Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Uch_pos.doc
Скачиваний:
97
Добавлен:
16.11.2019
Размер:
789.5 Кб
Скачать

Культура ўсходнелітоўскіх курганаў

Арыгінальнай катэгорыяй археалагічных помнікаў на тэрыторыі Беларусі з’яўляюцца так званыя курганы ўсходнелітоўскага тыпу. Вобласць іх распаўсюджання абмяжоўваецца сярэднім цячэннем Нёмана на захадзе, вярхоўямі р.Швянтойі на поўначы, дасягае воз.Свір на ўсходзе і ахоплівае басейн р.Мяркіс на поўдні. У Беларусі ўсходнелітоўскія курганы сканцэнтраваны галоўным чынам у вярхоўях р.Віліі і на правабярэжжы Нёмана ўздоўж літоўскай мяжы.

Курганы, як правіла, размешчаны непадалёку рэк альбо азёраў. Колькасць насыпаў у магільніках звычайна дасягае 20, у асобных выпадках - 100 і больш. Напрыклад, у магільніках ля вёсак Лоша (Астравецкі р-н) і Чорная Лужа (Мядзельскі р-н) ў канцы ХІХ ст. налічвалася па 80 насыпаў, ля вёскі Засвір (Мядзельскі р-н) у той жа час іх было каля 200. Сёння ў адным прыблізна 70 насыпаў палічваецца ў Лынтупскім могільніку (Пастаўскі р-н).

Курганныя насыпы ў плане круглай формы. Дыяметр іх ад 5-7 м да 10-12 м, вышыня - ад 0,6-0,7 м да 1,0-1,2 м. Насыпы дыяметрам больш 15 м і вышынёй больш 1,5 м сустракаюцца зрэдку. У аснаванні ранніх курганоў прасочваюцца вянцы з камянёў розных памераў, якія ўкладваліся ў адзін альбо два шэрагі. Пры наяўнасці двух шэрагаў камяні ляжаць ці на адным узроўні, ці адзін на адным. У курганах каля в.Косаўшчына (Лідскі р-н) каменныя кольцы меліся таксама ўнутры насыпаў. Нярэдка камянямі пакрывалася значная частка насыпу зверху (магільнікі Пільвіны (Астравецкі р-н), Рымшанцы (Смаргонскі р-н), Косаўшчына і інш.). У аснаванні больш позніх курганоў прасочваюцца авальныя альбо дугападобныя ямы ці неглыбокія равы шырынёй 1,5-2,0 м і глыбінёй 0,5-0,6 м.

Час існавання культуры ўсходнелітоўскіх курганоў - ІV-XIII стст. Па абраду пахавання, структуры насыпаў і інвентару яны падзяляюцца на тры храналагічныя перыяды: а) IV - V стст.; б) канец V - VIII стст.; в) канец VIII-ХІІІ стст.

Для найбольш ранніх усходнелітоўскіх курганоў (IV - V стст.) характэрны абрад пахавання інгумацыя (трупапалажэнне). Нябожчыкаў клалі ў падкурганную грунтовую яму глыбінёй ад 0,1 да 1,0 м. Касцякі размяшчаліся на спіне ў выцягнутым стане, галавою арыентаванай на захад. У адным насыпе знаходзілася адно-два пахаванні і , як выключэнне, тры. Даволі разнастайны пахавальны інвентар у курганах ІV - V стст. Пераважную колькасць складаюць упрыгожванні. Гэта характэрныя для балцкіх плямёнаў шыйныя грыўны з лодкападобнымі і канічнымі канцамі, вітыя шыйныя грыўны з пяцельчатымі канцамі, арбалетныя фібулы, шкляныя пацеркі. Шырока распаўсюджанымі ўпрыгожваннямі ў арэале ўсходнелітоўскіх курганоў былі падковападобныя эмаліраваныя падвескі, манжэтныя бранзалеты, скроневыя кольцы з бронзавага дроту круглага ці рамбічнага сячэння. Разам з тым, у гэтых курганах амаль адсутнічаюць булаўкі - тыповыя ўпрыгожанні балтцкіх плямёнаў. Прылады працы ў пахаваннях усходнелітоўскіх курганоў прадстаўлены сярпамі, серпападобнымі нажамі, шыламі, праселкамі (у жаночых) і нажамі (у мужчынскіх пахаваннях). З прадметаў узбраення сустракаюцца ўтулкавыя наканечнікі дзідаў, умбоны шчытоў, вузкалязовыя сякеры. Могільнік гэтага перыяду даследаваўся А. і Ул.Галубовічамі каля вёскі Андрэеўцы (Смаргонскі р-н).

У V ст. абрад трупапалажэння ва ўсходнелітоўскіх курганах змяняецца абрадам трупаспалення (крэмацыя). Гэтая змена ў розных месцах адбывалася не сінхронна: у паўночных раёнах інгумацыя існавала да ¡I ст., а на поўдні не выходзіць за межы V ст. Па знешнім выглядзе курганы з трупаспаленнем не адрозніваюцца ад папярэдніх з трупапалажэннем. Толькі павялічваецца колькасць камянёў у насыпах.

Крэмацыя нябожчыкаў адбывалася на баку. Рэшткі спальвання (косткі, пахавальны інвентар, часам вуглі) змяшчаліся ў грунтовых ямах, а часцей ссыпаліся ў аснаванні курганоў альбо ў насыпах. Трупаспаленні ў грунтовых ямах рэдкія для Беларускага Панямоння (могільнікі каля в.Паніззе, Рымшанцы, Чорна Лужа). У апошнім могільніку ў трох грунтовых ямах меліся каменныя скрыні аб’ёмам прыкладна 0,1 куб.м.

Пануючым абрадам у курганах другога перыяду было пахаванне рэштак крэмацыі на мацерыку альбо трошкі вышэй ад яго (могільнікі каля в.Засвір, Вайшкуны, Лынтупы). Часам рэшткі крэмацыі ляжаць на камянях ці ўнутры колападобнай каменнай агароджы. Пахаванні ў насыпах размяшчаліся на рознай вышыні ад дзённай паверхні. У параўнанні з курганамі з трупапалажэннем павялічваецца колькасць пахаванняў у адным насыпе. Пераважаюць курганы з 2-3 пахаваннямі, а сустракаюцца і па 5-6.

Пахавальны інвентар у курганах другога перыяду мала адрозніваецца па асартыменту ад інвентара папярэдніх курганоў з трупапалажэннямі. Ён звычайна пашкоджаны агнём, бронзавыя ўпрыгожванні зламаныя, наканечнікі дзідаў сагнутыя. У мужчынскіх пахаваннях выяўлены вузкалязовыя сякеры, сярпы, шылы, паясныя спражкі, тачыльныя брускі. Асабліва шмат у мужчынскіх пахаваннях канца V - VIII стст. прадметаў узбраення. Амаль у кожным з іх знаходзяцца адзін-два альбо тры наканечнікі дзідаў. Пераважаюць утулкавыя наканечнікі з пяром ланцэтападобнай, рамбічнай, падоўжана-трохвугольнай, пламяпадобнай формы. Часта трапляюцца дэталі шчытоў - умбоны і рукаяткі. Рыштунак вершніка прадстаўлены шпорамі, стрэмянамі, цуглямі-псаліямі, кольцамі. У жаночых пахаваннях сярод прыладаў працы знойдзены сярпы, нажы, металічныя іглы і гліняныя праселкі. Найбольш характэрныя ўпрыгожванні - шыйныя грыўны з сёдлападобнымі і плоскімі заходзячымі адзін за адзін канцамі, вітыя грыўны з конусападобнымі канцамі, арбалетныя і падковападобныя фібулы, бранзалеты з патоўшчанымі канцамі, спіральныя пярсцёнкі і спіралькі.

З канца VIII - ІХ ст. сярод курганоў усходнелітоўскага тыпу знікаюць насыпы з каменнымі вянцамі, а замест іх з’яўляюцца прадаўгаватыя, авальныя ямы альбо неглыбокія равы, што зрабіла іх знешне падобнымі на суседнія тыпова славянскія курганы. У гэты ж час у пахаваннях паступова знікае ўзбраенне. У трэцім перыядзе зброя сустракаецца толькі ў багатых пахаваннях. Для больш ранніх з іх характэрныя адналязовыя мячы, для больш позніх - двухлязовыя. Часам мячы згіналі. На змену вузкалязовым сякерам прыйшлі сякеры з шырокім лязом.

У канцы І - пачатку ІІ тыс.н.э. у арэале культуры ўсходнелітоўскіх курганоў шырокае распаўсюджанне атрымлівае абрад пахавання коней. Спаленага ці неспаленага каня звычайна хавалі асобна ад чалавека, як у аснаванні кургана альбо яго насыпу, гэтак і ў падкурганнай яме (магільнікі каля в.Сідорышкі, Гарадок, Пільвіны, Паніззе). Інвентар “конскіх пахаванняў” складаўся з двухчленных і трохчленных цуглей, псалій, спражак, вупражных кольцаў, стрыжней-заклёпак.

Сваеасаблівай рысай культуры ўсходнелітоўскіх курганоў можна лічыць малалікасць керамікі ў пахаваннях. У ранніх курганах зрэдку сустракаюцца грубыя ляпныя неарнаментаваня гаршкі слоікападобнай формы і міскі. На мяжы І і ІІ тыс.н.э. побач з ляпной знаходзіцца ганчарная кераміка. Пры гэтым уся кераміка вельмі дрэннага апальвання.

Этнічная прыналежнасць насельніцтва, якое пакінула курганы ўсходнелітоўскага тыпу, усімі даследчыкамі вызначаецца аднолькава. Пачынаючы з канца ХІХ ст. усе (А.А.Спіцын, Ф.В.Пакроўскі, У.Антаневіч, А.Цэгак-Галубовіч, Ул.Галубовіч, М.Гімбутас, А.З.Таўтавічус, Р.К.Кулікаўскене, Я.Г.Звяруга, В.В.Сядоў, В.Шыменас і інш.) звязваюць гэтыя пахавальныя помнікі з літоўцамі. Няма адзінства толькі ў меркаванні аб тым, якому з літоўскіх плямёнаў належалі ўсходнелітоўскія курганы: аўкштайтам, “літве” усходнеславянскіх летапісаў альбо пэўным аб’яднанням літоўскіх плямёнаў.

КАМЕННЫЯ КУРГАНЫ. КАМЕННЫЯ МАГІЛЫ.

Асаблівым тыпам старажытнасцяў эпохі сярэднявечча на тэрыторыі Заходняй і часткова Цэнтральнай Беларусі з’яўляюцца каменныя курганы і каменныя магілы. Каменныя курганы выдомыя на значнай тэрыторыі Усходняй Польшчы, паўднёва-заходняй Літве і заходняй Беларусі. У Беларусі яны сканцэнтраваныя галоўным чынам у Сярэднім і Верхнім Панямонні і Сярэднім Пабужжы. Канструктыўнай асаблівасцю гэтай катэгорыі археалагічных помнікаў з’яўляецца наяўнасць вялікай колькасці камянёў у кожным кургане. Іх насыпы складзены альбо поўнасцю з камянёў, альбо з камянёў і зямлі.

Каменныя курганы ў межах Беларусі размешчаны па берагах рэк, на ўзвышшах. На сённяшні дзень маюцца звесткі больш чым аб 60 помніках разглядаемага тыпу. Насыпы найчасцей невысокія - 0,5-0,8 м, дыяметрам ад 6 да 18-20 м. Найбольш раннія каменныя курганы датуюцца першымі стагоддзямі н.э. і выяўлены ў басейне р.Чорная Ганча на тэрыторыі Сувалкіі (Польшча). Пахавальны абрад у гэтых курганах - трупапалажэнне. Звычайна адно, у выключных выпадках - два і больш. У ІІІ - IV стст. адначасова існуюць інгумацыя і крэмацыя. На мяжы IV - V стст. абрад трупаспалення становіцца пануючым у каменных курганах. Рэшткі крэмацыі, у большасці безурнавыя, змяшчаліся ў падкурганных ямах ці сярод камянёў насыпу. Па-ранейшаму пераважаюць курганы з адным пахаваннем, але сустракаюцца з 2-3 і нават з 10 і больш. Апошнія Ян Ясканіс акрэсліў як “сямейныя курганы”.

Пахавальны інвентар у курганах з трупапалажэннем ІІ - ІV стст. разнастайны. У мужчынскіх пахаваннях - гэта перш за ўсё прадметы ўзбраення і рыштунак баявога каня (наканечнікі коп’яў, умбоны шчытоў, шпоры, цуглі), у жаночых - упрыгожанні (шкляныя пацеркі, бранзалеты, шыйныя грыўны) і дробныя прылады працы (іголкі, гліняныя праселкі). Для абодвух пахаванняў характэрны нажы, спражкі, так званыя правінцыйна-рымскія фібулы. Некаторыя курганы сярэдзіны І тыс.н.э. з трупаспаленнем таксама ўтрымліваюць пахавальны інвентар - прадметы ўзбраення, рыштунак каня, фібулы, жаночыя ўпрыгожанні.

Каменныя курганы з абрадам трупапалажэння на тэрыторыі Беларусі пакуль невядомыя. Курганы з трупаспаленнямі IV - VIII стст. даследаваліся ў паўночнай частцы Верхнянёманскага басейну, пераважна на тэрыторыі Літвы. Выяўленыя пахаванні па абраду крэмацыі ў могільніках каля вёсак Кашэлі (Зельвенскі р-н) і Плёткі (Шчучынскі р-н) датуюцца апошняй чвэрцю І тыс.н.э. Пахаванні гэтага часу амаль заўсёды пазбаўлены пахавальнага інвентару. Найбольш познія трупаспаленні ў каменных курганах адносяцца да мяжы Х - ХІ ст., хаця магчымы і ў ХІІ ст. Па сваіх канструктыўных асаблівасцях каменныя курганы рубяжу І - ІІ тыс.н.э. не адрозніваюцца ад больш ранніх. У некаторых з іх на ўзроўні старажытнага гарызонту глебы сустракаецца ўнутраннае каменнае ядро. Колькасць пахаванняў звычайна адно альбо два. Крэмацыя адбывалася як воддаль, гэтак і на месцы ўтварэння насыпу. Такія курганы на тэрыторыі Заходняй Беларусі вядомыя ў ваколіцах Гродна (Ясудава), Навагрудка (Суляцічы, Брэцянка), Ваўкавыска (Мітрані, Муравельнік).

У ХІ ст. у каменных курганах адбываецца пераход ад абрада трупаспалення да абрада трупапалажэння, які ўтрымліваўся да сярэдзіны ХІІІ ст. Па сваёй канструкцыі яны нічым не адрозніваюцца ад ранейшых: тыя ж самыя адна- ці двух’ярусныя каменныя пакрыцці альбо каменна-земляныя насыпы. Нябожчыкаў клалі ў падкурганную яму на мацерыку і ў насыпе. Большасць шкілетаў размешчана ў выцягнутым стане на спіне галавою арыентаваные на захад, але сустракаюцца і з усходняй арыенціроўкай. У кожным кургане, як правіла, адно пахаванне, у рэдкіх выпадках - 2-3.

Пахавальны інвентар у жаночых пахаваннях прадстаўлены пярсцёнкападобнымі скроневымі кольцамі з S-падобнымі завіткамі і заходзячымі канцамі, трохпацеркавымі скроневымі кольцамі, бляшкамі ад налобных павязак, бранзалетамі, пярсцёнкамі, рэдка шклянымі і глінянымі пацеркамі. У мужчынскіх пахаваннях знаходзяцца наканечнікі дзідаў, крэсівы, паясныя спражкі. Жалезныя нажы і ганчарная кераміка сустракаюцца як у мужчынскіх, так і ў жаночых пахаваннях. У Верхнім Панямонні найбольш даследаваны каменныя курганы ХІ - ХІІІ стст. у магільніках каля в.Каўпакі (Гродзенскі р-н) і Падрось (Ваўкавыскі р-н).

Сучасныя даследчыкі адзінадушна лічаць раннія каменныя курганы пахавальнымі помнікамі яцвяжскіх плямёнаў. Этнічная праналежнасць каменных курганоў ХІ - ХІІІ стст. вырашаецца па-рознаму. А.А.Спіцын лічыў гэтыя курганы ў Верхнім Панямонні помнікамі рускага насельніцтва так званай Чорнай Русі. Т.М.Каробушкіна і К.Мусяновіч адносяць каменныя курганы Сярэдняга Пабужжа да дрыгавіцкіх помнікаў. Ю.В.Кухарэнка спачатку звязваў курганы Пабужжа з бужанамі, а пазней разглядаў як яцвяжскія старажытнасці. В.В.Сядоў, зыходзячы з факта, што каменныя курганы з трупапалажэннем ХІ - ХІІІ стст. генетычна звязаныя з больш раннімі, бясспрэчна, яцвяжскімі, таксама лічыў іх пахавальнымі помнікамі яцвяжскіх плямёнаў. Праўда, ён дапускае, што ў ХІ - ХІІІ стст. частка курганоў належала славянізаваным яцвягам, чым тлумачыцца славянскі характар упрыгожванняў у позніх пахаваннях.

У ХІ ст. на змену каменным курганам прыходзяць каменныя грунтовыя магілы, якія з другой паловы ХІІІ ст. становяцца пануючымі ў Верхнім Панямонні і Сярэднім Пабужжы. У адрозненні ад курганоў каменныя магілы не вылучаюцца пад паверхняй. Гэта круглыя, авальныя альбо прамавугольныя ў плане збудаванні, якія трохі ўзвышаюцца над зямлёй. Асаблівасцю каменных магіл з’яўляецца наяўнасць каменнай кладкі, якую рабілі з камянёў над кожным пахаваннем у адзін, вельмі рэдка - два слаі. Памеры кладак вагаюцца ад 3,2 х 1,3 х 0,25 м да 1,9 х 1,8 х 0,2-0,3 м. У ізгалоўях пахаванняў, а часам і насупраць у нагах ставіліся вялікія валуны, падпраўленыя пад трохвугольнікі вышынёй да 1 - 1,2 м. На гэтых камянях часта выбіты крыжы і крыжападобныя знакі, выявы птушак і звяроў, прылады працы і іншыя знакі.

Для каменных могільнікаў выбіралі месца на пагорках з сухім пясчаным грунтам. Колькасць пахаванняў у іх розная: ад 15 - 20, да 150 - 200, а ў сярэднім - 60 - 100. Магілы размяшчаюцца няроўнымі шэрагамі ў накірунку з паўночна-ўсходняга на паўднёва-заходні альбо наадварот (Вензаўшчына Шчучынскі р-н, Дварчаны, Барок, Навасёлкі Зельвенскі р-н). На могільніку каля в.Клепачы старэйшыя пахаванні размяшчаліся ў цэнтральнай частцы, а больш познія - па краях.

Пахавальны абрад у каменных магілах - трупапалажэнне ў чатырохвугольнай яме з закругленымі вугламі і звужанай доннай часткай (даўжынёй 1,8 - 2 м, шырынёй 0,5 - 0,8 м і глыбінёй 0,5 - 1,3 м). Нябожчыка абстаўлялі з усіх бакоў дошкамі, якія часам мацавалі драўлянымі цвікамі. Зрэдку хавалі без дамавін. Як правіла, памерлых хавалі на спіне ў выцягнутым стане, адзначаныя пахаванні на левым ці правым баку з’яўляюцца падзахаваннямі. Галавой шкілеты арыентаваныя на поўдзень, паўднёвы захад ці паўднёвы ўсход, поўнач, паўночны захад ці паўночны ўсход, зрэдку на захад. Вялікая разнастайнасць назіраецца і ў размяшчэнні рук: скрыжаваныя на грудзях, выцягнутыя ўздоўж тулава, складзеныя на жываце, левая рука на лакце правай, правая - на левым плячы і інш. У кожнай магіле звычайна знаходзіўся адзін касцяк, але сустракаюцца два-тры і нават чатыры.

Пахавальны інвентар жаночых пахаванняў даволі багаты. Ён прадстаўлены ўпрыгожаннямі, элементамі касцюму, прыладамі працы, амулетамі-абярэгамі. Найбольш характэрным упрыгожаннем з’яўляліся галаўныя венчыкі з бляшак, якія аздоблены дробнымі шклянымі пацеркамі. На шматлікіх бляшках маецца арнамент у выглядзе касых крыжоў, свастыкі, колаў і іншых фігур. Нешматлікія скроневыя кольцы прадстаўлены некалькімі тыпамі: шматпацеркавыя, пярсцёнкападобныя паўтараабаротныя, трохпацеркавыя, з S-падобным завітком. Знойдзены завушніцы ў выглядзе пытальніка, кольцападобныя з трыма падвескамі-стрыжнямі, на якія нанізаны па 2-3 пацеркі альбо бяз іх. Выяўлены каралі з бразготак, пацерак, ракавін-кауры, падвесак-крыжыкаў. Для ўпрыгожання рук існавалі вітыя і пласцінчатыя бранзалеты, спіральныя, пляцёныя і пласцінчатыя пярсцёнкі. Знойдзены фібулы і паясныя спражкі, бронзавыя сімвалічныя ключы, амулеты з зубоў жывёл, акаваных бронзай, нажы ў арнаментаваных похвах, манеты.

Мужчынскія пахаванні вылучаюцца прадметамі ўзбраення. Гэта ўтулкавыя наканечнікі коп’яў з пяром падоўжана-трохвугольнай альбо падоўжана-яйкападобнай формы, баявыя нажы даўжынёй 25 см, сякеры. Прылады працы і прадметы быту прадстаўлены шырокалязовымі сякерамі, тачыльнымі брускамі, крэсівамі, паяснымі спражкамі, нажніцамі, шыламі. Выяўлены мініяцюрныя сякеркі-амулеты. Упрыгожанні ў асноўным прадстаўлены пярсцёнкамі. Знойдзены рэшткі скураных кашалькоў, упрыгожаных бронзай, манеты. Заўважана, што інвентар - рэдкая з’ява ў дзіцячых пахаваннях. У насыпу магілаў часта трапляюцца фрагменты керамічнага посуду: ляпных і ганчарных гаршкоў, місак, накрывак.

Аналіз выяўленага матэрыялу і абраду пахаванняў дазваляе датаваць самыя раннія каменныя магілы канцом Х - пачаткам ХІ ст. А.В.Квяткоўская вылучае тры храналагічныя этапы эвалюцыі гэтага археалагічнага помніка: 1) канец Х - пачатак ХІІ стст.; 2) сярэдзіна ХІІ - пачатак ХVІ стст.; 3) сярэдзіна ХVI-XVII стст. Звычай рабіць каменныя кладакі над пахаваннямі не скончваецца да канца ХVII ст. На вясковых могілках XVIII-ХІХ стст. працягвалі будаваць над пахаваннямі каменныя кладкі.

Арэал распаўсюджвання каменных могільнікаў на тэрыторыі Беларусі акрэсліваецца наступным чынам: на поўначы мяжа праходзіць па р.Віліі і яе прытоках Нарачы і Іліі; на ўсходзе гэтыя помнікі вядомыя на р.Бярэзіне (Дняпроўскай) і яе прытоках Схе і Ушачы; паўднёва-ўсходняя мяжа праходзіць па вярхоўях прытокаў Нёмана - Сервеча, Ушы, Шчары; на паўднёвым захадзе каменныя магілы вядомы па прытоках Буга - Мухавец, Лясная і па р.Нараў; на захадзе - у вярхоўях Свіслачы і далей распаўсюджваюцца на тэрыторыю Польшчы; на паўночным захадзе гэтыя помнікі выходзяць на тэрыторыю Літвы.

Вывучэнне каменных могільнікаў пачалося ў канцы ХІХ ст. раскопкамі В.Шукевіча і Э.Вальтэра. У 30-ыя гады нашага стагоддзя іх даследавалі ў Цэнтральнай Беларусі А.Каваленя, а ў Заходняй Я.Фіцтке. Некалькі магіл раскапалі Ф.Гурэвіч і В.Рабцэвіч. Самыя значныя працы па археалагічнаму вывучэнню каменных могільнікаў у 80-90-е гады праводзіла А.Квяткоўская. Найлепей даследаваны помнікі каля вёсак Вензаўшчына, Пузелі, Навасёлкі (Ваўкавыскі і Зэльвенскі раёны), Падрось, Лозы, Мінеўшчына, Дварчаны, Клепачы, Куклі.

Па пытанню этнічнай прыналежнасці насельніцтва, якое пакінула каменныя могільнікі, існуюць два пункты гледжання. Адныя даследчыкі лічаць іх помнікамі яцвягаў (В.Шукевіч, Э.Вальтэр, А.Квяткоўская), другія - помнікамі нашчадкаў славяназаваных яцвягаў (А.Спіцын, В.Сядоў, Ф.Гурэвіч).

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]