Добавил:
Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
История Беларуси КР темма №17.doc
Скачиваний:
24
Добавлен:
01.04.2014
Размер:
103.42 Кб
Скачать
  1. Ахарактарызуйце эканамічнае і сацыяльнае становішча гарадоў Беларусі ў першай палове XIX ст.

Даследаванне сацыяльна-эканамічных працэсаў, якія адбываліся ў гарадах у перыяд разлажэння і крызісу феадалізму, мае важнае значэнне для вывучэння праблемы генезісу капіталізму, бо менавіта ў гарадах найбольш выразна прасочваецца паступовае зараджэнне і фарміраванне новых грамадскіх адносін. У другой палове XVIII – першай палове XIX ст. у сацыяльна-эканамічным жыцці гарадскіх паселішчаў Беларусі развіваюцца з’явы, што абумовілі ў далейшым пераўтварэнне феадальнага горада ў капіталістычны. Таму важна адзначыць, дзякуючы чаму была зададзена новая сувязь элементаў грамадства, чаму самі гэтыя элементы, да таго часу адносна стабільныя, пачынаюць радыкальна змяняцца і станавіцца “іншымі”, чаму і адкуль узнікае новая арганічная сістэма як сукупнае цэлае і як ідзе яе далейшае развіццё ў напрамку цэласнасці, што заключаецца ў тым, каб падпарадкаваць сабе ўсе элементы грамадства ці стварыць з яго яшчэ недастатковыя органы.

Рост колькасці насельніцтва гарадоў, складванне сацыяльных груп, якія з’явіліся асновай фарміравання класаў узнікаючага капіталістычнага грамадства, сведчылі, на думку некаторых даследчыкаў, аб з’яўленні тэндэнцыі развіцця новых, буржуазных адносін.

Развіццё гарадоў у другой палове XVIII ст. у Беларусі тармазілася распаўсюджваннем фальваркова-паншчыннай гаспадаркі, эканамічнымі прывілеямі шляхты і палітычным ладам Рэчы Паспалітай. Знаходзячыся ў стане глыбокага эканамічнага і палітычнага крызісу, Рэч Паспалітая “цвёрда захоўвала непарушны феадальны лад грамадства, у той час як усе яе суседзі прагрэсіравалі, фарміравалі буржуазію, развівалі гандаль, прамысловасць і стваралі новыя гарады”.

Развіццю беларускіх гарадоў перашкаджала і наяўнасць у іх зямельнай уласнасці феадалаў, асабліва ўладанняў, якія насілі характар юрыдык. Павелічэнне ўласнасці феадалаў у гарадах паслабляла эканоміку гарадоў, перашкаджала развіццю гандлю і прамысловасці. Моцна пацярпелі беларускія гарады ў першай палове XVIII ст. у перыяд Паўночнай вайны, эпідэміі і голаду. Большасць гарадоў Беларусі да сярэдзіны XVIII ст. заставаліся ў глыбокім крызісе: зменшылася колькасць насельніцтва, аб’ём рамеснай вытворчасці і гандлю, узрасло значэнне сельскагаспадарчых заняткаў. Многія гарады перайшлі ў рукі магната. К сярэдзіне XVIII ст., паводле падлікаў А.П.Грыцкевіча, з 42 беларускіх гарадоў 17 было прыватнаўласніцкімі, г.зн. каля 40 %. З.Капыскі лічыць, што ў сярэдзіне XVIII ст. у Беларусі налічвалася 39 гарадоў , такую ж колькасць гарадоў называе А.М.Карпачоў у 70-90-х гг. XVIII ст. .Той жа А.П.Грыцкевіч сцвярджае, што ў XVIII ст. на тэрыторыі сучаснай Беларусі налічвалася 25 прыватнаўласніцкіх гарадоў (49 % агульнай іх колькасці), а ўсяго налічваўся 51 горад.

Пры вывучэнні пытання аб колькасці гарадоў у Беларусі ў другой палове XVIII – першай палове XIX ст. намі ўлічваліся перш за ўсё адміністрацыйная прыналежнасць пасялення (цэнтр павета, губерніі і г.д.) і сацыяльна-эканамічная характарыстыка (ці было гэта пасяленне гандлёва-рамесным цэнтрам).

У канцы 50-х гг. XIX ст. на тэрыторыі сучаснай Беларусі налічвалася 42 гарады (4 губернскія, 32 павятовыя і 8 пазаштатных). З іх 6 беларускіх гарадоў уваходзілі ў склад Віленскай губерні: Вілейка, Дзісна, Ашмяны і Ліда -- павятовыя, Друя, Радашковічы – пазаштатныя; у Гродзенскай губерні было 6 гарадоў: Гродна – губернскі, Брэст, Ваўкавыск, Кобрын, Пружаны, Слонім – павятовыя; 13 гарадоў уваходзілі ў склад Магілёўскай губерні: Магілёў – губернскі, Быхаў, Гомель, Клімавічы, Копысь, Мсціслаў, Орша, Рагачоў, Сянно, Чэрыкаў, Чавусы – павятовыя; Бабінавічы, Горкі – пазаштатныя; 11 гарадоў знаходзіліся на тэрыторыі Мінскай губерні: Мінск – губернскі, Бабруйск, Барысаў, Ігумен, Мазыр, Навагрудак, Пінск, Рэчыца, Слуцк – павятовыя, Докшыцы, Нясвіж – пазаштатныя і 6 гарадоў – на тэрыторыі Віцебскай губерні; Віцебск – губернскі, Гарадок, Дрыса, Лепель, Полацк, Сураж – павятовыя.

У некаторых беларускіх гарадах дзейнічалі магістраты, якія існавалі з часу прадстаўлення гэтым гарадам Магдэбургскага права. Магістраты складаліся з двух калегій: “лавы”, якая распараджалася судом па крымінальных справах, і “рады” (савета), якая распараджалася грамадзянскім судом, паліцыяй, наглядам за гандлем, зборам налогаў з нерухомай маёмасці, наглядам за адбыццём рэкруцкай павіннасці і кантролем за дзейнасцю цэхаў. Гарадавыя магістраты складаліся з 2 бургамістраў, 4 ратманаў і 2 чалавек, якія выбіраліся ў саслоўныя суды, а таксама кагальных і старасты. Дадзеныя службовыя асобы выбіраліся гарадскім купецтвам і мяшчанствам на тры гады. Гэта былі саслоўныя судовыя ўстановы, юрысдыкцыя якіх распаўсюджвалася на купцоў і мяшчан. Саслоўнасць гэтай установы ярка пацвярджаецца парадкам выбараў у магістраты. Усе ўдзельнікі выбараў павінны былі займаць толькі свае месцы: наперадзе за сталом сядзеў гарадскі галава, перад ім у першым радзе – старасты і дэпутаты для стварэння радаслоўнай кнігі, за імі – бургамістры і ратманы. Затым размяшчаліся гарадскія жыхары, першыя месцы сярод якіх былі адведзены знакамітым грамадзянам, за імі сядзелі гільдзейскія купцы першай гільдыі, затым – другой і трэцяй. Апошнімі садзіліся пасадскія ў залежнасці ад роду заняткаў і памераў капіталу.

У судаводстве прымянялася заканадаўства Расіі і Статут Вялікага княства Літоўскага. Указ сената ад 8 мая 1773 г. дазваляў разглядаць крымінальныя справы на рускай мове, а грамадзянскія – на польскай. Гарадскія магістраты падпарадкоўваліся да 1795 г. губернскім магістратам, а з 1797 г. – палатам крымінальнага і грамадзянскага судоў. “Грамата на правы і выгады гарадам” 1785 г. перадавала кіраванне гарадамі купецтву і мяшчанству. Дваране дапускаліся ў склад першага класа “сапраўдных гарадскіх жыхароў” разам з усімі ўладальнікамі нерухомай уласнасці. Становішча іх у гарадскім грамадстве вызначалася наяўнасцю пэўнага капіталу ці нерухомай уласнасці. Гэты факт сведчыць аб пранікненні буржуазных адносін у грамадскі лад гарадоў беларускіх губерняў.

Большасць гарадоў Беларусі ў вывучаемы перыяд не адрознівалася высокім узроўнем упарадкаванасці. Вузкія, брудныя, у большасці небрукаваныя вуліцы, перавага драўляных невялікіх дамоў, адсутнасць вулічнага асвятлення – характэрныя рысы знешняга аблічча гарадоў беларускіх губерняў гэтага перыяду.

Агульны рост колькасці дамоў у гарадах да сярэдзіны 30-х гг. XIX ст. быў нязначным: у 1785 – 1835 гг. колькасць дамоў у 42 гарадах Беларусі павялічылася на 2869 (на 15 %), у тым ліку мураваных дамоў – на 244 (63 %). За наступныя 20 гг. колькасць пабудоў у гарадах Беларусі павялічылася на 6679 (на 30 %), у тым ліку мураваных – на 843, або на 132 %.

У адміністрацыйных адносінах гарады дзяліліся на часткі і кварталы.

Панаванне памешчыцкага і царкоўнага землеўладання ў гарадах Беларусі, недахоп зямлі і яе дарагоўля прыводзілі да маруднага росту тэрыторыі гарадоў, да скучанасці пабудоў.

Рост гарадоў вымушаў гарадскія ўлады рабіць пэўныя захады па іх планіроўцы і добраўпарадкаванні. Калі ў пачатку вывучаемага перыяду ў 19 гарадах беларускіх губерняў налічваліся 64 брукаваныя вуліцы і 8 плошчаў, 387 небрукаваных вуліц і 34 плошчы, то ў канцы 30-х гг. XIX ст. брукаваных вуліц было 85, плошчаў – 14, небрукаваных – 406 вуліц і 50 плошчаў, г.зн. агульная колькасць вуліц і плошчаў вырасла нязначна. А больш хуткі рост брукаваных плошчаў і вуліц сведчыць аб некаторым паляпшэнні добраўпарадкавання гарадоў.

У губернскіх гарадах будавалі двух- і трохпавярховыя дамы. Так, за 2 гады (1836-1837) у Мінску былі пабудаваны 52 мураваныя двух- і трохпавярховыя дамы.

Знешняе аблічча павятовых гарадоў Беларусі на працягу вывучаемага перыяду змянілася нязначна. Адной з прычын гэтага была абмежаванасць гарадскіх бюджэтаў, вялікая частка якіх ішла на ўтрыманне гарадскога кіраўніцтва, войска, паліцыі, турмаў. Асноўнай жа прычынай абмежаванасці гарадскіх бюджэтаў было слабае развіццё прамысловасці гарадоў. Нязначны рост колькасці гарадоў і тэрыторый гарадскіх пасяленняў быў звязаны з панаваннем прыгоннай сістэмы памешчыцкага і царкоўнага землеўладання.

Адмоўна ўплывала на прамыслова-гандлёвую дзейнасць насельніцтва гарадоў падаткавая палітыка самадзяржаўя.

Частка павіннасцей і грашовых збораў ішла на карысць гарадскіх таварыстваў, але іх размеркаванне па артыкулах расходаў сведчыла аб тым, што асноўная доля грашовых сродкаў ішла на ўтрыманне адміністрацыйна-паліцэйскага апарату.

Павелічэнне падаткаў і рознага роду збораў уплывала на фарміраванне асноўных класаў капіталістычнага грамадства – буржуазіі і пралетарыяту. Цяжар феадальных падаткаў і павіннасцей клаўся не толькі на найбяднейшую частку гараджан, але і на буржуазію; ён тармазіў развіццё буржуазных адносін, узмацняў працэс паўперызацыі бяднейшага насельніцтва.

Такім чынам, у другой палове XVIII – першай палове XIX ст. у Беларусі назіраўся нязначны рост гарадоў. Панаванне памешчыцкага землеўладання і паншчынна-прыгонніцкай сістэмы гаспадарання тармазіла пашырэнне тэрыторыі гарадоў, рост колькасці гарадскога насельніцтва.

Беларускі горад па-ранейшаму быў галоўным чынам гандлёва-рамесным цэнтрам. Усё ж капіталістычныя адносіны пранікалі ў эканамічнае жыццё гарадоў беларускіх губерняў, уплывалі на рост іх насельніцтва і змены сацыяльнага складу. Рост колькасці гарадскіх жыхароў у сваю чаргу станоўча ўплываў на развіццё эканомікі гарадоў.

У вывучаемы перыяд адбываецца павелічэнне падаткаў і натуральных павіннасцей, што некалькі затрымлівала працэс фарміравання асноўных класаў капіталістычнага грамадства – буржуазіі і пралетарыята. Адсутнасць буйных прадпрымальнікаў у гарадах Беларусі (адной з прычын якога быў падаткавы цяжар) адбілася і на ўзроўні гарадской прамысловай вытворчасці, развіццё якой стрымлівалася адсутнасцю буйных купецкіх капіталаў.

Нізкі ўзровень развіцця прамысловасці ў гарадах абумовіў той факт, што даволі значная частка насельніцтва гарадоў Беларусі ў другой палове XVIII – першай палове XIX ст. займалася сельскай гаспадаркай. Занятак сельскай гаспадаркай для гараджан быў не толькі крыніцай існавання, але часам насіў і прамысловае значэнне.

У гарадской мяжы землі належалі не толькі ўсяму гораду “ў асобе гарадскіх улад”, але былі ўласнасцю прыватных асоб: памешчыкаў, купцоў, мяшчан, служачых. Пацвярджэннем гэтаму з’яўляюцца і такія факты, як купля-продаж зямель [24, л. 1; л. 441; л. 21, 38 і інш.] і іх арэнднае трыманне, а таксама змяненне характару землеўладання к канцу вывучаемага перыяду.

Сельскагаспадарчыя і іншыя заняткі насельніцтва большасці гарадоў сведчылі аб нізкім узроўні развіцця рамяства і прамысловасці. Растучае насельніцтва гарадоў Беларусі не магло знайсці працу ў прамысловасці і гандлі. Гэта вымушала частку жыхароў гарадоў займацца сельскай гаспадаркай, адыходніцтвам і іншымі падсобнымі работамі. Тэмпы росту колькасці насельніцтва гарадоў абганялі тэмпы развіцця рамяства і прамысловасці ў гарадах. Ствараўся рэзерв рабочай сілы ў гарадах, якая адыграла пэўную ролю ў развіцці капіталізму ў прамысловасці ў другой палове XIX ст. Рост колькасці прамысловых прадпрыемстваў, развіццё мануфактурнай і фабрычна-заводскай вытворчасці паступова адрывалі гараджан ад заняткаў сельскай гаспадаркай, аднак у дарэформенны перыяд гэты працэс працякаў вельмі марудна.

Развіццё гарадоў, ажыўленне гандлю вызначылі больш хуткія тэмпы развіцця гарадскога рамяства, якое па сваіх тэмпах значна апярэджвала развіццё буйной прамысловасці. Асноўнай прычынай гэтага з’яўлялася амаль поўная адсутнасць адной з найважнейшых умоў развіцця буйной прамысловасці -- значных капіталаў у купцоў і гандлюючых мяшчан. Немалаважную ролю у такім слабым развіцці прамысловасці адыгралі і складаныя сацыяльна-эканамічныя і палітычныя ўмовы развіцця рэгіёну: панаванне магнатаў і шляхты ў эканоміцы; наяўнасць вялікай колькасці прыватнаўласніцкіх гарадоў; вузкасць унутранага рынку; права прапінацыі для памешчыкаў, якое захавалася і ў XIX ст.; канкурэнцыя рускіх купцоў і прамыслоўцаў і інш.