- •Раздзел 4.Археалогія позняга сярэднявечча другая палова хiіі - XVI стст.
- •Раздзел 1. Археалогія ранняга сярэднявечча V/VI - X стст. Банцараўская культура
- •Культура смаленска-полацкіх доўгіх курганаў
- •Пражская культура
- •Раздзел 2. Усходнеславянскія і балтскія плямёны на тэрыторыі беларусі
- •Радзімічы
- •Крывічы
- •Культура ўсходнелітоўскіх курганаў
- •Раздзел 3. Археалогія сталага сярэднявечча хі - хііі стст. Населеныя пункты
- •Планіроўка і забудова гарадоў
- •Эканоміка беларусі х - хііі стст. Па археалагічных матэрыялах. Сельская гаспадарка і промыслы
- •Рамяство
- •Рэлігія і духоуная культура беларусі у іх - хііі стст. Язычніцтва
- •Хрысціянства. Мастацкая культура
- •Пісьменнасць
- •Раздзел 4. Археалогія позняга сярэднявечча XIV - XVI стст. Населеныя пункты гарады
- •Мястэчкі
- •Сельскія паселішчы (селішчы)
- •Абарончыя збудаванні і замкі беларусі другая палова хііі - хvi стст.
- •Матэрыяльная культура беларусі хіv-хvі стст.
- •Керамічныя вырабы. Кафля.
- •Металічныя вырабы. Зброя і вайсковы рыштунак
- •Вырабы са шкла, косці, каменю, дрэва, скуры.
- •Літаратура па курсу “Археалогія Беларусі” Эпоха сярэднявечча
Радзімічы
Ва ўступнай частцы “Аповесці мінулых гадоў” радзімічы ўпершыню ўзгадваюцца ў легендзе аб іх заходнім “ляшскім” (польскім) паходжанні. “...радзімічы бо и вятичи от ляховъ. Бяста бо 2 брата в лясехъ, - Радим, а другий Вятко,- и пришедъша седоста Радимъ на Съжю, и прозвашася радимичи...” Летапісец з пункту гледжання хрысціянскай маралі дае негатыўную характарыстыку традыцыям радзімічаў (а таксама вятічам, севяранам, драўлянам і крывічам), якія “...живяху в лесе, яко же и всякий зверь, ядуще всё нечисто, и срамословье в них предъ отьци и предъ снохами, и браци не бываху въ них, но игрища межю селы, схожахуся на игрища, на плясанье и на вся бесоввьская песни, и ту умыкаху жены собе, с нею же кто съвещашеся; имяху же по две и по три жены”.
У 885 г. Кіеўскі князь Алег вызваліў радзімічаў ад хазарскай залежнасці і падпарадкаваў іх сваёй уладзе. Праз 22 гады, у 907 г. ваяры радзімічаў ўдзельнічалі ў складзе яго войска ў паходзе на Візантыю. На пачатку 970-х гадоў яны выйшлі з-пад улады кіеўскіх князёў, дзеля чаго ў 984 г. Уладзіміру трэба было пасылаць войска, якое перамагло радзімічаў у бітве на р.Пяшчань каля Прапошаска (Слаўгарад). Да 12 ст. адносяцца пісьмовыя звесткі пра гарады ў зямлі радзімічаў - Крычаў (Крэчют, 1136), Слаўгарад (Прупой ці Прапошаск, 1136), Гомель (Гомий, 1142), Рагачоў (1142), Чачэрск (Чичерск, 1159). Імя “радзімічы” дажывае да 1169 года, калі яны апошні раз узгадваюцца ў летапісах.
На тэрыторыі рассялення радзімічаў вядомы тры асноўныя катэгорыі археалагічных помнікаў: курганныя могільнікі, гарадзішчы і селішчы. Найбольш шматлікімі з’яўляюцца курганы. Менавіта, яны даюць значны матэрыял для вывучэння гэтай усходнеславянскай этнічнай супольнасці.
Радзіміцкія курганы археалагічна даследваюцца на працягу амаль 180 гадоў. У ХІХ ст. гэтым займаліся Е.Р.Раманаў, М.В.Фурсаў, С.Ю.Чалоўскі. Актыўна даследавалі пахавальныя помнікі радзімічаў у першай трэці ХХ ст. С.М.Сакалоўскі, І.А.Сербаў, С.А.Дубінскі. У 1932 годзе Б.А.Рыбакоў выдаў першую (пакуль адзіную) абагульняючую працу прысвечаную гэтаму племені - “Радзімічы”. Пасля другой сусветнай вайны вывучэннем радзіміцкіх курганоў займаліся У.А.Падзін, Г.Ф.Салаўёва, Я.Г.Рыер, У.У.Багамольнікаў.
У выніку археалагічных даследаванняў былі вылучаны характэрныя для радзімічаў племянныя тыпы і віды жаночых упрыгожанняў: бронзавыя альбо сярэбраныя 7 - прамянёвыя і 7 - лапчатыя скроневыя кольцы; біэліпсоідныя, язычковыя, пятлістыя, гронкавыя падвескі; пласціністыя грыўні. На падставе іх распаўсюджання тэрыторыя радзімічаў выглядае наступным чынам. Заходняя мяжа радзіміцкіх паселішчаў пачынаючы ад Старога Быхава праходзіла ў асноўным уздоўж Дняпра да ўпадзення ў яго Бярэзіны. Непасрэднымі суседзямі радзімічаў тут з’яўляліся дрыгавічы. Далей мяжа цягнецца на паўднёвы ўсход, перасякаючы Днепр і Сож, трохі вышэй упадзення апошняга ў Днепр, да ракі Сноў, па яе леваму берагу падымаецца да наваколляў Старадуба. Гэты кавалак аддзяляў радзімічаў ад севяранаў. Ад Старадуба на ўсход ад Мгліна мяжа падымаецца да правага берага Болвы, прытока Дзясны. Тут радзіміцкія помнікі перамешваюцца з вятіцкімі і крывіцкімі. Ад Болвы мяжа радзіміцкай тэрыторыі рэзка скіроўваецца на захад, праходзіць на поўнач ад Раслаўля і на поўдзень ад Мсціслаўля і Чавус, перасякае Проню на поўнач ад Прапошаска (Слаўгарада) і падыходзіць да Дняпра на поўдзень ад Старога Быхава.
Да Х ст. радзімічы не насыпалі курганных насыпаў над нябожчыкамі. Як паведамляюць летапісы яны спальвалі сваіх памерлых, а рэшткі крэмацыі ссыпалі ў пахавальныя ўрны, якія ставіліся на прыдарогавых слупах (“ И аще кто умряше, творяху тризну надъ нимъ, и по семъ собравше кости вложаху в судину малу, и поставляху на столпе на путех...”). Калі з’явіліся курганныя насыпы, дык яны па знешняму выгляду круглай альбо паўсферычнай формы. Звычайна вышыня іх 1-1,5 м, дыяметр вагаецца ад 6 да 10 м. Па падліках У. Багамольнікава 37 % могільнікаў складалася з 1 - 20 насыпаў, 37% - з 21 - 60 насыпаў, а ў астатніх колькасць курганаў вагалася ад 61 да 200 і больш. Для курганных пахаванняў радзімічаў характэрны два віды абрадаў: трупаспаленне (крэмацыя) і трупапалажэнне (інгумацыя).
Пахаванні па абраду трупаспалення нешматлікія, яны не ствараюць асобных курганных груп. Крэмацыя памерлых адбывалася непасрэдна ў кургане на невялікай падсыпцы альбо ў яго аснаванні. На тэрыторыі рассялення радзімічаў трупаспаленні даследаваны ў могільніках каля вёсак Карма, Сафіеўка, Вішчын (Рагачоўскі р-н). Любны (Гомельскі р-н). Старая Рудня, Хоцімск (Хоцімскі р-н), Бяседавічы, Батураўка. Смялічы, Грязівец, Клімавічы. Часам у курганах сустракаецца няпоўнае спальванне нябошчыка. Абрад крэмацыі праіснаваў у пахавальнай традыцыі радзімічаў да пачатку ХІ ст.
Другі від пахаванняў - трупапалажэнне, які у радзіміцкіх плямёнаў падзяляецца ў залежнасці ад размяшчэння цела памерлага на пахаванні ў насыпу кургана, у яго аснаванні (найбольш распаўсюджаныя) і ў падкурганнай яме. Характэрнай рысай радзіміцкіх курганоў з’яўляецца наяўнасць попельна-вугальнай праслойкі ў форме “вогненнага кола”, у цэнтр якой і клалі нябожчыка. Пераважаюць пахаванні з заходняй арыенціроўкай, другое месца па колькасці займаюць пахаванні з усходняй арыенціроўкай. Асабліва высокі працэнт апошніх адзначаны ў мужчынскіх пахаваннях. На думку даследчыкаў, гэта звязана з балцкім уплывам. Рукі памерлых часцей за ўсё выцягнутыя ўздоўж тулава альбо складзеныя на жываце (гэта вынік распаўсюджвання сярод радзімічаў хрысціянства). Прыкладна ў кожным пятым пахаванні сустракаюцца труны двух тыпаў: складзеныя і даўблёныя (калоды). У курганах сустракаюцца нешматлікія знаходкі касцей жывёл: быка, каровы, каня, птушак. Большасць пахаванняў з рэшткамі фауны арыентаваны галавой на ўсход. Найбольш даследаваныя курганныя могільнікі каля вёсак Абідавічы (Быхаўскі р-н), Ветачка , Вішанька , Гадзілавічы і Ходасавічы (Рагачоўскі р-н), Нісімкавічы (Чачэрскі р-н), Эсьмоны (Бялынічскі р-н).
Пахавальны інвентар радзіміцкіх курганаў падзяляецца на 22 катэгорыі: прылады працы, 14 катэгорый упрыгожанняў, прадметы гаспадарчага ўжытку і побыту, зброя, рыштунак вершніка і каня, посуд і цацкі. Заўважана, што пахаванні радзімічаў бедныя на інвентар. Для мужчынскіх характэрны нажы, сякеры, крэсівы, цуглі, зрэдку зброя, паясныя кольцы і спражкі, пярсцёнкі і грыўны. У жаночых пахаваннях знаходзяцца нажы, сярпы, шыферныя праселкі, іглы. У жаночым касцюме спалучаліся 7-прамянёвыя альбо 7-лапчатыя і пярсцёнкападобныя скроневыя кольцы, біэліпсоідныя падвескі, зоркападобныя спражкі, дробны бісер, золаташкляныя пацеркі, якія сімвалізавалі нябесныя свяцілы. Знойдзеныя ў шэрагу курганаў манеты (дырхемы, срэбраннікі Уладзіміра Святаславіча, брактэаты) выкарыстоўваліся як падвескі ў маністах.
У курганнай культуры радзімічаў у большай ступені, чым у іншых рэгіёнах усходніх славян праяўляюцца балцкія элементы сярод пахавальнага інвентару. Сярод іх неабходна назваць шыйныя грыўны, зоркападобныя (прамянёвыя) спражкі, касцяныя прывескі ў выглядзе качак, зааморфныя бранзалеты.
