Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Вялюга2-рэд.doc
Скачиваний:
95
Добавлен:
05.09.2019
Размер:
2.69 Mб
Скачать

Практыкаванні для замацавання

1. Прачытайце і вызначце функцыянальна-стылістычную ролю выдзеленых займеннікаў. Для якіх стыляў характэрна падобнае ўжы­ванне асабовых займеннікаў?

1. Алёша зноў упарта паўтарыў: «У школу я не пайду!» Сяргей ажно падскочыў: «То ідзі к чорту лысаму!.. З ім дырэктар школы размаўляе, як з чалавекам, а ён  што папугай: не пайду, не пайду! Ты можаш адказаць па-чалавечаму, калі з табой размаўляюць?» (I. Шамякін).

2. Маеўскі пяшчотна пагладзіў яе руку. «Ну, вось і слёзы... Куды нам да партызан са слязамі?  Ён на момант задумаўся, а потым ціха сказаў:  Пачакай крыху, Танюша» (I. Шамякін).

3. Што найперш важна і дорага для нас у паэзіі Хадыкі? Паэтава шчы­расць, маральная чысціня, душэўная самааддача і нават ахвярнасць, з якімі ён шукае, знаходзіць і абараняе свае жыццёвыя і творчыя прынцыпы, гра­мадскія і эстэтычныя ідэалы... Але сказанае намі толькі тады можа мець сэнс, калі мы звернемся да самога Хадыкі, дамо слова яго вершам… (В. Бечык).

4. I хадзіў Амелька, сярод людзей цёрся ды ўсё азіраўся: ці няма якіх хітрыкаў збоку, ці не збіраецца падкалупіць цябе хто (М. Лынькоў).

2. Прачытайце і скажыце, у якім выпадку замест выдзеленага займенніка можна выкарыстаць займеннік ён, а ў якім  займеннік мы.

1. «Ян Матэйка, дзеці,  гаворыць настаўніца, гэта быў такі польскі мастак. Слаўны мастак, на ўвесь свет. Ну, а ты што тут робіш, задуманы? Пакажы» (Я. Брыль). 2. Данік падае настаўніцы сшытак. «Ну, вядома. Усе ўжо малююць, а Малец... Трэба рабіць, а ты сядзіш ды думаеш пра ня­бесныя мігдалы...» (Я. Брыль).

3. Спішыце сказы і падкрэсліце размоўна-гутарковыя формы займеннікаў. У якіх стылях выкарыстоўваюцца падобныя формы?

1. Дзе столькі разгону для твае жвавасці, для твайго спрыту, для тваіх забавак, як не на касьбе! (Я. Колас). 2. Крывёнак у акопе раптам змаўкае, я трывожна ўслухоўваюся  але спакваля ягоны кулямёт грукоча далей (В. Быкаў). 3. Здаецца, Хведар спатоліў прагу свае душы, а што бу­дзе далей, хай тое і будзе (В. Быкаў). 4. Іхняя хата стаяла недалёка ад маёй: звычайная сялянская хата (I. Навуменка).

4. Спішыце сказы, вызначце функцыянальна-стылістычную ро­лю займеннікаў.

1. Нідзе няма такіх бяроз, як на маёй Радзіме. Такіх русявых доўгіх кос, такіх азімін. Такіх бароў, і курганоў, і калыханак... (Н. Загорская). 2. Вас шукаюць вочы мае, вас калышуць думы мае, вас чакае сэрца маё  дык няўжо у вас знойдуцца сілы... Абмінуць?! (Н. Загорская). 3. Вы не зломкі, вы не зноскі  вы народ магутны (Я. Купала). 4. Хоць я ніколі не знайду сваіх слядоў і хісткай кладкі, а ўсё ж лячу к свайму гнязду, к свайму адзінаму пачатку (С. Грахоўскі).

3.4. Дзеяслоў

Багаццем і разнастайнасцю марфалагічных форм вызначаецца дзеяслоў, і гэта дае магчымасць карыстацца сінанімічнымі заменамі адных форм другімі, ужываць адны формы ў значэнні другіх з наданнем тэксту адпаведнага стылю тую ці іншую танальнасць, эмацыянальна-экспрэсіў­ную афарбоўку.

Так, формы цяперашняга часу ў гутарковым, мастацкім і публіцыс­тычным стылях ужываюцца:

а) у значэнні прошлага ў тых выпадках, калі размова ідзе пра такія з’явы, падзеі і г.д., якія звярнулі на сябе асаблівую ўвагу і выклікалі адпа­веднае пачуццё. Спалучэнне ў адным тэксце названых форм стварае ілю­зію, што дзеянне адбываецца ў момант гутаркі, што яно нібы разгортваец­ца перад вачыма слухача ці чытача. Гэтым перадаецца эмацыянальная ўзрушанасць і дасягаецца большая выразнасць у адлюстраванні з’яў і па­дзей, напрыклад: Дзень быў хмурны і марозны адзін з тых зімовых дзён, якія пачынаюцца чароўнымі раніцамі: устаеш, выходзіш на двор і не мо­жаш адарваць позірку ад дрэў такімі казачна цудоўнымі, фантастычна прыгожымі робіць іх іней (I. Шамякін);

б) у значэнні будучага, калі неабходна падкрэсліць, што дзеянне аба­вязкова адбудзецца: «Ну, сынок, звярнуўся Максім да Андрэя, пара спаць. Заўтра раненька едзем у лес. Відаць, ужо пайшоў бярозавік».

Формы прошлага часу ў гутарковай мове часам выкарыстоўваюцца ў значэнні будучага, якое наступіць адразу пасля моманту гутаркі: «Запра­гайце, дзядзька Пятрусь, каня, і я паехала», кінула Антаніна.

Формы будучага часу ў гутарковым, мастацкім і публіцыстычным стылях могуць выкарыстоўвацца:

а) у значэнні цяперашняга, калі выказванню пра які-небудзь знешне звычайны факт, падзею, дзеянне ці з’яву надаецца эмацыянальна-экспрэ­сіўнае адценне: Вузкаю крывою стужкаю праходзіць між палеткаў вяско­вая дарога.То ўзбяжыць яна на горку, то спусціцца ў лагчыну, цёмнаю норкаю марскане ў лес, пад страху хмурных ялін, абагне курган, узгорак, роўнаю палоскаю ляжа на полі, перасячэ гай, прарэжа луг, ускочыць у вёску, згубіцца тут на мінутку і потым зноў выскачыць у поле і зноў па­бяжыць калясіць грудзі зямлі (Я. Колас);

б) у значэнні прошлага для эмацыянальна-экспрэсіўнай перадачы тако­га дзеяння, якое ўзрушыла апавядальніка раптоўнасцю і неспадзяванасцю:

Я паклаў люльку, а Яська пайшоў ад мяне.

Куды ж ты пайшоў? пытаю.

Чаму куды? Дадому.

А ці ж твой там дом?

Як зарагоча ж мой Яська, як выхваціць з зубоў люльку... Ды як пу­сціць ён у мяне люлькаю, дык тая люлька аж загула ў мяне каля вушэй... (Я. Колас).

У гутарковым і мастацкім стылях формы будучага часу ў спалучэнні з часціцай бывала выкарыстоўваюцца для перадачы такіх дзеянняў у мінулым, успамін пра якія выклікае тыя ці іншыя пачуцці (замілавання, тугі і да т.п.): Бывала пойдзеш у лес, нарвеш арэхаў, нарэжаш баравікоў душа радуецца.

Для выражэння розных эмацыянальна-экспрэсіўных адценняў у гу­тарковым, мастацкім і часткова ў публіцыстычным стылях выкарыстоўва­юцца адны формы ладу дзеяслова ў значэнні другіх.

Даволі часта сустракаюцца выпадкі ўжывання форм загаднага ладу ў зна­чэнні ўмоўнага: «Прыйдзі сёння Мікола, і мы скончылі б перакрываць страху, а так яшчэ заўтра прыйдзецца да паўдня тут быць»,  прамовіў Ігнат.

Формы ўмоўнага ладу выступаюць:

а) у значэнні абвеснага, калі размова пра што-небудзь вядзецца ў па­мяркоўным тоне ў форме просьбы, парады, жадання: Я хацеў бы прасіць вас, калега, пазнаёміць мяне з вашай грамадою... (Я. Колас);

б) у значэнні загаднага, калі просьба, парада ці пажаданне выказва­юцца ў мяккай, далікатнай, ветлівай форме: Ты, Мікола, па Ваську схадзіў бы (Я. Брыль).

Ужыванне адных форм часу і ладу ў значэнні другіх, а таксама асабо­вых форм дзеяслова з рознымі значэннямі (гэта выразна відаць з аналізу сты­лістычнага выкарыстання асабовых займеннікаў) пашырана ў гутарковым, мастацкім і публіцыстычным стылях. Для навуковага і афіцыйна-дзелавога стыляў не характэрна пераноснае ўжыванне адных форм у значэнні другіх.