутага Полацка, выпускнік Кракаўскага і Падуанскага універсітэтаў, бакалаўр свабодных навук і доктар медыцыны. У 1517 г. у Празе з друку выйшла «Библия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славного града Полоцька, Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению». Мэтай сваёй працы ён бачыў не толькі ўмацаванне ў “людей посполитых” хрысціянскай веры і маралі, але і іх “научение”. Таму ж спрыялі прадмовы, сказанні і пасляслоўі, народны каляндар – «Малая падарожная кніжыца са Святцамі і Пасхаліяй», выдадзеныя ў Вільні, іншыя творы, у якіх аўтар выявіў свае філасофскія, маральна-этычныя погляды і асветніцкія якасці. Апошняя выдадзеная ім кніга — «Апостал». Выдавецкая дзейнасць Скарыны значна наблізіла кнігу да чытача як па яе кошту, так і па даступнасці зместу. Характэрна і тое, што надрукаваная ім Біблія з’явілася на мове, зразумелай усім усходнім славянам. Яго подзвіг як грамадзяніна і гуманіста заключаўся і ў тым, што ён падрываў манаполію царквы на распаўсюджанне слова боскага, праз свае кнігі даваў магчымасць простым людзям самастойна далучыцца да духоўных і свецкіх каштоўнасцей. Нарэшце сваёй выдавецкай дзейнасцю ён надаваў магутны стымулюючы імпульс тым людзям свайго часу, якія ставілі сябе на службу ўсім “людзям посполитым”.
Новыя, уласцівыя эпосе Адраджэння гуманістычныя рысы, знайшлі ўвасабленне ў творах выдатнага беларускага паэта Міколы Гусоўскага (каля 1480 – пасля 1533). Напісаная ім у Рыме на лацінскай мове паэма “Песня пра зубра” і выдадзеная ў Кракаве (1523), яна прадстаўляла заходнееўрапейскаму чытачу Вялікае княства Літоўскае з яго багатай прыродай, мужным народам і мудрым князем Вітаўтам. Пранікнёныя і глыбока гуманістычныя ў сваёй аснове радкі з асуджэннем міжусобных войн, выказаная ідэя яднання ўсіх еўрапейцаў перад пагрозай знешняга нашэсця, характарызуе аўтара як патрыёта і прыхільніка мірнага, стваральнага жыцця народа ВКЛ на чале з моцным і мудрым кіраўніцтвам. На думку аўтара, зубр як сімвал гэтага народа велікадушна ставіцца да ўсіх, хто не нясе яму шкоды, і бывае бязлітасным, калі яму пагражае небяспека.
У 1529 г. быў прыняты і пачаў дзейнічаць Літоўскі Статут, які з’яўляўся не толькі зводам тагачасных законаў, але і ўзорам айчыннай палітычнай і прававой культуры. Асноўная ідэя Статута – вяршэнства закона для ўсіх – выводзіла яго аўтараў у ранг мысліцеляў сусветнага маштабу.
Эпоха Рэнесансу выклікала да жыцця па ўсёй Заходняй Еўропе, цэлы сацыяльна-палітычны рух – так званую Рэфармацыю, скіраваную супраць усеўладдзя каталіцкай царквы. У ВКЛ гэты працэс, акрамя іншага, даў моцны штуршок да з’яўлення новых ідэйна-рэлігійных плыняў, а разам з імі – да развіцця філасофскай думкі, пашырэння асветніцтва, адукацыі і кнігадрукавання.
Гэтым падзеям цалкам адпавядала дзейнасць Сымона Буднага (каля 1530 — ?) выпускніка Кракаўскага універсітэта, заснавальніка друкарняў у Нясвіжы (1562), (разам з Я. Кішкам) Лоску. Як прадстаўнік пратэстанцкай плыні, ён выдаў асновы рэфармацыйнага вучэння на беларускай мове “Катэхізіс”, творы «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» і пераклад Новага Запавету (1574). Гэтыя і іншыя працы С. Буднага, скіраваныя на духоўнае вызваленне асобы і спрыянне яе творчаму асэнсаванню рэлігійнага вучэння, мелі моцны гуманістычны патэнцыял і ў далейшым паўплывалі на погляды еўрапейскіх філосафаў.
Буднаму належаць палемічныя трактаты ў абарону вяршэнства закона, верацярпімасці, асветы народа, роднай мовы. Ён заклікаў да культурнага ўзбагачэння народаў, да супрацоўніцтва ўсіх славян, крытыкаваў праваслаўных святароў, якія адмяжоўваліся ад заходнееўрапейскай культуры. Сам жа хоць і валодаў многімі мовамі, але пастаянна пісаў на мове беларускай, заклікаў да яе выкарыстання.
Творчасць Васіля Цяпінскага (Амельяновіча) (каля 1540–?) як асветніка, пісьменніка і кнігавыдаўца таксама звязана з часам Рэфармацыі на Беларусі. Яму належыць першы пераклад і выданне на беларускую мову Евангелля ва ўласнай друкарні. Як шчыры патрыёт сваёй зямлі, Васіль Цяпінскі выступаў за выкарыстанне роднай мовы ў набажэнстве, навуцы, літаратуры, за навучанне на ёй дзяцей і г. д.
Пад уздзеяннем ідэй Рэнесансу і Рэфармацыі, а таксама асветнікаў-гуманістаў, стан адукацыі ў ВКЛ істотна палепшыўся. У параўнанні з ХІІІ-ХУ ст., калі пераважалі манастырскія, царкоўныя і прыватныя (пры маёнтках буйных феадалаў) школы, іх павялічылася, а па зместу яны набылі пераважна свецкі характар. З’яўленне ў дзяржаве друкаванай (рэлігійнай, палемічнай, свецкай і інш.) літаратуры павялічыла самастойнасць асобных сацыяльных і канфесійных груп у справе адукацыі. Аб’ектыўна таму ж спрыяла патрэба ўладных структур, рамеснікаў, купецтва і інш. у адукаваных людзях. Набытыя навучэнцамі веды можна было паглыбіць ва ўніверсітэтах Польшчы, Чэхіі, Германіі і іншых заходнееўрапейскіх краінах.
Адметнай асаблівасцю адукацыйных устаноў ВКЛ ХУІ ст. зрабілася перавага ў іх так званых брацкіх (адкрытых пад дабрачынных аб’яднанняў – “брацтваў”) школ, дзе на працягу 3-5 год навучаліся дзеці розных саслоўяў, як правіла, пратэстанцкага і праваслаўнага веравызнання. Кожная школа мела свае статут, змест і арганізацыю навучання. Менавіта брацтвы абіралі рэктара і настаўнікаў (дыдаскалы або бакаляры) школы. Пасля набыцця пачатковай адукацыі ў выглядзе элементарных навыкаў чытання і пісьма дзеці мусілі вувучаць “сем вольных навук” – “трывіўма” (граматыка, рыторыка, дыялекцыя???дыялектыка) і “квадрывіўма” (арыфметыка, геаметрыя, астраномія і музыка). У пратэстанцкіх школах выкладаліся багаслоўе і царкоўныя спевы, лацінская, грэчаская і родная мова, рыторыка, гісторыя, матэматыка. Выкарыстоўвалася групавая або класная урочная сістэма вучобы, у якой існаваў катэхізісны метад навучання, пабудаваны на пытаннях і адказах. У далейшым развіццё брацкіх школ у ХУІІ ст. прывяло да неабходнасці стварэння адпаведных падручнікаў для навучання грамаце, пісьму, чытанню.
Такім чынам, развіццё філасофскай, грамадска-палітычнай, рэлігійнай думкі, якое адбывалася ў рэчышчы гуманізму, станоўча адбілася на стане беларускай адукацыі. Прагрэсіўнасць гэтага працэсу назіралася ў збалансаваных суадносінах рэлігійнага і свецкага зместу школьных праграм, навучанні на роднай мове, рознага сацыяльнага складу навучэнцаў і г. д. І як вынік такой сістэмы навучання – магчымасць атрымання вышэйшай адукацыі ў еўрапейскіх універсітэтах, з’яўленне на Беларусі ўласнай плеяды асветнікаў-гуманістаў і патрыётаў сваёго краю, далейшае развіццё навуковай думкі і выдавецкай справы.
Выяўленчае мастацтва ВКЛ ХІУ-ХУІ стст. галоўным чынам прадстаўлена іканапісам, у якім візантыйская і ўсходнеславянская традыцыі набылі стылістычныя асаблівасцямі рэнесансу і барока. Станаўленне ўласна беларускай іканапіснай школы належыць да XV—XVI стст., калі пад уплывам рэнесансавых ідэй на змену ўмоўным вобразам прыходзіць выразнасць, суразмернасць прапорцый, пластычнасць. Біблейскія сюжэты сталі спалучаецца з жыццёвасцю вобразаў, этнаграфічнымі асаблівасцямі. У ліку самых ранніх тыпаў абразоў беларускага паходжання з’яўляюцца «Маці Боская Замілаванне» з Маларыты (XIV ст.), «Маці Боская Ерусалімская» з Пінска (XV ст.). Рэнесансавыя рысы ўласцівы — «Маці Боскай Смаленскай» з Дубінца (канец XV ст.), «Нараджэнню Багародзіцы» з Ляхаўцаў, «Пакланенню вешчуноў» з Дрысвят, «Параскеве Пятніцы» са Случчыны і інш.
Свецкі жывапіс ХУ ст. прадстаўлены партрэтамі арыстакратаў – віцебскай княжны Пракседы, вялікага князя Альгерда, магната Хадкевіча, слуцкага князя Алелькавіча, княгіні Ганны Радзівіл. У канцы XVI ст. ўзнікаюць гістарычны, батальны і іншыя жанры.
Жывапіснае мастацтва знайшло адбітак у рукапісным Лаўрышаўскім евангеллі (пачатак ХІУ ст.), аздобленым мініяцюрамі з выявамі святых. Друкаваныя кнігі Ф. Скарыны ўтрымліваюць шматлікія ілюстрацыі біблейскіх сюжэтаў, выкананыя аўтарам у рэнесансным стылі. Асаблівую мастацкую і гістарычную і каштоўнасць уяўляе аўтапартрэт вялікага гуманіста.
З’яўленне скульптуры была выклікана культавымі патрэбамі найперш каталіцкай царквы. «Распяцце» (XIV ст.), (в. Галубічы, Віцебскай вобл.) за-хоўвае рысы раманскага стылю. Больш характэрныя прыкметы эпохі Адраджэння захоўваюць выявы «Кацярыны Александрыйскай», «Лізаветы Венгерскай» (Пружанскі р-н), «Марыя з дзіцем» (Нясвіж). У касцёлах XV – пач. XVI стст. узводзяцца алтары са скульптурнымі выявамі святых.
Такім чынам, скульптура мела культавае прызначэнне і выконвалася мясцовымі майстрамі, невыпадкова таму выразных рэнесансных прыкмет яна не мела. Асноўным матэрыялам, які выкарыстоўваўся для іх вырабу, з’яўлялася дрэва, а не камень (мармур), як гэта было прынята ў заходнееўрапейскіх краінах.
Архітэктура беларускіх гарадоў мела больш выразныя, у параўнанні з жывапісам і скульптурай, заходнееўрапейскія традыцыі і стылі. У сувязі з распаўсюджваннем каталіцызму ў ХІУ-ХУ стст. тут пачалося будаўніцтва касцёлаў, у большасці, у стылі готыкі з уласцівымі ёй высокімі дахамі, стрэльчатымі аркамі і вокнамі-вітражамі. У іх ліку – касцёлы ў в. Ішкалдзь (Баранавіцкі раён), в. Уселюб (Навагрудскі раён), м. Іўе. Крыху пазней каталіцкія храмы былі ўзведзены у Новагародку (фарны касцёл), Клецку, Гародні, в. Гаранёны (Іўеўскі раён), в. Гнезна (Ваўкавыскі раён).
Лепшымі ўзорамі сінтэтычнага (раманскага і гатычнага) архітэктурнага стылю і таму названага беларускай готыкай прынята лічыць цэрквы ў Маламажэйкаве Шчучынскага раёна; Супраслі на Беласточчыне і Сынкавічах Зэльвенскага раёна (ХУ-ХУІ стст.), якія спалучалі ў сабе культавае і абарончае прызначэнне.
Уласцівай асаблівасцю беларускай архітэктуры часоў ВКЛ варта назваць мураваныя замкі-крэпасці ў Вільні, Гародні, Крэве, Лідзе, Новагародку, Троках, якія служылі месцамі пражывання князёў і, у выпадку неабходнасці, абарончымі пунктамі. У канцы ХУ ст. было пачата будаўніцтва замка магнатаў Ільінічаў у Міры, а ў сярэдзіне ХУІ – замка Радзівілаў у Нясвіжы.
Характэрнай асаблівасцю большасці ваенных, культавых, уладальніцкіх і іншых забудоў з’яўлялася іх абарончае прызначэнне. Па-другое, ні адзін з будынкаў не нагадваў класічнага ўзору таго ці іншага архітэктурнага стылю і ўвасабляў у сабе творчы падыход, мясцовыя традыцыі і майстэрства беларускіх дойлідаў.
У цэлым, архітэктура і выяўленчае мастацтва ХІУ-ХУІ стст. спалучалі ў сабе ўсе асноўныя стылі заходнееўрапейскай культуры, і ў той жа час захоўвалі беларускія нацыянальныя традыцыі, іх самабытнасць і адметнасць.
7. Беларуская культура складвалася на працягу стагоддзяў на аснове культуры ўсходнеславянскай. Яе ўзаемадзеянне, у асноўным, адбывалася на трох узроўнях – этнічным (паміж рознымі этнасамі адной дзяржавы), міжнацыянальным (паміж этнасамі суседніх дзяржаў) і цывілізацыйным (заснаваным на прынцыпова розных тыпах сацыяльнасці і каштоўнасных сістэм).
Станаўленне вызначальных жыццёвых ідэалаў і каштоўнасцяў беларускага народа адбылося ў пачатковы перыяд яго гісторыі – у эпоху Кіеўскай Русі, калі быў сфарміраваны праваслаўна-хрысціянскі генатып культуры славяна-рускай народнасці, калі сінтэз хрысціянскіх каштоўнасцяў візантыйскага кшталту з мясцова-язычніцкімі ўяўленнямі і традыцыямі паклалі пачатак новай самабытнай цывілізацыйнай супольнасці.
Хрысціянізацыя Русі замацавала славянскую мову і азбуку, распрацаваную балгарскімі манахамі Кірылам і Мяфодзіем, і тым вызначыла форму развіцця сярэднявяковай пісьменнасці і культуры. Пераклады на царкоўнаславянскую мову грэчаскіх багаслоўскіх прац падштурхнулі развіццё усходнеславянскай духоўнай культуры.
З прыняццем хрысціянства культурны працэс у заходніх княствах Кіеўскай Русі значна паскорыўся, хоць следы язычніцтва яшчэ працяглы час захоўваліся ў хрысціянскіх святах і абрадах. Еўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Клімент Смаляціч адыгралі вялікую ролю ва ўзбагачэнні духоўнага жыцця сваіх і суседніх княстваў.
У галіне мастацкай культуры хрысціянства прынесла на Беларусь мураваную манументальную архітэктуру, перш за ўсё культавую. Яно ж спрыяла з’яўленню і развіццю манументальнай мазаікі і фрэскі, іканапісу і духоўнай музыкі. Самабытнае развіццё набыў манументальны жывапіс, які ўвабраў у сябе народныя традыцыі і лепшыя візантыйскія ўзоры.
Візантыйскія каноны і традыцыі, асабліва ў галіне мастацтва аказвалі значны ўплыў на працэс культурнага развіцця Беларусі на працягу XI—XIII стст. Гэта знайшло адбітак у архітэктуры, пісьменстве, летапісанні, выяўленчым мастацтве, дзейнасці асветнікаў.
За час сумеснага існавання ў складзе Кіеўскай Русі (IX – пач. XIII стст.), у асноўным сфарміравалася даволі блізкая ў этнічным плане для ўсяго яе насельніцтва матэрыяльная і духоўная культура. Але пры ўсей супольнасці культуры Кіеўскай Русі на тэррыторыі сучаснай Беларусі яна мела свае характэрныя асаблівасці. Найбольш выразна яны выявіліся ў мастацтве Полацкай зямлі, дзе ўжо ў пачатку XII ст. склалася самабытная школа дойлідства, жывапісу, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
У часы ВКЛ гаспадарча-эканамічныя ўмовы, саслоўна-класавая структура, становішча ў сістэме дзяржаўнай улады, канфесійныя адрозненні паўплывалі на ўсю сукупнасць характэрных рыс беларусаў як этнічнай супольнасці. Асновой далейшага развіцця іх культуры з’явіліся яе формы, атрыманыя ў спадчыну ад папярэдняй эпохі і пакаленняў. Надзвычай фажным фактарам гэтага працэсу з’явілася тое, што беларуская мова стала дзяржаўнай.
Пад уплывам новых гістарычных умоў у культуры беларусаў узнікае мноства новых элементаў і тэндэнцый як мясцовага паходжання, так і запазычаных дасягненняў: як сваіх суседзяў, так агульнаеўрапейскіх. У выніку беларуская нацыянальная культура склалалася на аснове культуры беларусакага этнасу ва ўзаемадзеянні з культурамі іншых этнічных груп — літоўцаў, рускіх, палякаў, яўрэяў, татараў і іншых. Вынікам гэтых працэсаў з’явіліся самабытны характар беларусаў, асаблівасці іх светаўспрымання, мыслення і ладу жыцця.
Узбагачэнню беларускай культуры спрыяла заходняя палітыка кіраўніцтва ВКЛ (гандлёвыя сувязі беларускіх і заходнееўрапейскіх гарадоў, навучанне моладзі ў замежных універсітэтах і інш).
На фарміраванні ідэалаў і каштоўнасцяў беларусаў у перыяд ВКЛ плённа паспрыяў агульны духоўны ўздым, які ахапіў еўрапейскія краіны ў эпоху Адраджэння. Тысячагадовае сярэднявечча, заснаванае на панаванні царквы і падаўленні чалавечай асобы, саступала месца ідэалам чалавекалюбства, сілы чалавечага розуму, духоўнай і фізічнай прыгажосці і інш. Айчынная культура, якая ў той час вырастала са славяна-рускага кораню, творча асэнсоўвала заходнееўрапейскія культурныя каштоўнасці і ўбірала ў сябе тыя з іх, якія адпавядалі, найперш, каштоўнасцям хрысціянскім, агульначалавечым, агульнадзяржаўным.
Мала таго, беларуская духоўная культура выявіла здольнасць выка-заць сваё слова на выклік часу, вылучыўшы са свайго асяроддзя дзеячаў еўрапейскага тыпу, маштабу і значнасці. Буйнейшы ў іх ліку – Францыск Скарына, які на ўласным вопыце адчуў дабратворнае ўздзеянне адукацыі і даў магчымасць сваім суайчыннікам адчуць тое ж, упершыню ва ўсходнеславянскай традыцыі, надрукаваўшы Біблію на роднай мове. У той час, калі манапольныя правы на выданне і тлумачэнне Свяшчэннага пісання належалі царкве, ён палічыў неабходным забяспечыць свае кнігі ўласнымі прадмовамі і ка-ментарыямі. Ф. Скарына меў рацыю, калі казаў, што “не толико докторове а люди вченые в них разумеють, но всякий человек простый и посполитый, чтучы их или слухаючы, можеть поразумети, что ест потребно к душному спасению его».
Зварот Скарыны непасрэдна да людзей, іх розуму і сэрца, меў на мэце ўмацаванне хрысціянскіх каштоўнасцяў. Пры гэтым асветнік не акцэнтаваў ўвагі на канфесійных адрозненнях, таму яго творчасць з’яўляецца здабыткам усёй хрысціянскай цывілізацыі. З другога боку, як гуманіст у хрысціянскай сістэме каштоўнасцяў “веру ў бога” ён ставіў пасля “любові да бліжняга”, лічучы чалавекалюбства вышэйшым прынцыпам узаемаадносін паміж людзьмі, незалежна ад іх веравызнання, сацыяльнага ці этнічнага паходжання. З гэтай нагоды можна меркаваць, што славутая талерантнасць беларусаў сфарміравалася не без уздзеяння скарынінскай асветы. Скарына шмат увагі надаваў дабрабыту сваёй зямлі, заклікаў суайчыннікаў, у тым ліку дзяржаўных дзеячаў не шкадаваць «всякого тружания и скарбов для посполитого доброго и для отчины своея».
Несумненнай заслугай яго дзейнасці ў Празе і Вільні стала пашырэнне ў грамадстве тагачасных навуковых ведаў і ўзораў выяўленчага мастацтва, з’яўленне новых выдаўцоў і асветнікаў як у ВКЛ, так і за яго межамі.
Выразныя адраджэнскія рысы ўласцівы і твору М. Гусоўскага «Песня пра зубра». Па-сутнасці, гэта ўвасоблены ў паэтычную форму глыбока гуманістычны трактат з ідэямі справядлівага кіравання, сацыяльнага міру і дабрабыту простых людзей. Усе сімпатыі паэта на баку шырокіх народных пластоў, прычыну ж іх бедаў ён бачыць у несправядлівай палітыцы правіцеляў. Вершаваныя радкі, напоўненыя любоўю да роднага краю, валодаюць моцнай патрыятычнай і грамадзянскай энергетыкай. У сваёй паэме М. Гусоўскаму, як нікому іншаму, удалося адбіць наспелую патрэбу жыхароў ВКЛ у кансалідацыі, і, па вялікім рахунку, пацвердзіць удзел беларусаў у агульнацывілізацыйных працэсах фарміравання народнасці і ўтварэння асобнай цэнтралізаванай дзяржавы.
Тыя ж якасці і рысы эпохі Адраджэння ўласцівы зборніку законаў ВКЛ – Літоўскаму Статуту. Выдадзены на беларускай мове ў трох рэдакцыях (1529, 1566, 1588), ён, акрамя свайго прамога прызначэння, адыграў велізарную ролю ў фарміраванні палітычнай і прававой культуры, а таксама грамадзянскім выхаванні насельніцтва. Прызнаннем высокага аўтарытэту Статута могуць служыць факты прыктычнага выкарыстання яго многіх палажэнняў як у Рэчы Паспалітай, так і ў Расійскай імперыі.
Намаганнямі беларускіх асветнікаў устаноўкі на чалавекалюбства, пачуццё радзімы рабіліся элементамі культуры розных народных пластоў, укараняліся ў сацыяльнай, палітычнай, прававой, эканамічнай, рэлігійнай, культурнай галінах жыцця.
Пастаянны цесны кантакт беларускага насельніцтва з праваслаўна-візантыйскім і рымска-каталіцкім культурнымі рэгіёнамі, асобае становішча беларускіх зямель, якія знаходзіліся на перакрыжаванні гандлёвых шляхоў, водапазделаў Чорнага і Балтыйскага мораў, у геаграфічным цэнтры Еўропы, на межах з ваяўнічымі суседзямі, абумовілі пагранічны характар яго культуры. Так, беларуская рукапісная і друкаваная літаратура адчула ўсходні (візантыйска-праваслаўны) і заходні (каталіцкі і пратэстанцкі) уплыў. У выніку – пры выданні беларускіх кірылічных кніг захоўваліся прынцыпы візантыйскай эстэтыкі, а кнігі, надрукаваныя лацініцай, мелі заходняе афармленне.
У выніку беларускае грамадства набыло рысы сацыякультурнай самабытнасці, якая заключаецца ў тым, што беларускі народ адкідвае крайнасці палярных цывілізацыйных тыпаў і адначасова імкнецца сінтэзаваць іх пазітыўныя ўласцівасці і дасягненні, і ў выніку – застацца самой сабой. З аднаго боку, беларускі народ ўспрыняў лепшыя дасягненні ўсходняй і заходняй культур, стварыўшы ўласную арыгінальную і самабытную культуру. З другога боку, менавіта пагранічча і пастаяннае знаходжанне ў сферы розных культурна-цывілізацыйных уплываў не далі беларускай культуры магчымасці абраць свой шлях развіцця.
Лекцыя 5. Палітычнае, сацыяльна-эканамічнае і духоўна-культурнае становішча беларускіх зямель у складзе Рэчы Паспалітай
Пытанні
Люблінская унія і ўтварэнне Рэчы Паспалітай. Статут ВКЛ 1588 г.
Эвалюцыя дзяржаўнага і сацыяльна-палітычнага ладу на бела-рускіх землях
Працэс сацыяльнай і палітычнай кансалідацыі прывілеяваных
саслоўяў
Вынікі аграрнай рэформы 1557 г. Эканамічнае і юрыдычнае
становішча сялян.
Развіццё гарадоў: рамяство, мануфактурная вытворчасць
і гандаль.
1. Асноўнай прычынай, якая падштурхнула ВКЛ да збліжэння з Каронай, з’яўлялася самая працяглая ў яго гісторыі вайна з Маскоў-скай дзяржавай – так званая Лівонская вайна.
Пасля заваявання Казанскага (1552), Астраханскага (1556) ханстваў цар Іван Грозны рушыў войскі супраць Лівонскага ордэна, імкнучыся выйсці да Балтыйскага мора. На той час колішняя дзяржава крыжакоў канчаткова страціла былую магутнасць і ператварылася ў аб’ект геапалітычных інтарэсаў ВКЛ і Польшчы. Невыпадкова, калі ў 1558 г. рускія войскі захапілі некалькі яе крэпасцей, Жыгімонт ІІ Аўгуст абвясціў Лівонію пад сваім пратэктаратам. У выніку распачатай Лівонскай вайны беларускія землі ВКЛ зрабіліся арэнай баявых дзеянняў. У пачатку 1562 г. маскоўскiя войскi дайшлi да Шклова, Оршы, Вiцебска, а праз год, 15 лютага іх 60-тысячная армiя пры 200 гарматах захапіла Полацк.
Няўдалы для ВКЛ ход вайны прымусіў яго шляхту звярнуцца да Польшчы з просьбай аб ваеннай дапамозе. Пасля склікання шэрагу сеймаў (пад Віцебскам, у Вільні, Бельску і інш.) узнікла і замацавалася ідэя чарговай уніі, якую падтрымаў кароль Жыгiмонт II Аўгуст. Адпраўленыя ў Польшчу паслы прыступіліся да перагавораў.
Як вядома, да гэтага часу абедзве дзяржавы не раз прыходзiлi на дапамогу адна адной. Але на гэты раз польскiя магнаты вырашылi скарыстаць цяжкае становiшча княства ў сваіх мэтах, навязаўшы яго паслам свае ўмовы уніі, таму перагаворы зацягнуліся. Толькі 10 студзеня 1569 г. у Люблiне адкрыўся агульны сейм Польшчы i ВКЛ. 1 сакавіка большасць дэпутатаў апошняга, не пагадзіўшыся з польскiм праектам унii, пакiнула Люблiн. У тых умовах польскiя паслы дамагліся ад караля акта аб далучэннi Падляшша, Валынi, Падолля і Кіеўшчыны да Польшчы. У выніку ВКЛ змяншалася да этнiчнай беларускай i лiтоўскай тэрыторыi.
1 ліпеня 1569 г. акт Люблiнскай унii быў зацверджаны сеймам. У адпаведнасці з ёй, абвяшчалася аб’яднанне Польшчы (Кароны) i ВКЛ у федэратыўную дзяржаву – Рэч Паспалiтую (РП) на чале з адзіным манархам Жыгiмонтам II Аўгустам (1569-1572) і двухпалатным сеймам. Станоўчыя для ВКЛ наступствы уніі для выявіліся толькі праз 10 гадоў, калі войска РП вызваліла Полацк, а затым і ўсе астатнія беларускія землі.
Такім чынам, пераможнае заканчэнне Лівонскай вайны (1583) давала палітычнай эліце Кароны і ВКЛ трывалыя перспектывы далейшага ўмацавання агульнай дзяржаўнасці.
Пасля ўтварэння РП узаемаадносіны паміж Каронай і ВКЛ грунтаваліся не на прававой аснове, а на больш чым двухсотгадовай практыцы персанальных уній. Тым не менш польская шляхта валодала палітычнай ініцыятывай і мела магчымасць здзяйсняць свае інтарэсы на тэрыторыі ВКЛ. Таму, у прыватнасці, спрыяла яе пераважаўшае прадстаўніцтва ў сейме (134 дэпутаты са 180), а таксама месца яго склікання (выключна на тэрыторыі Кароны). Невыпадкова патрыятычна настроеная эліта Вялікага княства выказала клопат аб умацаванні самастойнасці сваёй дзяржавы. Так, у 1581 г. тут быў створаны Вышэйшы суд – “Галоўны лiтоўскi трыбунал” і пачалася праца па падрыхтоўцы новага Статута. У лiку распрацоўшчыкаў апошняга былі вiленскi ваявода, вялiкi гетман і падканцлер Леў Сапега, канцлер Астафiй Валовiч i iнш.
Новы Статут, абнародаваны ў 1588 г., уяўляў сабою не толькі звод законаў ВКЛ, а і прававую гарантыю самастойнасцi сваёй дзяржавы. Характэрна, што ў ім зусім не згадвалася аб стварэнні Рэчы Паспалітай.
Усе законы складаліся з 14 раздзелаў, кожны з якіх меў ад 9 да 105 артыкулаў (усяго 487). Яны ўвабралі нормы канстытуцыйнага, адміністрацыйнага, ваеннага, судова-працэсуальнага, шлюбна-сямейнага і апякунскага, спадчыннага, зямельнага, ляснога і паляўнічага, крымінальнага права.
Сістэматызацыя прававых норм у Статуце рабілася на новых прынцыпах, уласцівых для пераходнай эпохі ад Сярэдневечча да Новага часу: абмежаванне ўлады манарха і яго выбарнасць, наяўнасць трох (заканадаўчай, выканаўчай і судовай) галін улады; адзінства права для ўсёй дзяржавы і ўсіх свабодных людзей.
У нормах грамадзянскага, сямейнага, крымінальнага, прыродаахоўчага права адбіліся ідэі гуманізму. Так, у пэўнай ступені гарантаваліся маёмасныя і асабістыя правы мяшчан, абвяшчаўся прынцып асабістай адказнасці вінаватага; вольныя людзі ні за якое злачынства не маглі быць аддадзены ў рабства. Роўнымі з хрысціянамі правамі карысталіся яўрэі і татары. Абараняліся правы жанчыны, яе матэрыяльнае забеспячэнне пры разводзе, а таксама ўдавы і яе дзяцей. Прадугледжваалася крымінальная адказнасць шляхціча за забойства простага чалавека. Праўда, ад саслоўнай прыналежнасці залежалі і мера пакарання. Так, за забойства шляхціча спаганялася 100 копаў грошаў, а за чалядзіна — толькі 20.
Статут абагульніў тагачасныя і распрацаваў новыя дзяржаўна-прававыя ідэі, многія з якіх апярэджвалі свой час. Ён прасякнуты ідэяй усталявання прававой дзяржавы, у якой дзейнасць усіх дзяржаўных органаў і службовых асоб павінна адпавядаць закону.
Статут сцвярджаў, што найважнейшыя знешнепалiтычныя пытаннi (вайна i мiр, склiканне “паспалiтага рушання”) меў вырашаць толькi вальны сойм ВКЛ. Палякi не маглi набываць у ВКЛ зямлю i дзяржаўныя пасады, а на нованабытых тэрыторыях ім можна было асядаць толькi пры ўмове службы Вялiкаму княству. Фактычна новы звод законаў не прызнаваў i пераходу ўкраінскіх зямель пад польскую юрысдыкцыю.
Такім чынам, новы Статут не прадугледжваў ніякіх прывілеяў польскай шляхце, а стаў законам толькi дзякуючы збегу абставiн. Справа ў тым, што дэлегацыя ВКЛ не брала ўдзелу ў выбарах караля (1587) і таму абяцала прызнаць абранага Жыгiмонта III Вазу (1587-1634) сваiм манархам у абмен на зацвярджэнне Статута. У вынiку 28 студзеня 1588 г. на каранацыйным сейме Жыгiмонт ІІІ Ваза выдаў прывiлей, якiм зацвердзiў трэцi Статут ВКЛ i дазволiў яго надрукаваць. Так у ВКЛ набыў сiлу галоўнага закону звод новых прававых нормаў. Ён быў абавязковы як для ўсяго насельнiцтва княства, так i для чужаземцаў, калi тыя траплялi на тэрыторыю Беларусi i Лiтвы.
Палiтычны лад ВКЛ, замацаваны Статутам 1588 г., не адпавядаў таму яго становiшчу ў Рэчы Паспалітай, якое вызначыў Люблiнскi акт. Фармальна дзве дзяржавы аб’ядноўвалi толькi супольныя манарх i сойм. Асобнымi ж для ВКЛ былi скарб i манета, канцылярыя i пячаткi, трыбунал i ўрады, сваё войска i законы, урэшце – свая дзяржаўная мова. Выканаўчая ўлада ў княстве здзяйснялася ўласнай адміністрацыяй на чале з канцлерам.
Такім чынам, паглынання Каронай ВКЛ і нават утварэння ўнітарнай дзяржавы не адбылося. Кіруючым вярхам княства ўдалося захаваць яго самастойнасць у складзе федэратыўнай Рэчы Паспалітай.
2. У адпаведнасці з Люблінскай уніяй вышэйшымі органамі дзяржаўнай улады ў Рэчы Паспалітай былі кароль і парламент. Пасада караля з’яўлялася выбарнай, а парламент (сейм) складаўся з дзвюх палат – сената і пасольскай ізбы. Як вышэйшы кіруючы орган сенат (рада) фарміраваўся тэрмінам на два гады з найбольш знатных і ўплывовых прадстаўнікоў духоўных (на чале з арцыбіскупам гнезненскім) і свецкіх феадалаў, усяго да 150 чал. Больш за 200 дэпутатаў павятовых сеймікаў складалі пасольскую ізбу. Папярэдне абмеркаваныя пастановы аднагалосна прымаліся на агульным пасяджэнні сейма і пасля зацвярджэння іх каралём набывалі сілу закона. Іншая справа, што калі дэпутат, спасылаючыся на права liberum veto, галасаваў супраць, то адхіляўся ўвесь заканапраект.
Вышэйшая выканаўчая ўлада ўскладалася на караля: ён мусіў склікаць сеймы і паспалітае рушанне, прызначаць асоб на вышэйшыя пасады і інш. Акрамя таго, кожны кароль быў абавязаны падпісваць і захоўваць пэўны комплекс дамоў са сваімі выбаршчыкамі. Так, пасля смерцi Жыгiмонта II Аўгуста (1572) шляхта прад’явіла новаму каралю Генрыху Валуа (1573-1574) пэўныя ўмовы, якія знайшлі адбітак у двух актах – “Пакта канвента” і “Генрыкавых артыкулах”. Паводле першага дакумента, кароль абавязаўся праводзіць палітыку, скіраваную на ўмацаванне знешніх сувязяў з Францыяй. Паводле другога, яго паўнамоцтвы строга рэгламентаваліся, прычым, кожны чарговы кароль мусіў зацвярджаць гэтыя артыкулы. Характэрна, што сам Генрых іх не падпісаў і яны набылі законную сілу толькі пад час каранацыі Стэфана Баторыя (1576-1586). У адпаведнасцi з iмi, абвяшчаліся свабоднае абранне караля і свабода хрысціянскага веравызнання. Манарх быў абавязаны склiкаць сеймы ў Варшаве праз кожныя 2 гады (з тэрмінам працы 6 тыдняў), а ў асобных выпадках – часцей. Дзейнасць манарха кантралявалася 16 сенатарамі-рэзiдэнтамі, ён не меў права склікаць агульнае апалчэнне (паспалітае рушанне) і ўсталёўваць новыя падаткі без згоды сойма. Шляхта набывала правы стварэння аб’яднанняў (канфедэрацый) і ўзброеных сіл. Адмова караля выконваць прад’яўленыя артыкулы вызваляла шляхту ад падпарадкавання яму і апраўдвала ўзброенае супраціўленне (рокаш).
Такім чынам, Рэч Паспалітая ўяўляла сабою канстытуцыйную саслоўную манархію. Сам кароль лiчыўся “першым сярод роўных” i абавязваўся захоўваць “залатыя шляхецкія вольнасці”.
На працягу амаль ста гадоў пасля Люблінскай уніі ВКЛ у палітычнай сістэме Рэчы Паспалітай мела статус самастойнай дзяржавы са сваімі тэрыторыяй, вышэйшымі (генеральны сеймік, канцылярыя, літоўскі трыбунал) і мясцовымі ўладнымі структурамі, заканадаўствам (Статут 1588 г.), дзяржаўнай мовай, войскам, мытняй, скарбам і інш. У тых умовах літоўска-беларуская шляхта не выказвала імкненняў парваць адносіны з Каронай. Так, спроба Я. Радзівіла аднавіць незалежнасць ВКЛ пад пратэктаратам Швецыі (Кейданская унія 1655 г.) не знайшла падтрымкі шляхты.
Разам з тым пад уздзеяннем важных падзей (рэфармацыя, утварэнне уніяцкай царквы, контррэфармацыя, войны другой паловы ХУІІ ст.) уплыў польскай шляхты на ўнутрыпалітычнае жыццё ВКЛ значна ўзрос. У прыватнасці, колішняя рэлігійная верацярпімасць саступіла месца наступу каталікоў на правы іншаверцаў. Так, па закону 1668 г., прынятаму ў Рэчы Паспалітай, пераход з каталіцтва ў іншую веру пагражаў стратай маёмасці і вызнаннем за межы краіны. Па закону 1733 г. праваслаўная і пратэстанцкая шляхта губляла магчымасць быць абранымі ў сейм і галоўны трыбунал.
Вядома ж гэтыя мерапрыемтсвы не маглі адбыцца без удзелу беларускай шляхты, якая больш залежала ад мясцовых магнатаў, чым ад караля. Акрамя іншага, ёй ўдалося аднавіць дзейнасць свайго генеральнага сойміка, які збіраўся ў Вільні. У 1673 г. сейм Рэчы Паспалітай прыняў пастанову аб скліканні кожнага трэцяга агульнага заканадаўчага органа ў Гародні.
Гэтая ўступка літоўска-беларускай шляхце магла мець канструктыўны працяг у справе ўмацавання самастойнасці княства. Але яе асабістыя амбіцыі апынуліся мацней дзяржаўных інтарэсаў. Літоўска-беларуская шляхта адкрыта зайздросціла польскаму вышэйшаму саслоўю. Яе імкненне набыць такія ж “залатыя вольнасці”, далучыцца да “польскага народу шляхецкага” і тым узняць свой прэстыж, прымушала адмовіцца ад сваёй рэлігійнай (праваслаўнай) і нацыянальнай (беларускай) ідэнтычнасці на карысць каталіцкай і польскай. Адной з выразных прыкмет гэтай з’явы стала пастанова жнівеньскага сойму 1696 г., паводле якой шляхта ВКЛ дамаглася ад караля Рэчы Паспалітай увядзення на тэрыторыі княства польскай мовы ў якасці дзяржаўнай, замест беларускай. Тым самым дзяржаўнасць ВКЛ пазбавілася аднаго са сваіх важнейшых атрыбутаў. У выніку паміж саслоўямі шляхты з аднаго боку і сялянамі з мяшчанамі з другога – паглыбіўся раскол па рэлігійна-нацыянальнай прыкмеце. Прысутнасць на Беларусі так званага “польскага народу шляхецкага” ўзрасла, галоўным чынам, за кошт мясцовай знаці, якая занядбала інтарэсамі сваёй дзяржавы.
Пры гэтым шляхта як вышэйшае саслоўе па меры развіцця эканамічных, палітычных, духоўна-культурных працэсаў губляла былую еднасць і распадалася на групоўкі на чале з магнатамі. Па-першае, кароль перанёс сваю рэзідэнцыю ў Варшаву, таму іх ўплыў у найбольшай ступені адчуваўся менавіта ў княстве. Па-сутнасці, мясцовыя сеймікі выконвалі волю магнатаў, як правіла ігнаруючы дзяржаўныя інтарэсы. У тых умовах нават вышэйшы заканадаўчы орган – сейм – пачынае даваць збой. Так, за час з 1652 па 1764 гг. у вынiку подкупаў магнатамі яго дэпутатаў 48 пасяджэнняў з 55 было сарвана з-за выкарыстання “лiберум вета”.
У другой палове ХУІІ ст. слабасць каралеўскай улады і нядзеездольнасць сейма выклікалі сутыкненні паміж магнацкімі групоўкамі Пацаў, Агінскіх, Сапегаў, якія суправаджаліся ахвярамі і разбурэннямі. У час Паўночнай вайны ў шляхецкіх колах узнікла так званая Вялікакняжацкая канфедэрацыя, якая падтрымала Пятра І.
У ХУІІІ ст. барацьба паміж магнацкімі групоўкамі (Патоцкiмi i Бранiцкiмi, Радзiвiламi i Чартарыскiмi) і прыхільнікамі розных (Слуцкай, Барскай, Таргавіцкай) канфедэрацый атрымала далейшае развіццё ў той час, як усё грамадства Рэчы Паспалітай чакала кардынальных рэформ. Характэрна, што літоўска-беларуская шляхта не патрабавала ніякіх прывілеяў ні для сябе, ні для ВКЛ. На яго тэрыторыі працягвалі дзейнічаць Статут 1588 г., мясцовая адміністрацыя, ранейшыя шляхецкія тытулы, але разам з тым – і польская мова ў якасці дзяржаўнай. Невыпадкова ў другой палове ХУІІІ ст. у грамадскай думцы Рэч Паспалітая яшчэ працягвала існаваць як дзяржава двух народаў – Кароны і ВКЛ. Нават апошні яе кароль – ураджэнец маёнтка Волчын Берасцейскага павета Станіслаў Панятоўскі тытулаваўся як стольнiк ВКЛ, а Тадэвуш Касцюшка называў сябе літвінам.
Паказальным фактам, які сведчыў аб паступовым зніжэнні статусу ВКЛ як асобнай дзяржавы, можна назваць прыняцце сеймам Канстытуцыі 3 мая 1791 года, у якой ні словам не прыгадвалася існаванне княства. З гэтай нагоды літоўска-беларускім дэпутатам сейма давялося дамагацца ад караля прызнання распрацаванай імі 20 кастрычніка 1792 г. “Узаемнай гарантыі двух народаў”. Такім чынам, пэўная аўтаномія ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай заставалася да апошніх дзён яе існавання.
3. У Статуце 1588 г., акрамя іншага адбіўся падзел насельніцтва ВКЛ на саслоўі: шляхту, духавенства, мяшчан і простых людзей. Пачатак фарміраванню саслоўнай структуры быў пакладзены яшчэ ў канцы ХІУ-першай палове ХУ ст., калі частка літоўскай знаці каталіцкага веравызнання, прыняўшы прывілеі і гербы польскай шляхты (1413) паспрабавала выказаць свой асобы статус у параўнанні з астатнім праваслаўным служылым баярствам. Тым не менш з цягам часу (1432, 1434) набілітацыя (ад лацінскага nobilis – высакародны, радавіты, знатны) апошняга таксама адбылася з наданнем яму тых жа правоў і прывілеяў, незалежна ад веравызнання. Такім чынам, узнікла кансалідаваная сацыяльная група, якая першай заявіла аб сваіх палітычных і эканамічных прыярытэтах і дамаглася ад вялікага князя іх юрыдычнага прызнання. Прывілеем Казіміра 1447 г. усе баяры, у тым ліку, пабратаная з палякамі “шляхта”, набывалі асобыя эканамічныя (распараджэння вотчыннай маёмасцю), юрыдычныя (асабістая недатыкальнасць і інш.) правы. У 1522 г. вальны сойм вызначыў парадак доказу прыналежнасці тых ці іншых асоб да шляхты, каб прадухіліць пранікненне ў яго асяроддзе прадстаўнікоў падатковага насельніцтва. Тым самым вызначылася тэндэнцыя да замацавання існуючай сацыяльнай групы як прывілеяванага саслоўя пад запазычанай у палякаў назвай “шляхта” (szlachta), якая ў сваю чаргу паходзіў ад нямецкага “Geschlecht” (рыцар). Новы тэрмін замацаваўся значна пазней, а да сярэдзіны ХУІ ст., ён суіснаваў разам з тэрмінамі “князі”, “баяры” і “зямяне”.
Саслоўе феадалаў, якое займала пануючае становішча ў эканамічных і прававых адносінах, не ўяўляла сабой адзінага цэлага і падраздзялялася на шэраг груп, прыналежнасць да якіх залежала ад радавітасці (Рурыкавічы, Гедымінавічы і інш.), памераў землеўладання, колькасці залежных людзей, займаемай пасады ў дзяржаўным апараце і інш. Да ліку найбольш знатнай, багатай і ўплывовай шляхты варта аднесці магнатаў, якія мелі тытулы князёў і паноў (паны радныя, паны харугоўныя). У іх ліку – Алелькавічы, Валовічы, Гальшанскія, Гаштольды, Глябовічы, Ільінічы, Кішкі, Радзівілы, Пацы, Сангушкі, Тышкевічы, Хадкевічы, Чартарыйскія. Кожнаму з іх належалі велізарныя латыфундыі і не менш 1000 сялянскіх дымоў. Магнаты карысталіся ўсёй паўнатой маёмасных, асабістых і палітычных правоў. Іх маёнткі-вотчыны ўяўлялі сабой «дзяржавы ў дзяржаве». Яны мелі ўласныя ўзброеныя сілы, якія камплектаваліся з васальна-залежнай ад іх дробнай шляхты (баяр) і часткова сялян (панцырных баяр). Атрады такіх феадалаў, як князі Слуцкія, Радзівілы, Хадкевічы, складаліся з некалькі тысяч чалавек. Буйныя феадалы займалі ўсе найбольш важныя дзяржаўныя або прыдворныя пасады, якія прыносілі ім велізарныя прыбыткі.
Другую, сярэднюю групу складалі сярэднія феадалы, якія называ-ліся ў XVI ст. зямянамі-шляхтай і валодалі «добрай аселасцю», г. зн. добрым іменем, усяго каля 650 шляхцічаў, якія валодалі ад 21 да 500 сялянскімі дымамі. Незадоўга да падпісання Люблінскай уніі разам з магнатамі ім належала 48, 4 % сялянскіх гаспадарак. Зямянам-шляхце ў феадальнай іерархіі адводзілася больш сціплае становішча. Яны займалі другарадныя пасады ў дзяржаўным апараце і знаходзіліся ў васальнай залежнасці ад князёў і паноў.
Да трэцяй, ніжэйшай групы шляхецкага саслоўя адносілася служылая шляхта – баяры, зямяне, якія за службу вялікаму князю або магнату атрымоўвалі невялікі надзел зямлі і самі працавалі на ім. Дробныя феадалы маглі займаць мясцовыя нязначныя дзяржаўныя пасады, знаходзіліся ў васальнай залежнасці ад багацейшых феадалаў.
Прававое становішча шляхты, у параўнанні з іншымі саслоўямі, было абаронена найлепшым чынам. Толькі шляхціч меў права займаць пасады ў дзяржаўным апараце і судзе, свабодна купляць і прадаваць маёнткі, валодаць феадальна залежнымі сялянамі, без аплаты пошліны (мыта) вывозіць на продаж за мяжу прадукты, вырабленыя ў сваёй гаспадарцы, удзельнічаць у павятовых сойміках і быць абраным у дэпутаты на вальны сойм. Шляхцічу гарантавалася асабістая свабода, ён быў вызвалены ад падаткаў і павіннасцей, за выключэннем ваеннай службы і падаткаў на вайну.
Па рашэнні вялікага князя з Радай і асобных магнатаў для мяшчан і сялян, якія неслі ваенную (баярскую) службу быў магчымы пераход у шляхецкае саслоўе. Прыналежнасць да вышэйшага саслоўя можна было страціць у сувязі з учыненым шляхцічам злачынствам, але па рашэнні суда. Тое ж магло адбыцца, калі шляхціч пачаў здабываць сабе сродкі да існавання, займаючыся рамяством або гандлем.
Да вышэйшага саслоўя адносілася духавенства хрысціянскага веравызнання, за выключэннем манаства. Акрамя таго, царква ператварылася ў буйнога феадала, якому належалі значныя зямельныя ўладанні і залежнае сялянства.
4. У канцы ХУ-пачатку ХУІ стст. асноўнымі вытворчымі адзінкамі былі сялянскія гаспадаркі – «дымы», маёнткі феадалаў – двары, а таксама фальваркі. Аснову гаспадаркі складала зямляробства. Сялянскае землекарыстанне было надзельным і абшчынным. Сяляне адной вёскі сумесна з феадалам карысталіся лясамі, сенажацямі, пашай, вадаёмамі.
Важнай урадавай пастановай, накіраванай на павелічэнне даходнасці і таварнасці феадальных гаспадарак, была «Устава на валокі» 1557 г. У гэтым законе ўсе землі прызнаваліся ўласнасцю дзяржавы або феадала, у тым ліку і тыя, якія належалі сялянам па звычаёваму праву “отчыны”, “дзедзіны” і інш. Статут 1566 г. пацвердзіў новае палажэнне і, акрамя таго, забараніў сялянам яе куплю-продаж. Такім чынам, усе сяляне пазбаўляліся зямельнай уласнасці, а ў выніку “валочнай памеры” атрымалі зямлю – надзелы і ўчасткі (на абшчынным полі) у карыстанне разам з комплексам абавязковых павіннасцяў.
Дробная шляхта абавязана была даказаць сваю прыналежнасць да вышэйшага саслоўя і свае правы на зямельнае ўладанне. Пры адсутнасці адпаведных дакументаў яна пазбаўляліся азначаных правоў і разглядалася як арандатар зямлі або пераводзілася ў разрад падатковага насельніцтва. У некаторых выпадках дробнаму шляхцічу ўзамен ранейшага ўладання выдзяляўся іншы ўчастак, як правіла, горшай якасці і за межамі зноў створаных фальваркаў – “за сцяной”, і такіх уладальнікаў сталі называць засцянковай шляхтай.
Аграрная рэформа, распачатая Жыгімонтам ІІ Аўгустам у 1557 г. у вялікакняскіх уладаннях Літвы, Заходняй Беларусі і часткова Украіны, завяршылася каля 1570 г. У Цэнтральнай і Усходняй Беларусі яна праводзілася да канца ХУІІ ст.
Разам з панскім дваром, гаспадарка якога забяспечвала ўнутраныя патрэбы землеўладальніка, пашырыліся фальваркі, зарыентаваныя на вытворчасць сельскагаспадарчых прадуктаў і іх продаж на рынку. Замацаванне за кожнай фальваркавай валокай 7 сялянскіх забяспечвала высокую даходнасць гаспадарак. Іншая справа, што самі сяляне неахвотна бралі адведзеную ім валоку зямлі, паколькі памер падаткаў у параўнанні з ранейшай сістэмай (“са службы”, “з дыму” і інш.) рэзка павялічваўся. За карыстанне зямлёй у эканоміях і прыватных ўладаннях для сялян ўсталёўваліся тыя павіннасці, якія больш адпавядалі эканамічным інтарэсам іх гаспадароў. У сваёй большасці від гэтых павіннасцяў абумовіў падзел сялянства на цяглых і асадных (аброчных). Паводле Статутаў 1566 і 1588 гг. пражыванне “пахожых” у аднаго гаспадара на працягу 10 гадоў ператварала іх у тых жа прыгонных, а час пошуку ўцекачоў павялічваўся з 10 да 20 г.
На ўсходзе краіны, дзе аграрная рэформа завяршылася пазней, фальваркава-паншчынная сістэма не зрабілася дамінуючай. Таму тут асноўнымі павіннасцямі сялян заставаліся грашовая (чынш) і прадуктовая рэнта. Тут жа захавалася абшчыннае землекарыстанне.
Аграрная рэформа, у цэлым, выклікала нездавальненне сялян. Пэўная іх колькасць, каб зменшыць аб’ём падаткаў, брала толькі палову валокі, а астатнія, патрэбныя для існавання гаспадаркі землі, шукала далей ад вачэй панскіх служак. Іншыя сяляне ў тых жа мэтах пісалі просьбы аб пераводзе іх у іншыя катэгорыі падатковага насельніцтва. Нарэшце, у адказ на ўзмацненне эканамічнага прыгнёту і асабістай свабоды сяляне ўцякалі ад сваіх гаспадароў. Так, толькі з 1590 па 1647 гг. у адмін-страцыі Радзівілаў было заведзена больш 200 спраў на ўцекачоў. Але сістэма дзяржаўнага кіравання і феадальнага гаспадарання ў Рэчы Паспалітай была дастаткова моцнай, каб прымусіць падатковае насельніцтва выконваць павіннасці на карысць уладальнікаў зямлі. У выніку “валочнай памеры”, удасканалення арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці, упарадкавання сістэмы падаткаабкладання і інш. мерапрыемстваў адбылося пашырэнне плошчы ворных зямель і росту прадукцыйнасці працы. У сельскай гаспадарцы стаў назірацца пэўны ўздым. Фальваркі, створаныя на захадзе і ў цэнтры краіны, давалі ўстойлівы прыбытак.
Такім чынам, ў выніку ажыццяўлення аграрнай рэформы 1557 г. у сельскагаспадарчым сектары, па-першае адбылося ўсталяванне фальваркава-паншчыннай сістэмы. Па-другое, змянілася сістэма падаткаабкладання: замест падворнага (дым, служба) прынцыпу ўводзіўся пазямельны (ад валокі). Па-трэцяе, укаранілася тэхналогія трохпольнага севазвароту, у выніку чаго павысілася прадукцыйнасць працы, даходнасць гаспадарак істотна ўзрасла, узмацнілася іх сувязь з рынкам. Па-чацвёртае, на захадзе і ў цэнтры Беларусі назіраліся разбурэнне сялянскага абшчыннага і пераход да падворнага землекарыстання. Па-пятае, адбылося канчатковае запрыгоньванне сялянства.
У выніку разбуральных войн з сяр. ХVII-20-х гг. ХУІІІ ст. Беларусь трапіла ў паласу эканамiчнага заняпаду. Ён быў абумоўлены найперш рэзкім скарачэннем (забойствы, палон, смерць ад голаду і хвароб) сялянскага насельніцтва – непасрэдных вытворцаў харчовых прадуктаў і сыравіны. Так, у 1672 г. у маёнтку Паставы загінулі амаль усе сяляне, а ў самім мястэчку і трох навакольных вёсках ацалела толькі пяць сем’яў. Многія дзяржаўныя, панскія, царкоўныя землеўладанні Гародзенскага, Ашмянскага, Браслаўскага паветаў і нават цэлых ваяводстваў – Менскага, Полацкага, Мсціслаўскае, Берасцейскае былі цалкам разбураны і пазбавіліся большасці работнікаў. Яшчэ большае спусташэнне спасцігла беларускія гарады. У выніку толькі з 1650 па 1673 гг. колькасць насельніцтва Беларусі скарацілася з 2, 9 млн чал. да 1, 4.
Наступная, Паўночная вайна прынесла чарговыя людскія страты: было забіта, загінула ад голаду і хвароб трэць насельніцтва з 2, 1 млн чал. Сялянства і мяшчане былі абавязаны пастаўляць шведскім і рускім войскам правіянт, фураж, жывёлу. Акрамя таго, іх знаходжанне на тэрыторыі Беларусі суправаджалася рабаўніцтвам маёнткаў, знішчэннем усяго каштоўнага, што магло спатрэбіцца праціўніку. У выніку цэлыя рэгіёны трапілі ў запусценне. Сялянскія надзелы істотна скараціліся. Мноства дзяржаўных ворыўных зямель заставалася неапрацаваным. Так, у пачатку ХУІІІ ст. пуставала 41% валок у Брэсцкай, 71,5 % - у Гародзенскай эканоміях.
Кожны раз, пасля чарговай ваеннай навалы дзяржаўная і ўладальніцкая адміністрацыя прыкладалі намаганні да аднаўлення сваіх і сялянскіх гаспадарак. У мэтах аднаўлення фальваркаў дзяржаўныя эканоміі і асобныя ўладальнікі ішлі на часовую перадачу пасяўных плошчаў сялянам у карыстанне, абмежаваўшы іх павіннасці чыншам і аброкам. Па-другое, сялянам дазвалялася распрацоўваць новыя ўчасткі ў мясцовасці, занятай лесам. У выніку сяляне мелі магчымасць не толькі падрыхтаваць урадлівую глебу, але і скарыстаць ссечаную драўніну для будаўніцтва, паліва і іншых мэтаў. Па-трэцяе, асобныя паны запрашалі ў свае ўладанні на ільготных умовах (нават бясплатна) сялян, якім дазвалялі ўзяць столькі зямлі, колькі тыя маглі апрацаваць. Вядома ж, з паляпшэннем гаспадарчых спраў уладальнік ізноў аднаўляў павіннасці ў поўным аб’ёме.
Вядома, кожны з землеўладальнікаў імкнуўся палепшыць свой дабрабыт. Больш заможныя i дальнабачныя з іх не спяшалiся рабiць гэта за кошт сваiх прыгонных, даючы iм магчымасць аднавiць разбураную гаспадарку, i толькi потым у поўнай меры ўзмацнялi павiннасцi. Большасць жа дробнай шляхты, якая не мела шмат зямлі, выкарыстоўвала традыцыйны спосаб атрымання даходу - праз ўзмацненне эксплуатацыi прыгонных сялян, што, далёка не заўсёды давала станоўчы вынік. Менавіта на іх землях з-за крайняга збяднення сялян і страты імі надзелаў з’яўляліся агароднікі, халупнікі, кутнікі, якія не маглі плаціць падаткі ў поўным аб’ёме на карысць уладальнікаў зямлі.
Ва ўмовах развіцця фальваркаў і не звязаных з рынкам панскіх двароў асноўнымi павiннасцямi сялян заставалiся паншчына, чынш, прадуктовы падатак і інш. Як правiла, сярэднi памер сялянскага надзелу складаўся з паўвалокi.
Да сярэдзіны ХУІІІ ст. на захадзе Беларусі паншчына займала галоўнае месца сярод iншых павiннасцей і стала складаць да 8–12 i нават 16 дзён на тыдзень з цяглавай валокi. Да адпрацовачных павiннасцей таксама адносiлiся гвалты (усёй сям’ёй 12 разоў на год: лесапавал, стагаванне, жнiво), шарваркi (рамонтныя i будаўнiчыя работы); падводная павiннасць (1-2 разы на год або 15 злотых), старажоўшчына (2-4 чал. ад вёскi штодня на двор гаспадара); начная варта. Штогод сяляне плацiлi падымнае, прадуктовы аброк (дзякла).
Буйныя феадальныя ўладаннi належалi дзяржаве, асабiста каралю (эканомii), магнатам і царкве. Акрамя таго, феадальнай знацi ў другой палове ХVIII ст. належала 58 гарадоў i мястэчак. У канцы ХVIII ст. 16-цi магнацкiм родам належала 30% усiх сялян Беларусi. Маёнтак сярэдняга шляхцiча складаўся з некалькiх вёсак. Ва ўладаннi дробнага шляхцiча (зямянiна або панцырнага баярына) знаходзiлася ад 1 вёскi да некалькiх cялян.
Да сяр. ХVIII ст. фальваркавая гаспадарка трывала замацавалася на захадзе Беларусi. Асноўнай культурай, якая вырошчвалася на продаж, з’яўлялася азiмае жыта. Акрамя таго, вырошчваліся ячмень, авёс, проса, пшаніца, грэчка, тэхнічныя культуры, садавіна і гародніна.
Кожны ўладальнiк у меру сваiх патрэб скарыстоўваў розныя спосабы павышэння сваiх даходаў. У ХVIII ст. распаўсюдзiлася практыка перадачы маёнткаў з сялянамi або нават цэлых населеных пунктаў i тэрыторый у арэнду купцам за пэўную суму грошай. У такiх выпадках самi арандатары бралi на сябе клопат збору падаткаў, у вынiку чаго рэзка пагаршалася становiшча падаткаплацельшчыкаў i ў той цi iншай мясцовасцi рэзка ўзрастала сацыяльная напружанасць. Так, у вынiку шматлiкiх злоўжыванняў арандатараў у Крычаўскiм старостве з 1740 па 1744 г. адбывалася паўстанне на чале з Васiлём Вашчылам. Крыху пазней, у 1750-ыя гады такое ж паўстанне адбылося на Каменшчыне. Абодва паўстанні былі жорстка падаўлены рэгулярнымi войскамi. Тым, не менш уладальнікі тамтэйшых зямель (Радзівіл і віленскі капітул) былі вымушаны пайсці на змяншэнне сялянскіх павіннасцей.
Такая сістэма феадальнага гаспадарання і сялянскіх павіннасцей існавала да апошняга падзелу Рэчы Паспалітай. Усе сяляне падзяляліся на людзей гаспадарскіх, (залежных непасрэдна ад вялікакняскай гаспадарчай адміністрацыі), людзей панскіх (уладальніцкіх, залежных ад асобных феадалаў), і царкоўных (залежных ад цэркваў, манастыроў і вышэйшага духавенства). Асноўную масу феадальна залежных сялян складалі людзі цяглыя, асадныя, агароднікі і даннікі. Цяглы сялянскі двор мог карыстацца адной валокай зямлі і абавязаны быў несці наступныя павіннасці: адпрацоўваць баршчыну па два дні на тыдзень са сваімі прыладамі працы (дадаткова летам яшчэ чатыры дні талок), рамантаваць і будаваць масты, дарогі, замкі, несці вартавую службу, касіць сена для маёнтка, выконваць падводную навіннасць, плаціць грашовы (чынш) і натуральны падаткі.
Асадныя сяляне баршчыны не выконвалі, а абавязаны былі плаціць 30 грошаў і адпрацоўваць 12 дзён талок, або ўзамен іх уносіць 12 грошаў. Акрамя таго, яны павінны былі несці і іншыя павіннасці: плаціць сярэбшчыну, касіць сена і інш.
У найбольш цяжкім становішчы знаходзіліся сяляне-агароднікі. Іх зямельныя надзелы былі роўныя тром маргам зямлі (1,6–1,8 га). Асноўнай іх павіннасцю была паншчына па адным дні на тыдзень і дадаткова на працягу лета шэсць дзён на жніве або праполцы. У сувязі з тым, што адна валока зямлі дзялілася на 10— 12 сем'яў агароднікаў, яны адбывалі 10—12 дзён баршчыны з адной валокі на тыдзень.
Асаблівае становішча сярод сельскага насельніцтва займалі сяляне-даннікі. Размер іх ворных зямель не быў вызначаны і залежаў ад колькасці працаздольных асоб у гаспадарцы, наяўнасці прылад вытворчасці і жывёлы, а таксама ад магчымасці асваення цалінных земляў у дадзенай мясцовасці. Павіннасці даннікаў вызначаліся ў залежнасці ад агульных абавязкаў, якія накладаліся на вёску або воласць у цэлым. Самі сяляне на агульнай сходцы выбіралі сабе старца, які з’яўляўся мясцовай службовай асобай, размяркоўвалі павіннасці па сялянскіх гаспадарках-«дымах». Сабраныя з даннікаў грашовыя і натуральныя падаткі старцы абавязаны былі здаваць мясцовым прадстаўнікам дзяржаўнай адміністрацыі. Падаткі, якія збіраліся з сялян-даннікаў, захоўвалі старадаўнія назвы, такія, як палюддзе, дзякла (падатак натурай: аўсом, сенам), куніца (прыкладна ад 6 да 12 грошаў), сярэбшчына (грашовы падатак, які ішоў на ваенныя патрэбы), стацыя (прадукты харчавання вялікаму князю або яго прадстаўнікам у час іх знаходжання ў дадзенай мясцовасці). Акрамя таго, з сялян-даннікаў даніна бралася мёдам, шкурамі баброў, куніц і іншых жывёл. Сяляне-даннікі былі абавязаны выконваць работы па ўтрыманні і будаўніцтву замкаў, мастоў, дарог, несці вартавую службу, прымаць удзел у ваенных паходах. Яны не былі падпарадкаваны непасрэдна якому-небудзь феадалу, выконвалі павіннасці толькі на карысць вялікага князя або дзяржавы. Стварэнне новых фальваркаў і прыпіска да іх былых свабодных сялян-даннікаў, а таксама падараванні цэлых вёсак і валасцей асобным феадалам прывялі да таго, што колькасць сялян-даннікаў рэзка скарац-лася, а за іх кошт узрасла колькасць цяглых сялян.
Сяляне-слугі па сваім сацыяльна-эканамічным і юрыдычным становішчы адрозніваліся ад асноўнай масы сялянства. У дзяржаўных уладаннях на захадзе Беларусі былі шматліка прадстаўлены сяляне-прамыславікі – стральцы, асочнікі. Сяляне-рамеснікі былі больш колькасна прадстаўлены ў часы інтэнсіўнага развіцця фальварачнай гаспадаркі.
З сярэдзіны XVI ст. тэрмінам “баярын” (“баярын панцырны”, “баярын путны”) сталі абазначаць і асоб сялянскага саслоўя, асноўнай павіннасцю якіх была ваенная ці кур’ерская служба. У другой палове XVI ст. яшчэ выступаў ранейшы тэрмін “слуга”, “чалавек”, “служка”, але з канца XVI ст. ён саступіў месца тэрміну “баярын”. Сяляне-слугі ў 60-я гады XVI – 20-я гады XVII ст. мелі на 0,15 – 0,2 валокі больш, чым у цяглыя і чыншавыя сялян. Але ў 30-я гады XVII – пачатку 60-х гадоў XVIII ст. забяспечанасць зямлёй слуг-сялян з цяглымі і чыншавымі амаль зраўнялася.
Акрамя ўказаных катэгорый сялян, у сёлах пражывалі беззямельныя асобы — халупнікі, якія мелі толькі сваё жыллё — хату (халупу), і кутнікі, што туліліся па чужых кутах. Не маючы сваіх сродкаў вытворчасці, яны вымушаны былі наймацца ў работнікі да феадалаў, багатых гараджан і сялян або займацца рамяством. Гаротны маёмасным стан агароднікаў, халупнікаў, кутнікаў быў выкліканы, як правіла, ваенным часам, свавольствам уладальніка і іншымі абставінамі. У першай палове ХУІІІ ст. гэтыя катэгорыі складалі 1/10 ўсяго сялянства. Але іх роля ў працэсе сельскагаспадарчай вытворчасці, роўна як і доля ў суме агульных павіннасцей усіх сялян была нязначнай.
Самай бяспраўнай часткай насельніцтва працягвала заставацца чэлядзь нявольная. Колькасць яе значна скарацілася з-за пераводу феадаламі ў стан агароднікаў. Азінай крыніцай з’яўлення чэлядзі нявольнай быў ваенны палон.
Пасля рэформы сялянскае саслоўе зрабілася больш сацыяльна аднародным. Характэрным адрозненнем яго маёмаснага стану пасля рэформы 1557 г. і ўступлення ў сілу Статута 1588 г. зрабілася поўнае пазбаўленне ўласных зямель і такая ж поўная асабістая залежнасць ад уладальніка (дзяржавы, пана, царквы). Такім чынам, залежнасці ад ускладзеных павіннасцей і маёмаснага стану сялянскае саслоўе складалася з цяглых, асадных сялян, агароднікаў, халупнікаў, кутнікаў і сялян-слуг. Асноўная павіннасць цяглых сялян заключалася ў выкананні паншчыны са сваім інвентаром на зямлі ўладальніка, выкананні гвалтаў, талок, падводнай, старажовай і інш. відаў прац. Акрамя таго, цяглыя мусілі плаціць натуральны аброк. Асадныя (чыншавыя, аброчныя) сяляне не выконвалі паншчыны, іх павіннасць заключалася ў выплаце грашовага (чыншу) і прадуктовага аброку і былі заняты тымі ж працамі, што і цяглыя.
Прававое становішча ўсіх катэгорый сялян характарызавалася іх палітычным бяспраўем, абмежаванай праваздольнасцю, павышанай крымінальнай адказнасцю. Ім забаранялася займаць пасады ў дзяржаўным апараце. Яны не дапускаліся на соймы. Іх удзел у палітычным жыцці абмяжоўваўся толькі мясцовымі валаснымі справамі, правам на падачу ўраду чалабітных на незаконныя дзеянні адміністрацыі, правам голаса ў абшчыне. Асноўнае абмежаванне правоў сялян заключалася ў адмаўленні права ўласнасці на зямлю і ў забароне набываць ва ўласнасць маёнткі і землі. Селянін меў пэўную свабоду ў здзяйсненні грашова-гандлёвых аперацый.За рознага кшталту правіннасці селянін падлягаў суду гаспадара, які караў у адпаведнасці з існаваўшым заканадаўствам. За забойства селяніна гаспадар нёс крымінальную адказнасць. Прыгонных сялян дазвалялася прадаваць іншаму ўладальніку, але выключна з зямлёй і сумесна з астатнімі членамі сям’і.
У Канстытуцыі 3 мая 1791 г. была прадпрынята спроба юрыдычнага і сацыяльна-экнамічнага паляпшэння становішча сялянства, але яна не прынесла станоўчага выніку. Пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі іх становішча зрабілася яшчэ горшым.
5. У прамой i непасрэднай залежнасцi ад сельскай гаспадаркi знаходзiлiся гарадскiя рамёствы i гандаль. Дзякуючы аграрнай рэформе, уздыму сельскагаспадарчай вытворчасці і актывізацыі таварна-грашовых адносін назіраўся рост гарадоў і мястэчак. З другой паловы ХУІ да сярэдзіны ХУІІ ст. на Беларусі іх колькасць павялічылася з 382 да 462. Гарады з’яўляліся цэнтрамі вытворчасці рамесных вырабаў і гандлю, выконвалі адміністрацыйную, абарончую, культурную і іншыя функцыі. Мястэчкам гэта не было ўласцівыя. Гэтых паселішчы (да 300 дамоў) размяшчаліся ў аграрных раёнах, фарміруючы жыхарства з сельскіх рамеснікаў, дробных гандляроў, сялян, беглых прыгонных і інш., а разам з імі – своеасаблівае, блізкае да народа культурнае асяроддзе.
У кожным з буйнейшых гарадоў – Полацку, Магілёве, Віцебску, Берасці, Пінску пражывала каля 10 тыс. чал. Менавіта там вызначыўся імклівы рост рамяства. Так, у другой палове ХУІІ ст. у Магілёве існавала 80 рамесніцкіх прафесій, Берасці – да 68, Менску – 50 і г.д.
Да гэтага часу ўзраслі і ўзмацніліся рамесныя аб’яднанні – цэхі. Вядома, што ў 16 гарадах існавала 112 цэхаў. На тым этапе свайго развіцця яны адыгрывалі прагрэсіўную ролю, выпрацоўваючы адзіныя прынцыпы і правілы вырабу і продажу сваіх вырабаў.
Уздым сельскай гаспадаркі і рамяства стымуляваў пашырэнне гандлёвых сувязей унутры краіны, спрыяў фарміраванню новых рынкаў. Найбольш прывабнымі гарадамі для беларускіх купцоў за межамі ВКЛ з’яўляліся Варшава, Люблін, Познань, куды вывозіліся фрукты, скуры і вырабы з іх. Адтуль жа везлі тканіну і металічныя вырабы. За межы Рэчы Паспалітай, у Крулявец і Рыгу вывозілі збожжа, лён, пяньку, а прывозілі соль, сялёдку, сукно. Усходнія гарады Беларусі актыўна гандлявалі з Маскоўскай дзяржавай.
Разам з рамяством і гандлем развівалася гарадское жыццё, у адпаведнасці з правам на самакіраванне, нададзеным вялікім князем, каралём або ўладальнікам зямлі. Войны кожны раз пакідалі істотны адбітак на складзе насельніцтва, але яго саслоўны склад заставаўся нязменным. Тут яшчэ ў ХУ ст. сфарміравалася яшчэ адно, уласцівае феадальнаму грамадству і атрымаўшае назву “мяшчане” саслоўе, куды ўваходзілі жыхары горада – заможныя рамеснікі, купцы і гандляры, якія складалі адну ўстойлівую супольнасць, плацілі асноўную колькасць падаткаў, мелі выключныя правы ў выбарах і працы гарадскога кіраўніцтва (магістрата). Такім чынам, назва “мешчанін” сведчыла аб дастаткова высокім сацыяльным статусе яго ўладальніка. Іншыя жыхары – бедныя рамеснікі, чаляднікі, партачы і інш., хоць і валодалі пэўнай маёмасцю і плацілі сваю долю падаткаў, але істотнага ўплыву на жыццё горада не аказвалі. Нарэшце існавала сацыяльная група гарадскіх нізоў – “гульцяёў”, “людзей лёзных” і інш., якія існавалі за кошт выпадковых заробкаў або жабрацтва.
Вылучэнне гараджан у асобнае саслоўе знайшло адбітак у тэрміне «мяшчане», які паходзіць ад беларускай назвы горада (“месца”) і атрымаў устойлівае распаўсюджанне ў другой палове XV ст. Так, у дагаворах Полацка з Рыгай яшчэ дамінуюць «гараджане» (1330), «му-жи полочане» (1407), а ў грамаце 1465 г. ужо згадваюцца “мяшчане”.
Вялікі князь або той ці іншы магнат даваў (ці прадаваў) жыхарам многіх беларускіх гарадоў адмысловыя граматы на магдэбургскае права, якія дазвалялі ім ствараць уласныя органы кіравання на чале з войтам, бурмістрамі і радцамі, не падуладныя дзяржаўным у асобе ваяводы або старасты. Мяшчане ўсіх дзяржаўных гарадоў былі асабіста свабоднымі людзьмі, ім гарантавалася права ўласнасці на маёмасць, а ў некаторых выпадках нават на маёнткі. Ім дазвалялася ўдзельнічаць у мясцовых сходах (соймах), дзе разгля-даліся гарадскія справы. Яны мелі права аб’ядноўвацца ў цэхі, купецкія карпарацыі, рэлігійна-асветніцкія і дабрачынныя арганізацыі – брацтвы.
Па маёмаснаму становішчу гарадскія жыхары падзяляліся на тры асноўныя групы. Вярхі гараджан складалі заможныя купцы, якія займаліся аптовым гандлем, і ўласнікі буйных рамесных майстэрань, якія мелі ў сваім распараджэнні чаляднікаў і вучняў. Ва ўладанні вярхушкі магла быць зямля, якая апрацоўвалася залежнымі ад іх сялянамі. У такіх выпадках уладальнікі былі абавязаны выконваць ваенную павіннасць асабіста або выстаўляючы замест сябе ратніка.
У сярэднюю групу уваходзілі дробныя гандляры і рамеснікі, якія валодалі неабходнымі прыладамі працы і невялікай маёмасцю (дом).
Найбольш бедную частку мяшчан складалі чаляднікі, вучні майстроў, найміты, хатняя прыслуга. Усе яны належалі да разраду «чорных людзей». Прававое гарадскіх нізоў нагадвала становішча феадальна-залежных людзей. Адрозненне заключалася толькі ў тым, што чаляднік і вучні маглі пайсці ад свайго гаспадара (майстра), разлічыўшыся з ім за даўгі.
Прававое становішча мешчаніна залежала ад таго, у якім горадзе ён жыў, да якой групы ён адносіўся па свайму маёмаснаму становішчу. Найбольш шырокімі правамі валодалі вярхі мяшчан Вільні, Полацка, Берасця, Менска і іншых буйных гарадоў, якія карысталіся магдэбургскім правам і адмысловымі ільготнымі граматамі. Яны былі вызвалены ад уплаты праязных пошлін (мыта) на ўсёй тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага і ад падводнай павіннасці. Меншым комплексам правоў валодалі жыхары гарадоў і мястэчкаў, якія не атрымалі ільготных грамат.
Кіраванне гарадскімі справамі ў гарадах з магдэбургскім правам, знаходзілася, у асноўным, у руках гарадской вярхушкі. Па сваім маёмасным становішчы яны набліжаліся да феадалаў, хоць і не адносіліся да вышэйшага саслоўя.
Рэгламентацыя рамеснай вытворчасці праз цэхі, гандлю – праз брацтвы (гільдыі), рэлігійнага – праз прыходы, нацыянальнага – праз абшчыны (зямляцтвы), культурнага жыцця і інш. адбывалася ў прававым полі і знаходзіла падтрымку магістрата. Спроба змяніць існуючы парадак сустракала з яго боку гарадской рады адпор, аб чым, у прыватнасці, сведчаць паўстанні ў Магілёве (1610) і Віцебску (1623).
У выніку вайны 1648-1651 гг. найбольшыя страты панеслі гарады на поўдні і паўднёвым усходзе – Берасце, Пінск, Тураў, Мазыр, Рэчыца, Гомель і інш. Яшчэ большымі разбурэннямі скончылася вайна Расіі з Рэччу Паспалітай, калі амаль цалкам былі знішчаны Мсціслаў, Віцебск, Орша, Ляхавічы і інш. Колькасць жыхароў у Магілёве, Полацку, Быхаве рэзка скарацілася. Калі ў 1650 г. у Гародні налічвалася 130 рамеснікаў, то ў 1680 – толькі 12. Мноства майстроў былі вывезены ў палон. Вядома, што з іх удзелам будавалася Гранавітая палата ў Маскве, палац Аляксея Міхайлавіча ў Каломенскім і інш. Заняпад 22 беларускіх гарадоў быў настолькі моцным, што сейм Рэчы Паспалітай прыняў пастанову аб вызваленні іх насельніцтва ад падаткаў тэрмінам на 4 гады.
Пад час Паўночнай вайны моцна пацярпелі ўсходнія гарады Беларусі – Мсціслаў, Орша, Віцебск, Магілёў. Шведы спалілі Мір, Клецк, Ляхавічы, Нясвіж, разрабавалі Гародню, Пінск, Новагародак, Ліду, Менск, Магілёў. Як вядома, рамесная вытворчасць амаль поўнасцю залежала ад вёскі, адпаведна, гарады і мястэчкі вярталіся да нармальнага жыцця толькі пасля ўздыму сельскай гаспадаркі і паступленняў з вёскі прадуктаў і сыравіны. Становішча нармалізавалася не хутка.
З прычыны міжусобнай барацьбы магнацкіх груповак парушаўся парадак узаемаадносін гарадскіх і дзяржаўных улад на карысць апошніх. Пашырылася практыка перадачы феадалам у арэнду права збору падаткаў. Адначасова ўзмацніліся захопы феадаламі ўладанняў, якія належалі гарадам, а разам з тым – павелічэнне падатковага цяжару на мяшчан. Нарэшце, у гэты час узрасла разбуральная для гарадскога купецтва канкурэнцыя з боку каталіцкага духавенства, якое пражывала ў юрыдыках і таксама развівала свой гандаль, асабліва спіртовымі напоямі. Палярызаваная структура гарадской абшчыны абумовіла вострыя сацыяльныя супярэчнасці, галоўным чынам, з-за злоўжывання ратманаў, бургамістраў і войтаў.
У другой палове ХУІІІ ст. у сістэме карпаратыўныя арганізацыі рамеснiкаў выявіліся прыкметы разлажэння. Па-першае, 10-25% ра-меснікаў не выказвалі зацікаўленасці ва ўваходжанні ў цэхі і працавалі самастойна. Па-другое, у параўнанні з ХУІІІ ст. скарацілася колькасць цэхаў (у Менску з 11 да 9, Магілёве – з 17 да 9, Гародні – з 8 да 7, Шклове – з 11 да 4). Тым не менш, колькасны рост рамеснікаў у гарадах узрастаў. Павялічвалася і колькасць прафесій, звязаных з маталаапрацоўкай, пашывам адзення, будаўніцтвам. У асобных мес-цах выявілася пэўная спецыялізацыя: у Капылі – прадзенне, ткацтва, пашыў адзення; Слуцку – вытворчасць гарбарных вырабаў і зброі).
Змяншэнне ролі цэхаў звязана таксама са зменамі ў гандлі рамеснымі вырабамі, калі збыт прадукцыі поўнасцю бралі на сябе скупшчыкі. Яны ж сталі забяспечваць рамеснікаў грашыма і сыравінай і тым, ставілі іх у залежнасць ад сябе. Пры гэтым, пэўная колькасць вытворцаў магла быць занята і ў майстэрнях сваіх больш заможных калег па цэху, якія не залежалі ад скупшчыкаў і самастойна збывалі сваю прадукцыю спажыўцам. У любым выпадку рамеснікі ператвараліся ў наёмных рабочых і паступова гублялі патрэбу ў цэхавай арганізацыі, якая перастала абараняць іх інтарэсы.
Новай з’явай у эканамiчным жыццi Беларусi першай паловы ХVIII ст. зрабiлася зараджэнне i развiццё мануфактурнай вытворчасцi. У адрозненне ад майстэрань, дзе ўвесь вытворчы працэс адбываўся на сіламі самога ўладальнiка – майстра з удзелам чалядніка і вучняў, мануфактура ўяўляла сабой прадпрыемства, якое належала купцу або феадалу, але ўладальнікі самi не выраблялi прадукцыю, а наймалi для гэтых мэтаў майстроў i рабочых. Па-другое, на гэтых прадпрыемствах пачалi выкарыстоўвацца механiчныя прылады працы (станкi). Характэрнай прыкметай мануфактуры з’яўляецца ўзнікненне падзелу працы. Так, на Гродзенскай суконнай мануфактуры калі кожны з рабочых выконваў даручаную ім аперацыю: часаў воўну, праў ніткі, ткаў палатно, фарбаваў яго і інш.
На Беларусi першыя такія прадпрыемствы адрознiвалiся ад заходнееўрапейскiх тым, што большасць з іх належала феадалам, а рабочымi з’яўлялiся іх прыгонныя (вотчынныя мануфактуры).
У пачатку ХУІІІ ст. у ліку першых мануфактур ўзнiк так званы шкляны завод у Налiбоках, Стаўбцоўскага пав.; у канцы 30-х гг. ХVIII ст. – буйнейшы ў Рэчы Паспалітай – Урэцкi шкляны завод у Слуцкiм пав., дзе быў наладжаны выпуск крыштальнага посуду i люстраў. Такiя ж заводы былi наладжаны ў м. Iлья, Мiнскага пав. i маёнтку Мыш Наваградскага пав. У м. Свержань, Стаўбцоўскага пав. пачаўся выпуск фаянсавага посуду, у маёнтку Вiшнёва Ашмянскага пав. – прамысло-вая апрацоўка жалеза, у м. Ружаны – вытворчасць сукна i палатна.
Адначасова ў гарадах і мястэчках, сталi ўзнiкаць i купецкiя мануфактуры, на якіх працавалi асабіста свабодныя найміты. Колькасць купецкiх мануфактур значна саступала вотчынным з прычыны слабай канкурэнтаздольнасцi першых: выкарыстанне наёмнай працы было значна даражэй за працу прыгонных. З другога боку, назiралася тэндэнцыя да паступовага пашырэння выкарыстання на тых самых вотчынных мануфактурах менавiта наймітаў, бо прадукцыйнасць працы прыгоннага сялянства, не зацiкаўленага ў яе вынiках, не магла не адбiвацца на якасцi прадукцыi. Так, на заснаванай у 1758 г. М.-К. Радзiвiлам у Слуцку фабрыцы паясоў (“персіярні”) разам з прыгоннымi працавалi i мяшчане. Выкарыстанне 24 станкоў, кожны з якіх абслугоўваўся 2 рабочымі, дазваляла выпускаць да 200 паясоў у год.
У 60-70 гг. ХVIII ст. па загаду караля галоўны ўпраўляючы эканомiямi А. Тызенгауз заснаваў больш за 20 мануфактур у Гароднi, фабрыкi залатой i срэбранай нiтак, па выпуску шаўковых вырабаў, панчох, капелюшоў, карэт i iнш. Тут працавала каля 1500 пастаянных рабочых. Акрамя іх, сюды запрашаліся майстры з Францыі, Італіі, Германіі. У Магілёве ў 1786 г. існавала 22 гарбарныя і 2 цагляныя заводы. Да канца ХУІІІ ст. пад назвай “фабрыка” або “завод” на Беларусі налічвалася ўжо звыш 250 мануфактур.
Але ж асноўную масу прамысловых тавараў па-ранейшаму давалі рамесныя майстэрнi, захаваўшыя замкнёныя цэхавыя структуры.
Пэўнаму ўздыму эканомiкi спрыяла некаторае ўпарадкаванне дзяржаўнага кіравання. У 1760-70-х гг. былi праведзены адмiнiстрацыйныя рэформы, узмацнiўшыя апарат улады, нагляд за гандлем, фiнансы. У прыватнасцi, у 1764 i 1775 гг. урад Рэчы Паспалітай увёў “генеральную мытную пошлiну”, у тым лiку для шляхты, духавенства i караля, а ўсе ўнутраныя мытнi скасоўвалiся. Ляхвярскi працэнт быў значна абмежаваны. У 1766 г. уводзіліся адзi-ныя меры вагi, аб’ёму i даўжынi.
Беларускае купецтва вывозiла на знешнi рынак у асноўным сельскагаспадарчыя тавары, лес, вырабы з драўнiны. Iх спажыўцамi з’яўлялiся ў асноўным жыхары Польшчы, Прусii, Расii. Блiжэйшымi гандлёвымi цэнтрамi з’яўлялiся Гданьск і Крулявец. Прывозiлася тканiна, вырабы з жалеза, медзь, галантарэя, прадметы раскошы. У развiццi ўнутранага гандлю ўсё большую ролю адыгрывалi кiрмашы, буйнейшыя з якiх былi ў Менску, Шклове, Бешанковiчах, Зельве. У Гароднi, Кобрыне, Паставах пры мануфактурах адчыняліся крамы. Развiццю гандлю спрыяла пабудова сухапутных сродкаў зносiн – трактаў, накшталт Пiнска-Слонiмскага i Пiнска-Валынскага.Па-ранейшаму важнейшымi сродкамi зносiн былi рэкi. У 1767-1784 гг. былi пабудаваны каналы, злучыўшыя басейны Нёмана з Дняпром (канал Агiнскага) i Прыпяцi з Бугам.
З сярэдзiны ХVIII ст. у Рэчы Паспалітай, у тым ліку на Беларусі, намецiўся пэўны эканамiчны ўздым. Адным з прыкмет таго быў рост гарадоў і гарадскога насельніцтва. У гэты час тут icнаваў 41 горад i 397 мястэчак з агульнай колькасцю жыхароў 370 тыс. чал або 11% ад 3, 6 млн. насельнiцтва.
У эканоміцы Рэчы Паспалітай па-ранейшаму панаваў феадальна спосаб вытворчасцi, заснаваны на эксплуатацыi прыгоннага сялянства. У нетрах феадальнага грамадства сталi зараджацца новыя пласты насельнiцтва – прамысловая буржуазiя i наёмныя рабочыя. Але iх роля ў эканамiчныя i палiтычным жыццi яшчэ заставалася зусiм слабай. У адрозненне ад Заходняй Еўропы, на Беларусі захоўвалася панаванне аграрна-рамеснай цывілізацыі.
Лекцыя 6. Рэлігія і культура на беларускіх землях у складзе Рэчы Паспалітай. Беларусь у войнах ХVІІ-ХVІІІ стст. Крызіс Рэчы Паспалітай
Пытанні
Рэфармацыя і контррэфармацыя. Канфесійныя адносіны
на тэрыторыі Беларусі ў XVI-XVIIІ стст.
Брэсцкая царкоўна-рэлігійная унія. Фарміраванне і дзейнасць
уніяцкай царквы.
3. Культура Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай.
4. Беларусь у войнах (ХVІІ-ХVІІІ стст.)
5. Палітычны крызіс Рэчы Паспалітай і яе падзелы.
1. У ХУІ ст. каталіцкая супольнасць Заходняй Еўропы была ўцягнута ў працяглую міжусобную барацьбу. Асноўная прычына, якая выклікала яе, заключалася ў незадавальненні большасці вернікаў вярхушкай каталіцкай царквы на чале з папам рымскім, якая сканцэнтравалі ў сваіх руках неабмежаваную ўладу і велізарныя багацці. Вернікі абураліся амаральнымі паводзі-намі як папскага атачэння, так і шматлікага манаства. Незадавальненне выказвалі свецкія феадалы і нацыянальная буржуазія, якія адчувалі палітычны ўціск з боку каталіцкіх іерархаў, а таксама марылі аб адабранні ў царквы матэрыяльных каштоўнасцяў у выглядзе зямель, нерухомай маёмасці, золата і інш. Характэрна тое, што незадавальненне станам рэлігійнага жыцця сталі выказваць самі каталіцкія багасловы – прафесар Оксфардскага універсітэта Джон Уікліф (1320-1384), прафесар Пражскага універсітэта Ян Гус (1369-1415) і іншыя. Асабліваму асуджэнню з іх боку падвяргаліся продаж індульгенцый і царкоўных пасад, паборы з насельніцтва на патрэбы царквы. Пры гэтым сумленныя багасловы ставілі пад сумненне права царквы адпускаць грахі і выказвалі патрэбу ў выданні Бібліі не толькі на лацінскай, але і на роднай для вернікаў мове.
Такім чынам, паступова ўзнікла і аформілася ідэя аб удасканаленні (рэфармаванні) царквы – ад кіравання ёю да зместу веравучэння. Яе пашырэнню і ўмацаванню спрыялі такія станоўчыя змены ў грамадстве, як уздым цiкавасцi да антычнай культуры і распаўсюджанне гуманiзму, на фоне якіх некаторыя каталіцкія каштоўнасці сталі губляць сваю значнасць. Гуманiсты выступалi з крытыкай неабмежаванай манархіі, саслоўнага ладу i спрыялі фарміраванню новай свецкай ідэалогіі. Пачатак Рэфармацыі як сацыяльна-палітычнага руху пад лозунгам рэлігійнага абнаўлення звязваецца з абвяшчэннем 31 кастрычнiка 1517 г. прафесарам тэалогii Вiтэнбергскага універсітэта Марцінам Лютэрам так званых 95 тэзiсаў. Ён упершыню заяўляў аб неабходнасці апраўдання грахоў не грашыма (праз куплю індульгенцый) а верай; адкідваў вучэнне аб чысцiлiшчы, малiтве за памерлых i выратаваннi заслугамi святых і інш. У далейшым Лютэр выступіў супраць пасрэднiцтва святароў паміж Богам і вернікамі, супраць улады Папы над душамi хрысцiян.
У 1520 г. Лютэр спалiў папскае пасланне аб адлучэнні ад царквы i абгрунтаваў прыярытэт свецкай улады над царкоўнай. Частка мясцовых князёў неадкладна ажыццявiла гэтую iдэю ў сваiх уладаннях. Праз тры гады па пастанове Шпеерскага рэйхстагу кожны князь набываў права абiраць тую ці іншую рэлiгiю для сябе i сваiх падданых. Такім чынам, лютэранства набывала законнае права на існаванне. Спроба германскага імператара скасаваць азначаную пастанову выклікала пратэст князёў-лютэран і далейшую барацьбу за права вызнаваць “лютэранства”, якая паспяхова скончылася ў 1555 г.
З гэтага ж часу новая плынь у хрысціянстве набыла больш шырокую назву – “пратэстантызм”, які аб’ядноўваў не толькі лютэран, а і іншых праціўнікаў папы рымскага і афіцыйнага каталіцкага веравучэння, тым ліку паслядоўнікаў французскага багаслова Жан Кальвiна (1509-1564), які жыў у Швейцарыі. Як і лютэране, кальвіністы надавалі важнейшую ўвагу дагмату аб выратаванні верай і лічылі важнейшай крыніцай веравучэння Свяшчэннае Пісанне (Стары і Новы Запавет), а не Свяшчэннае паданне. Многія ўласцівыя каталіцызму рысы: арганізацыя (вяршэнства папы, іерархія, манаства), веравучэнне (чысцілішча, святыя, большасць таінстваў), пышная абраднасць былі адкінуты. Пры гэтым асноўнай ідэяй кальвінізму з’яўлялася ідэя перадвызначэння лёсу людзей, абумоўленай непадзельным панаваннем волі Боскай. Сама вера лічылася свабодным дарам Бога, якая не залежыць ад чалавечых намаганняў, і паколькi шляхi Гасподнi лічыліся непазнанымі, то нiхто не мог ведаць свайго лёсу. Тым не менш, ад усiх патрабавалася гатоўнасць да божага абрання і выратавання. Для падтрымання такой гатоўнасцi i стваралася новая царква як саюз вернiкаў з унутранай рэгламентацыяй паводзiн. У вынiку Кальвін не толькi ўзначаліў новую царкву. Уся Жэнева была ператворана ў адзiную рэлiгiйную суполку. Пры гэтым тут праследавалiся п’янства, абжорства, нават гучны смех на вулiцах.
У Англii Рэфармацыю ўзначалiў сам кароль Генрых VIII (1519-1577), але толькi пасля таго, як пасварыўся з Папам Рымскiм. У 1533 г. парламент прыняў закон аб вяршэнстве караля над царквой, а праз год Генрых абвясцiў сябе яе кiраўнiком. На некаторы час захоўвалiся каталiцкiя абраднасць i дагматы. Пры каралеве Лiзавеце (1558-1603) канчаткова склалася i зрабiлася пануючай пратэстанцкая (англiканская) царква.
Такім чынам, новае веравучэнне адкідвала аўтарытэт каталіцкай царквы ў пытаннях веры і царкоўнай арганізацыі; адзначалася, што для выратавання душы вернiка не патрабуецца пасрэднiцтва царквы, таму адмаўлялася неабходнасць яе iснавання з усёй iерархiяй на чале з папам рымскiм. Адзiнай крынiцай веры было абвешчана Свяшчэннае пiсанне – Бiблiя, а Свяшчэннае паданне адкідвалася. Акрамя таго, новае веравызнанне максімальна набліжалася да зместу Бібліі, таму адмаўляла шанаванне святых, крыжа, ікон, мошчаў; адмаўлялася права царквы здымаць грахі. Шэраг таінстваў адкідваўся або набываў іншы змест. Iдэолагi Рэфармацыi дамагліся адмены царкоўнай дзесяцiны i пышнага каталiцкага культу, секулярызацыi царкоўнай маёмасцi на карысць дзяржавы i прыватных асоб, стварэння танных нацыянальных цэркваў на прынцыпах самакіравання.
У кожным рэгіёне Заходняй Еўропы распаўсюджанне пратэстанцкіх ідэй мела свае асаблівасці і наступствы. Так, у шэрагу краін (Германія, Нідэрланды, Францыя) Рэфармацыя прычынілася да жорсткіх крывавых падзей, але прынесла перамогу пратэстантам. Што датычыць Рэчы Паспалітай, то традыцыйна моцныя пазіцыі каталіцтва ў Польшчы забяспечылі яго непахіснасць, але ў ВКЛ знайшліся сілы, зацікаўленыя ва ўкараненні новай рэлігіі – кальвінізма.
На Беларусi Рэфармацыя была абумоўлена глыбокiмi сацыяльна-гiстарычнымi прычынамi i паўплывала на ўсе бакi народнага жыцця. Рост гарадоў, развiццё рамяства i гандлю, абвастрэнне класавых супярэчнасцей, сутыкненне эканамiчных i палiтычных iнтарэсаў розных сацыяльных груп, агульны культурны ўздым і інш. стваралi спрыяльныя ўмовы для яе пашырэння. Гараджане iмкнулiся вызвалiцца ад феадальнай залежнасцi, магнаты i шляхта разлiчвалi захапiць багацце i зямельныя ўладаннi касцёлаў, гарадскiя нiзы змагалiся супраць уцiску свецкiх i царкоўных феадалаў. Толькі сялянскiя масы не прынялi шырокага ўдзелу.
Ёсць звесткі, што да сярэдзiны ХVI стагоддзя на Беларусі сталі ўзнікаць лютэранскія абшчыны. Але кальвiнiзм больш адпавядаў вольнасцям магнатаў i шляхты. У 1553 г. да яго далучыўся вялiкi канцлер i вiленскi ваявода Мiкалай Радзiвiл (Чорны) (1515-1565), які заснаваў у Берасцi першы на Беларусi кальвiнскi збор i друкарню. Ён жа стаў галоўным пратэктарам кальвiнiзму ў ВКЛ, закрыў у сваiх уладаннях 187 каталiцкiх храмаў, канфiскаваў iх зямельны фонд i маёмасць, а падданых перавёў у кальвінізм.
Рэфармацыю падтрымалi гетман найвышэйшы Мiкалай Радзiвiл (Руды), Кiшкi, Сапегi, Хадкевiчы, Тышкевiчы i iншыя буйныя феадалы. Дробная шляхта звычайна прытрымлівалася ранейшай веры. Гарадская эліта (вярхушка мяшчанства), зацікаўленая ў ліквідацыі юрыдык і аслабленні касцёла, таксама падзяляла кальвінізм.
У 1550-я гг. у духу кальвiнiзму былі рэфармаваны храмы ў Нясвiжы, Берасці, Клецку, Ляхавiчах, Койданаве, Наваградку, пазней у Вiцебску, Мiнску, Полацку, Глыбокiм, Iвянцы, Оршы, Смаргонi i iнш. Пры новых абшчынах вернікаў адкрывалiся школы, шпiталi, друкарнi (Берасце, Нясвiж, Лоск).
У 1560-х гг. з асяроддзя кальвіністаў ВКЛ вылучыліся так званыя антытрынітарыі або арыяне – прыхільнікі вучэння багаслова Арыя, якi адмаўляў трыадзіную сутнасць Бога. Прадстаўнікі новай плыні крытыкавалi асновы феадалiзму, патрабавалі скасаваць халопства, палепшыць становiшча сялян.
Пераемнiкамi антытрынiтарыяў былi сацыяне (заснавальнiк – Фауст Cоцын) – прадстаўнікі ўжо менш радыкальнай плыні, якія выступалi за верацярпiмасць і аддзяленне царквы ад дзяржавы. Усяго да 1591 года ў межах ВКЛ налiчвалася 207 пратэстанцкiх збораў, з якiх падаўляючая большасць (189) належала кальвiнiстам.
Лютэранская плынь пратэстанцтва распаўсюджання ў ВКЛ не атрымала. У ХУІІ ст. дзве яе абшчыны існавалі ў Вільні, у 1630-я гг. – лютэранскі збор у Гайцюнішках.
Рэфармацыя паўплывала на пашырэнне кнiгадрукавання, развiццё лiтаратуры i мастацтва, асветнiцкую дзейнасць. Публiцыстыка пратэстантаў узбагацiла змест беларускай лiтаратуры, яе тэматыку, жанры i стылi. На беларускай мове выдавалi свае творы кальвiнiсты – Васiль Цяпiнскi i Сымон Будны, што ўмацоўвала літаратурную мову і пашырала кола яе прыхільнікаў.
Разам з тым, нягледзячы на пэўныя намаганні (кнігадрукаванне, вывучэнне беларускай мовы ў школах) ні адна з пратэстанцкіх канфесій не здолела зрабіцца нацыянальнай.
У мэтах аднаўлення былой палітычнай, эканамічнай і ідэалагічнай магутнасці каталiцкая царква мусiла мабілізаваць сілы для барацьбы з рэлiгiйным iншадумствам і рэфармацыйнымi плынямi. На кастрах былi спалены Д. Бруна, Д. Ванiнi, праследавалiся Т. Кампанела, Г. Галiлей; арганiзоўвалiся пагромы пратэстантаў (Варфаламееўская ноч у Парыжы 1572), рэлiгiйныя войны (Трыццацiгадовая вайна 1618-1648). У 1559 г. быў вызначаны першы “Iндэкс забароненых кнiг”. У тых жа мэтах актывізавалася дзейнасць манаскiх ордэнаў, у тым ліку ордэна Таварыства Icуса.
У 1564 г. езуіты пачалі дзейнічаць ў Польшчы, а праз 5 год – яны з’явіліся ў сталіцу ВКЛ па запрашэнні віленскага біскупа. У 1570 г. іх ужо налічвалася 300 чал., у тым ліку – ідэолаг контррэфармацыі Пётр Скарга, Антоні Пасевіна і інш. У 1570 г. езуіты адкрылі ў Вільні сваю сярэднюю навучальную ўстанову – калегіум, які ў 1579 г. набыў статус акадэміі. Менавіта праз адукацыю навучэнскай моладзі прышчаплялася каталіцкая вера і контррэфармацыйныя ідэі. З апорай на ўплывовую каталіцкую шляхту езуітам удавалася зачыняць пратэстанцкія, а таксама праваслаўныя культурна-асветніцкія ўстановы – школы і друкарні. Варта заўважыць, што беларускія землі ў планах Ватыкана ўяўлялі сабой своеасаблівы плацдарм для пранікнення на Ўсход – праз Маскоўскае царства, у Індыю і Кітай.
Езуіты пачалі будаваць па ўсёй Еўропе свае храмы, узяўшы за канон сабор Іль-Джэзу ў Рыме (1568-1584), дзе быў пахаваны заснавальнік іх ордэна Ігнацій Лаёла. Першы езуіцкі храм на Беларусі – касцёл Божага цела быў пабудаваны ў Нясвіжы (1584-1593 гг.) на грошы Мікалая Радзівіла Сіроткі.
Місіянерская актыўнасць каталікоў у ВКЛ адбілася ў заснаванні новых манаскіх ордэнаў – францысканцаў, даменіканцаў, кармелітаў, бенедыктынцаў, піяраў і інш., але вызначальную ролю працягвалі адыгрываць езуіты. Іх метады барацьбы – тонкія і дзейсныя – не суправаджаліся гвалтам і не мелі такіх крывавых наступстваў, якія адбываліся ў Іспаніі, Італіі і Галандыі ў выніку судоў інквізіцыі. Адносна памяркоўны характар контррэфармацыі ў ВКЛ быў абумоўлены традыцыямі рэлігійнай талерантнасці, зафіксаванымі ў Статуце 1588 г., а таксама шляхецкімі вольнасцямі. Нават асобныя працы, унесеныя ў індэкс забароненых, у тым ліку кнігі С. Буднага, А. Волана і інш., свабодна выдаваліся і чыталіся ў ВКЛ.
Актыўна падтрымлiвала Контррэфармацыю каралеўская ўлада. Стэфан Баторый гаварыў: “Каб я не быў каралём, то быў бы езуiтам”. Граматай ад 27 сакавiка 1577 ён забаранiў будаваць у Вiльнi некаталiцкiя храмы i школы. Наступны кароль – Жыгiмонт III Ваза, хоць і нарадзіўся ў лютэранскай Швецыі, але шмат зрабіў для знішчэння пратэстанцтва і ўкаранення каталіцызму ў РП.
З канца XVI ст. кальвіністы былі вымушаны перайсці да абароны сваіх пазіцый, прычым, не толькі ад каталіцкага ўплыву, але і ад праваслаўя. Пад уздзеяннем дзяржаўных санкцый i адсутнасцi адзiнства ў канцы 16 ст. рэфармацыйны рух на Беларусi пачаў паступова згасаць. Кальвiнiсцкая шляхта стала вяртацца ў каталiцтва. Сярод іх – сыны кальвінісцкага пратэктара М. Радзівіла. Адзін з іх – Мiкалай Крыштаф Радзiвiл (Сiротка) зачыняў пратэстанцкiя прыходы і друкарнi. Па яго загаду на базе берасцейскай друкарні, перавезенай у Вiльню, было заснавана першае ў ВКЛ каталiцкае выдавецтва. Ён таксама прымусiў кальвiнiстаў пакiнуць Нясвiж, Клецк, Койданава.
Да пачатку ХУІІ ст. з’явілася новае пакаленне шляхты, якая навучалася ў езуіцкіх установах, невыпадкова таму і павялічылася колькасць праваслаўных магнацкіх родаў, якія далучыліся да каталіцкай царквы, у тым ліку Сапегi, Валовiчы, Храптовiчы, Сангушкi, Чартарыйскiя, нашчадкi Канстанцiна Астрожскага і інш.).
Ініцыятары контррэфармацыі ў Рэчы Паспалітай скарысталі сваю перамогу ў барацьбе з пратэстантызмам і праваслаўем для ўмацавання пазіцый каталіцызма ў ВКЛ. З 1653 г. колькасць прыходскіх касцёлаў на беларускіх землях менш чым за стагоддзе ўзрасла са 153 да 270. Манаскія ордэны езуітаў, францысканцаў, дамініканцаў, кармелітаў адкрылі дзесяткі кляштараў, у тым ліку ў Берасці, Гародні, Мінску, Наваградку, Оршы, Слоніме.
Пад націскам контррэфармацыі ў другой палове XVII ст. пратэстанцкая дзейнасць была перасечана. Паводле пастановы сейма ад 1658 г. арыяне былі вымушаны пакінуць РП, але каб пазбегнуць выгнання, большасць іх было вымушана прыняць каталіцтва. І наадварот, паводле законаў ад 1668 і 1674 гг. пераход з каталіцтва і уніі ў іншую веру лічыўся крымінальным злачынствам і караўся.
Нягледзячы на падпісанне Берасцейскай уніі і няспынную экспансію касцёла, у сярэдзіне XVII ст. праваслаўе заставалася самай масавай канфесіяй у Беларусі. Яго буйнейшымі цэнтрамі з’яўляліся манастыры св. Духа ў Вільні і св. Тройцы ў Слуцку. Доўгі час у РП заставалася толькі адна праваслаўная епархія з цэнтрам у Магілёве, кіраўніцтва якой знаходзілася ў апазіцыі да каралеўскай улады.
Казацкія атрады Хмяльніцкага і Залатарэнкі ў час войн (1648-1651) (1654-1667), якія траплялі на Беларусь, не рабілі адрозненняў паміж католікамі і уніятамі і аднолькава жорстка каралі тых і другіх. Такую ж палітыку праводзілі ваяводы Аляксея Міхайлавіча, якія імкнуліся замацаваць далучэнне левабярэжнай Украіны перамогамі над РП. Прычым, калі каталіцкаму касцёлу дазвалялася праводзіць службу на захад ад Бярэзіны, то уніяцтва забаранялася паўсюдна. Нават паводле ўмоў Андрусаўскага перамір’я, кароль абавязаўся не пашыраць унію у Магілёўскай епархіі.
Праваслаўныя іерархі РП з удзячнасцю прымалі дапамогу рускіх цароў, але не спяшаліся адмаўляцца ад аўтаноміі, і толькі ў 1686 г. Кіеўская мітраполія ўвайшла ў падпарадкаванне патрыярха маскоўскага. Але іх прававое становішча па-ранейшаму было горшым за становішча каталікоў і уніятаў. Напрыклад, пасля вайны 1654-1667 г. ім не дазвалялася займаць пасады ў магістраце.
Сітуацыя склалася такім чынам, што ў к. XVII – пач. XVIII стст. праваслаўная вера ў РП страціла аўтарытэт настолькі, што тры яе епархіі з чатырох перайшлі ва уніяцтва. Адзіная Беларуская епархія імкліва губляла сваіх прыхільнікаў. Пад яе кантролем засталося толькі 130 цэркваў, а 164 царквы і 5 манастыроў на працягу 1686-1754 гг. таксама далучыліся да ўніі.
Пад час Паўночнай вайны з-за прысутнасці у РП іншаземных войскаў становішча асноўных канфесій пэўным чынам змянілася. Характэрна, што Пётр І ставіўся да каталікоў даволі прыхільна і нават дазволіў ім адкрыць некалькі касцёлаў у Расіі. Разам з тым Пётр як праваслаўны цар разглядаў уніятаў як здраднікаў веры. У выніку ў 1706 г. у Полацку было забіта пяць манахаў-базыльянаў, мноства іх арыштавана і вывезена ў Расію. Маёмасць базыльянскіх кляштараў была разрабавана рускай арміяй, а ў 1710 г. ад Полацкай Сафіі, ператворанай ў склад пораху, пасля выпадковага выбуху засталіся адны руіны. У той самы час цар накіраваў у Магілёў камісара для абароны інтарэсаў праваслаўнага насельніцтва, а ў 1717 г. дамогся ад сейма прыняцця адпаведнага закона ў абарону правоў іншаверцаў усёй краіны. Такую ж палітыку праводзілі наступныя манархі Расійскай імперыі – Кацярына І, Лізавета І і інш., але працэс умацавання уніі за кошт праваслаўя працягваўся.
Такім чынам, у апошняй трэці XVII – пач. XVIII ст., дзякуючы сваёй разнастайнай дзейнасці, уніяты пераўзыйшлі ўплыў праваслаўнай царквы. Таму паспрыялі вынікі уніяцкага царкоўнага сабору (з’езду), які адбыўся ў Замосці ў ліпені-верасні 1720 г. пад старшынствам папскага нунцыя. Паводле прынятых пастаноў, у веравучэнне і працэдуру уніяцкага набажэнства ўводзіліся асобныя лацінскія элементы (сімвал веры, узгадванне імя папы рымскага), але традыцыі ўсходняй (праваслаўнай) царквы па-ранейшаму захоўваліся. Таксама захоўвалася самастойнасць ордэна базыльянаў, ствараліся магчымасці для паляпшэння свецкай і духоўнай адукацыі.
Разам з тым, нягледзячы на значныя дасягненні уніятаў у духоўнай культуры, больш прывабнай для беларускай шляхты з’яўлялася каталіцкая вера і польская мова. Але і такі статус уніі не задавальняў каталіцкіх іерархаў. Намаганнямі ксяндзоў, яна часта падавалася як непаўнавартасная, “хлопская” і г. д., што ўрэшце правакавала ўзрастанне напружанасці паміж каталіцкай і уніяцкай элітамі.
2. Важнай падзеяй у рэлігійным жыцці ВКЛ стала падпісанне Берасцейскай уніі, у адпаведнасці з якой адбылося аб’яднанне праваслаўнай і каталіцкай цэркваў у адзіную – грэка-рымскую або уніяцкую царкву. Прычыны гэтай акцыі мелі доўгую гісторыю, але зрабіліся вельмі надзённымі менавіта ў ХУІ стагоддзі, калі абвастрыліся адносіны паміж Масквой і ВКЛ, а затым і з РП.
Як вядома, на працягу свайго iснавання ВКЛ з’яўлялася дзяржавай, асноўная маса насельнiцтва якога вызнавала галоўным чынам праваслаўе i каталiцызм. Па меры ўзрастання супернiцтва памiж ВКЛ i Маскоўскай дзяржавай у ХУ-ХУІ стст. узрастала заклапочанасць вялiкакняскай (у большасцi сваёй – каталiцкай) адмiнiстрацыi той акалічнасцю, што мясцовае праваслаўнае святарства, а разам з iм i вернiкi, знаходзяцца пад пэўным рэлiгiйна-палiтычным уплывам праваслаўнай Масквы. Са стварэннем у ёй самастойнага і не залежнага ад Канстанцінопаля патрыярхату (1589) мясцовыя праваслаўныя iерархi, у тым лiку мiтрапалiт кiеўскi, трапiлi ў прамое яму падпарадкаванне, што яшчэ больш занепакоiла элiту РП. З гэтай нагоды новы кароль Жыгімонт ІІІ Ваза (1587-1632 гг.) падтрымаў намаганні мясцовай праваслаўнай і каталіцкай эліты ў па заключэнні паміж сабой адпаведнага дагавору.
На той час праваслаўная царква ВКЛ перажывала не лепшыя часы. Па сутнасці, асноўнай яе сацыяльнай апорай з’яўлялася бяспраўнае сялянства і гарадскія нізы. Асобныя праваслаўныя іерархі выказвалi цікавасць да уніі, спадзеючыся атрымаць роўнае з каталiцкiмi бiскупамi прадстаўнiцтва ў Сенаце, або для таго, каб зусім не застацца без паствы. Сярод iнiцыятараў унii знаходзiлiся мiтрапалiт кiеўскi Рагоза, епiскап уладзiмiрскi i берасцейскi Iпаці Пацей i многiя iншыя.
У 1595-1596 гг. Пацей i Цярлецкi наведалi Папу Клiмента VIII і атрымалі яго блаславенне на ўмовы унii. Для яе канчатковага зацвярджэння ў Брэсце быў скліканы царкоўны сабор. 9 кастрычнiка прыхiльнiкi унii абвясцiлi аб стварэннi грэка-каталiцкай царквы, а назаўтра абвясцiлi аб пазбаўленнi санаў яе працiўнiкаў (Балабана, Капысценскага i iнш.). Жыгiмонт III Ваза унiверсалам ад 15 лістапада 1596 года зацвердзiў акт Берасцейскай унii i заклiкаў жыхароў Беларусi i Украiны прызнаць унiяцкiх бiскупаў.
Новая канфесiя прызнавала вяршэнства Папы рымскага, запазычвала каталiцкiя дагматы, крыж і распяцце, унутранае ўбранства храмаў, але захоўвала ранейшую абраднасць, богаслужэннi на царкоўна-славянскай (пазней, на беларускай i украiнскай мовах). Акрамя таго, уніяцкім святарам дазвалялася мець сям’ю.
Укараненне унiяцтва на Беларусi адбывалася з пэўнымі цяжкасцямі. Па-першае, пэўная частка заможных пластоў насельніцтва ўбачыла ў ім каталіцкую экспансію. Так, у 1599 г. 168 беларускiх i лiтоўскiх праваслаўных i пратэстанцкiх магнатаў i шляхцiцаў падпісалі акт аб уземадапамозе супраць ваяўнiчага каталiцызму. Па-другое, не ўсе праваслаўныя прыходы далучыліся да уніі. І калі ў 1620 г. на Украіне была адноўлена праваслаўная царква, то ёй падпарадкавалася ўсё праваслаўнае насельнiцтва Беларусi. Па-трэцяе, у шэрагу выпадкаў актыўнасць святароў па неадкладным пераўтварэнні праваслаўных прыходаў ва уніяцкія выклiкала процiдзеянне вернікаў. Так, 12 лістапада 1623 г. у Вiцебску быў забiты полацкi уніяцкі арцыбiскуп Iясафат Кунцэвіч. Як высветлiлася, у падрыхтоўцы выступлення бралi ўдзел вернiкi праваслаўных прыходаў не толькi Вiцебска, але i Вiльнi, Оршы, Магiлёва. Па даручэннi Папы Урбана Жыгiмонт III Ваза накiраваў войскi з мэтай пакарання паўстанцаў. У вынiку Вiцебск быў пазбаўлены магдэбургскага права, ратуша разбурана, з праваслаўных храмаў зняты званы i адлiты адзiн вялiкi – у памяць Кунцэвiча. Па прыгавору суда два бурмістры і 17 жыхароў былі пакараны смерцю. Кароль РП загадаў уніяцкаму святарству надалей больш памяркоўна, без гвалту распаўсюджваць веру. Нават пісьменнік-палеміст М. Сматрыцкі, які з першых крокаў сваёй грамадска-палітычнай дзейнасці (1596) шчыра выступаў супраць уніяцтва (кніга “Трэнас” і інш. творы) і востра палемізаваў з каталікамі і уніятамі, у сваіх апошніх творах канца 1620-х гг. ён усё ж далучыўся да уніі, асудзіў праваслаўе і сваю ранейшую літаратурную дзейнасць у яго абарону.
Гэты ўчынак значна аслабіў шэрагі абаронцаў праваслаўя. Але асобныя праваслаўныя шляхцічы і святары працягвалі барацьбу за аднаўленне самастойнасці і правоў аднаверцаў. Пасля смерці Жыгімонта III Вазы (1632) новы кароль Уладзіслаў ІУ быў вымушаны аднавіць праваслаўную іерархію і ў наступным годзе зацвердзіў мітрапалітам Пятра Магілу. Сейм, скліканы ў 1635 г. пацвердзіў свабоду дзейнасці дзвюх “рускіх” цэркваў – праваслаўнай і уніяцкай і замацаваў за кожнай з іх (адпаведна) 4 і 5 епархій.
Аднаўленне самастойнасці праваслаўнай іерархіі не было падмацавана вяртаннем ёй былой маёмасці, а таксама падначаленай ёй брацтваў і храмаў. Пры гэтым пад уздзеяннем касцёла пад час контррэфармацыі паступова большая частка праваслаўнай шляхты прымала унiю. Так, у 1660 г. ва ўсёй РП католiкi складалi ўжо 43%, унiяты - 33, праваслаўныя - 10, iўдзеi - 9, людзі ўсіх іншых вер - 5 ад колькасцi ўсiх жыхароў дзяржавы. Тым не менш, расiйскi царызм i праваслаўны клiр не прызнаў унii, лiчыў уніятаў ахвярамi каталiцызму і выступаў у абарону праваслаўнага насельніцтва.
Зноў створаная уніяцкая царква ўтварала Кіеўскую мітраполію (з цэнтрам у Вільні) у складзе 9 епархій, з якіх 5 прыпадала на беларускія землі. Пры гэтым Полацкая епархія мела асобы статус: яна размяшчалася на тэрыторыі 2 ваяводстваў і ўзначальвалася архіепіскапам. У сяр. XVIII ст. тут дзейнічала не менш 536 храмаў.
Папа Рымскі прызначаў кіраўніка уніяцкай царквы – мітрапаліта, які, у сваю чаргу, мог прызначаць кіраўнікоў епархій. У адрозненне ад каталікоў, адзіным манаскім ордэнам уніятаў з’яўляўся ордэн базыльянаў (св. Васілія Вялікага), у 1631 г зацверджаны Папам Ур-банам VІІІ. Да першага падзелу Рэчы Паспалітай на тэрыторыі Беларусі існавала 55 базыльянскіх кляштараў, буйнейшымі з якіх былі Полацкі, Жыровіцкі, Мінскі, Віцебскі, Беразавецкі і інш..
Базыльяне мелі свае навучальныя ўстановы, друкарні і сярод іншых уніятаў вызначаліся высокай адукаванасцю. Аберагаючы сваю паству ад каталіцкага ўплыву, яны выдавалі на блізкай да беларускай мове набажэнскую літаратуру, чым дапамагалі беларусам зберагчы сваю культурную ідэнтычнасць у найбольш неспрыяльны ў іх гісторыі час – з к. XVII па першую палову XVIII ст.
Уніяты рашуча змагаліся за душы аднаверцаў, вытрымліваючы моцную канкурэнцыю з праваслаўем і каталіцызмам. Ім удалося стварыць сваю сістэму адукацыі, асвоіць храмабудаўніцтва і вынайсці арыгінальныя дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, своеасаблівы іканапіс і разьбу па дрэве. Уніяцкім майстрам удалося спалучаць заходнія і ўсходнія мастацкія традыцыі і істотна ўзбагаціць беларускую культуру.
3. Пад уздзеяннем ідэй Рэнесансу і Рэфармацыі, а таксама асветнікаў-гуманістаў, стан адукацыі ў ВКЛ працягваў развівацца. Патрэба ў адукаваных людзях узрастала ва ўладных структурах. Адукацыя заставалася пад поўным наглядам праваслаўнай царквы. Колькасць каталіцкіх школ у першай палове ХУІ ст. была невялікай і складала 259, у той час як на Беларусі і Украіне было каля 2000 праваслаўных цэркваў, большасць якіх мела прыходскія школы. У іх навучалі чытанню па Псалтыру, Азбуцы, іншым кнігам, а таксама пісьму. Пры саборах дзейнічалі буйныя школы з мноствам настаўнікаў і таму тут узровень адукацыі быў значна большым.
З’яўленне ў дзяржаве друкаванай (рэлігійнай, палемічнай, свецкай і інш.) літаратуры павялічыла самастойнасць асобных сацыяльных і канфе-сійных груп у справе адукацыі. Акрамя таго, палепшылася магчымасць хатняга навучання. Як правіла, праваслаўныя, пратэстанцкія і уніяцкія святары, а таксама ураднікі, занятыя канцылярскімі, судовымі і інш. справамі, самі вучылі сваіх дзяцей грамаце. Дробная шляхта аддавала на службу панам і магнатам сваіх сыноў з тым разлікам, што яны атрымаюць адукацыю. І невыпадкова, з к. ХV – сяр. ХVI стст. у магнацкіх і панскіх дварах, у дамах заможных мяшчан з’яўляюцца прафесійныя настаўнікі, выпускнікі універсітэтаў ці іншых навучальных устаноў.
З пачаткам Рэфармацыі ў 1539 г. у Вільні была адкрыта евангелісцкая школа, але праз тры гады яна была закрыта па патрабаванні каталіцкага біскупа. Але пасля ўмацавання пратэстанцкага руху ў ВКЛ у ХVI ст. тут сталі ўзнікаць кальвінісцкія і (зрэдку) лютэранскія школы. Некаторыя з іх (кальвінісцкая гімназія і лютэранская школа ў Слуцку, арыянская школа ў Іўі) па зместу і методыцы выкладання былі сярод лепшых у Еўропе.
З пачаткам Рэфармацыі адметнай асаблівасцю адукацыйных устаноў ВКЛ ХУІ ст. зрабілася перавага ў іх так званых брацкіх (адкрытых пад дабрачынных аб’яднанняў – “брацтваў”) школ, дзе на працягу 3-5 год навучаліся дзеці розных саслоўяў, як правіла, пратэстанцкага і праваслаўнага веравызнання.
Кожная школа мела свае статут, змест і арганізацыю навучання. Пасля набыцця пачатковай адукацыі ў выглядзе элементарных навыкаў чытання і пісьма дзеці мусілі вувучаць “сем вольных навук” “трывіўм” (граматыка, рыторыка, дыялекцыя) і “квадрывіўма” (арыфметыка, геаметрыя, астраномія і музыка). У пратэстанцкіх школах выкладаліся багаслоўе і царкоўныя спевы, лацінская, грэчаская і родная мова, рыторыка, гісторыя, матэматыка. Выкарыстоўвалася групавая ўрочная сістэма вучобы, у якой існаваў катэхізісны метад навучання, пабудаваны на пытаннях і адказах.
Пасля Берасцейскай уніі сталі ўзнікаць ўніяцкія навучальныя установы. Так, у пачатку 1620-х гг. у межах уніяцкай мітраполіі налічвалася 2169 уніяцкіх і 1089 праваслаўных храмаў, дзе былі адкрыты школы. Найбольшых поспехаў на ніве адукацыі дасягнуў Ордэн Базыльянаў.
У далейшым развіццё брацкіх школ у ХУІІ ст. прывяло да неабходнасці стварэння адпаведных падручнікаў для навучання грамаце. Так, у Брэсце праваслаўны святар Л. Зізаній разам з братам Стэфанам падрыхтавалі да выдання “Азбуку з Лексісам”. А 12 лютага 1596 у друкарні Віленскага Святадухаўскага брацтва ён выдаў “Граматыку словенску совершенного искуства осми частій слова..." і лічыў яе тым падмуркам, на якім можа трымацца далейшае вывучэнне розных навук. Такім чынам, гэтыя працы спрыялі ўкараненню свецкай адукацыі.
На хвалі барацьбы каталіцызма з Рэфармацыяй у Рэчы Паспалітай, у тым ліку ў ВКЛ, распачаў сваю дзейнасць Ордэн езуітаў. Адным з яе напрамкаў стала сфера адукацыі, якая была скіравана на задавальненне патрэб асоб, скончыўшых пачатковую школу, у далейшым навучанні. З гэтай нагоды ў 1570 г. у Вільні езуітамі быў створаны так званы “калегіум” – навучальная установа сярэдняга звяна. З цягам часу калегіумы былі заснаваны ў Берасці, Віцебску, Гародні, Нясвіжы, Оршы, Пінску, Полацку. Набытыя навучэнцамі веды можна было паглыбіць і ўдасканаліць ва універсітэтах Польшчы, Чэхіі, Германіі і іншых краінах.
У 1579 г. езуітам удалося пераўтварыць Віленскі калегіум у Almae Academia et Universitas Vilnensis Societatis Jesu – акадэмію і універсітэт з тэрмінам навучання 7 год і набыць статус вышэйшай навучальнай установы. Універсітэт складаўся з двух факультэтаў – філасофскага і тэалагічнага. Разам з латынню, вывучаліся таксама грэчаская, “руская”, нямецкая, яўрэйская, а таксама выкарыстоўвалася польская мовы. У ХVII ст. былі адчынены яшчэ два факультэты – права і медыцыны. З 1599 г. езуіты ўкаранілі ва універсітэце агульнаеўрапейскую праграму, якую самі ж і распрацавалі. З цягам часу папулярнасць універсітэта, а таксама колькасць яго навучэнцаў ўзраслі з 60 студэнтаў (1569) да 800 штогод (у першай пал. ХVII ст.).
У Акадэміі навучаліся студэнты розных хрысціянскіх вераванняў. У тым і заключалася адна з асноўных стратэгічных задумак езуітаў, каб праз адукацыю ўсе гэтыя людзі ператвараліся ў шчырых прыхільнікаў каталіцызма.
Пра прычыне моцнай інтэграванасці пратэстанцкіх і тым больш каталіцкіх прафесараў і настаўнікаў у лацінскую і польскую культуру адукацыя ў ВКЛ не выкарыстала магчымасці выкарыстання рэфармацыі для навучання моладзі на беларускай мове. Нават выкладанне самой мовы ў кальвінісцкіх, арыянскіх, лютэранскіх школах, езуіцкіх калегіумах, Віленскай акадэміі адбывалася ў малодшых узроставых групах студэнтаў. Далёка за межы ВКЛ распаўсюджвалася слава “Слуцкіх Афін” - кальвінісцкай гімназіі, заснаванай у 1617 г., але не сваёй беларускасцю. Да канца стагоддзя становішча, калі асноўнымі мовамі навучання ў ВКЛ былі лацінская і польская, зрабілася тыповым. Што датычыць зместу навучання, то яно рабілася ўсё больш свецкім і на пач. ХУІІІ ст. гэтая тэндэнцыя зрабілася вызначальнай ва ўсёй сістэме асветы РП.
Гэтыя змены былі абумоўлены важнейшымі падзеямі, якія адбыліся ў Заходняй Еўропе, найперш, у рэлігійным і сацыяльна-палітычным жыцці. Так, у адрозненне ад РП, у некаторых краінах (Англія, Аўстрыя, Галандыя, Германія, Данія, Швецыя і інш.) Рэфармацыя перамагла, у асобных – улада Папы значна аслабла. У самых перадавых на той час краінах Галандыі і Англіі адбыліся буржуазныя рэвалюцыі, у большасці астатніх краін узмацняўся новы сацыяльны пласт – буржуазія, а разам з ёй – новая духоўная, свецкая культура і ідэалогія (індывідуалізм).
Навуковыя адкрыцці ў фізіцы, матэматыцы, біялогіі, медыцыне і інш. пахіснулі манаполію царквы ў фарміраванні светапогляду людзей, надаўшы ім веру ў магчымасць удасканалення грамадскага ладу на разумных пачатках, праз распаўсюджанне навукі, ведаў і свецкай культуры. Само ХУІІІ стагоддзе, калі пачаліся і ўзмацніліся канкрэтныя станоўчыя зрухі ў гэтым напрамку, пачалі называць эпохай Асветніцтва, а прагрэсіўных дзеячаў навукі і культуры – асветнікамі.
На Беларусі, дзе пазіцыі каталіцызму і падпарадкаванага яму уніяцтва заставаліся дастаткова моцнымі, распаўсюджанне асветніцкіх ідэй хоць і замарудзілася ў часе, але ўсё ж такі стала заканамернай з’явай і найперш у сістэме адукацыі. Сапраўды на пачатку ХУІІІ стст., яна не складала адзінага цэлага, падзялялася па канфесійнай прыкмеце і не адпавядала патрабаванням новага часу. Па-ранейшаму Віленская акадэмія заставалася адзінай у ВКЛ вышэйшай навучальнай установай. З мноства сярэдніх навучальных устаноў большым поспехам карысталіся калегіумы каталіцкага ордэна піяраў у Віцебску, Дуброўне, Лідзе, Шчучыне і інш., якія ў 1740-я гг. удасканалі свае вучэбныя праграмы ўвядзеннем новых прадметаў – матэматыкі, фізікі, усеагульнай і польскай гісторыі і тым наблізіліся да свецкай адукацыі. Пры гэтым 6-гадовае навучанне было бясплатным і было даступным усім пластам хрысціянскага насельніцтва, нават сялянам. У гэты час мовай навучання (за выключэннем школ ордэна базыльянаў) з’яўлялася польская. Базыльяне валодалі навучальнымі ўстановамі ў Віцебску, Жыровічах, Мінску, Навагрудку, Пінску і іншых месцах. У іх прымаліся дзеці дробнай уніяцкай шляхты і мяшчан.
Асэнсаванне правядзення адукацыйнай рэформы на дзяржаўным узроўні прычынілася да стварэння ў 1773 годзе Адукацыйнай камісіі, якая, па сутнасці, з’яўлялася першым у Еўропе Міністэрствам адукацыі. Пры ўдзеле вядомых дзеячаў – Г. Калантая, Я. Снядэцкага, Храптовіча, I. Страйноўскі, К. Нарбута, М. Агінскага яна яшчэ больш узмацніла свецкі змест школьных праграм. Акрамя іншых, у лік абавязковых прадметаў былі ўключаны геаграфія, права, логіка, рыторыка, эканоміка. Пасля забароны (1773) дзейнасці ў РП Ордэна езуітаў Віленская Акадэмія ў 1780 г. была ператворана ў Галоўную школу ВКЛ і пад яе пачатак перадаваліся ўсе навучальныя ўстановы. Крыху пазней на яе базе ў мэтах уніфікацыі навучання была створана настаўніцкая семінарыя.
Сярэднія школы новага тыпу ўзніклі ў Гародні, Ваўкавыску, Барунах, Нясвіжы, Слуцку, усяго 20 населеных пунктах.
Пачатковая адукацыя была набліжана да простага народа. З 2500 вучняў, якія вучыліся ў 200 школах Беларусі ў 1780-х гг., 30 % складалі дзеці сялян.
У гэты ж час узнікае і пашыраецца прафесійная школа. Так, у Гародні, дзякуючы намаганням магната і мецэната Антонія Тызенгауза (1738-1785 гг.), рыхтаваліся медыкі, ветэрынары, аўдытары, мастакі, чарцёжнікі і іншыя. Навучэнцамі былі, як правіла, здольныя юнакі з яго маёнткаў, а настаўнікамі – майстры сваёй справы з Германіі, Італіі, Францыі. Сярод апошніх – Ж. Жылібер, які заснаваў гродзенскую вышэйшую медыцынскую школу, а пры ёй – аптэку, прыродазнаўчы кабінет, анатамічны «тэатр» і батанічны сад. За час сваёй працы (1775-1781 гг.) вышэйшая школа здзейсніла тры выпускі ўрачоў. Ж. Жылібер выдаў два тамы фундаментальнай працы «Літоўская флора» і заснаваў багатую бібліятэку.
Навукоўцам сусветнага маштабу варта лічыць нашага земляка, навучэнца Віленскай Акадэміі Казіміра Семяновіча (1600-пасля 1651), генерала войск Рэчы Паспалітай, які атрымаў вядомасць дзякуючы тэарэтычным распрацоўкам у сферы артылерыі і піратэхнікі. Акрамя таго, у яго працы "Вялікае мастацтва артылерыі, частка першая", выдадзенай у Галандыі (1650), быў змешчаны праект шматступенчатай ракеты.
Нягледзячы на адносную рэлігійную талерантнасць і плюралізм думак, што, у прыватнасці, увасобілася ў шматлікай палемічнай (паміж пратэстантамі і каталікамі, уніятамі і праваслаўнымі і г. д.) ідэя бога з’яўлялася непахіснай. Мала таго, любое вальнадумства бязлітасна каралася. Так, 30 сакавіка 1689 г. у Варшаве быў пакараны смерцю брэсцкі падсудак Казімір Лышчынскі, выпускнік Віленскай акадэміі, за напісаную працу “Аб неіснаванні бога”.
Iлля Капіевіч (1651-1714), навучэнец Слуцкай кальвінісцкай гімназіі, а пасля – яе выкладчык, з-за пераследу езуітаў і абвінавачвання ў здрадзе каралю, быў вымушаны з’ехаць у Галандыю. У 1697 г. у Амстэрдаме пазнаёміўся з Пятром І і па яго замове стаў друкаваць рускія кнігі. Ён стварыў сучасны варыянт кірылічнага друкаванага шрыфту. За 1699-1706 гг. выдаў больш за 20 кніг па арыфметыцы, гісторыі, граматыцы, марской справе і інш. Затым пераехаў у Расію і працаваў перакладчыкам у Пасольскім прыказе.
ВКЛ не толькі ўзбагачала навуку і культуру суседніх дзяржаў, але і сама карысталася іх дасягненнямі ў гэтых галінах. Дасягненні заходнееўрапейскай філасофскай навукі ХУІІ- ХУІІІ стст. (Ф. Бэкан, Т. Гобс, Д.Лок, Р. Дэкарт, Ш. Мантэск’е) рабіліся вядомымі ў ВКЛ і актыўна ўключаліся ў курсы лекцый прафесараў Віленскага універсітэта. Састарэлыя тэорыі Арыстотэля і Фамы Аквінскага паступова саступалі месца наватарскаму рацыяналізму (А. Скарульскі, Б. Дабшэвіч, К. Нарбут). Фізік Ю. Міцкевіч паступова адмовіўся ад тэалагічнай традыцыі і ўстаў на платформу ньютанаўскай механікі. М. Пачобут-Адляніцкі з’явіўся заснавальнікам айчыннай астраноміі і арганізатарам абсерваторыі (1764). Гісторыкі А. Нарушэвіч і Ю. Нямцэвіч разглядалі свой прадмет як комплекс палітычных, эканамічных і культурных дасягненняў папярэдніх пакаленняў, у тым ліку жыхароў Рэчы Паспалітай і ВКЛ.
Такім чынам, за працяглы час свайго існавання – з ХVІ па ХVІІІ стст. беларуская адукацыя прайшла доўгі шлях ад царкоўнай падпарадкаванасці і рэлігійнага зместу да рознаўзроўневай сістэмы свецкіх навучальных устаноў. У вучэбных праграмах павялічылася доля прыродазнаўчых дысцыплін, а філасофія перастала быць “служанкай багаслоўя” і ператварылася ў самастойную навуку.
Рэнесансныя традыцыі беларускага кнігадрукавання, заснаванага Скарынам, пераняла і прадоўжыла плеяда дзеячаў Рэфармацыі і Асветніцтва. Ідэі гуманізму, высокай духоўнасці, народнай асветы ўласцівы дзейнасці Сымона Буднага (каля 1530 — ?) выпускніка Кракаўскага універсітэ-та, заснавальніка друкарняў у Нясвіжы (1562), (разам з Я. Кішкам) Лоску Як прадстаўнік пратэстанцкай плыні ён выдаў асновы рэфармацыйнага вучэння на беларускай мове “Катэхізіс”, твор «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам», пераклад Новага Запавету. Гэтыя і іншыя працы С. Буднага, скі-раваныя на духоўнае вызваленне асобы і спрыянне яе творчаму асэнсаванню рэлігійнага вучэння, мелі моцны гуманістычны патэнцыял. У прыватнасці, іх ўздзеянне адчувайцца на поглядах еўрапейскіх філосафаў Б. Спінозы і інш.
Пяру С. Буднага належаць палемічныя трактаты ў абарону вяршэнства закона, верацярпімасці, асветы народа, роднай мовы. Ён заклікаў да культур-нага ўзбагачэння народаў, да супрацоўніцтва ўсіх славян, крытыкаваў права-слаўных святароў, якія адмяжоўваліся ад заходнееўрапейскай культуры. Такім чынам, намаганнямі С. Буднага беларуская мова набывала шанец зрабіцца мовай слова божага, філасофіі і асветы, фактарам этнічнай кансалі-дацыі падаўляючай большасці насельніцтва ВКЛ. Але, на жаль, ён не быў выкарыстаны, бо ў 1563 г. друкарня перайшла да выдання кніг на польскай і лацінскай мовах. Актыўна выдавала творы на гэтых мовах і арыянская друкарня ў Лоску (паблізу ад Валожына).
Творчасць Васіля Цяпінскага (Амельяновіча) (каля 1540–?) як асветніка, пісьменніка і кнігавыдаўца таксама звязана з часам Рэфармацыі на Беларусі. Яму належыць першы пераклад і выданне на беларускую мову Евангелля (каля 1570) ва ўласнай друкарні. Як шчыры патрыёт сваёй зямлі, Васіль Ця-пінскі выступаў за выкарыстанне роднай мовы ў набажэнстве, навуцы, літа-ратуры, за навучанне на ёй дзяцей і г. д. На жаль гэта было яго адзінае і ня-поўнае (ад Мацвея, Марка і часткова ад Лукі) выданне.
Так склалася гістарычна, што беларускія пратэстанты не поўнасцю выкарыстоўвалі магчымасці Рэфармацыі і ў палеміцы з езуітамі або паміж сабою рэдка звярталіся да інтарэсаў свайго народа, яго культуры і традыцый. Бадай лепш за ўсіх у гэтым сэнсе выказаліся складальнікі Статута ўзору 1566 і 1588 гг. А. Валовіч і інш., па веравызнанні кальвіністы, якія адхілілі прапановы езуітаў і выдалі яго на беларускай мове.
Наогул удзельнікі і прыхільнікі Рэфармацыі – ураджэнцы Беларусі, за-нятыя ў сваёй творчай дзейнасці не звярталіся да роднай мовы. Да прыкладу, кальвініст Андрэй Волан (1530–1610) напісаў каля 40 прац, у тым ліку «Rozmowa polaka z litwinem» і ніводнага па-беларуску. Пры кальвінісцкім зборы ў Любчы з 1612 па 1655 г. дзейнічала буйнейшая ў Беларусі рэфармацыйная друкарня, адкуль выйшла больш за 100 выданняў у асноўным свецкага зме-сту: гістарычныя творы (“Гісторыя Іудзейскай вайны”, “Генеалогія, або Ка-роткае апісанне гістарычных дзеянняў вялікіх князёў літоўскіх”), кнігі па геаграфіі, медыцыне, ветэрынарыі і інш.
Такім чынам, нізкі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці, поўная яе адсутнасць ці ідэнтыфікацыя сябе з іншымі этнасамі рабілі асобных ураджэнцаў ВКЛ донарамі іншых культур.
Варта адзначыць, што не ўсе кнігавыдаўцы адчулі на сабе ўздзеянне рэфармацыйных ідэй, а разглядалі сваё рамяство як сродак да існавання і занятак, патрэбны богу і людзям. Так, Пётр Мсціславец і Іван Фёдараў надрукавалі (1564) у Маскве «Апостал», два выданні «Часоўніка» (1565), а ў 1566 г пераехалі ў ВКЛ. Тут, у 1568-1569 у друкарні, заснаванай у маёнтку Р. Хадкевіча Заблудаве, імі было выдадзена «Евангелле Вучыцельнае». Летам 1569 г. П. Мсціславец пераехаў у Вільню, дзе ў друкарні, пабудаванай на сродкі братоў Мамонічаў, выдаў «Евангелле Напрастольнае» (1575) і «Псалтыр» (1576), які карыстаўся вялікім попытам не толькі ў ВКЛ, але і Маскоўскай дзяржаве.
Цэнтрам праваслаўнага кірылічнага кнігадрукавання быў маёнтак Куцейна пад Оршай, дзе ў 1631 і 1636 гг. славутым беларускі і украінскі асветнікам Спірыдонам Собалем быў надрукаваны “Буквар”
На думку навукоўцаў (Т. 4), “амаль не захавалася беларускіх літаратурных твораў перыяду барока”
Пэўным чынам мастацкае слова, філасофская думка і гістарычная падзея адбілася ў асабістых запісах жыхароў ВКЛ – лістах аршанскага старасты Ф. Кміты-Чарнабыльскага (1530-1587) на адрас паны-рады, “Дзённіка” наваградскага падсудка Фёдара Еўлашоўскага (1546-1616), «Дыярыуш, або Апісанне праўдзівых падзей» ігумена А. Філіповіча (1597-1648), дзённік “Авантуры майго жыцця” наваградскай лекаркі Саламеі Русецкай (1718-1760).
Акрамя рэлігійна-палемічнай літаратуры, у ВКЛ у рэчышчы барочнага мастацтва ніжэйшага ўзроўню развіваліся і іншыя яе жанры – лірыка, п’есы для батлейкі, а таксама сатыра. Апошняя найлепш прадстаўлена ў ананімным творы «Ліст да Абуховіча» (1655), дзе ў асобе ваяводы высмейваецца амаральнасць і прадажнасць шляхты. Тая ж праблема ёсць і ў другім ананімным творы «Прамова Мялешкі»: ні кароль, ні апалячаная шляхта не дбаюць пра ВКЛ.
Прадстаўніком «высокага» літаратурнага стылю барока быў Сімяон Полацкі (С. Г. Пятроўскі-Сітніяновіч(1629-1680 гг.). Скончыў Кіева-Магілянскую калегію і працаваў дыдаскалам у брацкай школе ў Полацку, затым вучыўся ў Віленскай акадэміі. У 1664 годзе пераехаў у Маскву, стаў прыдворным паэтам. У 1667 быў прызначаны выхавацелем царскіх дзяцей. У канцы 1670-х у Крамлі адкрыў друкарню, якая выдала «Букварь языка словеньска» (1679).
Сімяон Полацкі – адзін з першых рускіх паэтаў, аўтар сілабічных вершаў на царкоўнаславянскай і польскай мовах. Акрамя вершаванага перакладу “Псалтыры” (1680), ім напісана мноства вершаў і выдадзены зборнік «Рыфмалогіі» пра жыцццё царскага двара, шмат паэм маральна-дыдактычнага характару, якія ўвайшлі ў «Вертаград Шматкаляровы», а таксама дзве тэатральныя камедыі. У асобных творах сустракаюцца рысы барока.
За нядоўгі час свайго жыцця асветнік выявіў свой багаты талент духоўнага дзеяча – святара і багаслова, педагога, паэта, драматурга, перакладчыка. Як адзін з прыхільнікаў ідэі кансалідацыі славян распрацаваў праект (“Прывілей”) заснавання ў Расіі славяна-грэка-лацінскай акадэміі.
Варта адзначыць, што ХУІІІ ст., час поўнага заняпаду беларускай літаратурнай мовы, быў абумоўлены многімі прычынамі. У іх ліку зварот шляхты ВКЛ (1696) да караля Рэчы Паспалітай с просьбаю аб забароне выкарыстання ў справаводстве беларускай мовы і яе замене мовай польскай. Таму фактычна да сярэдзіны ХІХ ст. у ВКЛ беларускамоўная літаратура практычна адсутнічае, за выключэннем асобных базыльянскіх выданняў рэлігійнага зместу. Эпоха Асветніцтва не закранула асноўнай масы насельніцтва – сялян. Асноўным спажыўцом яго ідэй з’яўлялася прагрэсіўная шляхта і мяшчанства, якіх турбаваў лёс краіны, стан духоўнага жыцця грамадства і г. д. Менавіта гэтыя аспекты адбівала ў сабе першае на Беларусі перыядычнае выданьне “Gazeta Grodzienska», якую заснаваў у 1776 годзе А. Тызенгаўз. Акрамя таго, з адкрытай ім друкарні выходзілі мастацкая, навуковая і рэлігійная літаратура, падручнікі, «Каляндар гаспадарчы», часопіс «Літоўскія газеты» і іншая прадукцыя. У цэлым ідэі Асветніцтва, скіраваныя на гарманізацыю сацыяльных адносін, умацаванне грамадства і дзяржавы, укараненне прававых нормаў, узвышэнне навуковых і духоўных каштоўнасцяў не зрабіліся для РП кансалідуючым фактарам перад пагрозай яе падзелу.
У выніку ўзаемадзяння многіх сацыяльна-эканамічных, палітычных, рэлігійных і іншых працэсаў, якія мелі месца ў ХУІ ст. у Заходняй і Цэнтральнай Еўропе ўзнік новы мастацкі стыль – барока.
Краінай яго нараджэння лічыцца Італія і непасрэдны адтуль ён трапляў на Беларусь праз падарожнікаў, дыпламатаў, духоўных дзеячаў. Вядома, што ў Падуанскім універсітэце з 1592 г. да сярэдзіны XVII ст. вучылася каля 170 нашых землякоў – “літвінаў”. Выпускнікі, якія вярталіся на Радзіму, здолелі адаптаваць заходнюю духоўную культуру да мясцовых патрэб і ў шэрагу выпадкаў з выкарыстаннем візантыйскай традыцыі сінтэзаваць новую, своеасаблівую, якая была ўласціва толькі Беларусі.
Новы стыль найперш ўвасобіўся ў архітэктуры і абапіраўся на традыцыі антычнасці з уласцівым ёй пышным, пампезным дэкорам, вытанчанасцю форм і ліній, выкарыстаннем светлацені і іншымі рысамі мастацтва. Першым яго ўзорам у Рэчы Паспалітай і наогул, на ўсходнеславянскіх землях стаў езуіцкі касцёл Божага цела ў Нясвіжы (1584-1593 гг.), пабудаваны архітэктарам Яна Бернардоні па кананічнаму праекту царквы Іль Джэзу ў Рыме.
У далейшым асноўнай базай беларускага барока з’яўлялася культавая архітэктура першай паловы XVII ст. Найбольш характэрная яго праява (базілікавы тып храма з двухвежавым галоўным фасадам) адбіта ў касцёлах езуітаў у Гародні і Мінска, дамініканцаў у Стоўбцах і ў Княжыцах пад Магілёвам, бернардзінак у Мінску.
Працэс развіцця мураванай архітэктуры меў тры этапы і ў адпаведнасці з імі беларускае барока стала ўмоўна падзяляцца на ранняе, сталае і позняе. Апошняе, позняе (1730-1780-я гг. XVIII ст.) барока з уласцівым яму ўменнем мясцовых дойлідаў па стварэнні шмат’ярусных вежаў, фігурных франтонаў, па дасягненні гармоніі вертыкалізму ліній і плаўнасці сілуэтаў было названа віленскім. Гэты стыль характэрны касцёлу кармелітаў у Глыбокім, сабору св. Сафіі ў Полацку, Андрэеўскаму касцёлу ў Слоніме і інш.
З цягам часу элементы барока з’яўляюцца і ў свецкай архітэктуры. Зноў створаныя палацавыя ансамблі ў Нясвіжы, Ружанах, Шчорсах ужо пазбаўлены абарончых элементаў, уласцівых готыцы, і дэманструюць раскошу і пампезнасць. Аналагічны выгляд – з пілястрамі і ляпнінай, плаўнымі контурамі франтонаў, набываюць будынкі гарадскіх магістратаў – ратушы Віцебска, Магілёва, Мінска.
З моманту ўзнікнення ў сярэдзіне XVIII ст. новага архітэктурнага стылю класіцызму барока адразу не знікае, а некаторы час існуе паралельна з першым. Толькі пасля таго, як Беларусь была цалкам далучана да Расійскай імперыі, барока саступае месца класіцызму.
Прыкметы барока ў выяўленчым мастацтве ўзніклі ў сяр. XVII ст., пазней, чым у архітэктуры. У манументальным і станковым жывапісе традыцыйная візантыйска-старажытнаруская тэхніка ўзбагацілася заходнееўрапейскай, што паўплывала на фарміраванне своеасаблівай мясцовай тэхнікі. Стыль барока ў манументальным рэлігійным жывапісе выяўляе сябе ў насценных роспісах каталіцкіх храмаў – францысканцаў у Гальшанах, езуітаў у Нясвіжы (XVII ст.), св. Станіслава ў Магілёве (1765 г.), дзе скарыстаны сюжэты кампазіцыі мастакоў Заходняй Еўропы. Новы стыль знайшоў адбітак у выкарыстанні тэхнікі светлацені, элементаў антычнай арнаментацыі, знеш-няй эфектнасці, пампезнасці.
Роспісам культавых будынкаў іншых хрысціянскіх канфесій – праваслаўнай і уніяцкай – доўгі час была ўласціва традыцыйная тэхніка. Так, у ХУІІ ст. у тэхніцы фрэскі былі аздоблены сцены праваслаўных (Віцебск, Магілёў, Мінск, Орша, Прапойск, Чачэрск) і уніяцкіх – (Жыровічы, Полацк) храмаў. У сваіх выявах жанравых біблейскіх і евангельскіх сюжэтаў майстры фіксавалі сучасныя элементы дэкору, тым самым фарміравалі новы мастацкі стыль.
Значна павольней барока ўздзейнічала на іканапісны жанр, дзе, як і раней, выявы святых доўгі час захоўвалі кананічны выгляд. Тым не менш ў іканапісе з’яўляюцца элементы зямнога жыцця. У абразах “Праабражэнне” 1648 г., “Пакроў” 1650 г., “Успенне” 1652 г.) “Нараджэнне Маці Боскай” (1649 г.) прысутнічаюць мясцовыя пейзажы і ўласцівыя эпосе прадметы побыту. Адыход ад канону назіраецца і ў абразах “Маці Боская Адзігітрыя” з Жыткавіч і “Ілья” з Крычава (першая палова XVII ст.), якія аздоблены арнаментам і дэкаратыўнымі накладкам. У другой палове XVII ст. гэтыя тэндэнцыі ўзмацняюцца яшчэ больш і прысутнасць на іконах “Маці Боская Адзігітрыя Баркалабаўская” з Быхава (1659 г.), “Уваскрэсенне – Сашэсце ў пекла” з Чачэрска (1678 г.) выяў сучасных мастакам архітэктурнах кампазіцый, сельскіх пейзажаў, узораў адзення і г. д., як гэта робіцца звычайнай з’явай.
Нягледзячы на пэўны ўплыў заходнееўрапейскага мастацтва, нацыянальныя рысы беларускага іканапісу – моцны ўплыў фальклору, народнага мастацтва, простанародным тыпаж святых – не гублялі сваёй перавагі. Да ліку найлепшых узораў беларускага іканапісу ХУІІ ст. варта аднесці «Тройцу Запаветную» з Берасцейшчыны, «Нараджэнне Маці Божай» работы П. Яўсеевіча з Галынца. У ХУІІІ ст. барока ў іканапісе характарызуецца большай прысутнасцю народных матываў (абраз «Ушэсце» П. Клачковіча з Бера-сцейшчыны), павелічэнне элементаў свецкага жывапісу і інш.
У ХVІІІ ст. у іканапісе склаліся пэўныя – магілёўская, палеская, полацка-віцебская, гарадзенская, слуцка-мінская плыні, якія стварылі аснову для фарміравання адзінай беларускай школы.
Партрэтны жанр стаў з’яўляцца на Беларусі ў канцы ХУІ ст. і нават у больш познія часы ў ім адчуваўся ўплыў заходнееўрапейскага рэнесансу. Лепшыя працы беларускіх майстроў адбіліся ў партрэтах Януша Радзівіла, Аляксанра Астрожскага, Альбрэхта Радзівіла і інш. Узнікненне стылю барока ў партрэтным жывапісе супала з росквітам так званага “сарматызму” – ідэалогіі, якая падкрэслівала старадаўняе паходжанне, саслоўную і грамадскую выключнасць шляхты. Значным сродкам умацавання асобнымі яе прадстаўнікамі свайго высокага статусу лічыўся прыжыццёвы жывапісны і партрэт, а таксама трунны пасля смерці. Па жаданні заказчыка, мастакі маглі напісаць яго ў парадным або старадаўнім (рыцарскім) адзенні. Буйнымі цэнтрам партрэтнага жывапісу ў ВКЛ былі Вільня, Гародня, Нясвіж, Ружаны, Свіслач, Слонім, Слуцк.
Неўзабаве ў магнатаў і паноў сталі з’яўляцца цэлыя галерэі з выявамі іх саміх, блізкіх родзічаў, славутых продкаў. Сармацкаму партрэту былі ўласцівы такія рысы, як знешняе падабенства, наяўнасць пэўных атрыбутаў (герб, надпіс) ці прадметаў, якія адлюстроўвалі прыналежнасць персоны да групы “абраных”. Такія рысы ўласцівы “рыцарскім” партрэтам К. Весялоўскага, М. Паца, А. Завішы, К. Сапегі, літоўскага “Геркулеса” Ю. Радзівіла і інш. Свае парадныя партрэты пакінулі К. Астрожскі, Г.Ф. і М. Радзівілы, М.К. Агінскі, С. Панятоўскі.
У другой палове ХVІІІ ст. з распаўсюджаннем Асветніцтва барока паступова саступае месца новаму стылю – класіцызму з уласцівымі яму напускной урачыстасцю ў выглядзе і позах персон, вытанчанасцю дэталяў, прысутнасцю дэкаратыўных элементаў антычнасці. У ліку першых мастакоў Беларусі, хто засноўваў айчынную класічную школу, быў прафесар Віленскай Галоўнай школы Францішак Смуглевіч (1745-1807). Яго жывапісныя працы прысвячаліся гістарычным (“Прысяга Касцюшкі) і міфалагічным сюжэтам.
Далейшае развіццё жывапісу ў стылі класіцызму Беларусі адбывалася ўжо пасля яе далучэння да Расійскай імперыі.
Скульптура мела культавае прызначэнне і выраблялася для каталіцкіх і уніяцкіх храмаў як элемент алтароў. Выявы Бога і святых вырабляліся з дрэва с выкарыстаннем фарбаў і пазалоты. Найбольш выразныя ўзоры стылю барока адбіліся ў алтары будслаўскага касцёла (1643-1651). Своеасаблівыя свецкія матывы ў скульптуры адбіліся ў надмагільных партрэтах знатных нябожчыкаў, але самі майстры былі небеларускага паходжання.
Дэкаратыўнае мастацтва найлепшым чынам увасоблена ў культавай архітэктуры. У ХУІІ ст. баларускія разбяры і іншыя майстры па дрэве ўвасобілі стыль барока ў шмат’ярусных кампазіцыях іканастасаў Новадзявочага (1683-1686) і іншых манастыроў у Маскве. Беларускія дойліды ўнеслі вялікі ўклад у пабудову палаца Аляксея Міхайлавіча ў с. Каломенскае.
Тэатралізаваныя відовішчы адбываліся ў час рэлігійных святаў, на Каляды, Купалле, іншыя народныя гулянні. З цягам часу сталі з’яўляцца вандруючыя прафесійныя артысты, якія ігрой на музычных інструментах, песнямі, танцамі, інтэрмедыямі і г. д. забаўлялі публіку і тым зараблялі сабе на жыццё. Вялікім поспехам карысталіся артысты з прыручанымі медведзямі. ХУІ ст. – час зараджэння беларускага тэатральнага мастацтва. Яго пачатак звязваюць з народным лялечным тэатрам – “батлейка” (ад паланізаванай назвы горада Вiфлеем, дзе, нарадзiўся Iсус) або “Вяртэп”, “Яселка” ці “Жлоб”. Арганізатарамі відовішчаў напачатку былі вандруючыя манахі, студэнты ці іншыя адукаваныя людзі. Сцэнай для выступлення лялечных артыстаў служыла трох- ці двух’ярусная скрыня. Кожны ўзровень мусіў сімвалізаваць “высокі” і “нізкі” ўзровень рэпертуару. Так, на верхнім ярусе батлейкі паказвалі дзеі на рэлігійныя сюжэты, на ніжэйшых – з народнага жыцця. Як правіла, апошнія складалі народную драму “Цар Максіміліян”, жанравыя сцэнкі –“Антон з казой і Антоніха”, “Вольскі – купец польскі”, “Бэрка-карчмар”, “Цыган і цыганка” і інш. Дзеі суправаджаліся музыкай, спевамі псалмоў і песень, народнымі танцамі. З цягам часу свецкая частка праграмы павялічвалася, і каб дагадзіць гледачам, набывала сацыяльна-сатырычны змест.
У эпоху Асветніцтва цэнтрамі мастацкай культуры Беларусі зрабіліся магнацкія рэзідэнцыі ў Гародні, Нясвіжы, Ружанах, Слоніме і інш. гарадах. Самі магнаты шмат часу праводзілі за межамі РП – набывалі адукацыю, падарожнічалі, запрашаліся на свецкія сходы, забаўляльныя мерапрыемствы. Лепшыя, на іх думку, узоры заходнееўрапейскай культуры – адзення, інтэр’ераў і знешняга выгляду палацаў, жывапісу, музыкі, танцаў, тэатральнага рэпертуару, запазычваліся і ўкараняліся ва ўласных маёнтках. Выпісанымі з-за мяжы музыкантамі, сцэнографамі, балетмайстрамі ў магнацкіх замках ствараліся школы для падрыхтоўкі артыстаў. Навучэнцамі гэтых школ былі прыгонныя юнакі і дзяўчаты.
Каласальныя даходы ад эксплуатацыі прыгонных сялян і жыхароў прыватных гарадоў і мястэчак давалі магнатам магчымасць ажыццявіць любую задуму, каб ні ў чым не адставаць ад арыстакратаў Італіі, Францыі і іншых краін. Намаганнямі замежных майстроў асобныя магнацкія палацы па сваёй раскошы не саступалі лепшым узорам еўрапейскіх палацаў, а па багацці - калекцыях карцін, зброі, манускрыптаў іх гаспадары не саступалі манархам.
Каралю Станіславу Радзівілу, па мянушцы “Пане Каханку”, належала 16 гарадоў і больш 600 вёсак, што дазволіла яму ператварыць свой замак у Нясвіжы ў сапраўдны музей, з багацейшай у РП бібліятэкай і архівам ВКЛ. Частка замка адводзілася пад тэатр, музычную і балетную школы. Ягоная жонка Уршуля Францішка Радзівіл асабіста рыхтавала рэпертуар для прыгонных артыстаў. У 1746 г. была пастаўлена яе першая камедыя «Дасціпнае каханне».
Неўзабаве ўласныя тэатры, музычныя капэлы, нават балетныя школы зрабіліся ўласцівай прыкметай магнацкіх родавых гнёздаў. Струннай капэлай, музычнай і балетнай школай, адмысловым “Новым домам оперы” славілася рэзідэнцыя гетмана М. К. Агінскага ў Слоніме. Музычная капэла, а таксама школа па падрыхтоўцы прыдворных артыстаў была наладжана старостам А. Тызенгаузам. Яго тэатр па майстэрству і славе пераўзышоў астатнія ва ўсёй РП. 60 гродзенскіх і слонімскіх танцоўшчыкаў, адпраўленых у Варшаву, склалі аснову балетнай трупы каралеўскага тэатра. Магнаты Тышкевічы таксама заснавалі тэатры з прыгоннымі артыстамі ў Свіслачы і Плешчаніцах і інш. Усяго да канца існавання РП на Беларусі мелася 26 тэатраў і каля 30 аркестраў.
Гледачамі тэатральных прадстаўленняў і слухачамі музычнага мастацтва і г. д. была ў сваёй большасці мясцовая шляхта. Яна ж імкнулася па ўзору магнатаў надаваць сваім маёнткам і інтэр’ерам адпаведны выгляд, насіць еўрапейскую вопратку, чытаць літаратуру. На Беларусі пачалося разбурэнне сармацкай культурнай традыцыі і адначасова ўмацаванне новай, заходнееўрапейскай. К выніку культура Беларусі XVIII ст. набывала больш выразны свецкі характар свецкай культуры, росквіту музычнага і прыкладнога мастацтваў, якое мела элітарны шляхецкі характар. Развіццё яго асноўных накірункаў вызначалася “заканадаўцамі мод” – уладальнікамі родавых уладанняў у Гародні, Дзярэчыне, Нясвіжы, Ружанах і іншых гарадах і мястэчках.
4. У вынiку аб’яднання Польшчы з ВКЛ суадносiны сiл ва Усходняй Еўропе паступова змянялiся на карысць РП. Таму спрыяла аслабленне царскай улады ў Маскоўскай дзяржаве пасля смерці Івана Жахлівага (1584). Яго сын Фёдар Іванавіч памёр, не пакінуўшы нашчадкаў. Такім чынам дынастыя Рурыкавічаў перасеклася, і рускі трон зрабіўся аб’ектам міжусобных баярскіх груповак. У выніку ў краіне пачаўся так званы “смутны час”, які суправаджаўся масавымі народнымі рухамі, усобіцамі, уварваннем у межы дзяржавы інтэрвентаў. Абранне новым царом баярына Барыса Гадунова (1598-1605) сітуацыі не палепшыла: на ускраінах хваляваліся казакі, паўставалі сяляне, нават дваране выказвалі незадавальненне палітыкай новага цара. У выніку неўраджаю ад голаду (1601-1603) загінула шмат простага люду, у тым ліку жахароў Масквы. Істотны ўрон прэстыжу Гадунова наносілі чуткі аб яго асабістай віне ў смерці сына Івана Жахлівага – Дзмітрыя (1591).
У гэтых умовах становішча царскай улады рабілася яшчэ больш хісткім. У гэты самы час у РП з’явiўся чалавек, якi абвясцiў сябе тым самым царэвiчам Дзмiтрыем, законным спадкаемцам трона. Яго падтрымаў сандамiрскi ваявода Юры Мнiшак і нават сам Жыгiмонт III. У адказ на просьбу самазванца аб дапамозе ў вяртаннi “законнага” царскага трону кароль РП блаславіў яго ў паход на Маскву ў складзе шляхецкага войска.
Са свайго боку двор Барыса Гадунова абвясцiў, што Дзмітрыем назваўся дыякан Рыгор Атрэп’еў, які ўцёк (1601) з Чудава манастыра. Тым не менш, папулярнасць самазванца не змяншалася i ў канцы лета 1604 г ён разам з 4-тысячным войскам ужо з’явiўся на на тэрыторыi Расii. У маi 1605 г пасля нечаканай смерцi Гадунова царскае войска перайшло на бок Ілжэдзмітрыя Ужо ў чэрвенi 1605 г. ён уступiў у Маскву i каранаваўся на царства пад іменем Дзмітрыя І. 18 ліпеня ў Маскву прыбыла ўдава Івана Грознага Марыя Нагая, якая прызнала Ілжэдзмітрыя I сваім сынам. 8 мая 1606 г. ён абвянчаўся з Марынай Мнішак, якая каранавалася як руская царыца.
Але палiтыка “законнага” цара не магла задаволiць адразу ўсiх – сялян i дваран, баяр i шляхту. Акрамя таго, прысутнасць у Маскве чужых (польскiх, лiтоўска-беларускiх) войск выклiкала незадавальненне масквiчоў. 17 мая 1606 г. у вынiку змовы баяр i паўстання гараджан Iлжэдзмiтрый быў забіты і выкрыты як самазванец. Марыя Нагая адмовілася ад ранейшага прызнання і 3 чэрвеня 1606 г. публічна пакланілася мошчам свайго сына Дзмітрыя, дастаўленым у Маскву з Угліча.
Новым царом быў абраны Васіль ІV Шуйскі (1606-1610), але змена ўлады не стабiлiзавала жыцця. У Расii распаўсюдзiлiся шматлiкiя выступленнi сялянства, казакоў, нават дваран, незадаволеных Шуйскiм. Распаўсюдзіліся чуткі, нібыта Дзмітрый І не загінуў, а ізноў збіраецца змагацца за свой трон супраць “ліхіх баяр”. У 1607 г. аб’явіўся чарговы самазванец – Міхаіл Малчанаў. Месцам канцэнтрацыі яго войск зрабіўся Старадуб (што на Браншчыне), куды сталі прыбываць рэшткі колішняга каралеўскага войска, дваране, казакі, сяляне. Праз год, 1 мая 1608 г. войскі Ілжэдзмітрыя ІІ разграмілі стральцоў Васіля Шуйскага, і ў пачатку чэрвеня падыйшлі да вёскі Тушына, стварыўшы непасрэдную пагрозу Маскве. Неўзабаве “цара Дзмітрыя прызналі” Юрый і Марына Мнішакі, а ўслед за імі многія рускія гарады – Пскоў, Растоў, Уладзімір. Тыя ж хто, захаваў вернасць сапраўднаму цару, называлі Ілжэдзмітрыя “тушынскім злодзеем”.
Каб перамагчы яго, паслы Шуйскага звярнуліся (1608) за дапамогай да Швецыі, абяцаючы саступіць ёй прыбалтыйскія землі. Сумесныя ваенныя дзеянні на чале з ваяводам Скопіным-Шуйскім прынеслі ім поспех і ў сакавіку 1610 г. блакада з Масквы была знята.
Але як толькі на баку Васіля Шуйскага выступіла Швецыя, РП ўспрыняла гэта як недружалюбны акт і прыступілася да адкрытай інтэрвенцыі. У вераснi 1609 г. яе войскi асадзiлi Смаленск, а ў чэрвені 1610 г. разбілі царскіх стральцоў пад Клушыным. Калі аб тым стала вядома ў Маскве, то група дваран начале з П. Ляпуновым зверглі В. Шуйскага з трону і пастрыглі яго ў манахі. Улада перайшла да “сямібаяршчыны”, групы ў складзе 7 баяр на чале з Мсціслаўскім. Сітуацыя магла ў любы час памяняцца, бо на яе маглі паўплываць войскі на чале з гетманам Жалкеўскім, а з другога боку – войскам Ілжэдзмітрыя сумесна з атрадам Сапегі. Баярская групоўка аддала перавагу саюзу з РП. Паводле падпісанай 17 жніўня 1610 г. “сямібаяршчынай” і Жалкеўскім дамовы, на рускі трон запрашаўся сын Жыгімонта ІІІ каралевіч Уладзіслаў пры ўмове пераходу яго ў праваслаўе. Аднак кароль не адпусціў 15-гадовага сына ў Расію. Каб прадухіліць напад на Маскву Ілжэдзмітрыя, баяры аддалі загад аб здачы Крамля пад ахову польска-літоўскага гарнізона на чале з гетманам С. Жалкеўскім.
У тых умовах крызіс улады здаваўся вырашаным, невыпадкова таму Ілжэдзмітрый быў вымушаны ўцякаць пад Калугу, дзе i быў забiты (снежань 1610) сваiмi былымi прыхiльнiкамi.
Але, нягледзячы на тое, што “сямiбаяршчына” прысягнула Уладзiславу, у Расii распачаўся вызваленчы рух. У 1611 г. яго ўзначаліў дваранін П. Ляпуноў. Апалчэнне служылых людзей Разані, Тулы, Калугі, казакоў, рэшткі былых войск Ілжэдзмітрыя ІІ рушыла на Маскву і ў сакавіку (1611) акружыла інтэрвентаў. Сілы патрыётаў значна павялічыліся пасля прыходу войск з Ніжняга Ноўгарада, у тым ліку атрада ваяводы Дз. Пажарскага. 19 мая масквічы паўсталі супраць захопнікаў. На дапамогу землякам выступілі апалчэнцы. Але палякі падпалілі горад, разбілі паўстанцаў і прымусілі апалчэнцаў адступіць. Дз. Пажарскі быў цяжка паранены. Няўдача выклікала раскол у апалчэнскіх сілах. Асабліва моцныя рознагалоссі выявіліся паміж дваранамі, якіх узначальваў П. Ляпуноў, і былымі “тушынцамі” – казакамі на чале з І. Заруцкім. Акрамя таго, сярод казакоў бы-ло шмат беглых сялян і халопаў), якім дваране абяцалі свабоду і грашовыя “жалаванні”. У выніку канфлікту 18 ліпеня 1611 г. П. Ляпуноў быў забіты, а апалчэнне фактычна распалася.
У снежні 1611 г. вялікі гетман ВКЛ Ян Хадкевіч здзейсніў паход на Маскву з мэтай дапамогі гарнізону, які ўтрымліваў Крэмль і цярпеў страшэнную нястачу. Чарговы паход (жнівень-верасень 1612) гетмана Хадкевіча з мэтай падтрымкі суайчыннікаў, якія былі акружаны ў Маскве, скончыўся паражэннем, нанесеным апалчэннем на чале з Дз. Пажарскім і К. Мініным. 6 снежня 1612 г. крамлёўскі гарнізон быў вымушаны капітуляваць. Каралеўскае войска, што рухалася на Маскву ўслед за Хадкевічам, не здолела прадухіліць катастрофы і мусіла вяртацца назад. Акрамя таго, каралевіч Уладзіслаў, які ехаў у суправаджэнні бацькі Жыгімонта ІІІ і канцлера ВКЛ Л. Сапегі з афіцыйнай місіяй, каб у адпаведнасці з пагадненнем заняць расійскі трон, быў вымушаны вярнуцца ні з чым.
У студзенi 1613 г. на Земскiм Саборы ў Маскве быў абраны новы цар – 16-гадовы Мiхаiл Раманаў, а 11 ліпені ён “вянчаўся на царства”.
Такім чынам, “смутны час” скончыўся. Усе “злодзеі”, “ліхія баяры”, прыхільнікі самазванцаў і г. д. былі сурова пакараны. Так, у ліпені 1614 г. 4-х гадовы сын Ілжэдзмітрыя І і Марыны Мнішак – Іван быў павешаны, а сама Марына, быццам памерла ў зняволенні ад тугі.
Між тым каралевіч Уладзіслаў не пакідаў спроб завалодаць расійскім тронам. У 1617 г., заручыўшыся падтрымкай сейма, ён рушыў у паход на Маскву. Да канца года войска РП на чале з гетманам Хадкевічам захапіла шэраг рускіх гарадоў, у тым ліку Вязьму, і адсюль вясной-летам 1618 г. захопнікі рушылі ў напрамку сталіцы, у кастрычніку (1618) занялі сяло Тушына. Пад час штурму Масквы да іх далучылася 20-ці–тысячнае войска запарожскіх казакаў гетмана П. Сагайдачнага, але абаронцы вытрымалі асаду. Каралевіч Уладзіслаў быў вымушаны пайсці на перагаворы. У выніку, у снежні 1618 г., паводле пера-мір’я, падпісанага у с. Дзявуліна (паблізу ад Троіца-Сергіева манастыра), тэрмінам 14 з паловай год да РП адыходзілі Смаленскія і Чарнігава-Северскія землі, а Уладзіслаў адмаўляўся ад правоў на расійскі трон.
Тым не менш, з абраннем свайго ўласнага цара “смутны час” паступова змяняецца перыядам уздыму эканомiкi i ўладных структур. У час знаходжання на троне Мiхаiла Фёдаравiча (1613-1646 гг.) фактычным кiраўнiком Расii з тытулам “вялiкi государь” працяглы час (з моманту вяртання з палону у 1619 i па 1633 г) з’яўляўся яго бацька – патрыярх Фiларэт. У многiм па яго iнiцыятыве пасля смерцi Жыгiмона III (1632) была здзейснена няўдалая спроба вяртання Смаленска, якая выклiкала чарговую, так званую Смаленскую вайну з Рэччу Паспалітай (1632-1634). А зваротнае імкненне новага караля Уладзiслава IV Вазы (1632-1648) яшчэ раз захапіць Маскву поспеха таксама не прынесла. У адпаведнасці з Палянаўскім мірам ад 17 мая 1634 г., пацвярджалася непарушнасць граніц паміж Расіяй і РП: Чарнігаўская зямля заставалася ў складзе Польшчы, а Смаленская – у складзе ВКЛ. Акрамя таго, Расія абавязалася выплаціць 20 000 руб., а кароль канчаткова адмаўляўся ад прэтэнзій на рускі трон.
Сацыяльна-эканамічнае становішча ВКЛ канца XVI – першай паловы XVII стст. характарызавалася ўсталяваннем фальварачна-паншчыннай сістэмы, умацаваннем зямельнай уласнасці свецкіх і духоўных феадалаў, якія імкнуліся павялічыць свой прыбытак шляхам павелічэння эксплуатацыі залежных сялян. Да гэтага ж часу, асабліва пасля правядзення валочнай памеры, асноўныя іх масы трапілі ў асабістую залежнасць ад феадалаў. Адпаведна колькасць уцёкаў сялян ад сваіх гаспадароў рэзка ўзрасла, і аўтары трэцяй рэдакцыі Статута ВКЛ (1588) павялічылі тэрмін пошуку беглых з 10 да 20 год.
Умацаванне феадальнага прыгнёту адчуваў працоўны люд гарадоў і мястэчак ВКЛ, асабліва тых, якія належалі свецкім і духоўным асобам. У пач. ХVІІ cт. павялічылася колькасць скаргаў гараджан на падатковы прыгнёт, новыя павіннасці, злоўжыванні і інш.
Адным са спосабаў пазбаўлення сялян і гарадскіх працаўнікоў ад феадальнага прыгнёту з’яўляліся ўцёкі на поўдзень ВКЛ. Там, за “парогамі” Дняпра, у Запарожскай Сечы ў канцы XVI ст. узнікла своеасаблівае напалову ваеннае, этнічна неоднароднае саслоўе - запарожскае казацтва. Частка яго – так званае рэестравае казацтва – знаходзілася на службе ў караля РП, мела устойлівы прыбытак і высокі грамадскі статус.
Узмацненне эксплуатацыі прыгонных сялян, бяднейшых пластоў гараджан і нерэестравага казацтва з’явілася асноўнай прычыной іх масавага руху супраць прыгнятальнікаў у канцы 90-х гадоў XVI – пач. XVII в., накшталт паўстання Налівайкі ў 1594-1596 гг., якое ахапіла тэрыторыю Украіны і Беларусі. Існаванне “казацкай вольнiцы”, дзе не было нi прыгону, нi панскага бязладдзя, з’яўлялася важным фактарам, якi ўзмацняў свабодалюбівыя настроi сялянства i гарадскiх нiзоў.
Вызначальную ролю ва ўздыме на Беларусi антыфеадальнага руху i ператварэннi яго ў антыфеадальную вайну адыграла паўстанне запарожскiх казакоў, якое пачалося ў красавіку 1648 г. Яго прычынай з’яўлялася пазбаўленне самакіравання Запарожскай Сечы, скарачэнне колькасці рэестравых казакаў, вяртанне выключаных з рэестра казакоў у стан прыгонных сялян, уціск польскай шляхты і яўрэйскіх арандатараў на праваслаўнае насельніцтва. Гетман Багдан Хмяльніцкі вырашыў сілай выдаліць палякаў з Украіны і аднавіць казацкую вольніцу. Каб узмацніць сваё войска, ён заключыў ваенны саюз з крымскім ханам Ісламам-Гірэем III. У першай буйной бітве з каралеўскім войскам пад Жоўтымі Водамі, якая адбывалася з 29 красавіка па 16 мая 1648 г., выявілася перавага саюзнікаў. 20-тысячная татарская конніца на чале з Тугай-беем пераўзыйшла польскую, а казацкая пяхота хутка зламала супраціўленне.
Чарговая бітва пад Корсунем (15-16 мая) была яшчэ больш удалай для паўстанцаў і іх саюзнікаў. У палон да іх трапілі 80 вяльможаў, у тым ліку 2 гетманы, 127 афіцэраў, 8 520 жаўнераў. Пераможцам дасталіся багатыя трафеі. Ад пагібелі і палону ўратавалася толькі 1,5 тыс. чал. з усёй каралеўскай арміі.
20 мая Кароль Уладзіслаў ІУ, пачуўшы, што казакам удалося разграміць шляхецкае войска на чале з С. Патоцкім, памёр. Са смерцю манарха РП страціла кантроль над Украінай. Безуладдзе падштурхнула прыгонных сялян і бедных мяшчан да нападаў на свецкіх і духоўных феадалаў, заможных гараджан, яўрэйскіх арандатараў. Гэтыя акцыі суправаджаліся захопамі маёмасці, падпаламі маёнткаў і іншых пабудоў.
Час бескаралеўя, які зацягнуўся да лістапада 1648 г., толькі спрыяў пашырэнню маштабаў народнай барацьбы супраць прыгнятальнікаў. Ужо першыя звесткi аб перамогах паўстанцаў пад Жоўтымi Водамi i Корсунем выклiкалi ўзброеныя выступленнi беларускiх сялян i гараджан, асаблiва ў суседнiх з Украiнай раёнах. Для падтрымкi народнага руху Хмяльнiцкi накiраваў на Беларусь казацкiя “загоны” (атрады) на чале з Галавацкiм, Крывашапкам, Нябабам, Хвясько i iнш.
Адначасова ад Гомеля да Барысава, Быхава i Магiлёва рассылалiся гетманскiя унiверсалы з заклiкам да паўстання. Са з’яўленнем казакоў пачалася ўзброеная барацьба сялян і гарадскіх нізоў галоўным чынам супраць шляхты і каталіцкага духавенства. Як і на Украіне, маёнткі і гаспадарчыя пабудовы рабаваліся і знішчаліся. У вынiку ўжо да восенi 1648 г. жыхары Мазыра, Турава, Гомеля, Рэчыцы i iх наваколляў “усе паказачылiся i паклялiся адзiн другому стаяць да апошняга”.
Летам-восенню казацка-сялянскiя атрады, карыстаючыся слабасцю i неарганiзаванасцю шляхецкiх ciл, авалодалi многiмi гарадамi паўднёва-усходняй Беларусі – Чачэрскам, Брагiнам, Бабруйскам, Мазыром, Чэрыкавым, Пінскам і іншымі. Асобныя фарміраванні шляхты былі разбіты пад Кобрынам, Мазыром, Чэрыкавым і інш. Але не заўсёды шанцавала і паўстанцам: слуцкая і стара-быхаўская крэпасці так і не былі імі ўзяты.
Чарговая перамога Б. Хмяльніцкага над польскім апалчэннем (да 80 000 вершнікаў і пехацінцаў пры 100 гарматах), якая адбылася пад Піляўцамі 21 верасня 1648 г., актывізавала паўстанцкі рух на Беларусі. У адказ мясцовая шляхта пачала фармiраваць свае апалчэннi і вербаваць наёмнiкаў. Агульнае кiраўнiцтва шляхецкім войскам было ўскладзена на вялікага гетмана літоўскага Януша Радзiвiла. У кастрычніку 1648 г. года значныя сілы шляхецкае войска на чале са стражнікам Мірскім пасля ўпартай барацьбы авалодалі Пінскам i жорстка пакаралі яго абаронцаў, забіўшы больш за 3000 мяшчан, у тым лiкi жанчын i дзяцей. Такi ж лёс спасцiг абаронцаў Чэрыкава.
У лістападзе на трон караля РП быў абраны брат памерлага Уладзіслава ІУ Ян ІІ Казімір Ваза (1649-1668), справа арганізацыі падаўлення паўстання ў ВКЛ значна палепшылася. У студзені 1649 г. Я. Радзівіл на чале 10-тысячнага войска прайшоў рэйдам па паўстаўшых гарадах паўднёвай Беларусі – Тураве, Петрыкаве, Мазыры, Бабруйску, Рэчыцы і жорстка караў як “чаркасаў” (казакоў) так і “гульцяйства” (гарадскія нізы). На працягу зімы гетман падавіў усе лакальныя выступленні сялян. Толькі пасля таго, як вясной 1649 г. з Украіны прыбыў 3-тысячны загон палкоўніка Галоты, паўстанне ізноў стала разгарацца па ўсім Палессі. Неўзабаве казацка-сялянскае войска дасягнула 30-тысячнага складу, але ў чэрвені ў бітве са шляхтай і наёмнікамі на Прыпяці яно было разбіта. Тым не менш Хмяльніцкі працягваў накіроўваць казакоў на Беларусь, бо тым хацеў скаваць сілы Радзівіла і не дапусціць іх злучэння з каралеўскімі войскамі. Так, неўзабаве тут з’явіліся загоны Гаркушы, Пабадайлы, Крычэўскага i iнш., да якiх далучалiся сяляне i такiм чынам барацьба супраць шляхты, каталіцкай і уніяцкай цэркваў, яўрэяў, заможных гараджан працягвалася. Але перавага была на баку рэгулярнага войска Радзівіла, якому 21 чэрвеня 1649 г. удалося разграміць групоўку сялянска-казацкіх паўстанцаў на чале з Крычэўскім, а затым лагер Пабадайлы каля Лоева. У выніку паўстанцкі рух рассеяўся на асобныя плыні, страціў масавасць і набыў формы партызанскай барацьбы.
Тым часам, 27 чэрвеня–10 ліпеня на каля с. Берасцечка (Заходняя Украіна) адбылася бітва паміж асноўнымі сіламі паўстанцаў (100 тыс. казакоў і 25 тыс. крымскіх татар) на чале з Багданам Хмяльніцкім і палякамі (27 тыс. войска Кароны і 30 тыс. паспалітага рушання) на чале з каралём Янам ІІ Казімірам. З-за здрады крымцаў польскаму войску ўдалося перамагчы.
Януш Радзівіл пасля разгрому паўстанцаў на Беларусі прыняў рашэнне рухацца супраць іх асноўных сіл на Украіне. Спроба казацкага палкоўніка Нябабы стрымаць праціўніка на пераправе праз Дняпро скончылася няўдала. Ужо 6 жніўня шляхецкае войска ВКЛ захапіла Кіеў і пад Белай Царквой аб’ядналася з каралеўскім.
Менавіта тут, пад Белай Царквой 28 верасня 1651 г. Б. Хмяльнiцкі быў вымушаны падпісаць не выгадны казакам мір, у адпаведнасці з якім колькасць рэестравага войска зменшалася да 20 000, казацкая тэрыторыя абмяжоўвалася Кіеўскім ваяводствам, а польскай шляхце вярталася яе маёмасць. Яўрэям дазвалялася жыць і арандаваць землі толькі ў каралеўскіх і шляхецкіх маёнтках. Хмяльніцкі абавязваўся парваць адносіны з татарамі і не ладзіць знешніх сувязей з замежнымі краінамі (Расіяй, Трансільваніяй, Малдавіяй, Турцыяй і інш.)
Застаўшыся без казацкай падтрымкi, беларускiя паўстанцы не здолелi працягваць адкрытую барацьбу, некаторы час дзейнiчалi паасобку, але ў далейшым былi вымушаны спынiць супрацiўленне. Відавочна, што ў ліку прычын паражэння паўстання на Беларусі з’яўлялася адсутнасць такой арганізаванай сілы як казацтва і адзінага цэнтра кіравання паўстанцамі. Усе іх выступленні, як сялян так і мяшчан, мелі лакальны характар і не скіроўваліся на дасягненне адзінай мэты. Выступленні беларускіх паўстанцаў з’яўляліся часткай вялікай вызваленчай вайны, якая адбывалася на Украіне на чале з Багданам Хмяльніцкім, тым не менш, па сваім характары, маштабах і мясцовых асаблівасцях мелі характар антыфеадальнай вайны.
Адным з вынікаў вызваленчай вайны на Украіне з’явілася ўваходжанне яе левабярэжнай часткі (Гецьманшчыны) у Расійскую дзяржаву, пад пратэктарат маскоўскага цара. Пераяслаўскі дагавор ператварыў канфлікт паміж казацтвам і польскай шляхтай у вайну Рэчы Паспалітай з Расіяй.
Карыстаючыся цяжкім становішчам Рэчы Паспалітай, цар Аляксей Міхайлавіч (1645-1676) вырашыў замацаваць поспех захопам суседніх з Расіяй зямель ВКЛ. Яго разлік на пераможную кампанію будаваўся не толькі на рускае 80-ці-тысячнае войска (супраць 10-тысячнага шляхецкага), але і на дапамогу беларускага насельнiцтва, якое цярпела пакуты ад палякаў. У красавiку 1654 г. ён паведамляў Хмяльнiцкаму, што беларускiя мяшчане “бити челом присылают... их от неволи ляхские освободить, а они все под нашею государскою рукою быти желают радостными сердцами”. З гэтай жа нагоды на Беларусi распаўсюджваліся царскiя граматы з заклiкам да праваслаўных аб дапамозе ў барацьбе супраць “ляхаў”.
З пачаткам лета 1654 г. рускiя стральцы перайшлі мяжу ВКЛ і павялі наступ у двух напрамках – паўночным і паўднёвым. 5 ліпеня Аляксей Міхайлавіч са світай стаў лагерам непадалёк ад Смаленска. Нешматлікае войска ВКЛ не магло аказаць істотнага супраціўлення. Ужо летам стральцы ўзялі Полацк, Мсціслаў, Оршау і іншыя гарады. У жніўні частковы поспех мелі харугвы Януша Радзівіла пад Шкловам, а таксама абаронцы Смаленска. Але ўжо праз месяц гэтыя гарады капітулявалі. 22 лістапада пасля доўгай асады стральцамі Шарамецьева паў Віцебск.
На поўднi з дапамогай 20-тысячнага войска ўкраiнскiх казакоў на чале з гетманам Залатарэнка стральцы захапiлi Гомель, Чачэрск, Прапойск, Быхаў. Некаторыя гарады, да прыкладу, Магілёў, здаваліся без супраціўлення.
Летам 1655 г. пачалося новае наступленне рускiх войск пад старшынствам ваяводы Трубяцкога, у вынiку якога былi захоплены цэнтральная i заходняя частка Беларусi разам з Вiльняй. Пры гэтым, iм так i не ўдалося захапiць Слуцк, Ляхавiчы i Стары Быхаў. У ліпені 1655 г. шведскі кароль Карл Х Густаў, успрыняўшы старыя дынастычныя спрэчкі як пагрозу свайму трону, рушыў вайной на Рэч Паспалітую і захапіў большую частку Польшчы разам з Варшавай. У тых умовах лёс федэрацыі “двух народаў” здаваўся вырашаным. З гэтай нагоды ў жніўні шляхецкая групоўка на чале з вялiкiм гетманам Янушам Радзiвiлам пайшла на заключэнне саюза ВКЛ са Швецыяй. У кастрычнiку 1655 г. акт так званай Кейданскай унii, якi фактычна скасоўваў Люблiнскую, падпiсала больш за тысячу шляхціцаў ВКЛ, але большасць іх захавала вернасць каралю РП.
Кароль Карл Х Густаў таксама лічыў лёс РП перадвызначаным, таму звярнуўся да Аляксея Мiхайлавiча з прапановай аб сумесным яе падзеле. Але перспектыва ўмацавання Швецыі не вабіла рускіх. Спроба шведаў выцясніць рускіх з Падзвіння прымусілі цара пры пасрэдніцтве Аўстрыі пайсці на мірныя перагаворы з РП. Пры гэтым Аляксей Міхайлавіч нават не параіўся на гэты конт з Хмяльніцкім.
У выніку 24 кастрычніка 1656 г. паміж імі было падпісана так званае Віленскае перамір’е тэрмінам на адзін год. Па яго ўмовах на акупiраванай тэрыторыi Беларусi ўлада заставалася за рускімі ваяводамі, а дзейнасць магістратаў адбывалася пад іх кантролем. У Маскве ствараўся адмысловы прыказ ВКЛ. Дзейнасць магістратаў захоўвалася пад кантролем ваявод. Тым шляхціцам, хто прысягаў цару i “цалаваў крыж”, надавалiся правы рускіх дваран, а хто адмаўляўся, той губляў маёмасць. Акрамя таго загадвалася, “жидам в Белой Руси не быть и жития никакого не имети”, “униатам не быть”, “костёлам не быть, а петь в домех”.
Такiм чынам, на Беларусi зачынялiся каталiцкiя i унiяцкiя храмы, маёмасць пакiдалася толькi праваслаўнай царкве, насельнiцтва i палонныя павінны былі ахрысціцца ў праваслаўную веру. Становішча яўрэяў зрабілася невыносным.
Разам з тым паводзiны рускiх стральцоў на Беларусi выклiкалi моцнае незадавальненне мясцовага жыхарства. Нават тыя, хто “цалаваў крыж”, цярпелi з іх боку рабаўнiцтва i здзекi. Акрамя таго, цэлыя сялянскiя i рамеснiцкiя сем’i вывозiлiся ў палон, у Маскву i Сiбiр. Да цара няспынна паступалi скаргi ад “белорусцев” на гвалт стральцоў. Пры гэтым, як сведчыў Нiкан, сам цар планаваў пасялiць у сваiх землях не менш за 300 тыс. беларусаў. Таму забранне ў палон людзей набыў характар дзяржаўнай праграмы. Гвалт акупантаў выклiкаў адпаведны рух супрацiўлення. Людзі адмаўляліся ад прысягі на вернасць цару і браліся за зброю. У 1658 годзе, калі баявыя дзеянні па-між РП і Расіяй аднавіліся, выступленні супраць стральцоў пачалі прымаць характар народнай вайны. Асобую ролю ў новых умовах стала адыгрываць украінскае казацтва.
Так, падпісанне рускімі Віленскага перамір'я (1656) быў расцэнены Б. Хмяльніцкім як здрада інтарэсам Украіны, таму ў мэтах працягу барацьбы з РП у пачатку 1657 года ён заключыў саюзны даговор з Карлам X. Натуральна, што гэты акт пагоршыў адносіны Расіі і ўкраінскага казацтва. Так, гетман Нячай, які з 1656 г. замест загінуўшага пры штурме Старога Быхава Залатарэнкі ўзначаліў казакоў, цяпер стаў на бок мясцовага насельніцтва і пачаў нападаць на тую шляхту, якая прысягнула цару, і нават на рускія войскі. Пасля смерці Хмяльніцкага (27 ліпеня 1657) новае казацкае кiраўнiцтва пайшло на зблiжэнне з РП i нават з Турцыяй. Казацкае кiраўнiцтва на чале з Нячаем ад iмя Украiны падпiсала з Каронай Гадзяцкi (Палтаўшчына) дагавор, паводле якога Кiеўскае, Брацлаўскае i Чар-нiгаўскае ваяводствы павiнны былi аб’яднацца з Польшчай на прынцыпах федэрацыi, у якой былi Польшча i ВКЛ.
Пасля гэтага ў верасні 1659 года Нячай прысягнуў на вернасць каралю Яну-Казіміру i заняў значную частку ўсходняй Беларусi. Толькі 4 лютага 1659 г. рускiя штурмам узялi яго апорны пункт у Быхаве i расправiлiся з мяцежнiкамi.
1659 год быў апошнім паспяховым для Расіі годам у яе працяглай вайне з Рэччу Паспалітай. Увосень войска ваяводы Хаванскага заваявала Бярэсце i iншыя паўднёвыя гарады Беларусі. Толькi пасля падпiсання мiру са Швецыяй (май 1660) РП здолела мабілізаваць сілы на барацьбу за вызваленне акупіраваных тэрыторый ВКЛ. Так, 18 чэрвеня аб’яднанае войска польскай i лiтоўска-беларускай шляхты на чале з П. Сапегам разбiла войска ваяводы Хаванскага каля в. Палонка, Слонiмскага павета. Такiм чынам, у лiпенi ўся Беларусь на захад ад Бярэзiны была вызвалена. У кастрычнiку 1660 г. войска ваяводы Ю. Далгарукага было адкiнута да Смаленска.
23 кастрычніка на Валыні войска В. Шарамецьева ў выніку здрады казакоў Ю. Хмяльніцкага было вымушана капітуляваць перад аб’яднанымі сіламі палякаў і татар. Казацтва правабярэжнай Украіны прысягнула каралю, а Левабярэжжа і Запарожжа па-ранейшаму захоўвалі вернасць цару.
У пачатку 1661 г. узмацняецца антырускае супрацiўленне на акупiраванай тэрыторыi. Так, у лютым 1661 г. адбылося паўстанне мяшчан Магiлёва, якiя за ноч знiшчылi 2 000 стральцоў. Такiя ж паўстаннi адбылiся ў Гомелi i iншых гарадах. Восенню войска РП вызваліла Гародню і Вільню, але з-за затрымкі жалавання наёмнікі не хацелі ваяваць. Характэрна, што ў 1662 г. у царскіх палках пачалося масавае дэзерцірства, выкліканае абясцэньваннем медных грошай. На буйнамаштабныя акцыi нi ў аднаго з бакоў ужо не было сiл, таму баявыя дзеяннi перапынiлiся на 2 гады.
Апошняе за час ваенных дзеянняў на Беларусі буйное сутыкненне адбылося летам 1664 г. пад Віцебскам, якое скончылася чарговым разгромам войск ваяводы І. Хаванскага. Асноўныя падзеі вайны з пераменным поспехам для іх удзельнікаў адбываліся на Украіне.
Толькi 30 студзеня 1667 г. у в. Андрусава (паміж Смаленскам і Мсціславам) РП і Расія падпiсалі перамiр’е (на 13 гадоў i 6 месяцаў), паводле якога:
1. да Расii канчаткова адыходзiлi Смаленскае i Чарнiгаўскае ваяводствы, Старадубскі павет і левабярэжная Украiна.
2. Часова (на 2 гады) пераходзiў Кiеў з прыгарадамi ў радыусе 1 мiлi.
3. Запарожская Сеч пераходзiла пад агульнае кiраўнiцтва 2 краiн.
4. Расія абавязалася дапамагаць РП у барацьбе супраць татар і правабярэжных казакоў, выплаціць беларускай і украінскай шляхце кампенсацыю ў памеры дзвесці тыс. руб. за страчаные маёнткі. Прадугледжвалася вяртанне палонных беларусаў i вывезеных культурных каштоўнасцяў.
6 мая 1686 г. умовы Андрусаўскага перамір’я былі замацаваны двума бакамі так званым «Вечным мірам», і дапоўнены перадачай Рэччу Паспалітай Запарожжа і (за грашовую кампенсацыю) Кіева.
Беларусь у Паўночнай вайне (1700-1721). У чарговай, так званай Паўночнай вайне Расія і РП ўдзельнічалі галоўным чынам як саюзнікі. Іх сумесная дзейнасць была абумоўлена імкненнем падарваць гегемонію Швецыі на чале з 18-гадовым каралём Карлам ХІІ ў балтыйскім рэгіёне. Акрамя таго, цар Расіі Пётр І спадзяваўся вярнуць страчаныя па Сталбоўскаму міру (1617) землі на ўзбярэжжы Балтыкі, а РП на чале з Аўгустам ІІ прэтэндавала на Ліфляндыю. Палітычныя або тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Швецыі мелі Данія, Шлезвіг-Гальштэйн і іншыя дробныя германскія дзяржавы.
Першая антышведская кааліцыя стала фарміравацца ў пачатку 1699 г. у складзе Расіі і Даніі. Восенню негалосна да саюзнікаў далучылася РП. 12 лютага 1700 года саксонскія войскі, пасланыя Аўгустам ІІ, асадзілі Рыгу. У сакавіку распачала ваенную актыўнасць Данія, але ўжо ў чэрвені шведскія войскі прымусілі яе пайсці на замірэнне. У жніўні 1700 г. Расія аб’явіла вайну Швецыі. Нягледзячы на тое, што руская армія пад Нарвай пацярпела паражэнне, яно толькі ўмацавала рашучасць Пятра І на дасягненне пастаўленых мэтаў.
Карл ХІІ не лічыў Расію моцным праціўнікам і таму скіраваў асноўныя сілы супраць РП. У 1701 яны захапілі Варшаву, у 1702 – перамаглі каралеўскія войскі пад Торунем і Кракавам. Пасля разгрому саксонцаў пад Рыгай шведы ўварваліся ў межы ВКЛ і ў 1702 г. захапілі Гародню. У далейшай барацьбе супраць саюзнікаў Карл ХІІ заручыўся падтрымкай буйнейшага магната Сапегі.
Шляхта адрэзанага ад Польшчы ВКЛ стварыла канфедэрацыю i вясной 1703 г. падпiсала дагавор з Пятром I аб сумеснай барацьбе супраць шведаў.
14 студзеня 1704 г. Карл ХІІ прымусіў сейм адхіліць Аўгуста ІІ ад трона і замест яго абраць каралём Станіслава Ляшчынскага. Гэтыя перамены раскалолі шляхту на два лагеры – прыхільнікаў і праціўнікаў новага караля. У тым жа 1704 г. частка яе адмовілася прызнаваць новага караля і з мэтай арганiзацыi ўзброенай барацьбы са Швецыяй стварыла так званую Сандамiрскую канфедэрацыю. Але Аўгуст II заключыў тайнае пагадненне з Карлам ХІІ, у адпаведнасці з якім адмаўляўся ад трона на карысць С. Ляшчынскага, разрываў саюз з Расіяй і абавязаўся выплаціць кантрыбуцыю на карысць Швецыі. Новага караля прызналi Радзiвiлы, Пацы, Вiшнявецкiя, але не прызналi члены Сандамiрскай i Вялiкакняжацкай канфедэрацый.
Мiж тым, актыўныя ваенныя i iншыя рэформы ў Расii далi прыкметны плён у павышэннi баяздольнасцi яе ўзброеных сiл. Восенню 1704-1705 гг. руская армiя аднавiла баявыя дзеяннi на Беларусi. На баку шведаў актыўна змагалiся ўзброеныя атрады Сапегi. Маёнткi i вёскi, якiя належалi саюзнiкам Пятра I, бязлiтасна знiшчалiся. Былі спалены Карэлічы, Мір, разрабаваны Навагрудак, Слонім, Клецк, Слуцк, Пінск, Кобрын, Нясвіж. У сваю чаргу рускiя войскi жорстка каралi насельнiцтва беларускiх гарадоў, якiя былi вымушаны забяспечваць шведаў правiянтам i фуражом. Так, па загаду Пятра быў ушчэнт спалены горад Магiлёў. Па сутнасці, і рускія, і шведскія войскі разглядалі Беларусь як варожую тэрыторыю і адпаведна ставіліся да яе насельніцтва.
У студзенi 1708 г. Карл ХII паставiў на мэце перанесцi баявыя дзеяннi на тэрыторыю Расii. Сваю дапамогу ў гэтым абяцаў украiнскi гетман Мазепа. На Беларусi шведы iзноў занялi Гародню i iншыя гарады. У лiпенi таго ж 1708 г каля м. Галоўчын, Аршанскага павета яны ўшчэнт разбiлi корпус Рэпнiна. Затое 28 верасня каля в. Лясная, што пад Прапойскам, рускіх салдат, якімі камандаваў сам Пётр, напаткаў поспех. У выніку ўпартага бою ім удалося разграмiць шведскi корпус генерала Левенгаупта, якi з абозам рухаўся з Рыгі на Украіну, дзе размяшчаліся асноўныя сілы непрыяцеля на чале з каралём. Справа ў тым, што да восені войскі Карла ХІІ адчулі востры недахоп правізіі і абралі для зімоўкі хлебныя раёны Украіны.
Перамога пад Лясной ў многiм абумовiла шчаслiвы для рускiх войск вынiк генеральнага сражэння пад Палтавай 27 чэрвеня 1709 г. Невыпадкова, перамогу пад Лясной Пётр І назваў “маці Палтаўскай вікторыі”. Карл ХІІ разам з Мазепам ледзь уратаваліся ад палону і знайшлі знайшлі часовы прытулак у турэцкага султана.
Аўгуст II iзноў пацвердзiў свае каралеўскiя паўнамоцтвы i заключыў новы саюз з Пятром I, і надалей ваенныя дзеяннi адбывалiся толькi памiж войскамi канфедэратаў i “марыянеткi” Ляшчынскага. У ВКЛ барацьбу супраць прыхiльнiкаў Ляшчынскага ўзначальваў Людвiк Пацей. У 1717 г. яна скончылася агульным прымiрэннем, а ў 1719 г. Швецыя адмовілася от падтрымкі Станіслава Ляшчынскага. Але калі ў 1733 г пасля смерцi Аўгуста II новым каралём быў абраны Ляшчынcкi, Расія пад пагрозай выкарыстання ўзброеных сіл дамаглася скасавання гэтага рашэння. 5 кастрычнiка 1733 г. адбылiся выбары новага караля, якiм стаў сын Аўгуста II Аўгуст III (1733-1763).
Такiм чынам, Беларусь, ператвораная ў арэну вайны памiж рускiм i шведскiм войскамi, панесла велiзарныя людскiя i матэрыяльныя страты. Пры гэтым у мiжусобнай барацьбе гiнула i шляхта, i рэкрутаваныя ёй сяляне, нiшчылiся велiзарныя матэрыяльныя каштоўнасцi. Усяго на Беларусi загiнула, памерла ад ран, хваробы i голаду каля 700 тыс чал. з яе 2, 2 мiльённага насельнiцтва. Як шведы, так i рускiя, разглядалi беларускую зямлю як чужую тэрыторыю, а яе багаццi як звычайную ваенную здабычу. Невыпадкова таму перасоўваннi ўзброеных атрадаў суправаджалiся рабаўнiцтвам i забойствамi мiрнага насельнiцтва.
5. Праз 100 год пасля заключэння Люблiнскай унii ўнутрыпалiтычнае становiшча РП стала выяўляць прыкметы крызiсу і найперш у вышэйшых колах дзяржаўнай улады. Так, паўнамоцтвы двухпалатнага сейма пераўзыходзiлi каралеўскiя. Без яго санкцыi манарх, які дзейнічаў пад наглядам савета з 16 сенатараў-рэзідэнтаў, не меў права самастойна праводзіць знешнюю палітыку, склiкаць “паспалiтае рушанне”, усталёўваць новыя падаткi, затое як “першы сярод роўных” быў абавязаны сачыць за захаваннем “залатых вольнасцяў” шляхты.
Выбарнасць каралеўскай улады i яе залежнасць ад шляхецкай волi мела свае недахопы. Ва ўмовах шматканфесiйнай i шматнацыянальнай дзяржавы цяжка было аб’яднаць iнтарэсы ўсёй шляхты. У тых умовах узмацняецца ўплыў таго ці іншага магната, які з апораю на мясцовы сеймік і канфедэрацыю імкнецца выйсці з-пад кантролю караля і стварыць уласную “дзяржаву ў дзяржаве”. У такiх умовах нават вышэйшы заканадаўчы орган даваў збоі. Так, за час з 1652 па 1764 гг. у вынiку дэструктыўных захадаў магнатаў і іншых зацікаўленых асоб 48 пасяджэнняў сейма з 55 было сарвана ў выніку выкарыстання дэпутатамі права “лiберум вета” (патлумачыць, што гэта). Адпаведна, не была прынята пэўная колькасць дзяржаўных пастаноў.
Пачынаючы з 1648 і да 1717 г. РП знаходзіцца ў стане амаль бесперапынных войнаў з Расіяй, Швецыяй, Асманскай імперыяй, крымскімі татарамі. Далёка не ўсе яны заканчваліся пераможна для яе. Суседзi РП – Прусія, Аўстрыя і Расія адкрыта выказвалi да яе тэрытарыяльныя прэтэнзii, спасылаючыся на факты колiшняй прыналежнасцi iх продкам асобных зямель, якiя зараз уваходзiлi ў склад Польшчы i ВКЛ. Так, у гады Паўночнай вайны (1700–1721) прускі кароль планаваў аддзяліць ад РП узбярэжжа Балтыкі. Аўстрыя прэтэндавала на Заходнюю Украіну. Расія як “збіральніца рускіх зямель” будавала планы адносна далучэння ўсёй Украіны і Беларусі. Суседзі РП свайго стаўлення да яе адзін ад аднаго не хавалі. Варта адзначыць у гэтай сувязi, што расiйска-прускi саюзны дагавор 1764 г. меў сакрэтны артыкул, паводле якога саюзнiкi абавязвалiся захоўваць у гэтай краіне шляхецкую рэспубліку, вольныя выбары караля i liberum veto.
Негатыўнае ўздзеянне на ўнутрыпалітычнае жыццё РП працягвала аказваць так званае пытанне аб дысідэнтах або іншаверцах. Як вядома, адным з абавязкаў караля з’яўляўся нагляд за пануючым становішчам у краіне каталіцтва. З другога боку, нераўнапраўе насельніцтва ў справах веры выклікала ўмяшальніцтва з боку суседніх дзяржаў, асабліва лютэранскай Прусіі і праваслаўнай Расіі. Так, Аляксей Мiхайлавiч, а затым і Пётр І бралі на сябе ролю абаронцы iнтарэсаў сваіх аднаверцаў у Рэчы Паспалітай, а па сутнасці, умешваліся ў яе ўнутраныя справы. Невыпадкова, што з дапамогай рускай арміі ў 1733 г. трон заняў Аўгуст III (1733-1763), як дзяржаўны дзеяч – асоба зусім нікчэмная. За 30 год свайго каралявання ён так і не асвоіў дзяржаўнай мовы і правёў у РП толькi 2 гады, а астатні час жыў у Саксоніі. Невыпадкова, што ў гэты час магнацкая міжусобіца ў краіне дасягнула свайго апагею.
Калі пасля смерцi Аўгуста ІІІ кожная групоўка магнатаў выставіла ўласнага прэтэндэнта за трон, то расійская імператрыца Кацярына ІІ (1762-1796) падтрымала партыю Чартарыйскіх і іх прадстаўніка. У выніку ў верасні 1764 г. на элекцыйным сейме каралём РП быў абраны ўраджэнец маёнтка Волчын Берасцейскага павета, стольнiк ВКЛ Cтанiслаў Панятоўскi, якi пры каранацыi набыў iмя Аўгуст IV. Але ўсеўладным каралём у сваёй дзяржаве ён так і не зрабіўся, бо быў вымушаны лічыцца з воляй расійскай імператрыцы, якую прадстаўляў пасол Рэпнін.
Пэўныя шляхецкiя пласты грамадства РП усведамлялi патрэбу рэформ, пагрозу крызiсу дзяржаўнасці краiны, свавольства магнатаў i г. д. Менавiта таму сейм прадпрымаў захады па эканамiчнай стабiлiзацыi РП, у тым лiку за кошт абмежавання права liberum veto пад час галасаванняў па гаспадарчых пытаннях. Можна меркаваць, што менавiта стабiлiзацыйныя тэндэнцыi выклiкалi трывогу Расii i Прусii i абумовiлi iх умяшанне ва ўзнiкшую праблему аб дысiдэнтах. Так, карыстаючыся сітуацыяй, праваслаўная шляхта ВКЛ утварыла канфедэрацыю з цэнтрам у Слуцку і запатрабавала заканадаўчага ўраўнання ў правах усіх вернікаў РП. У 1767 г. на дапамогу прыбыла 40-тысячнае рускае войска, а праз год пасол Рэпнін дамогся ад сейма пастановы аб ураўнанні дысідэнтаў у правах з католікамі. Так, каталіцтва перастала быць дзяржаўнай рэлігіяй і ўраўноўвалася з іншымі. Праваслаўным і пратэстантам дазвалялася займаць дзяржаўныя пасады і iнш.
У сваю чаргу частка каталiцкай шляхты ўбачыла ў гэтай пастанове парушэнне “старыны”, а разам з ёй – i “залатых вольнасцей”, i стварыўшы ў 1768 г. у г. Бар канфедэрацыю на чале з Ю. Пуласкiм, распачала ўзброеную барацьбу за адмену пастановы. Ваенныя дзеяннi на Беларусi адбывалiся да восенi 1771 г. і закончыліся поўным разгромам канфедэратаў. У апошнiм баі пад Сталавiчамi Баранавіцкага павета рускi генерал А. Сувораў разбiў атрад гетмана ВКЛ М. Агiнскага.
Скарыстаўшы палiтычны крызiс, 5 жнiўня 1772 г. Расiя, Прусiя i Аўстрыя падпiсалi ў Пецярбургу канвенцыю аб частковым падзеле памiж сабой тэрыторыi РП, каб тым самым “прадухiлiць дзяржаву ад поўнага разлажэння”. Да Расii адыйшлi: Iнфлянцкае, большая частка Полацкага, амаль усё Вiцебскае, Мсцiслаўскае ваяводствы i ўсходняя частка Рэчыцкага павета, Мiнскага ваяводства з гарадамi Рагачоў, Прапойск, Чачэрск i Гомель. Гэтыя землi ўключалiся ў склад Пскоўскай i Магiлёўскай губерняў i аб’ядноўвалiся ў генерал-губернатарства. 1776 г. беларускiя i латышскiя паветы вылучылiся з Пскоўскай у Полацкую губерні. Магiлёўская i Полацкая губернi перайменаваны ў намеснiцтвы.
РП не дазвалялася мець войска, большае за 30 тыс., заключаць саюзы ці весці войны без узгаднення з Кацярынай ІІ. Кіраванне краінай фактычна перайшло да Пастаяннай Рады – савету міністраў з удзелам расійскага пасла М. Рэпніна.
Патрыятычна настроеная шляхта спрабавала прадухiлiць далейшы палiтычны заняпад дзяржавы. 3 мая 1791 г. група дэпутатаў сейма (Г. Калантай, С. Малахоўскi, К. Сапега і інш.) дамаглася прыняцця ім канстытуцыi. У яе аснову быў пакладзены буржуазны прынцып падзелу ўлад (заканадаўчая, выканаўчая і судовая). Заканадаўчая ўлада надавалася двухпалатнаму сейму, якi выбiраўся на 2 гады i быў павiнен прымаць рашэннi большасцю галасоў, без выкарыстання “лiберум вета”. Выканаўчая ўлада даручалася каралю i радзе, якая складалася з прымаса i 5 мiнiстраў. Выбарнасць каралёў забаранялася. Судовая арганізацыя ў асноўным захоўвала свой саслоўны характар. Канстытуцыя гарантавала захаванне за шляхтай правоў i яе вызначальнай ролi ў грамадскiм жыццi. Значна ўздымаўся статус маёмнага мяшчанства: яму дазвалялася набываць зямельныя ўладаннi, займаць кiруючыя пасады ў дзяржаўным апараце i войску. Перад ім адкрывалася магчымасць далучэння да вышэйшага саслоўя. Сялянскае саслоўе абвяшчалася пад заступнiцтвам закону. Абвяшчалася свабода веры, але каталiцтва захоўвала статус дзяржаўнай рэлiгii. Канстытуцыя вызначыла адзіныя органы дзяржаўнай улады і кіравання для ўсёй тэрыторыі краіны, і абвяшчала аб утварэннi ўнiтарнай дзяржавы – Рэчы Паспалiтай Польскай. ВКЛ перапыняла сваё існаванне.
Канстытуцыя 3 мая 1791 г. была першым у Еўропе законам такога кшталту. Нягледзячы на яе абмежаваны характар, яна мела прагрэсіўны характар: лiквiдоўвала феадальную анархiю, стрымлівала свавольства магнатаў, пашырала правы маёмнага мяшчанства, спрыяла развіццю буржуазных адносін.
У ліпені 1791 дэпутаты сейма здзейснiлi спробу пазбавiць Расiю падставы для ўмяшання ва ўнутраныя справы РП пад выглядам абароны правоў праваслаўных вернiкаў. З гэтай нагоды ў Пiнску быў склiканы вышэйшы сход – “Генеральная кангрэгацыя” праваслаўных дзеячаў (святароў, манахаў, мяшчан, шляхты), якiя ў сваiм праекце ад 2 лiпеня пастанавiлi: замест расiйскага Сiнода прызнаць вяршэнства Канстанцiнопальскага патрыярха i абраць аўтакефальнае кiраванне ў Рэчы Паспалітай. Старшынёй “генеральнай кангрэгацыi” быў абраны iгумен Бельскага манастыра Пальмоўскi. Праект вырашэння быў прыняты 123 галасамi дэпутатаў сейма супраць 13.
Тым не менш, ні канстытуцыя, ні кангрэгацыя не абаранiлі краіну ад далейшага крызісу дзяржаўнасці. Для суседзяў РП, а таксама для пэўнай часткі шляхты, якая паразітавала на анархіі, умацаванне дзяржаўнага кіравання было нявыгодным. Пасля звароту польскiх магнатаў да Кацярыны ІІ у Пецярбурзе быў складзены i 14 мая 1792 г. абвешчаны акт канфедэрацыi. Працiўнiкi Канстытуцыi на чале з С. Ржэвускiм, К. Бранiцкiм рушылі на Варшаву з г. Таргавіцы (Падолле) пры падтрымцы 100-тысячнага расійскага войска пад сцягам абароны старога, самабытнага дзяржаўнага парадку і падтрымкі шляхецкіх вольнасцей, знішчаных канстытуцыяй. На тэрыторыі Заходняй Беларусi пачаліся баі паміж каралеўскімі войскамі і канфедэратамі. Але 24 ліпеня Аўгуст ІV саступіў патрабаванню Кацярыны ІІ і далучыўся да канфедэрацыі. У выніку кароннае войска перайшло ў падпарадкаванне Браніцкага і Ржэвускага, а войска ВКЛ – прызначанага гетмана Касакоўскага. Пры гэтым патрыятычна настроеныя генералы Касцюшка, Панятоўскі і інш. падалі ў адстаўку.
У вынiку прыхільнікі рэформ пацярпелі паражэнне, Канстытуцыя 3 мая была скасавана. Але таргавiцкiя канфедэраты падрыхтавалi новы падзел РП. 12 студзеня 1793 з гэтай нагоды ў Пецярбургу была падпiсана канвенцыя памiж Расiяй i Прусiяй, паводле якой да Расii адыйшлi землi Цэнтральнай Беларусi па лiнii Друя–Пiнск (Барысаў, Менск, Бабруйск, Бабруйск, Слуцк, Пiнск, Мазыр), а таксама правабярэжная Украiна. Дэпутаты сейма, які засядаў у Гародні, моўчкi зацвердзiлі рашэнне аб чарговым падзеле сваёй дзяржавы.
Асноўная частка магнатаў, шляхты, духавенства, выхаваная ў духу “шляхецкiх вольнасцяў”, пагадзілася з вынiкамi Пецярбургскай канвенцыі. Пэўныя ж колы грамадства былі гатовыя змагацца за аднаўленне дзяржавы ў межах 1772 г. Цэнтр па падрыхтоўцы паўстання размяшчаўся ў Лейпцыгу. У Вiльнi дзейнiчала тайная арганiзацыя на чале з палкоўнікам Якубам Ясiнскiм.
Патрыёты РП звязвалі свае спадзяваннi на поспех з адстаўным генерал-лейтэнантам Тадэвушам Касцюшкам, які 24 сакавiка 1794 г. абвясціў у Кракаве “Акт паўстання грамадзян” і выказаў гатоўнасць змагацца за непарушнасць тэрыторыi дзяржавы, пазбаўленне яе ад акупацыi, вяртанне Канстытуцыi 3 мая 1791 г. і інш. Усе жыхары заклiкалiся да ўдзелу ў вызваленнi краiны. Cфармiраваныя часцi паўстанцаў рушылi на Варшаву.
У ноч з 22 на 23 красавiка ў падтрымку паўстання выступiлi жыхары Вiльнi на чале з палкоўнiкам Ясiнскiм. Ён жа ўзначаліў часовы ўрад – Найвышэйшую Лiтоўскую Раду. 24 красавiка быў абвешчаны “Вiленскi Акт паўстання народа Лiтоўскага”. Гетман ВКЛ Касакоўскi, якi здрадзіў Канстытуцыі, быў публічна павешаны.
На працягу красавiка-мая ўлада паўстанцаў усталявалася ў Ашмянах, Берасцi, Браславе, Ваўкавыску, Кобрыне, Лiдзе, Наваградку, Слонiме, Пiнску. Каб пашырыць шэрагі паўстанцаў за кошт сялян, Найвышэйшая Рада абяцала ім вызваленне ад прыгону.
У гэты час у самой Польшчы адбывалiся не менш важныя падзеi. 4 красавiка пад Варшавай паўстанцы Т. Касцюшкi разбiлi атрад генерала Тармасава, а 17-18 красавiка ўзброенае паўстанне перамагло i ў сталiцы. У маi ўлада ў краiне перайшла да Найвышэйшай Нацыянальнай рады ў складзе 40 чал. Т. Касцюшка як член рады і камандуючы ўзброенымі сіламі прадпрыняў шэраг захадаў з мэтай пашырэння i ўзмацнення паўстання: абвясціў агульную мабілізацыю; накiраваў сваiх эмiсараў у раёны, не ахопленыя супрацiўленнем; разаслаў звароты да насельніцтва. У абвешчаным ім 7 мая “Паланец- кiм унiверсале” сялянам гарантавалася апека ўрада; усе яны абвяшчалiся асабiста свабоднымi. Тым не менш сяляне заставалiся абыякавымi да паўстання.
Большасць шляхты ВКЛ была незадаволена дзейнасцю Найвышэйшай Лiтоўскай Рады, якая быццам “не спрыяла унii брацкiх народаў”, таму яна была распушчана. Замест яе Касцюшка ўтварыў больш памяркоўную Цэнтральную Дэпутацыю ВКЛ пры Найвышэйшай Нацыянальнай Радзе, а замест генерала Ясiнскага кiраўнiком паўстання ў ВКЛ быў назначаны польскі генерал М. Вяльгорскі.
У канцы чэрвеня 1794 г. ваенная iнiцыятыва перайшла да рускiх войск. Ахопленая паўстаннем тэрыторыя стала няўхільна звужацца. 12 жнiўня абаронцы Вільні склалі зброю. 17 верасня 1794 г. пад Крупчыцамi каля Кобрына адбылася буйнейшая на Беларусі бітва, дзе генерал А. Сувораў разбiў корпус Серакоўскага, 19 верасня рэшткі корпуса былі канчаткова знішчаны пад Брэстам. Усе ацалелыя паўстанцы адступілі на тэрыторыю Польшчы.
10 кастрычнiка на падыходах да Варшавы, пад Мацяёвіцамі адбылася другая буйнейшая бiтва паўстанцаў з рускiм войскам, якая скончылася іх разгромам. Паранены Т. Касцюшка трапіў у палон, а новым галоўнакамандуючым быў прызначаны Т. Ваўжэцкi. Але ваенная ініцыятыва па-ранейшаму належала рускім войскам. Генерал А. Сувораў узяў штурмам Варшаву. Сярод загiнуўшых – 10 тыс. паўстанцаў, 4 тыс. дабрахвотнiкаў, 2 тыс. патанулых у Вiсле. У лiку ахвяр – 5 тыс. ураджэнцаў ВКЛ, а таксама Я. Ясiнскi. Пасля капітуляцыі Варшавы і аб'яўленай Суворавым амністыі паўстанцы паўсюдна на працягу тыдня склалі зброю.
Такiм чынам, першая спроба аднавiць РП у межах 1772 г. была няўдалай. Асноўныя прычыны паражэння – у значнай перавазе ўзброеных сiл Расii, разам з якой, супраць паўстанцаў змагалася i Прусiя. Не спраўдзiлiся спадзяваннi паўстанцаў на дапамогу рэвалюцыйнай Францыi. Разам з тым iдэя незалежнай дзяржаўнасцi палякаў i лiтоўцаў засталася непарушнай.
13 кастрычнiка 1795 г. у Пецярбургу памiж Аўстрыяй, Прусiяй i Расiяй была падпiсана новая канвенцыя аб канчатковым падзеле РП. У ліку іншых зямель да Расiйскай iмперыi адыйшла Заходняя Беларусь. 25 лiстапада Аўгуст ІУ адрокся ад трона і свае апошнія гады дажываў у Пецярбургу.
Рэч Паспалітая перастала існаваць, галоўным чынам, з-за нястрыманага свавольства магнатаў, недасканаласці сістэмы дзяржаўнага кіравання і мэтанакіраванай падрыўной палітыкі суседніх дзяржаў.