- •Стварэнне і ўмацаванне Вялiкага княства Лiтоўскага
- •Дадатковае пытанне Рускія землі ў XII – пач. XIII стст. Феадальная раздробленасць
- •Барацьба супраць крыжакоўі татара-манголаў
- •Глава 1. Перадгісторыя § 1. Славяне і балты
- •§ 2. Новагародская зямля і Літва
- •§ 3. Знешнепалiтычная сiтуацыя
- •Глава 2. Генезіс вкл § 1. Гісторыя пытання
- •§ 2. Мiндоўг
- •§ 3. Войшалк
- •§ 4. Назва вкл
- •Глава 3. Умацаванне вкл § 1. Новагародак і Полацк
- •§ 2. Час Трайдзеня
- •§ 3. Заняпад Новагародка і новае ўзвышэнне Полацка
- •Заканчэнне
- •Спiс лiтаратуры
- •Дадаткi
§ 3. Знешнепалiтычная сiтуацыя
Даследчыкi неаднаразова звярталi ўвагу на яўную сувязь генезы ВКЛ са знешнепалiтычнай сiтуацыяй ва Ўсходняй Еўропе. Панямонская сiстэма магла iснаваць яшчэ доўгi час у працэсе паступовай эвалюцыi. Аднак важныя знешнiя падзеi зрабiлi гэты шлях немагчымым. Палiтычная сiстэма Ўсходняй Еўропы аказалася разбуранай у сярэдзiне XIII ст. падзеямi надзвычайнага маштабу i важнасцi. Уся паўднёвая i ўсходняя частка ўсходнеславянскага арэала была зруйнавана мангола-татарамi. Татарская навала знiшчыла iснуючыя там дзяржавы, перасекла традыцыйныя гандлёвыя шляхi. Пагроза з паўднёвага ўсходу пастаянна адчувалася i на Панямоннi. Акрамя таго, знешняя небяспека пагражала з поўначы i з захаду: немцы з пачатку XIII ст. усталявалiся ў нiжнiм цячэннi Дзвiны. Тэўтонскi ордэн, заваяваўшы Прусiю, з 1283 г. распачаў актыўную агрэсiю на Панямонне. На чатыры дзесяцiгоддзi раней, у 1245 г., Ордэн атрымаў ад iмператара прывiлей на валоданне будучымi тэрытарыяльнымi набыткамi ў Лiтве.
Тэрыторыя Сярэдняга Панямоння, а таксама Падзвiння засталася ў баку ад галоўнага кiкунку татарскага прышэсця. Аддаленасць ад узбярэжжа Балтыйскага мора на нейкi час уратавала Панямонне ад экспансii з боку тутэйшых нямецкiх дзяржаўных утварэнняў. Татары прайшлi на захад – праз Польшчу i Венгрыю. Прусы, яцвягi i жамоймы да 1283 г. стрымлiвалi Тэўтонскi ордэн. Рыжскае арцыбiскупства i Лiвонскi ордэн былi занятыя ўмацаваннем сваёй улады ў Лiвонii, Эстонii, разборкамi мiж сабой i з суседнiмi ўсходнеславянскiмi дзяржавамi. Лiвонскiя немцы доўга не маглi аправiцца пасля паражэння Ордэна мечаносцаў ад жамойтаў у 1236 г. пад Сауле. Мечаносцы былi разгромлены разам з дапаможнымi атрадамi эстаў i пскавiчоў, страцiлi забiтымi каля пяцiдзесяцi рыцараў, у тым лiку магiстра.
Галоўным працiўнiкам для Панямоння ў гэты час стаў паўднёвы сусед – Галiцка-Валынскае княства. У першай палове XIII ст. Верхняе i Сярэдняе Панямонне ўваходзiла ў сферу ўплыву астатняга. Мясцовыя гарады-дзяржавы ўдзельнiчаюць у валынскiх палiтычных справах. У канцы 1228 цi ў 1229 г. у каалiцыi супраць валынскага князя Данiлы Раманавiча прымаюць удзел разам з куранамi, пiнянамi i тураўцамi таксама навагародцы15. Вiдавочны таксама i культурны ўплыў, напрыклад, у Наваградку i Гароднi, магчыма, у Вiльнi будуюцца абарончыя мураваныя вежы т.зв. валынскага тыпу. Падобныя пабудовы былi ўзведзены яшчэ на Палессi: у Бярэсцi, Пiнску i Камянцы.
У такiх умовах наступнай ступенню эвалюцыi балта-славянскага сiмбiёзу на Панямоннi стала стварэнне арганiзацыi для абароны сваёй жыццёвай прасторы.
Такiм чынам, у першых дзесяцiгоддзях XIII ст. на Панямоннi назiраем лакальную палiтычную сiстэму, якая з’яўляецца часткай буйной сiстэмы – усходнееўрапейскай. Вядомы прычыны, якiя разбурылi вялiкую сiстэму i рэальна пагражалi малой. Гэта ваенная пагроза звонку. Менавiта яна, на думку даследчыкаў, справакавала пачатак працэсу дзяржаваўтварэння. Iншымi словамi, панямонская палiтычная сiстэма атрымала штуршок звонку.
Глава 2. Генезіс вкл § 1. Гісторыя пытання
Хоць новагародскi перыяд нядоўгi па сваёй працягласцi (ён прыпадае на другую палову XIII ст. i на пачатак ХIV ст.), аднак яго значэнне ў гiсторыi Беларусi выключна важнае, i найперш тым, што з iм звязана ўтварэнне i ўмацаванне новай дзяржавы – Вялiкага княства Лiтоўскага.Пачатковым асяродкам гэтага гiстарычнага працэсу стаў Новагародак, якi да сярэдзiны ХIII ст. вырас ў буйны эканамiчны i культурны цэнтр, што i стала вызначаць яго дамiнуючае месца ў нашай гiсторыi таго часу.
Аднак гэта выдатная роля Новагародка гiстарычнай навукай зацемнена да непазнавальнасцi. Нават ужо ў 50-70 гг. нашага стагоддзя, калi дзякуючы археалагiчным пошукам быў выяўлены выключна высокi ўзровень эканомiкi i культуры старажытнага Новагародка i яго вобласцi, т. зв. Чорнай Русi, даследчыкi па-ранейшаму адмаўлялi яму ў самастойным значэннi i паказвалi яго толькi як аб’ект заваявання Лiтвы, якая ў сваю чаргу атаясамлiвалася з сучаснай Лiтвой, што зусiм скажала гiсторыю ўтварэння Вялiкага княства Лiтоўскага.
Каранi такога погляду на Новагародак i iншыя беларускiя гарады трэба шукаць у сярэдзiне XVI ст., для яго з’яўлення тады склалiся адпаведныя гiстарычныя абставiны. Менавiта ў той час Маскоўская дзяржава стала прад’яўляць свае правы на беларускiя i ўкраiнскiя землi, якiя знаходзiлiся ў складзе Вялiкага княства Лiтоўскага. А калi ў ходзе Лiвонскай вайны ў 1563 г. войскi Iвана Грознага занялi значную частку Беларусi, у тым лiку i яе старажытны цэнтр – Полацк,– вось у гэты крытычны момант i наспела неабходнасць абгрунтаваць гiстарычныя правы Вялiкага княства Лiтоўскага на беларускiя землi. Паколькi з’явiлася пагроза iх страты, то i ўзнiкла сцверджанне аб iх выратаваннi лiтоўскiмi князямi i падначаленнi ўладзе Лiтвы. Вось тады i сталi з’яўляцца летапiсцы, у якiх усё гэта даводзiлася. Прычым у iх на першы план выводзiцца ўласна не Лiтва, а Жамойць (заходняя частка сучаснай Лiтвы).
Такое адбылося найперш дзякуючы таму, што польскі гісторык М. Стрыйкоўскi на аснове летапiсаў XVI ст. напісаў сваю "Кроніку" i выдаў яе ў 1582 г. у Каралеўцы (Кёнігсбергу). Вялікую дапамогу яму ў гэтым аказаў жамойцкі бiскуп Гедройц, што і зразумела. Усё гэта было зроблена ў iнтарэсах жамойцкiх феадалаў, iдэолагам якiх з’яўляўся Гедройц. "Кроніка" М. Стрыйкоўскага стала шырокавядомай, яе матэрыялы, у тым ліку і аб заваяванні літоўскімі князямі беларускіх земляў, увайшлі ў шматлікія еўрапейскія кнігі.
На вялiкi жаль, пытанне аб утварэннi Вялiкага княства Лiтоўскага не было перагледжана ў савецкай гiстарыяграфii. Больш за тое, пад уздзеяннем сцверджання аб бездзяржаўнасцi Беларусi ў мiнулым асаблiва шмат у нашай гiстарычнай лiтаратуры гаворыцца пра "ўладарнiцтва лiтоўскiх феадалаў" над Беларуссю. Найбольш поўнае выяўленне гэтага мы знаходзiм у працах Л. Абэцэдарскага "У святле неабвержных фактаў" (1969) i У. Пашуты "Образование Литовского государства" (1959), у якiх Беларусь выступае не iнакш як "падуладная Лiтве", "заваяваная Лiтвой" i да т.п. Але нават У. Пашута, кнiга якога асаблiва прычынiлася да ўмацавання ў савецкай гiстарыяграфii тэзiса аб лiтоўскiм заваяваннi Беларусi, не быў упэўнены ў праўдзiвасцi шэрагу сваiх палажэнняў, звязаных з утварэннем i далейшай гiсторыяй Вялiкага княства Лiтоўскага, калi вымушаны быў адзначыць: "Далейшыя поспехi нашай навукi, верагодна, прывядуць да перагляду прапанаваных тут аргументаў i вывадаў. Чым хутчэй гэта адбудзецца, тым лепш"16. Сапраўды, гiсторыя ўтварэння Вялiкага княства Лiтоўскага патрабуе ўважлiвага асвятлення, якое б знаходзiлася ў поўнай адпаведнасцi з гiстарычнымi сведчаннямi.
