Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Графіка.doc
Скачиваний:
17
Добавлен:
12.09.2019
Размер:
89.6 Кб
Скачать

Графіка

  1. Паняцце графікі.

  2. Прадмет, задачы і асноўныя паняцці графікі.

  3. Тыпы пісьма.

  4. Сучасны беларускі алфавіт.

  5. Прынцыпы беларускай графікі.

  6. Графічны разбор.

  7. Гісторыя фарміравання графічнай сістэмы беларускай мовы.

1. Паняцце графікі.

Графіка (грэч. graphike – намаляваны; graphо – пішу) – сукупнасць сродкаў пісьма, якія выкарыстоўваюцца для фіксацыі мовы. Графікай таксама называюць раздзел мовазнаўства, у якім вывучаюцца пісьмовыя знакі і суадносіны паміж літарамі і гукамі, а таксама абрысы літар, знакаў.

Асноўнымі сродкамі графічнай сістэмы беларускай мовы з’яўляюцца літары.

Паводле асноўных значэнняў усе літары падзяляюцца на адназначныя і двухзначныя.

Адназначнымі называюцца літары, якія маюць адно гукавое значэнне і перадаюць на пісьме адзін гук. Да іх адносяцца а, о, э, у, ы, якія абазначаюць галосныя гукі [а], [о], [э], [у], [ы], літары д, т, ж, ч, ш, р, ў, а таксама дыграф дж, якія абазначаюць няпарныя цвёрдыя зычныя гукі [д], [т], [ж], [ч], [ш], [р], [ў], [дж].

Двухзначныя літары маюць два гукавыя значэнні. Да іх адносяцца парныя цвёрдыя і мяккія зычныя(б-б’, в-в’ і інш.), а таксама галосныя літары е(jэ), ё(jо), і(jі), ю(jу), я(jа).

Літары выконваюць дзве функцыі:

  1. перцэптыўную – з’яўляюцца аб’ектам успрыняцця (мы іх чытаем і пішам);

  2. сігніфікатыўную – маюць уласцівасць адрозніваць значымыя элементы мовы: марфемы, словы і інш.

Акрамя літар, у склад графікі ўваходзяць нялітарныя графічныя сродкі – знакі пунктуацыі, а таксама злучок (дэфіс), апостраф, знак націску, знак параграфа, лічбы і розныя матэматычныя знакі, прамежкі паміж словамі і часткамі друкаванага тэксту, шрыфтаваныя выдзяленні (курсіў, тлусты шрыфт, падкрэсліванне, выкарыстанне колеру і інш.).

Нялітарныя графічныя сродкі ўтвараюць другі ярус графікі (аснову графікі, як вядома, складаюць літары, упарадкаваныя ў алфавіт). Агульным у іх прыродзе з’яўляецца тое, што абедзве служаць адной мэце – перадачы вуснай мовы на пісьме: літары адлюстроўваюць гукавую (больш дакладна – фанемную членападзельнасць слоў, а знакі пунктуацыі – спецыфічную “членападзельнасць” сказа на сінтаксічным узроўні).

Нялітарныя пунктуацыйныя графічныя сродкі аб’ядноўваюць у сваім складзе 10 асноўных знакаў (знакаў пунктуацыі): кропка, пытальнік, клічнік, шматкроп’е, коска, кропка з коскай, двукроп’е, працяжнік, дужкі і двукоссе. Паводле знешніх графічных прымет вылучаюцца знакі кропкавыя (кропка, двукроп’е, шматкроп’е, коска, кропка з коскай),лінейныя (працяжнік), фігурныя (пытальнік, клічнік, дужкі і двукоссе).

Паводле значэння і ўжывання пунктуацыйныя знакі падзяляюцца на фінальныя (кропка, пытальнік, клічнік і шматкроп’е) і ўнутрысказавыя (дзве коскі, два працяжнікі, дужкі, двукоссе).

У залежнасці ад функцыі, якую выконваюць знакі прыпынку ў сказах, яны падзяляюцца на раздзяляльныя і выдзяляльныя.

Раздзяляльныя (няпарныя, адзіночныя) знакі прыпынку (кропка, пытальнік, клічнік, шматкроп’е, коска, кропка з коскай, двукроп’е, працяжнік) служаць для раздзялення самастойных сказаў у тэксце, частак складанага сказа ці асобных членаў простага сказа.

Выдзяляльныя (парныя) знакі прыпынку (дужкі, двукоссе, коскі, працяжнікі) служаць для выдзялення ў сказе яго асобных частак – адасобленых членаў, параўнальных зваротаў, звароткаў, пабочных і ўстаўных канструкцый, простай мовы.

Асноўныя прынцыпы, заканамернасці і правілы выкарыстання знакаў прыпынку апісваюцца ў пунктуацыі.