Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
istoria_Belarusi.doc
Скачиваний:
13
Добавлен:
22.04.2019
Размер:
1.98 Mб
Скачать

Тэатр і музыка.

Шырокае распаўсюджанне на Беларусі ў XVI ст. атрымаў тэатр лялек – батлейка. Сюжэты батлейкі былі заснаваны на біблейскай і евангельскай тэматыцы, а таксама бытавых матывах.

Важнай з’явай жыцця другой паловы XVIII ст. стаў прыгонны тэатр. Многія беларускія магнаты: Радзівілы, Сапегі, Тызенгаўзы і іншыя, утрымлівалі ў сваіх маёнтках капэлы, аркестры, тэатры, а нярэдка і самі станавіліся кампазітарамі і музыкантамі, як Міхал Клеафас Агінскі, аўтар паланеза “Развітанне з Радзімай”.

У свецкай музыцы XVI–XVIII стст. найбольш характэрным жанрам быў кант – шматгалосая песня свецкага зместу.

У Нясвіжскай друкарні быў надрукаваны “Канцыянал” – адзін з першых на Беларусі нотных зборнікаў. У Нясвіжы была створана адна з першых на Беларусі майстэрня па вырабу музычных інструментаў. Аркестры беларускіх магнатаў часам былі буйнейшыя за вядомыя заходнееўрапейскія. Напрыклад, аркестр М. Агінскага налічваў 106 інструментаў, а аркестр Гайдна толькі 14.

Асабліва цікавым быў Слонімскі тэатр Міхала Казіміра Агінскага. Рэпертуар тэатра складаўся з опер і балетаў італьянскіх кампазітараў, а таксама твораў М.К. Агінскага. Сцэна тэатра дазваляла ставіць спектаклі барочнага тыпу – з выхадам вялікай колькасці спевакоў, з паказам водных феерый. Частка сцэны затаплялася вадой і па ёй плавалі лодкі.

Не менш вядомы быў Нясвіжскі тэатр Францішкі Уршулі Радзівіл. Для свайго тэатра яна напісала 16 драматычных і оперных лібрэта. Спачатку тэатр з’яўляўся аматарскім: на сцэне выступалі члены княжацкай сям’і, госці, сваякі. У другой палове XVIII ст. з’яўляюцца іншаземныя артысты і артысты з прыгонных сялян.

Для падрыхтоўкі акцёраў оперы і балета на Беларусі існавалі некалькі школ (у Слуцку, Нясвіжы, Слоніме). Прыгонныя і прыватныя тэатры таксама працавалі ў Слуцку, Шклове, Магілёве, Чачэрску, Свіслачы.

Выяўленчае мастацтва.

Ідэі Адраджэння, а затым і барока, праніклі ў майстэрні мастакоў. У беларускім жывапісе акрэсліліся два напрамкі. Першы – мастацтва, заснаванае на старажытнарускіх традыцыях; другі – жывапіс, які знаходзіўся пад уплывам заходнееўрапейскай мастацкай школы. Адбываецца перапляценне візантыйскага і заходнееўрапейскага стыляў з мясцовай беларускай школай.

У выніку сінтэзу розных школ і напрамкаў склалася самабытная беларуская іканапісная школа, якой уласціва вернасць канону, шырокае выкарыстанне этнаграфічных элементаў. На Беларусі існавалі некалькі іканапісных школ: магілёўская, полацка-віцебская, палеская, гродзенская, слуцка-мінская.

Другім важным напрамкам быў манументальны жывапіс. Сапраўдным творам мастацтва ў манументальным жывапісе з’яўляецца роспіс Мікалаеўскай царквы ў Магілёве – “Новазапаветная троіца”.

У пачатку XVIII ст. у манументальным жывапісе распаўсюджваецца стыль барока, яму характэрна маляўнічасць, багацце ўзору, прасторавасць.

Папулярным відам станкавага жывапісу ў XVI–XVIII стст. становіцца партрэт. Ствараюцца родавыя галерэі (партрэтныя галерэі Тышкевічаў, Радзівілаў і інш.).

Таленавітым мастаком і гравёрам XVI – пачатку XVII ст. з’яўляўся Тамаш Макоўскі. У 1613 г. у Амстэрдаме ён надрукаваў карту Вялікага княства Літоўскага. У дадатку да яе давалася падрабязнае апісанне Беларусі і Літвы: прыродныя багацці, народныя звычаі, гандлёвыя шляхі, навучальныя ўстановы Полацка і Нясвіжа, рэкі, азёры, гарады, рэзідэнцыі епіскапаў і мітрапалітаў.

Тамаш Макоўскі з’яўляецца аўтарам гравюр з краявідамі Вільні, Клецка, Смаленска і іншых старажытных гарадоў.

У канцы XVIII ст. барока саступае месца новаму стылю ў выяўленчым мастацтве – класіцызму.