Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc2.doc
Скачиваний:
60
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
2 Мб
Скачать
☆

Лоеўская бітва 1649 г.

Некалькі месяцаў перамір'я Хмяльніцкі выкарыстаў на мабілізацыю сіл для далейшай вайны. Украінскаму гетману, які ўзнаўляў ваенныя акцыі супраць кароннага войска, важна было затрымаць армію Вялікага Княства ў Беларусі, не дапусціць яе да супольных з палякамі дзеянняў. Б. Хмяльніцкі паспешна выслаў на Беларусь 6 тыс. казакоў пад камандаваннем Гаркушы і Падабайлы. Асноўнай задачай казакаў была кантраляваць броды праз Днепр ля Лоева, т.зв. “лоеўскую браму” – “вароты” ва Украіну.

Януш Радзівіл вясной таксама рыхтаваўся да вайны. Востра не хапала грошай не толькі для найму новых харугваў, але і для аплаты жаўнераў, што знаходзіліся ў войску. Тым часам найміты ўжо пагражалі кінуць службу, калі не атрымаюць заслужанай платы. Кароль Ян ІІ Казімір Ваза патрабаваў ад польнага гетмана пачаць ваенныя дзеянні ў Паўночнай Украіне. Падтрыманы сваімі сенатарамі, князь адмовіўся падпарадкавацца волі манарха, паколькі прававыя нормы ВКЛ забаранялі дзяліць армію.

Да лета 1649 г. Радзівіл сабраў каля 6 тыс. войска пад Рэчыцай. Сам ён з'явіўся ў войску ў пачатку ліпеня і пачаў рыхтаваць марш ва Украіну, чаго патрабавала ад яго Карона. Прыкрываючы Украіну, Хмяльніцкі ў чэрвені накіраваў у Беларусь трохтысячны загон Ільі Галоты, сілы якога павялічылі сяляне, а следам - палкоўніка Галавацкага. Галота адразу атакаваў харугвы Валовіча (1700 чалавек), што стаялі ў Загаллі. I хоць сілы казакаў намнога пераўзыходзілі загальскі абоз, дзякуючы конніцы паручніка Сарноўскага, якая падаспела, Галота пацярпеў паражэнне і сам загінуў. Таксама аддзел Галавацкага натрапіў на засаду пад Рэчыцай і сам палкоўнік быў схоплены Мірскім.

Тады Хмяльніцкі, каб паправіць становішча, спешна паслаў 12 тыс. казакаў на чале з Пабадайлам для блакіравання пераправы ля ўпадзення Сажа ў Дняпро. Спаліўшы Лоеў, палкоўнік насыпаў на абодвух берагах Дняпра доўгія валы і ўмацаваўся. Тым часам Радзівіл вырашыў ісці на Кіеў і пачаў пераводзіць пад Лоеў асноўныя сілы. 18 ліпеня ён пакінуў Рэчыцу, у якой засталося толькі невялікае прыкрыццё. Ён планаваў перапраўляцца праз Дняпро ніжэй Лоева, захапіўшы пераправу ўдарамі з двух бакоў. Наперад выслаў стольніка Гасеўскага, каб той заняў плацдарм на правым беразе Дняпра, ніжэй вусця Сажа. Гасеўскаму ўдалося высадзіць пяхоту на бераг і ўзвесці ноччу земляныя ўмацаванні насупраць казацкіх акопаў.

Тым часам украінскі гетман выслаў насустрач Радзівілу яшчэ палкоўніка Міхала Крычэўскага, у фарміраваннях якога мелася да 15 тыс. казакаў, а таксама тысячы чэлядзі і мясцовага сялянства, так што разам лічылася каля 30 тысяч. Князь атрымаў інфармацыю пра набліжэнне Крычэўскага 25 - 26 ліпеня і змяніў план дзеянняў: адмовіўшыся атакаваць пераправу, ён накіраваў тысячу коннікаў на чале з Адамам Паўловічам на ўмацаванне Рэчыцы і яшчэ каля тысячы з С. Камароўскім адправіў "на шаты", каб вызначылі дакладнае месцазнаходжанне Крычэўскага. Але Крычэўскі дзейнічаў настолькі імкліва, што 31 ліпеня нечакана з'явіўся пад Лоевам і адразу ж атакаваў войска Радзівіла.

Першая атака казацкай конніцы была адбіта пяхотай з ручной зброі, што дазволіла Радзівілу раставіць харугвы (па цэнтры - кавалерыю, па баках - пяхоту і драгунаў) і паслаць іх у контратаку. Націск гусараў і агонь пяхоты змусілі казакаў адысці да лесу, але вынік сечы вырашыў толькі тылавы ўдар конніцы Адама Паўловіча, які паспеў вярнуцца, пачуўшы розгалас бітвы. Казакі адступілі да сваіх умацаваных табараў і ўначы ўцяклі з месца бітвы, пакінуўшы цяжка параненага Крычэўскага. Паважаючы талент апошняга, Радзівіл паабяцаў Крычэўскаму высокі ваенны чын на каралеўскай службе і "маёмасці" за весткі аб планах Б. Хмяльніцкага. Як паказваў сведка, паранены казак адмовіўся ад гэтай прапановы і ўдарам аб кола падводы разбіў сабе галаву.

Перамога пяцітысячнай арміі Радзівіла над прынамсі ўтрая большымі сіламі славутага палкоўніка была поўнай: яго войска перастала існаваць, табары былі захоплены. Гэты лоеўскі трыумф князя Радзівіла потым услаўлялі на карцінах і шпалерах, аб чым парупіўся сам Януш.

Аднак і Радзівіл не рушыў далей на Украіну, хоць гэтага зноў запатрабаваў Ян Казімір. У лоеўскай бітве зусім скончыліся боезапасы. Край вакол быў настолькі спустошаны, што жаўнеры не маглі здабыць ніякай жыўнасці. Да таго ж дайшла вестка пра тое, што Хмяльніцкі выслаў у Беларусь чарговую групоўку казакаў. Таму гетман выдаў папераджальныя універсалы да ваяводстваў і паветаў ВКЛ, а сам 5 верасня вярнуў войска да Рэчыцы, дзе заняўся ўзвядзеннем умацаванага лагера.

Аднак да новай бітвы справа не дайшла. Нечакана вайну перапыніў Збораўскі мір, падпісаны ў жніўні 1649 г. Хмяльніцкі акружыў караля і нанёс шмат страт. Згодна з дагаворам, казакам вярталіся ранейшыя правы, рэестр быў вызначаны ў 40 тыс., з Украіны выдалялі езуітаў і яўрэяў, кіеўскі мітрапаліт дапускаўся да сената і г.д. Сойм 1649 г. зацвердзіў дагавор за выключэннем пытання аб праваслаўным мітрапаліце і скасаванні уніі.

На Палессі з'явіўся пасол Хмяльніцкага Мужылоўскі, які забараніў палкоўнікам далейшыя дзеянні і даставіў у рэчыцкі лагер Радзівіла каралеўскія лісты, што знаёмілі з умовамі падпісанага пагаднення. Казакі мусілі пакінуць нават тыя замкі ВКЛ, у якіх яшчэ мелі свае гарнізоны.

Аднак Збораўскі дагавор не мог задаволіць ні правячыя колы Рэчы Паспалітай, ні ўкраінскае казацтва.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]