
- •Стварэнне і ўмацаванне Вялiкага княства Лiтоўскага
- •Дадатковае пытанне Рускія землі ў XII – пач. XIII стст. Феадальная раздробленасць
- •Барацьба супраць крыжакоўі татара-манголаў
- •Глава 1. Перадгісторыя § 1. Славяне і балты
- •§ 2. Новагародская зямля і Літва
- •§ 3. Знешнепалiтычная сiтуацыя
- •Глава 2. Генезіс вкл § 1. Гісторыя пытання
- •§ 2. Мiндоўг
- •§ 3. Войшалк
- •§ 4. Назва вкл
- •Глава 3. Умацаванне вкл § 1. Новагародак і Полацк
- •§ 2. Час Трайдзеня
- •§ 3. Заняпад Новагародка і новае ўзвышэнне Полацка
- •Заканчэнне
- •Спiс лiтаратуры
- •Дадаткi
§ 2. Мiндоўг
З часу М. Стрыйкоўскага i па сённяшнi дзень ва ўсiх даследваннях i падручнiках па гiсторыi князь Мiндоўг выступае ў ролi заснавальнiка Вялiкага княства Лiтоўскага. Гэта ён, маўляў, спачатку аб’яднаў лiтоўскiя землi (разумеецца, што ў межах сучаснай Лiтвы), а пасля захапiў Чорную Русь i некаторыя iншыя беларускiя землi17. Але ўсё гэта толькi сцвярджаецца, а не даказваецца.
Бясспрэчна, што Мiндоўг – сапраўдная гiстарычная асоба. Ён быў князем з Лiтвы, што сядзеў ў Новагародку. Вось гэта апошняе i дало падставу для сцверджання аб заваяваннi iм Новагародка i ўсёй яго вобласцi. Аднак цi азначае з’яўленне таго цi iншага князя з Лiтвы ў якiм-небудзь старажытна-рускiм горадзе вынiкам заваявання яго? Гэтага пытання даследчыкi i не ставiлi перад сабой, у той жа час як адказ на яго прасвятляў сапраўдны стан палiтычнага жыцця Старажытнай Лiтвы (гл. ст. 12), якую нельга атаясамлiваць з сучаснай Лiтвой, бо менавiта гэта побач з iншымi беспадстаўнымi сцверджаннямi зацямняла карцiну ўтварэння Вялiкага княства Лiтоўскага да непазнавальнасцi.
Да з’яўлення ў Новагародку Мiндоўг ва ўсiх звестках пра яго выступае ў ролi наёмнiка. Так у 1246 г. ён быў запрошаны куршамi для барацьбы з Ордэнам, але пры аблозе крэпасцi Амботэн пацярпеў паражэнне i вымушаны быў адступаць. Услед за iм пагналiся крыжакi, уварвалiся ў яго ўладаннi i нанеслi яго зямлi вялiкае спусташэнне18. Гэта паражэнне аслабiла пазiцыi Мiндоўга ў Лiтве, i яго працiўнiкi распачалi супроць яго барацьбу, у вынiку чаго Мiндоўг мусiў уцякаць "з многiмi сваiмi баярамi" ў суседнi Новагародак. Пацвярджае гэта летапiс, дзе гаворыцца, што пазней Мiндоўг выгнаў сваiх працiўнiкаў з Лiтвы "вражбою… за ворожьство с ними"19.
З’яўленне Мiндоўга ў Новагародку не было выпадковым, паколькi яго ўладанне ("Лiтва Мiндоўга") знаходзiлася ў левабярэжжы верхняга Нёмана ў суседстве з Новагародскай зямлёю. Новагародак к гэтаму часу дасягнуў значнай эканамiчнай магутнасцi i выйшаў з-пад палiтычнага ўплыву галiцка-валынскiх князёў. Усё гэта стварыла спрыяльныя ўмовы для пашырэння яго ўлады на iншыя беларускiя землi. Аднак першай перашкодай на гэтым шляху была Лiтва, якая адгароджвала яго ад iх. Таму заваяванне яе стала першачарговай справай для Новагародка. I для яго беглы Мiндоўг аказаўся добрай знаходкай. Менавiта ў новагародскай знацi, якая найперш была зацiкаўлена ў гэтым, i зарадзiўся арыгiнальны намер зрабiць Мiндоўга сваiм князем i гэтым самым выкарыстаць яго для заваявання Лiтвы. Новагародцы, вядома, улiчвалi багаты вопыт Мiндоўга як наёмнiка, якi мог аддана змагацца за iнтарэсы сваiх гаспадароў.
Неабходнай умовай для абрання Мiндоўга новагародскiм князем быў яго пераход з язычнiцтва ў хрысцiанства. Паводле Густынскага летапiсу, у 1246 г. Мiндоўг з многiмi сваiмi баярамi "прия веру Христову от Востока"20(г. зн. прыняў праваслаўе). З адзначанага бачна, што не Мiндоўг зрабiў Новагародак сваёй сталiцай, заваяваўшы яго, як гэта сцвярджаецца ў гiстарычнай лiтаратуры, а Новагародак паставiў яго сваiм князем для больш паспяховага ажыцяўлення сваёй важнейшай дзяржаўнай мэты – заваявання Лiтвы. Да выканання яе i прыступiў Мiндоўг недзе ў канцы 1248 цi ў пачатку 1249 гг. Выгнаўшы з Лiтвы яе князёў Таўцiвiла, Эрдзiвiла i Вiкiнта, ён "зане Литву"21. Вельмi каштоўнае для нас далейшае летапiснае ўдакладненне, якое сведчыць, што Мiндоўгам была "поимана вся земля Литовьская"22. Гэта значыць, што ён не валодаў нiякай часткай Лiтвы, нават сваёй, i мог захапiць яе не iнакш як з Новагародка23. З заваявання Новагародкам летапiснай Лiтвы i пачаўся працэс утварэння Вялiкага княства Лiтоўскага. I гэта магло стаць ядром новай дзяржавы, аднак цяжкiя перашкоды не далi гэтаму збыцца.
Выгнаныя Мiндоўгам князi, як i ўсе лiтоўскiя перабежчыкi, сталi шукаць дапамогу па-за межамi Лiтвы, у дадзеным выпадку ў Галiцка-Валынскай зямлi, куды яны i ўцяклi. Таўцiвiл, Эрдзiвiл i Вiкiнт аказалiся добрай знаходкай для галiцка-валынскiх князёў, якiя з трывогай успрынялi вестку пра захоп Лiтвы Новагародкам, бо разумелi, што гэта адкрые яму дарогу для захопу iншых земляў, на што прэтэндавалi самi галiцка-валынскiя князi. Убачыўшы ў Новагародку свайго небяспечнага канкурэнта, яны адразу ж прымаюць меры для стварэння каалiцыi супроць Новагародка, у чым важная роля ўкладвалася на беглых лiтоўскiх князёў. У вынiку гэтага галiцка-валынскiмi князямi былi зроблены два паходы: спачатку на Новагародак ("поидоста к Новогородку и поимаша грады многы и возвратишася в домы свои"24), а потым адначасова i на Новагародак, i на Лiтву25.
Трапiўшы ў цяжкае становiшча, Мiндоўг, каб аблегчыць яго, вырашыў перацягнуць на свой бок Ордэн. Дзеля гэтага ён перайшоў у каталiцтва i прыняў каралеўскую карону ад рымскага папы. Аднак гэта не дапамагло, i ён запрасiў у Данiлы мiру. Вiдаць, прапанаваныя iм умовы мiру былi непрымальныя для галiцкага князя, якi таму зрабiў яшчэ адзiн паход "на Лiтву, на Новогородок"26, што i прымусiла Новагародак заключыць каля 1254 г. мiр на ўмовах, прадыктаваных Данiлам Галiцкiм.
Як бачым, вайна 1248-1254 гг. была выклiкана захопам Лiтвы Новагародкам, што прывяло да пашыпэння тэрыторыi i ўмацавання Новагародскай дзяржавы. Таму галiцка-валынскiя князi, якiя вялi барацьбу з Новагародкам, мелi галоўнай мэтай прымусiць яго адмовiцца ад Лiтвы, чаго яны i дамаглiся. Вось таму роля Мiндоўга, якi фiгуруе ў гiстарычнай лiтаратуры як заснавальнiк Вялiкага княства Лiтоўскага, яўна перабольшаная. Ён аказаўся дрэнным палiтыкам, яго дзеяннi выклiкалi вялiкiя варожыя сiлы супроць Новагародка, што нанесла яго зямлi вялiкiя спусташэннi i разбурэннi.