Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
01-Гіст-БМ_студ-2011.doc
Скачиваний:
9
Добавлен:
05.11.2018
Размер:
137.73 Кб
Скачать

Іv. Старабеларуская лiтаратурная мова (XIII—XVIII стст.).

Гэты этап храналагiчна супадае з фармiраваннем беларускай народнасцi i стварэннем Вялiкага княства Лiтоўскага.

Вялікае княства Літоўскае ўзнікла ў XIII ст. як саюз усходнеславянскіх княстваў (Навагрудскае, Полацкае, Пінска-Тураўскае, Берасцейскае і інш.), і на працягу XIV ст. уся тэрыторыя Беларусі ўвайшла ў яго склад. Этнічную большасць у Вялікім княстве Літоўскім складалі нашчадкі былых усходнеславянскіх пляменаў (крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў), якія не растварыліся ў вялікай дзяржаве, а захавалі свае традыцыі, звычкі, веру, культуру, сваю мову, атрыманую ў спадчыну з даўніх часоў. На базе гэтай часткі ўсходнеславянскага насельніцтва на працягу XIV-XV стст. склалася беларуская народнасць і сфарміравалася беларуская літаратурна-пісьмовая мова .

Першым, дакладна датаваным, пiсьмовым помнiкам, якi захаваўся да нашага часу, з’яўляецца «Дагаворная грамата Смаленскага князя Мсціслава Давыдавіча з Рыгай і Гоцкім берагам» 1229 г. Стала фармiравацца пiсьмовая мова, якую называюць старабеларускай. Гэтая мова мела своеасаблiвы лексiчны склад, свае спецыфiчныя фанетычныя i сiнтаксiчныя асаблiвасцi, якiя карэнным чынам адрознiваюцца ад агульнаўсходнеславянскай, рускай i ўкраiнскай моў.

Галiны ўжывання беларускай мовы:

1) Самай пашыранай галiной ужывання беларускай мовы была дзелавая пiсьменнасць. У XV-XVI стст. у канцылярыях Вялiкага княства Лiтоўскага пiсалiся актавыя кнiгi, якiя потым сталi асновай вялiкага гiстарычнага архiва, вядомага пад назвай Лiтоўская метрыка. У склад Метрыкi ўваходзяць разнастайныя па форме i зместу дакументы, якiя выдавалiся князямi, сеймамi, урадавымi асобамi або паступалi да iх ад iншаземных урадаў, ад службовых i прыватных асоб.

Асобны жанр дзелавой пiсьменнасцi складаюць Статуты 1566, 1588 гг. (другой i трэцяй рэдакцыi). Тэксты Статутаў падпарадкаваны фанетычнаму прынцыпу напiсання; граматычны лад помнiкаў вызначаецца значнай блiзкасцю да граматыкi жывой народнай мовы; а лексiка юрыдычных помнiкаў закранае самыя разнастайныя бакi грамадскага, гаспадарчага i асабiстага жыцця чалавека.

На развiццi беларускай пiсьмовай мовы ў старажытны перыяд спрыяльна адбiўся той факт, што ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм беларуская мова была дзяржаўнай, што замацавана ў Статуце 1566 г., раздзел IV, артыкул I.

2) На Беларусi ў старажытныя часы бытавала даволi багатая i разнастайная ў жанравых адносiнах мастацкая лiтаратура: вершаваная i празаiчная, арыгiнальная i перакладная.

Вершаскладанне на беларускай мове таго часу звязваюць з iмёнамi Андрэя Рымшы, якi з’яўляўся заснавальнiкам панегiрычнай паэзii; Яна Пашкевiча, заснавальнiка грамадзянскай лiрыкi; Сiмяона Полацкага, вядомага паэта, публiцыста, заснавальнiка жанру дэкламацыi.

У XVII ст. стваралася i пашыралася вершаваная лiтаратура на лацiнскай мове, яе лепшымі прыкладамі могуць служыць “Пруская вайна” Яна Вiслiцкага, “Песня пра зубра” Мiколы Гусоўскага.

На старабеларускай мове складаюцца арыгiнальныя сатырычныя творы, пабудаваныя цалкам на жывой моўнай аснове. Гэта “Прамова Мялешкi”, “Лiст да Абуховiча”. На іх не ўплывалi царкоўнаславянскiя традыцыi, тут сустракаюцца амаль усе асаблiвасцi, што характарызуюць фанетычную сiстэму i граматычны лад старабеларускай мовы.

3) У XII ст. бярэ пачатак беларускае летапiсанне. Вытокi яго ляжаць у традыцыях летапiсання старажытнай Русi, а таксама ў мясцовых паданнях гiстарычнага характару, у дзелавых запiсах. Першым летапiсам быў Полацкi летапiс XII ст.. Гiстарычныя запiсы вялiся ў Полацку, Навагрудку, Пiнску i iншых гарадах. Гiстарычныя запiсы XII-XIV стст. адлюстроўваюць мясцовыя падзеi.

З XV ст. летапiсанне набывае агульнадзяржаўны характар. Беларускія летапісы адлюстроўваюць ў пэўнай храналагічнай паслядоўнасці гістарчыныя падзеі і з'явы жыцця Вялікага княства Літоўскага, утрымліваюць легенды і паданні, прыказкі і выслоўі, арыгінальныя свецкія, воінскія аповесці, апавяданні, навелы. У 20-я гг. XVI ст. у асяроддзi патрыятычна настроеных арыстакратаў была створана на беларускай мове “Хронiка Вялiкага княства Лiтоўскага i Жамойцкага”, але ў ёй шмат недакладнасцей i падзеi не датуюцца. Самым поўным зборам агульнадзяржаўнага летапiсання з’яўляецца “Хронiка Быхаўца”, выдатнейшы помнiк беларускага летапiсання XVI ст.

Пiсьменства на Беларусi больш iнтэнсiўна пачало развiвацца з узнiкненнем кнiгадрукавання. З’яўленне першай друкаванай кнiгi на нашай зямлi звязана з iмем Францыска Скарыны (каля 1490 – 1551 гг.). Атрымаўшы ў заходнееўрапейскiх унiверсiтэтах вучоную ступень доктара свабодных навук i пасля ступень доктара медыцыны, Скарына пасялiўся ў Празе, дзе заснаваў друкарню i выдаў у 1517 г. “Псалтыр”. Затым, з 1517 па 1519 гг., ëн пераклаў i выдаў 23 кнiгi Бiблii. Да кожнай сваёй кнiгi Францыск Скарына пiсаў прадмовы i пасляслоўi, у якiх даваў тлумачэннi да зместу кнiг, якiя выдаваў, абгрунтоўваў прычыны i мэты выдання, даваў парады наконт таго, што можна i варта ўзяць з кнiг. Працягваў ён сваю выдавецкую дзейнасць у Вiльнi, дзе ў 1525 г. выдаў “Апостал” i “Малую падарожную кнiжку”.

Паслядоўнiкамi вядомага першадрукара сталi Сымон Будны i Васiль Цяпiнскi. Сымон Будны выдаў “Катэхiзiс” на старабеларускай мове. Катэхiзiс уяўляе сабой даведнiк па асноўных ведах хрысцiянскага веравучэння, пабудаваны ў форме пытанняў i адказаў. У iм Будны дае сваё разуменне рэлiгiйных ведаў i дагматаў, закранае многія сацыяльныя пытанні сваёй эпохі, змяшчае шматлiкiя цытаты з розных рэлiгiйных твораў на кнiжнаславянскай мове. Лiтаратурная спадчына Васiля Цяпiнскага прадстаўлена перакладзеным i выдадзеным на беларускай мове каля 1580 г. «Евангеллем» i невялiкай рукапiснай прадмовай да яго. Тэкст «Евангелля» Цяпiнскi выдае ў дзвюх калонках: з аднаго боку змяшчае царкоўнаславянскi тэкст, а з другога – беларускi.

У ХІІІ-ХVІ стст. паступова нармалiзуецца структура беларускай лiтаратурнай мовы: арфаграфiчная сiстэма, граматычны лад i слоўнiкавы склад удасканальваюцца i замацоўваюцца.

Утварэнне Рэчы Паспалітай у выніку аб'яднання Вялiкага княства Лiтоўскага i Каралеўства Польскага паводле Люблiнскай унiі 1569 г., хоць і з захаваннем напачатку юрыдычнай роўнасці абедзвюх дзяржаў, мела вынікам значнае пашырэнне польскага палітычнага і культурнага ўплыву. Найперш адчула на сябе прыметы заняпаду дзелавая пiсьменнасць, якая была самай распаўсюджаннай i найбольш яскрава адлюстроўвала асаблiвасцi жывой беларускай мовы.

У 1696 г. Варшаўскiм сеймам было прынята рашэнне пiсаць дзелавыя паперы па-польску; беларуская мова перастае выкарыстоўвацца ў дзяржаўнай практыцы. У такiх умовах захавальнiкам мовы заставаўся народ. Беларускай мовай карысталася сялянства, дробная шляхта, ніжэйшыя слаі насельніцтва буйных гарадоў. На народнай мове працягвае развівацца беларускі фальклор, які выражае светапогляд і светаўспрыняцце беларусаў. Вышэйшыя колы беларускага грамадства ў мэтах захавання свайго эканамічнага і палiтычнага становiшча хутка паланiзавалiся, а беларуская мова лiчылася мовай простага люду. У езуiцкiх школах, семiнарыях ставiлiся iнтэрмедыi, драматычныя творы на роднай мове. Да нашага часу захаваліся «Камедыя» Каэтана Марашэўскага, «Доктар па прымусу» Міхаіла Цацэрскага. Менавiта з iнтэрмедый пачынаецца фармiраванне новай беларускай лiтаратурнай мовы.

4 V. Новая беларуская літаратурная мова