Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Беларусь в 1 пол. 19 в..doc
Скачиваний:
6
Добавлен:
02.05.2019
Размер:
252.42 Кб
Скачать

Беларусь у першай палове хіх ст. Лекцыя 1 Гістарыяграфія і крыніцы.

Свядомае асэнсаванне і грунтоўнае вывучэнне гісторыі Беларусі першай паловы XIX ст. пачынаецца ўжо ў яго другой палове. Спрэчкі аб гістарычным месцы i нацыянальным лёсе Беларусі дасягнулі крайняга абвастрэння асаблiва пасля паўстання 1863 г., падзеi якога высветлiлi вельмі хвалюючыя пытаннi для беларускага народа: што ж такое Беларусь? У чым яе роля ў жыццi суседніх краін – Расіі i Польшчы?

Гісторыкі М. Каяловіч, П. Бацюшкаў, П. Карнілаў і інш. звязвалі гістарычнае развіццё Беларусі з Расіяй. Прыхільнікі іншага накірунку (Т. Грабоўскі, К. Скірмунт, С. Радзішэўскі і інш.) у падзеях канца ХVIII - першай паловы XIX ст. бачылі толькі разбурэнне польскай дзяржаўнасці.

Першыя гістарычныя працы, у аснову якіх была пакладзена "беларуская ідэя", з'яўляюцца ў пачатку XX ст. Яны былі звязаны з даследаваннямі М. Доўнар-Запольскага і В. Ластоўскага. Аднак, гісторыі Беларусі першай паловы XIX ст. у іх работах не было нададзена спецыяльнай ўвагі.

Сістэматычнае вывучэнне гісторыі Беларусі першай паловы XIX ст. пачынаецца толькі пасля 1917 г., калі былі адкрыты архівасховішчы і ў рукі гісторыкаў трапілі дакументы, якія да гэтага часу не вывучаліся. Гэта была эпоха 20—30-х гг. - перыяд станаўлення марксісцкай метадалогіі ў гісторыі, і многія беларускія гісторыкі шчыра спрабавалі ёю авалодаць. Таму першыя даследаванні па гісторыі Беларусі канца XVІІІ - пачатку XIX ст. былі звязаны з сацыяльна-эканамічнымі і рэвалюцыйнымі праблемамі, з марксісцкім разуменнем гістарычнага працэсу.

Сярод работ, якія былі напісаны ў гэты час, трэба адзначыць даследаванні У. Ігнатоўскага "Кароткі нарыс гісторыі Беларусі", "Гісторыя Беларусі ў XIX і ў пачатку XX стагоддзя"1, М. Доўнар-Запольскага "Гісторыя Беларусі"2, А. Цвікевіча "Западно-русизм". Нарысы з гісторыі грамадскай мысьлі на Беларусі ў XIX і пачатку XX в."3. Наогул, 20-я гады былі асабліва плённымі ў распрацоўцы гісторыі Беларусі. Акрамя названых аўтараў у гэты час публікаваліся даследаванні Ф. Турука, А. Смоліча, У. Пічеты, з'явiлiся ў друку публіцыстычныя матэрыялы А. Луцкевіча, Я. Лёсіка, М. Гарэцкага і інш. Аднак гэты перыяд працягваўся нядоўга. Ужо ў канцы 20-х гг. інтэнсіўнае і глыбокае вывучэнне гісторыі Беларусі ператвараецца ў вузкапартыйнае, больш спрошчанае тлумачэнне гістарычных фактаў, падзей i працэсаў. Гэта было абумоўлена новым палітычным курсам, які ўвайшоў у гісторыю як перыяд сталінізму. 3 сярэдзіны 30-х гг. марксізм набывае дагматычны характар і становіцца адзінай метадалагічнай асновай развiцця навукі. Гісторыкі, якія не жадалі ці не iмкулiся авалодаць гэтай метадалогіяй, падвяргаліся ганенiям i рэпрэсіям.

Аднак і ў гэты цяжкі час у беларускай гістарыяграфіі з'яўляюцца працы, напісаныя на высокім прафесійным ўзроўнi. Сярод іх -- і манаграфія К. Кернажыцкага "Гаспадарка прыгоннікаў на Беларусі ў канцы ХVIII - першай палове XIX ст."4.

Новы перыяд гістарычнай навукі пачаўся ў другой палове 50-х і працягваўся да канца 80-х гг. У гэты час беларускія гісторыкі галоўную ўвагу звярталі на вывучэнне пытанняў сацыяльна-эканамічнага жыцця, фарміравання буржуазнага грамадства, развіцця грамадска-палітычнага і рэвалюцыйнага руху. Былі надрукаваны кнігі М.Улашчыка "Предпосылки крестьянской реформы 1861 г. в Литве и Западной Белоруссии"5, В. Чапко "Сельское хозяйство Белоруссии в первой половине XIX в." і "Города Белоруссии в первой половине XIX века"6, М. Болбаса "Развитие промышленности Белоруссии (1795—1861 гг.)7, А. Лютага "Социально-экономическое развитие городов в Белоруссии в конце XVIII - первой половине XIX в."8, Е. Карнейчыка "Белорусский народ в Отечественной войне 1812 г."9, С. Букчына "К мечам рванулись наши руки"10 і інш. У канцы 60-х—70-х гг. былі выдадзены сур'ёзныя публікацыі па гісторыі грамадска-палітычнай думкі і культуры Беларусі. Сярод іх трэба назваць работы Э. Дарашэвіча "Философия эпохи Просвещения в Белоруссии"11, Н. Махнач "Идейная борьба в Белоруссии в 30—40 гг. XIX в.", "От Просвещения к революционному демократизму" і "Общественно-политическая и этическая мысль Белоруссии начала XIX в."12, А. Мальдзіса "Падарожжа ў XIX ст."13, Л. Дробава "Живопись Белоруссии XIX - начала XX в."14. Этапнымі ў распрацоўцы праблем першай паловы XIX стагоддзя сталі абагульняючыя працы па гісторыі Беларусі. Найбольш значнымі сярод іх з'яўляюцца першы том шматтомнай "Гісторыі Беларускай ССР" і аднатомная "История Белорусской ССР"15.

Нават пры метадалагічнай абмежаванасці, уласцівай працам 50—80-х гг., выкліканай перш за ўсё эпохай, у якую яны ствараліся, вартасцю гэтых даследаванняў з'яўляецца вялікі фактычны матэрыял, які не згубіў сваёй каштоўнасці да сённяшняга часу.

Новы перыяд ў асэнсаванні гістарычнага мінулага Беларусі пачаўся ў 90-я гг. Ён звязаны з пошукам новых падыходаў да вывучэння айчыннай гісторыі. Першай спробай стварэння такіх навуковых прац з'явіліся "Нарысы гісторыі Беларусі"16, першая частка якіх змяшчае матэрыялы і па першай палове XIX стагоддзя. Прадметам даследавання сучасных гісторыкаў становяцца праблемы да гэтага часу амаль што не закранутыя - канфесіі, культура, грамадска-палітычная думка, урадавая палітыка.

Гісторыя Беларусі першай паловы XIX ст. вывучаецца на падставе даных з разнастайных гістарычных крыніц, якія падзяляюцца на некалькі груп: заканадаўчыя акты, матэрыялы афіцыйнага справаводства, эканоміка-геаграфічныя і гаспадарчыя апісанні, статыстычныя матэрыялы, мемуары, літаратурныя і публіцыстычныя творы, перыядычны друк.

Першую групу складаюць матэрыялы заканадаўства. Гэта — законы, маніфесты, палажэнні, указы ўрада, якія дазваляюць прасачыць палітыку ўрада на тэрыторыі Беларусі. Асноўнай публікацыяй крыніц заканадаўчага характару з'яўляецца І-й і ІІ-й збор законаў Расійскай імперыі (ПЗЗ), якое ўключае заканадаўчыя акты, надрукаваныя ў першай палове XIX ст. Другой крыніцай, якая мае такі ж універсальны характар, з'яўляецца звод законаў Расійскай імперыі (ЗД). У адрозненне ад ПЗЗ, звод законаў уключае ў сябе толькі дзеючыя законы, якія змешчаны не ў храналагічным, а ў сістэматычным парадку.

Побач з агульнаімперскімі зводамі, на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі і зводы мясцовых узаконенняў: "Статут Великого Княжества Литовского"17, "Положение о дворянах западных губерний, которые по достижении 18 лет поступают в военную службу на основании высочайшего указа 21 апреля 1852 г."18, "Правила для составления, предъявления и утверждения люстрационных актов по казенным селениям и местечкам в губерниях: Виленской, Витебской..., Гродненской..., Минской, Могилёвской..."19 і інш. Матэрыялы заканадаўства па Беларусі апублікаваны С.Ф. Рубінштэйнам у "Хронологическом указателе указов и правительственных распоряжений по губерниям Западной России, Белоруссии и Малороссии за 240 лет с 1652 по 1892 г."20.

Вялікай і вельмі важнай групай гiстарычных крыніц з'яўляюцца афіцыяльна-дакументальныя матэрыялы дзяржаўных устаноў, без прыцягнення якіх немагчыма вывучэнне ніводнага пытання гісторыі Беларусі першай паловы XIX ст. Гэтыя матэрыялы разнастайныя як па сваей форме, так і па зместу. Сярод крыніц гэтай групы найвялікшае значэнне маюць матэрыялы Камітэта па справах Заходніх губерняў, справаздачы грамадзянскіх губернатараў і генерал-губернатараў беларускіх губерняў, многааблiчная дакументацыя дзяржаўных устаноў і т. п. Некаторыя з крыніц гэтага тыпу апублікаваны21, але большая частка захоўваецца ў архівах — Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь у Мінску, Беларускім дзяржаўным гістарычным архіве ў Гродне, Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы ў Вільні.

Вялікая колькасць звестак аб сацыяльна-эканамічнай гісторыі Беларусі змяшчаецца ў эканоміка-геаграфічных і статыстычных апісаннях. Па характару і структуры гэта даволі стракатая група крыніц, аб'яднаная агульнасцю паходжання і тэматыкі. Сярод іх — эканоміка-геаграфічныя і гаспадарчыя апісанні (інвентары памешчыцкіх маёнткаў, ваенна-тапаграфічныя апісанні). 3 публікацый таких крыніц можна назваць, напрыклад, "Записки путешествия по западным провинциям Российского государства, или минералогические, хозяйственные и другие примечания, учинённые во время проезда через оные в 1802 году академиком Василием Севергиным"22, "Военно-статистическое обозрение Российской империи. Гродненская губерния" Калмберга 23 і інш.

Пры вывучэнні гісторыі Беларусі новага часу вялікае значэнне набываюць статыстычныя крыніцы. Да іх адносяцца спісы фабрык і заводаў, табліцы па гаспадарчаму і грамадскаму ўладкаванню гарадоў, адрас - календары 24 і інш.

Асобную групу крыніц — асабістага паходжання — прадстаўляюць мемуары і дзённікі. Мемуарная літаратура XIX ст. адрозніваецца многааблічнасцю і адлюстроўвае шырокі спектр сацыяльна-эканамічнага, грамадска-палітычнага, рэлігійнага, культурнага жыцця Беларусі. Часта яны з'яўляюцца адзіным сведчаннем, якое дае ўяўленне аб той ці іншай падзеі або факце.

Урадавую палітыку на тэррыторыі Беларусі адлюстроўваюць, напрыклад, успаміны кн. А. Чартарыйскага25, запіскі віленскага генерал-губернатара Ф.Я. Мірковіча26, чыноўніка Г. Дабрыніна27, селяніна Я. Чабодзька28, мітрапаліта Іосіфа Семашкі29. Для вывучэння гісторыі грамадска-палітычнага руху сур'ёзнай падмогай з'яўляюцца запіскі ўдзельнікаў руху дэкабрыстаў, польскага нацыянальнага паўстання, тайных студэнцкіх арганізацый, якія існавалі пры Віленскім універсітэце. Значная колькасць мемуарнай літаратуры прысвечана вайне 1812 года30. Да гэтай жа групы крыніц далучаюцца эпісталярныя лісты, якія істотна дапаўняюць звесткi па самых разнастайных баках грамадска-палітычнага і культурнага жыцця Беларусі. Вялікую цікавасць сярод іх прадстаўляе карэспандэнцыя філарэтаў і філаматаў, перапіска дзекабрыстаў.

Шматлікую групу гістарычных крыніц утвараюць літаратурныя і публіцыстычныя творы. Развіваючыся ў цеснай сувязі з грамадскім жыццём, адчуваючы на сабе ўплыў часу, яны з'яўляюцца спецыфічнай формай выяўлення духоўнага жыцця грамадства. Літаратура першай паловы XIX ст. прадстаўлена творчасцю А. Міцкевіча, Я. Чачота, А. Вярыгі-Дарэўскага, У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча, публіцыстыкай П. Шпілеўскага і інш.

У перыяд новага часу беларускай гісторыі важнае значэнне набывае перыядычны друк, які становіцца моцным сродкам інфармацыі і арганізацыі грамадскага ўсведамлення. Першая палова XIX ст. была прадстаўлена "Виленским вестником", губернскімі і епархіяльнымі "Ведомостями", якія насілі афіцыйны характар. Аднак перыядычныя выданні часта выходзілі за рамкі афіцыёза, калі яны публікавалі разнастайны матэрыял па этнаграфіі, краязнаўству, археалогіі Беларусі.

Своеасаблівай групай крыніц па гісторыі культуры Беларусі з'яўляюцца творы мастацтва першай паловы XIX ст. Створаныя мастакамі, дойлідамі, скульптарамі яны сведчаць не толькі аб узроўнi майстэрства іх аўтараў, але і аб духоўным жыцці беларускага грамадства таго часу. Першыя, найбольш поўныя зборы мастацкіх твораў Беларусі, былі зроблены Л. Дробавым і В. Чантурыяй31. У цяперашні час гэта праца працягваецца i аўтары публікуюць разнастайныя альбомы — каталогi мастацтва Беларусі32.

Навуковыя і вучэбныя выданні дакументаў па гісторыі Беларусі з'явiліся ў першай палове XIX стагоддзя. Гэтай працай займаліся Віленская і Пецярбургская археаграфічныя камісіі і іншыя ўстановы. У савецкі час зроблена публікацыя некалькіх цікавых зборнікаў дакументаў. Сярод іх трэба вылучыць "Матэрыялы па гісторыі мануфактуры Беларусі ў часы распаду феадалізму"33, "Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі (1772—1903 гг.)"34, "Беларусь у эпоху феадалізму"35.

1 Ігнатоўскі У.М. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. -- Мн., 1919 (5 выд. 1991); Гісторыя Беларусі ў XIX і ў пачатку XX стагоддзя. -- Мн., 1928.

2 Доўнар-Запольскі М.В. Гісторыя Беларусі. -- Мн., 1994.

3 Цвікевіч А. "Западно-русизм". Нарысы з гісторыі грамадскай мысьлі на Беларусі ў XIX і пачатку XX в. -- Мн., 1929.

4 Кернажыцкі К.І. Гаспадарка прыгоннікаў на Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. -- Мн., 1935.

5 Улащик Н.Н. Предпосылки крестьянской реформы 1861 г. в Литве и Западной Белоруссии. -- М., 1965.

6 Чепко В.В. Сельское хозяйство Белоруссии в первой половине XIX в. -- Мн., 1966; Города Белоруссии в первой половине XIX века. -- Мн.,1981.

7 Болбас М.Ф. Развитие промышленности Белоруссии (в 1795—1861 гг.). -- Мн., 1966.

8 Лютый А.М. Социально-экономическое развитие городов в Белоруссии в конце XVIII -первой половине XIX в. -- Мн., 1986.

9 Корнейчик Е.Н. Белорусский народ в Отечественной войне 1812 г. -- Мн., 1962.

10 Букчин С. К мечам рванулись наши руки. -- Мн., 1978.

11 Дорошевич Э.К. Философия эпохи Просвещения в Белоруссии. -- Мн., 1971.

12 Мохнач Н.Н. Идейная борьба в Белоруссии в 30—40 гг. ХІХ в. -- Мн., 1971; От Просвещения к революционному демократизму. Мн., 1976; Общественно-политическая и этическая мысль Белоруссии начала XIX в. -- Мн., 1985.

13 Мальдзіс А.І. Падарожжа ў XIX стагодзе. -- Мн., 1969.

14 Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX - начала XX в. -- Мн., 1974.

15 Гісторыі Беларускай ССР. Т. I. -- Мн., 1972; История Белорусской ССР. --Мн., 1977.

16 Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. I. --Мн., 1994.

17 Статут Великого княжества Литовского. -- Спб., 1811.

18 Положение о дворянах западных губерний, которые по достижения 18 лет поступают в военную службу на основании высочайшего указа 21 апреля 1852 г. -- Спб., 1852.

19 Правила для составления предьявления и утверждения люстрационных актов по казённым селениям и местечкам в губерниях: Виленской, Витебской, Волынской, Гродненской, Киевской, Ковенской, Минской, Могилёвской и Подольской. -- Спб.,1867.

20 Хронологический указатель указов и правительственных распоряжений по губерниям Западной России, Белоруссии и Малороссии за 240 лет с 1652 по 1892 г.-- Спб., 1894.

21 Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі (1772—1903 гг.). -- Мн., 1940. Т.2.

22 Севергин В.М. Записки путешествия по западным провинциям Российского государства, или минералогические, хозяйственные и другие примечания, учинённые во время проезда через оные в 1802 году академиком Василием Севергиным. -- Спб., 1803.

23 Калмберг. Военно-статистическое обозрение Российской империи. -- Т. 9. -- Ч. 3. Гродненская губерния. -- Спб., 1849; Бобровский П. Гродненская губерния. Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами Генерального штаба. -- тт. І. П. -- Спб., 1863.

24 Статистическое изображение городов и посадов Российской империи по 1825 г. -- Спб.,1830; Общественное устройство и хозяйство городов. – тт. 1—2. -- Спб., 1859.

25 Мемуары князя А. Чарторыйского. -- Спб., 1912.

26 Миркович Ф.Я. Его жизнеописание, составленное по собственным его записям, воспоминаниям близких людей и подлинным документам. -- Спб., 1889.

27 Добрынин Г. Истниное повествование, или жизнь Гаврилы Добрынина, им самим писанная в Могилёве и в Витебске. Спб., 1872.

28 Чебодько П.Я. Из воспоминаний белоруса Я.А. Чебодько. -- Киев. 1910.

29 Иосиф, митрополит. Записки Иосифа, митрополита Литовского, изданные императорскою Академиею наук по завещанию автора. -- Т. 1—З. -- Спб.,1863.

30 Дооктябрьская книга на русском языке о Белоруссии. Белоруссия в Отечественной войне 1812 года. -- Мн., 1976.

31 Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии ХІХ - начала XX в. -- Мн., 1974; Чантурия В.А. История архитектуры Белоруссии, 2 изд. -- Мн., 1977.

32 Хруцкі 1810—1885: Альбом - каталог. Мн., 1990.

33 Матэрыялы па гісторыі мануфактуры Беларусі ў часы распаду феадалізму. -- тт. 1—2. Мн., 1936.

34 Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі (1772—1903 гг.). -- Мн., 1940. Т. 2.

35 Белоруссия в эпоху феодализма. Сб. док. и мат.: В 4 томах. -- Мн., 1961. -- т. 3; 1979. -- т. 4.